nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Клан “аб’яднанай апазіцыі”

22 сакавіка, 2008 | Каментары (1)

Сяргей Высоцкі

Ð�Ñ�Ñ�оÑ�кÑ� 1.JPG 

Сённяшняя беларуская палітычная сітуацыя – надзвычай складаная. Нельга ацэньваць нашае становішча без глыбокага аналізу гісторыі, нацыянальнага этнагенэзу беларусаў, спецыфікі беларускай ментальнасці і характару. Беларусы яшчэ не мінавалі стадыю нацыянальна-дзяржаўнага станаўленьня. Таму, якія б новыя красамоўныя палітычныя “тэнары” не спявалі на блізкі заходняму вуху лад пра правы асобы, слабасць палітычных партый, адсутнасць свабоды СМІ – усё гэта толькі другасная частка аб’ектыўнага па змесце этапа нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Не могуць пакуль беларусы цудоўна ўладкоўваць правы меншасцяў, калі самі на мяжы жыцця і смерці… [у такіх абставінах беларусы ня маюць права нічога іншага рабіць, як займацца найперш сваімі інтарэсамі; іншае – проста здрада свайму народу. – Рэд.]  

 

Гэта і падобнае даводзіцца стала тлумачыць зацікаўленым заходнім аналітыкам. Здавалася б, усё ясна, усё проста. Але ж у сутнасці заходняй палітыкі – ігнараванне непрымірымага расколу апазіцыі паміж народна-дэмакратычнай і афіцыйна-каньюнктурнай часткамі, тупая аднабаковая падтрымка клану “аб’яднанцаў”. Дарма, што аб’яднанне гэтае наскрозь гнілое і каньюнктурнае. Дарма, што аўтарытэтныя прадстаўнікі нацыянальнай эліты дыстанцуюцца ад такой апазіцыі. Дарма, што шлейф нецярпімых здрадаў і карупцыйных скандалаў на сотні тысяч даляраў цягнецца за гэтай кастай. Дарма, што ейныя важакі непапулярныя ў грамадстве.

Паступова стала крыштальна ясна, што гэтая палітычная слепата – невыпадковая з’ява. Ну, нешта ні разу гэтая слепата не паспрыяла нацыянальным сілам. Калі мне ізноў пачынаюць распавядаць пасля чарговай правальнай кампаніі, дзе ізноў купкай махляроў былі раскрадзеныя ўсе сродкі, што гэта “проста выпадковасць, памыліліся ў партнерах”, у мяне ўзнікае лагічнае пытанне: “А чаму вы ні разу не памыліліся на карысць беларускіх патрыётаў, а толькі ўвесь час нам у процівагу?”    

Вось пасля гэтага і ўмацоўваецца думка, што ёсць нешта сур’ёзней за чарговую памылку, збег выпадковых акалічнасцяў, часовы расклад.

Сапраўдная сітуацыя для нас, беларусаў, выглядае і страшней, і сур’ёзней. Варта ўжо дастаць галаву з пяску, перастаць хавацца ад жорскай рэчаіснасці. Вакол нас скапіліся драпежнікі – найперш, супермонстар з усходу. Але цячэ сліна на Беларусь і з некаторых іншых пашчаў…

Такая паслядоўная падтрымка клану паразнікаў-паразітнікаў не можа быць зразумелая з пазіцыяў аб’ектыўных патрэбаў беларускай нацыі. Не! Тут ідзе зусім іншая гульня. Афіцыйныя пачынанні легальнай апазіцыі – гэта папросту праекты, як інтэрнэт-гульня. Віртуальнае дзейства ўсходніх і заходніх маніпулятараў. Пры тым самыя маніпулятары між сабой нават ладзяць, дамаўляюцца.

Ну, нельга ж зусім зрабіць выгляд, што няма ні такога народу, як беларусы, ні дзяржавы – Беларусь. Прэса, розныя пісакі ўвесь час кажуць пра тыранію. Чаму ж не завязаць на высокародную тэматыку сваю PR-кампанію за грошы падаткаплацельнікаў? Заўжды можна на гэтых сродках пагрэцца самім.

Вядома, не ўсё так адназначна і беспрасветна. Ёсць і сумленныя палітыкі, і шчыра салідарныя з намі дзеячы. Але правяць баль пакуль сілы, якім абсалютна абыякавы і лёс нашай Незалежнасці, і нашыя нацыянальныя памкненні. Гэта і ёсць форма цяперашняга бюракратычнага цынізму.

І гэта ўсё на фоне брутальнага рэваншысцкага націску Расеі. На фоне перманентнай палітыкі этнацыду з боку цяперашняга рэжыму, параўнальнай па негатыўных маштабах з гітлераўскай. На фоне цяжкіх, валявых, скрозь боль і пакуты, намаганняў нашага народу адбудаваць сваю нацыянальную беларускую сілу.   

Афіцыйная беларуская апазіцыя сёння мала нагадвае той жывы, стыхійны народны рух, які выбухнуў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х. Цяперашняе стварэнне – “аб’яднаная апазіцыя” – хутчэй нешта мафіёзна-камуністычнае. На фоне наяўнасці трохі  перафарматаванай камуністычнай партыі з чырвоным сцягам і ленінска-сталінскай ідэалогіяй, у гэтай хеўры ёсць усе рысы кланавасці.

1. Для гэтага клану, як і для ўсіх мафійных структураў, уласцівая поўная непавага да нацыянальных каштоўнасцяў, культуры і традыцый беларусаў. Такі сёння міжнародны заказ – патрабуецца тупая біямаса.

2. На словах гаворыцца пра дэмакратыю, на справе цалкам ігнаруецца дэмакратычны падыход. Афіцыёз кішэнных партый не церпіць канкурэнцыі. Узгадаем шматлікія замоўчванні, брудныя паддывановыя гульні супраць легендарнага Курапацкага Чыну, Беларускага Нацыянальнага Дэмакратычнага Цэнтру і г.д. Нагавор, правакацыі і, фактычна, паралельнае з расейскімі і лукашэнкаўскімі спецслужбамі выкарчоўванне беларускага нацыяналізму, блакаванне Народнага супраціву.   

Пра іхныя “кангрэсы” ўжо сказана досыць. Пачынаючы ад фіксаваных квотаў, і сканчаючы рэгламентам толькі для сваіх. Адмова даць слова прызнаным аўтарытэтам нацыі, як айцу Л.Акаловічу, прафесару А.Астроўскаму, народнаму паэту Р.Барадуліну (апошні факт – зусім ганьба!).

3. Мафіёзная структура звычайна безыдэйная. Галоўная ідэя клану – гэта выжыванне самога клану. Вось зараз модная фішка – гэта дэмагогія пра Еўропу і “месца Беларусі ў аб’яднанай Еўропе”. Пры тым абсалютная большасць тых, хто чыста прапагандысцкі кажа, што Беларусь адразу ж прымуць у Еўразвяз, выдатна разумеюць, што гэта – хлусня. А ўмовы прыёму цяпер усё больш і больш жорскія, усё больш і больш прыніжальныя. Усё больш інтэлектуалаў бачаць у празаходнім вектары толькі адзін плюс – без падтрымкі Захаду ад расейскага монстра не вырвацца!

Аднак гаворка пра іншае. Для іх тэма шляху ў Еўропу – толькі сродак гульні для сваіх матэрыяльных інтарэсаў.

4. Клан надзвычай кансерватыўны і закрыты. Беларуская апазіцыя практычна не абнаўляецца. За 14 гадоў бяздарных паразаў так і не нарадзіліся новыя ідэі, не з’явіліся новыя твары. Няма амалоджання.

5. Як не дзіўна, спецслужбы рэдка ўступаюць у канфлікт з мафіяй. Відаць, па прыродзе сваёй іх шмат што родніць. Наадварот, можна бачыць прыкметы супрацоўніцтва спецслужбаў і клану ў кірунку захавання манаполіі апошняга.

6. Клан мае сваю прэсу, сваіх цвёрдых лабістаў у дыяспары, ва ўрадах і парламентах замежных дзяржаў.

7. Беларуская афіцыйная апазіцыя – несамастойная, служыць не свайму народу, а чужым “гаспадарам”.

І апошняе. Гора таму народу, які падпарадкуецца мафіі.

Выснова простая: ні ў якім выпадку нельга дапускаць пасля цяперашняй бяды прыходу новай – прыходу новага клану замест клану Лукашэнкі!… Толькі наша сапраўдная беларуская дэмакратыя без чужога лобі і марыянетак!

У тым і сутнасць сапраўднага народнага руху, глыбокага нацыянальнага пратэсту – што ён па сваёй прыродзе дэмакратычны. Толькі нацыянальны рух – ідэйнае дзіця ўсяго беларускага народу – здольны ўвасобіць прынцып аб’ектыўных інтарэсаў нашага народу і не паддацца ніякаму вонкаваму ціску.

 

  

Каментары (1)

  1. Viales кажа:

    Цалкам згодны.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы