nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЭЎРАПЕЙСКІЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ (частка 2)

27 красавіка, 2008 | Няма каментараў

Віталь Куплевіч

 

ЭЎРАПЕЙСКА-ЭЎРАЗІЙСКІ ПАДЗЕЛ

Сучасная Беларусь – традыцыйна эўрапейская славяна-праваслаўная дзяржава, усходняя частка эўрапейскай цывілізацыі. Таму мяжа Беларусі з Расеяй – мяжа двух цывілізацый эўрапейскай і эўразійскай. Розьніца паміж беларусамі (ліцьвінамі) і расейцамі (маскоўцамі) такая ж як паміж партугальцамі і бразільцамі, або гішпанцамі ды мэксіканцамі – цывілізацыйная. Мы, нашчадкі сярэднявечных ліцьвінаў, паводле сваёй дзяржаўніцкай традыцыі эўрапейцы, а яны – нашчадкі маскоўцаў, азіяты. Вядома, што Масковія ў сярэднявеччы сваю дзяржаўніцкую традыцыю атрымала ад Ціпчацкага Ханства (гл. Генадзь Сагановіч “Русский вопрос с точки зрения белоруса»,“Народная газета” 1993 г.). Ня гледзячы на тое, што паводле ўласнай этнічнасьці (усходнія славяне) і першаснай монарэлігійнасьці (праваслаўныя хрысьціяне) расейцы маюць эўрапейскі генэзіс – азіяцкая дзяржаўніцкая традыцыя (Маскоўская дзяржава – Расейская імпэрыя – СССР) вызначыла дамінуючы эўразійскі кірунак іх дзяржаўнага разьвіцьця.

Адсюль заканамерна, што расейцаў Маскоўскае дзяржавы масава не закранула (-лі) а ні эўрапейскае Адраджэньне XIV-XVII стст., а ні эўрапейскія буржуазныя рэвалюцыі, а ні эўрапейскія масавыя індустрыялізацыі з урбанізацыямі і г.д. Кароткія пэрыяды адноснага пацяпленьня вонкавай і нутраной палітыкі былі зьвязаны не з воляй большасьці азіяцкадзяржаўніцкага насельніцтва, а з воляю кіруючай асобы ды яе паплечнікаў, улада якой была неабмежаванаю (Пётр I, М. Гарбачоў).

Не эўрапейскія ідэі правоў чалавека, гуманізму з вольнасьцю асобы, нацыі ды іншых супольнасьцяў, а азіяцкія ідэі магутнасьці й вонкавай моцы таталітарнага грамацтва панавалі й пануюць у галовах абсалютнай большасьці расейцаў. Каштоўнасьць азіяцкай імпэрыі, яе пераважна экстэнсіўнага ўтрыманьня й пашырэньня зьяўляецца абсалютоваю і дамінуе над усімі астатнімі каштоўнасьцямі.

У межах былога СССР можна выдзеліць наступныя супольнасьці:

– супольнасьць, якая пасіўна валодае расейскай мовай (вынік расейскай экспансіі);

– супольнасьць этнічных нерасейцаў, што актыўна валодаюць расейскай мовай (вынік лінгвацыду нерасейскіх этнасаў);

– супольнасьць з расейскай імпэрскай сьвядомасьцю (вынік зрасейшчваньня, або асіміляцыі нерасейскіх этнасаў).

Усе гэтыя супольнасьці агульна называюць “русскоязычным населением”. Яны не зьяўляюцца цывілізацыйнымі, а надцывілізацыйнымі, паколькі ў іх склад могуць уваходзяць групы насельніцтва з розных дзяржаў, абсалютна розныя ў геаграфічным, гістарычным, этнічным і рэлігійным пляне. Іх аб’ядноўвае толькі сумеснае жыцьцё ў былым СССР і, магчыма, настальгія па імпэрыі (выміраючая палітычная супольнасьць).

У апошні час расейскія імпэрскія шавіністы традыцыйную усходне славяна-праваслаўную этна-рэлігійную супольнасьць – беларусы, украінцы, расейцы – ахрысьцілі “усходнеславянскай або рускай цывілізацыяй” і праз зманапалізаваныя СМІ інтэнсіўна замбуюць насельніцтва аб неабходнасьці змаганьня з эўрапейшчынай (ідэямі дэмакратыі, вольнасьці, праў чалавека, гуманізму і г. д.) пад вывескаю абароны сваёй “цывілізацыйнай” ідэнтыфікацыі і вяртаньня рускай імпэрыі з цэнтрам у Маскве. Няма сэнсу даказываць палітычную памылковасьць гэткае прапаганды, бо яна не вытрымлівае аніякай навуковай крытыкі.

У некаторых эўрапейскіх крыніцах некрытычна Беларусь, Украіна, Малдова, Сэрбія, Македонія, Чарнагорыя, напалову Баўгарыя залічаны да нейкай мітычнай Усходнеэўрапейскай цывілізацыі, разам, вядома ж, з Расеяй, Грузіяй і Армэніяй (Joanna Plit паводле S. P. Huntington’а, 1997 i A. Piskozub’а, 1998). Магчыма, што гэта адбываецца пад уплывам шматлікай расейскай геаграфічнай ды іншай літаратуры, а таксама расейскай эміграцыі, якая стаіць на традыцыйных імпэрскіх шавіністычных пазыцыях [калі “расейская эміграцыя” сядзіць у Еўропе, але прытрымліваецца “імперска-шавіністычных пазіцый”, гэта, па сутнасьці, – агентура расейскай імперыякратыі, а не эміграцыя… – Рэд.].

Больш таго, Самуэль Гэнтынгтан у агульным вызначэньні праваслаўнай цывілізацыі найперш канстатуе, што некаторыя навукоўцы яе вылучаюць як асобную з цэнтрам у Расеі. Аднак, агульныя рысы так званай праваслаўнай цывілізацыі (аддзеленасьць ад заходняга хрысьціянства бізантыйскім паходжаньнем, асобнасьць веравызнаньня, дзьвесьце год татарскага панаваньня, бюракратычны дэспатызм, нязначныя ўплывы Рэнесансу, рэфармацыі, асьветніцтва ды іншых заходніх плыняў) вызначаюцца ўвогуле, без успаміну на канкрэтныя этнічныя і палітычныя супольнасьці мінулага і нашага часу. Татарскае панаваньне характэрна ў асноўным для продкаў сучасных расейцаў і ўкраінцаў, а для паўднёвых славян – турэцкае іслямскае. Бюракратыя характэрна для праваслаўных/артадоксаў, аднак бюракратычны дэспатызм – выключна для Расеі і СССР, толькі не для цывілізацыйнай Эўропы [цяпер, па меры “інтэграцыі Еўропы”, страты ўласьцівасьцяў нацыянальных дзяржаў  негатыўны ўплыў еўрапейскай паразітнай бюракратыі на еўрапейскае грамадскае жыцьцё будзе ўзрастаць. – Рэд.]. ВКЛ і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў былі месцам ня ўплываў заходніх плыняў, а іх паўнавартаснага разьвіцьця ў агульнаэўрапейскім цывілізацыйным кантэксьце.

Расейскім/маскоўскім імпэрскім эўразійскім шавіністым палітычна ня выгадна нагадваць пра прынцыповую цывілізацыйную розьніцу паміж эўразійскаю Расеяй зь яе азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй, ды эўрапейскімі Ўкраінай і Беларусьсю (аб чым пішуць эўрапейскія дасьлеччыкі). Дзеля гэтага іхняя “пятая калёна” ў Беларусі супроць разьмежаваньня сучасных палітонімаў ды этнонімаў беларус – расеец і беларуска – расейка. Тыя, найперш дзеля хутчэйшай асіміляцыі/зрасейшчваньня беларусаў, сьхільныя ўжываць беларус – рускі, беларуска – руская.

Пастаяннае раздражненьне тутэйшага каляніяльнага навуковага і ідэалягічнага істэблішмэнту з прычыны разрозьніваньня “рускага” і “расейскага”  у несавецкай беларускай традыцыі (маўляў гэта супярэчыць гістарычнай відавочнасьці і г. д.) лішні раз паказвае, што атаясамленьне “рускага” і “расейскага” – адна з ключавых стратэгій расейскага каляніялізму ў Беларусі (В. Булгакаў, 2006).

Русь – саманазва карэннай супольнасьці Кіеўскай Русі, якая лякалізавалася на  абшарах найперш сучаснай Кіеўшчыны. Калі нават прызнаць існаваньне адзінай Кіеўскай Русі, то ў ІХ – ХІ стст. яе сукупны абшар распаўсюджваўся на сеньняшнія цэнтральную і заходнюю Украіну, большую частку Беларусі (акрамя паўночнага-захаду), Ноўгарадчыну, Пскоўшчыну, і толькі на частку зямель пазьнейшай Масковіі, якія былі хутчэй ускраінамі Кіеўскай Русі. Прынамсі 2/3 часткі абшараў Кіеўскай Русі знаходзілася на паверхнях сеньняшніх Украіны і Беларусі. Кіеўская Русь запачаткавала эўрапейскі дзяржаўніцкія традыцыі Беларусі ды Украіны, але толькі не Расеі. Першасна этнонім, канфэсіёнім і палітонім рускі/русіч/русін належыў продкам беларусаў і ўкраінцаў.

“Расея” – гэта “Русь” у сярэднявечнай грэцкай моўнай адаптацыі. Пасьля мангола-татарскага запаняволеньня землі на ўсход ад этнічнай Русі, што належыла ВКЛ (пазьнейшых Беларусі ды Украіны), былі заселены славянскімі, уральскімі, цюркскімі і мангольскімі этнічнымі элемэнтамі, таму ня мелі агульнай дзяржаўніцкай традыцыі з Русьсю. Аб’яднаныя вакол Масквы прынялі саманазву Масковія. Маск-ва на мясцовай фінскай гаворцы абазначала як застойная вада (M. Volvistäa, 1989; T. Jorsoemäa, 12004998). Масковія ня меўшы наўпроставай дзяржаўніцкай традыцыі ад эўрапейскае Русі, стала прэтэндаваць на яе спадчыну.

Сярэднявечнае ВКЛ ад Масковіі адрозьнівалася ня толькі вуснай і пісьмовай (у меньшай ступені) мовамі, але, найперш, наяўнасьцю эўрапейскай палітычнай сыстэмы ў ВКЛ, што праяўлялася ў тагачаснай дэмакратыі (рэальнай абмежаванасьцю правоў вялікага князя, існаваньнем парляманту (Сойму) і рэгіянальных соймікаў, рэальным мяйсцовым самакіраваньнем увасобленым у магдэбурскім праве і мн. інш.). Эўрапейскія Рэнесанс, асьветніцтва, рэфармацыя характэрныя для мінулага Беларусі (А. Латышонак, 2007) і нязначна паўплывалі на мінулае Расеі, дзе панавала клясычная азіяцкая дэспатыя (рэальная абсалютная манархія зь неабмежаванасьцю правоў цара).

У часы ВКЛ рускай называлася аднайменная народнасьць, што знаходзілася ў складзе дзяржавы нашых продкаў, мела пераважна ўсходнеславянскія этнічныя і, у большай ступені, праваслашныя рэлігійныя карэньні. Тубыльцы маскоўскай дзяржавы зваліся маскоўцамі/маскавітамі/маскалямі, але не рускімі.

Толькі пасьля Невядомай вайны і ўваходу ўсходу Украіны ў склад Масковіі, з ХVІІІ ст. тамтэйшыя эліты на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам, упадабаўшы саманазвы “Расея” у значэньні “Русь” і “рускі”, скралі іх у нашых аслабленых войнамі з чужаземцамі продкаў. Такім чынам, маскоўцы легітымізавалі сябе  як “рускія”, аднак імі ніколі дагэтуль не зьяўляліся.

Другога лютага 1869 г. Дэ Лямар разаслаў сябрам Сэнату і міністрам Францыі пэтыцыю пад назваю “Пятнаццацімільенны народ забыты ў гісторыі”, у якой пісаў: “Рутэны мелі раней імя русінаў і рускіх ды былі запаняволены маскавітамі ў мінулым (XVIII cт. – заўв В.К.). Пасьля чаго народ-запавольнік пераняў сабе імя пераможанага дзеля таго, каб надаць сабе бачныя правы на ўладараньне тым народам. Такім чынам, імёны рускіх і маскавітаў здаюцца нам сінонімамі, тады як для гісторыка яны радыкальна розныя. Гэта зьмешваньне дазволіла маскавітам прысвоіць сабе гісторыю рутэнаў. І зямля гэтага народу, які мы завём рутэнамі звалася Русьсю і Рутэніяй, а той народ, які мы сёньня завём рускім зваўся маскавітамі, а іхняя зямля – Масковіяй. У канцы мінулага стагодзьдзя ўсе ў Францыі і ў Эўропе добра ўмелі адрозьніваць Русь ад Масковіі. Як жа адбылася гэта зьмена? Выключна праз тое, што ўжо цэлае стагоддзе маскоўскі ўрад працуе над тым, каб дамагчыся поўнага зьліцьця значэньня абеіх гэтых назваў” (Іванишин В; Радевич-Винницький К, 1994).

З усяго вышэйнапісанага, сярэднявечная эўрапейска-цывілізацыйная руская народнасьць, што бярэ свой пачатак ад Кіеўскай Русі ды канчаткова аформілася ў ВКЛ, – гэта продкавая форма для сучасных беларускай і ўкраінскай нацый, мяжа паміж якімі аформілася толькі ў XVIIXVIII стст. Разьмежаваньне паміж украінцамі і беларусамі адно з самых пазьнейшых у этнагенэзе і яно ўладкавалася як адміністрацыйная мяжа паміж ВКЛ (Беларусь) і Польскім Каралеўствам (Украіна) у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

 

Этнаканфесійныя супольнасьці могуць быць цывілізацыйнымі толькі ў тым выпадку, калі яны ўнікальныя й ня маюць дзяржаўніцкай традыцыі або дзяржавы (баска-каталіцкая, цюрка-праваслаўная (гагаузы)). Уважлівы аналіз гісторыі і геаграфіі беларускай і ўкраінскай дзяржаўніцкіх традыцый і параўнаьне іх з расейскай прыводзяць да высноў аб іх рознай (эўрапейскай і азіяцкай) цывілізацыйнай прыналежнасьці.

Праваслаўныя цэрквы цывілізацыйнай Эўропы зьяўляюцца гістарычна цэзарапапіскімі, аднак пераважна, цалкам, ці хутчэй – цалкам рэлігійнымі паводле зьместу і сутнасьці дзейнасьці (сэрбская, баўгарская, румынская, грэцкая, украінская аўтакефальная і г. д.). Руская праваслаўная царква (РПЦ МП) паводле сваёй сутнасьці палітычна-рэлігійны інстытут. Прапаганда ў кожным храме расейскай імпэрскай ідэі (часам замаскавана, часьцей наўпроставым тэкстам) зьяўляецца (разам з рэлігійнай) адной з найвялікшых мэт РПЦ. У Расеі гістарычна ўтварыўся таталітарны маналіт: дзяржава – таталітарны палітычны рэжым – таталітарная РПЦ, наяўнасьць якога дэмаскавалася выразам “За Бога, Царя и Отечество”.

Праэўрапейскі цар Пётр І падпарадкаваў сабе праваслаўную царкву. Агульнавядомая яго нелюбоў да тагачасных азіятызаваных колаў баярства і рэакцыйнага папоўства, якія перашкаджалі эўрапеідызацыі Расеі пачатку ХVIII ст. Ад часоў Пятра І і да 1917 г. праваслаўная царква ў Расеі кіравалася наўпростава імпэратарам праз сьвятарны Сінод, г.зн. што адсутнічаў інстытут патрыярхіі (разам з патрыярхам) характэрны найперш для праваслаўных цэркваў цывілізацыйнае Эўропы.

Відавочна, што рускую праваслаўную царкву (РПЦ МП) два стагодзьдзі  складана назваць клясычна цэзарапапіскай, хутчэй яна сталася цэзарыскай (царскай, імпэратарскай). Пасьля прагрэсіўнага эўрафіла Пятра Аляксеевіча Раманава на рускім троне “сядзела” шмат азіятызаваных цемрашалаў, якія наўпрост выкарыстоўвалі РПЦ як трыбуну для палітычнай прапаганды і агітацыі (найперш расейскага вялікадзяржаўнага азіяцкага шавінізму).

Другой рысай цывілізацыйна эўрапейскіх праваслаўных цэркваў зьяўляецца іх канкурэнтназдольнасьць ва ўмовах дэмакратычных палітычных сыстэм. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай праваслаўная царква стала ўступала ў тэалягічную дыскусію як з каталіцкай, так і з пратэстанцкімі цэрквамі, выхоўваючы ў вернікаў адданасьць праваслаўнай царкве дзякуючы фармаваньню ў іх ўсходнехрысьціянскіх праваслаўных перакананьняў (старажытнасьць, першаснасьць, артадаксальнасьць, традыцыйнасьць царквы і г. д.), бо інакш, кожны праваслаўны (ва ўмовах рэальнага рэлігійнага плюралізму) мог стаць каталіком або пратэстантам і наадварот, каталікі і пратэстанты праваславінізаваліся (нэафіты). Расейская праваслаўная царква будучы часткаю таталітарнай дзяржавы зрабілася неканкурэнтназдольнаю ва ўмовах дэмакратыі ва Украіне, дзе Украінская аўтакефальная праваслаўная царква аб’яднала значную частку нацыянальна і дзяржаўна сьвядомых украінцаў. У будучай дэмакратычнай Беларусі непазьбежна ўтворыцца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) вольная ад маскоўскага патрыярхату.

Адсюль, відавочна мэнтальная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных хрысьціян на эўрапейцаў і эўразійцаў (найперш расейцаў і зрусіфікаваных). Першым не патрэбна суцэльная палітызацыя праваслаўных цэркваў і іх зрастаньне з палітычнымі рэжымамі і дзяржавамі, а для другіх вышэйузгаданае – абсалютна неабходныя ўмовы, што пераўтварыліся ў норму жыцьця. Сьледства цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі праваслаўных хрысьціян – структурная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных цэркваў (Украіна, будучая Беларусь), а затым – гістарычна сфарміраваны падзел на эўрапейскую славяна-праваслаўную цывілізацыю і эўразійскую (расейскую).

Зрастаньне бяспраўнай РПЦ з бязбожнай дзяржавай (СССР) і яе палітычнай сыстэмай (на чале з таталітарнай КПСС) клясычна ілюструе прыклад паводзінаў вышэйшых гіерархаў і большасьці шэраговага духавенства РПЦ Беларусі ў час распаду савецкай імпэрыі. Сьвятары ня толькі масава не пракліналі бязбожную савецкую імпэрыю, не заклікалі да яе зьнішчэньня і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі й выхаду Бацькаўшчыны з складу СССР, але наадварот – сталі на праімпэрскія пазыцыі, што было выгадна на той час камуністым-бязбожнікам. Відавочна, што камуністыя-бязбожнікі для большай частцы праваслаўнага сьвятарства (частка папоў супрацоўнічала з КГБ  СССР) былі бліжэй, чым незалежнікі беларусы-эўрапейцы (у большай сваёй частцы вернікі). Таму – што таталітарная РПЦ зраслася з эўразійскім таталітарным СССР (насьледнікам эўразійскае таталітарнае Расейскае імпэрыі), перадусім не магла ўявіць сваё мінулае ва ўмовах эўрапейскай дэмакратыі як інстытут з уласнымі структурамі.  

 

Беларусь і Украіна – эўрапейскія дзяржавы, Расея – эўразійская.

Канстатацыя гэтага факту зьяўляецца аксіёмай для беларусаў ды ўкраінцаў і самай непрыемнай праўдай для расейскіх шавіністых, бо пазбаўляе апошніх усялякіх навуковых аргумантаў аб гістарычнай і цывілізацыйнай еднасьці ўсходніх славян дзеля канструяваньня мітычнай імпэрыі з цэнтрам у Маскве (у складзе Расеі, Украіны і Беларусі, інакш – (паводле РПЦ МП) Вялікай, Малой і Белай Русі). 

Расейская імпэрская прапаганда ў Беларусі і ва Украіне  разьлічана найперш на геаграфічна і гістарычна неадукаваных ды зрасейшчаных частак грамадзтваў, або на тых, хто яшчэ ў савецкія часы пры вывучэньні геаграфіі, гісторыі, расейскай мовы і літаратуры разам з камунізмам засвоіў расейскую імпэрскую міталёгію і (па розных прычынах) ня ў стане зь ёю расстацца.

Тое ж самае з новатворам-словазлучэньнем “англа-саксонская цывілізацыя”. Што агульнае ў генэзісе дзяржаўніцкіх традыцый эўрапейскай Вялікай Брытаніі з афрыканскай ПАР, азіяцкай Індыяй, або з ЗША і Канадай? Блытаньне надцывілізацыйных (расавых, канфэсійных, этнаканфэсійных, моўных і інш.) супольнасьцей з цывілізацыйнымі – ненавукова, таму недапушчальна нават у палітычных мэтах.

Сучасная цывілізацыйная еднасьць – гэта ня толькі мэханічнае складаньне дзяржаўніцкіх традыцый, этнічнасьці й традыцыйнай рэлігійнасьці, але й генэзіс дзяржаўніцкіх традыцый, іх гістарычная эвалюцыя, часапрасторавая арганізацыя, узаемадзеяньне, узаемаперапляценьне. Без вышэйзгаданага нельга зразумець усю складанасьць самае спробы геаграфічна абгрунтавана выдзеліць цывілізацыі на нашай плянеце ў пачатку ХХІ стагодзьдзя.

 

 

СЛАВЯНА-ПРАВАСЛАЎНЫ СЬВЕТ

Прыкметы:

1. Постгрэцкія і поствізантыйскія культурова-рэлігійныя карэньні. Праваслаўная царква як адзін з чыньнікаў індэнтыфікацыі.

2. Доўгае падпарадкаваньне і ўплывы іншых цывілізацый (цюрка-мусульманскай і эўразійскай).

3. Наяўнасьць вялікіх этнічных, канфэсійных, этна-канфэсійных меньшасьцяў як вынік падпарадкаваньняў і ўплываў.

4. Шавінізм (сэрбскі) і вызвольніцтва (баўгарскае, украінскае, беларускае). Чаргаваньне шавінізмаў і вызвольніцтваў у нацыяналізмах, іх камбінаваньне ў розных накірунках і ў розных часох.

5. Масавае зьмяньшэньне колькасьці насельніцтва (Украіна, Беларусь, Баўгарыя) пасьля падзеньня камунізму

6. Кволыя парасткі дэмакратыі з прычынаў ня толькі шырокай, але і глыбокай таталітарызацыі супольнасьцяў у час камунізму. Адсюль вялікая папулярнасьць і цяга да аўтарытарызму, таталітарызму і ізаляцыянізму.

7. Вялікая розьніца паміж рэгіёнамі як вынік 2, 3, 4 прычын, а таксама значных уплываў суседніх дзяржаў на памежныя рэгіёны (Украіна, Сэрбія, Беларусь, Македонія).

8. Незвычайныя этнонімы і палітонімы якія зьмяняліся гістарычна і маюць рознае паходжаньне (Украіна – ускраіна, Беларусь – Белая Русь, Літва, Русь, Македонія – традыцыя з часоў Аляксандра Македонскага, Сэрбія – агульнаславянскае, Чарнагорыя – Чорная гара, Баўгарыя – магчыма ад цюркаў баўгар-балкар).

9. Кірыліца – асноўны алфавіт, лацінка – другі альфабэт (Сэрбія, Беларусь, Украіна).

10. Найменьшыя ў Эўропы традыцыі індывідуалізму, што зьяўляецца адной з прычын найменьшага ў Эўропе дабрабыту.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы