nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пуцінскі выбар (частка 2)

10 мая, 2008 | Няма каментараў

Зьбігнеў Бжэзінскі

Калі на раньнім этапе, прымаючы адпаведныя рашэньні, Пуцін кіраваўся імкненьнем “пакараць дзеля навукі іншых” чачэнцаў, а затым Хадаркоўскага, дык сталае ўзмацненьне атакаў на прававую спадчыну ельцынскай эпохі шмат у чым зьяўлялася вынікам асабістага і калектыўнага адчуваньня хісткасьці сваіх пазіцый, якое ахапіла расейскую эліту. Каталізатарам тут сталі дэмакратычныя выбары, якія адбыліся ў дзьвюх суседніх постсавецкіх рэспубліках.

Перамога “рэвалюцыі ружаў” у Грузіі ў канцы 2003 г. і “памаранчывай рэвалюцыі” ва Украіне ў канцы 2004 г. выклікала ў Крамлі сапраўдную паніку. Гэтыя рэвалюцыі былі паддадзеныя апантанай крытыцы, як вынік падступнасьцяў ЗША і як папярэднікі аналагічных, арганізаваных звонку замахаў на расейскую “сувярэнную дэмакратыю”. Натхнёная ўладамі публічная кампанія супраць падрыўной дзейнасьці замежнікаў хутка набыла і ўнутрыпалітычную накіраванасьць. Вынікам сталі непрыхаваныя і ўсё больш дэспатычныя маніпуляцыі палітычнімі працэсамі ў Расеі, кульмінацыяй якіх зьявіліся выбары ў Думу ў канцы 2007 г., якія ў існасьці ўяўлялі зь сябе кантраляваны дзяржавай плебісцыт аб даверы да Пуціна. Галоўны парадокс сітуацыі ў тым, што Пуцін напэўна дасягнуў бы посьпеху нават у тым выпадку, калі б выбарны працэс адрозьніваўся сапраўдным спаборніцтвам.

Некаторыя сьцьвярджаюць, што прыпыненьне, а затым і згортваньне дэмакратызацыі ў Расеі былі неабходныя, каб вылечыць адужаўшыя краіну сацыяльна-эканамічныя немачы. Даводзіцца чуць й іншы аргумент: дэмаралізавальны сямідзесяцігадовы савецкі перыяд пакінуў у спадчыну апалітычную культуру, што не спрыяла дэмакратыі. Аднак прыхільнікі гэтых гіпотэзаў ігнаруюць той факт, што суседняя Украіна, якая даўно зьвязаная з Расеяй, блізкая да яе па культуры, перажыла той жа самы савецкі перыяд, а затым і “свабоднае паданьне” пасьля распаду СССР, змагла пераадолець свае ўнутраныя цяжкасьці без павароту ў бок нацыяналістычнай дыктатуры [колькі можна; не “нацыяналістычнай”, а імперскай, шавіністычнай, таталітарнай. – Рэд.]. Ва Украіне некалькі разоў праходзілі прэзідэнцкія выбары, вынік якіх ня быў перадвызначаны заранёў, яна здолела захаваць дзеяздольны парламентарызм і свабоду СМІ. Сёньня яе палітычная культура больш нагадвае еўрапейскую, ды і сама краіна стала бліжэй да Еўропы, чым Расея. А яшчэ дваццаць гадоў таму гэта было не так [Украіне ўдаецца разьвітвацца з савецкім мінутыл у такой степні вынікова, у якой яна ёсьць унітарнай, нацыянальнай (а не імперскай) дзяржавай; для нас усё так проста, для лібералаў усё так скаладана… – Рэд.].

Варта, аднак, адзначыць, што сукупным вынікам пуцінскай адмовы ад дэмакратыі стала ўзьнікненьне палітычнай сістэмы, якая не нагадвала ні савецкую, ні германскую ў перыяд нацызму, ні кітайскую. У адрозьненьне ад сталінскай ці гітлераўскай сістэмы яна, без сумневу, не зьяўляецца таталітарнай. У цяперашняй расейскай дзяржаве няма ГУЛАГу, яна не распрацоўвае планы генацыду, не імкнецца да паўсюднага кантролю над жыцьцём грамадства [дастатковасьць кантролю над грамадствам з боку расейскай імперыякратыі абумоўлена татальнасьцю кантролю над СМІ; пад гэтымі “СМІ” сёньня жывуць ня толькі расеяне, а, на жаль, і мы – беларусы. – Рэд.] і не карыстаецца масавым тэрорам. У адрозьненьне ад таталітарызму, цяперашні расейскі рэпрэсіўны аўтарытарызм пакідае некаторую прастору для іншадумства на індывідуальным узроўні, свабоды слова ў неафіцыйнай абстаноўцы, і тым больш свабоды ў прыватным жыцьці, не зьвязаным з палітычнай сьферай. У доўгатэрміновым плане немалое палітычнае значэньне мае той факт, што грамадзяне маюць права адносна свабодна выязджаць за мяжу – асабліва тыя, каму гэта дазваляе кішэня. Акрамя таго, у адрозьненьне ад кітайскіх рэформаў, сацыяльныя ператварэньні ў Расеі не падпарадкоўваюцца якім-небудзь праграмным усталяваньням.

У канчатковым выніку палітычная ўстойлівасьць пуцінскай аўтарытарнай сістэмы зьяўляецца вытворнай ад нечакана абрынулага на краіну, але, магчыма, недаўгавечнага, багацьця, і поўнасьцю залежыць ад яго. Менавіта з гэтым багацьцем зьвязаныя і пасіўная згода грамадства з падзеямі, і папулярнасьць самога Пуціна.

Тым ня менш, залежнасьць сістэмы ад прытоку капіталаў за кошт здабываньня і экспарту сыравінных рэсурсаў выяўляе і яе фундаментальную слабасьць. У выніку адбываецца непрыхаванае зьбіраньне багацьця на вяршыні ўладнай піраміды, што разбэшчвае, а ўрэшце і дэмаралізуе грамадства. Пакуль тая частка гэтага багацьця, якою ўлада дзеліцца з грамадзянамі, дастатковая, каб падтрымліваць адчуваньне агульнага росту дабрабыту, сацыяльнае бражэньне не адбываецца. Рана ці позна, аднак, незадавальненьне на індывідуальным, мясцовым і рэгіянальным узроўнях, хутчэй за ўсё, пачне накоплівацца і ствараць спрыяльную глебу для бражэньня ў тых слаях грамадства, якія ўжо не ізаляваныя герметычна ад вонкавага сьвету. Расейцы, у адрозьненьне ад жыхароў Нігерыі й Савудаўскай Арабіі, усё больш атаясамляюць сябе ў соцыякультурным плане з заходнім вобразам жыцьця, і гэта, з часам, магчыма, будзе садзейнічаць фармаваньню ў іх больш крытычнай палітычнай сьвядомасьці.

У кожным выпадку, Пуцін спыніў, а затым і павярнуў назад рух расейскай палітычнай сістэмы ў бок сапраўднай прававой дэмакратыі. Сакавік 2008 г. мог бы стаць водападзелам у гісторыі Расеі. Яе дэмакратызацыя пры Ельцыне насіла непасьлядоўны, супярэчлівы, а часам і канфліктны характар. Тым ня менш, 10 гадоў таму краіна была больш свабодная, чым сёньня. Тады яшчэ не адбылася інстытуцыяналізацыя ліберальна-дэмакратычнага ладу [вельмі істотны прагавор: заходнікі, інтэгральную думку якіх адлюстроўвае Бжэзінскі, як мы і падазравалі, сапраўды бачылі будучыню Расеі ў “ліберальным”, а не дэмакратычным ключы; гэтым абумоўлена іх імкненьне ня даць дэзынтэграваць паганую імперыю; што ж, не жадалі забясьпечыць прагрэс чалавецтва па нармальных, сапраўды дэмакратычных законах, атрымаюць па мардасах за свае ліберастычныя мроі – а, на справе, за сваю сквапнасць… – Рэд.], але Расея, няхай і са спатыканьнямі, рухалася менавіта ў гэтым кірунку. У такіх умовах Пуцін усё роўна змог бы займаць пануючыя пазіцыі на палітычнай арэне, атрымліваць перавагі ад паляпшэньня фінансавага стану краіны і выкарыстоўваць іх для ўмацаваньня зародкаў дэмакратыі ў такіх галінах, як забесьпячэньне грамадзянскіх правоў, свабоды самавыяўленьня і арыентацыі на “правілы прыстойнасьці” ў палітыцы. Аднак былая кар’ера ў сьпецслужбах, чыста савецкая вялікадзяржаўная ганарыстасьць, а ўрэшце і непакой за накопленую маёмасьць пабуджалі яго ісьці ў іншым кірунку – да яўнай шкоды для лёсу краіны.

Адным словам, восем гадоў кіраваньня Пуціна сталі перыядам рэгрэсу ў бок свавольства і рэпрэсій у палітычным жыцьці, – а маглі б увайсьці ў гісторыю як гады няхай і сьціплага, але паступовага руху да канстытуцыйнай формы кіраваньня. Паварот у бок аўтарытарызму ў палітычным жыцьці краіны стаў вынікам яго выбару, а не непазьбежнай патрэбы.

Эканоміка: цэнтралізаваны карпаратыўны этатызм замест зьмешанай эканомікі, падвышанай празрыстасьці й панаваньня закона.

Канчатковай задачай створанай Пуціным эканамічнай сістэмы было не разьняволеньне ініцыятывы грамадзянаў дзеля абнаўленьня расейскага грамадства, а ўмацаваньне пазіцый дзяржавы [зноўку маецца на ўвазе імперыякратыі; значна больш прыстойнае разуменьне таго, што ёсьць дзяржава, можна паглядзець хаця б у Лансбергіса (адзін з папярэдніх артыкулаў). – Рэд.]. Яшчэ ў Пецярбургу, працуючы намесьнікам далёка не аськетычнага Сабчака, Пуцін упершыню наўпрасткі сутыкнуўся з прыцягальнай сілай грошай і радасьцямі, якія давала патаемна накопленая маёмасьць. Для былога афіцэра КГБ, які атрымліваў сьціплы заробак, гэта, мабыць, было новае і захапляючае адчуваньне. Наўрад ці яно спарадзіла ў ім настальгію па сьціплым вобразе жыцьця ў савецкую эпоху. Але ён, без сумневу, усьвядоміў, наколькі магутную формулу ўяўляе зь сябе спалучэньне палітычнай улады і асабістага багацьця.

Калі Пуцін стаў кіраўніком постсавецкай Расеі, яго крокі па ажыцьцяўленьні гэтага сімбіёзу на практыцы падмацоўваліся імператывамі расейскай эканомікі, якая была разладжанай, згубіла шлях, страціла арыентыры. Аб’ём валавога нацыянальнага прадукта (ВНП) гвалтоўна скараціўся – настолькі, што гэта спараджала сумныя паралелі зь вялікай дэпрэсіяй у ЗША. Асабліва моцна пацярпеў савецкі сярэдні клас – работнікі бюракратычнага апарату, якія і раней не маглі пахваліцца асабліва высокім узроўнем жыцьця. Рэгіёны, якія на працягу стагоддзяў знаходзіліся пад кіраўніцтвам Масквы, раптам сталі незалежнымі дзяржавамі, сталі патрабаваць павагі да свайго суверэнітэту і права на валоданьне актывамі, што знаходзіліся на іх тэрыторыі. Тыповы ў гэтым плане лёс гіганцкай кампаніі “Аэрафлот”: новыя незалежныя дзяржавы “атрымалі ў спадчыну” тыя зь яе самалётаў, якія знаходзіліся на іх аэрадромах у дзень “роспуску” СССР. Адначасова, праводзімая паводле прыцыпу “хапай, што дрэнна ляжыць” прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, якія працавалі раней у межах планавай эканомікі, прывяла да сумніўнага з юрыдычнага пункту гледжаньня, але казачнага ўзбагачэньня вузкай купкі людзей [па ўсіх аб’ектыўных адзнаках гэтая група самым шчыльным чынам па сваім паходжаньні зьвязана з сіянакратыяй; Бжэзінскі гэта несумніўна ведае, але сказаць ня можа…. – Рэд.]. Дзяржаўны рознічны гандаль папросту абваліўся: яму наўзамен спачатку прыйшлі прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы, якія часта ўяўлялі зь сябе проста вулічныя латкі й шапікі.

У гэтых умовах аднаўленьне палітычнага кантролю над эканамічным жыцьцём краіны ўяўлялася прывабным спосабам вырашэньня праблемы ў кароткачасовай персьпектыве. Прымусовы сімбіёз пуцінскіх сілавікоў з новай алігархічнай праслойкай у літаральным сэнсе падсілкоўваўся ад павелічэньня, дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў, прытоку ліквіднасьці й замежных інвестыцый, у асноўным зьвязанаму з ростам попыту на расейскія энэрганосьбіты ў Еўропе. У выніку станоўчае сальда гандлёвага балансу Расеі ў канцы 2007 г. склала прыстойныя 128 мільярдаў даляраў, а аб’ём золатавалютных рэзерваў дасягнуў 466 мільярдаў даляраў. У працэсе паскарэньня тэмпаў росту ВНП на 2003 г. ён дасягнуў узроўню дакрызіснага 1990 г. і працягвае павялічвацца ў сярэднім на 6% ў год – плады суіснаваньня дзяржаўнай улады з матэрыяльным узбагачэньнем у Крамлі пачалі распаўсюджвацца на больш шырокае кола асобаў, але разьмяркоўваюцца яны яшчэ больш нераўнамерна.

Вынікі эканамічнага ажыўленьня асабліва кідаюцца ў вочы ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе – часткова гэта зьвязана з палітычнымі рашэньнямі па рэалізацыі самых “заўважальных”, прэстыжных праектаў, пакліканых служыць доказам аднаўленьня ранейшага статусу Расеі на міжнароднай арэне, а часткова з тым, што менавіта ў гэтых двух гарадах традыцыйна засяроджаная сацыяльна-палітычная эліта краіны. Хаця іншыя рэгіёны зьмены закранулі ў меньшай ступені, а ў вёсцы іх практычна ня бачна, эканамічнае ажыўленьне ўплывае і на больш шырокія колы грамадства. Яно стымулюе зараджэньне сярэдняга класу, у складзе якога расьце доля людзей, якія займаюцца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, ці, прынамсі, працуюць за межамі дзяржсектара, і чыё імкненьне да больш высокага ўзроўню жыцьця ўсё больш вызначаецца сусьветнымі стандартамі спажываньня, што характэрны для гарадскіх слаёў у эпоху глабалізацыі. Для новага сярэдняга класу, не кажучы ўжо пра сапраўды багатых і ўплывовых людзей, вобраз жыцьця, які адрозьніваў савецкую эпоху, канчаткова адышоў у мінулае і не выклікае ніякай настальгіі.

Аднак карціна падзеяў становіцца не такой адназначнай, калі ад кароткачасовай персьпектывы, у існасьці зьвязанай з пільна патрэбным ажыўленьнем эканомікі, зьвярнуцца да доўгатэрміновай – г.зн. будучаму дабрабыту расейскага грамадства і канкурэнтаздольнасьці краіны на сусьветнай арэне. У тым, што датычыцца апошняй, негатыўны ўплыў на персьпектывы Расеі, хутчэй за ўсё, будуць аказваць дзьве вызначальныя характарыстыкі расейскай эканомікі пры Пуціне. Першая зьвязаная з тым, што рашэньні агульнанацыянальнага маштаба ў эканамічнай сьферы прымаюцца вузкім колам уплывовых у палітычным плане чыноўнікаў, якія часта да таго ж валодаюць буйнымі асабістымі маёмасьцямі. Другая – зьяўленьне ў народнай гаспадарцы шэрагу карпарацый з непразрыстай структурай уласьніцтва (напрыклад, асноўных энэргетычных кампаніяў, прамысловых прадпрыемстваў і банкаў), якія ў сукупнасьці маюць пераважную ролю ў паўсядзённым эканамічным жыцьці краіны. Многія малыя прыватныя прадпрыемствы ў апошнія гады практычна не разьвіваюцца, у той час як буйныя карпарацыі дэманструюць значны рост.

Вынікам стала ўзьнікненьне сістэмы “карпаратыўнага этатызму”, у межах якой уладутрымаючыя паводзяць сябе як уласьнікі кампаній, хаця не зьяўляюцца імі юрыдычна, а законныя гаспадары – іх імёны часта невядомыя – дзеляцца прыбыткамі з прадстаўнікамі палітычнай вярхушкі і прымаюць рашэньні разам зь імі.

Найбольш пасьлядоўна аргументы на карысьць тэзіса аб тым, што пры Пуціне Расея ператварылася ў “карпаратыўную дзяржаву”, выкладае былы эканамічны дарадца расейскага прэзідэнта, а цяпер адзін зь яго суворых крытыкаў Андрэй Іларыёнаў. Яго высновы адносна наступстваў такога разьвіцьця падзеяў для будучыні Расеі несуцяшальныя: “Сёньня, у пачатку ХХІ стагоддзя, абраньне такой сістэмы азначае нішто іншае, як сьвядомы выбар сацыяльнай мадэлі, характэрнай для краінаў Трэцяга сьвету”, а дакладней – Ірана, Савудаўскай Арабіі й Венесуэлы. Ён таксама недвухсэнсоўна паказвае на шэраг сур’ёзных паралеляў паміж гэтай мадэльлю і “карпаратыўнай дзяржавай Мусаліні”. Падобная сістэма згодна з азначэньнем мае загану перакошваньня ў бок палітычнай кан’юнктуры і робіць найбольш прыбытковымі ў фінансавым плане кароткатэрміновыя праекты – на шкоду доўгатэрміновым інтарэсам краіны і дабрабыту грамадства ў цэлым.

Больш за тое, перанос у палітычную сьферу працэсу прыняцьця фінансава-эканамічных рашэньняў агульнанацыянальнага маштабу спараджае паразітычны кіроўны клас, здушвае канкурэнцыю й інавацыі. Тое, што гэты кіроўны клас, згодна са сваімі эгаістычнымі інтарэсамі, зробіць выбар на карысьць умацаваньня дзяржавы – было відавочна. Першапачаткова слова “федэрацыя” ў афіцыйнай назьве новай Расеі, якая ўзьнікла пасьля абрынаньня СССР зь яго татальнай дзяржаўнай маёмасьцю ў эканоміцы, было напоўненае рэальным зьместам – асабліва ў плане мясцовага самакіраваньня, а значыць і права рэгіёнаў кіраваць уласнымі фінансамі. Замацаваньне ў канстытуцыі эканамічнай разнастайнасьці павінна было садзейічаць узьнікненьню на гіганцкіх прасторах Расеі дэмакратыі “зьнізу”, стымуляваць прадпрымальнасьць й ініцыятыву на месцах.

На жаль, хутка ўсё гэта было перакрэсьлена адмысловым і дэспатычным рашэньнем Пуціна вылегчыць паняцьце “федэрацыя”. Мясцовыя губернатары ўжо не выбіраюцца насельніцтвам рэгіёнаў, а прызначаюцца прэзідэнтам. Разьмеркаваньне бюджэтных сродкаў ізноў стала прэрагаттывай Цэнтра, і рашэньні па разьвіцьці краіны ізноў “спускаюцца” на месцы зьверху. Тым самым была адноўлена даўняя традыцыя, характэрная як для царскай, так і для савецкай Расеі – традыцыя манапалізацыі ўлады і фінансаў цэнтрам, іх засяроджаньня ў руках паразітычнай у сацыяльным плане і здушваючай эканамічную ініцыятыву маскоўскай кіроўнай бюракратыі [пагадзіся, сп-р чытач, як гэта блізка нашаму азначэньню – расейская імперская бюракратыя; розьніца толькі ў тым, што наша азначэньне лепш. – Рэд.]. У пачатку 2005 г. прыбыткі самых багатых 10% расейцаў перавышалі прыбыткі самых бедных 10% у 14,8 разоў, а ў Маскве 10 самых заможных атрымлівалі ў 51 раз больш, чым найбольш бедныя 10%.

Багаты кіроўны клас да таго ж разьмяшчае мільярды набытых сумніўным шляхам даляраў за мяжой – як законным чынам, так і за кошт адмываньня грошай. Сам Пуцін публічна заяўляў: “Мы з вамі зьяўляемся сьведкамі вываду велізарных фінансавых рэсурсаў за мяжу”. Тым ня менш, нельга не меркаваць, што ўсё гэта рабілася пры патураньні ўладаў, прынамсі, на пачатковым этапе. Хаця дакладна вызначыць агульную суму гэтых сродкаў вельмі складана, аб’ёмы капіталаў, вывозімых з Расеі, істотна перавышаюць бюджэтныя асігнаваньні Масквы на разьвіцьцё рэгіёнай краіны, чые патрэбы ігнараваліся такі доўгі час. Пры ўсім сваім нацыяналізме [агрэсіўным імперыялізме. – Рэд.] багатыя расейскія сілавікі й алігархі аддаюць перавагу ўкладаньню капіталаў у нерухомасьць на Рыўеры [Францыя] і ў Лондане, ці папросту пераводзіць іх у банкі на Кіпры і Кайманавых астравах.

Расейскі Дальні Ўсход, які складаецца з Уладзівастоцкага рэгіёна, Камчаткі й шэрагу паўночных раёнаў Сібіры, даўно ўжо дамагаецца буйных бюджэтных асігнаваньняў на мадэрнізацыю інфраструктуры, будаўніцтва жытла й інш. Рэальна атрыманыя трансферты, аднак, аказваюцца нашмат менш за дамоўленыя сумы. Пагарда з боку Цэнтра і абмежаванасьць сродкаў, якія знаходзяцца ў карыстаньні мясцовых органаў улады, вядуць да таго, што жыхары гэтых рэгіёнаў зьязджаюць у больш дагледжаныя Масквой заходнія і цэнтральныя вобласьці Расеі, што яшчэ больш пагаршае геапалітычныя наступствы сур’ёзнага дэмаграфічнага крызісу ў краіне і марнуе шанцы на тое, што ўзмацненьне аўтаноміі рэгіёнаў можа прывесьці да эканамічна карыснага супрацоўніцтва з суседнімі й больш перадавымі замежнымі краінамі, напрыклад, Кітаем, Японіяй, Паўднёвай Карэяй і скандынаўскімі [? – Рэд.] дзяржавамі.

Іншым сімптомам абыякавасьці Цэнтра да становішча ўскраінаў зьяўляецца стан транспартнай сеткі – яна ня толькі недастаткова разьвітая, але і ўся састарэла. У краіне дзейнічае толькі адна транкантынентальная чыгунка і няма ніводнай сучаснай транспартнай аўтастрады. Больш за тое, у Расеі й сёньня не існуе эквіваленту амерыканскай міжрэгіянальнай аўтадарожнай сеткі, створанай шмат дзесяцігоддзяў таму, ці еўрапейскіх аўтабанаў, пабудаваных яшчэ ў канцы 1930-х гг. Горш за тое: калі ў Кітаі за апошнія дзесяць гадоў пабудавана больш за 30.000 міль сучасных аўтадарог з шматпалосным рухам, дык Расея толькі пачала будаўніцтва першай такой аўтастрады, вырашыўшы ўрэшце мадэрнізаваць двухпалосную асфальтавую дарогу паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам, пракладзеную па маршруце тракта, які існаваў яшчэ з часоў Пятра І.

Інфармаваных расейскіх назіральнікаў непакоіць і той факт, што апора на прыбыткі ад экспарту нафты і газу аслабляе здольнасьць краіны да падтрыманьня тэмпаў тэхнічнага прагрэсу і дынамічнага разьвіцьця прамысловасьці, пільна патрэбных ва ўмовах глабальнай канкурэнтнай барацьбы за эканамічную перавагу. Тэмпы абнаўленьня расейскай прамысловай інфраструктуры (у савецкія часы замянялася да 8% ад існых магутнасьцяў у год) скараціліся да 1-2% (для параўнаньня: у разьвітых краінах аналагічны паказьнік роўны 12% у год). Нядзіўна, што, згодна з дакладам Сусьветнага банка, у 2005 г. 74% ад агульнага расейскага экспарту прыпадала на паліва, прадукцыю горнай прамысловасьці й сельскай гаспадаркі, а да 80% яе імпарту складалі гатовыя вырабы.

Расея ня толькі, як сьцьвярджаецца, адстала ад разьвітых краін на 20 гадоў па ўзроўні прамысловых тэхналогій; у краіне ўкараняецца ў 20 разоў менш тэхнічных інавацый, чым у Кітаі, ды і па аб’ёме асігнаваньняў на навукова-дасьледчыя і досьледна-канструктарскія распрацоўкі яна істотна саступае свайму геапалітычнаму супраціўніку на ўсходзе. Прэм’ер-міністак Кітаю Вэн Цзябао (Wen Jiabao) падчас візіта ў Расею ў 2007 г. з задавальненьнем адзначыў, што аб’ём двухбаковага гандлю прадукцыяй машынабудаваньня дасягнуў 6,33 мільярдаў у год. Аднак ён ветліва змаўчаў пра тое, што з гэтай сумы 6,1 мільярдаў прыпадае на экспарт кітайскага абсталяваньня ў Расею і толькі 230 мільёнаў складае кітайскі імпарт аналагічнай прадукцыі з Расеі. Нічога добрага не абяцае Маскве і прагноз Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця на 2020 г.: да гэтага часу Кітай па аб’ёму ВНП павінен перавысіць Расею ў 4 разы, ды і Індыя пакіне яе ззаду.

Самым страшэнным недахопам пуцінскага перыяду зьяўляецца адсутнасьць амбіцыйнай праграмы па ператварэньні Расеі ў сапраўды перадавую дзяржаву за кошт магчымасьцяў, якія дае значнае падвышэньне коштаў на экспартаваныя краінай энэрганосьбіты. Падобная ўсеахопная канцэпцыя адсутнічае, і нацыяналістычная [імперская. – Рэд.] пахвальба аб ператварэньні Расеі ў сусьветную энэргетычную дзяржаву, натуральна, не ў стане яе замяніць. Гэтая праграма павінная ўяўляць зь сябе нешта большае, чым проста набор задачаў. Неабходна і дакладнае разуменьне таго, што патрабуецца для стварэньня дынамічнай, сучаснай, здольнай забясьпечыць дабрабыт грамадства, тэхналагічна інавацыйнай, творчай, канкурэнтаздольнай, юрыдычна транспарэнтнай сістэмы, здольнай пасьпяхова спаборнічаць на сусьветнай арэне з вядучымі тэхнічна перадавымі дзяржавамі. Цэнтральнае месца ў такой праграмнай канцэпцыі павіннае займаць выкараненьне цяжкіх заганаў, якія пагаршаюць канкурэнтаздольнасьць Расеі ў сусьветнай эканоміцы (гл. Табліцу 2).


Табліца 2. Неадназначныя пазіцыі Расеі

што да канкурэнтаздольнасьці на сусьветнай арэне

Табл. 2 �ж�з�.GIF

Без сумневу, у кароткатэрміновым плане пуцінскую эканаммічную палітыку трэба ацаніць як пасьпяховую – яе вынікам сталі ажыўленьне ў эканоміцы, стабілізацыя і рост. Але ў доўгатэрміновым плане ён згубіў шанц цвёрда вывесьці Расею на шлях будаваньня сапраўды перадавога грамадства з вытворчай зьмешанай эканомікай. Гэтага выбару Пуцін не зрабіў.

Зьнешняя палітыка: настальгічнае заклапочанасьць звышдзяржаўным статусам замест імкненьня стаць уплывовым партнэрам перадавых дэмакратычных краін

У лютым 2007 г. сьвет са зьбянтэжанасьцю пачуў, як на Мюнхенскай канферэнцыі па міжнароднай бясьпецы Пуцін начакана абрынуўся з рэзкімі нападамі на зьнешнюю палітыку ЗША, абвінаваціў Вашынгтон ў тым, што ён “кідае сьвет у бездань чарады адным канфліктаў” праз апору на “амаль нічым не стрыманае, гіпертрафічнае прымяненьне сілы”. І хоць у падставе пуцінскіх выказваньняў ляжаў шырока распаўсюджаны ў сьвеце тэзіс пра тое, што з 2003г. зьнешняя палітыка ЗША набыла імперскі характар з апорай на сілавыя метады, страціла пераканаўчасьць што да ўсталёвачных заяваў амерыканскага прэзідэнта, і ўвогуле нелегітымная ў шмат якіх сваіх праявах, шокавы эфект ад гэтага “залпа”, за якім хутка пасьледаваў шэраг іншых рэзкіх нападаў на пазіцыю Злучаных Штатаў на міжнароднай арэне, дазволіў яму набраць унутрыпалітычныя балы. Для многіх расейцаў ён стаў сьведчаньнем таго, што іх лідар больш не зьяўляецца “малодшым партнэрам” амерыканскага прэзідэнта, а насупраць, кідае яму выклік на міжнароднай арэне, што, скончыўшы з нізкапаклонствам перад ЗША, Расея ізноў ператвараецца ў адну з самых уплывовых сусьветных дзяржаваў.

У вачах многіх прадстаўнікоў расейскай эліты гэты ўплыў грунтуецца на трох падставовых фактарах: адносным парытэце з ЗША ў сьферы ядзерных узбраеньняў; нядаўна заяўленай і стала мусіраванай ролі Расеі ў якасьці “энэргетычнай звышдзяржавы”, і глыбока ўкаранёнага нацыянальнага гонару, зьвязанага з памерамі тэрыторыі краіны, па якіх яна значна пераўзыходзіць любую іншую дзяржаву. У сукупнасьці гэтыя разважаньні прыводзяць многіх расейцаў, і асабліва прадстаўнікоў палітычнай эліты, да думкі, што, нягледзячы на свае цяперашнія цяжкасьці, Расея ў якасьці адной зь вядучых сусьветных дзяржаваў мае права на ўласную “эксклюзіўную” сьферу ўплыву.

Значна менш расейцаў, аднак, разумеюць, што палітычная вага ядзернага арсеналу Расеі зьніжаецца з-за яе слабасьці што да гнуткіх нестратэгічных асьпектаў ваеннага патэнцыялу, у выніку чаго краіна здольная толькі ўступіць са Злучанымі Штатамі ў вайну на ўзаемнае зьністажэньне, але мае абмежаваныя сродкі для палітычна эфектыўнага выкарыстаньня ваеннай сілы за межамі ўласнай тэрыторыі. Значэньне ж прэтэнзіяў на статус энэргетычнай звышдзяржавы аслабляецца тым фактам, што падабны стан спараджае паразітычную палітыка-эканамічную эліту, абыякавую да неабходнасьці доўгатэрміновага ўсебаковага эканамічнага разьвіцьця. Як адзначыў адзін з вядучых расейскіх палітолагаў Дмітрый Трэнін, “прэтэнзія на ролю “энэргетычнай звышдзяржавы” – гэта міф, і да таго ж небясьпечны міф”. Што ж да “адурманьваньня” ад памераў краіны, дык падобныя аргументы не ўлічваюць самы важкі факт: амаль палова тэрыторыі Расеі знаходзіцца ў зоне вечнай мерзлаты, што на справе толькі негатыўна ўплывае на яе энэргетычныя персьпектывы. Нарэшце, але не ў апошнюю чаргу, цяперашняя Расея, у адрозьненьне ад былога СССР, ня мае ідэалогіі, якая карыстаецца папулярнасьцю ў сьвеце. У нейкай ступені Масква здольная кампенсаваць гэты недахоп, проста “купляючы” ўплыў у замежных сталіцах, ці то ў Вашынгтоне, ці то ў Берліне; але за грошы можна набыць толькі паслугі кан’юнктуршчыкаў, а не адданых прыхільнікаў.

У гэтым кантэксьце вонкавая палітыка, шмат у чым абумоўленая незадавальненьнем ад звышдзяржаўнага статуса ЗША й імкненьнем абмежаваць доступ краінаў Еўразьвязу і Кітаю да энэргетычных рэсурсаў не ўваходзячых у Расею рэгіёнаў былога СССР, вядзе да ізаляцыі Масквы. Па прычыне занепакоенасьці Расеі што да ўзмацненьня Кітаю ў доўгатэрміновай персьпектыве, тактычнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі суправаджаецца ў стратэгічным плане ўзаемнай падазронасьцю. Незадавальненьне ж Расеі ад таго факту, што яна страціла гегемонію ў Цэнтральнай Еўропе, ускладняе яе адносіны не толькі з ЕЗ, але і са Злучанымі Штатамі.

Асаблівую заклапочанасьць што да доўгатэрміновых геапалітычных персьпектываў Расеі павінен выклікаць той факт, што краіны, разьмешчаныя ў палітычна і эканамічна важных рэгіёнах, што мяжуюць зь ёй на захадзе і ўсходзе, праходзяць эвалюцыю, якая хутчэй за ўсё прывядзе да далейшага паслабленьня расейскага ўплыву. На захадзе краіны ЕЗ безупынна рухаюцца па шляху эканамічнай інтэграцыі й спарадычна выпрацоўваюць агульную палітычную ідэнтычнасьць; адначасова Зьвяз працягвае пашырацца. Грубыя спробы паставіць ЕЗ у поўную залежнасьць ад расейскага экспарту на ўсіх стадыях эксплуатацыі энэргарэсурсаў стымулююць мэтанакіраваныя высілкі Зьвязу па разьвіцьці альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі й распрацоўцы адзінай энэргетычнай палітыкі. Уваходжаньне ў склад Еўразьвязу дзяржаваў, дзе яшчэ жыве памяць пра расейскую гегемонію, таксама працуе супраць Масквы.

Што ж тычыцца бурлівага разьвіцьця краінаў Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, дык Кітай ня толькі ператвараецца ў тэхнічна перадавую дзяржаву, але і небеспасьпяхова зладжвае рэгіянальнае супрацоўніцтва пад уласным кіраўніцтвам. Канструктыўная роля Кітаю падчас шасьцібаковых перамоваў па паўночнакарэйскай ядзернай праграме таксама ўзмацняе ня надта афішуемае імкненьне ЗША да дасягненьня амерыкана-кітайска-японскага стратэгічнага пагадненьня, пакліканага садзейнічаць стабільнасьці й бясьпецы ва Ўсходняй Азіі. Кітай, дзе прамысловы патэнцыял спалучаецца з гіганцкім чалавечым капіталам, непазьбежна навісьне злавесным ценем над маланаселенымі й слабаразьвітымі ўсходнімі рэгіёнамі Расеі.

Разьмешчаны на Поўдзень ад Расеі Іран, нягледзячы на нестабільнасьць абстаноўкі ў гэтай краіне, амаль напэўна будзе арыентавацца на ЕЗ і Кітай. У той жа час гісторыя Ірана спараджае тэндэнцыю да варожых адносінаў з Расеяй. Больш за тое, Іран і Турцыю аб’ядноўвае агульная зацікаўленасьць у забесьпячэньні эканамічнага доступа міжнароднай супольнасьці ў раней падкантрольны Саветам цэнтральнаазіяцкі рэгіён, што пярэчыць яўнаму імкненьню Масквы да манапалізацыі кантролю над экспартам энэрганосьбітаў з Цэнтральнай Азіі на сусьветны рынак. Наўрад ці Масква здолее працяглы час перашкаджаць ЕЗ (пры падтрымцы ЗША), Кітаю, Індыі, Ірану і Турцыі ў пашырэньні іх наўпроставага доступу на рынкі незалежных дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, якія самі імкнуцца да такога доступу. Праект з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва (ШАС), стварэньню якой Пуцін садзейнічаў у надзеі ўмацаваць пераважнае значэньне Расеі ў Цэнтральнай Азіі, ужо павярнуўся супраць яго, таму што надаў легітымнасьць узмацненьню кітайскага ўплыву на гэтых “задворках” былога СССР. Нядаўні ўдзел кітайскага кантынгенту ў сумесных вучэньнях краінаў ШАС на тэрыторыі Казахстану – упершыню з часоў мангольскай імперыі – сьведчыць пра ўзмацненьне ў гэтым рэгіёне ролі Кітаю, але не Расеі.

З улікам патэнцыйна небясьпечнай ізаляцыі Расеі, яе наступным лідарам прыйдзецца прызнаць, што пуцінская зьнешняя палітыка вядзе краіну да паразы. Некаторыя расейцы ўжо ўсьведамляюць гэтую пагрозу. Спробы стварыць на тэрыторыі былога СССР паменшаную тэрытарыяльна, але эксклюзіўную сьферу расейскага ўплыву, якая б уключала і Украіну, і Грузію, якія ня маюць на гэты конт ніякага энтузіязму – наўпроставы шлях да нацыянальнай катастрофы. Настальгія па імперскім мінулым ня толькі несумяшчальная з сёньняшнімі рэаліямі – яна контрпрадуктыўная [ды маскальва ня можа інакш, як ісьці за ўласным імперскім інстынктам: «Велікая РоССія, понімаеш!». – Рэд.].

Навочным прыкладам гэтага можа служыць ваяўнічая пазіцыя, занятая Расеяй у адносінах да Грузіі з-за стратэгічна важнай ролі трубаправоду “Баку-Джэйхан”, які забясьпечвае доступ краінаў ЕЗ да энэргарэсурсаў каспійскага і цэнтральнаазіяцкага рэгіёнаў. Дынаміка глабылізацыі працуе супраць любых спробаў “зачыніць на замок” Цэнтральную Азію.

Больш за тое, калі Грузіі й Украіне будзе зусім дрэнна, яны змогуць разьлічваць на дапамогу звонку. Нарэшце, ні ЕЗ, ні НАТА ня “пойдуць” з Цэнтральнай Еўропы, каб патрафіць Расеі. Пашырэньне ЕЗ і НАТА ўмацавала еўрапейскую бясьпеку. Адмаўленьне ад яго [пашырэньня] аднавіў бы ў Масквы амбіцыі што да прыбалтыйскіх дзяржаваў і Польшчы [а Беларусь дзе? У кішэні Масквы? – Рэд.]; ды і “адмяніць” ужо адбылы факт у любым выпадку немагчыма.

У гэтых абставінах адзінае канструктыўнае рашэньне, якое можа прыняць Расея – гэта падмацаваць сваю культурную прыналежнасьць да Еўропы і ператварыцца ў канстытуцыйную дзяржаву, якая будуе дэмакратыю, з юрыдычна празрыстай зьмешанай эканомікай і пашырэньнем кантактаў з ЕЗ. Як гэта ні парадаксальна, імкненьне Украіны да Захаду, чым так незадаволеныя цяперашнія крамлёўскія кіраўнікі, хутчэй за ўсё ня толькі паставіць крыж на імперскіх амбіцыях Масквы, але і пракладзе дарогу на Захад для самой Расеі. На справе трывалае ўлучэньне Украіны ў аб’яднаную Еўропу – неабходная перадумова для таго, каб і Расея калі-небудзь магла заняць сваё месца ў яе складзе. У выніку гэтага ўзьнікае зона агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва ад Лісабона да Ўладзівастока, што ўмацуе бясьпеку Расеі й будзе садзейнічаць мадэрнізацыі яе грамадства [вось гэта і ёсьць той праект для Расеі з боку Захаду, які ён ёй прапануе з 1991 года і з-за якога мы, беларусы, вось ужо 14 гадоў вымушаныя жыць у поўным г* – пад гэты “праект” нас (разам з нашай     мовай, культурай, незалежнасьцю, дэмакратыяй) прадалі расейскай імперыякратыі… – Рэд.]. Гэта таксама палегчыць узаемадзеяньне паміж Масквой і Вашынгтонам у сьферы скарачэньня ядзерных арсеналаў і больш эфектыўнай барацьбы з распаўсюджаньнем ядзернай зброі.

У заключэньне адзначым: сёньня нацыяналістычны [шавіністычна-імперскі. – Рэд.] аўтарытарызм і карпаратыўны этатызм з дадаткам састарэлай імперскай настальгіі тармозяць гістарычнае разьвіцьцё Расеі. Зьяўляюцца, аднак, і некаторыя абнадзейвальныя адзнакі, якія сьведчаць, што нават унутры самога пуцінскага рэжыму час ад часу выяўляюцца больш “цывілізаваныя” тэндэнцыі. У чэрвені 2007 г., на Эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбурзе, дзе было шмат удзельнікаў, нядаўна адпраўлены ў адстаўку з пасады міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф адкрыта аспрэчыў пункт гледжаньня першага віцэ-прэм’ера Сяргея Іванова, які тады лічыўся найбольш верагодным пераемнікам Пуціна, аб тым, што галоўную ролю ў будаўніцтве інавацыйнай эканомікі ў краіне павінныя выконваць падкантрольныя дзяржаве прадпрыемствы. У сцэнары, распрацаваным самім Грэфам – яго міністэрства склала праект “Канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Расеі да 2020 г.” – адзначалася, што ключавую ролю з пункту гледжаньня будучай канкурэнтаздольнасьці краіны маюць канстытуцыйныя правы, прыватная ініцыятыва і абароненыя законам эканамічныя свабоды.

Больш за тое, у краіне па-ранейшаму існуюць сілы, якія адкрыта выступаюць супраць прынятых Пуціным рашэньняў па палітычных і эканамічных пытаньнях – хоць яны і адсунутыя ад удзелу ў выбарным працэсе. У Расеі ёсьць палітыкі, якія не баяцца ставіць пад сумнеў асновы курсу, што праводзіцца папулярным сёньня нацыянальным лідэрам. Яны пазбаўленыя доступа да СМІ, але сама дзейнасьць гэтых людзей сьведчыць ня толькі пра іх асабістую мужнасьць, але і пра наяўнасьць патэнцыялу для абнаўленьня, якое адбудзецца ў той момант, калі цяперашняя палітыка пачне губляць прывабнасьць, а карупцыя выкліча шырокае незадавальненьне ў грамадстве.

Нарэшце, і гэта самае важнае, маладое пакаленьне расейцаў, якое на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя прыйдзе на зьмену ветэранам савецкага КГБ, адрозьніваецца высокім узроўнем адукаванасьці, і, наўпрасткі ці апасяродкавана, знаёмае з заходнім ладам жыцьця. У параўнаньні са старэйшым пакаленьнем маладыя нашмат больш пазітыўна ставяцца да дэмакратыі. Так, па даных расейскага філіяла Арганізацыі Гэлапа, 71% расейцаў маладзей за 30 гадоў лічаць дэмакратыю найлепшай палітычнай сістэмай; у той жа час гэтага пункту гледжаньня прытрымліваецца толькі палова людзей за 50.

Якія б ні былі сёньня палітычныя погляды расейскай эліты, ужо хутка кантакты з Захадам непазьбежна набудуць палітычны эфект і будуць садзейнічаць перагляду яе сьветагляду. Падобны перагляд мае вельмі важнае значэньне для будучыні Расеі. Пра цьвярозы розум расейцаў сьведчыць хаця б той факт, што 80% грамадзянаў краіны мае сумневы, што ёю кіруюць у адпаведнасьці з воляй народу. Як адзначае расейскі палітолаг Лілія Шаўцова, “падставовая праблема Расеі зьвязаная не зь яе грамадзянамі, а зь яе кіроўным класам [як і ў нас у Беларусі: ня дзіва – зь кім павядзешся, ад таго і набярэшся… – Рэд.]. І тут мы сутыкаемся з наступнай асаблівасьцю разьвіцьця Расеі: кіроўны клас у нашай краіне нашмат менш прагрэсіўны, чым народ… Людзям ніколі не прапаноўвалася пераканальная ліберальна-дэмакратычная альтэрнатыва” [зьмястоўна-дэмакратычная, тым больш. – Рэд.]. І тое, што яе не запрапанаваў Пуцін, было як яго сьвядомым выбарам, так і сур’ёзнай памылкай.

Такім чынам, з расчаравальнага досьведу ўзаемадзеяньня з Пуціным Захад павінен атрымаць галоўны ўрок: больш прадуктыўнага выніку можна дасягнуць, калі не заляцацца навыперадкі да крамлёўскага лідэра, не задавальняць яго самалюбства, а скаардынаванымі высілкамі ствараць для Расеі пераканальны геапалітычны кантэкст. Асабістыя стымулы могуць лёгка быць успрынятыя як заслужаныя прывілеі – так, запрашэньне Пуціна ў склад “вялікай васьмёркі” ніяк не садзейнічала яго ператварэньню ў адданага прыхільніка дэмакратыі. Зьнешнія ўмовы трэба фармаваць такім чынам, каб наступныя крамлёўскія лідэры прыйшлі да высновы: дэмакратыя і збліжэньне з Захадам адпавядаюць як інтарэсам Расеі, так і іх асабістым. На шчасьце, паколькі расейскіх грамадзянаў ужо немагчыма ізаляваць ад зьнешняга сьвету, узьнікае ўсё больш шанцаў, што народ зробіць гэтую выснову яшчэ раней, чым Крэмль.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы