nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пасткі для расейскай імперыякратыі (частка 1)

10 красавіка, 2008 | Няма каментараў

Са�а�а�.JPG

У працяг заяваў сп-ра Іларыёнава, датычных расейскай імперыякратыі (гл. перадпапярэдні матэрыял), падаем аналіз гэтага ворага беларускай дэмакратыі, зроблены былым дарадцам Б.Ельцына, а цяпер прэзідэнтам Фонду ІНДЭМ Георгіем Сатаравым у яго артыкуле “Транзіт” (паводле ej.ru/?a=note&id=7782).

Рэдакцыя.

Калі казаць пра агульны зрух палітычнага рэжыму ў бок “Ахоўнай дыктатуры” [маецца на ўвазе рэжым расейскай імперыякратыі на чале з Пуціным-Мядзьведзевым. – Рэд.], дык тут цікава вось што: адрозьненьне паміж рыторыкай і вобразам пераемніка, з аднаго боку, і практыкай рэжыму – зь другога.

Усе з замілаваньнем услаўляюць дэмалібералізм Мядзьведзева, ён сам прамаўляе мноства правільных, супакаіцельных сентэнцыяў, а ўсё ідзе, як ішло – ад катаваньня Алексаняна да зьбіцьця праваабаронцаў у Інгушэціі. Нічога ня толькі не мяняецца, але, насупраць, пагаршаецца. Прычына ясная: практыку рэжыму вызначае не рыторыка будучага прэзідэнта, а сукупныя дзеяньні мноства прадстаўнікоў улады па ўсёй краіне [вось гэтую сукупнасьць прадстаўнікоў улады, якія маюць усю рэальную ўладу ў Расейскай імперыі, мы і завем расейскай імперыякратыяй. – Рэд.]. А яны ўжо там – у “Ахоўнай дыктатуры”. Іх туды прывёў увесь папярэдні трэнд, і выбрацца адтуль нашмат складаней, чым там апынуцца. Тут рыторыкай не абыдзешся. Усё гэта – прыклад зьяваў, якія я буду называць пасткамі. Гаворка пра сітуацыі, у якія рэжым трапляе сам, магчыма, не жадаючы гэтага – пра ненаўмысныя наступствы (тэрмін Гідэнса) дзеяньняў улады. І пасткі гэтыя могуць стаць лёсавызначальнымі для самой улады. Іх, агульнай колькасьцю сем штук, мы цяпер і пачнем разьбіраць.

1. “Адсутнасьць базы легітымнасьці”. Зьнішчэньне палітычнай канкурэнцыі й прафанацыя выбараў пазбаўляе тых, каму бюракратыя надала меткі “абраных” палітычных суб’ектаў (партыі, прэзідэнт), важкай якасьці, без якой немагчыма нармальнае зьдзяйсьненьне публічнай улады – легітымнасьці.

Цікава, што яны сродкамі прапаганды ствараюць арэол легітымнасьці вакол, скажам, прэзідэнта, але самі разумеюць, што стварылі нелігітымнага палітычнага суб’екта пры такіх “выбарах”. Больш за тое, такі нелігітымны суб’ект ім выгадны, паколькі ён становіцца залежным і кіруемым. Яго перамога на выбарах – дутая. Яго “народная падтрымка” – дутая. У яго няма рэальнай апоры ні ў кім, акрамя тых, хто яго штучна надзьмуў і заразіў фальшывай легітымнасьцю, нібы дурной хваробай. Самае важнае – ён для іх нелігітымны.

Адсюль два наступствы. Першае: “Вертыкаль улады”, якую спрабуюць будаваць, ня мае падмурка, кораня. Дакладней, гэты корань з самага пачатку гнілы і заражае ўсю вертыкаль. Яна непазьбежна становіцца вертыкальлю безуладдзя. Вось ілюстрацыя. Успомніце кадры, якія цэнтральнае тэлебачаньне неасьцярожна паказала некалькі гадоў таму, наіўна мяркуючы, што дэманструе “крутога” прэзідэнта: нарада членаў ураду ў Крамлі пад старшынствам прэзідэнта; ён прамаўляе ўступнае слова; а ў гэты час (як распавялі потым знаёмыя журналісты) два міністры травяць анекдоты; прэзідэнт затрымліваецца, стукае пальцам па мікрафоне і грозна кажа: “Слухаць сюды!”. А успомніце скаргі Пуціна на недысцыплінаваных чыноўнікаў у час яго штогадовых зносін з народам. Я магу прыводзіць іншыя, больш пераканаўчыя сьведчаньні, але лічу неабходным быць карэктным да “кульгавай качкі”.

Другое наступства: нелігітымнае атрыманьне ўлады ўводзіць у спакусу адняць яе нелегітымнымі сродкамі. Вось павучальны гістарычны прыклад. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў атрымаў прэзідэнцкую ўладу ў вынку галасаваньня на Зьездзе народных дэпутатаў СССР. Яго асяроддзе, якое закрыла яго ў Фаросе ў жніўні 1991 г., ведала кошт гэтаму галасаваньню. Яно не разглядала гэтую ўладу як легітымную. Гэта была ўлада, падораная яму імі самімі. Так яны лічылі. І калі ім спратрэбілася, яны вырашылі яе забраць. А Барыс Ельцын атрымаў сваю прэзідэнцкую ўладу ў вострай канкурэнцыі на выбарах. І ні ў каго не паднялася рука арыштаваць яго, хаця намеры былі. Гэта сіла сапраўднай легітымнасьці. Яе няма ў цяперашняй улады. Яна забрала яе ў сябе ўласнымі рукамі.

2. “Гвалт дзеля стабільнасьці”. Слова “стабільнасьць” стала для цяперашняй улады выразьнікам нейкай звышкаштоўнасьці, сэнс якой лёгка прачытаць: гэта стабільнасьць самазахаваньня – застацца ва ўладзе любым коштам. Мы бачым сталыя сьведчаньні таго, што галоўным сродкам дасягненьня гэтай галоўнай мэты становіцца гвалт над правам і гвалт над людзьмі, пра якія я пісаў у папярэдніх артыкулах. Чым больш рэжым імкнецца захаваць сябе метадамі нелігітымнага гвалту, тым больш дыскрэдытуецца права, тым меньш права становіцца рамкай для палітычнага дзеяньня і абмежавальнікам свабоды выбару метадаў рэалізацыі палітычных амбіцый і планаў. Тым больш, адначасова, расьце страх у асобных групах “эліты”.

Тым самым, мы маем два паралельныя працэсы, якія разгортваюцца і ўзмацняюць адзін аднаго: узмацненьне страху і зьнікненьне любых бар’ераў, якія перашкаджаюць прымяненьню нелегітымнага гвалту як прылады. У выніку расьце спакуса асобных груп зрынуць дзейсны рэжым нелегітымнымі гвалтоўнымі метадамі. Таму ёсьць мноства гістарычных прыкладаў. Дзейсны рэжым баіцца каляровых рэвалюцый, баіцца паразы на сумленных выбарах, але ён сам вырошчвае больш рэальную пагрозу для сябе: нелегітымны гвалт з боку падданых.

3. “Бясплатнае” багацьце”. Дыктатуры, як вядома, часта ўзьнікаюць у краінах, якія лёс і прырода надзялілі “бесплатнымі” багацьцямі накшталт нафты, алмазаў і да т.п. Наяўнасьць такіх багацьцяў лёгка падштурхоўвае да замены эканамічна арыентаваных паводзінаў на рэнтаарыентаваныя. Улада над багацьцм нетраў можа прыносіць “лёгкія” грошы. Ёсьць й іншы від “бясплатнага” багацьця: гэта ўласнасьць, адабраная незаконным шляхам тымі, хто распараджаецца ў дадзены момант уладаю. Сваімі практыкамі яны дэманструюць усім: стаць багатым лёгка, трэба толькі спачатку атрымаць уладу. Гэта стварае дадатковую спакусу адабраць уладу, каб узбагаціцца. Паўтараю: дзейсны рэжым сам вырошчвае пагрозу для сябе.

4. “Сістэма асабістых уніяў”. “Сістэма кіраваньня”, якая склалася, пабудаваная на мностве асабістых уній. Дзеяньні адказных асобаў вызначаюцца не Канстытуцыяй і законамі, а шматлікімі нефармальнымі дамоўленасьцямі, абавязацельствамі й да т.п. Прызначэньне (альбо нават і выбары) адказнай асобы – гэта вынік нефармальных дамоўленасьцяў, часта цалкам карупцыйных. Укараненьне адказнай асобы ў сістэму кіраваньня вызначаецца не правам, не сумеснымі зь іншымі адказнымі асобамі публічнымі абавязальніцтвамі, а мноствам нефармальных дамоўленасьцяў зь сябе падобнымі. Тэрмін “ручное кіраваньне”, які выкарыстоўваецца публічна – гэта эўфемізм, якім яны карыстаюцца, каб абгрунтаваць замену прававых адносінаў сістэмай асабістых уній.

Мне могуць запярэчыць: асабістыя уніі існавалі заўсёды і паўсюль. Абсалютна так. Вось прыклад: прэзідэнт ці прэм’ер-міністар, якія перамаглі на выбарах, раздае пасады сябрам сваёй каманды. Гэта вынік асабітых уній, традыцыя, якая нефармальна санкцыянуе пэўныя асабістыя уніі, – у законе гэта дзеяньне не прапісана, але пра гэтую традыцыю нам вядома. А самае галоўнае – яе магчымыя негатыўня наступствы кампенсуюцца падвышаным кантролем над гэтымі прызначэнцамі – альбо ў рамках права, альбо дзеля традыцыі. У любым выпадку, усё гэта разьмяшчаецца ў сьферы публічнай палітыкі й не выціскае прававыя адносіны. Я ж казаў вышэй пра непублічныя асабістыя ўніі, якія не падпадаюць ні пад ніякі кантроль звонку, гэта – па-першае. А па-другое, я кажу пра паўсюдныя зьявы, якія падмяняюць прававыя адосіны.

Сістэма асабістых уній – вельмі старажытная зьява. Гэта патрыярхальныя адносіны абмену (у тым сэнсе, які надаваў ім Мосс), даволі своеасаблівыя – абмен лаяльнасьцямі, які, вядома, можа падмацоўвацца абменам матэрыяльным, напрыклад, долямі карпаратыўных прыбыткаў. З-за сваёй фундаментальнай старажытнасьці гэтая зьява мае мноства прыватных выпадкаў у паўсядзённым жыцьці – ад “давай сябраваць” у дзіцячым садзе да сярэднявечных стасункаў паміж сюзерэнам і васалам. Прававыя адосіны, наадварот, больш сьвежае дасягненьне сацыяльнай эвалюцыі. Акрамя таго, прававыя адносіны больш складаныя. Нам, грамадству, выгадней, калі паміж чыноўніамі наладжаныя публічныя прававыя стасункі. А ім выгадней прыбегчы да асабістых уній: гэта знаходзіцца па-за сьферай грамадскага кантролю, гэта прасьцей, больш звыкла, камфортна. Нарэшце, шырокае распаўсюджаньне асабістых уній падмацоўваецца асаблівасьцямі пераходнага перыяду, найперш – анамій, калі старая сістэма праўных нормаў разбураецца, а новая – толькі фармуецца. І, акрамя таго, слабая грамадзянская супольнасьць ня можа затрымаць экспансію патрыярхальнасьці [расейская “патрыярхальнасьць” – гэта бюракратыя. – Рэд.].

Такім чынам, сістэма асабістых уній зручная і выгадная бюракратыі. Але ў яе ёсьць істотны дэфект, ня вельмі істотны для дзяцей у пясочніцы, але такі, які становіцца крытычна важным для дарослых дзяржаўных мужоў у карумпаванай краіне. Апошнія абставіны прыводзяць, па-першае, да таго, што асабістыя уніі рэгулююць ня толькі стасункі паміж адказнымі асобамі, але і адносіны паміж апошнімі й эканамічнымі суб’ектамі. Гэта азначае пашырэньне прасторы, зь якой выціскаюцца прававыя адносіны.

Але нашмат важней іншае. Уявіце сабе, што адбываецца, калі ў сістэме здараецца замена якой-небудзь персоны. Калі б гаворка ішла пра сістэму праўных адносін, дык яна ў пэўнай меры абыякавая да такіх заменаў. Права выступае тут як стабільнае апасяродкавальнае асяроддзе (медыюм, па тэрміналогіі Нікласа Лумана). Яна забясьпечвае прадказальнасьць паводзінаў новага індывіда, які заняў вызваленае месца, і прадказальнасьць наступстваў яго дзеяньняў, прадказальнасьць спосабаў вырашэньня магчымых канфліктных сітуацый. Нічога гэтага няма ў сістэме асабістых уній. Пры зьяўленьні новага індывіда іх трэба перазаключаць. Дэфект хутка загойваецца, калі новы персанаж ня надта важны. А калі гэта важная птушка? Калі гаворка ідзе пра новага мэра, губернатара альбо, ня дай бог, прэзідэнта? Такія персоны не прыходзяць адны. Яны ідуць са сваёй сьвітай, у рамках якой ужо існуюць свае уніі, свае абавязальніцтвы, свае традыцыі. Тады гаворка ідзе не пра замену асобнай ячэйкі, а пра цэлы фрагмент сеткі, вельмі важны фрагмент.

Старыя персоны ў ячэйках сеткі [бюракратычнай сеткі – бюракратычнай піраміды. – Рэд.] задаюць сабе трывожнае пытаньне: хто прыйдзе? на якія месцы? ці будуць заключацца новыя уніі? зь кім? што зь сябе ўяўляюць новыя “паняцьці”?

Гэтыя пытаньні цалкам апраўданыя. Зьяўленьне новай каманды цягне за сабой перазагрузкі сеткі – цэлую рэакцыю перазаключэньняў уній. Гэта аказвае разбуральнае дзеяньне на функцыянаваньне сеткі, а значыць, і на дабрабыт мноства людзей, іх прыбыткі, бясьпеку, урэшце! А цяпер успомніце, што гаворка ідзе ня толькі пра стасункі ўнутры ўлады. В карумпаванай краіне яны завязаныя на працоўныя адносіны, а празь іх – на сацыяльныя праблемы.

Вось тыповы прыклад дзеяньня асабістых вуній. Чэрвень у губернскай сталіцы. Губернатар тэлефануе свайму сябру, дырэктару буйнога прадпрыемства: “Пятровіч, верасень на носе. Трэба падручнікі для школьнікаў надрукаваць, а грошай, ты ведаеш, няма. Дапаможаш?”. Адказ: “Кузьміч! Не пытаньне! Усё зробім, не парся”. І сапраўды, падручнікі да верасьня надрукаваныя. Што адбылося? Па-першае, грошай няма, таму што абодва фігуранты па нашай справе раней “распілавалі” частку бюджэту. Па-другое, яны разам парацца ў бані, а іх дзеці разам вучацца ў Англіі. Па-трэцяе, надзейна працуе асабістая унія. А цяпер уявіце сабе чэрвень 2008 года. Новы прэзідэнт пачаў перазагрузку і памяняў губернатара. А грошай, як звычайна, ужо няма. Што дапаможа надрукаваць падручнікі?

Вы разумееце, што такіх прыкладаў можна прывесьці мноства. Гэта сістэма. Так яна працуе. Яна ствараецца для забесьпячэньня “стабільнасьці” ў іх разуменьні. Але яны адчуваюць, што стабільнасьць не дасягаецца. Непазьбежная зьмена прэзідэнта каласальна пахісьне сеткі асабістых вуній. Адсюль заклікі аб стабільнасьці, пераемнасьці й да т.п. Але яна недасягальная. Рэальную стабільнасьць забясьпечвае толькі прававая сістэма, калі яна, вядома ж, працуе. Але яна разбураная, выціснутая паўсюднай сістэмай асабістых уній.

Вось так.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы