На пытаньне Галіны Абакунчык: “Чым ёсьць 90-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі для Беларусі сёньняшняй? Як лепей адзначаць юбілей БНР?” – адказвае адзін з арганізатараў і заяўнікаў сьвяткаваньня ў розныя гады Вячаслаў Сіўчык. За гэта ў 1997 годзе супраць яго была распачатая крымінальная справа. На знак пратэсту палітык трымаў 30-дзённую галадоўку ў зьняволеньні. 25 сакавіка 2004 году Вячаслаў Сіўчык разам з аднадумцамі зь лёзунгамі “Няхай жыве БНР” прыкаваўся ланцугамі на Кастрычніцкай плошчы Менску (падаем паводле www.svaboda.org/content/Article/1048346.html).
“Сьвяткаваць 25 сакавіка я буду традыцыйна. Натуральна, што я прыйду на плошчу Якуба Коласа. І калі ў мяне будзе такая магчымасьць, то пасьля мы будзем сьвяткаваць у мяне ў хаце разам з усёй сям’ёй. Я вельмі спадзяюся, што дажыву да таго часу, калі гэта будзе сьвятам усяго майго народу, бо больш сур’ёзнай даты ў ХХ стагодзьдзі ў нашай нацыі няма… Для мяне гэта дата ня толькі абвяшчэньня нашай дзяржаўнасьці ў ХХ стагодзьдзі, але гэта таксама дата, асьвечаная нашымі шматлікімі змагарамі. Я ніколі не забуду ўспамінаў нашых эмігрантаў, у якіх распавядалася, што 25 сакавіка 1940 году аднаго беларуса так зьбілі ў вілейскай турме, што ён ня мог гаварыць. Адзінае, што ён мог зрабіць — гэта напісаць на пыле камэрнага вакна лічбу 25. Я ведаю найноўшую гісторыю нашай краіны, я ведаю, якія намаганьні даводзілася прыкладаць беларускім патрыётам, каб гэтая дата заставалася на менскіх вуліцах. Для мяне гэта таксама вельмі важна”.