nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як я быў грамадскім рэдактарам Радыё “Свабода”

3 мая, 2008 | 3 каментарыя

Алесь Астроўскі

Я.JPG 

1 траўня г.г., зноў, як і 26-27 красавіка, была заблакаваная праца сайта радыё “Свабода”. Выказваю пратэст супраць дзеяньняў цяперскіх уладаў і салідарнасьць з нашым галоўным беларускамоўным сайтам. Дарэчы, у пачатку красавіка мне пашцасьціла пабываць грамадскім рэдактарам гэтага радыё. Дадзеная падзея неардынарная, бо вядома – многім ворагам беларускага народу дзейнасьць нашай рэдакцыі вельмі недаспадобы. Таму выказваю падзяку ўсім, хто спрычыніўся да прапановы і зьдзяйсьненьня ідэі майго рэдактарства, а найбольш – журналісту “Свабоды” Аляксандру Уліцёнку. На жаль, ня ўсе матэрыялы, якія прагучалі ў наўпроставым эфіры, своечасова зьявіліся на сайце радыё. Некаторыя ўвогуле не зьявіліся. Дырэктар беларускай службы радыё “Свабода” сп-р Аляксандр Лукашук  запэўніў, што гэта – вынік зьмены канцэпцыі грамадскага рэдактара радыё. А планавалася, што будзе 4 інтэрвю, прысьвечаныя сітуацыя вакол і ўнутры Беларусі, а таксама вялікая перадача ў пятніцу, у якой будуць разгледжаныя 5 прынцыповых пытаньняў. Такім чынам, спачатку матэрыялы, потым дадатак і абмеркаваньне.

 

1. 

ГРАМАДЗКІ РЭДАКТАР – Алесь Астроўскі

Матэрыял за 05.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1050778)

У 1980 годзе з адзнакай скончыў Гродзенскі мэдыцынскі інстытут і з таго часу працуе там жа на катэдры мэдыцынскай біялёгіі й агульнай генэтыкі. З 1993 – доктар мэдыцынскіх навук.
З 1986 году актыўна займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.
Удзельнічаў у шэрагу палітычных кампаній. Да 2004 году – сябра БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ. На яе перадапошнім справаздачна-выбарчым сходзе ў канцы 2003 году вылучаўся альтэрнатывай Вінцуку Вячорку на ролю лідэра арганізацыі, набраў 27 працэнтаў галасоў. На знак нязгоды з палітыкай кіраўніцтва партыі неўзабаве пакінуў яе шэрагі.
Прафэсар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадзка-палітычнай сытуацыі.
Вось некалькі ўрыўкаў зь ягонага інтэрвію “Свабодзе”:
“… 27 гадоў працую ва ўнівэрсытэце, і ўвесь час ва ўмовах прэсінгу. Ва ўмовах дыскрымінацыі. Мяркую, што я не адзіны такі беларус.
… Дысыдэнт – гэта чалавек, які нязгодны з пэўным рэжымам, падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, які выказвае нязгоду, але ў адрозьненьне ад палітыкаў, апазыцыянэраў, – у асноўным у пасіўнай форме. Наколькі я ведаю, лёзунг дысыдэнтаў – “Ня браць удзелу ў зле”. Гэта самае мінімальнае, што ты заўсёды можаш зрабіць, калі ў цябе няма іншых магчымасьцяў.
… Да рэфэрэндуму я з расейскамоўнымі гаварыў па-расейску, зь беларускамоўнымі – па-беларуску. Але ў 1995-м падумаў, што калі ня будзем мець пэўнай пазыцыі, нічога ня выйдзе. І стаў весьці заняткі, чытаць лекцыі, весьці навуковую працу па-беларуску. Што цікава – студэнты ня супраць.
… Па мне Бог – сыстэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, якія знаходзяцца ўнутры нашага сьвету, нашай рэчаіснасьці. Вось я веру ў такога Бога – сыстэму аб’ектыўных заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць прагрэсіўнае разьвіцьцё сьвету”.

Да гэтай абвесткі было даслана 5 каментароў:

Імя:: Tamara Горад:: Pastavy

05.04.2008 Прафесар, Вы проста малайчына. Пакуль ёсць такія людзі, у нашай Беларусі ёсць будучыня.Здароўя Вам і ўсяго найлепшага Вашай сям’і

Імя:: Віталь Горад:: Магілёў

06.04.2008 ПРЫВІТАНЬНЕ, ШАНОЎНЫ СПАДАР АЛЕСЬ!
вельмі рады чытаць й бачыць Вашыя думкі на “свабодзе”. чытаю Ваш сайт і думаю пра тое, што мы ПЕРАМОЖАМ

Імя:: Любоў Горад:: Менск

06.04.2008 Спадар Алесь, надзвычай паважаю Вас і Вашую пазіцыю.

Імя:: Алег 73 гады Горад:: Менск

06.04.2008 Алеся Астроўскага ведаю асабіста больш за 10 год. Гэта чалавек валявы, высокакультурны, мэтаскіраваны, сапраўдны патрыёт. Дзекі яму і сам гавару па беларуску. Добры рэдактар!

Імя:: К_

06.04.2008 1) Ці змагаецеся у апошні час толькі на культурніцкім фронце альбо займаецесе яшчэ і палітычнай барацьбой?  2) Мая пазіцыя гэткая: з усімі грамадзянамі Беларусі я размаўляю па-беларуску, з замежнікамі на той мове на якой лягчэй знайсці паразуменне. 3) Пра Бога цалкам і поўнасцю згодны з вамі. Бог – гэта сістэма аб’ектыўных заканамернасцей і сацыяльных, і прыродных, і індывідуальнага развіцця, г. зн. абсалютна усіх аб’ектыўных заканамернасцей развіцця сусвету.

 

“НЕ ПАДДАВАЦЦА НІ ВОРАГАМ ЗВОНКУ, НІ ШЭПТУ ЗНУТРЫ!”

Матэрыял за 07.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1050876)

Спадар Астроўскі – карэнны гарадзенец, яму 50 гадоў. Жанаты, мае пяцёра дзяцей. Доктар мэдыцынскіх навук. Прафэсар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадзка-палітычнай сытуацыі. Сёньня ён расказвае пра свае жыцьцёвыя й грамадзянскія арыенціры.

Уліцёнак: “Спадар Алесь, хто для вас клясык у літаратуры?”
Астроўскі: “Для пашырэньня майго сьветапогляду гіганцкую справу зрабіў Эрых Фром – вядомы філёзаф, сацыяпсыхоляг. Я яго стаўлю на парадак вышэй за Фрэйда”.

Уліцёнак: “Вы самі – аўтар некалькіх кніжак…”
Астроўскі: “Яны хутчэй паліталягічнага, ідэалягічнага пляну”.

Уліцёнак: “Што, на вашую думку, для беларусаў каштоўнасьць нумар адзін?”
Астроўскі: “Існаваньне самога беларускага народу, магчымасьць рэалізаваць сябе ў гістарычнай пэрспэктыве. Таму каштоўнасьцю нумар два зьяўляецца нашая ўласная дзяржава, безь якой немагчыма зьдзейсьніць папярэдняе”.

Уліцёнак:
“Што найперш вы цэніце ў асобе?”
Астроўскі: “Чалавек на ніжэйшым узроўні – істота, якая адрозьніваецца ад жывёлы здольнасьцю да абстрактнага мысьленьня. Гэтую ўласьцівасьць мусяць мець усе людзі. А яшчэ ў іх павінны быць вышэйшыя маральныя якасьці й прынцыпы. Калі апошніх бракуе, то даруйце за рэзкасьць, гэта ўсё яшчэ жывёлы, якія імітуюць людзей”.

Уліцёнак: “Што хвалюе вас, як прафэсара мэдыцыны?”
Астроўскі: “Нас, лекараў, вучаць абавязкам перад хворымі. А як мы павінны ставіцца да ўсяго грамадзтва, да свайго народу, якія апынуліся ў хворым стане? Акрамя свайго прафэсійнага абавязку, трэба думаць таксама, як вылечыць грамадзтва? Грамадзкі арганізм? Чым я і займаюся досыць шмат апошнія гады”.

Уліцёнак: “Спадар Астроўскі, у вас пяцёра дзяцей. Маеце нейкі свой рэцэпт выхаваньня?”
Астроўскі: “Рэальныя ўмовы. Рэальная праца. Патрабаваньне праўдзівасьці: мець ты павінен табой заробленае. Будзь заўсёды сумленным, але – не дурным”.

Уліцёнак: “Скажыце калі ласка, лягчэй было займацца выхаваньнем дзяцей за саветамі ці цяпер?”
Астроўскі: “Бацькі заўсёды трапляюць у сытуацыю выбару: што дзіцёнку можна казаць пра сьвет, які ёсьць насамрэч, а што – нельга? І зараз становішча ў гэтым сэнсе не памянялася. Бацькі як аўтарытэты ў рамках існуючай інфармацыйна-псыхалягічнай сыстэмы цяперашняга грамадзтва хіба ці не на апошнім месцы. А яна, гэтая інфармпрастора, па сутнасьці дэструктыўная. За БССР мы выхоўвалі ва ўмовах няпраўды. А цяпер, у РБ, ва ўмовах нейкага распаду маральнага. Вельмі цяжка казаць дзіцяці, што тое ці гэта ня ёсьць нормай, калі ён бачыць тое паўсюль”.

Уліцёнак: “Ваш любімы афарызм?”
Астроўскі: “Крэда ўсіх Астроўскіх – ніколі не здавацца! Вось і ўсё… Ніколі не паддавацца! Ні ворагам, якія звонку знаходзяцца, ні шэпту, які бывае знутры”.

 

“РАСЕЙСКАЯ ІМПЭРЫЯКРАТЫЯ ІМКНЕЦЦА ДА АНЭКСІІ БЕЛАРУСІ”

Матэрыял за 08.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1106719)

Уліцёнак: “Спадар Алесь, што, на ваш погляд, ёсьць цяперашняя Расея ў адносінах да Беларусі?”
Астроўскі: “Расеяй кіруе (нягледзячы на радыкальныя зьмены – ці то ў царскія часы, ці то за камуністамі або сёньня, пры нарастаньні фактычнай дыктатуры) заўсёды адна і тая ж структура. Гэта група людзей, якую я называю расейскай імпэрскай бюракратыяй, або – расейскай імпэрыякратыяй. Вось галоўны ў Расеі суб’ект з выключна паразытычнымі мэтамі. Як у стаўленьні да свайго грамадзтва, так і з агрэсіўнымі паразытнымі мэтамі ў адносінах да суседзяў. У тым ліку й да Беларусі. Нішто не мяняецца!”

Уліцёнак: “Ну а ў самой Расеі ёсьць уплывовыя людзі, якія думаюць прыблізна ў гэтым ключы?”
Астроўскі: “Былы дарадца прэзыдэнта Ельцына спадар Сатараў называе гэтую купку “сукупнасьцю прадстаўнікоў улады”. Былы дарадца прэзыдэнта Пуціна спадар Іларыёнаў назваў яе “карпарацыяй” – канкрэтнай сукупнасьцю канкрэтных людзей з канкрэтным агрэсіўным соцыяпаразытным разбуральным імпэрскім мысьленьнем. У яе ўваходзяць, як мінімум, паўмільёну чалавек. Нам трэба цьвяроза глядзець на сьвет і ведаць пра пагрозы для сябе”.

Уліцёнак: “Афіцыйная беларуская прапаганда ўсьлед за расейскай усчала лямант з нагоды жаданьня Ўкраіны й Грузіі далучыцца да НАТО. Што скажаце?”
Астроўскі: “Гэта ня іхная справа! Народ мусіць быць у абстаноўцы бясьпекі. Толькі з усьведамленьнем гэтага ён мусіць спакойна разьвівацца ў кірунку ўгару. Гэта ягонае права. І калі ўкраінскі народ, ужо, прабачце, дастаты шматсотгадовай імпэрскай агрэсіяй, бачыць выйсьце з гэтай сытуацыі ў даволі чужароднай для нас структуры НАТО, то, прабачце, віна тут не ўкраінцаў, а саміх расейскіх імпэрцаў. Украінцам лепш бачна, як ім забясьпечыць уласнае жыцьцё”.

Уліцёнак: “Мяняецца вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расеі. Што чакаць ад гэтага Беларусі?”
Астроўскі: “Зьмест і кірунак палітыкі не памяняюцца. Бо вызначаюцца ня тым, хто зьяўляецца прэзыдэнтам, а вынікам стратэгіі расейскай імпэрыякратыі. І, хутчэй за ўсё, яна можа яшчэ больш агрэсіўна заняцца беларускай праблематыкай, спрабуючы анэксіраваць нашу краіну пад вядомым ужо лёзунгам інтэграцыі”.

 

“ЗАХОДНІ ЛІБЭРАЛІЗМ НАС НЯ ВЫРАТУЕ”

Матэрыял за 09.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1079852)

Астроўскі:Тут праблема не такая простая. У нас ужо ёсьць вялікі досьвед кантактаваньня з захадам. Ды й сам эўрапейскі досьвед апошніх гадоў трошачкі пацясьніў ранейшыя рамантычныя ўяўленьні, яны становяцца ўсё больш стрыманымі”.

Уліцёнак: “Што менавіта насьцярожвае вас у заходняй мадэлі?”
Астроўскі: “Лібэралізм. Той лад, які пануе зараз у якасьці стрыжневай, стратэгічнай плыні на захадзе, называюць дэмакратыяй, але па зьмесьце фактычна гэта менавіта лібэралізм”.

Уліцёнак: “Чым не задавальняюць стандарты эўрапейцаў?”
Астроўскі: “Па сутнасьці паняцьцем “народ” заходнія палітолягі не карыстаюцца. Ёсьць абстрактнае паняцьце “грамадзтва”. А зьмест дэмакратыі там зьведзены па сутнасьці да такіх паняцьцяў, як палітычны плюралізм і фармальна якасна выкананая выбарчая працэдура. У выніку дэмакратыя губляе свой зьмест, яна фармалізуецца”.

Уліцёнак: “А да чаго, на ваш погляд, мусяць імкнуцца беларусы?”
Астроўскі: “Паўстаць, нарэшце, як гаспадары ўласнай краіны. Адкінуць комплекс страшэзных пакутаў, якія мелі нашыя продкі, і пажыць паўнавартасна, шчасьліва, цывілізавана”.

Уліцёнак: “У чым выяўляецца неадэкватнасьць цяперашніх заходніх стандартаў і беларускіх рэаліяў?”
Астроўскі: “Рухавіком уяўленьня аб дэмакратыі на захадзе зьяўляецца фінансавая алігархія. Вялікая група людзей, якія хочуць павялічыць свае капіталы, выкарыстоўваючы аб’ектыўную зьяву глябалізацыі. Яны зацікаўленыя ў расьціраньні межаў, дыскрэдытацыі зьмястоўнай дэмакратыі і пераўтварэньні яе ў такую вось фармальную рэч. Карыстаючыся тэрміналёгіяй Эрыха Фрома, яны нэкрафілізуюць грамадзтва – грамадзтва губляе свае біяфільныя рысы, якія замяняюцца выключна лічбамі твайго рахунку. Гэта не нармальнае жыцьцё. Таму нам трэба станавіцца самастойнымі, рабіцца гаспадарамі на ўласнай зямлі, а ўрэшце рэшт трэба пачаць свабодна дыхаць, жыць шчасьліва й з сэнсам”.

Да гэтага інтэрвю было два пазітыўных каментара:

Імя: Сяржук

09.04.2008  Астроўскi мае рацыю. То бок эўралюбы ды расеялюбы гэта збольшага тыя, хто кормiцца на iхныя сродкi, альбо проста мае расейскiя каранi. Таму i ратуюць супраць нэйтралiтэта Беларусi, развальваючы, па сутнасьцi, нашу дзяржаву.

Імя: Alba

09.04.2008  Сьмех i грэх, калi так званыя лiбералы думаюць, што Захад гэта ўзор дэмакратыi i выратаваньне нашае незалежнасьцi. Нi тое нi другое, нажаль. Iхняя дэмакратыя наскрозь iлжывая.

 

“ТАКАЯ АПАЗЫЦЫЯ НЯ ЗМОЖА ПЕРАХАПІЦЬ УЛАДУ Ў “ЦЯПЕРЦАЎ”

Матэрыял за 10.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1106720)

Уліцёнак: “Хто цяпер задае напрамак грамадзка-палітычным працэсам у краіне?”
Астроўскі: “На жаль, гэта прымітыўная, безнацыянальная, можна нават сказаць – жлобская бюракратыя. Якая жыве па прынцыпу “тут і цяпер”, ня думае пра будучыню, і таму называю яе прадстаўнікоў “цяперцамі”. Палітыку яны праводзяць вельмі нэгатыўную, бо адасобленыя ад беларускага грамадзтва, прымаюць беларускі народ выключна як аб’ект свайго ўзьдзеяньня.
За 14 год панаваньня бюракратычнай цяперскай улады мы звыкліся са станам шантажу ў магчымасьці зьнішчэньня дзяржаўнасьці. У нас фактычна назіраецца ўжо генацыд, калі падлічыць, што ў год народ вымірае на 50 тысячаў. У нас этнацыд – зьнішчаюцца мова, культура, гістарычная памяць, сымбалі, назіраецца дыскрымінацыя беларусаў – дзе толькі можна, асабліва на працы. Разбураецца беларуская дэмакратыя як палітычная сыстэма, што мусіла забясьпечыць народаўладзьдзе”.

Уліцёнак: “Ну а якой вам бачыцца апазыцыя гэткаму рэжыму?”
Астроўскі: “Аб’яднаная апазыцыя па сутнасьці сабраная мэханічна. Ідэалягічна яна абсалютна разнамасная. Да таго ж насычаная людзьмі хваравіта амбітнымі, многія зь якіх маюць дамінуючы грашовы інтарэс і таму толькі прысутнічаюць там. Натуральна, яна прасякнутая агентурай рэжыму”.

Уліцёнак: “А ці ёсьць у яе альтэрнатыўны плян рэформаў, ці мае плян пераўтварэньня дзяржавы?”
Астроўскі: “Цэласнай аб’яднанай праграмы няма. Апазыцыя застаецца аб’ектнай – разьлічвае, што ёй хтосьці будзе кіраваць у патрэбных кірунках. Апазыцыя наша не нацыянальная. Гэта лёгка выявіць па яе рэакцыі на вельмі знакавыя, балючыя тэмы. Напрыклад, сьцярпела, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адчынілі ў Вільні з рускай мовай выкладаньня – ну што ж гэта такое?! Ці, скажам, ніхто ня згадвае пра такую жахлівую сытуацыю, як этнацыд беларусаў на Беласточчыне… Не, такія працэсы не цікавяць апазыцыю, аб’ектыўныя працэсы праходзяць міма яе”.

Уліцёнак: “І што з гэтага вынікае?”
Астроўскі : “Калі апазыцыя знаходзіцца ў такім стане, яна ніколі ня стане альтэрнатывай рэжыму і ніколі ня зможа перахапіць уладу ў “цяперцаў”.

 

“Я МАЮ ПЛЯН ІДЭАЛЬНАЙ АПАЗЫЦЫІ”

Матэрыял за 11.04.2008 (www.svaboda.org/archive/guesteditor/latest/597/611.html?id=1106712)


Уліцёнак: “Вы нярэдка крытыкуеце беларускую апазыцыю. А як яна павінна выглядаць у ідэале?”
Астроўскі: “Ня проста фармальнай – маўляў, ёсьць і ладна. Не, у ёй мусіць выяўляцца альтэрнатыва рэжыму. Прычым у вачох абсалютнай большасьці грамадзтва. І мне падаецца, што гэтага не дабіцца без складаньня праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы. Тое – прадукт аб’яднаных сілаў усёй апазыцыі”.

Уліцёнак: “Чым зацікавіць шарагоўцаў вобраз будучай Беларусі?”
Астроўскі: “Іх насамрэч цікавіць, ці маюць яны пэрспэктыву мець уласнасьць пры новай уладзе, якую менавіта, ці будзе ў іх магчымасьць уплываць на заўтрашнюю ўладу, ці будзе ў іх годнасьць людзкая, а ў іхніх дзяцей – будучыня. Але гэта толькі першы этап. Я называю яго “веды”. Мы павінны ведаць, якую Беларусь будуем”.

Уліцёнак: “Што ў такім разе вы ставіце на другое месца?”
Астроўскі: “Трэба падрыхтаваць сотні, а пажадана й тысячы кадраў”.

Уліцёнак: “Чаму яны мусяць навучыцца?”
Астроўскі: “Веданьню асноваў культуры Беларусі і валоданьню мовай. Яны павінны ведаць беларускую гісторыю. Дакладна ўяўляць, да якой мэты яны імкнуцца. Разьбірацца ў тактыцы змаганьня за ўладу. Зразумела, размова пра негвалтоўныя мэтады”.

Уліцёнак: “Добра. Уявім, кадры ёсьць. Што далей?”
Астроўскі: “Прыхільнасьць масаў. То бок жыхары Беларусі павінны ўсьведамляць: палітычная альтэрнатыва ёсьць! Ёсьць дакладны праграмны вобраз будучай Беларусі й ёсьць людзі, здольныя яго рэалізаваць. У выніку ў масы павінна ўзьнікаць пачуцьцё, што яна перадае ўладу ў надзейныя рукі. Таму й гатовая падтрымаць”.

Уліцёнак: “Такім чынам, вы абмалявалі плян ідэальнай апазыцыі. Аднак наколькі ён рэальны? Нагадаю, да прэзыдэнцкіх выбараў засталося ўсяго тры гады…”
Астроўскі: “Часу, сапраўды, мізэр. Яго можа не хапіць нават пры фантастычнай ўмове неабмежаваных рэсурсах. Да таго ж я баюся, што нашая апазыцыя гэтую праграму ня прыме – шмат гадоў прапаноўваю, аднак…”

Уліцёнак: “Пэсымістычна выглядае…”
Астроўскі: “Аптымістычнае ў тым, што мы ўсё роўна пераможам! Гэта для мяне відавочна…”

 

2.

ЗАКЛЮЧНАЕ ІНТЭРВЮ, ЯКОЕ  НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ” ТАК І НЕ ЗЬЯВІЛАСЯ
Інтэрвю было прысьвечана канкрэтным вузлавым пытаньням будучай Беларусі. Папярэдне я зьвярнуў увагу, што мой падыход грунтуецца на тым, што ў бачаньні нашай будучыні ўсё павінна арыентавацца на беларускі народ і яго аб’ектыўныя інтарэсы. Гэта адзіны легітымны і легальны крытэр для Беларусі. 

Зь вялікай колькасьці прынцыпаў, сфармуляваных на сёньня ў Беларускай дактрыне, давялося выбраць толькі 5, якія датычылі дэмаграфічных, эканамічных, адукацыйных, рэлігійных і палітычных пытаньняў.

У прыватнасьці, я пасьпеў заявіць, што ў будучай Беларускай дзяржаве:

– усе дэмаграфічныя пытаньні павінныя вырашацца так, каб не памяншалася доля беларусаў сярод грамадзянаў Беларусі; па даных апошняга перапісу нас 82%, значыць, нас не павінна станавіцца менш; гэта асабліва важна, таму што апошнім часам Лукашэнка шмат кажа, што ў Беларусі павінна стаць 30 мільёнаў грамадзян;

– пасьля прыватызацыі ў руках беларусаў павінна апынуцца ня менш за 82% уласнасьці;

– беларусізацыя адукацыйнай сьферы павінна пачынацца з ВНУ; у першыя гады пасьля зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі ўсе нашы ВНУ павінны перайсьці на беларускамоўнае навучаньне; гэта створыць матывацыю для беларусізацыі ўсёй сістэмы адукацыі;

– усе прыходы РПЦ МП мусяць стаць прыходамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ); у нас павінен зьявіцца ўласны беларуска-літвінскі Партыярх, які павінен супрацоўнічаць на роўных зь іншымі праваслаўнымі патрыярхамі ў Вышэйшым Сінодзе Праваслаўных Цэркваў;

– Будучая беларуская дзяржава, прынамсі, да той пары пары, пакуль яе існаваньню будзе пагражаць усходняя імперыя, мусіць быць прэзідэнцкай рэспублікай; галоўнае – гэта абраньне добрага прэзідэта; для таго, каб такое магло адбыцца, прынцыпова важна, каб, сярод іншага, прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты мелі магчымасьць падаваць сваё меркаваньне беларускаму народу непасрэдна перад  галасаваньнем (апошнімі) у час прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

Я сказаў, што да беларускай нацыянальнай эліты належаць людзі, якія значную частку свайго жыцьця ахвяравалі свайму беларускаму народу. Назваў прозьвішчы прынамсі 12 такіх людзей, вядомых мне: Алесь Белакоз, Станіслаў Суднік, Сакрат Яновіч, Уладзімір Конан, Барыс Кіт, Аляксей Мікуліч, Рыгор Барадулін, Анатоль Грыцкевіч, Ніл Гілевіч, Леанід Маракоў, Анатоль Белы, Сьвятлана Новікава. І дадаў, што, напэўна, ёсьць яшчэ 12, і яшчэ 12…

 

 

3.

НЕКАТОРЫЯ ДАДАТКОВЫЯ САКРЭТЫ

Я з гатовасьцю пагадзіўся паўдзельнічаць у працы радыё “Свабода”, каб абвясьціць пра аб’ектыўныя беларускія інтарэсы (а гэта, важнейшае для нашага народу, апошнім часам стала рабіць усё цяжэй) і паказаць, хаця б элементарна, што гэта такое. Але некаторыя пытаньні, пададзеныя ў час інтэрвю, былі пададзены не зусім удала.

Асноўная прычына заключалася ў тым, што ў эфір з усяго інтэрвю, якое рэальна магло доўжыцца да 10 хвілін, праходзіла толькі 2 хвіліны. У выніку сп-р Уліцёнак захоўваў галоўнае, але сістэмнасьць (зьвязанасьць) аб’ектыўна гублялася.     

Вельмі кепска было тое, што на сайт не адразу трапіў крытычны матэрыял пра Расею. У выніку, некаторыя, хто чытаў інтэрвю з сайта “Свабоды”, падумалі, што я супраць Захаду і за Расею, тады як я адстойваў прынцып беларускай суб’ектнасьці – уласных беларускіх інтарэсаў і мэтаў, беларускай самастойнай сілы, самаарганізацыі й самакіраваньня. Таксама кепска, што ў сеціве ўвогуле не зьявіўся заключны (пятнічны) матэрыял, зьмест якога пададзены пад лічбай 2.

Два гады працы нашага сайта даюць магчымасьць абмеркаваць (ці хаця б заявіць) шмат пытаньняў, зафіксаваных у прынцыпах Беларускай дактрыны. Але абмежаваныя часовыя магчымасьці перадачы дазволілі ўзьняць толькі тое, што было магчыма. За рамкамі засталіся праблемы тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, пытаньні экалогіі, падыход да вырашэньня чарнобыльскай праблемы, беларускага неўтралітэту і многія, многія іншыя…

Але, як бы там ні было, дзьве станоўчыя рэчы адбыліся:

– па-першае, высьветлілася, што на радыё “Свабода” ёсьць сапраўдныя беларусы (адзін зь іх – сп-р Аляксандр Уліцёнак);

– па-другое, упершыю пасьля зьезда БНФ, які адбыўся ў 2003 годзе, удалося абнародаваць частку пераможнай стратэгіі (Веды – Кадры – Прыхільнасьць мас), а таксама прадэманстраваць хаця б некаторыя Дактрынальныя прынцыпы, на якіх будзе грунтавацца будаўніцтва й існаваньне Будучай Беларускай Дзяржавы. 

Сярод водгукаў, атрыманых па выніках перадач, мяне зьдзівіў толькі адзін. У газеце “Свабода”, якая распаўсюджваецца на пошце, №110 за 17-23.4.2008 г., у артыкуле Сяржука Вітушкі “Кілаграмы і кіламетры, альбо не вучыце мяне жыць” пад рубрыкай “Як робяцца хвалі” (ст. 6) адносна маіх выступаў на радыё зьмешчаны наступны тэкст: “Яшчэ адно ўражаньне – з Радыё Свабода. На мінулым тыдні грамадскім рэдактарам быў доктар Юры Астроўскі з Гродна. Чалавек вельмі сімпатычны, відаць – добры прафесіянал, што столькі гадоў выкладае медыцыну па-беларуску, і ніхто яго там не ўкусіў. Але досвед рэдактарства ў яго, на маю думку, быў няўдалы. Спадар Юры прапанаваў тэму “Стратэгічны вобраз Беларусі”. Журналісты, як маглі, збіралі факты. А спадар Юры, змест таго, каб іх каментаваць, пачаў “вучыць жыць”. Усе ўніверсітэты павінны быць пераведзены на беларускую мову, праваслаўная царква павінна быць аўтакфальнай, беларусаў павінна быць 82 працэнты і гэтак далей. Але ж гэта агітацыі і прапаганда, а не журналістыка. Спадар Юры як непрафісіянал мог гэтага не ведаць. Але ж побач былі прафесіяналы-журналсты. Яны павінны былі падказаць”.

Дзіўная справа. Сп-ра Сяржука я ведаю з 1986 года (з восеньскага сходу моладзевых суполак) і заўсёды лічыў ня толькі сімпатычным чалавекам, але і сьвядомым беларусам. А тут, нічога ня ведаючы пра маё жыцьцё (паблытаў нават імя), ён заяўляе, што я жыву пры цяперскім рэжыме ледзь не як сыр у масьле. Але гэта дробязі. Важней іншае. Так – я выкарыстаў сітуацыю, каб зрабіць тое, што трэба. Абвясьціў некаторыя прынцыповыя рэчы (дарэчы, маё меркаваньне па ўсіх пунктах – раскрыю сакрэт журналісцкай “кухні” – было запісанае да таго, як выступілі іншыя ўдзельнікі перадачы). Для гэтага і прызначаны СМІ. А што (і тут мы падыходзім да самага галоўнага), сп-р Сяргей лічыць, што беларусы павінны выміраць на ўласнай зямлі? адукацыйная сістэма і надалей павінна працаваць на імперскай мове? у нас і далей павінна заставацца поўнаўладзьдзе ПРЦ МП? пасьля прыватызацыі ў руках беларусаў павінна быць не 82% ўласнасьці, а 0,82%?

У сувязі з, як мне падаецца, абсалютнай недарэчнасьцю меркаваньня паважанага сп-ра Сяргея ў газеце “Свабода”, прашу чытачоў сайта дапамагчы мне знайсьці кантакт зь ім, каб высьвятліць абставіны. Думаю, што нехта яго адмыслова падбухторыў. Гэта галоўная версія. Вось гэта (хто нацкаваў) і пажадана высьвятліць…

 

 

3 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Спадар Астроўскі, ці ёсьць большы посьпех прэзідэнцкай рэспублікі Грузіі перад раднай Украінай у абароне зацікаўленасьцяў сваіх грамадзянаў насуперак ціску ўрада Расеі вызначальным у надаваемай Вамі перавазе менавіта гэтай праяве дзяржаўнага ладу?

  2. Уладзімеру Русаковічу
    У праблеме “прэзідэнцкая ці парламенцкая рэспубліка” ў адносінах да нашай Беларусі ёсьць тры асьпекты.
    Першы асьпект – аптымальная для будучай Беларускай Дзяржавы мадэль, калі б вакол нашай краіны ўсе іншыя дзяржавы былі б больш-менш прыстойнымі. Тады аптымальнай, на мой погляд, зьяўляецца прэзідэнцка-парламенцкая дзяржава: калі прэзідэнт адказвае за ўсе асьпекты бясьпекі (і таму кантралюе дзейнасьць Міністэрства абароны, МУС, сьпецслужбы), а Парламент-Сойм за разьвіцьцё эканомікі, культуры, навукі, экалогіі й г.д.
    Другі асьпект. Ён зьвязаны зь сёньняшнім рэальным станам, калі Беларускай дзяржаўнасьці па-ранейшаму востра пагражае паганая ўсходняя імперыя, жыхары і палітычная “эліта” якой хворыя на комплекс імперскай непаўнавартасьці й таму з маніякальнай упартасьцю жадаюць (і жывучы ў “Вялікай Рассеі”, ня могуць не жадаць) анэксаваць Беларусь. У гэтых умовах нашу незалежнайсьць найбольш ратуе прэзідэнцкая, цэнтралізаваная форма кіраваньня. Зьвярніце ўвагу, Расея пры Пуціне поўнасьцю цэнтралізавалася (як для вайны), а Украіне ў час памаранчавай рэвалюцыі праз Кучму ўпарта навязвала парламенцкую рэспубліку. Потым расейскія спецслужбы пачалі скупляць фактычна за грашЫ (прыкладна, за 10 млн. $) дэпутатаў украінскай Рады і Расея вось-вось магла поўнасьцю захапіць Украіну праз “парламентарызм”. Выратавала сітуацыю толькі тое, што ў Юшчанкі заставаліся мінімальныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы. А так Украіна літаральна на волас (0,14% галасоў, якіх не хапіла Марозу на апошніх выбарах у Раду) ужо была на краі бездані. Я ведаю пазіцыю такога аўтарытэта, як Пазьняк, які супраць прэзідэнцкай Беларусі. Але ці мала памыляўся гэты чалавек за сваё жыцьцё? Пытаньне ж у той рэальнай сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца беларускі народ, у іншым – у тым, ЯКІ гэта будзе прэзідэнт! Ён павінен быць абсалютна прабеларускім, і ён павінен ПРАКТЫЧНА ЗАНЯЦЬ прэзідэнцкую пасаду. Вось на гэтыя пытаньні мы павінны нацэльвацца. А нас ад іх адуважваюць у кірунку абстракцый, ідэалізма… Гэта адна з варожых тэхналогій у ідэалагічнай сьферы. І толькі.
    Трэці асьпект. Пераход ад той мадэлі, якая павінна быць у сёньняшніх складаных геапалітычных умовах, да той мадэлі, якая павінна быць у аптымальных (значна лепшых) умовах. Галоўнае, гэты пераход павінен адбыцца, КАЛІ ПАМЯНЯЮЦЦА ЎМОВЫ! Давайце разам будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца ня больш, як праз 15-20 гадоў…

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Дзякую за адказ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы