Паводле Уладзіміра Глода (svaboda.org/content/Article/1106496.html)
Ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, безумоўна, увойдзе ў гісторыю Беларусі. Тады дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку пратэсту супраць дзеяньняў Лукашэнкі. Падставай для пратэсту стала жаданьне апошняга правесьці рэфэрэндум аб скасаваньні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і скасаваць бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” як дзяржаўныя сымбалі.
Гэтая ініцыятыва мела выразна антыканстытуцыйны характар, бо ў адпаведнасьці з тагачасным заканадаўствам забаранялася выносіць на рэфэрэндум пытаньні, якія закраналі нацыянальныя каштоўнасьці.
У знак пратэсту дэпутаты апазіцыі БНФ засталіся на ноч у Авальнай залі Дома Ураду, дзе праходзілі парлямэнцкія паседжаньні, і абвясьцілі галадоўку. Але пазьней тут жа, у парламенце Беларусі, яны былі жорстка зьбітыя і выкінутыя з будынку…
“Да дня галасаваньня – 11 красавіка, усе традыцыйныя, клясычныя парлямэнцкія мэтады былі намі вычарпаныя”, – згадвае дэпутат Юрась Беленькі. “Сёньня, з гледзішча прамінулых гадоў, наша пазыцыя не зьмянілася. Я гляджу ня толькі, як мы адчувалі і адчуваем, але і на тое, што пішуць мэдыі, што кажуць людзі за гэтыя гады антыбеларускай улады. Ну, сапраўды, гэта было адзінае магчымае рашэньне. Калі б мы ціха праглынулі гэта, дык сьвет бы не пабачыў, што прыйшла дыктатура. Сьвет бы не пабачыў, што прыйшла ўлада, якая здольная на любыя антызаконныя дзеяньні, у тым ліку і на ўвядзеньне войска і разгон парлямэнту”.
Юрась Беленькі перакананы, што адлік панаваньня дыктатуры ў Беларусі трэба весьці з той ночы: “Пераварот быў зьдзейсьнены тады. У гэтую ноч. А ня потым, як пішуць некаторыя сёньняшнія апазыцыянэры, якія ўваходзілі ў сыстэму ўлады Лукашэнкі. Яны пішуць, што пераварот адбыўся ў лістападзе 1996 году. Не, пераварот адбыўся тады, калі выканаўчая ўлада брутальна (з войскамі, са зьбіцьцём дэпутатаў) разагнала і фактычна зьнішчыла вышэйшы заканадаўчы орган улады”.
Ад рэдакцыі:
Мы цалкам падзяляем меркаваньне, выказанае сп-ром Юрасем Беленькім аб часе адліку лукашысцкай дыктатуры. І гэта ня проста фармальная рэч. Г.зн., што пасьля прыходу нармальнай беларускай улады антыдэмакратычныя беларусафобскія рашэньні Лукашэні й яго атачэньня будуць перагледжаныя, прызнаныя антынароднымі й адмененыя, пачынаючы не з 1996, а з вясны 1995 году.