Рэдакцыя.
Сёння ў сеціве па адрасе: www.pahonia.org/str/2008-03/187.htm зьявілася кароткая зацемка Алеся Заблоцкага пад назовам “Мікалай Аўтуховіч: “Я на ўласнай скуры адчуў, што такое законнасць па-беларуску””
Прыводзім тэкст.
“Нядаўні палітвязень, вядомы ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай [Аўтуховіч. – Рэд.] выступіў з прапановай па стварэнню камісіі па міжнароднай экспертызе прысудаў, якія выносяцца беларускімі судамі.
– Я, як кажуць, на ўласнай скуры адчуў, што такое беларускія суды, што такое беларуская прававая сістэма і што такое законнасць па-беларуску, – паведаміў Мікалай Аўтуховіч карэспандэнту Пагоні. – Гэта калі чалавек, застаецца сам насам са сваёй бядой. Калі цябе могуць пакараць, а могуць і памілаваць. Разумееце, выць хацелася ад сваёй бездапаможнасці, калі чыноўнікі тварылі ўсё, што хацелі. Не спадабаўся ім Аўтуховіч, страпцівы патрапіў – у турму яго. Захацелі – пасадзілі, захацелі – выпусцілі. Дык для чаго тады ў нас Закон? Ці кіруюцца ім чыноўнікі і суды? Наўрад ці, бо сёння яны нікога не баяцца. А вось калі будзе міжнародная экспертыза прысудаў, то, можа, хто-небудзь і задумаецца – ці прафесійна ён паступае, калі агучвае заранеў напісаны прысуд”.
Ад рэдакцыі:
Мы маглі б яшчэ зразумець, калі б ў Беларусь прыехалі грамадзяне і журналісты з Новай Зеландыі, экватарыяльнай Афрыкі ці Вогненай Зямлі й спрабавалі апісваць грамадска-палітычную сітуацыю. Але сп-р Аўтуховіч сталы жыхар Беларусі, актыўны грамадскі дзеяч, можа, нават, беларус – і такое ляпаць…
Як так здарылася, што ён – чалавек вялікай грамадзянскай мужнасьці – да гэтага часу не зразумеў, што ў цяперашняй Беларусі, дзе пануе антынародны, беларусафобскі, этнацыдны рэжым, няма “беларускіх судоў”, “беларускай прававой сістэмы”, няма і “законнасьці па-беларуску”. У цэлым можна зразумець, што хоча сказаць сп-р Мікалай, але паралельна структуры рэжыму і праявы яго дзейнасьці таксама трэба называць адэкватна іх сутнасьці – беларусафобскія, антыбеларускія, цяперскія, лукашэнкаўскія, вертыкальныя, злачынныя, антынародныя, этнацыдныя і г.д., і да т.п. Напэўна ж, сп-р Аўтуховіч не лічыць, што тыя “законнасьць”, “суды”, “прававая сістэма”, якія існуюць цяпер пры лукашэнкаўскім рэжыме, абумоўлены нацыянальнымі рысамі беларускага народу.
Каб пазбавіцца ад падобных недарэчнасьцяў у “незалежных” СМІ, мы ня бачым іншай магчымасьці, як праз спосаб, пададзены ў загалоўку.