nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«Віва Дучэ» па-расеянскі

14 мая, 2008 | Няма каментараў

Аляксей Шырапаеў (паводле lj.rossia.org/users/shiropaev/23164.html)

ШÑ�Ñ�апаеÑ�.JPG 

Амаль два гады таму мы ўжо закраналі тэму двух расейскіх фашызмаў (гл.  nashaziamlia.org/2006/08/27/271/#more-271), грунтуючыся на больш раньняй працы А.Шырапаева, прысьвечанай гэтай тэме. У новым артыкуле аўтара, які пададзены ніжэй, прадэманстравана і больш прадзьвінутая сьхема актуальнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Расеі ў параўнаньні з тым, што даюць замежныя палітолагі, і трохі іншае бачаньне праблемы ў параўнаньні з тым, што прагназуем мы. Зрэшты, усё гэта толькі на карысьць глыбейшаму разуменьню сітуацыі.

Рэдакцыя.

 

Так, гаворка пойдзе не пра праславуты “рускі фашызм”, які даўно стаў дэжурнай і вельмі хлебнай тэмай расейскіх “праваабаронцаў”. Гэтыя зацемкі – пра фашызм самы што ні ёсьць дзяржаўны, сістэмаўтваральны.

Яшчэ паўтара гады таму я пісаў, што расейская дзяржава мае ўсе адзнакі фашызму: этатызм, цэнтралізм, усё больш відавочны правадырызм, амаль непрыхаваную аднапартыйнасьць, здушэньне іншадумства, імперскую вонкавую палітыку. Цяпер жа, пасьля апошняга зьезда ЕдРа, Расея [імперыякратыя, улады. – Рэд.] адкрыта парадзіруе мусалініеўскую Італію.

Як вядома, пасьля пераможнага паходу на Рым, Мусаліні, са згоды караля, стаў прэм’ерам і сфармаваў фашыстоўскі ўрад. Фармальна галавой дзяржавы заставаўся кароль, аднак рэальным уладаром Італіі быў прэм’ер-харызматык, які кіраваў, абапіраючыся на Нацыянальную фашысцкую партыю, якая адразу атрымала абсалютную большасьць у парламенце. Дырэчы, як і цяперашняя крамлёўская ўлада, рэжым Мусаліні, прынамсі, да другой паловы 1930-х гг., актыўна змагаўся з “расізмам” і “антысемітызмам”, а таксама супрацоўнічаў з царквой.

Увогуле, фашызм, як ні дзіўна пра гэта чуць, у прынцыпе даволі інтэрнацыялістычны. У цэнтры яго дактрыны не нацыя, а самазадавальняльны культ дзяржавы. Фашызм ня варта блытаць з нацызмам, для якога дзяржава заўсёды была другаснай, заставалася гістарычнай прыладай нацыі, якая найперш успрымалася кроўна. Таму цяперашні еўразійскі этатызм, які ўкараняецца Крамлём, цалкам карэктна называць фашызмам.

Дарэчы, сам стыль пуцінскага піяру крамлёўскія паліттэхнолагі запазычылі ў Мусаліні. Пуцін-дзюдаіст – гэта зьлепак з Мусаліні-фехтавальшчыка. Задоўга да Пуціна дучэ пад аб’ектывамі, бывала, сядзеў у кабінах самалётаў. А ўжо адкуль узялася строгая чорная вадалазка, у якой Уладзімір Уладзіміравіч восеньню ўзьнік на трыбуне зьезда руху “За Пуціна!”, і казаць няма чаго. Роўна, як няма чаго казаць і пра партрэты ды бюсты Пуціна, якія распладзіліся і паказваюць уражвальнае вонкавае падабенства ВВП з Юліем Цэзарам. Відавочна, наступны этап гэтых пошукаў – статуі ў “рымскім” стылі, якія зіхацяць высакароднай мрамарнай нагатой. У манументальнай спадчыне фашыстоўскай Італіі ёсьць прыдатныя ўзоры такога кшталту, якія ўвасобілі антычныя формы дучэ.  

Нехта ўжо пажартаваў, што цяперашнія расейскія чыноўнікі сёньня бьюцца над пытаньнем, як вывешваць партрэты прэзідэнта і прэмьера. Побач? Але хто першы? А, можа, адзін над адным? Тады хто зьверху? Упэўнены, што ў свой час італьянскія чынушы пакутавалі над такой жа праблемай, дваіліся паміж фармальным каралём і фактычным дыктатарам.

Карацей, як я ўжо сказаў, гісторыя паўтараецца ў выглядзе пародыі. Замест агнявой рамантыкі раньняга фашызму – гэтая ап’яняльная сумесь нацыяналізму і футурызму: казённыя рылы прыстасаванцаў і скурнікаў, чынуш, мянтоў і гэбілаў. Замест паходу на Рым, замест волі ды гістарычнай творчасьці – паход “Трэцяга Рыму” супраць рэгіёнаў, нудныя рытуалы мёртвых зьездаў, апаратная пралічанасьць і чыноўны цынізм. Замест дэвіза “Жыві небясьпечна!” – дэвіз “Жыві ўтульна! Жыві ў кайф!”. Замест Юліюса Эвалы – Сяргей Маркаў. Нарэшце, замест сапраўднага натхненьня і адзінства – адзінства мафіі [маецца на ўвазе расейская імперыякратыя. – Рэд.], занятай канвертаваньнем дзяржаўных пасадаў у рэальныя грошы, у лонданскія дамы́, у шыкоўныя яхты і Куршавелі. Так, саноўныя “едрылы” насаджаюць культ дзяржавы, бо гэтая дзяржава – прылада іх асабістага ўзбагачэньня.

У адрозьненьне ад італьянскіх фашыстаў, яны ніколі не правядуць мадэрнізацыю краіны, не падымуць сельскую гаспадарку і вытворчасьць, не вырашаць камунальных праблем, не пабудуюць прыгожых будынкаў і мастоў, не створаць вялікага стылю. Яны здольныя толькі хапаць, “пілаваць бабло” і грувасьціць чарговыя офісныя башні. Расейскі чыноўны фашызм – гэта той самы карыкатурны фашызм, які так знаёмы нам па савецкай прапагандзе: тупы, жорсткі, хцівы, прадажны, які пахне бруднымі кутузкамі й крывёй. Ён вельмі любіць пыхлівую раскошу і беспакараны гвалт [зноў уцёкі ад правільнага імя аб’екта: усё гэта любіць і такі ёсьць не “чыноўны фашызм”, а расейская імперыякратыя. – Рэд.].

У параўнаньні зь Італіяй Мусаліні Расея Пуціна значна больш фашызоідная. Усё ж дучэ не прызначаў караля, праз знаходжаньне сярод сваіх “корэшаў” адпаведнай кандыдатуры. Кароль Віктар Эмануіл ніколі не выглядаў побач з Мусаліні картонным пятрушкай; так, ён быў толькі сімвалам, але рэальным – надкласавым і надпартыйным – сімвалам Італіі, які зьвязваў краіну зь яе гісторыяй. Мядзьведзеў жа – проста стаўленік, чалавек часовы, фігура прыкрыцьця, якую ўсе так і разглядаюць. Дзеля захаваньня сваёй улады Пуцін фактычна дыскрэдытаваў інстытут прэзідэнцтва, зрабіў яго пустым месцам. Аляксандр Дугін, які быў дапушчаны на апошні зьезд ЕдРа ў якасьці госьця, наўпрасткі заявіў карэспандэнту радыё “Свабода”, што Пуцін па-ранейшаму – “адзіны суб’ект расейскай палітыкі”, “суверэн і дыктатар!”. І гэта публічна сказана пры толькі што абраным, новым прэзідэнце! Можна толькі “пашкадаваць” Мядзьведзева, якому зыходна была адведзена дробная роля прахадной фігуры – пешкі, а не караля.

Ці рызыкне ён, у выпадку сістэмнага крызісу, які набліжаецца, ахвяраваць сваім патронам – як італьянскі манарх, які, з апорай на падтрымку фашысцкай вярхушкі, адправіў дучэ ў адстаўку і нават арыштаваў яго? Паглядзім. Як вядома, жыцьцёвы шлях Беніта Мусаліні і яго вернай Клары скончыўся трагічна. Пра тое, наколькі жанр пародыі, абраны крамлёўскімі стваральнікамі гісторыі, сумяшчаецца з трагедыяй, меркаваць пакуль цяжка. Але, як бы ні было, ужо зараз немагчыма ўявіць, што нехта зь іх здольны паўтарыць учынак ідэаліста Паваліні – апошняга сакратары фашысцкай партыі, які перад тварам сьмерці пракрычаў: “Памрэм як фашысты!”

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы