nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АБВЯШЧЭННЕ БНР

24 сакавіка, 2008 | 2 каментарыя

Кастусь Езавітаў (паводле “Нашага слова” №851 за 19 сакавіка 2008 г.)

Ð�агонÑ�.JPG 

У ноч з 24-га на 25-е сакавіка 1918 года, у Менску, пасля доўгіх абгавораў і спрэчак, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла незалежнасць Беларусі ад Расеі і выдала з гэтага поваду “Трэцюю Устаўную Грамату” да жыхарства Беларусі. [Што гэтаму папярэднічала? – Рэд.].  Абмяжуемся толькі галоўнымі фактамі і этапамі, падрыхтаваўшымі гэты гістарычны акт.

 

Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся 5-18 снежня 1917 года (па старому стылю), абвесціў Беларусь Народнаю Рэспублікаю і абраў Раду Кангрэсу і яе Выканаўчы Камітэт, якім даручыў скласці першы ўрад Беларусі і ўвайсці ў перагаворы з Расійскім і Украінскім урадамі аб фармальным замацаванні фэдэрацыі з гэтымі Рэспублікамі. Выконваючы даручэнне Кангрэсу, Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Кангрэсу ў канцы снежня месяца 1917 года звярнуўся да Масквы і Кіева з прапазыцыямі аб канстытуцыіраванні Федэрацыі. Але і Масква і Кіеў, кожны з розных прычын, прапазыцыю гэтую адкінулі: Масква жадала і надалей панаваць над Беларуссю, як сваёй калоніяй, а Украіна, якая толькі што абвесціла сваю незалежнасць ад Масквы, не жадала сябе звязваць ніякімі новымі дзяржаўнымі звязямі з Маскоўшчынай. Такім чынам, працягнутая Беларуссю рука засталася ў паветры.

Беларускае грамадства, лятуцеўшае ў той час аб Усеславянскай Федэрацыі і глядзеўшае на федэрацыю з Маскоўшчынай і Украінай, як на першы крок у гэтым кірунку – было дужа расчаравана гэткім адношаннем да прапазыцый Усебеларускага Кангрэсу і змушана было зрабіць належныя высновы. І вось ужо 31 снежня 1917 года (па старым стылі, новы стыль у Беларусі ўведзены быў з 1-га лютага 1918 года) на навагоднім банкеце, які адбыўся ў Менску ў клубе “Беларуская Хатка”, сябрамі Прэзідыюму Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады было рашуча пастаўлена пытанне аб абвешчанні незалежнасці Беларусі. Пасля адпаведных прамоў быў пушчаны ліст з кароткай дэкларацыяй: “Хай жыве Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!” Ліст гэты быў падпісаны ўсімі прысутнымі на банкеце беларускімі дзеячамі.

Гэты банкет і праведзенае на ім, шляхам падпісання ліста, папярэдняе галасаванне канчаткова вырашылі пытанне абвешчання Беларускае Народнае Рэспублікі незалежнаю. Аставалася толькі належным і аўтарытэтным чынам аформіць гэтую важную справу.

Разглядаючы падзеі 1917 і 1918 гадоў у Беларусі, трэба ўвесь час памятаць, што цераз усю Беларусь праходзіў нямецка-расейскі фронт, які адрэзаў Заходнюю Беларусь ад Цэнтральнай і Усходняй, ды што ўся Цэнтральная Беларусь была набіта расейскімі вайскоўцамі і рознымі расейскімі грамадскімі арганізацыямі, абслугоўваўшымі армію. У беларускіх гарадах, асабліва ў Менску, дзе стаяў штаб Заходняга фронту, расейская прыезджая інтэлігенцыя ўваходзіла ў значнай лічбе ў гарадскія і нават земскія самаўрады, дзе мела вялікі ўплыў, і ў хаўрусе з яўрэйскімі дамаўладальнікамі ды польскімі і расейскімі абшарнікамі ўсімі спосабамі перашкаджала працы Выканаўчага Камітэту Ўсебеларускага Кангрэсу.

Прайшло некалькі тыдняў, пакуль Выканаўчы Камітэт і Рада Ўсебеларускага Кангрэсу настолькі ўмацаваліся, што здолелі з дапамогай Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады ўзяць уладу ў Менску ў свае рукі і стварыць першы Урад БеларусіБеларускі Народны Сакратарыят. Здарылася гэта 19 лютага 1918 года, калі Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада, скарыстаўшы абставіны і абапёршыся на беларускіх вайскоўцаў і свядомую моладзь у Менску, захапіла горад і яго ваколіцы ў свае рукі і стварыла ў Менску Беларускую Камендатуру і 1-ы беларускі пяхотны полк.

Расейская армія, у якой панаваў тады поўны развал, адступіла на Усход, за Воршу, на лінію Дзвіна – Дняпро і беларусам не перашкаджала. Затое на маладую беларускую ўладу адразуж зрабілі напад польскія абшарнікі з Паўднёвае Меншчыны, якія мелі ў раёне Бабруйска сканцэнтраваны польскі корпус генерала Даўбар-Мусніцкага. Частка гэтага корпуса адрауз была кінута на Менск з паўднёвага боку, каб зліквідаваць беларускую ўладу і захапіць Цэнтральную Беларусь і беларускую сталіцу ў польскія рукі. Аднак гэтыя захопніцкія планы палякаў на той раз не ўдаліся, бо хутка ў справу ўмяшаліся немцы, якія павялі наступ на Менск з захаду і акупавалі яго.

Нямецкая акупацыйная армія спыніла беларуска-польскія сутычкі ў дужа арыгінальны спосаб: яна абязброіла, як палякаў, так і беларусаў; пры гэтым польскія вайсковыя часткі былі перавезены з Беларусі ў Польшчу, а беларускія вайскоўцы былі інтэрнаваны. Зліквідаваўшы польскую пагрозу, акупацыйная армія не спыніла працы Народнага Сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі, які застаўся ў Менску, і, не гледзячы на розныя адмежаванні і перашкоды з боку акупантаў, лічыў сябе і ўважаўся ўсім жыхарствам за адзіную законную ўладу ў Беларусі.

Пасля стварэння Беларускага Народнага Сакратарыяту і пераходу ўлады ў рукі беларусаў, расейскія і яўрэйскія партыйныя арганізацыі, а таксама Менскі гарадскі і земскі самаўрады зрабіліся больш лагоднымі і выказаліся за поўнае супрацоўніцтва з Радай Усебеларускага Кангрэсу і яе арганізацыямі – Выканаўчым Камітэтам і Беларускім Народным Сакратарыятам. У выніку гэтае беларускае перамогі аказалася магчымым сканструяваць Беларускі Прад-парламент, які аб’ядноўваў у сабе: 1) Раду і Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Канрэсу. 2) Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду, 3) прадстаўнікоў ад беларускіх гарадскіх і земскіх самаўрадаў і 4) прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый у Беларусі. Створаны на гэткім шырокім прадстаўніцтве Беларускі Прад-парламент быў названы: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй былі рэпрэзентаваны ўсе краёвыя нацыянальнасці, самаўрады, кірункі і партыі, за выключэннем невялічкае групы беларускіх хрысцігаў і абшарнікаў, якія згрупаваны былі каля беларускага абшарніка Рамана Скірмунта і ўскладалі надзею на тое, што сваімі даносамі на Раду даб’юцца ад акупаваўшых Менск немцаў разгону Рады. Немцы, аднак, добра бачылі, што Рада штодзень болей набывае ў Краі папулярнасці і сімпатыяў, а таму разагнаць яе не адважваліся, хаця ж у Радзе і была непажаданая ім сацыялістычная большасць.

Хаця беларускія партыі і арганізацыі мелі ў Радзе большасць, аднак з актам абвешчання незалежнасці Беларусі яны не спяшаліся, бо хацелі, каб гэты акт быў вынесены як мага большаю лічбаю галасоў. З гэтай мэтай вяліся адпаведныя перамовы з партыямі іншых нацыянальнасцяў у Радзе ды разам з тым чакаліся “беларускія рэзервы” з Заходняй Беларусі, якой таксама былі прадугледжаны 10 мандатаў у Радзе БНР.

24 сакавіка з’явіліся ў Раду прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, лічба беларускіх галасоў павялічылася, апрача таго атрымана была згода на абвешчанне незалежнасці Беларусі ад некаторых расейскіх і яўрэйскіх груповак. І пытанне аб прыняцці дэкларацыі з абвешчаннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі было пастаўлена ў парадак дня. Пасля доўгіх спрэчак з расейскімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, польскімі сацыялістамі і некаторымі яўрэйскімі групамі, пад самую раніцу быў зроблены перапынак, а на світанні пераважнай большасцю галасоў была прынята “Трэцяя Устаўная Грамата” з абвешчаннем незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі.

Калі абвешчаны былі вынікі галасавання, у залі запанаваў урачыста-узнёслы настрой, беларускія сацыялісты заспявалі ревалюцыйны беларускі гімн: “Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі!..” Уся Рада ўстала і дружна падхапіла гэтую хвалюючую, магутную мелодыю з яе захопліваючымі, як прысяга, словамі!

У гэты момант праз вокны ўдарылі першыя залатыя праменні наступаючага 25 сакавіка, і ўся зала афарбавалася ў нейкі містычна-ружовы колер. Захопленыя агульным уздымам, нават прадстаўнікі расейскіх эсэраў і яўрэі, пасля адспяванага гімну, зрабілі ўрачыстыя заявы, у якіх падкрэслілі, што, лічачыся з стаўшым фактам, яны таксама ўсімі сіламі будуць падтрымоўваць Беларускую Дзяржаву…

1933 г.              

 

 

 

 

2 каментарыя

  1. Владимир кажа:

    не совсем ясно как у автора повернулся язык сказать “…прадстаўнікі расейскіх эсэраў і яўрэі…” – эсеры составляли 2\3 тех, кто объявил независимость БНР, а ядро ПСР в Беларуси всегда состояло из евреев – именно они тогда составляли большинство рабочих и мелких буржуа в Беларуси.

  2. ImmBlAng кажа:

    Вялікі дзякуй аўтару гэтага тэксту!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы