Падаем артыкул сапраўднага расейскага дэмакрата Данілы Кацюбінскага (паводле idelo.ru/495/19.html), у якім паказана, што ня толькі расейская імперыякратыя, а і расейская ліберастычная апазіцыя, якая, дарэчы, жыве на падачкі й падказкі Захаду, таксама цалкам імперыялістычная – цэласнасьць расейскай імперыі для яе рэч сьвятая. Пры гэтым, зьвярніце ўвагу, на Захадзе гэты ліберастычна-імперастычны зброд завуць “дэмакратамі”, а напрыклад, нас – сапраўдных беларускіх дэмакратаў – не дэмакратамі, а “нацыяналістамі”…
Рэдакцыя.
МЕТАФІЗІКА ПУЦІНА І ДЫЯЛЕКТЫКА АПАЗІЦЫІ
Даніла Кацюбінскі
Ліберальная апазіцыя, якая расьцертая Крамлём у палітычны пыл і пушчаная па ветры, зноўку спрабуе сабрацца ў гранулы. Сьціпла, без непатрэбнага сьпяшаньня. Сьпяшацца больш няма куды. Наперадзе ў лібералаў – вечнасьць…
І таму, верагодна, запланаваная на 23 лютага канферэнцыя пад назвай “Новы парадак дня дэмакратычнага руху” плаўна пераехала на канец сакавіка. Тым самым “непрымірымыя дэмакраты” нібы далі зразумець: ні прэзідэнцкія, ні тым больш іншыя выбарныя падзеі іх больш не цікавяць. Апазіцыя рухаецца іншым шляхам. Але якім? І, галоўнае, куды?
Мазахізм як нацыянальная ідэя?
“Казаць пра стварэньне аб’яднанай дэмакратычнай партыі раней за выпрацоўку агульнай зьмястоўнай праграмы – гэта ставіць воз перад канём”, – заяўляе сябра аргкамітэту ўзгаданай канферэнцыі лідэр пецярбургскага “Яблыка” Максім Рэзьнік. “Я не лічу, што ў цяперашняй сітуацыі патрэбная менавіта партыя. Бо сёньня рэгістрацыя знаходзіцца ў руках Крамля, і моцная партыя папросту ня будзе зарэгістраваная”, – разьвівае думку старшыня пецярбургскага аддзяленьня “Аб’яднанага грамадзянскага фронту” Вольга Курносава.
Пазіцыя пецярбургскіх дэмакратаў у даным выпадку важкая, паколькі канферэнцыя, на якую, як чакаецца, прыбудзе 150 дэлегатаў з Масквы, СПб ды іншых рэгіёнаў (у тым ліку Мікіта Белых, Барыс Нямцоў, Гары Каспараў, Уладзімір Рыжкоў, Леў Панамароў ды іншыя), пройдзе ў Пецярбурзе – “сталіцы нязгодных” і “кадравай Шамбале” пуцінскай РФ.
Такім чынам, дэмакраты зьязджаюцца на бераг Нявы ня для таго, каб калектыўна пасьвяціцца над яшчэ адной мёртванароджанай калектыўнай справай, але для таго, каб, нарэшце, здабыць са сваіх мазгавых закрамоў і пасеяць у гушчу народную па-сапраўднаму свабоданосныя ідэйныя зярняты.
Скажу адкрыта. Вельмі слабыя надзеі на тое, што людзі, якія амаль 20 гадоў запар дружна хадзілі па постсавецкіх рэфарматарскіх пакутах, але так і ня здолелі адказаць на пытаньне: “Як з Расеі аўтарытарнай зрабіць Расею Дэмакратычную?” – змогуць вырашыць гэтую “тэарэму Ферма” на гэты раз [у такім выглядзе задача невырашальная: на аснове імперыі дэмакратыю не створыш. – Рэд.]. І ўсё ж – хай чыста абстрактна – такая надзея ёсьць. Прынамсі, на яе карысьць кажа заяўленае “перастаць запрагаць воз перад канём” і выпрацаваць, нарэшце, “агульную зьмястоўную праграму”.
Ясна, аднак, – для таго, каб такая праграма стала хаця б мінімальна пасьпяховай (г.зн., каб грамадства яе хаця б проста заўважыла), яна павінная найперш даць верны адказ на ключавое пытаньне: у чым сакрэт “метафізічнай моцы” Крамля і ня менш метафізічнай слабасьці яго апанентаў? Чаму шматнацыянальны расейскі народ так стаічна любіць Пуціна ( а дакладней, любую “казяўку-букашку”, якая забралася ў Крэмль, грозна варушыць вусамі і перыядычна патрабуе сабе на зьяданьне “малых дзетак”) і так упарта адрынае тых, хто спрабуе яму пярэчыць?
Прасьцей за ўсё, відаць, аб’явіць расейскі народ “метафізічным мазахістам”, якому крывавы кнут заўсёды даражэй за любы мядовы пернік. Але калі так, дык людзі, якія шчыруюць за дэмакратыю, г.зн. за “ўладу народа”, павінныя калектыўна зьявіцца ў Крэмль з павіннай, пакаяцца ў “памаранчавай ерасі” і прызнаць Пуціна (і іжэ зь ім) сапраўднай праявай расейскага народаўладдзя.
Аднак, калі ўсё ж уявіць на імгненьне, што расейскі народ складаецца прыкладна з такіх жа па свайму грамадзянскаму патэнцыялу індывідаў, што і, напрыклад, народ украінскі (які вось ужо 4-ы год жыве пры няхай і неказістай, але ўсё ж дэмакратыі), дык чаму ён тады ніяк ня можа “стаць відушчым”? Чаму працягвае цярпець “антынародны рэжым” і ніяк ня хоча прыслухацца да голасу тых, хто абяцае абараніць людзей ад свавольства ўлады, скончыць з карупцыяй і жабрацтвам, адмяніць цэнзуру ў СМІ, гуманна рэфармаваць армію, падзяліцца з простымі сьмяротнымі прыбыткамі ад нафтаэкспарту, а таксама здабыць з дзяржаўных нетраў цэлую прорву іншых спакусьлівых карысьцяў? [украінскі народ жыве не ў імперыі, а ў сваёй украінскай дзяржаве, а рускі народ – гэта народ, які баіцца страціць свой імперскі статус; гэта прынцыповая розьніца; дадатковы нюанс раскрываецца, калі прыглядзецца да твараў “расейскіх дэмакратаў”. – Рэд.]
Адказ просты. Справа ў тым, што на працягу 1990-х гг. да большасьці расейскіх грамадзян дайшла ня вельмі прыемная, але ў цэлым вельмі простая ісьціна: “Калі ты ў імперыі нарадзіўся, не бываць табе, такім чынам, свабодным!”. А калі хочаш быць свабодным, будзь гатовы скзаць імперыі: “Да пабачэньня!” Бо адзіны спосаб дэмакратызацыі імперыі – яе ліквідацыя [дакладна так! – Рэд.]. Г.зн, што трэба, па-першае, даць усім грамадзянам права на свабодны палітычны выбар,а па-другое, даць розным часткам адзінага імперскага цела права на свабоднае самавызначэньне.
Наўрад ці варта тлумачыць, што адно ня можа быць без іншага. Дастаткова ўспомніць трагікамічныя патугі Міхаіла Гарбачова пераканаць Прыбалтыку (дый таго ж прэзідэнта РФ Ельцына), што праз г.зв. новаагароўскі працэс будзе пабудаваны “новы, абноўлены Саюз”, у якім ўсе будуць аднолькава сябраваць і шчасьліва жыць. Тыя, хто жадаў аддзяліцца, ігнаравалі гэты самы працэс і працягвалі цьвёрда стаяць на сваім. Альтэрнатывай жа распаду СССР быў ніякі не новаагароўскі працэс, а выключна аўтарытарны путч, які й здарыўся, – праўда, закончыўся паразай. Варта прыпомніць і куды больш драматычную гісторыю са спробай Чачні пакарыстацца палітычнай свабодай, каб выйсьці са складу Расеі.
І ў тым, і ў іншым выпадках праявілася жалезная заканамернасьць: альбо свабода для ўсіх і немінучае распаўзаньне дзяржавы, альбо “ледніковае” адзінства краіны і канфіскацыя ў грамадства ўсіх правоў і свабод, адваяваных ім у імперыі ў рэвалюцыйны перыяд.
Сухая вада ліберальнага імперыялізма.
Аднак выбар паміж крыўдай за дзяржаву зь яе бязьмежнымі амбіцыямі й крыўдай за сябе і сваю грамадзянскую годнасьць драматычны. І каб расейскай грамадства, якое перажыло шок ад развала СССР, было гатовае ў імя свабоды і дэмакратыі працягнуць рух у бок далейшай дэімперыялізацыі, ідэолагам і лідэрам дэмакратычнага кірунку неабходна было, нягледзячы на ўсю сітуатыўную некарысьць і хісткасьць такой пазіцыі, гучна і выразна назваць рэчы сваімі імёнамі. Раней ці пазьней такая тактыка аказалася б выігрышнай, бо лёс любой імперыі, якая перажыла саму сябе, – дапаўзьці да бліжэйшага гістарычнага ўхаба і параўнальна “бархатна” абрынуцца. Аднак правадыры дэмакратаў [так у аўтара; на справе дэмакратам сярод усіх пералічаных у артыкуле асобаў зьяўляецца толькі ён. – Рэд.] аддалі перавагу шляху, які падаўся ім, верагодна, “больш прагматычным” – шляху хлусьлівай па сваёй існасьці ліберальна-патрыятычнай “дыялектыкі”. І ўзяліся старанна пераконваць і грамадства, і саміх сябе ў тым, што любое ўзмацненьне крамлёўскага дэспатызму жахлівае ня толькі таму, што папірае базавыя людскія правы ды свабоды, але яшчэ і таму, што – во жах! – вядзе да “развалу краіны”:
– “Аўтарытарны рэжым, які склаўся ў Расеі ў пачатку ХХІ стагоддзя, бесперсьпектыўны, ён прывядзе толькі да незваротнага адставаньня, канчатковай страты канкурэнтаздольнасьці, а магчыма, і да развалу краіны” (Грыгоры Яўлінскі);
– “Палітыка, праводзімая Крамлём, прывядзе да пашырэньня вайны на Паўночным Каўказе і да развалу краіны” (Гары Каспараў);
– “Гэта новаўвядзеньне прывядзе да канчатковага адрыву Дзярждумы ад патрэбаў рэгіёнаў і паставіць краіну пад пагрозу развалу” (Уладзімір Рыжкоў – што да абраньня старшыняў рэгіёнаў парламентамі суб’ектаў РФ з кандыдатур, якія вылучыў прэзідэнт);
– “Я займаюся грамадска-палітычнай дзейнасьцю з мэтай зьмены гэтага палітычнага курсу, недапушчальнага – такога, які вядзе краіну да развалу” (Міхаіл Касьянаў);
– “Мэтай Расейскай дзяржавы павінная стаць пабудова ліберальнай імперыі. Для мяне ліберальная імперыя зусім не азначае, што мы можам усур’ёз адмовіцца ад прынцыпа непарушнасьці межаў. Ліберальная імперыя для мяне азначае, што Расейская дзяржава ўсімі сродкамі павінна спрыяць экспансіі расейскага бізнеса за межы дзяржавы – да нашых суседзяў” (Анатоль Чубайс);
– “Расея не павінна спрыяць сепаратысцкім настроям, адкуль бы яны ні сыходзілі: з усходу альбо з захаду Украіны. Таму што заўтра нашы расейскія дамарослыя сепаратысты стануць выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі для развалу Расеі” (з адкрытага пісьма членаў камітэта-2008 Ул.Ул.Пуціну. Падпісалі: Барыс Нямцоў, Ірына Хакамада, Людміла Аляксеева, Гары Каспараў, Аляксандр Якаўлеў, Георг Сатараў, Алег Сысуеў, Яўген Кісялёў, Віктар Шэндэровіч, Аляксандр Гольц, Уладзімір Кара-Мурза).
Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя заявы зрабілі людзі цалкам разумныя, якія шчыра лічаць сябе сумленнымі, усё гэта ўрэшце, на жаль, хлусьня. Бо горкая праўда для “дэмакратаў-дзяржаўнікаў” утрымліваецца ў тым, што “ліберальных імперый” не бывае і што ні хто іншы, як прэзідэнт Пуцін і яго “апрычная” вертыкаль затрымалі распад краіны, які б немінуча працягнуся, калі б Масква не разгарнула другую Чачэнскую вайну, не працягнула тапіць у крыві супраціў на Паўночным Каўказе, не запужала б “справай Хадаркоўскага” вялікі бізнэс, які жадаў гуляць у вялікую палітыку, не ўвяла б на ТБ рэжым жорсткай цэнзуры, не эксгумавала і не актуалізаала б яшчэ не пасьпелыя да канца астыць савецкія архетыпы ды атрыбуты і не накіравала б у выніку на звалку гісторыі ўсіх “ліберальных спадарожнікаў”.
Бо адзіная Расея ня можа існаваць па-за аўтарытарнай палітычнай сістэмай, бо Расея – гэта імперыя, г.зн. дзяржава, складзеная з разнамасных, гвалтам сабраных пад адзіным дзяржаўным ськіпертам “Кемскіх воласьцяў” і “Крымскіх ханстваў”, першы рух якіх пры любой адлізе – адасобіцца як мага далей ад імперскага цэнтра-нахабніка. І нават калі ў такой адной з самых уладкаваных краін у сьвеце, як Канада, перыядычна даводзіцца праводзіць рэферэндумы аб аддзяленьні франкафоннага Квэбэка, дык ці варта чакаць дзяржаўнай непахіснасьці ад Расеі, калі ў ёй калі-небудзь і сапраўды надарыцца свабода для ўсіх, а ня толькі для кіраўнікоў сьпецслужбаў і адміністрацыі прэзідэнта?
І таму, калі Пуцін кажа, што галоўная яго заслуга ў тым, што ён захаваў вялікую дзяржаву ад распаду, народ разумее, што гэта, у цэлым, праўда. А калі апазіцыянеры спрабуюць давесьці, што “Расея без Пуціна” будзе яшчэ мацней і маналітней, чым “з Пуціным”, народ ня столькі разумее, колькі інтуітыўна адчувае, што гэта, хутчэй, “разводка”.
Хлусьлівая “дыялектыка” не бывае пасьпяховай. Асабліва апазіцыйная. Таму што адзіная па-сапраўднаму грозная зброя апанентаў усемагутнай улады – бясстрашная праўда. Бясстрашная ня толькі ў адосінах да “вышэйшага начальства”, але і да саміх сябе, і да грамадства ў цэлым. І калі ты сапраўды палітык, трэба мець мужнасьць прапісваць краіне ня тыя лекі, якія “прыемныя на смак” (а дакадней, на слых), а тыя, што ў стане нарэшце вылечыць яе ад аўтарытарный “грудной жабы”.
Калі ж лібералы ў чарговы раз зьбяруцца для таго, каб заклікаць суграмадзян да “ратаваньня дзяржавы шляхам пабудовы дэмакратыі”, думаю, ім нават адзін аднаго не атрымаецца як сьлед “пралячыць”.
Таму што адзіны па-сапраўднаму новы і, галоўнае, персьпектыўны парадак дня расейскай апазіцыі складаецца ўсяго толькі з данаго пунтку: “Да пабачэньня, адзіная Расея”. Адзіная і ў дзьвюкосьсях, і без…
Ад рэдакцыя:
Тое, што падана вышэй, мы даўно ведаем і даўно зафіксавалі. Але нам прыемна, што даны тэкст, рэдкасны па сваёй прастаце і яснасьці, напісаў расейскі грамадзянін. Гэта сьведчаньне таго, што і ў грамадзянаў “Расеі” паступова нарастае разуменьне таго, што без дэзінтэграцыі расейскай імперыі праблемы абсалютна большай часткі яе жыхароў не вырашыць.
Гэта артыкул надзвычай карысны яшчэ і тым, што прапануе дакладны крытэр, па якім можна адрозьніць усялякіх расейскіх ліберал-імперастаў ад сапраўдных расейскіх дэмакратаў: калі перад вамі чалавек, які выступае за дэзінтэграцыю Расеі, каб увесьці сапраўднае народаўладдзе ў яе былых калоніях – ён дэмакрат; калі перад вамі чалавек, які выступае супраць – гэта імпераст, які й надалей гатовы класьці людскія жыцьці на алтар “адзінай і недзялімай” (а на справе ў імя інтарэсаў расейскай імперыякратыі)…
Мы прапануем усім нашым чытачам пачаць шырока карыстацца дадзеным крытэрам.
Масква – гэта метраполія, а ўсе іншыя рэгіёны, амаль без выключэння, – калоніі. Праз Маскву праходзяць усе фінансавыя, таварныя,
інфармацыйныя… патокі. Сярэдні даход жыхара Масквы ў некалькі разоў вышэй, чым у любой калоніі. Але ж распаду імпэрыі
таксама ня хоча і баіцца Эўропа. Пры распаде Югаславіі былі рэкі крыві… Масква заліла Чачню крывёй… Тупік?