nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Летні час” (Д пр-п 98)

сакавік 29, 2008 | Няма каментараў

Ча� ле�н�.JPG
У сувязі з тым, што наш народ у бліжэйшыя суткі будзе зноў заганяцца ў стрэс з-за прымусовага пераходу “на летні час”, мы, для затраўкі, падаем артыкул Віктара Лаўруса, прысьвечаны гэтаму пытаньню (паводле n-t.ru/tp/ie/zlv.htm), а далей тое-сёе абмяркуем і вызначымся.

Рэдакцыя.

Пераход на летні час зьдзяйсьняецца ў апошнюю нядзелю сакавіка (у Беларусі – заўтра, 30 сакавіка; ідэальна выкананая працэдура ўключае перавод стрэлак у 2 гадзіны ночы на 3 гадзіны).

Чалавек імкнецца ўставаць з сьвітаньнем, каб максімальна выкарыстаць сьветлавы дзень [гэта не зусім так: многае залежыць ад віду працы, сямейнай абстаноўкі, генетычна абумоўленага тыпу суткавай актыўнасьці чалавека: жаўрук – сава. – Рэд.]. Адсюль бярэ пачатак ідэя летняга і зімовага часу, па якім цяпер жывуць у многіх краінах сьвету. Сумяшчэньне часу няспаньня са сьветлым часам сутак дазваляе эканоміць спажываньне электраэнэргіі: увесну стрэлкі гадзіньніка, якія ідуць па паясным часе, пераводзяць на гадзіну наперад, а восеньню – зноў ставяць на паясны час.

Падзяліць усю Зямлю на гадзінныя паясы па 15 градусаў у кожным, а за нулявую лінію ўзяць Грынвічскі мерыдыян – сярэдзіну нулявога поясу – запрапанаваў Канадскі інжынер-сувязіст С.Флемінг. Унутры пояса час прымаецца паўсюль аднолькавым, а на мяжы паясоў стрэлкі гадзіньнікаў пераводзяць на гадзіну наперад ці назад. У 1883 годзе ідэю Флемінга прыняў урад ЗША, а ў 1884 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Вашынгтоне 26 краін падпісалі пагадненьне пра гадзінныя паясы і пра сталы час.

На канферэнцыі былі прадстаўнікі Расеі. Ім новы адлік часу не спадабаўся па той прычыне, па якой Расея ўпарта трымалася за вярсту і пуд: любыя зьмены ўяўляліся “расхістваньнем падмуркаў” і штуршком да “народнага бражэньня”.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі [так у аўтара. – Рэд.], 8 лютага 1918 г., паясное дзяленьне было ўведзенае Саветам Народных Камісараў “у мэтах усталяваньня аднастайнага з усім цывілізавным сьветам адліку часу на працягу сутак, што абумоўлівае на ўсім зямным шары адны й тыя ж паказьнікі гадзіньнікаў у хвілінах ды секундах, што істотна спрашчае рэгістрацыю ўзаемаадносін паміж народамі, грамадскіх падзей і большасьці зьяваў прыроды ў часе”.

Пазьней, 16 чэрвеня 1930 г., дэкрэтам ураду стрэлкі ўсіх гадзіньнікаў на тэрыторыі Савецкага Саюзу былі пераведзеныя на гадзіну наперад. Утварыўся г.зв. дэкрэтны час, увядзеньне якога дазволіла эканоміць электраэнэргію. Тэрмін дзеяньня дэкрэтнага часу быў усталяваны “да часу адмены” (дэкрэтны час праіснаваў да 1981 года).

Пастановай Савету Міністраў 1 красавіка 1981 года стрэлкі гадзіньнікаў перавялі яшчэ на гадзіну наперад. Такім чынам, летні час аказаўся ўжо на 2 гадзіны наперадзе за паясны. На працягу 10 гадоў на зімовы перыяд стрэлкі гадзіньнікаў адводзіліся на гадзіну назад у параўнаньні зь летнім часам, а летам – зноўку вярталіся на месца.

У сакавіку 1991 года дэкрэтны час быў адменены. Апераджэньне на 2 гадзіны было адменена. Мы перайшлі на сістэмы адліку: летні-зімовы час. Цяпер зімой выкарыстоўваецца паясны час, а летам гадзіньнікі пераводзяцца на 1 гадзіну наперад.

Такая у скароце гісторыя зьмяненьня адліку часу.

Мы адлічваем час па сярэднім сонечным суткам, падзеленым на гадзіны, мінуты і секунды. Г.зн, па сярэняй арыфметычнай працягласьці ўсіх сапраўдных сонечных сутак за год (розьніца паміж працягласьцю сапраўдных і сярэдніх сутак дасягае 15 хвілін з-за някруглай арбіты нашай планеты).

На малюнку ўверсе паказаныя зьмены сьветлага і цёмнага часу сутак на працягу года для шыраты 50 градусаў (шырата Кіева і Менска). Мяжой паміж сьветлым і цёмным часам прынята лічыць пачатак і канец так званага грамадзянскага прыцемку – г.зн. час, калі Сонца знаходзіцца за гарызонтам на 6 градусаў. Па вечарах у гэты момант на вуліцах гарадоў трэба ўключаць асьвятленьне.

Сярэднестатыстычны чалавек устае у 7 гадзін раніцы і кладзецца спаць у 23 гадзіны па мясцовым часе. На графіку час бадзёрасьці такога чалавека адзначаны дзьвюма гарызантальнымі пункцірнымі лініямі. Пачынаючы з сакавіка, ён устае пасьля сьвітаньня. Пераводзячы стрэлкі гадзіньніка наперад, яго прымушаюць уставаць раней (непарыўныя гарызантальныя лініі). Гэта абрунтоўваецца тым, што ён будзе ўставаць у сьветлы час і спажываць менш электраэнэргіі на асьвятленьне.

Вяртаньне на зімовы час у кастрычніку да эканоміі электычнасьці не вядзе. Як высьветлілася, гэта робіцца выключна для таго, каб зімой людзі не ўставалі нашмат раней усходу Сонца. Пераход на зімовы час уяўляецца неапраўданым.

З пункту гледжаньня здаровага сэнсу рацыянальна было б вярнуцца да дэкрэтнага часу, адмовіўшыся ад штогадовага [двухразовага. – Рэд.] пераводу гадзіньнікаў, і жыць пры нязьменным адліку, які будзе адрозьнівацца на адну гадзіну ўперад у параўнаньні з паясным часам. Такі рытм жыцьця зь біялагічнага [і медыцынскага. – Рэд.] пункту гледжаньня ёсьць найлепшы для чалавека.

Ад рэдакцыі:

1.

Як мы бачым, ключавы (і адзіны) станоўчы аргумент на карысьць усёй дзейнасьці па пераводзе стрэлак, пра які заяўляюць улады – “эканомія электрычнай энэргіі”. Мы пацікавіліся, а колькі эканоміцца?

Афіцыйныя лічбы, пададзеныя ДВА “Белэнэрга”, выглядаюць наступным чынам (www.oko.by/2007/03/26/beljenergo_perekhod_na_letnee_vremja_jekonomit_tri_milliona_dollarov_v_god.html): з-за таго, што ў Беларусі робіцца пераход на летні час, агульная гадавая эканомія складае ў сярэднім 0,25-0,3% ад гадавога спажываньня электраэнэргіі (альбо 90-95 млн. кВт/час – тры мільёна даляраў у год!). Пры гэтым эканомія электраэнэргіі мае месца толькі ў красавіку і ў верасьні (зьвярніце ўвагу, у папярэднім артыкуле было даведзена, што восеньню эканоміі няма! Значыць, афіцыйныя дадзеныя трэба скараціць удвая).

Атрымліваецца, што ўвесь вэрхал з-за эканоміі (і гэта па афыйных дадзеных, якім, як вядома, асабліва верыць нельга) – прыкладна 0,1-0,15% электраэнэргіі.

Калі ж мы ведаем, што ў Беларусі, у адрозьненьні ад ЗША і заходніх краін Еўропы, на адзінку прамысловай прадукцыі спажываецца энэргіі больш у разы(!), такая эканомія ў 0,1% выглядае проста сьмешнай…

Гата сьведчыць, што эканоміць энэргію трэба праз рэфармаваньне эканомікі, аснову якога скаладае прыватызацыя на карысьць грамадзян Беларусі, найперш беларусаў! Мы ведаем, чыму такая рэформа эканомікі не адбываецца – так трэба тым, хто мае карысьць ад эканомікі даўно састарэлага каманднага тыпу – гэта каста цяперцаў!

2.

Давайце цяпер падлічым адмоўныя моманы – страты.

Тыя, хто “за” перавод стрэлак двойчы ў год, ніколі не гавораць, што з-за “зьяданьня” адной гадзіны сну ўвесну, з-за неабходнасьці не прапусьціць перавод стрэлак, з-за збою суткавага рытму людзей мільёны грамадзян Беларусі пападаюць у моцны стрэс, наступствы якога для многіх слабнуць толькі праз 2-3 тыдні. А з-за гэтага абвастраюцца хранічныя хваробы, значна павялічваюца выклікі “Хуткай” і г.д.

Не ўзгадваецца таксама, колькі дадатковых аварый на транспарце і на тэхналагічных лініях прадпрыемстваў з-за гэтага адбываецца. Напрыклад, цягніку трэба “нагнаць” гадзіну, каб прыбыць у час па раскладзе пасьля веснавога пераводу… Істотна падае вытворчасьць працы.

Няўжо 0,1% эканоміі электрычнасьці апраўдвае тыя няўлічаныя страты, якія ў межах дзяржавы могуць быць большымі за “эканомію” ў разы?

Так, “апраўдвае”, але толькі з пазіцый цяперцаў. У такім пераводзе яны бачаць свой сэнс, бо баланс плюсаў і мінусаў вясеньняга пераводу з пазіцый інратэсаў беларускага грамадства патрабуе: ніякіх пераводаў не рабіць! Дарэчы, у Японіі, Кітаі, Эстоніі, краінах Сярэдняй Азіі, некаторых штатах ЗША ад гэтай практыкі альбо адмовіліся, альбо ніколі не выкарыстоўвалі (www.bdg.by/ru/46/50/816/).

Больш за тое, аказалася, што пераход на летні час ня толькі не дае эканоміі энэргіі, але і падвышае выдаткі на электрычнасьць! Да такой высновы прыйшлі амерыканскія і еўрапейскія навукоўцы (www.inopressa.ru/spiegel/2008/03/06/14:45:26/time).

Дык навошта пры ўсёй відавочнай шкоднасьці працэдуры пераводу стрэлак (асабліва вясеньняй) урады больш 100 краін у сьвеце прымушаюць сваіх грамадзян яго рабіць. Вось пра гэта ніхто не гаворыць. А мы скажам: бессэнсоўная працэдура, якой вымушаныя сьледаваць грамадзяне (паспрабуй, не перавядзі) – гэта спосаб падпарадкаваць іх уладзе! Нагадаць (праз падсьвядомасьць), хто тут гаспадар. Гэтая акцыя мае выключна псіхалагічна-палітычную функцыю – тую, якая патрэбна выключна паразітным, альбо недалёкім уладам!

Зыходзячы з усяго агаворанага, выводзім чарговы Дактрынальны прынцып: у будучай беларускай дзяржаве будзе адменены перавод стрэлак гадзіньнікаў двойчы ў год. Будзе ўведзены адзіны час, які раней зваўся дэкрэтным і які мяняца ня будзе (Д пр-п 98).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы