Застаючыся ў межах еўрапейскай тэматыкі, падаем артыкул Віталя Куплевіча – беларускага географа, навукоўца-аматара, сапраўднага самародка.
Рэдакцыя.
Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы: геаграфічна, гістарычна, культурна, цывілізацыйна. Эўропа – частка сусьветнай хрысціянскай цывілізацыі.
Прапаную наступнае геаграфічнае акрэсьленьне цывілізацыі. Цывілізацыя – сукупнасьць гаспадарстваў (дзяржава, краіна, частка дзяржавы, краіны) зь гістарычна склаўшыміся дзяржаўніцкімі традыцыямі, этнічнасьцю, моўнасьцю, рэлігійнасьцю насельніцтва, што адлюстравана ў гаспадарцы.
Цывілізацыйны падзел чалавецтва сфармаваўся ў глыбокай старажытнасьці, г.зн. з узьнікненьнем этнасаў, рэлігій і дзяржаў. Цывілізацыі нельга атаясамліваць толькі з краінамі, дзяржавамі, мовамі, этнасамі, рэлігіямі насельніцтва і з гаспадаркай паасобку. Цывілізацыйныя сувязі больш глыбокія. Яны ўключаюць у сябе наяўнасьць найменш двух-трох прыкмет, а ў абсалютнай большасьці выпадкаў – складанай еднасьці чатырох-пяці і больш прыкмет.
Аснову сьветагляду эўрапейцаў сфармавалі хрысьціянскія каштоўнасьці. Менавіта рэлігійныя адрозьненьні – першасная прыкмета пры выдзяленьні як эўрапейскай цывілізацыі, так і больш дробных уласна эўрапейскіх цывілізацый. Больш таго, сярэднявечнае чалавецтва ня ведала рэлігійнай талерантнасьці, таму кожны індывід, як правіла, ўсё жыцьцё, а супольнасьці – доўгія стагодзьдзі, прытрымліваліся ўласнай рэлігійнасьці. Можна быць праваслаўным, або каталіком, або лютэранінам, але дакладна нельга было мець падвойную або патройную рэлігійную індэнтыфікацыю, г.зн. быць лютэрана-каталіком, кальвініста-праваслаўным. Асуджаліся і пераходы з адной веры ў іншую. Вера ў госпада/пана Ісуса/Езуса Хрыста сфармавала Эўропу як унікальную цывілізацыю, яе пашырыла і стабілізавала на доўгія стагодзьдзі.
У сучаснай цывілізацыйнай Эўропе можна выдзеліць дзьве найвялікшыя мэгацывілізацыі (з колькасьцю насельніцтва больш 100 млн. чал.) – рамана-каталіцкую і германа-пратэстанцкую, тры вялікія макрацывілізацыі – славяна-праваслаўную, славяна-каталіцкую, германа-каталіцкую (больш за 50 млн. чал.), тры сярэднія мэзацывілізацыі – рамана-праваслаўную, угра-каталіцкую, грэка-праваслаўную (больш за 10 млн. чал.), тры малыя мікрацывілізацыі – фіна-пратэстанцкую, балта-каталіцкую, кельта-каталіцкую (больш 3 млн. чал.) і сем найменьшых (нана-) супольнасьцяў: балта-пратэстанцкая (Латвія акрамя Латгаліі), славяна-мусульманская (“мусульманы-басьнякі” Босьніі і Герцагавіны), альбана-мусульманская (альбанцы Альбаніі, Косава, Чарнагорыі), цюрка-мусульманская (Фракія, Турэччына; Крым, Украіна), баска-каталіцкая (баскі-каталікі Краіны Баскаў, Гішпаніі, Францыі), славяна-пратэстанцкая (частка сорбаў-лужычан), цюрка-праваслаўная (гагаузы Малдовы).
1. Да рамана-каталіцкай мегацывілізацыі належаць Швэйцарыя (франка-, італа-, рэтрараманашвэйцарцы), Партугалія, Гішпанія, Італія, Сан-Марына, Францыя, Бэльгія, ды іншыя краіны і дзяржавы. Сярод этнічных супольнасцяў традыцыйныя рамана-каталікі: партугальцы, гішпанцы, галісійцы, каталёнцы, італійцы, сіцылійцы, сардынійцы, карсіканцы, французы, валёны. Гэта цывілізацыя старажытнейшая, бо сфармавалася наўпростава на аснове культуры Рымскай і Заходне-Рымскай імпэрый. Пасьля іх распаду характэрнымі рысамі насельніцтва пострымскіх тэрыторый былі заходняе хрысціянства (каталіцтва) й латынь, пасля зьнікненьня якой (як жывой мовы) вышэйзгаданыя супольнасьці запазычылі лацінскі альфабэт і спосаб напісаньня, адаптаваўшы іх да сваіх моўнасьцяў ды сфарміраваўшы зь іх літаратурныя мовы. Затым ўзніклі рамана-каталіцкія дзяржавы. Рамана-каталіцкая цывілізацыя геаграфічна падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (Партугалія, Гішпанія, Італія, Сан-Марына) і заходнеэўрапейскую (французы й валёны Бэльгіі). Большасць рамана-каталікоў жыве ў рагіёне Паўднёвая Эўропа.
Рамана-каталіцкі сьвет даў Эўропе найстарэйшы й найвялікшы досьвед перасяленства. Перасяленская Лацінаамэрыканская цывілізацыя цалкам сфармавалася на аснове рамана-каталіцкага (партугальска і гішпанскага) этнічна-рэлігійнага культуровага субстрату з дадаткамі культур лацінаамарыканскіх тубыльцаў/абарыгенаў. Рэлігійна-культуровы ўплыў Францыі ў Цэнтральнай і Сярэдняй Афрыцы стаў дамінуючым, а клясычная лаціна-італійская рэлігійная культура вядома каталікам усяго сьвету.
Нарэшце, пяць раманскіх дзяржаў маюць характэрныя сьцягі-трыкалёры зь вертыкальных пасаў (Францыя, Бэльгія, Італія, Румынія, Малдова).
Паводле велічыні нацыянальнага прадукту брута (НПБ) на 1 асобу (дадзеныя на 2002 г.) эўрапейскія рамана-каталіцкія дзяржавы надзвычай дыфэрэнцаваныя: ад < 36 тыс. USD у Швэйцарыі (франка- і італашвэйцарцы, а таксама рэтрараманцы), < 24 тыс. даляраў ЗША у Бэльгіі (валёны), да 12 тыс. USD у Партугаліі й 9 тыс. – на Мальце. Аднак усе рамана-каталіцкія супольнасьці Старога Сьвету ўваходзяць у лік багатых, заможных і найзаможнейшых (рамана-швэйцарцы).
Нацыянальны даход брута ў плацёжнай сіле валют (НДБ ПСВ) на адну асобу (дадзеныя на 2002 г.) дыфэрэнцуецца ад 28 тыс. IND (у рамана-швэйцарцаў) да 18 тыс. IND у партугальцаў. Рамана-каталіцкія дзяржавы Эўропы – заможныя і багатыя.
Трэці важны паказьнік – індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) ў традыцыйных рамана-каталіцкіх дзяржаў горшы чым ў германа-пратэстантаў, аднак валёны Бэльгіі зьяўляюцца выключэньнем займаючы трэцяе месца ў Эўропе (4-е ў сьвеце). Францыя займае восьмае месца ў Старым Сьвеце (12-е ў сьвеце), а іншыя вялікія супольнасьці (паводле ІРЧП) ўваходзяць ў другую дзясятку Эўропы.
2. Да германа-пратэстанцкай цывілізацыі належаць: Нямеччына (акрамя каталіцкай часткі – найперш Баварыі й інш.), Вялікая Брытанія (акрамя ірляндыйцаў каталікоў), Нідэрлянды, Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя. Большасьць германскіх этнасаў – традыцыйныя пратэстанты: паўночныя немцы, галяндцы, ангельцы, шатляндцы, даччаны, швэды, нарвэжцы, ісляндцы. Вядома, што германа-пратэстанцкая цывілізацыя сфармавалася гістарычна пазьней як вынік працэсу Рэфармацыі ў Эўропе. Ад агульнакаталіцкага рамана-германскага мінулага пераняла лацінку, а таксама агульны спосаб напісаньня. Геаграфічна і этнічна германа-пратэстанцкая цывілізацыя падзяляецца на паўночнаэўрапейскую (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя) і цэнтральнаэўрапейскую (паўночныя і ўсходнія немцы, галяндыйцы, ангельцы, шатляндыйцы й інш.). Як бачым, большасьць германа-пратэстантаў жыве ў Сярэдняй Эўропе.
Германа-пратэстанты далі сьвету традыцыі індывідуалізму, рацыяналізму, пунктуальнасьці, пратэстанцкую працоўную этыку. Гістарычна больш пазьнейшы і ўдалы досьвед перасяленства прывёў да стварэньня пасу найбагацейшых у сьвеце дзяржаў ад Канады й ЗША, да Швэцыі й Нямеччыны. З вынікамі германа-пратэстанцкага ўзьдзеяньня ў сьвеце зьвязаны высокі ўзровень разьвіцьця ПАР у Афрыцы. Аўстралія і Новая Зэляндыя цалкам пабудаваны на англасаксонскім дзяржаўніцка-этнарэлігійным падмурку. Адсюль нядзіва, што ў сваіх рэгіёнах гэтыя дзяржавы – лідэры паводле ўзроўню разьвіцьця.
Характэрныя сьцягі паўночнаэўрапейскіх краін, у т. л. Ангельшчыны, і Шатляндыі складаюцца з маленькіх пасаў перакрыжаваных на агульным фоне іншага колеру.
Германа-пратэстанты маюць найвялікшы ў Эўропе і сьвеце НПБ на 1 асобу: ад 41 тыс. USD за год (дадзеныя на 2002 г.) у Нарвэгіі, да 24 тыс. USD у Нямеччыне [так у аўтара. – Рэд.], таму традыцыйныя германа-пратэстанцкія дзяржавы ўваходзяць у шэраг выключна заможных і найзаможнейшых.
Як правіла, толькі германа-пратэстанцкія дзяржавы, цешацца найвялікшымі НДБ ПСВ на 1 асобу (на 2002 г.): ад 35 880 ІND (Нарвэгія), да 25 219 IND (Швэцыя).
Паводле ІРЧП Швэцыя і Нарвэгія ў пачатку ХХІ ст. займалі першае-другое месцы як у Эўропе, так і на плянэце, а трэцяе-пятае месцы ў Эўропе – германа-пратэстанцкія Бэльгія (пераважна), Ісляндыя і Нідэрлянды. Найменьшыя ІРЧП ў Эўропе мела пераважна германа-пратэстанцкая ФРН, таму займала аж … 13 (!) месца (17 у сьвеце). Сярод дзесятка эўрапейскіх краін з найвышэйшымі ІРЧП – 8 германа-пратэстанцкія, або пераважна германа-пратэстанцкія.
3. Славяна-каталіцкая цывілізацыя ўключае ў сябе Польшчу, Чэхію, Славаччыну, а таксама Харватыю ды Славенію і традыцыйна зьяўляецца лацінскай цывілізацыяй, ня гледзячы на тое, што доўгі час чэхі, славакі, харваты і славенцы знаходзіліся ў складзе Аўстра-Вугорскай імпэрыі й падпалі пад значны германскі культуровы ды цывілізацыйны ўплыў.
На нямецкім беразе Лужыцкай Нысы жывуць сорбы-лужычане, частка якіх спавядае каталіцтва, г.зн. уваходзіць у славяна-каталіцкі сьвет. Сорбы-лужычане разам з анямечанымі палабскімі славянамі належаць да заходнеславянскай групы.
Акрамя каталіцтва, характэрнай рысай зьяўляецца лацінка (нацыянальныя альфабэты сфарміраваліся на аснове лацінскага) з традыцыйнымі польскім і чэскім спосабамі пісьма. Аналягічна, паводле геаграфічнасьці й этнічнасьці, – падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (Харватыя, Славенія) і сярэдняэўрапейскую (Польшча, Чэхія, Славаччына). Абсалютная большасьць славян-каталікоў жыве ў Сярэдняй Эўропе.
Сярод дзяржаў Усходняй Эўропы славяна-каталіцкія дзяржавы першымі вызваліліся ад камунізму. Тут раней распачаліся рэформы, таму дасягнуты самы высокі ўзровень жыцьця ў рэгіёне. Чатыры зь пяці славяна-каталіцкіх дзяржаў – сябры Эўрапейскага Зьвязу.
Вядома доўгачасовая экспансія славяна-каталіцкай Польшчы на ўсход і ўзьдзеяньне традыцыйнай польскай культуры на культуры Летувы, Беларусі і Ўкраіны.
Славяна-каталіцкая еднасьць своеасабліва праяўляецца ў гарызантальных пасах бела-сіне-чырвоных колераў на нацыянальных сьцягах.
Нацыянальны прадукт брута (НПБ) на 1 асобу за год у славяна-каталікоў меньшы чым ў германа-пратэстантаў і рамана-каталікоў. Ён складае ўсяго ад 7 тыс. USD у Чэхіі (2002 г.), – да 4 тыс. USD ў Славаччыне. Таму славяна-каталіцкія гаспадарствы – сярэднеразьвітыя. Толькі Славенія мае НПБ на 1 асобу за год амаль 11 тыс. USD (уваходзіць разам зь іншымі міжземнаморскімі краінамі у лік багатых дзяржаў Эўропы).
Значная розьніца ў даходах паміж чэхамі і славакамі – адна зь істотнейшых прычын мірнага падзелу былой Чэхаславаччыны, які быў матэрыяльна выгадны для чэхаў (пазбавіліся ад бяднейшай Славаччыны).
НДБ ПСВ на 1 асобу за 2002 г. у славяна-каталіцкіх дзяржавах вагаецца ад 15 тыс. IND у Чэхіі, да 10 тыс. у Славеніі (група сярэдніх прыбыткаў). Выключэньне складае Славенія, якая пасьля камунізму ўвайшла ў шэраг багатых дзяржаў зь сярэднім даходам славенцаў 18 тыс. IND.
Лідэр славяна-каталіцкага сьвету – Славенія займае дваццатае месца ў Эўропе (29-е ў сьвеце) паводле ІРЧП. Астатнія супольнасьці – у трэцяй эўрапейскай дзесятцы (22, 24-25 месцы).
4. Вялікая частка германцаў не падверглася пратэстантызацыі ў час Рэфармацыі, таму захавала традыцыйнае каталіцтва. Гэта паўднёвыя й заходнія немцы, аўстрыйцы, частка германа-швэйцарцаў, частка галяндыйцаў, флямандыйцы, люксэмбурцы й іншыя. У традыцыйна каталіцкай частцы Нямеччыны вёскі характэрызуюцца меньшым ўзроўнем матэрыяльнага дабрабыту, у сем’ях большая колькасьць дзяцей, іншая працоўная этыка й г.д. Да германа-каталіцкага сьвету аднясём Нямеччыну (Баварыя і інш.), Аўстрыю, Бэльгію, частку Швэйцарыі (германа-швэйцарцы), частку Нідэрляндаў. Агульная колькасьць германа-каталікоў – больш за 50 млн. чал., таму можна выдзеліць асобную германа-каталіцкую макрацывілізацыю.
Германа-каталіцкі Люксэмбург паводле НПБ на адну асобу (за 2002 г.) займае першае месца ў Эўропе (44 тыс. USD), Галяндыя і Аўстрыя на 9-10-м месцах, а Бэльгія і Нямеччына – на 12-13-м.
Люксэмбург – абсалютовы лідэр Эўропы паводле сярэдняга НДБ ПСВ на адну асобу – 55 тыс ІND (2002 г.), а Аўстрыя, Нідэрлянды, Бэльгія й Нямеччына займаюць адпаведна 6, 8-10-е месцы.
Паводле ІРЧП лідэры германа-каталіцкае Эўропы – Бэльгія і Нідэрлянды (трэцяе і пятае месца, 4 і 8 ў сьвеце). Аўстрыя, Люксэмбург і Нямеччына узначальваюць другую дзесятку эўрапейскіх лідэраў (знаходзячыся ў сярэдзіне другой дзесяткі сусьветнага рэйтынгу).
5. Нарэшце, эўрапейская славяна-праваслаўная цывілізацыя (акрамя сваяго грэка-бізантыйскага генэзісу й тысячагадовай гісторыі) зьяўляецца самабытнай і найбольш ізаляванай часткай Эўропы, з насельніцтвам каля 80 млн. чал. Да эўрапейскай славяна-праваслаўнай цывілізацыі можна аднесьці Баўгарыю, Сэрбію, Чарнагорыю, Македонію, Украіну і Беларусь. Геаграфічна й этнічна падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (паўднёвыя славяне Баўгарыі, Сэрбіі, Чарнагорыі, Македоніі, сэрбская праваслаўная супольнасьць Босьніі і Герцэгавіны) і сярэдняэўрапейскую (усходнія славяне Украіны й Беларусі). Большасьць эўрапейскіх славяна-праваслаўных жыве ў Сярэдняй Эўропе, а большасьць славяна-праваслаўных этнасаў і дзяржаў (4 + сэрбская частка Босьніі і Герцагавіны) знаходзяцца ў Паўднёвай Эўропе (на Балканах). Нацыятварэньні ў славян-праваслаўных гістарычна некалькі запозьненыя, што, між іншым, тлумачыцца доўгімі ўплывамі турэцкай (Балгарыя й іншыя балканскія краіны), польскай і расейскай экспансій. У мэнтальнасьці найменьшая ў Эўропе вага каштоўнасьці індывідуалізму асобы, ды найбольшая – абавязкаў індывіду перад герархізаванымі супольнасьцямі.
Акрамя нацыянальных альфабэтаў, усталяваных на аснове кірыліцы, характэрнай рысай славяна-праваслаўных краін зьяўляецца пражываньне разам з традыцыйнымі супольнасьцямі шматлікіх меньшасьцяў. На Балканах такімі зьяўляюцца рэлігійна-этнічнымі (мусульманы-туркі ў Баўгарыі, мусульманы-альбанцы ў сэрбскім Косаве і Чарнагорыі). Ва Украіне і Беларусі – рэлігійныя ды этнічныя супольнасьці. Грэка-каталікі (вуніяты) Заходняй Украіны і рыма-каталікі Заходняй Беларусі складаюць асобныя ўсходнеславяна-каталіцкія супольнасьці. Іх можна разглядаць як найдрабнейшыя (сунана-) цывілізацыі.
Сярод пяці найвялікшых паводле колькасьці насельніцтва цывілізацый Эўропы славяна-праваслаўныя маюць найменьшы ўзровень матэрыяльнага жыцьця.
Паводле НПБ на 1 асобу ў год (у далярах ЗША) славяна-праваслаўныя дзяржавы ўваходзяць у чацьвёртую дзесятку, таму зьяўляюцца аднымі з найбяднейшых у Эўропе (усяго ад >1400 да >800 USD у 2002 г.).
НДБ ПСВ на 1 сярэднестатыстычную асобу на 2002 г. у славяна-праваслаўных дзяржавах складае ад 6978 – да 4799 (у IND), таму славяна-праваслаўныя дзяржавы займаюць месцы ў апошняй чацьвёртай дзесятцы дзяржаў Старога Сьвету.
Адсюль, ІРЧП традыцыйна славяна-праваслаўных краін меншы чым у іншых вялікіх эўрапейскіх цывілізацыйных супольнасьцяў. Беларусь – лідэр славяна-праваслаўнага сьвету паводле ІРЧП, бо знаходзіцца на ганаровым 30 месцы ў Эўропе (ў 2002 г.). Астатнія супольнасьці ўваходзяць у чацьвёртую дзесятку эўрапейскіх дзяржаў.
Наступныя тры цывілізацыі лякалізаваны ва Ўсходняй Эўропе і Міжземнамор’і, а старажытнейшыя вугорцы й грэкі маюць параўнальную колькасьць насельніцтва.
6. Традыцыйныя рамана-праваслаўныя румыны і малдаваны этнічна маюць пасьлярымскія этнічныя карані, аднак іх доўгае пражываньне побач з вугорцамі й славянамі-праваслаўнымі наклала адбітак на рэлігійнасьць і менталітэт у пляне памяньшэньня ролі індывілуалізму й павялічэньня вагі супольнасных абавязкаў асобы. Раманы-праваслаўныя карысталіся кірыліцай (да 1960 года Румынія, да 1990 года Малдова), але пасьля ліквідацыі таталітарызму ды расейскага імпэрскага ўплыву гістарычная нацыянальная лацінка тут вернута ва ўжытак разам з традыцыйным трыкалёрам (сіне-жоўта-чырвоным сьцягам).
7. Угра-каталіцкая цывілізацыя рэпрэзэнтавана вугорцамі Вугоршчыны, а таксама Румыніі й Сэрбіі (буйная нацменьшацьць у Сямігорадзе, супольнасьць у Ваяводзіне). Мнагалікія вугорцы традыцыйныя рыма-каталікі лацінскай культуры з арыгінальнай лацінкавай пісьмовасьцю. Былі другім пануючым этнасам у стракатай Аўстра-Вугорскай імпэрыі, якая выбудавалася на панаваньні германа-каталіцкага элементу з дадаткам вугра-каталіцкага.
8. Нарэшце грэка-праваслаўная цывілізацыя мае найстаражытнейшыя культурова-этнічныя карані ва ўсёй Эўропе, бо кожны эўрапеец культурова паходзіць з старажытнай Грэцыі, а праваслаўе называюць грэцкаю вераю.
Сучасныя грэкі акрамя Грэцыі жывуць у Кіпры (грэцкая частка Кіпру ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз) ды складаюць уплывовыя меньшасьц ў іншых дзяржавах, карыстаюцца арыгінальнай новагрэцкаю моваю і ўласнымі альфабэтам ды пісьмовасьцю.
Старажытнейшыя рэліктавыя этнасы складаюць тры паўночнаэўрапейскія мікрацывілізацыі.
9. Фіна-пратэстанцкі сьвет ўключае фінаў ды эстонцаў, якія гістарычна спазналі вялікія заходнегерманскі (Эстонія) і паўночнагерманскі (Фінляндыя), а таксама, у меньшай ступені, – рускі ўплывы. Мясцовая ўральская этнічнасьць пераплялася з пратэстанцкай традыцыяй (акрамя праваслаўных эстонцаў-сету), таму тут адбылося фармаваньне літаратурнай мовы і пісьмовай традыцыі (лацінкі), а паўстаньне незалежных дзяржаў зрабіла незваротным фармаваньне сучасных этнасацыяльных арганізмаў – нацый. Фінляндыя – высокаразьвітая дзяржава, а Эстонія ня гледзячы на паўстагодзьдзе савецкай акупацыі – самая разьвітая дзяржава ў межах былой савецкай імпэрыі (сябра ЭЗ/EU).
10. Балта-каталіцкі сьвет уключае Летуву і Латгалію (усходнюю частку Латвіі) населеную балтамі-каталікамі з агульнай колькасьцю каля чатырох мільёнаў носьбітаў цывілізацыйнасьці. Балты традыцыйна пішуць лацінкай з вялікай колькасьцю значкоў над і пад літарамі. Гістарычна ўваходзілі ў склад ВКЛ (Летува), падвергліся славянскай (беларусізацыі, зпальшчэньню, зрасейшчваньню), а таксама германскай асіміляцыі (Латвія, балтыцкае ўзьбярэжжа Летувы). Сучасныя Летува і Латвія перадольваюць наступствы савецкай акупацыі і хутка разьвіваюцца ў складзе ЭЗ.
11. Рэштка найстаражытнейшага насельніцтва Эўропы, што не асімілявалася – кельты, фарміруюць кельта-каталіцкі цывілізацыйны сьвет. Кельты: ірляндыйцы, паўночныя ірляндыйцы, гэлы, брэтонцы характэрызуюцца невялікай колькасьцю насельніцтва, высокім ўзроўнем моўнай асіміляцыі (брэтонцы ў побыце франкамоўныя, астатнія – ангельскамоўныя), акрамя часткі заходніх ірляндыйцаў што карыстаюцца ірляндскаю моваю, этнавызначаючай роляй каталіцтва (насуперак заходнегерманцам-пратэстантам ангельцам і шатляндыйцам), доўгай гісторыяй барацьбы за незалежнасьць, традыцыяй масавай эміграцыі ў Амэрыку, багатай духоўнай культурай, а таксама высокім ўзроўнем жыцьця, аднак некалькі ніжэйшым чым у ангельцаў, французаў і шатляндыйцаў. На палітычнай мапе Эўропе існуе толькі адна кельтская дзяржава – Ірляндыя.
Іншыя аўтахтонныя цывілізацыйныя супольнасьці або нетрадыцыйныя для Эўропы: славяна-мусульманская (мусліманы-басьнякі), альбана-мусульманская, цюрка-мусульманская (крымскія татары), або надзвычай малалікія: баска-каталіцкая, балта-пратэстанцкая (латышы акрамя латгалаў), славяна-пратэстанцкая (частка сорбаў-лужычан Нямеччыны), цюрка-праваслаўная (гагаузы Малдовы), урала-праваслаўная (эстонцы-сету).
Сучаснае насельніцтва цывілізацыйнай Эўропы адносіцца да дзевятнаццаці традыцыйных цывілізацый. Цывілізацыі разьвіваюцца не ізалявана, а кантактуюць паміж сабой, паколькі ўключаюць у сябе ня толькі агульныя традыцыйныя рэлігійнасьць і этнічнасьць, але й моўнасьці-этналекты (дыялекты-гаворкі, літаратурныя мовы), дзяржаўніцкія традыцыі, асаблівасьці гісторыі адлюстраваныя ў мэнталітэце.
У эўрапейскіх частках Расеі і Казахстану акрамя дамінуючых славяна-праваслаўнай (расейцы) і цюрка-мусульманскай (татары, башкіры, казахі) існуюць аўтахтонныя ўрала-праваслаўныя (карэлы, комі, марыйцы, мардва, удмурты), цюрка-праваслаўная (чувашы), мангола-будысцкая (калмыкі) супольнасьці. Многія зь іх надзвычай малалікія і хутка асімілююцца (зрасейшчваюцца). Таму можна канстатаваць (з цюрка-мусульманскай супольнасьцю турэцкай эўрапейскай Фракіі) наяўнасьць больш двух дзесяткаў аўтэнтычных супольнасьцяў Эўропы ад Атлянтыкі да Уралу.
Стракаты малюнак аўтахтонных цывілізацый ускладняюць шматлікія супольнасьці неасіміляваных мігрантаў і іх нашчадкаў у першых пакаленьнях якія сканцэнтраваны ў буйных местах Эўропы (Францыя, Нямеччына, Бэльгія, Гішпанія, Італія). Мігранты, што жывуць на Захадзе, пераважна або паходзяць з Усходу (палякі, югаславы, украінцы), або маюць неэўрапейскі генэзіс (арабы, туркі, негры). Галоўныя праблема – інтэграцыя мігрантаў у заходнеэўрапейскія і эўрапейскія цывілізацыйныя супольнасьці. Хуткасьць інтэграцыі залежыць ад блізкасьці цывілізацый. Бязладдзі ў Францыі і Нямеччыне сьведчаць, што эмігранты негры і мусульманы – найменьш інтэгруемыя супольнасьці, паколькі паходзяць зь іншых плянэтарных цывілізацый.
Своеасаблівыя групы насельніцтва фарміруюць прадстаўнікі карэнных этнасаў Эўропы нетрадыцыйных рэлігійных перакананьняў і іншых арыентацый, аднак іх нельга называць цывілізацыйнымі. Напрыклад, ангельцы-мусульманы інтэграваны ў ангельскае хрысьціянскае грамацтва, і, акрамя рэлігіі зь яе сьветапоглядам, ня маюць нічога агульнага з мусульманамі Афрыкі або Азіі.
Такая гарызантальная структура цывілізацый, ўключае ў сябе шматгранную стракатую мазайку, у якой разам з найвялікшымі цывілізацыямі суіснуюць маленькія рэліктавыя і нетрадыцыйныя найноўшых імігрантаў.
Відавочна, што аб’ектыўна існуе вертыкальная структура, або герархія цыілізацый.
Уласна цывілізацыя зьяўляецца асноўнай адзінкай класіфікацыі цывілізацый. Цывілізацыі бываюць плянэтарнымі, глябальнымі, кантынэнтальнымі, уласна-рэгіянальнымі, лякальнымі. Плянэтарныя цывілізацыі наступныя: аўстрала-амэрыкана-эўразійская трансатлянтычная хрысьціянская, афрыканска-эўразійская мусульманская, Кітайская, Індуіская, Будыская, Афрыканская, Сусьветная язычніцкая (паганская) і іншыя.
Дзевятнаццаць уласна-рэгіянальных цывілізацый цывілізацыйнае Эўропы (без Расеі) уваходзяць у склад двух кантынентальных: каталіцка-пратэстанцкі Захад і каталіцка-праваслаўны Ўсход. У склад Захаду ўваходзяць: рамана-каталіцкая, германа-каталіцкая, германа-пратэстанцкая, кельта-каталіцкая, фіна-пратэстанцкая, балта-пратэстанцкая і баска-каталіцкая цывілізацыі. Астатнія – усходеэўрапейскія паводле генэзісу. Грэка-праваслаўная цывілізацыя бязумоўна зьяўляецца ўсходнеэўрапейскаю, аднак пасьля Другой сусьветнай вайны Грэцыя была інтэгравана ў заходні сьвет. Наадварот, Эстонія і Латвія цывілізацыйна (за выключэньнем каталіцкай Латгаліі) зьяўляюцца часткай Захаду, ня гледзячы на пяцьдзесят год савецкай акупацыі.
Дзьве кантынэнтальныя цывілізацыі (Захад і Ўсход) ўваходзяць у склад адзінай эўрапейскай хрысьціянскай глябальнай цывілізацыі. Наша плянэтарная цывілізацыя падзяляецца на тры глябальныя: амэрыканская, эўрапейская і эўразійская (Расія, паўночны Казахстан).
Амэрыканская хрысьціянская глябальная цывілізацыя падзяляецца на Лацінскую і Паўночную кантынэнтальныя. Лацінская складаецца Цэнтральна- і Паўднёваамэрыканскай уласна-рэгіянальнай цывілізацый. Уласна-рэгіянальныя і лякальныя цывілізацыі патрабуюць досьледу.
Эўразійская цывілізацыя падзяляецца на Эўропу і Азію (кантынентальныя цывілізацыі). Цывілізацыйнае дасьледаваньне Расеі патрабуе сумяшчэньня падыходаў пры досьледах Эўропы і Амэрыкі, паколькі Эўропа – цывілізацыя панаваньня аўтахтонаў, а Амэрыка – мігрантаў, то Эўропа Эўразіі заселена пераважна аўтахтонамі (славяна-праваслаўныя, урала-праваслаўныя, каўказа-праваслаўныя, цюрка-мусульманы, каўказа-мусульманы, мангола-будысты (Хальмг-Танг/Калмыкія), урала-язычнікі), а Азія Эўразіі – мігрантамі.
Расея ўяўляе сабой два тыпы паверхняў. Эўрапейскі заселены расейцамі ў межах першаснага арэала маскоўскага этнасу (урала-славянскага) ды іншымі этнасамі што падвергліся маскоўскай калянізацыі і расейскай асіміляцыі, а таксама расейцамі-мігрантамі на тэрыторыі арэалаў першаснага пражываньня карэнных нярускіх этнасаў. Азіяцкі заселены расейскімі мігрантамі й іх нашчадкамі ды рэшткамі карэнных этнасаў, якія не пасьпелі асімілявацца/зрасейшчыцца.
Афрыкана-эўразійская мусульманская плянэтарная цывілізацыя складаецца з глябальных Афрыканскай і Эўразійскай мусульманскіх. Супольнасьці мусульман Азіі бязумоўна падзяляюцца на цюрка-мусульманскія, араба-мусульманскія, каўказа-мусульманская, інда-мусульманская, перса-мусульманская, афгана-мусульманскія, інданэзійска-мусульманскія і г.д. Цывілізацыйны падзел Азіі, як Афрыкі і Акіяніі патрабуе дакладных досьледаў.
Віталь Куплевіч