Рэдакцыя (паводле www.svaboda.org/content/None/1046629.html)
Для гісторыі й будучых судовых разьбіральніцтваў у нас ёсьць рубрыка “Фіксуем акты ўладнага варварства”. Мы зьбіраем пад ёй адпаведныя матэрыялы (якія ўдаецца), сістэматызуем іх і перыядычна выстаўляем. Але бываюць выпадкі, якія патрабуюць больш хуткага рэагаваньня.
Так, нядаўна ў Гомелі адбыўся суд па скарзе маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне сына з Гомельскага ўнівэрсытэта “імя Ф.Скарыны”. Яна падавала ў суд скаргу ад імя сына, паколькі яго тэрмінова прызвалі служыць [фактычна, гэта быў захоп. – Рэд.] у транспартныя войскі ў Жлобін. 6 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Жана Андрэйчык адхіліла гэтую скаргу, што для цяпершніх умоў дзіўным ня ёсьць. Сам Зьміцер (на фота зь сябрамі) адмову суду на аднаўленьне ва ўнівэрсытэце камэнтуе з гумарам: “Мне вось абяцалі яфрэйтара праз паўгодзіка даць. А ў гэтым унівэрсытэце – чаго я даб’юся? Пяць гадоў – і ўсё студэнт. А ў войску праз годзік могуць нават малодшага сяржанта прысвоіць. Да старшыны можна даслужыцца. Бачыце, ідзе відавочны прагрэс. Ня тое, што ва ўнівэрсытэце”.
Самым жа важным для нас, у сувязі з часовым знаходжаньне Жалезьнічэнкі ў Гомелі, быў яго расповед аб парадках у цяперашнім “беларускім” войску.
Зьміцер расказаў, што праблемы ў войску імкнецца пераадольваць “па меры іх паступленьня”. Нядаўна ад яго запатрабавалі пісаць тлумачэньне з прычыны адмовы прымаць прысягу, пагражалі таксама адказнасьцю за адмову чытаць вайсковыя дакумэнты на расейскай мове: “Папрасілі мяне напісаць тлумачэньне, чаму я адмаўляюся прымаць вайсковую прысягу. Я напісаў, што мяне незаконна прызвалі ў войска. Таму я не зьбіраюся прымаць прысягу і маю на гэта права ў адпаведнасьці з заканадаўствам... Як я разумею, гэтая працэдура ладзіцца дзеля таго, каб даць магчымасьць салдату прыняць прысягу. Калі ж абавязваюць абавязкова даваць клятву, тады клятва губляе ўсялякі сэнс. Клятва – яна павінна ад сэрца ісьці, а не ад прымусу. Пагражалі наступствамі за тое, што я адмаўляўся дакумэнты на расейскай мове чытаць”.
У вольную часіну, якой ў войску мала, Жалезьнічэнка імкнецца чытаць спэцыяльную літаратуру па сваёй унівэрсытэцкай адукацыі, а таксама газэту “Наша Ніва” і часопіс “ARCHE”. Іх часам прывозіць у войска маці. Але вайсковыя камандзіры забараняюць чытаць гэтыя выданьні: “Пастаянна забараняюць чытаць “Нашу Ніву” і “ARCHE”. Я спрабаваў даказаць, што газэта афіцыйная і часопіс афіцыйны. Яны зарэгістраваныя – і ніхто ня мае права забараняць іх чытаць. Кажу: “Калі ў вас ёсьць нейкія праблемы, калі нейкі артыкул не падабаецца, пішыце ў Міністэрства інфармацыі, няхай яны праводзяць экспэртызу і зачыняюць выданьні. Тады яны ня будуць прыходзіць да мяне. На гэта проста гвалтам, не зважаючы на законы, адказваюць: “Сваёй уладай забараняю гэтую газэту чытаць!”. Канкрэтна было, сказаў адзін: калі яшчэ раз пабачу – зьнішчу!”, – распавёў салдат транспартнай вайсковай часткі ў Жлобіне Зьміцер Жалезьнічэнка.
Ад рэдакцыі:
Тое, што высьвятляецца з дапамогай сп-ра Зьміцера, сьведчыць толькі пра адно: у нас яшчэ няма Беларускай Арміі, бо тое, што ён распавядае пра вайсковую службу можа быць толькі ў арміі акупацыйнай… Калі падобная інфармацыя будзе паступаць надалей, будзем рабіць высновы і фармуляваць адпаведныя дактрынальныя прынцыпы.
А пакуль, Зьміцер, трымайся!
Ты – малайчына!
Армія не толькі акупацыйная, але і крымінальная. Той хто жыве не па закону – крымінальнік,
а начальнікі ў вайсковай часткі, відавочна, парушаюць закон.
А яшчэ ў нашай “слаўнай”-бяслаўнай арміі ёсць і фінасавы падаплёт. Нядаўна размаўляў з адной жанчынай, у якой
сын служыць у Мінску. Дык вось каб перавясціся з “духа” у “чарапы” трэба заплаціць дзеду аж 210 000 бел. рублёў…
Ды і сам у 2000 годзе служыў – ведаю чаго варта нашая армія. Як кажуць: бяры нас голымі рукамі.
Кепска на душы ад гэтага!
І ці варта тады ісці ў такую змешную армію? Лука больш спадзяецца на КДБ й, напэўна, на міліцыю!