nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

6 сакавіка, 2008 | Няма каментараў

Уладзімір Халіп 

ХалÑ�п.JPG 

Нарэшце – сакавік. Час нашай Волі. І новых спадзяванняў. Месяц бел-чырвона-белы. Што там ні кажы, а набліжаецца, нібы экзамен у студэнта, адметная дата. Можа, нават рубеж – 90-я ўгодкі БНР. І хочам мы таго ці не, а пэўныя вынікі падводзіць давядзецца. Чаго ж мы дамагліся ў адбудове Бацькаўшчыны за гэтыя дзесяцігоддзі?

 

Заводы і будоўлі пакінем у спакоі. Будуюць і кляпаюць што-небудзь жалезнае і пры сацыялізме, і пры фашызме, і пры ўсіх іншых “ізмах”. Гэта норма і толькі. Нічога болей.

Найперш, напэўна, узгадаем мы цану, якую заплаціў народ за тое, што мы сёння маем. І цана гэта – страшная. Мільёны і мільёны знішчаных людзей. Амаль задушаная мова. Гістарычная памяць у стане амнезіі. Расколатая нацыя. Пустыя душы. Краіна, у якой няўтульна і нялёгка жыць. Ні адзін народ Еўропы не набываў за гэткую цану на дзіва сціплы дабрабыт. Як жа магло здарыцца, што так неабачліва і легкадумна ашукалі мы саміх сябе?

Не хочацца ўзгадваць няшчаснага Сізіфа. Няхай ён коціць свой кляты камень на гару. Але ж сёння нават класікаў нашых страшна перачытваць. Усё тое, пра што пісалі некалі Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч ды Гарэцкі застаецца актуальным. Гады ідуць, а мы – на тым жа старце. І ўсё ў нас наперадзе.

Так, напэўна можна сябе і суцешыць. Маўляў, ёсць жа ў нас краіна. Незалежная. І ўрад яе распавядае што ні дзень пра неверагодныя поспехі, якія заможным краінам Еўропы нават і не сніліся. Але хіба краіна гэта наша? Сцяг гэты – наш? І герб нагадвае надта Пагоню? А каму служыць войска? Чые інтарэсы бароніць міліцыя? І хіба не нас спрабавалі ўзрадваць паведамленнем, што канстытуцыйны акт гатовы да падпісання і можна чакаць неўзабаве інтэграцыйны рэферэндум? Цень Паўночна-Заходняга краю ўжо блукае каля ўсходняй мяжы.

Беларусам пашчасціла, што да кастрычніцкага перавароту паспела сфармавацца супольнасць таленавітых, высокаадукаваных людзей, якія ў момант катастрофы ўзялі на сябе адказнасць за лёс краіны. У варунках безнадзейных і жахлівых. Сусветная вайна перарастала ўжо ў вайну без правілаў. А яны ўпарта і настойліва будавалі дзяржаву Беларусь. І выдатна разумелі, што аднавіць яе можа толькі воля народа.

Ужо ў снежні 1917 года, адолеўшы ўсе рознагалоссі, яны склікалі ў Менску Першы Усебеларускі з’езд, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх беларускіх абшараў. Ні аднаму з народаў былой імперыі гэткага прадстаўнічага кангрэсу ў той час склікаць не ўдалося. Нават на Другі Усерасійскі з’езд Саветаў, якім так ганарылася потым бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Новыя ўладары так спалохаліся самавыяўлення беларусаў, што на разгон з’езду кінулі ўзброеных салдат. З куляметамі і бронетэхнікай. Вунь куды сягаюць традыцыі сённяшніх уладаў!

Але той з’езд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, паспеў прагаласаваць за самавызначэнне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада з’езду атрымала ўсе паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасці з гэтым 25 сакавіка 1918 года Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная.

Наша краіна дзяржаўнасць аднавіла. І працэдура гэта была юрыдычна бездакорнай. Усходні сусед цудоўна тое разумеў. А таму пачаў настойліва даводзіць, што БНР створана нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Не паважалі савецкія правадыры сваіх партнёраў-немцаў. А тыя выконвалі старанна ўсе пункты мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй. Нямеччына не прызнала БНР. І зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэнню войска Беларусі. Калі б не гэты магутны супраціў, хто ведае, як павярнулася б гісторыя. Было ж у тым сакавіку Трэцяй Устаўной Граматай даведзена да ўсіх: “Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай”.

Чаму ж мы сёння так ўпарта ігнаруем волю ўласнага народу? Хто даў нам права перакрэсліць ягонае волевыяўленне, выказанае ў неверагодна цяжкі час? І падмяніць яго прымітыўным муляжом дзяржаўнасці – незабыўнай БССР? Яе стварылі нам суседзі. Яны і ёсць сапраўдныя гаспадары свайго стварэння. Што захочуць, тое з ім і зробяць.

Гэта толькі цёмным і малаадукаваным людзям, якіх процьма ў кіраўніцтве сённяшнім, падаецца выгодным і прэстыжным дэкляраваць паходжанне РБ ад той марыянеткавай ССРБ, абвешчанай паспешліва і мітусліва 1 студзеня 1919 года. А то як жа – у агні народжаная!

На вялікі жаль для калгасных прапагандыстаў у расійскіх архівах захаваўся тэкст тэлеграфных перамоваў наркама нацыянальнасцяў Сталіна і Мяснікова, пагромшчыка Першага Усебеларускага з’езду. Пасля ўцёкаў падчас нямецкага наступу ён заснаваў ў Смаленску гэтак званы “Облисполкомзап”. Месца была ціхім і спакойным, пакуль не адстукаў тэлеграф сталінскія словы: “ЦК партии решил по многим соображениям, о которых теперь говорить не приходится, согласиться с белорусскими товарищами на образование Белорусского советского правительства”. Мяснікоў быў проста агаломшаны – гэта што, уладу адбіраюць? Але таварыш Сталін супакоў – ЦК яшчэ і Літоўскую рэспубліку стварае і ў тым нічога нечаканага няма: “Практически это нужно понять так, что работающие в Облисполкомзапе партийные товарищи должны будут разделиться на две группы по указанным ветвям”.

Вось і ўся “слаўная гісторыя”. Шчыра і адкрыта. І гэтая бюракратычная валтузня ў межах адной канторы – той самы “агонь”, у якім гартавалася савецкая рэспубліка?..

Колькі б ні стаялі мы на гістарычным раздарожжы, а выбіраць усё ж давядзецца. Рана ці позна, а трэба вызначыць, з якога мы вытока – з БНР ці БССР. І гэта розныя шляхі. Адзін – у супольнасць еўрапейскіх народаў. Другі – у імперскую правінцыю, у нябыт.

25 сакавіка, дзевяностыя ўгодкі БНР. Слова “юбілей” і ўвогуле варта было б вынесці за дужкі. Напэўна, не просталінейных урачыстасцяў чакалі б у гэты дзень ад сваіх нашчадкаў тыя, хто ў ліхалецце ратаваў Краіну Беларусь. А найперш разумення таго, што дзяржаве нашай ужо тысяча гадоў. І мы памятаем тое і шануем. І плошча, поўная няскораных, вольных людзей, сакавіцкага ветру і нашых сцягоў – гэта не проста прыкмета вялікага свята. Гэта наш выбар.

Выбар назаўсёды.

 

Ад рэдакцыі:

Нам падаўся гэты тэкст цікавым (асабліва зь гістарычнага пункту гледжаньня) і дарэчным, хаця ніхто з рэдакцыі асабіста сп-ра Халіпа ня ведае…

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы