Зьбігнеў Бжэзінскі (“The Washington Quarterly”, паводле inosmi.ru/stories/01/05/29/2996/240172.html)
З ног да галавы апрануты ў чорнае – нават вадалазка была менавіта гэтага колеру (вядома, што такому стылю ў свой час аддаваў перавагу Беніта Мусаліні) – былы палкоўнік КГБ, а цяпер прэзідэнт Уладзімір Пуцін выступаў перад тысячамі ўсхваляваных маладых прыхільнікаў, якія сабраліся на маскоўскім стадыёне 21 лістапада 2007 г. Лейтматывам яго прамовы стала ксенафобскае папярэджаньне аб нелаяльнасьці ў адносінах да дзяржавы, накіраванае супраць расейскіх дэмакратычных недзяржаўных агранізацый, якія атрымліваюць субсідыі з-за мяжы. “На жаль, можна знайсьці яшчэ ўнутры краіны тых, хто “шакаліць” каля замежных пасольстваў, … разлічвае на падтрымку замежных фондаў і ўрадаў, а не на падтрымку свайго ўласнага народу”, – грымеў Пуцін пад акампанемент патрыятычных песень савацкай эпохі, якія несьліся з рэпрадуктараў; натоўп махаў расейскімі сьцягамі.
Праз некалькі дзён той жа Пуцін, здавалася б, схіліўся перад аўтарытэтам расейскай канстытуцыі і пацьвердзіў, што, як мае быць, пакіне пост прэзідэнта пасьля заканчэньня другога тэрміну ў сакавіку 2008 г. Гэты крок, аднак, суправаджаўся “памазаньнем” яго асабіста выбранага пераемніка – даўняга падначаленага па бюракратычных структурах і партнэра па бізнэсе Дзьмітрыя Мядзьведзева. У наступны дзень чалавек, “прызначаны” на будучага пэзідэнта, выказаў надзею, што Пуцін пагодзіцца заняць у новай адміністрацыі пост прэм’ер-міністра. З улікам характара палітычнай улады ў Расеі выбары праз гэта пераўтвараліся ў фарс, а аўтарытэт пуцінскага пераемніка быў, у існасьці, скасаваны. Як заўважыў адзін з вядучых расейскіх эксьпертаў, “Пуцін – не адыходзіць, ён проста мяняе свой статус. Ён быў “нацыянальным мэнэджэрам” краіны, а пасьля сакавіка стане яе нацыянальным лідэрам”. У фашыстоўскай Італіі намінальным галавой дзяржавы быў кароль, але рэальная улада належала “нацыянальнаму лідэру” – Дучэ.
Якое месца прызначыць гісторыя ў сваім пантэоне для чалавека, якога амерыканскі прэзідэнт [Буш малодшы. – Рэд.] аднойчы назваў “роднаснай душой”, у гонар якога англійская каралева зладзіла сьвяточны банкет у Букінгемскім палацы, чый дзень нараджэньня прэзідэнт Францыі жадаў афіцыйна адсьвяткаваць у межах сустрэчы, дзе, згодна з ідэяй, павінны былі ўдзельнічаць толькі прадстаўнікі краінаў НАТА (нават не параіўся з кіраўніцтвам Латвіі, дзе праходзіла паседжаньне), чалавеку, які здолеў “купіць з патрахамі” былога германскага канцлера [гаворка пра Шродэра. – Рэд.], зрабіўшы яго бізнэс-партнэрам, перад якім былы італьянскі прэм’ер [гаворка пра Берлусконі ці Продзі. – Рэд.] ледзь не схіляўся ў глыбокім паклоне? Лісьлівасьць заходняй прэсы, якая суправаджала імклівае ператварэньне Пуціна ў сусьветна вядомага чалавека, узьнесла яго на такі п’едэстал, на якім не апынаўся ніводны расейскі лідэр у гісторыі – нават Аляксандра І пасьля перамогі над Напалеонам усхваляваныя дáмы ў лонданскіх, парыскіх і венскіх салонах не ўзносілі з такім імпэтам.
Часткова адказ на данае пытаньне зьвязаны з доўгатэрміновымі негатыўнымі наступствамі, у якія прынятыя Пуціным рашэньні, пры ўсёй іх відавочнай кароткатэрміновай выніковасьці, хутчэй за ўсё выльюцца для расейскай палітычнай сістэмы і геапалітычных персьпектываў. Каб адказаць на яго [на пытаньне пра месца ў гістарычным пантэоне. – Рэд.], трэба таксама параўнаць сітуацыю, якая складваецца сёньня ў Расеі ў выніку палітыкі, што праводзіцца Пуціным на пасадзе галавы дзяржавы, з магчымымі альтэрнатыўнымі “пладамі” яго прэзідэнцтва, улічваючы пры гэтым складаныя зьявы, якія дамінавалі ў краіне ў пачатку 2000 г., калі Пуціна аналагічным чынам “выбрала” ў якасьці наступнага лідэра занепакоенае атачэньне яго хворага папярэдніка. Кантраст паміж тым, што адбываецца сёньня, і тым, што магло адбыцца, такім чынам, стане падставай для больш глыбокай гістарычнай ацэнкі.
Матывацыя Пуціна
На пачатак было б дарэчы спыніцца на нешматлікіх вядомых даных пра ўнутраную матывацыю чалавека, які за восем гадоў – прызнáем гэта – здолеў стабілізаваць расейскую эканоміку і вярнуць народу нацыянальны гонар, шмат у чым за кошт выкарыстаньня ў палітычных мэтах нечакана ўзрослых прыбыткаў, зьвязаных з попытам на расейскія энэрганосьбіты на міжнародным рынку. Пуцін набыў унутры краіны шырокую папулярнасьць з-за таго, што ён скончыў з сацыяльным хаосам, які быў выкліканы распадам Савецкага Саюзу і наступнай бязладнай [злачыннай. – Рэд.] прыватызацыяй дзяржаўных прадпрыемстваў, за кошт якой празмерна ўзбагаціліся найбольш прадпрымальныя расейскія “прыватызатары” і некаторыя зь іх заходніх “кансультантаў”.
Шмат каго з расейцаў – а таксама замежных турыстаў і поўных энтузіязму патэнцыйных інвестараў – зачароўвае наноў набытая бліскучая пыха Масквы і адноўлены ва ўсёй былой вялікасьці Санкт-Пецярбург. Адраджэньне гонару расейцаў за сваю краіну цалкам зразумелае, калі ўспомніць, якое пачуцьцё прыніжэньня выклікаў у іх гвалтоўны распад СССР і ельцынская эпоха, якую яны асацыявалі з анархіяй і рабаўнічым капіталізмам. Шмат хто з суайчыньнікаў атрымлівае задавальненьне ад падвышанай увагі да Пуціна на міжнароднай арэне; іх уражвае і вяртаньне Крамля да пампезных цырымоніяў часоў царскай імперыі. Дзякуючы тэлебачаньню кожны расеец можа перыядычна стаць “госьцем” Крамля: пачуць урачысты сьпеў фанфар і ўбачыць, як гвардэйцы ў тэатральна пышных мундзірах расчыняюць гіганцкія дзьверы ў залачоную залю, дзе прадстаўнікі расейскай эліты [імперыякратыі ды алігархіі. – Рэд.], стаўшы ўздоўж чырвонай дывановай дарожкі, паклонамі вітаюць Пуціна, які ідзе па ёй энергічнай хадой.
Відавочна, што аднаўленьне магутнасьці й прэстыжу Расеі Пуцін з самага пачатку лічыў сваёй першаступеннай задачай. Але сама канстатацыя гэтага факта не прасьвятляе, як менавіта ён вызначаў гэтую магутнасьць і прэстыж, якія грунтоўныя перакананьні кіравалі ім у гэтым імкненьні, якія каштоўнасьці, па меркаваньні Пуціна, павінна была выяўляць Расея, і як ёй трэба было ставіцца да ўласнага нядаўняга мінулага. Сам Пуцін ніколі дакладна не выкладаў сваіх матываў. У выніку падставай для гіпатэтычнай ацэнкі некаторых яго асабістых памкненьняў могуць быць адрывачныя ўскосныя даныя, а таксама аналіз канкрэтных вынікаў яго палітыкі.
Самым красамоўным сьведчаньнем, бадай што, варта прызнаць адно яго выказваньне падчас публічнага выступу з чарговым пасланьнем да Федэральнага сходу ў 2005 г. Без долі сумневу ён абвясьціў у якасьці практычна самавідавочнай ісьціны: распад Савецкага Саюзу стаў “буйнейшай геапалітычнай катастрофай 20 стагоддзя”. Гэтай – далёка не пустой – заявай ён рэзка дыстанцаваўся ад двух сваіх непасрэдых папярэднікаў, якія віталі мірны дэмантаж савецкай імперыі як перамогу расейскага народу на шляху да дэмакратыі. Нягледзячы на тое, што на працягу аднаго стагоддзя яго краіна перажыла дзьве надзвычай крывавыя і разбуральныя сусьветныя вайны, а таксама разгул камуністычнага тэрору і ГУЛАГ, Пуцін дакладна прадэманстраваў, што яго хвалюе перад усім вяртаньне Расеі статуса сусьветнай дзяржавы.
Гэты адметны эпізод таксама дазваляе меркаваць, што яшчэ адна рэпліка, якая ўспрымалася спачатку як жарт, магла мець пад сабой больш сур’ёзную падставу: гаворка пра дзіўны “рапарт” Пуціна сваім былым начальнікам з КГБ у 2000г. на сьвяткаваньні “Дню чэкіста”, які быў устаноўлены ў гонар савецкіх органаў дзяржбясьпекі – ЧК-НКВД-КГБ. Прыехаўшы ў сумна вядомую штаб-кватэру гэтай арганізацыі на Лубянцы ўжо ў якасьці прэзідэнта Расеі, Пуцін тым не менш паводзіў сябе, як быццам заставаўся яе супрацоўнікам – адсалютаваў сваім былым камандзірам і даклаў: “Заданьне нумар адзін па авалоданьні поўнай уладай у краіне выкананае”. Ці не была гэтая загадкавая фраза невыразным намёкам на нейкую мэту, якую паставіла перад сабой група маладых і адданых супрацоўнікаў КГБ (улучна з Пуціным), якія засталіся не пры справах і былі абураныя марным канцом савецкай улады?
У перыяд “зьмярканьня” СССР супрацоўнікі КГБ уяўлялі зь сябе прывілегіраваную эліту [ніхто ня можа быць сапраўднай элітай без маралі й высакародных мэт; расейская палітычная “элітара” цяпер мае выключна прымітыўная, эгаісычна-паразітныя мэты. – Рэд.], якая аб’ядноўвала самых таленавітых і амбіцыйных людзей, народжаных савецкай сістэмай. Стаўшы прэзідэнтам, Пуцін напоўніў Крэмль выхадцамі з гэтай неардынарнай арганізацыі – так званымі “сілавікамі”. Можна меркаваць, што асаблівае незадавальненьне ў сувязі з крушэньнем СССР адчувалі тыя, хто не пасьпеў дасягнуць вяршыняў савецкай сістэмы, але ўжо паспытаў яе дабротаў. У шэрагах гэтай групы імкненьне скасаваць наступствы крушэньня і вярнуць сабе захапляльнае адчуваньне ўлады, верагодна, было распаўсюджанае больш, чым у любых іншых катэгорыях былога савецкага чыноўніцтва.
Сваё асабістае меркаваньне аб злачынствах Іосіфа Сталіна Пуцін ніколі не выказваў колькі-небудзь вычарпальна ці эмацыйна. Перыядычна ён асуджаў сталінізм, але чыста фармальна, а дань памяць яго ахвярам аддаваў толькі ў мінімальнай ступені. У адным з рэдкіх інтэрвю, дзе ён распавядаў пра сваю сям’ю, Пуцін з асаблівай чульлівасьцю казаў пра свайго дзеда, нягледзячы на тое – а магчыма, наколькі можна было зразумець з яго рэплік, часткова менавіта з-за гэтага – што ён служыў у органах дзяржбясьпекі і абслугоўваў асабіста Уладзіміра Леніна, а затым і Сталіна. (Калі ў якога-небудзь германскага лідэра знайшоўся крэўны, што аддана служыў Адольфу Гітлеру, гэта выклікала б міжнародны вэрхал) [гэтае параўнаньне ёсьць яскравае сьведчаньне таго, што ёсьць Захад – па сутнсьці, скопішча цынікаў (гэтага злодзея асуджаем, а гэтага, большага, не заўважаем). – Рэд.]. Тое, што Пуцін публічна ўдзельнічае ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных заснавальніку савецкай тайнай паліцыі, афіцыйна выказваецца супраць прызнаньня ва Украіне актам генацыду масавага голаду, выкліканага сталінскай калектывізацыяй, і негатыўна ставіцца да таго, што ў Прыбалтыцы і Польшчы ўшаноўваюць памяць ахвяраў масавых забойстваў, зьдзейсьненых савецкімі ўладамі, сьведчыць пра яго вельмі “пераборлівым” падыходзе да савецкага мінулага.
Акрамя таго, асаблівая лютасьць, якую выявіў Пуцін падчас вырашэньня чачэнскай праблемы адразу пасьля ўзыходжаньня на высокую пасаду, улучна зь яго вульгарнай публічнай рэплікай пра тое, дзе менавіта варта зьнішчаць удзельнікаў чачэнскага супраціву, стварае ўражаньне, што расейскі лідэр з самага пачатку ставіў перад сабой задачу не толькі ўрэгуляваць гэты крызіс, які спасьціг постсавецкую Расею, але і вярнуць Маскве застрашальную магутнасьць, якую яна мела ў савецкія часы. Пуцін катэгарычна адрынуў некалькі спробаў памяркоўных чачэнцаў і замежных пасярэднікаў знайсьці кампрамісную формулу мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, заснаваную на пашырэньні аўтаноміі рэспублікі. У любым выпадку шматгадовая бесперапынная аперацыя па здушэньні супраціву чачэнцаў, ахвярамі якой сталі, верагодна, больш за 100.000 жыхароў рэспублікі [па зьвестках чачэнцаў – 250.000! – Рэд.], вылілася ў два непасрэдных і важкіх вынікі сістэмнага характару. Па-першае, яна прывяла да ўмацаваньня і рэабілітацыі [гэта не рэабілітацыя, а вяртаньне да ўспрыняцьця асатанеласьці, як нормы; да былога зла дадалося новае. – Рэд.] аслабелых і дэмаралізаваных савецкіх органаў бясьпекі, стварыўшы тым самым палітычную базу для гегемоніі сілавікоў ў Крамлі, і, па-другое, накіравала рускі нацыяналізм [ды шавінізм гэта, ша-ві-ні-зм! – Рэд.] у антыдэмакратычнае рэчышча ксенафобіі.
Да 2004 г. два непасрэдных папярэдніка Пуціна, Барыс Ельцын і Міхаіл Гарбачоў, ужо ўказвалі на негатыўныя палітычныя наступствы бесперапыннай вайны супраць чачэнцаў. Ельцын выказаўся з уласьцівай для яго праматой: “здушэньне свабодаў, скасаваньне дэмакратычных правоў – гэта і ёсьць, у тым ліку, перамога тэрарыстаў”. Гарбачоў пайшоў яшчэ далей, заклікаючы пачаць працэс палітычнага ўрэгуляваньня: “Трэба … ісьці на перамовы з памяркоўнымі баевікамі, адсякаць іх ад зацятых экстрэмістаў”. Пуцін застаўся неперакананы.
Яшчэ адным “ключыкам” можа служыць відавочная асабістая варожасьць Пуціна да аднаго расейскага алігарха, які меў сьмеласьць заявіць, што межы, якія раздзяляюць палітычны і фінансавы сектары ў постсавецкай Расеі, не павінныя ў чарговы раз размывацца. Якія б ні былі грахі Міхаіла Хадаркоўскага падчас прыватызацыі паводле прынцыпа “выжывае мацнейшы” ў ельцынскую эпоху, на пачатак ХХІ стагоддзя ён сам і яго нафтавая кампанія “ЮКОС” сталі сімваламі эканамічнай сістэмы, набліжанай да свабоднага рынку ў яго заходнім разуменьні [нашае меркаваньне іншае: якія б ні былі дасягненьні ЮКАСа ў набліжэньні да стандартаў заходняй эканамічнай сістэмы, усё гэта ня мае ніякага значэньня і поўнасьцю дыскрэдытуецца “грахамі” Хадаркоўскага ў час прыхватызацыі, на справе – маштабнага злачыннага крадзяжу, ельцынскай пары. – Рэд.]. У той жа час усё больш актыўная падтрымка алігархам недзяржаўных дэмакратычных грамадскіх арганізацый – як унутры краіны, так і за яе межамі – адлюстроўвала канцэпцыю палітычнага плюралізму, варожую пуцінскім, больш традыцыйным уяўленьням аб адроджанай Расеі.
25 кастрычніка 2003 г. Хадаркоўскі быў арыштаваны, а 31 траўня 2005 г. асуджаны да дзевяці гадоў турмы. Яго арышт, судовая справа і доўгае знаходжаньне за кратамі, як і антычачэнская кампанія, выліліся ў далёка прасунутыя наступствы сістэмнага характару. Вынікам стаў “шлюб” палітычнай улады з матэрыяльным багацьцем – пераход Расеі на рэйкі дзяржаўнага капіталізму. Іншыя алігархі, застрашаныя, як баяры ў далёкія часы, схіліліся перад уладай, атрымаўшы наўзамен дазвол захаваць сваю маёмасьць, праўда, пры ўмове, што будуць дзяліцца ёю з уладутрымаючымі. Дагаджальніцтва алігархаў стала нормай.
Згодна з паведамленьнямі расейскіх крыніцаў, сам Пуцін за гэты перыяд незвычайна пабагацеў, што ня можа не выклікаць падазрэньняў. У пачатку ельцынскай эпохі ён быў намесьнікам мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака, пра якога хадзілі настойлівыя чуткі, што ён замешаны ў карупцыі. Падчас другога прэзідэнцкага тэрміну Пуціна некаторыя з гэтых чутак ізноў выплылі на паверхню: у прыватнасьці, яго імя зьвязвалася з сумніўнымі справамі ў Фінляндыі. У лістападзе 2007 г. старшы навуковы супрацоўнік Інстытута міжнароднай эканомікі імя Петэрсона (Peterson Institute for International Economics) Андэрс Аслунд (Anders Aslund), узяўшы за аснову канкрэтныя сцьвярджэньні расейскіх і германскіх крыніцаў аб асабістай маёмасьці Пуціна, падлічыў, што яна павінна сягаць 41 мільярда даляраў. У значнай меры гэтая маёмасьць, як сцьвярджаецца, складаецца з каштоўных папераў падкантрольных дзяржаве паліўна-энергетычных кампаній; у тым ліку 37% акцый “Сургутнафтагага” і 4,5% акцый “Газпраму”.
Мабыць, адной з галоўных прычынаў нежаданьня Пуціна адмовіцца ад палітычнай улады была занепакоенасьць тым, як захаваць гэтае багацьце пасьля адыходу з пасады кіраўніка дзяржавы. “Сілавікі” таксама ўзбагаціліся на прыкладзе “ўласьнікаў” дзяржавы ў Нігерыі і Саўдаўскай Аравіі; частка іх капіталаў разьмешчаная за мяжой. На фоне разбэшчвальнага зьліцьця палітычнай улады і асабістага ўзбагачэньня ў сучаснай Расеі прывілеі савецкай камуністычнай наменклатуры падаюцца дробязьзю. І цяперашні “прастолапераемнік” Пуціна Мядзьведзеў, які на працягу шмат гадоў ачольваў Адміністрацыю прэзідэнта і адначасова раду дырэктараў “Газпрама” – зьяўляецца ўвасабленьнем гэтай “змычкі”.
Паўсюдная карупцыя сярод уладутрымаючых хутчэй за ўсё выльецца ў адзін з ускосных, непрадбачаных вынікаў. У доўгатэрміновай персьпектыве, як і ў іншых багатых на энэргарэсурсы краінах, дзе ўзьнікала аналагічная тэндэнцыя, карумпаванасьць эліты, у тым ліку разьмяшчэньне асабістых зьберажэньняў за мяжой, можа стаць галоўнай прычынай абурэньня ў грамадстве – асабліва пасьля таго, як запасы сыравіны вычэрпаюцца. У кароткатэрміновым жа плане яна прымушае карупцыянераў інстынктыўна займаць “абарончую пазіцыю” – адсюль і кан’юнктурнае імкненьне Пуціна выкарыстаць нацыяналізм і ксенафобію ў якасьці прылады, пакліканай мабілізаваць грамадства ў падтрымку ўладутрымаючых, і адначасова адцягнуць яго ўвагу ад прывілегіяў апошніх.
Усё гэта не падобнае на вобраз палітычнага фанатыка-дактрынёра, які імкнецца адрадзіць сталінізм і Савецкі Саюз. Пуцін уяўляецца хутчэй бязьлітасным спараджэньнем КГБ, метадычным і рашучым нацыяналістам [шавіністам. – Рэд.], які імкнецца вярнуць Расеі былую магутнасьць, выкарыстоўвае з кан’юнктурнымі мэтамі нечакана праліты на Расею “залаты дождж”, і адначасова не цураецца бяз лішняга шуму атрымліваць асалоду ад матэрыяльных карысьцяў палітычнай улады і патаемна іх памнажаць. Савецкае выхаваньне пабуджае яго з недаверам ставіцца да дэмакратыі, а гонар за Савецкі Саюз перашкаджае асудзіць злачынствы сталінізму. Па меркаваньні Пуціна і яго “сілавікоў, усталяваньне сапраўднага дэмакратычнага ладу паставіла б пад пагрозу і іх уладу, і іх маёмасьць. Такім чынам, спалучэньне нацыяналістычнай [шавіністычна-імперскай. – Рэд.] ганарыстасьці й эгаістычных матэрыяльных інтарэсаў прымушае іх будаваць дзяржаву, пазбаўленую сталінскага таталітарызму ці савецкага калектывізму, але з адначасовым адрынаньнем палітычнага плюралізму і па-сапраўднаму свабоднага рынку. У гэтай сістэме дзяржава і эканоміка зрастаюцца і ў тэорыі, і на практыцы.
Аб ідэалогіі італьянскага фашызму, зь яго фанабэрыстым стылем і марным зьместам, нагадвае і той факт, што ў выступах Пуціна не прагледжваецца цэласнай канцэпцыі таго, якой павінна стаць расейская дзяржава, эканоміка і грамадства. Нацыяналістычнае “лакіраваньне” мінулага і неакрэсьленыя ўспаміны пра “сувярэнную дэмакратыю” не даюць колькі-небудзь дакладных арыентыраў адносна будучыні краіны. Пуцін, як правіла, засяроджвае ўвагу на кароткатэрміновай персьпектыве, робіць акцэнт на такіх рэчах, як нацыянальная годнасьць, магутнасьць, статус на сусьветнай арэне і эканамічны прагрэс, але не грунтуецца на якой-небудзь больш маштабнай дактрынальнай схеме. Лейтматывам яго рыторыкі звычайна зьяўляюцца ўмацаваньне дзяржавы, максімальнае памнажэньне яе багацьцяў, а таксама дэманізацыя яго ўнутраных і вонкавых ворагаў. На ўзроўні палітычнай сімволікі яго вобраз – як у навочнай агітацыі, так і на тэлебачаньні – персаніфікуе “трыюмф волі”.
Так ці інакш, фактычны кантроль над палітычнымі магчымасьцямі й фінансавымі актывамі дзяржавы, а таксама дэзарыентацыя грамадскасьці дазваляюць Пуціну прымаць рашэньні, якія ў сукупнасьці штурхаюць Расею ў тры наступныя кірункі: у палітычным плане – да ўсё больш рэпрэсіўнага аўтарытарнага рэжыму, у эканоміцы – да цэнтралізаванага карпаратыўнага этатызму, а ў зьнешняй палітыцы – да яўна рэваншысцкай пазіцыі. Кожны з гэтых кірункаў адлюстроўвае ня толькі асабістыя схільнасьці Пуціна, але і агульныя інтарэсы яго адзінадумцаў – вышэйшай палітычнай эліты. Але такі шлях разьвіцьця ў доўгатэрміновым плане стварае для краіны небясьпекі. Такім чынам, у межах крытычнага аналізу дзейнасьці Пуціна трэба таксама адказаць на пытаньне: ці існавалі рэальныя доўгатэрміновыя альтэрнатывы да таго выбару, які ён робіць ад імя Расеі.
Дзяржава: рэпрэсіўны аўтарытарызм замест паступовай інстытуцыяналізацыі дэмакратычнага прававога строю ў працэсе яго фармаваньня
Не будзем пярэчыць: на момант прыходу Пуціна да ўлады сацыяльна-эканамічная сістэма Расеі была разладжаная. Наперакор сьцьвярджэньням яго апанентаў, гэтае сацыяльна-эканамічнае бязладдзе не было спынена, як паасобку, так і ў сукупнасьці: ні бязьлітаснымі рэпрэсіямі супраць чачэнцаў; ні паказальным працэсам над Хадаркоўскім і канфіскацыяй яго актываў; ні ўсё большым падпарадкаваньнем тэлебачаньня і радыё палітычнаму кантролю; ні паэтапным аднаўленьнем цэнтралізаванага палітычнага кантролю над расейскімі рэгіёнамі, з усімі іх разнастайнымі асаблівасьцямі; ні маніпуляцыямі з выбарным працэсам; ні ростам умяшальніцтва дзяржавы [імперыякратыі. – Рэд.] ў дзейнасьць няўрадавых дэмакратычных арганізацый на той падставе, што яны пагражаюць суверэнітэты Расеі; ні стварэньнем ўладамі палітычных партыяў, якія маюць прывілегіраваны доступ да СМІ; ні абмежаваньнем актыўнасьці апазіцыйных партыяў паліцэйскімі метадамі; ні падтрыманым уладамі нацыяналістычным [праімперскім. – Рэд.] моладзевым рухам “Нашы”, адданым асабіста Пуціну; ні наўмысным надзіманьнем у кантралюемых дзяржавай СМІ ксенафобскіх настрояў дзеля ўмацаваньня “нацыянальнага адзінства”. Кульмінацыяй усяго пералічанага стала непрыхаваная маніпуляцыя палажэньнямі канстытуцыі – а прыняцьце гэтага Асноўнага закона ў свой час расцэнівалася як доказ канчатковага ўваходжаньня Расеі ў дэмакратычную суполку нацый.
Палітычную атмасьферу ў Расеі яшчэ больш атручваюць загадкавыя забойствы незалежных журналістаў, яўна абыякавае стаўленьне Пуціна да забойства галоўнага крытыка яго палітыкі ў Чачні Ганны Паліткоўскай, і публічна агалошанае рашэньне аб наданьні ФСБ паўнамоцтваў на правядзеньне “ліквідацыяў” за мяжой, за якім неўзабаве адбылося шакуючае забойства ў Лондане “парушальніка спакою” – перабежніка з ФСБ Аляксандра Літвіненкі. Метад, які быў абраны для ліквідацыі Літвіненкі, дазваляе меркаваць, што яго арганізатары наўмысна рабілі высілкі дзеля таго, каб замесьці сьляды гэтага забойства і адначасова паддаць ахвяру максімуму пакутаў, каб даць навочны ўрок усім незадаволеным супрацоўнікам ФСБ, якія вырашаць бегчы за мяжу па палітычных матывах.
Хаця забойствы Паліткоўскай і Літвіненкі прыцягнулі найбольшую ўвагу СМІ, іх, як бачна з Табліцы 1, нельга лічыць адзінкавымі выпадкамі.
Табліца 1. Палітычна значныя забойствы.
27 ліпеня 2006 г., неўзабаве перад забойствам Ганны Паліткоўскай, арганізацыя “Рэпартэры без межаў” сьцьвярджала: “З 2000г. у Расеі не менш за 13 журналістаў былі забітыя па прычынах, зьвязаных зь іх прафесійнай дзейнасьцю, і ніводная з гэтых справаў да гэтага часу не раскрытая ўладамі”. Па даных неўрадавай арганізацыі “Камітэт па абароне журналістаў” з 2000 г. у Расеі за выкананьне свайго прафесійнага абавязку былі забітыя 14 супрацоўнікай СМІ. Ніводнае з гэтых злачынстваў не раскрытае, а 13 зь іх яўна зьяўляліся замоўленымі забойствамі.
У большасьці пералічаных выпадкаў у ахвяраў былі “непажаданыя” палітычныя погляды, а вінаваўцы да гэтага часу не арыштаваныя, што павялічвае падазрэньні адносна таго, што гэтыя забойствы мелі палітычны характар і ажыцьцяўляліся пад абарончым “парасонам” дзяржавы.
Калі народ ператвараецца ў паслухмянае быдла, то такая краіна слабее і можа нават знікнуць.
Сяргею.
Гэта зразумела, як і тое, што такое “пераўтварэньне” робіць паразітная ўлада (у нас на сёньня цяперская) ці вонкавая паразітная сіла (адносна нас найперш расейская імперыякратыя).
Не зразумела іншае, у якой ступені пры такой сітуацыі ў такім пераўтварэньні народа ў быдла, асабліва, калі яно доўжыцца стагоддзі, вінаваты сам народ.