Пару дзён таму Лукашэнка з нагоды 22-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС наведваў пацярпелыя раёны Беларусі. Даючы інтэрвю журналістам, Лукашэнка назваў беларускіх навукоўцаў і палітычных дзеячаў, якія выступаюць супраць стварэньня ўмоў для паўтарэньня чарнобыльская бяды, ворагамі народу (?!). Прыйдзе час, Лукашэнка адкажа і за гэтае сваё выказваньне, і за шмат што іншае… А пакуль, з нагоды 22-й гадавіны Чарнобыля, падаем артыкул былога гамельчука Яўгена Мурашкі.
Рэдакцыя.
У свой час крывавы дыктатар Камбоджы (Кампучыі) Пол Пот, які ня так даўно памёр, зьнішчыў мільены сваіх суайчыньнікаў дзеля асабістай улады. Спачатку ў Беларусі былі зьнішчаныя дзесяткі крымінальных аўтарытэтаў, затым пачалі зьнікаць людзі (Ю.Захаранка, В.Ганчар, А. Красоўскі, З.Завадскі), зьвялі у магілу Г.Карпенку – ахвяры не былі згодныя зь існуючым рэжымам Лукашэнкі. Пакуль у нас людзі не знікаюць сотнямі, іх не расстрэльваюць тысячамі, але працягваецца вынішчэньне нацыі, яе генафонду. Дзеля гэтага ёсьць правераная зброя супраць беларусаў – гэта вынішчэньне ўсяго беларускага; гэта – галеча; гэта – радыяцыя.
Радыяцыя забрала ўжо сотні тысяч жыцьцяў людзей, пераважна маладых. Відавочна, жах за сваю уладу над людзьмі зацьміў розум Лукашэнкі. Ён аб’явіў некалькі забруджаных гарадоў і десяткі весак прыдатнымі да жыцьця. Відавочна, ён сваім Указам адмяніў радыяцыю, дык хай, можа, адменіць ўсе яе наступствы?
Ёсць яшчэ адно меркаваньне наконт таго, чаму людзей прымушаюць жыць у гэтых “прыдатных” па радыяцыі раёнах. У 1991 г. я сустракаўся з навукоўцамі з Японіі і яны ў той час вельмі цікавіліся ўздзеяньнем малых доз радыяцыі на чалавека. Меркавалі, як бы праводзіць дасьледаваньні менавіта у Чарнобыльскай зоне, тут жа натуральная лабараторыя. Адсюль ня можа не ўзьнікнуць пытаньне: ці не праводзяць тут нейкія замежные навукоўцы свае досьледы на нашых людзях, а грошы за арэнду, магчыма, ідуць на асабісты рахунак “народнаабранага”?
Як вядома, ёсьць патрабаваньні Закона РБ “Аб прававым рэжыме тэрыторый, паддадзеных радыяактыўнаму забруджваньню ў выніку катастрофы на ЧАЭС”: зварот земляў у гаспадарчае выкарыстаньне ажыцьцяўляецца пасьля поўнага абсьледаваньня і пацьверджаньня магчымасьці атрыманьня прадукцыі згодна з нормамі РДУ.
Аб’явіўшы гэтыя тэрыторыі “прыдатнымі да жыцьця”, Лукашэнка (і ў які ужо раз?) парушае законы. Тым самым ён пазбавіў хворых людзей хоць і мізэрнай, але дапамогі, а дзяцей – танных лекаў. З забароны выезду хворых дзяцей на аздараўленьне за мяжу вынікае, што ён баіцца, каб пабачыўшы іншае, прыстойнае для чалавека жыцьцё, яны праз пэўны час не пачалі задаваць яму няёмкія пытаньні: чаму мы так кепска жывем; чаму мы паміраем маладымі; чаму зьнікаюць людзі й шмат іншых ЧАМУ?
На некаторые ЧАМУ ужо сёньня можна адказаць.
Кепска жывем таму, што жабрацкім народам лягчэй кіраваць і трымаць ў падпарадкаваньні, кідаючы час ад часу (прабачце за параўнаньне), як галоднай сабаке, абглыданую костку – мізэрнае падвышэньне пенсій й іншых сацыяльных ільгот.
Паміраюць маладымі таму, што ёсьць Чарнобыль; таму што навуковец-практык з Пінска А.Волкаў па кавалках выбівае сродкі дзеля сваіх чарнобыльскіх досьледаў; таму што навуковец В.Несцярэнка ходзіць з працягнутай рукой, як жабрак (зноў прашу прабачэньня) па ўсіх Форумах і з’ездах, зьвяртаецца да ўладаў, да ўсіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый з заклікам аб дапамозе хворым дзецям, але ніхто грошай не дае. Не дае грошай і “бацька” – лічыць, што лепей іх выдаткоўваць на славянскія кірмашы, лядовые палацы і набыцьцё (за 100 мільёнаў даляраў) асабістага “Боінга”, які, дарэчы, так нафаршыраваны электронікай, што ён баіцца на ім лятаць, каб не скруціць на ім шыю.
А знікаюць людзі таму, што не жадалі, каб народ трымалі за працоўную жывёліну, за торбу аўсу.
Праз десяткі гадоў нацыя можа пачаць забываць свой язык, сваю культуру, ад радыяцыі могуць памерці сотні тысячаў людзей. Такі вынік не сніў і Пол Пота. Не на ноч хай будзе сказана: “Ці не сам Пол Пот пад выглядам Аляксандра Рыгоравіча кіруе цяпер ў нас ў Буларусі?“ Усё можа быць – калі верыць індусам.
Ніжэй я хачу прывесьці некаторыя навуковыя абгрунтаваньні, каб было відаць што падыход Лушэнкі да наступстваў трагедыі на ЧАЭС – гэта злачынства!!!
У 1991-93 гг. дырэктар інстытута ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук РБ В.Несцярэнка сумесна з калегамі ў складзе Аб’яднанага эксьпертнага камітэту Беларусі, Украіны і Расеі падрыхтаваў незалежнае эксьпертнае заключэньне “Чарнобыльская катастрофа: прычыны і наступствы”. Значэньне наступстваў гэтай пачварнай катастрофы для Беларусі, на жаль, не паменшылася да цяперашняга часу, а некаторыя праблемы яшчэ больш абвастрыліся (тут і надалей будзе ісьці спасылка на зьвесткі, выкладзеныя ў кнізе В.Несьцярэнкі “Чарнобыльская катастрофа: радыяцыйная абарона наседьніцтва”).
У ядзерным рэактары пры дзяленьні ядзернага паліва накопліваецца вялікая колькасьць ізатопаў з масамі 80-150 і 130-150 адзінак. З усіх ізатопаў асаблівую ўвагу варта надаць ёду-131, цэзію-134 і 137; стронцыю-90 і плутонію-239. Радыёактыўны ёд, цэзій і стронцый распускаюцца ў вадзе і могуць удзельнічаць ў харчовым ланцугу чалавека.
Ёд-131 мае перыяд напаўраспаду 8 дзён, цэзій-134 – 2 гады, цэзій-137 – 30 гадоў, стронцый-90 – 29 гадоў, а плутоній – 24.390 гадоў.
У выніку аварыі і пажару на рэактары на працягу 10 сутак былі выкінутыя ў атмасьферу прадукты дзяленьня, шляхетныя газы, рэактарнае паліва, графіт. Каля 70% радыяактыўных рэчываў выпала на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым 23% тэрыторыі РБ (465 тыс. кв.км) з 3668 населенымі пунктамі сталі забруджанымі цэзіем-137 з узроўнем забруджаньня больш за 37 кБк/кв.м. Дзеля параўнаньня: ва Украіне зона з узроўнем забруджанасьці больш за 37 кБк/кв.м. займае плошчу 285 тыс.кв.км (5% тэрыторыі), у Расеі 35,2 тыс.кв.км (0,2%). Дзеля даведкі: Бекерэль(Бк) – асноўная адзінка актыўнасьці, роўная 1 распаду ў секунду; у тысячу разоў большая адзінка – кілабекерэль(кБк).
Забруджаньне тэрыторыі рэспублікі стронцыем-90 больш за 5,5 кБк/кв.м было выяўленае на 21 тыс.кв.км, што складае прыкладна 10% агульнай плошчы Беларусі. Забруджаньне глебы ізатопамі плутонія больш за 37 кБк/кв.м ахоплівае амаль 4000 кв.км, што складае 2% тэрыторыі Беларусі.
Пасьля аварыйнага выкіду значная частка радыянуклідаў акумулявалася ў верхнім слоі глебы і цяпер глеба зьяўляецца галоўнай крыніцай паступленьня радыянуклідаў у сельгаспрадукцыю, а значыць, і ў арганізм чалавека.
Найбольш пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы вобласьці Беларусі – Гомельская, Магілёўская і Берасьцейская. Вядома, што падчас аперацый па спыненьні працы чарнобыльскага рэактара ў яго было скінута з верталётаў 2400-6720 т сьвінцу. Большая частка гэтага сьвінцу пасьля яго плаўленьня, закіпаньня і выпароўваньня ў палаючым рэактары была выкінутая ў атмасьферу. Асаджэньне гэтага сьвінцу адбылося на значных тэрыторыях вакол ЧАЭС. Гэта стала дадатковым забруджаньнем гэтых мясцовасьцяў. У крыві абсьледаваных дзяцей у Берасьцейскай вобласьці сярэдняе ўтрыманьне сьвінцу склала 0,109 мг/л, а каля паловы дзяцей мелі кроў з утрыманьнем сьвінцу 0,188 мг/л (норма для дзяцей менш за 0,001 мг/л). Такое свінцовае забруджаньне зьяўляецца дадатковым фактарам, які абцяжарвае негатыўнае ўздзеяньне радыяцыі на арганізм.
Радыяактыўнае забруджаньне экасістэмы ў спалучэньні з выкідам сьвінцу і нітратамі стварыла ўмовы, пры якіх на працягу шмат дзесяцігоддзяў немагчымае нармальнае вядзеньне сельскагаспадарчай вытворчасьці і лясной гаспадаркі.
Ацэнка наступстваў Чарнобыльскай катастрофы для здароўя насельніцтва і выбар дастатковых захадаў па радыяцыйнай абароне насельніцтва ад дадатковага апраменьваньня могуць быць зробленыя толькі на падставе інфармацыі аб атрыманых і чакаемых агульных дозах апраменьваньня з 1986 г., якія характарызуюць усю цяжкасьць уплыву радыяцыі на арганізм чалавека. На жаль, у Законе “Аб радыяцыйнай бясьпецы насельніцтва” (1996 г.) не пададзеная дозавая мяжа за жыцьцё ці за час пасьля аварыі. Міжнародныя нормы радыяцыйнай бясьпекі (1984г.) і Рэкамендацыі Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай абароне насельніцтва (МКРА) №60 (1990г.) усталявалі дапушчальную дозавую мяжу: 1мЗв/год ці 70 мЗв за жыцьцё. Дзеля даведкі: зіверт (Зв) – адзінка эквівалентнай і эфектыўнай дозы, 1 Зв = 100 бэр, а бэр – гэта біялагічны эквівалент рэнтгена.
Вядома, што аддаленыя наступствы ўздзеяньня іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека вызначаюцца сумарнай дозай апраменьваньня, атрыманай за ўвесь перыяд апраменьваньня з моманту трагедыі на ЧАЭС да цяперашняга часу. Маштабы наступстваў можна паменшыць толькі мінімізацыяй калектыўнай дозы апраменьваньня за кошт захадаў радыяцыйнай абароны.
Варта адзначыць, што ў РДУ ЗША, Англіі, Германіі ўсталяваная кантрольная дозавая мяжа 0,3 мЗв/год, пасьля дасягненьня якой рэалізуюцца захады радыяцыйнай абароны, якія адначасова забясьпечваюць радыяцыйную абарону дзяцей.
Асабліва варта адзначыць супярэчлівасьць законаў па радыяцыйнай абароне дзяцей. Хаця, пачынаючы з 1990г., у дапушчальных узроўнях забруджаньня дзіцячага харчаваньня радыянуклідамі цэзія-137 усталёўвалася велічыня 37 Бк/кг, чамусьці замоўчвалася дозавая мяжа для дзяцей. Улічваючы эканамічную сітуацыю ў рэспубліцы, варта канстатаваць, што аб’яўлены ў 1986 г. тэзіс аб забесьпячэньні дзяцей у Чарнобыльскай зоне экалагічна чыстымі прадуктамі харчаваньня аказаўся марным: выдзеленыя дзяржавай даплаты на харчаваньне дзяцей маленькія і недастатковыя, узровень прыбыткаў у сем’ях таксама не дазваляе забясьпечыць дзяцей чыстымі прадуктамі харчаваньня. Значыць, у сем’ях дзеці харчуюцца прадуктамі харчаваньня мясцовай вытворчасьці, як і іх бацькі. А вядома ж, што дзеці зьяўляюцца крытычнай групай пры ацэнцы наступстваў апраменьваньня, паколькі маюць большую радыячульлівасьць, як арганізмы, якія растуць. А асаблівасьць іх абменных працэсаў і структура харчаваньня ствараюць умовы для накапленьня значных колькасьцяў цэзія-137 у іх арганізме і атрыманьня больш высокіх дозаў апраменьваньня, чым у дарослых.
У працах Гомельскага медінстытута (праф. Ю.Бандажэўскі, А.Кіеня й інш.) упершыню паказана, што пры ўзроўнях накапленьня радыёнуклідаў у арганізме 30-50 Бк/кг выяўляюцца істотныя парушэньні з боку многіх органаў і сістэмаў, у тым ліку сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія праяўляюцца ў выглядзе парушэньня скарачальнай функцыі сэрца, рытму сардэчных скарачэньняў, артэрыяльнага крывянога ціску. Адзначаныя зьмены метабалічных і электракардыяграфічных паказчыкаў. Як у клінічных, так і ў эксьперыментальных дасьледаваньнях паказаная выразная і даставерная прамая залежнасьць паміж узроўнем накапленьня радыёнуклідаў і зьменамі на электракардыяграме.
Комплекснае абсьледаваньне стану зроку ў дзяцей Веткаўскага раёна (вёскі Сьвеціловічы і Стаўбун) паказала, што ў 48,9% абсьледаваных дзяцей выяўленая катаракта вачэй і яны патрабуюць тэрміновага лячэньня.
Колькасьць народжаных у 1994г. у Гомельскай вобласьці дзяцей з прыроджанымі парокамі разьвіцьця перавысіла ўзровень 1986г. у 6 разоў.
Па даных прафесара Е.Дзямідчыка сярэднягадавая захворваемасьць ракам шчытападобнай залозы ў дзяцей на канец 1993г. узрасла прыблізна ў 50 разоў!!! У дарослых больш чым ў 2 разы.
Праведзеныя НДІ радыяцыйнай медыцыны абсьледаваньні дзяцей і падлеткаў Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцяў паказалі, што пры сумесным уздзеяньні радыяцыі, нітратаў і сьвінцу павялічваецца частата атрафічных гастрыта (да 36,8%). Сталае паступленьне цэзія 137 з прадуктамі харчаваньня павялічвае рызыку захворваньня хранічным гастрытам у 25 разоў, кішэчнай метаплазіяў – на 42%. Паводле ацэнкі сьпецыялістаў, такія захворваньні страўнікава-кішэчнага тракта могуць выклікаць у бліжэйшыя гады выбух анкалагічных захворваньняў яшчэ ў большых памерах, чым гэта цяпер мае месца для хваробы раку шчытападобнай залозы ў дзяцей.
Згодна з данымі Нацыянальнага даклада Беларусі пасьля аварыі на ЧАЭС, у пацярпелых раёнах рэспублікі павялічылась колькасьць анэміяў, лёгачных захворваньняў, гіпертаніі, язвы страўніка і 12-пярстовай кішкі, ішэмічнай хваробы сэрца, хранічных і імунных захворваньняў.
У чарнобыльскіх рэгіёнах Беларусі стан справаў са сьмяротнасьцю сярод дзяцей ва ўзросьце да года пасьля 1991-92гг. найбольш пагоршыўся там, дзе ёсьць забруджаньне глебы цэзіем 137. так, за 1-ы квартал 1997г. паказьнік сьмяротнасьці сярод дзяцей да года ў Гродзенскай вобласьці склаў 8,8 на тысячу народжаных жывых дзяцей, у той час як у Гомельскай вобласьці гэтая велічыня склала 18,8, хаця прафесійны ўзровень, фінансаваньне і забясьпечанасьць лекамі і медтэхнікай прыкладна аднолькавыя ў абодвух вобласьцях.
У дакладзе дырэктара Інстытута аховы маці і дзіцяці 24 красавіка 1997г. на парламенцкіх слуханьнях у Нацыянальным сходзе РБ адзначалася рэзкае пагаршэньне здароўя жанчын і рост паталогіі цяжарных жанчын. Так, з 1000 цяжарных жанчын у 1981г. анэмію мелі 4, у 1986г. – 8, у 1996г. – 27. І найбольшы ўзовень гэтай паталогіі адзначаўся ў Магілёўскай вобласьці – 35. Былі дакладзеныя дасьледаваньні Інстытута якасьці груднога малака жанчын. Нармальны ўзровень утрыманьня цэзія 137 у грудным малацэ мелі толькі 11% жанчынаў, стронцыя 90 – 19%. Утрыманьне сьвінца ў грудным малацэ ва ўсіх абсьледаваных жанчынаў перавысіла дапушчальны ўзровень.
Адным з трагічных і непрадбачаных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі на здароўе чалавека стала парушэньне псіхічнага і разумовага разьвіцьця дзяцей, апрамененых ва ўлоньні маці. Прафесар В.Кандрашэнка на працягу 10 год праводзіў псіхалагічны маніторынг у Чарнобыльскай зоне. У сваім заключэньні ён адзначае, што дзеці, якія былі паддадзеныя радыяцыйнаму ўзьдзеяньню на 8-15 і 16-25 тыднях унутрыўтробнага разьвіцьця, даставерна адрозьніваліся ад дзяцей кантрольнай групы затрымкай на 3-4 гады псіхічнага разьвіцьця і большай частатой якасных парушэньняў інтэлекту. У радыяцыйна забруджаных зонах нараджаецца 42% дзяцей з затрымкай псіхічнага разьвіцьця і наступнымі якаснымі дэфектамі інтэлекту.
Цытагенетычныя дасьледаваньні паказалі, што цяжарныя жанчыны, унутрыўтробныя плады, а таксама дзеці і дарослыя, якія жывуць на забруджаных радыянуклідамі тэрыторыях, атрымалі біялагічна значныя дозы апраменьваньня, што выявілася павелічэньнем колькасьці дыцэнтрычных і кальцавых храмасомаў – найбольш важнага паказьніка эфектаў радыяцыі на храмасомным узроўні. Калі пасьля Чарнобыльскай катастрофы частата прыроджаных парокаў разьвіцьця (ППР) строгага ўліку ў цэлым па рэспубліцы ўзрасла ў 1,2 разы, дык у зонах з шчыльнасьцю забруджаньня 55 кБк/кв.м – у 2 разы. Па Гомельскай вобласьці частата ППР у 1994г. у параўнаньні з 1986г. павялічылася ў 6 разоў.
Можна было б і далей працягваць гэтыя жахлівые лічбы, але і так зразумела, якую трагедыю для беларускага грамадства прынёс Чарнобыль. Мы павінныя выкарыстоўваць любые магчымасьці, каб выратаваць хаця б дзяцей – будучыню беларускага грамадства.
Нагадаю, што у 1994 г. быў падпісаны Мемарандум аб узаемапаразуменьні паміж урадам Беларусі і ФРН што да супрацы ў справе зьмяншэньня наступстваў Чарнобыльскай трагедыі. У гэтым дакуменце абодва бакі абавязаліся спрыяць грамадскаму руху у гэтай сьферы. Нямеччына вось ужо 15 гадоў арганізоўвае аздараўленьне, каб зрабіць штосьці добрае для беларускіх дзяцей. За гэтыя гады аздароўлена 16.000 дзяцей. Акрамя Нямеччыны, Італія штогод прымала 30.000 дзяцей з Беларусі. Ірландыя, Бельгія, Галандыя і інш. краіны Эўропы не адмаўляліся ад дапамогі нашым дзецям. Трэба быць вар’ятам, каб адштурхоўваць у крытычны момант руку, працягнутую дзеля дапамогі.
Такое абмежаваньне выезду дзяцей за мяжу парушае канвенцыю ААН аб правах дзяцей на жыцьцё і Рэзалюцыю Асамблеі ААН пра міжнародную супрацу ў справе пераадольваньня наступстваў Чарнобыльскай трагедыі.
У красавіку 2000 г. супраць мяне была узбуджаная крымінальная справа па факце правядзеньня мною несанкцыяванага пікета, на якім я трымаў плякат “Божа, за што нам і Чарнобыль, і Лукашэнка?”
Прайшло 14 гадоў з таго часу, як на трон “сеў” чалавек з парушанай псіхікай, і стала відавочна, што дзьве навалы на адзін народ – гэта занадта.
Аднак з цягам часу ўсяму прыходзіць канец, і колькі б ні кіраваў Лукашэнка, яму прыдзецца сысці.
Ёсьць два шляхі.
Першы: Спавядацца у Філарэта, маліць у Бога адпушчэньня грахоў, за бязьвінна загубленные душы, папрасіць прабачэньня у народу і пералічыць на Чарнобыльскія праграмы са сваіх замежных рахункаў “свае” мільярды, і непрыкметна сысці у адстаўку.
Другі: Кіраваць да ўпору, але тады, безумоўна, паўстаць перад Міжнародным трыбуналам, які і вырашыць яго лёс.
А Беларусь будзе жыць вечна!
Яўген Мурашка.
13.04.2006 г., Нямеччына.