nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Барысу Кіту – 98 гадоў

7 красавіка, 2008 | Няма каментараў

Паводле Тацяны Поклад (www.svaboda.org/content/Article/1050825.html

Ð�Ñ�Ñ� Ð�аÑ�Ñ�Ñ�.JPG 

Учора (06.04.2008 г.) беларускаму асьветніку і сусьветна вядомаму навукоўцу Барысу Кіту споўнілася 98 гадоў. У 1930-40-х гадах Барыс Кіт працаваў для беларускай адукацыі на роднай Наваградчыне і Віленшчыне – у Віленскай беларускай гімназіі быў выкладчыкам і дырэктарам. Ён дапамагаў атрымаць асьвету многім вясковым беларусам, ратаваў моладзь ад вывазу на прымусовыя працы ў час гітлераўскай акупацыі, калі ачольваў семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечне.  Ад 1948 году Барыс Кіт жыў ў ЗША, ад 1950 году браў удзел у падрыхтоўцы першых амэрыканскіх касьмічных і ракетных сыстэмаў. Барыс Кіт першым разьлічыў прынцыпы выкарыстаньня вадароду як паліва для касьмічных ракет, ён – аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.  Прафэсар, доктар філязофіі у галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне ў Нямеччыне. На свае юбілеі ён атрымлівае віншаваньні ад прэзыдэнта ЗША.

 

– Як вы адзначаеце свой 98-ы дзень нараджэньня?

–  Спачатку я буду ўдзень у хаце, мне тэлефануюць, звычайна, з усяго сьвету… Можа, ў гэтым годзе ня так шмат будзе, – кажа Барыс Уладзімеравіч. – А пазьней увечары пайду да сваёй спадарожніцы, – Тамара зробіць такое маленькае сьвяткаваньне разам зь яе сям’ёй, і там я правяду свой час увечары.  Уся мая сям’я – дарослыя сыны, – усе ў Амэрыцы, я тут адзін у Эўропе. Старэйшы сын, Уладзімер, працуе на высокай пасадзе ў НАСА (адзін з намесьнікаў міністра ў НАСА ў Вашынгтоне), я вельмі ганаруся ім, а малодшы, Віктар – высокакваліфікаваны хірург у Балціморы, таксама вельмі пасьпяховы. Дзякаваць Богу, хаця мне давялося перажыць вельмі цяжкія мамэнты ў жыцьці, а ўсёж-такі я вельмі шчасьлівы, што дрэннае ўсё прайшло, і вось маю добрых дзяцей і добрыя дасягеньні ў жыцьці.

– У чым сакрэт посьпеху, актыўнага доўгага плённага жыцьця, выхаваньня добрых дзяцей?

– Цяжка сказаць, які сакрэт, але шмат усяго, пэўна, уплывае.  І прыродныя чыньнікі… І, можа, цяжкае жыцьцё – яно загортвае людзей заўсёды. І я быў вельмі шчасьлівы, што працаваў у інтэлектуальнай галіне, – праца інтэлектуальная і цікавая ўплывае на здароўе чалавека. І наагул, магу сказаць, што маё чыстае ёсьць сумленьне – я нічога дрэннага ніколі нікому не зрабіў у сваім жыцьці, а наадварот, спрычыніўся да ратаваньня жыцьця многіх людзей у Беларусі, асабліва ў цяжкія часы нямецкай акупацыі. Мне пашчасьціла выйсьці з самых цяжкіх умоваў – пры нямецкай акупацыі я сядзеў у Глыбоцкай турме, за падозраньне ў сувязях з партызанамі. Амаль усіх такіх вязьняў расстрэльвалі, а мяне выратаваў ад сьмерці мой былы вучань Кастусь Касяк, які быў дапаможнікам камісара нямецкага ў Вялейцы, – ён, як даведаўся, то зрабіў усё, каб мяне выпусьцілі. Вось так і мяне ад сьмерці выратаваў мой вучань былы з Віленскай беларускай гімназіі. А Вільня – гэта прыгожая частка майго жыцьця, калі я працаваў там у беларускай гімназіі – дзесяць гадоў выкладчыкам і каля году дырэктарам, – бо мы рабілі цудоўную справу: адраджалі Беларусь. Наш вялікі пісьменьнік Васіль Быкаў сказаў, што Віленская беларуская гімназія – калыска беларускага адраджэньня. І вось я ганаруся, што быў там выкладчкам і дырэктарам, у гэтай калысцы беларускага адраджэньня.

Барыс Кіт сочыць за падзеямі ў Беларусі, ведае ўсе апошнія навіны на радзіме, і з пашанай гаворыць пра беларусаў, якія змагаюцца за лепшую будучыню для сваёй краіны:

– Шмат непрыемных рэчаў робіцца ў Беларусі – пішуць газэты пра гэта ўвесь час. Я чытаю тут эўрапейскія газэты, таксама польскую “Газэту выборчу”, там вельмі добра ўсё апісваюць. Паводле таго, што пішуць, так справы вельмі сумныя ў Беларусі. Трэба заўсёды змагацца за лепшае, і добра, што беларусы, асабліва моладзь, змагаюцца, бо гэта паказвае, што беларусы – жывы народ, які адстойвае сваю добрую волю.

 

Ад рэдакцыі

Мы ад усёй душы далучаемся да пажаданьняў усяго самага лепшага нашаму славутаму беларусу і яго блізкім. 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы