Алесь Астроўскі
1 красавіка 2008 году споўнілася 2 гады працы нашага сайта. З гэтай нагоды хачацца зноў падаць сьветлы, каляровы матэрыял. Вось мы і вырашылі распавесьці пра беларуска-літвінскія шахматы.
Пачнем з абвесткі. “Унікальная шахматная фігура — ладдзя, скрадзеная ў жніўні 2004 года з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, вернутая дзяржаве. Дзесяткі гадоў ладдзя ХІІ стагоддзя часоў Полацкага княства лічылася знакам музея, упрыгожваючы экспазіцыю старажытнасці” (паводле pahonia.org/str/2008-02/485.htm). Але сёньня мала хто ведае, што нашы далёкія продкі гулялі ў трохі іншыя шахматы.
Па-першае, дошка была не 64-клеткавай (8х8 клетак), а 81-клеткавай (9х9).
Па-другое, галоўнай фігурай, аналагічнай цяперашняму каролю, быў князь (на малюнку ўверсе абодва князі стаяць на белых палях 1e i 9e). Князь хадзіў, як кароль у цяперашніх шахах. Справа ад яго знаходзіўся гетман (1f i 9d), які хадзіў, як цяперашні ферзь-каралева. Зьлева ад князя быў княжыч (1d i 9f). Гэтая невядомая нам сёньня фігура пазначала старэйшага сына князя, які хадзіў, як князь – адзінае, што не на 1 клетку ва ўсе бакі, а на 1-2 клеткі. Справа ад гетмана знаходзіўся белапольны шляхціч (1g i 9c), які хадзіў як цяперашні белапольны афіцэр. Зьлева ад княжыча – коньнік (1c i 9g), фігура хадзіла, як цяперашні конь. Справа ад белапольнага шляхціча таксама быў коньнік (1h i 9b), а яшчэ правей – ладзьдзя (1i i 9a). Апошняя хадзіла, як цяперашняя тура-ладдзя. Зьлева ад коньніка княжыча быў чорнапольны шляхціч (1b i 9h), а яшчэ лявей – другая ладдзя. Шэрагі 2 і 8 займалі 9 ратнікаў.
Па-трэцяе, мэтай шахматнага спабору было ня столькі забойства галоўнай фігуры суперніка (мат каралю), колькі заняцьце трону князем. Тронам – сімвалам улады ва ўсім княстве – лічылася цэнтральная клетка (поле 5е) белага колеру з чырвонай гарызантальнай палоскай пасярэдзіне. Усё, што зьвязана з тронам, мела дадатковыя ўмовы:
– каб выіграць, яго павінен быў заняць князь, але не пад бой (г.зн, што ён павінен быў утрымацца на троне хаця б адзін чарговы ход суперніка). Тады гульня лічылася завершанай па адным з варыянтаў яе заканчэньня;
– пры жывым князі княжыч ня мог ступіць на трон;
– усе іншыя фігуры – гетман, шляхціч, ладзьдзя (за выключэньнем коньніка) – “з-за павагі да трона” не маглі яго праскокваць па гарызанталі, вертыкалі альбо дыяганалі, як яны маглі гэта рабіць ва ўсіх іншых выпадках. Яны павінныя былі затрымацца на троне, стаць на яго, калі ён быў на іх шляху, а затым рушыць далей.
Пятае. Другім варыянтам завяршэньня гульні было забойства княскай сямьі – мат князю і княжычу. Але і тут быў адзін нюанс – калі быў мат князю, княжыч аўтаматычна станавіўся князем, гэтая абавязковая працэдура лічылася асобным ходам.
Яшчэ ў старажытных беларуска-літвінскіх шахах (і гэта штостае) не было ракіроўкі.
Рухі ратнікаў былі такімі ж, як у пешак у цяперашніх шахматах.
Заклікаю сёньняшніх грамадзян Беларусі адрадзіць нашыя шахі. Для гэтага дастаткова наклеіць на тыповую шахматную дошку дзьве картонкі (хаця ў ідэале дошку варта зрабіць з паступовым падвышэньнем вышыні клеткі, у кірунку ад перыферыі да цэнтру, з тым, каб “трон” быў самай высокай клеткай), пазначыць на іх чорныя ды белыя клеткі, “княскі трон” і зрабіць (ці знайсьці) 4 дадатковыя фігуры.
Калі вы пачнеце гуляць, вы пераканаецеся, што беларуска-літвінская шахматная гульня, у адрозьненьне ад класічных індыйскіх шахмат, па-першае, нашмат больш гуманная (адмяняецца “забойства” як адзіная мэта), а, па-другое, нашмат больш адпавядае класічнай палітыцы, фармальная мэта якой – узяцьце і ўтрыманьне ўлады. Дый у цэлым, яны нашмат больш камбінатыўная, эмацыйная.
І апошняе.
Адзінае, што я з нагоды 1 красавіка не магу сказаць дакладна, дык гэта тое: ці гэта старажытныя нашы шахі, ці шахі нашае будучыні…
Дзякуй! Вельмi цiкава 🙂
Цікава-цікава!
Дзякуй!
Мяркую, варта яшчэ падумаць над назовами фигураў (“камянёў”), ў тым ліку і дзеля зручнасьці натацыі па першых літарах.
Як варыянты:
латнік = ратнік (шараговы пешы ваяр)
коньнік = вершнік = вяршак [Беларуска-расейскі (Байкоў-Некрашэвіч)]
ладдзя = вежа (пры штурму цьвердзевых сьценаў некалі выкарыстоўваліся рухомыя штурмавыя вежы)
Падкажыце, калі ласка, як з Вамі можна зьвязацца, каб пагутарыць на гэтую тэматыку (нешта пішу на электронную скрыню, а атрымоўваю паведамленьні, што адраса ня існуе)…
Спадар Мікола, электронная пошта рэдакцыі хутчэй за ўсё забіта спамам.
А Вы не маглі б папярэдне трохі раскрыць сутнасьць пытаньня?
Рэч у тым, што я хацеў бы напісаць наконт такой зьявы (старадаўнія беларускія шахматы) артыкул (працую я ў “Звяздзе”). А таму вельмі хацелася б пагутарыць з чалавекам, які наноўку вынайшаў нашу спрадвечную цікавостку. Калі гэта Вы, спадару Алесь, з радасьцю з Вамі пагутару. Альбо падкажыце, калі ласка, кантакты вынаходцы шахаў, калі Вы дзесьці ўзялі гэтую інфармацыю зь іншых крыніцаў.
Вось, мая электронная скрыня: mikola.tamaszevicz@gmail.com
З павагай,
Мікола
Паважанаму спадару Міколу.
Найперш, выбачаюся за доўгае маўчаньне.
Па-другое, вымушаны Вас трохі (але ня цалкам) расчараваць. Вы, відаць, не зьвярнулі ўвагу на дату падачы матэрыяла – 1 красавіка.
Справа ў тым, што мы лічым гэты дзень часам пачатку працы сайта, таму ён для рэдакцыі ў пэўным сэнсе ўрачыста-аптымістычны. Адначасна – гэта ўсім вядомы Дзень сьмеху. Таму мы пэўны перыяд каля 1 красавіка ня толькі даем справаздачы за працу рэдакцыі сайта за папярэдні год, але і выстаўляем трохі “вольныя” матэрыялы: пра кубік Рубіка, пра Чароўны ваўчок, пра Беларуска-літвінскія шахматы (гэтыя вольнасьці мы дазваляем сабе толькі тады). Як Вы можаце заўважыць, усім гэтым штукам, акрамя апісаньня тэхналагічных момантаў, мы, праз аналогіі, імкнемся надаць сацыяльны кантэкст…
На гэтым фоне, магчыма расчаравальным для Вас, назаву некалькі іншых станоўчых момантаў апісаных Беларуска-літвінскіх шахмат.
1. Матэрыял пра вяртаньне шахматнай ладдзі Гарадзенскаму гістарычнаму музею – ня жарт, а факт – сьведчаньне таго, што нашыя продкі ўжо 1000-годзе таму (і гэта, як мінімум) гулялі ў шахматы.
2. Той варыянт шахмат, які апісаны ў артыкуле, прыйшоў да мяне праз азарэньне ў час сну (сам я ня вельмі добры шахматыст, мякка кажучы). Я рэальна зрабіў экзэмпляр шахмат па апісаным узоры (наклеіў на шахматную дошку новы варыянт шахматнага поля, дадаў фігуры), апрабаваў іх (спадабалася) і занёс Маркевічу ў рэдакцыю газеты “Пагоня”, каб той надрукаваў апісаньне новых шахмат і асаблівасьцяў гульні. Было гэта недзе ў 1999-2000 гг. На жаль, Маркевіч нічога не надрукаваў, і тыя шахматы згубіліся (праўда, сп-р Мікола ўзгадваў потым, што яго хлопцы ў рэдакцыі ў гэтыя шахматы гулялі).
З гэтай гісторыі найбольш істотнае тое, што дадзены варыянт шахмат належыць беларускаму народу.
3. У апісаным варыянце шахмат сапраўды ёсьць пэўныя перавагі перад шахматамі класічнымі. Гэта дытачыць як магчымасьцяў гульні, так і яе большай сацыяльнай адпаведнасьці (узьнікаюць больш рэалістычныя алюзіі да грамадска-палітычных сітуацый – Беларуска-літвінскія шахматы імітуюць палітычныя інтрыгі ўнутры тэрытарыяльнай дзяжавы, а класічныя – вайну паміж вандроўнымі плямёнамі) ды гуманістычнасьці (ня трэба забіваць усю княскую сям’ю).
4. У сувязі з усім пералічаным гэтыя шахматы (пад назвай “Беларуска-літвінскія”) могуць быць (пры добрай пастаноўцы справы) выкарыстаны для вырабу беларускай сувенірнай прадукцыі (гэта павялічыць турыстычную атракцыйнасьць Беларусі) і могуць мець пэўнае дадатковае эканамічнае значэньне для тых, хто зоймецца іх вырабам і рэкламаваньнем…
З павагай,
Алесь Астроўскі.