nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прырода зла: у эксьперыментах і ў жыцьці

9 красавіка, 2008 | 2 каментарыя

Дар’я Бабылёва (паводле rnd.cnews.ru/liberal_arts/reviews/index_science.shtml?2008/03/14/292162);

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

Ð�аÑ�аванÑ�нÑ�.GIF 

У каментары да аднаго з нашых папярэдніх артыкулаў, прысьвечаных уладнай параноі, чытач Сяргей пытаецца: “А тыя шматлікія “людзі”, што выконваюць загады параноіка – хто яны? Якое атачэнне было ў Леніна, Сталіна, Гітлера? Чаму людзі не адыходзяць убок ад параноіка, а транслююць вар’яцва на ўвесь народ?”. Пададзены ніжэй матэрыял – спроба адказаць на гэтае пытаньне з прыцягненьнем навуковых даных. Артыкул ілюстраваны фотадакументамі маральных катаваньняў у Іраку ў турме Абу-Грэйб, якія сталі шырока вядомыя сусьветнай грамадскасьці некалькі гадоў таму (верхні шэраг), а таксама актамі фізічнага гвалту супраць актыўных шчырых беларусаў з боку служак цяперскага рэжыму на вуліцах сёньняшняга Менску (ніжні шэраг).

Рэдакцыя.

 

1.

САЦЫЯЛЬНАЯ АБУМОЎЛЕНАСЬЦЬ ФЕНОМЕНАЎ МАСАВЫХ ПРАЯВАЎ ЗЛА ПАСТУПОВА СТАНОВІЦЦА ЎСЁ БОЛЬШ БАЧНАЯ

Дар’я Бабылёва

Ці былі сотні тысячаў немцаў у часы Трэцяга Рэйху псіхапатамі і садыстамі?

Не – сьцьвярджаюць псіхолагі. Патэнцыял стаць злодзеем і злачынцам хаваецца амаль у кожным – і шматлікія эксьперыменты даказваюць гэта.

Для таго, каб ператварыць цалкам нармальных амерыканцаў у катаў, была патрэбная адна фраза. “Эксьперымент патрабуе, каб вы працягвалі”, – казаў кіраўнік дасьледаваньня, і паддосьледныя ізноў націскалі на кнопку. Калі ўдзельнік усё ж жадаў спыніцца, яму казалі: “Цалкам неабходна, каб вы працягвалі”.

І бальшыня працягвалі націскаць на кнопку, якая “давала чарговы ўдар токам іншаму чалавеку”, – піша Spiegel. Гэта адбывалася нават, калі пасьля чарговага націсканьня электрашокавай кнопкі “паддосьледныя” ахвяры ў суседнім пакоі крычалі ад болю.

На справе ніякага электрашоку не было, ахвяры толькі вельмі рэалістычна гралі пакуты. Эксьперымент, які ў 1961 годзе правёў амерыканскі соцыяпсіхолаг Стэнлі Мілгрэм (Stanley Milgram), перакуліў многія ўяўленьні чалавецтва пра чалавека.

“Нацысты былі псіхапаты, садысты, апантаныя нянавісьцю і лютасьцю людзі” – так лічыла грамадскасьць. Дыскусія пра тое, якая была матывацыя забойцаў, працягваецца дасёньня, хаця псіхолагі ўпэўненыя, што механізм ператварэньня звычайнага чалавека ў злачынцу ім ужо даўно і дастаткова добра вядомы.

Эксьперыменты Мілгрэма і сёньня зьяўляюцца доказам таго, што загады, якія ідуць ад непадважальнага аўтарытэта, могуць завесьці людзей вельмі далёка.

Мілгрэм і яго калегі рэгістравалі ў бальшыні ўдзельнікаў “незвычайнае нярвовае ўзбуджэньне”, адзначалі “падвышаную патлівасьць, дрыжэньне і заіканьне”, шмат у каго таксама “нярвовы сьмех” і нават “непадкантрольныя прыступы гістэрычнага сьмеху”. Але 26 з 40 паддосьледных працягвалі зноў і зноў націскаць на кнопку [але ж 14 з 40 (траціна!) на пэўным этапе адмовіліся ўдзельнічаць у “эксьперыменце”. – Рэд.].

Сёньня псіхолагі прыйшлі да адзінага перакананьня, што цалкам нармальныя людзі ў таталітарных краінах ці ва ўмовах вайны могуць стаць жорсткімі забойцамі. Дзеля гэтага не патрэбна ні асацыяльнага парушэньня асобы, ні схільнасьці да садызму. Ціск зьверху і стрэсавая сітуацыя можа зрабіць з бальшыні людзей бязьлітасных катаў.

Шырока вядомым прыкладам таго, якія вынікі дае некантралюемая ўлада ў спалучэньні з поўным падпарадкаваньнем, зьяўляецца таксама эксьперымент “Стэнфардская турма” (Stanford Prison Experiment), праведзены ў 1971 годзе амерыканскім псіхолагам Філіпам Зімбардо (Philip Zimbardo).

24 добраахвотнікі былі падзеленыя на вязьняў і турэмнікаў. Вязьні павінныя былі насіць шпітальныя піжамы і ланцугі на нагах, адгукацца не на імя, а на нумар, і падпарадкоўвацца турэмнікам. Для апошніх дакладна выпрацаваных правілаў не было, яны самі прыдумвалі метады ціску на вязьняў. Так, у якасьці пакараньня ў апошніх забіралі матрасы, зачынялі ў цёмным “карцэры”.

На працягу эксьперымента метады турэмнікаў рабіліся ўсё больш жорскімі: уначы яны ўрываліся ў пакоі “вязьняў”, распраналі іх дагала, прымушалі імітаваць полавыя акты адзін з адным…

Жах паўтарыўся тры дзесяцігоддзі пазьней ў сумна вядомай ірацкай турме Абу-Грэйб – амерыканскія турэмнікі аказаліся здольныя на многае [жах паўтарыўся раней і ў іншых месцах – у Чачні, на вуліцах сёньняшняга Менску і г.д.; але гэтага расейскія імперскія журналюшкі, такія як аўтарка, імкнуцца не ўзгадваць. – Рэд.].

Зімбардо спыніў разьлічаны на два тыдні эксьперымент праз 6 дзён, таму што сітуацыя выйшла з-пад кантролю. 30 год пасьля гэты выпадак лёг у падставу сцэнару фільма “Эксьперымент” нямецкага рэжысёра Олівера Хіршбігеля.

“Эксьперымент”, які праводзіцца ў Іраку, яшчэ працягваецца [працягваецца ён у Чачні, Беларусі, Расеі й шмат дзе яшчэ… – Рэд.].

Да падобных вынікаў прыйшла соцыяпсіхолаг з ЗША Сьюзан Фіске (Susan Fiske) з універсітэта Прынстана пасьля аналізу высноваў 25 тыс. дасьледваньняў данага напрамку. “Цалкам нармальныя людзі, – зазначыла яна ў 2004 годзе ў часопісе Scienceмогуць стаць катамі, калі жорсткая гіерархія і дазвол начальства выключаюць у іх псіхіцы механізмы, якія запабягаюць падобным паводзінам [што гэта за механізмы? Ліберастам так цяжка сказаць, як бачыце – проста немагчыма, што гэта культура, сумленьне, мараль, розум. – Рэд.].

У сваім адкрытым лісьце да сябраў аб’яднаньня сацыяльнай псіхалогіі Зімбардо напісаў: “Гэтыя абставіны падобныя да кіслаты, якая раз’ядае асобу і ператварае велізарную колькасьць добрых людзей, як мужчынаў, так і жанчын, у людзей, якія зьдзяйсьняюць зло”.

Як адолець сітуацыю нарастаньня аб’ёмаў сацыяльна абумоўленага зла, якое ўсё часьцей праяўляецца ў сучасным грамадстве – пакуль незразумела.

 

 

2.

“НЕЗРАЗУМЕЛА, ЯК АДОЛЕЦЬ НАРАСТАНЬНЕ САЦЫЯЛЬНАГА ЗЛА?”

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

Як вы бачыце, у загаловак мы вынесьлі апошнюю фразу аўтаркі папярэдняга артыкула. Мы лічым, што яна, як тыповая кан’юнктурная расейская журналюшка, крывіць душой. Крывяць душой і навукоўцы, якія вымушаныя жыць у “ліберальных” грамадствах. Проста праўду казаць ім становіцца ўсё цяжэй…

Мы – не асаблівыя профі ў сацыяльнай і індывідуальнай псіхалогіі, але можам прама сказаць, як вырашыць сфармуляваную праблему. Бо гэта, як кажуць, элементарна і відавочна.

Але пачаць варта з правільнай фармулёўкі дзіўнага ператварэньня людзей і ўзаемаадносін паміж імі. Хай у гэтым нам дапаможа сьхема, паданая ніжэй.

Ð�еÑ�аÑ�од да Ñ�адÑ�змÑ�.GIF 

На сьхеме лічбай 1 пазначаная сітуацыя, калі два індывіда, нягледзечы на іх аб’ектыўныя адрозьненьні (у фізічнай сіле, масе, поле, узросьце), узаемадзеюць паміж сабой як цывілізаваныя людскія істоты – на роўных (такія адносіны можна назваць гарызантальнымі).  Гэта нармальная, найбольш распаўсюджаная форма ўзаемаадносін паміж людзьмі ў цывілізаваных, дэмакратычных грамадствах. У такіх грамадствах галоўнымі рысамі людзей лічацца не фізічная сіла, не ўлада, не памер банкаўскага рахунку і да т.п. фармальныя рысы, а тое, што характарызуе чалавека як асобу (мараль, культура, веды, розум, этыка, правы чалавека), па якіх усе людзі лічацца роўнымі. А ўзвышацца па такіх рысах над іншымі – гэта прыніжаць сябе. Так працуе выраўноўваючы механізм.

Пад лічбай 2 паказана альтэрнатыўная сітацыя, калі адзін індывід падпарадкаваў сабе другога – стаў над ім, выкарыстоўвае яго, як свайго падначаленага, як раба, як прыладу для дасягненьня сваіх асабістых мэт, цалкам ігнаруючы жаданьні й волю падпарадкаванага. Пры гэтым дамінант нярэдка адчувае задавальненьне ад свайго прывілеяванага стану. У такой сітуацыі прынята казаць, што асоба-дамінант выступае ў ролі садыста ў адносінах да другога чалавека. Калі апошняму такія адносіны падабаюцца (а бавае, што падабаюцца), тады другі індывід выступае ў ролі мазахіста, які з задавальненьнем перадае правы на ўласную волю і свабоду садысту. Але большасьці людзей патрабаваньні садыста не падабаюцца. Калі такія людзі ня маюць магчымасьці пазьбегчы садысцкага ціску, яны ператвараюцца ў ахвяры, якія вымушаны цярпець пакуты…

У цэлым перагорнутыя адносна нормы ўзаемаадносіны завуцца сада-мазахісцкімі (вертыкальнымі).  

Такім чынам, у першай частцы паданага матэрыяла гаворка ішла пра тое, што ў пэўных сітуацыях нармальныя адносіны паміж людзьмі могуць трансфармавацца ў сада-мазахіцкія.

У артыкуле не была паданая адна вельмі істотная рэч: грамадства, пабудаванае на прынцыпах раўнапраўных узаемаадносін паміж людзьмі, у цэлым аказваецца значна больш эфектыўным у эканамічным, культурным ды іншых сьферах, паколькі дазваляе рэалізавацца ў свабоднай стваральнай дзейнасьці ў цэлым значна большай частцы людзей – практычна ўсім. У грамадствах, якія грунтуюцца на прынцыпах сада-мазахісцкіх адносінаў (напрыклад, на існаваньні славутай таталітарнай “вертыкалі”, дзе дзейнічае вядомы прынцып: я начальнік, ты – дурань; ты начальнік, я – дурань), рэалізуюць сябе ў асноўным садысты – на іх узроўні, які зазвычай бывае нізкім…

Затое ў артыкуле было сказана пра яшчэ дзьве істотныя рэчы.

Па-першае, што ператварэньню нармальнага чалавека ў садыста абавязкова папярэднічае дазвол на такое ператварэньне з боку дастаткова вялікага аўтарытэта (на сьхеме пазначаны квадратам з літарай “Д”).

Па-другое, далёка ня ўсе людзі нават у “спрыяльных” умовах аўтарытэтнага дазволу згаджаюцца быць садыстамі, а, адчуўшы, у чым справа, імкнуцца пазьбегчы ўдзелу ў катаваньнях іншых, аддаліцца ад такой сітуацыі.

Прычынай патэнцыйнай здольнасьці да сада-мазахісцкай трансфармацыі псіхікі, якая ўсё ж прысутнічае ў большасьці людзей, зьяўляецца адпаведная арганізацыя іх падсьвядомасьці. Тут са старажытных часоў, калі далёкія продкі сёньняшніх людзей былі на стадыях аўстралапітэкаў ці чалавека прамаходзячага, застаўся адпаведны рудымент сацыяльнага інстынкту – здольнасьць у цяжкіх варнуках жыцьця (а раней у адкрытых прасторах саваны ўмовы жыцьця ўвесь час былі такімі) да гіерархічна-пірамідальнай арганізацыі. Тады нашы далёкія продкі жылі невялікімі групамі, у існасьці, вялікі сем’ямі, якія ўзначальваў дамінант. Падпарадкаваньне дамінанту было адзіным спосабам застацца ў групе (рэакцыяй на любое іншае быў астракізм і, як правіла, наступная сьмерць у саване) і не суправаджалася пакутамі – хутчэй давала пачуцьцё супакаеньня, задавальненьня. Пасьля сьмерці папярэдняга дамінанта адпаведнае пачуцьцё абудажалася ў наступнага найбольш моцнага і дасьведчагана самца – група захоўвала сваё адзінства.

Але пры пераходзе да жыцьця вялікімі супольнасьцямі – плямёнамі, этнасамі, нацыямі – сада-мазахісцкі, вертыкальны спосаб грамадскай арганізацыі беззваротна састарэў. Чым больш на грунце агульных каштоўнасьцяў (агульныя богі, мова, культура, гісторыя, сімвалы і г.д.) удавалася арганізоўваць грамадства на прынцыпах гарызантальнага раўнапраўнага супрацоўніцтва, тым, як правіла, больш эканамічна і культурна пасьпяховым такое грамадства было. І толькі ў сьпецыфічных умовах – вайна і вайсковая арганізацыя, вулічная банда, турма, казарма і г.д. – састарэлая сада-мазахісцкая форма адносін вяртаецца. Законам зноўку становіцца асоба – дамінант.

Тое, што ў вышэйразьмешчаным артыкуле гаворыцца, што выпадкі гвалту ў апошні час становяцца ўсё больш частымі, сьведчыць, што ў чалавецтва нарастае агульны стрэсавы стан. 

Усе мы ведаем, што ў нас, у Беларусі, усталяваўся не цывілізаваны, а таталітарна-дыктатарскі рэжым. Гэты рэжым надзвычай спрыяе распаўсюджаньню выпадкаў неабгрунтаванага садызму, гвалту: зьбіцьцё беларусамі ў міліцэйскай форме (найчасьцей да таго звычанымі тутэйшымі хлопцамі) мірных беларусаў-дэманстрантаў (нярэдка жанчын, дзяцей, людзей сталага веку); пераўтварэньне тваіх былых калегаў і знаёмых, якія перайшлі працаваць у “вертыкаль”, у нахабных, цынічных бюракратаў, якія, задраўшы нос, нярэдка ня хочуць цябе пазнаваць; агрэсіўна-этнацыдная дзейнасьць “вертыкалі”, складзенай у асноўным з беларусаў (!), сьвядома скіраваная на сьвятатацкае зьнішчэньне ўсяго самага каштоўнага для беларускага народу (мовы, гісторыі, сімвалаў) – усё гэта прыклады садысцкіх, дэструктыўных дзеяньняў нашых людзей у нашыя дні, якія цалкам падпадаюць пад стэрэатып, раскрыты ў час навуковых правакацыяў.

Той жа феномен – людзі атрымалі ўладу, атрымалі дазвол на садызм, на разбуральную дзейнасьць і… расчалавечыліся, ператварыліся ў садыстаў – напалову жывёл.    

Як мы павінныя ставіцца да такіх сітуацый?

Адказ: не інакш як да злачынства! Таму паўтараем: у будучыні ўсіх злачынцаў, якія рабілі і робяць зло ў Беларусі, чакае немінучая адплата (падкрэсьлім, адплата, а не помста; розьніца патлумачаная ў адным з нашых Дактрынальных прынцыпаў).

Але, як вы, напэўна, пасьпелі заўважыць, галоўнымі злачынцамі ва ўсіх сітуацыях гвалту супраць грамадства і яго каштоўнасьцяў зьяўляюцца ня столькі самі гвалтаўнікі, колькі іх натхняльнікі. Да апошніх у Беларусі належыць “эліта” цяперцаў – самая макаўка (некалькі асобаў) з рэжымнай вертыкалі. Вось гэтых нелюдзяў беларусы будуць судзіць, як злосных крымінальнікаў, аніяк ня менш. Бо яны ведаюць, што робяць. Усіх выканаўцаў злачынных загадаў “вертыкальных начальнікаў” прыйдзецца таксама судзіць, але як людзей, якія сталі злачынцамі па волі лёсу (папалі пад узьдзеньне злачынных загадаў і ня здолелі супрацьстаяць ім) – так, як судзяць кіроўцу, які зьбіў людзей на пераходзе з-за таго, што ў машыны адмовілі тармазы… Бо  яны і злачынцы, і ахвяры адначасова. Някепска было б маральна асудзіць і маўклівую большасьць, якая “безмолвствовала” ў такія цяжкія для ўсяго беларускага народу часы.

Дык як адолець сітуацыю нарастаньня аб’ёмаў сацыяльна абумоўленага зла?

З усяго выкладзенага рэцэпт відавочны:

– уладу (тым больш уладу агульнадзяржаўнага памеру) не павінны атрымліваць прымітыўныя, малаадукаваныя чалавекападобныя істотры з таталітарнай, некрафільнай, сада-мазахісцкай арганізацыяй псіхікі; для таго, каб такога дасягнуць трэб далей дасканаліць дэмакратычныя механізмы;

– калі такія людзі апынуліся ва ўладзе і нарабілі бедаў, пазьней яны абавязкова павінны быць асуджаны, як тыповыя крымінальнікі;

– на вышэйшыя дзяржашныя пасады павінны трапляць лепшыя прадстаўнікі адпаведнага народу – людзі, якія маюць высокі ўзровень сьветагляду, шырокія веды, разьвітую мараль дый у цэлым гуманістычную, біяфільную арганізацыю псіхікі.

Карацей, усё проста. Каб не было зла, кіраваць народамі павінны лепшыя іх прадстаўнікі, а не чалавекападобныя вырадкі, чувырлы, мудазвоны…

 

2 каментарыя

  1. Сяргей кажа:

    Дыктатуры квітнеюць на глебе з прасцякоў, угноенай халуямі.
    Для тлумачэння акрэсленай тэмы можна карыстацца паняццем “свабода”. Калі дыктатар, ці начальнік (за межамі аплочаных службовых абавязкаў) патрабуе дадатковых паслуг ці змяняя абавязкі падначаленага, то ён абмяжоўвае свабоду падначаленага. У падначаленага ёсць выбар: 1- адмовіцца выконваць незаконныя загады, 2- патрабаваць дадатковай аплаты, 3- перанесці беззаконне на сваіх падначаленых (вертыкаль улады). Людзі схільныя да свабоды абяруць 1-ы варыянт, схільныя да рабства – 3-ці, а калі падначаленага няма, то праглынуць абразу. Абмежаванне свабоды прыводзіць да таго, што стваральны патэнцыял людзей не выкарыстоўваецца і грамадства гібее.

  2. Алесь кажа:

    Лічу, што нельга неахайна, нібы гэта воблака, туман карыстацца паняцьцем “свабода” (звычайна так робяць прапагандысты ліберастычнага рэжыму і многія на такую прапаганду пападаюцца; вядома, інфармацыйная маса цісьне).
    Ёсьць свабода індывіда, а ёсьць – народа. Ёсьць свабода для разбуральнай дзейнасьці (“што хачу, тое і варачу”), і свабода для стварэньня, творчасьці. Усё гэта прынцыпова розны, месцамі нават альтэрнатыўны, свабоды…
    Акрамя таго, трэба ўлічваць, што свабода ў нармальным грамадстве не бывае без адказнасьці. Больш за тое, аб’ём свабоды індывіда ў грамадстве прапарцыйны таму аб’ёму абавязкаў, якія ўсе чальцы грамадства бяруць на сябе. Па-сутнасьці, узаемныя грамадскія адказнасьці ствараюць поле індывідуальнай свабоды…
    Адсюль, калі паняцьцем свабоды карыстаюцца сапраўдныя зьмястоўныя дэмакраты, яны: маюць на ўвазе найперш свабоду для ўсяго народа, усяго грамадства (і роўную адказнасьць для ўсіх) і свабоду для стваральна-творчай дзейнасьці ўсіх індывідаў у іх складзе; разумеюць, што такая свабода магчымая толькі на глебе адказнасьці ўсіх (маецца на ўвазе: бяру адказнасьць за…) за лёс свайго народа, своёй дзяржавы, сваёй прыроды, сваёй культуры, мовы і г.д.
    Калі пра свабоду гавораць ліберасты (г.зн. лібералы, якія вырадзіліся), яны выступаюць за свабоду індывідума (“правы чалавека” – не народа – і ўсё такое…), ня хочуць браць абавязкі перад больш высокаўзроўневымі кампанентамі Сьвету – такімі, як народ, чалавецтва, да якіх АБ’ЕКТЫЎНА належаць. У выніку, артымліваецца, што лозунг такой ліберастычнай свабоды правакуе соцыядэструктыўную дзейнасьць. Кіруючыя групы ліберастычнага сьвету (фіналігархія) потым на свой густ выбіраюць, якія наступствы такой дэструкцыі дазволіць, а якія – не. Так яны фармуюць патрэбны ім для кантроля людзей шызафрэнізаваны, касмапалітазаваны, абыдлены грамадскі сьвет.
    Пры дыктатурах свабоду сабе (індывідуальную і групавую) бярэ бюракратыя на чале з дыктатарам. Яны аддзяляюць сябе ад народа, грамадства, для якіх прыдумваюць патрэбныя бюракратыі законы НЕсвабоды, але часьцей проста выкарыстоўваюць канкрэтныя, практычныя механізмы бюракратычнай тактыкі, якія нівелююць любыя законы і аб’ектыўна становяцца вышэй законаў. Сабе ж бюракратыя дазваляе што заўгодны, жывучы ў сваёй, як правіла іншай і значна больш вялікай свабодзе (праўда, скажонай сваёй формай несвабоды).
    Натуральна, што апошняя сітуацыя грамадскай несвабоды ёсьць прычынай тармажэньня грамадскага прагрэсу. Папярэдняя сітуацыя (ліберастычная) – правакуе соцыядэструктыўнасьць, і асабліва тармозіць прагрэс гуманістычнай сьферы. І толькі свабода нацыянальна-дэмакратычных грамадстваў ёсьць здаровай сацыяльнай нормай, да якой варта імкнуцца.
    Тут ёсьць яшчэ шмат чаго, пра што варта адзначыць. Але пакуль так.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы