nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СЛАВА УКРАІНЕ!

7 мая, 2008 | 2 каментарыя

Аляксей Шырапаеў (паводле shiropaev.livejournal.com/13166.html#cutid1)

ШÑ�Ñ�апаеÑ� Ð�лÑ�кÑ�ей 2.JPG 

Ёсьць у Расеі сапраўдныя дэмакраты. Мала, але ёсьць…  Крытэры для іх выяўленьня вядомыя даўно – стаўленьне да самастойнасьці Беларусі, Украіны, да будучай дэзінтэграцыі РФ на карысьць выжываньня народаў расейскай імперыі… Шырапаеў і такія, як ён, называюць сябе нацыянал-дэмакратамі. Бачна, як на ідэалагічным узроўні яны эвалюцыянуюць ад эгаістычных нацыяналістаў да ўніверсальных (наперадзе ў іх пераход у соцыя-канструктывізм, сістэмны гуманізм). На палітычным узроўні іх эвалюцыя прайшла стадыю фармальнай дэмакратыі, знаходзіцца ў стадыі зьмястоўнай дэмакратыі, пераходзячы ў сапраўдны інтэрнацыяналізм (просім не блытаць з камуністычным і ліберальным “інтэрнацыяналізмамі”, якія на справе ёсьць формамі дэструктыўнага касмапалітызму). Выйсьце некаторых расейцаў на такі сьветагляд азначае, што зь імі можна мець справу. А, гледзячы па тым, як інтэграцыі зьмястоўных дэмакратаў баяцца самыя розныя соцыя-паразітныя сілы, справу з такімі людзьмі мець яшчэ і пажадана. Артыкул, разьмешчаны ніжэй – узор мысьленьня расейца, якому можна надаць высокае імя прыстойнага чалавека

Рэдакцыя

 

На адносінах да Украіны сёньня правяраецца руская самасьвядомасьць, ступень яе свабоды ад імпершчыны і саўка. Ці трэба казаць, што далёка не ўсе гэтую праверку праходзяць?

Многія рускія ўсё яшчэ адмаўляюць украінцам у праве на самастойнасьць, зацята працягваюць лічыць іх часткай рускага народу, а саму Украіну – адной з правінцый Расейскай імперыі, накшталт Тульскай вобласьці. І, перш за ўсё, так лічыць Крэмль. Ён зацята разглядае Украіну як нейкі заблудлы кавалак постсавецкай прасторы, а не як сувярэнную КРАІНУ. Менавіта таму працэс аднаўленьня ўкраінскай тоеснасьці выклікае такое вострае незадавальненьне Масквы. Расея, нягледзячы на відавочнае, працягвае ўлучаць Кіеў у сьферу свайго ўплыву. У ход ідуць і нафта-газавы шантаж і спарахнелыя міфалагемы пра “трыадзіны рускі народ”, і кампанія “за захаваньне царкоўнай еднасьці” (у сапраўднасьці гаворка ідзе пра захаваньне ва Украіне пазіцый Маскоўскай патрыярхіі як агента ўплыву Крамля).

Асаблівы гнеў Масквы выклікае “крыжовы паход” за новую (антыімперскую і антысавецкую) гісторыясофію, які распачаў Кіеў апошнім часам. Расею проста калоціць [вядома ж, не “Расею”, а расейскую імперыякратыю, рускіх шавінюг і расейскіх імперцаў. – Рэд.] ад таго, што цяпер яна не разглядаецца “праклятымі хахламі” ў якасьці любімага і бліжэйшага крэўнага. Больш за тое: само “ўзьяднаньне Украіны з Расеяй” падданае рашучай рэвізіі й пераасэнсаваьню.

Бліжэйшы прыклад – сьмелае рашэньне прэзідэнта Віктара Юшчанкі аб сьвяткаваньні 350-годдзя бітвы пры Канатопе (1659 г.). Запланаваны навуковыя канферэнцыі, усеўкраінскі казачы фестываль, ідзе праца над дакументальным фільмам. Юшчанка перакананы, што гэты юбілей паслужыць “аднаўленьню гістарычнай праўды і нацыянальнай памяці”.

Тады, пры Канатопе, гетман Выгоўскі ўшчэнт разграміў маскоўскае войска князя Трубяцкога. Што ж стаіць за Канатопскай бітвай?

Справа ў тым, што хрэстаматыйная Пераяслаўская рада (1654 г.) – зьява, мякка кажучы, наадназначная. Багдан Хмяльніцкі пайшоў на славутае “ўзьяднаньне” не ад добрага жыцьця. Гэта быў вымушаны выбар палітыка, які апынуўся ў клешнях паміж Польшчай і Масковіяй. Характэрна, што спачатку Хмяльніцкі, які сам быў шляхцічам, і не думаў аддзяляцца ад Польшчы; ён і згодныя зь ім запарожцы ставілі пытаньне толькі пра аўтаномію і свабоду веравызнаньня. Аднак, палякі сваёй зацятасьцю падштурхнулі казакаў да Масквы. Прычым апошнія добра разумелі, з кім “узьядноўваюцца”, ілюзій не было. Разам са згодай прысягнуць маскоўскаму цару казакі патрабавалі (!), каб Аляксей Міхайлавіч, у сваю чаргу, прысягнуў ім, казакам, у захаваньні казачых вольнасьцяў. У адказ маскоўскі пасол Бутурлін пыхліва заявіў, што “ў нас не павялося, каб цары давалі падданым прысягу, а вольнасьці вашыя Гасударам захаваныя будуць”. Ужо адно гэта паказвае, якая ментальная бездань падзяляла ўкраінцаў і маскавітаў. Першыя, нягледзячы на ліхія казацкія чубы, былі прадстаўнікамі еўрапейскай культуры зносінаў шляхам дамовы, г.зн. культуры права. Другія, хаця самі й еўрапеоіды, былі нашчадкамі Арды і носьбітамі тыпова азіяцкага менталітэту. Тым ня менш, улічваючы сваё складанае становішча, казакі пагадзіліся з умовамі Бутурліна.

Як “захавала” Масква казацкія вольнасьці, добра вядома. Ужо ў 1655 годзе Украіна страціла рэшткі самакіраваньня. Далей было насаджэньне крэпасніцтва, скасаваньне гетманства, зьнішчэньне Запарожскай Сечы, імперская ўніфікацыя. Нагадаем, як Кацярына ІІ падаравала Пацёмкіну “42 тысячы дзесяцінаў казацкай зямлі, ператварыўшы вольных сялянаў у крэпасных” (Паўла Штэпа, “Маскоўства”). Сама ж Украіна стала наборам тыповых губерніяў.

Задоўга да ўсяго гэтага многія казакі зразумелі, да чаго ідзе справа. Ужо ў 1657 годзе, толькі праз тры гады пасьля Пераяслаўля, гетманам Украіны стаў праваслаўны шляхціч Выгоўскі, які ўзяў курс на інтэграцыю з Польшчай і заключыў зь ёй Гадзячскую унію. У адказ Масква накіравала ва Украіну свой каральны корпус пад кіраўніцтвам князя Трубяцкога. У вяніку, у 1659 годзе, вытрымаўшы 70-дзённую аблогу, украінцы ўшчэнт разьбілі пры Канатопе 100-тысячнае войска маскавітаў. Страты Масквы склалі да 20 тысяч чалавек, і гэта пры тым, што Трубяцкі меў вялізную лічбавую перавагу! Цар Аляксей Міхайлавіч быў гатовы заключыць мір на любых умовах і нават сабраўся бегчы з Масквы. Выратавала яго толькі нерашучасьць Выгоўскага. І пасьля гэтага расейскі тэлеагітпрап праз праграму “Нацыянальны інтарэс” адважваецца казаць, што пры Канатопе маскоўскія войскі былі… толькі “адсунутыя”!

З асаблівым смакам нашыя нахабнаватыя тэлевядоўцы ўспамінаюць пра тое, што пры Канатопе Выгоўскі выступаў у змове з палякамі і крымскімі татарамі. Упор робіцца, вядома ж, на татараў: вось, маўляў, якія падлы гэтыя самасційнікі, нават з басурманамі на родных-адзінаверцаў падняліся! Пры гэтым паўлоўскія і салаўёвы, вядома ж, не распавядаюць, як сама Масква падчас “зьбіраньня земляў” хадзіла разам з татарамі на Твер, Смаленск, Разань і Ноўгарад, выкараняла сапраўдную рускую тоеснасьць. Не кажуць і пра тое, што той жа Хмяльніцкі не грэбаваў мець тактычныя хаўрусы з татарамі й зусім не лічыў гэта чымсьці дрэнным.

Не вытрымліваюць крытыкі і настойлівыя спробы расейскіх СМІ падаць Канатопскую бітву як эпізод, нехарактэрны для адносінаў Украіны і Масковіі. Нагадаем, што яшчэ ў 1618 годзе гетман Пётр Сагайдачны з казакамі [а таксама зь літвінамі і палякамі. – Рэд.]. браў у аблогу Маскву, бо яна падбухторвала татараў і туркаў да набегаў на Украіну (гэта той самы Сагайдачны, што дазваньня разграміў татара-турэцкае войска ў славутай Хоцінскай бітве, спыніўшы ўсходнюю экспансію ў Еўропу). Дый трошкі раней, падчас Смуты, запарожцы разам з палякамі хадзілі на Маскву.

[?; ня будзем забываць ролю ва ўзгаданых падзеях і нашых продкаў – літвінаў; у 1621 годзе, падчас Хоцінскай бітвы кіраўніком аб’яднанага польска-літвінска-казацкага войска Рэчы Паспалітай і галоўным аўтарам перамогі быў славуты гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Карл Хадкевіч! Гетман запарожскіх казакаў Пётр Канашэвіч (празваны Сагайдачным) са сваім войскам таксама зрабіў вялікі ўнёсак у перамогу; перад гэтым, у час Смуты 1612 г., каля 8 тысячаў запарожскіх казакаў сапраўды былі пасланыя польскім каралём, але на дапамогу літвінскаму войску Яна Карла Хадкевіча, якое спрабавала вызваліць з аблогі польскі гарнізон, што быў зачынены ў Маскве апалчэнцамі Пажарскага. – Рэд.].

Увогуле канфлікт казакаў з Польшчай – гэта трагедыя і Польшчы, і Украіны, ад якой выйграў толькі расейскі імперыялізм [абсалютна тое самае стасуецца да канфлікту “Польшчы” зь “Беларусьсю-Літвой”. – Рэд.]. Трагедыяй гэты канфлікт стаўся і для нас – рускіх, паколькі разьвіцьцё і ўмацаваньне імперыі перашкаджала нашаму станаўленьню ў якасьці нармальнай еўрапейскай нацыі.

Украінцы імкнуцца асэнсаваць сваю гісторыю як гісторыю еўрапейскага народу. Украіна пакутліва аднаўляе сваю еўрапейскую тоеснасьць, працягвае гістарычны вектар, вызначаны яшчэ Даніілам Галіцкім. І ў катэгорыях гэтага працэсу Канатопская бітва зьяўляецца, без сумневу, знакавай падзеяй – тут трэба аддаць даніну сьмеласьці і мудрасьці Віктара Юшчанкі.

А таксама яго пасьлядоўнасьці. Ва Украіне ўжо зьявілася вуліца гетмана Івана Мазэпы, які імкнуўся “вярнуць Украіне вольнасьць”. Плануецца юбілей Палтаўскай бітвы – вось толькі пункт гледжаньня на яе радыкальна іншы: украінцы ў зьвязе са шведамі супраць маскоўскага азіятызму, які апрануўся ў нямецкі кафтан. У гонар 300-годдзя украінска-шведскага зьвязу мяркуецца ўстанавіць помнік Карлу ХІІ ва Украіне і, адпаведна, помнік гетману Мазэпе ў Швецыі. Рэвалюцыйнасьць гэтых крокаў можна ацаніць, калі ўявіць сабе помнікі, напрыклад, генералу Уласаву ў Маскве і атаману Краснову – у Растове-на-Доне.

Маштабы гісторыясофскай рэвалюцыі ва Украіне грандыёзныя. Мінулай восеньню, 13 кастрычніка, указам прэзідэнта Юшчанкі нададзенае званьне Героя Украіны Раману Шухевічу – галоўнамі камандзіру УПА ў 1942-50 гг. – як гаворыцца ва ўказе, “за выбітны асабісты ўнёсак у нацыянальна-вызвольную барацьбу за свабоду і незалежнасьць Украіны, у сувязі з 100-й гадавінай з дня нараджэньня і 65-й гадавінай утварэньня Украінскай Паўстанцкай Арміі”. Гісторыкі адзначаюць, што УПА – бадай што, адзіная сіла ў Другой сусьветнай вайне, якая вяла барацьбу на два франты: супраць саветызму і супраць германскага акупацыйнага рэжыму. У той жа час, 13 кастрычніка 2007 года, ва Львове адбылося адкрыцьцё помніка Сьцяпану Бандэры, я на наступны дзень Украіна адзначала 65-годдзе стварэньня УПА.

Вядома ж, гэты працэс нацыянальна-дэмакратычнага пераасэнсаваньня гісторыі ня мог не закрануць страшную і вялікую тэму Галадамору 1932-33 гг. Голад, арганізаваны савецкай уладай, забраў ва Украіне па мінімальных падліках 4 млн. 649 тыс. чалавек, а па іншых зьвестках – 7-8 мільёнаў жыцьцяў. Амаль паўтара гады таму, 28 лістапада 2006 года па ініцыятыве прэзідэнта Юшчанкі быў прыняты закон “Аб Галадаморы 1932-33 гг. ва Украіне”, у якім Галадамор названы “генацыдам украінскага народу”. Такое азначэньне Галадамору знаходзіць усё больш шырокую міжнародную падтрымку.

Яшчэ ў 1984 годзе амерыканская ўрадавая камісія пад кіраўніцтвам Джэймса Мэйса заявіла, што “Сталін і яго атачэньне здзейсьнілі генацыд супраць украінцаў у 1932-33 гг.”. У 1989 г. Міжнародная камісія юрыстаў пад кіраўніцтвам Джэйкаба Сандберга вызначыла Галадамор як генацыд, які меў на мэце здушэньне традыцыйнага ўкраінскага нацыяналізму”. У 2003 г., у адказ на адпаведныя ініцыятывы Украіны ў ААН, сенат Канады заклікаў урад прызнаць Галадамор генацыдам. У тым жа годзе сенат Аргентыны прыняў “Дэкларацыю памяці ахвяраў Галадамору ва Украіне”, а палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША – рэзалюцыю, у якой Галадамор названы “актам тэрору і масавага забойства, накіраваным супраць украінскага народу”. Тады ж сенат Аўстраліі вызначыў Галадамор як “адну з самых жахлівых праяваў генацыду ў гісторыі чалавецтва”, а парламент Венгрыі – як “генацыд, заранёў спланаваны сталінска-савецкім рэжымам”. У 2005 годзе сейм Летувы прызнаў Галадамор “дакладна спланаваным генацыдам народу Украіны”, а ў 2006-м парламент Грузіі зрабіў заяву аб Галадаморы як аб “адмысловым генацыдзе украінцаў”. У 2007 годзе Кангрэс дэпутатаў Гішпаніі , парламент Перу і Нацыянальны кангрэс Эквадора вызначылі Галадамор як акт генацыду. У тым жа годзе Французская нацыянальная асамблея зарэгістравала законапраект “Аб прызнаньні Галадамору 1932-33 гг. генацыдам украінскага народу”.

Упэўнены, гэта толькі пачатак.

Такое меркаваньне маюць нармальныя дзяржавы. Але ў Расеяніі, якая, відаць, да такіх не адносіцца, асаблівы пункт гледжаньня. Так, 19 лістапада мінулага года Дэпартамент інфармацыі і друку МЗС РФ заявіў, што украінскае азначэньне Галадамору як генацыду зьяўляецца “скажэньнем гісторыі”. Заўважым, што гэтаму дэмаршу расейскага МЗС папярэднічала брудная вылазка хунвейбінаў зь Еўразійскага саюзу моладзі, якія разграмілі ва Украінскім цэнтры на Арбаце выставу, зладжаную да чарговай гадавіны Галадамору [пра дадзеную падзею можна пачытаць, напрыклад, тут kavkazcenter.com/russ/content/2007/11/18/54415.shtml . – Рэд]. 

У сакавіку гэтага году адбыўся новы антыўкраінскі дэмарш Эрэфіі. Прадстаўнік Расеі ў Радзе ААН па правах чалавека заклікаў сусьветную грамадскасьць “адмовіцца ад спробаў кваліфікаваць масавы голад 1930-х гадоў як генацыд”. Пры гэтым расейскі чыноўнік спаслаўся на Канвенцыю аб генацыдзе (1948). Паводле гэтага дакумента, генацыд – гэта “зьнішчэньне асобных групаў насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных ці рэлігійных адзнаках, а таксама наўмыснае стварэньне жыцьцёвых умоваў, разьлічаных на поўнае ці частковае фізічнае зьністажэньне гэтых групаў, роўна як і захады па запабяганьні нараджальнасьці ў іх асяроддзі (біялагічны генацыд)”. Расейскі бок спадзяецца даказаць, што Галадамор ва Украіне не быў скіраваны супраць украінцаў як нацыі й таму, маўляў, не падпадае пад азначэньне “генацыд”.

Дадзім слова Наталіі Дзюбенка-Мэйс, жонцы гарвардскага дасьледніка Галадамору Д.Мэйса, рэдактару кнігі аб Галадаморы: “Калі мільёны людзей, якія жывуць на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, зьністажаюцца, паміраюць галоднай сьмерцю, чаму нельга лічыць гэта генацыдам?.. На нейкім сходзе ААН, калі фармулявалася гэтае паняцьце генацыду, дык менавіта савецкія дыпламаты дамагліся, каб у азначэньні ААН сярод адзнакаў генацыду не было “класавай” адзнакі. Раней савецкія дыпламаты не дазволілі ўлучыць “класавую” адзнаку ў міжнароднае паняцьце генацыду, а цяпер іхныя пасьлядоўнікі змагаюцца супраць таго, каб лічыць зьністажэньне нашых людзей генацыдам”.

Так, праўда: ізноў бачныя вушы Саўку. Зразумела, што калі б міжнароднае азначэньне генацыду ўлучала ў сябе “класавую” адзнаку, дык Савецкі Саюз можна было б сьмела кваліфікаваць як злачынную дзяржаву, а камунізм – як злачынную ідэалогію з усімі вынікаючымі наступствамі. Аднак у 1948 годзе Савок быў яшчэ дастаткова ўплывовы, каб не дазволіць гэта.

Але ці адсутнічае ў Галадаморы нацыянальная адзнака? Па-першае, сам таварыш Сталін прызнаваў, што нацыянальнае і сялянскае часам тоесныя да ступені зьмешваньня: “Нацыянальная праблема, у самай сваёй існасьці, гэта сялянская праблема”. Гісторыкі канстатуюць, што менавіта на 1932-33 гг. прыходзілася “ўзмацненьне антыўкраінскай і антыказацкай рыторыкі Сталіна”. Сталін пісаў у лісьце да Кагановіча, што партыйны і дзяржаўны апарат ва Украіне наводнены “нацыяналістамі і польскімі шпіёнамі”. Больш за тое: “бацька народаў” адкрыта заяўляў у гэтым лісьце, што ў любы момант СССР можа згубіць Украіну. Акрамя таго, менавіта ў пачатку 1930-х гг. пачалася кампанія па дэўкраінізацыі Кубані.

А вось што пісала “Пралетарская праўда” 22 студзеня 1930 г.: “Зьнішчэньне сацыяльнай базы ўкраінскага нацыяналізму – індывідуальных сялянскіх гаспадарак – было адной з асноўных задач калектывізацыі ва Украіне…”. Вось як атрымліваецца: “адной з асноўных задач” калектывізацыі ва Украіне было зьнішчэньне ўкраінскага нацыяналізму! Таварыш Баліцкі, тагачасны кіраўнік ОГПУ Украіны, наўпрасткі казаў: “У 1933 годзе кулак ОГПУ ўдарыў у двух кірунках: спачатку яго ўдар адчулі на сабе кулацкія пятлюраўскія элементы на вёсцы, а па-другое, галоўныя ячэйкі нацыяналізму”. Тут ужо час выказаць меркаваньне: здушэньне нацыяналізму было ГАЛОЎНАЙ задачай калектывізацыі й штучнага голаду ва Украіне. “Папярэджаньне ўспышкі ўкраінскага сепаратызму ў сітуацыі сацыяльна-палітычнага крызісу, які ахапіў СССР” – так Інстытут гісторыі Украіны вызначыў мэту Галадамору. Ва Украіне гэта добра ўсьведамлялі яшчэ ў 1933 годзе. У самы разгар Галадамору ў рэдакцыю газеты “Камуніст” прыйшоў ананімны ліст з Палтавы з дакладнай фармулёўкай: “Фізічнае зьнішчэньне ўкраінскай нацыі, вычарпаньне яе матэрыяльных і духовых рэсурсаў ёсьць адным з важных пунктаў негалоснай праграмы бальшавіцкага цэнтралізму”.

Так, масавы голад быў і на Доне, і ў Паволжы, і на Паўднёвым Урале, і ў Заходняй Сібіры, і ў Казахстане. Аднак, калі ў РСФСР лік загінулых ішоў на сотні тысячаў, дык ва Украіне – на мільёны. Адзначаюць, што такога тэрору голадам (вызначэньне Р.Конквеста), як ва Украіне і на Кубані, зьвязанай з Украінай этнічна і культурна, не было нідзе. Забіраліся ЎСЕ харчы ўчыстую, спыняўся падвоз тавараў, забараняўся кааператыўны і дзяржаўны гандаль, а галоўнае, людзям, якія паміралі ад голаду, не давалі магчымасьці выехаць з раёнаў бедства, якія былі ператвораны ў рэзервацыі. Менавіта дзеля гэтага 4 сьнежня 1932 года быў прыняты закон аб сістэме ўнутранай пашпартызацыі, які для сялян фактычна азначаў новае крэпасное права. Больш за тое: сьпецыяльна для ўкраінцаў 22 студзеня 1933 года была выпушчаная “Дырэктыва ЦК ВКП(б) і СНК СССР у сувязі з масавым выездам сялян за межы Украіны”.

Як бачым, у наяўнасьці вынішчэньне “асобных групаў насельніцтва”, “наўмыснае стварэньне жыцьцёвых умоваў, разьлічаных на поўнае альбо частковае зьнішчэньне гэтых груп” – гэта зь міжнароднага азначэньня генацыду. Плюс нацыянальная адзнака: “зьнішчэньне сацыяльнай базы ўкраінскага нацыяналізму”, барацьба з украінскім сепаратызмам шляхам масавага забойства ўкраінцаў. А гэта ўжо класічны генацыд, нават у яго цяперашнім вызначэньні, выпрацаваным пры ўдзеле савецкіх камуністаў. Такім чынам, можна сьмела сьцьвярджаць: менавіта што да Украіны калектывізацыя стала класічнай формай генацыду [яна была такой у адносінах і да Беларусі. – Рэд.].

Аддзяленьне Украіны ад Імперыі заўсёды азначала гібель апошняй. Менавіта таму Масква [расейская імперыякратыя й расейкія імперцы. – Рэд.] настолькі хваравіта перажывае ўкраінскую самастойнасьць – яна нанесла Імперыі незагойную рану. Без Украіны Імперыя непаўнавартасная. Сталін выдатна разумеў, што Украіна зь яе каласальным антысавецкім й антыімперскім патэнцыялам уяўляе страшэнную пагрозу самому існаваньню Савецкага Саюзу – ён добра памятаў сялянскую “дробнабуржуазную стыхію”, зь якой сутыкнуўся ва Украіне яшчэ ў гады грамадзянскай вайны.   

Нездарма ён, нават пасьля 1945 года, у час сваёй найвышэйшай магутнасьці, асабіста адсочваў барацьбу з украінскім нацыянальна-вызвольным рухам. Таму, вядома ж, Галадамор ва Украіне меў характар барацьбы з Украінай як такой, маючы на ўвазе ўсе адзнакі генацыду.

Чаму ж цяперашняя Расея адмаўляецца лічыць украінскі галадамор генацыдам, рэгулярна прадпрымаючы, па словах МЗС Украіны, “цынічныя спробы прынізіць і аганьбіць памяць” мільёнаў ахвяр “камуністычнага таталітарнага рэжыму”? Дый таму, што Эрэфія ёсьць правапераемніцай гэтага рэжыму, і, такім чынам, павінна несьці адказнасьць за злачынствы СаўкА. Уся кіроўная расейская эліта кроўна зьвязаная са злачынным Саўком, паколькі менавіта зь яго паходзіць. Той жа Пуцін – выхадзень са злачыннай арганізацыі, кабінеты якой па сёньня ўпрыгожаныя партрэтамі злачынцы Дзяржынскага. Расея застаецца глыбока савецкай дзяржавай – і па форме, і па зьмесьце. Ці можна чакаць прызнаньня Галадамору генацыдам ад палітычных спадчыньнікаў Сталіна і Кагановіча? Тэма Галадамору – гэта шапка, якая гарыць на галаве цяперашняй расейскай дзяржавы. Жаданьне прыкрыцца ад такога суседа сяброўствам у НАТА цалкам вытлумачальная.

Пра тое, наколькі хворая Расея, красамоўна сьведчыць тое, што нават Аляксандр Салжэніцын стаў на адну дошку з пагромшчыкамі зь ЕСМ й іхнымі дзяржаўнымі заступнікамі! Ён асудзіў у “Ізвесьціях” “правакацыйны крык аб генацыдзе”, які, па яго словах, “перахляснуў ліхія выверты бальшавіцкага агітпрапа” [дарэчы, гэта ўжо другая фаза падзеньня Салжэніцына; пра яго першае падзеньне і зь іншай нагоды мы паведамлялі тут: nashaziamlia.org/2007/06/15/717 – Рэд.]. Не, Аляксандр Ісаевіч, сёньня менавіта Вы, аўтар бессьмяротнага “Архіпелага ГУЛАГ”, апынуліся на службе ў гэтага агітпрапа, у ліку паслугачоў чэкісцкай улады. Вы імкнецеся патушыць шапку, якая гарыць на яго галаве!

Здавалася б, чаму б расейскай дзяржаве ў сваю чаргу не аб’явіць Савок злачынным рэжымам, які праводзіў палітыку генацыду рускага народу? Тым больш, што так яно і ёсьць. Але падобныя спадзяваньні – тое самае, што і спадзеў на шчырае раскаяньне серыйнага забойцы, паколькі, паўтару, Эрэфія [імперыякратыя. – Рэд.] громагалосна, на кожным перакрыжаваньні, пацьвярджае сваю правапераемнасьць з крывавым Саўком. Адзінае, што застаецца Крамлю [імперыякратыі. – Рэд.] – гэта хавацца за сьпіну рускага народу, апеляваць да яго нацыянальных пачуцьцяў: глядзі, маўляў, да чаго дайшлі “хахлы”, у генацыдзе цябе абвінавачваюць! Русафобія! Як заўсёды, Крэмль [імперыякратыя. – Рэд.] спрабуе паймаць рускіх у ментальную пастку, прымушаючы іх атаесамляць сябе зь Імперыяй, а значыць – і падзяляць зь ёю адказнасьць за яе злачынствы. Сваю ахвяру – рускі народ – Імперыя [імперыякратыя. – Рэд.] хоча выставіць у ролі саўдзельніка ўласных зладзействаў. Уражвальна, што гэтаму гіпнозу імпершчыны і саветчыны паддаюцца ня толькі абыватэлі, але і такія людзі як Салжэніцын [нічога дзіўнага няма па той прычыне, што Салжэніцын імперац. – Рэд.].

Між тым, ні ў адной са сваіх прамоў альбо артыкулаў Віктар Юшчанка не абвінавачвае ў Галадаморы рускіх. Так, украінскія нацыянал-дэмакраты наўпрасткі кажуць, што Галадамор быў “арганізаваны Масквой, вечным ворагам Украіны”. Але Масква – гэта вечны вораг і саміх рускіх, яшчэ з тых часоў, калі маскоўскія дэспаты, карыстаючыся ардынскім “дахам”, падміналі пад сябе незалежныя рускія дзяржавы, а затым на рускіх костках будавалі па лякалах Арды і Візантыі расейскую імперыю (бальшавікі толькі працягнулі гэтую традыцыю цэнтралізму).

Менавіта Масква [імперыякратыя. – Рэд.] стагоддзямі ператварала нас, рускіх, ва ўніфікаваных “маскалёў”, якія па-халопску выхваляюцца “вялікай дзяржавай”, якая ім ніколі не належала. Але сёньня ўсё больш тых, хто супрацьпастаўляе сваю рускасьць маскоўшчыне і масквацэнтрызму. Марудна, але верна ідзе аднаўленьне рускай тоеснасьці праз катэгорыі прагрэсу, заходніцтва, дэмакратыі й рэгіяналізму. Такі рускі нацыяналізм, несумніўна, адчынены для дыялогу з украінскай нацыянал-дэмакратыяй, у асобе якой бачыць натхняльны прыклад. Увогуле толькі саюз дзьвюх нацыянал-дэмакратый – рускай і ўкраінскай [няўжо толькі дзьвюх? мы лічым, што ў такі саюз варта ўключыць (і сістэмна арганізаваць) усіх універсальных нацыяналістаў, зьмястоўных дэмакратаў, сістэмных гуманістаў; але мы – беларусы – напрошвацца ня будзем; дасьпявайце, браты-спадарове. – Рэд.] – можа пасьпяхова вырашыць задачу па культурна-палітычнай рэарганізацыі постсавецкай прасторы.

Рэвалюцыя нацыянальнай памяці ва Украіне набірае абароты. У лістападзе летась, выступаючы ў Кіеве на мерапрыемствах у Дзень памяці ахвяр Галадамору, Віктар Юшчанка заклікаў прыбраць з украінскай зямлі ўсе помнікі саветызму. Па яго словах, Украіна “павінна апрануць чыстую кашулю і прыбраць зь цела сімбалы таталітарнага рэжыму”.

Пара б і нам, рускім, падумаць пра тое ж і садраць зь сябе брудныя лахманы імпершчыны і саветчыны – пакуль не давялося аддзіраць іх ад сябе зь мясам.

 

Аляксей Шырапаеў

 

Ад рэдакцыі:

Мы шмат што каментавалі па ходу тэкста, таму хочам зьвярнуць увагу толькі на дзьве рэчы:

– на ўражвальна блізкі зьмест артыкула таму, пра што ўжо шмат часу пішам мы;

– на тое, наколькі выніковым зьяўляецца правільнае выкарыстаньне тэрмінаў. Не “Крэмль”, не “Масква”, не “Расея”, не “Імперыя”, як у аўтара, а “імперыякратыя”, як вось ужо 2 гады адкрыта заклікаем казаць і пісаць мы. Зьвярніце ўвагу, колькі канструктыву дае дадзенае паняцьце і ў ідэалагічнай, і ў прапагандысцкай (што таксама важка) сьферах.

 

 

2 каментарыя

  1. Владимир кажа:

    Как это по-русски наивно! Самомнение смирения, как и сто лет назад. Словами классика:”Русский – он или апокалиптик, или нигилист. Если уж перейдет в католичество, то обязательно иезуитом станет”.

    Жаль, но эта очередная наивная крайность – лишь смена алкоголизма на наркоманию.

  2. Актывіст кажа:

    Уладзімер, я думаю, на сваім прыкладзе Вы толькі падцвярджаеце тэзу пра cкрайнасці рускіх 😉

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы