nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Фіксуем акты ўладнага варварства – 19

23 мая, 2008 | 2 каментарыя

Ф�У�-19.JPG

Рэдакцыя

“10 гадоў – яшчэ ніводзін палітык не атрымліваў” (22.04.2008, паводле www.svaboda.org/content/Transcript/1107785.html)

Госьці “Начной Свабоды” – праваабаронца Валеры Шчукін.

Аляксей Знаткевіч: “Тыдзень таму на 10 гадоў зьняволеньня быў пакараны апазыцыйны актывіст, былы спэцназавец Зьміцер Лісяенка. Яго абвінавацілі ў тым, што ён захоўваў наркотыкі і фальшывыя грошы. Маё пытаньне – вы прысутнічалі на гэтым працэсе, якое ў вас склалася уражаньне – наколькі былі абгрунтаваныя абвінавачаньні?”

Валеры Шчукін: “Я быў практычна на ўсіх судовых пасяджэньнях акрамя першага… Але я бачыў і чуў, што ніякіх доказаў няма. Яго абвінавацілі ў тым, што ён распаўсюджваў наркотыкі і фальшывыя грошы. Але калі яго арыштавалі, то ні пры ім, ні пры вобыску ў ягонай кватэры ў яго не знайшлі ані грошай, ані наркотыкаў, ані сьлядоў, ані апаратуры для вырабу грошай ці наркотыкаў. Тым ня маеш яго ў гэтым абвінавацілі. Абвінавачаньне не было даказана, на маю думку, да таго ж быў палітычны падтэкст, таму што Лісяенка спрабаваў актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, як мог. Выглядае, што ўлады вырашылі згуляць на гэтым. Я так думаю. Яго схапілі, абвінавацілі, трымалі 8 месяцаў ў СІЗА. Была вельмі жорсткая блякада. Ніякай сувязі з воляй. Лісты да яго не даходзілі, і ад яго лісты не атрымлівалі. У гэтай сытуацыі нават дасьведчанаму байцу цяжкавата будзе трымацца. Чалавек праявіў мужнасьць, душу д’яблу не прадаў, і натуральна з ім расправіліся па поўнай праграме. 10 гадоў – яшчэ ніводзін палітык не атрымліваў”.

Знаткевіч: “На судзе над Зьмітром Лісяенкам высьветлілася, што падставай для абвінавачаньня сталі толькі паказаньні сьведкі, паводле якіх Зьміцер нібыта меў псыхатропныя сродкі і падробленыя купюры эўра. Саміх рэчавых доказаў сьледчыя не знайшлі. Мы прызвычаіліся ўжо, што актывістаў апазыцыі асуджаюць па адміністрацыйных справах на аснове паказаньняў міліцыі. А з вашага досьведу, наколькі часта ў такіх сур’ёзных крымінальных справах усё грунтуецца толькі на паказаньнях сьведак?”

Шчукін: “Сапраўды, беларускія ўлады зразумелі, што хопіць судзіць па палітычных матывах (а шэсьці, мітынгі – гэта палітычныя матывы, як у Казуліна), і вырашылі перайсьці на іншы аспэкт. Напрыклад для Эўропы наркотыкі, фальшывыя грошы – за гэта заступацца неяк страшна. На мой вялікі жаль, нават нашы ўсе праваабаронцы і сябры партыі былі заклапочаныя – як абараняць чалавека, якога абвінавачваюць у такіх страшых злачынствах. Я яшчэ раз падкрэсьліваю, што ў нас у Беларусі ўжо ёсьць такое… Палова прысудаў, калі няма самога працэсу, а міліцыя правакуе загадзя. Там была правакатарка міліцэйская, спрабавала каханьне зь ім круціцць. І ён сапраўды прызнаў, што прыносіў ёй нешта. Ёй ізноў жа даваў супрацоўнік міліцыі. Міліцыянт даў, ён прынёс, а правакатарка атрымала”.

Знаткевіч: “Значыць, на судзе ён прызнаў, што нехта са сьведкаў даваў яму нейкія забароненыя рэчы, а пасьля высьветлілася, што гэты сьведка рабіў гэта на замову супрацоўнікаў міліцыі. Так?”

Шчукін: “Так, яго абараняў дзяржаўны адвакат. Я не хачу абвінавачваць адваката, але мне падаецца, што яму абяцалі, што калі ён прызнаецца, то будзе лепей. Паколькі, як толькі падсудны прызнаўся, усё – апраўдальнага прысуду ня можа быць. Акрамя таго, што пры там нічога не знайшлі. І не было відэаздымкаў перадачы, не было нават аўдыёзапісу. Гэтая правакатарка, якая была абвешаная запісваючай апаратурай, яна такія размовы вядзе, але ён ні разу не сказаў слова пра наркотыкі ці фальшывыя грошы. Я яшчэ раз гавару, я ня ведаю, што было на самой справе, але я ня бачыў ніводнага доказу. Усе аўдыёзапісы я слухаў на судзе. І ніводнага слова, якое пацьвярджае віну, я там не пачуў”.

Знаткевіч: “Пытаньне да спадара Шчукіна – ці давяраеце вы беларускім судам у крымінальных справах?”

Шчукін: “Асабіста я ня веру ані судзьдзям, ані міліцыі, нікому. Я ў судах бываю 180 дзён на год. У мяне вопыт багаты. На жаль, мы з Лісяенкам былі ў няроўных умовах. Калі мяне судзяць, заля поўная, а ў яго ў залі былі 5-6 чалавек. Родныя і я. Справа ў тым, што судзьдзі (мне іх нават шкада) – бяспраўныя. Таму што калі ён не выканае, што сказаў пракурор, то яму самаму потым кайданкі надзенуць. Таму што абвінаваціць у хабары судзьдзю элемэнтарна. Таму яны баяцца нават сказаць нешта супраць. Я ня ведаю, каб недзе судзьдзя штосьці самі вырашыў. Калі гэта крымінальны працэс і ён ня мае шырокага рэзанансу, то там судзьдзя яшчэ нешта можа, ізноў у лепшым выпадку ён збавіць тое, што пракурор просіць. У нас жа фактычна не бывае апраўдальных прысудаў. Для чаго ўсіх садзяць да суду? Каб паставіць судзьдзю ва ўмовы, калі ён ня вынесе апраўдальны прысуд. Таму што апраўдальны прысуд чалавеку, які пасядзеў у СІЗА значыць потым пазоў аб абароне гонару і годнасьці, і кампэнсацыі маральнай шкоды”.

Прысуд С.Парсюкевічу – два з паловай гады турмы (Алег Грузьдзіловіч,

23.04.2008, паводле www.svaboda.org/content/Article/1107877.html)

У Маскоўскім судзе Менску адбыўся працэс над актывістам прадпрымальніцкага рузу зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам, якога прызналі вінаватым у зьбіцьці міліцыянта Аляксандра Дулуба ў час, калі Парсюкевіч знаходзіўся ў турме. Судзьдзя прысудзіў С.Парсюкевічу 2,5 гады зьняволеньня агульнага рэжыму і штраф.

Падчас суду сьведкі з боку “пацярпелага” блыталіся. Сьведкі з боку абароны, напрыклад Павал Вінаградаў і Аляксандар Важакоў, пацьвердзілі словы Парсюкевіча, што гэта міліцыянт Дулуб напаў на падсуднага. Сьведка Аляксандр Таўстыка распавёў, што міліцыянт Дулуб уварваўся у камэру, у зьняважлівай форме загадаў Парсюкевічу падняцца, ударыў яго па нагах і вывеў яго з камэры, а праз 10 хвілінаў усе пачулі крыкі “Помогите, убивают!”. Таўстыка заявіў, што Аляксандра Дулуб баіцца адказнасьці за свае дзеяньні, таму паклёпнічае на Парсюкевіча.

Адвакат Вера Страмкоўская заклікала цалкам апраўдаць Парсюкевіча, бо суд не выявіў ні доказаў, ні матыву віны. Яна сказала, што сьледзтва насіла тэндэнцыйны характар. 22 студзеня (непасрэдна пасьля іцыдэнту) яна, напрыклад, была на Акрэсьціна, але ёй нічога не сказалі пра адбылае.

У апошнім слове Сяргей Парсюкевіч заявіў, што ні ў чым не вінаваты, клянецца ў гэтым перад сваёй сям’ёй: “Я сам былы міліцыянт, пэнсіянэр МУС. Я ведаю, чым можа закончыцца напад на міліцыянта, тым больш у турме. Таму ніколі не пачаў бы ніякую бойку. Доказы, якія сабрала пракуратура супярэчаць адзін аднаму. Мы ўсе бачылі, што яны падганяюцца літаральна ў судовай залі. У часе таго інцыдэнту я спачатку абараняў свой гонар, а потым мне давялося абараняць сваё жыцьцё. А тое, што рабіў Дулуб, падпадае пад артыкул Крымінальнага Кодэксу аб перавышэньні ўлады з выкарыстаньнем гвалту. За гэта прадугледжваецца пакараньне ў 10 гадоў, і Дулуб робіць усё, каб пазьбегнуць гэтай адказнасьці”.

Больш 30 прысутных у залі сустрэлі прысуд крыкамі “Ганьба”.

15 сутак — за бэрэт з “Пагоняй” (23.04.2008; www.svaboda.org/content/Article/1107922.html)

Гомельскага пэнсіянэра Уладзімера Няпомняшчага асудзілі сёньня на 15 сутак зьняволеньня. Так вырашыў суд Навабеліцкага раёну Гомеля, дзе 23 красавіка працягваліся слуханьні ў адміністратыўнай справе супраць удзельнікаў экскурсіі, прысьвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.

23 сакавіка каля 20 чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі балёнікамі прайшлі па месцах, зьвязаных зь дзейнасьцю міністра БНР Палуты Бадуновай. На 8 экскурсантаў супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы і абвінавацілі іх у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Cудзьдзя Алег Харошка арыштаваў Сьвятаслава Шапавалава і Аляксандра Процку на 10 і 7 сутак адпаведна. Іншым удзельнікам экскурсіі прызначаныя штрафы: Івану Адаменку — 20 базавых велічыняў, Тацяне Бублікавай і Зьмітру Кутасаву — па 15.

Андрэй Толчын, які прысутнічаў на судзе, распавёў нашаму радыё, што такіх судоў ён яшчэ ніколі ня бачыў, хоць прысутнічаў на дзясятках паседжаньняў: “Судзьдзя Алег Харошка расцаніў два белыя балёнікі і чырвонае паліто ўдзельніцы экскурсіі як выраз палітычных поглядаў. Ён так і сказаў”.

Суду чакаюць яшчэ два ўдзельнікі экскурсіі — Сяргей Трыфанаў і Марыя Тульжанкова [пазьней апошняй суддзя даў 7 сутак арышту. – Рэд]. Ні сёньня, ні ўчора яны ў суд не зьявіліся. Судзьдзя Алег Харошка паабяцаў даставіць іх у суд прымусова.

Сьвятаслаў Шапавалаў абвясьціў у турме галадоўку.

Ці адужаюць грамадзкія арганізацыі новую арэнду? (Ігар Карней, 24.04.2008; svaboda.org/content/Article/1108081.html)

Ад сёньня набывае моц указ Лукашэнкі, у адпаведнасьці зь якім для грамадзкіх арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю, скасоўваецца паніжальны каэфіцыент 0,1 пры арэндзе памяшканьняў. У выніку памер арэнднай платы аўтаматычна вырастае ў 10 разоў. Як прагназуюць прадстаўнікі трэцяга сэктару, у найбліжэйшай пэрспэктыве гэта прывядзе да зьнікненьня цэлага шэрагу недзяржаўных аб’яднаньняў, якія папросту ня вытрымаюць фінансавага цяжару.

Арыштаваны Віктар Хурсік – аўтар кнігі пра трагедыю Дражна (15.05.2008, Валер Каліноўскі; www.svaboda.org/content/Article/1115913.html)

Суд Старых Дарогаў пакараў на 15 сутак арышту журналіста і выдаўца Віктара Хурсіка, аўтара кнігі “Кроў і попел Дражна” са сьведчаньнямі аб забойстве савецкімі партызанамі мірных жыхароў у час Другой сусьветнай вайны [у свой час мы пра гэтую падзею паведамлялі, гл. nashaziamlia.org/2007/10/06/919].

У красавіку гг. група грамадскіх актывістаў усталявалі крыж на месцы трагедыі ў вёсцы Дражна “ў памяць ахвяраў злачынстваў савецкіх партызанаў”. Пасьля гэтага Хурсіку тэлефанавалі на працу і дадому, а нядаўна даслалі позву ў суд. Ён параіўся зь юрыстамі й паехаў на суд у Старыя Дарогі. Там яго засудзілі на 15 сутак і надзелі кайданкі.

Крыж быў дэмантаваны праз некалькі дзён на загад мясцовых уладаў.

Грамадзянскія актывісты лічаць, што “гэтая спроба ўшанаваць памяць ахвяраў партызанаў ніяк ня ўпісваецца ў сучасныя ўяўленьні ўладаў аб гісторыі апошняй вайны. Таму яны й вырашылі расправіцца і з крыжам, і з тымі, хто яго ставіў, і з аўтарам кнігі”.

У беларускіх школьнікаў забіраюць “Гісторыю Беларусі” (16.05.2008, Ігар Карней; www.svaboda.org/content/Article/1116122.html)

Ад новага навучальнага году ў сярэдніх школах будзе скасаваны курс “Гісторыя Беларусі”. Праектам вучэбнага пляну Міністэрства адукацыі прадугледжана аб’яднаньне ранейшых прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Сусьветная гісторыя” ў адзін — “Гісторыя”.

Зьмены закрануць нават выпускныя клясы, вучні якіх пакуль самі дакладна ня ведаюць, колькі гадоў ім давядзецца вучыцца. Паказальна, што летась былі надрукаваныя дапаможнікі па гісторыі новага ўзору — і, што абурыла нават ня самых вялікіх прыхільнікаў беларушчыны, ня толькі “Сусьветная гісторыя”, але і “Гісторыя Беларусі” былі… на расейскай мове. Наколькі мэтазгоднае такое аб’яднаньне і да чаго яно прывядзе?

Выкладчык гісторыі Валянцін Голубеў перакананы: аб’яднаньне дзьвюх розных вучэбных дысцыплінаў прывядзе да таго, што “Гісторыя Беларусі” апынецца ў загоне, а гістарычныя працэсы зноў прывяжуць да расейскага вэктару: “У такім выпадку гэта азначае адно — не вывучаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. На жаль, калі гэта сапраўды будзе так, прыйдзем да таго, што ўжо было, калі выкладаньне гісторыі было прывязанае да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ўсё перавярнула. І вывучалі, што было менавіта тут, з пункту гледжаньня расейскай гісторыі”.

Бальшыня прафэсійных гісторыкаў навацыі Міністэрства адукацыі называе беспадстаўнымі і немэтазгоднымі. Гісторык Валянцін Мазец лічыць, што нацыя, якая ня ведае ўласнай гісторыі, ня можа прэтэндаваць на адпаведнае месца ў сусьветнай цывілізацыі. Апроч таго, ён перакананы, што ў сытуацыі татальнай русыфікацыі школьнага навучаньня пытаньне пра дзяржаўную інтэграцыю ў склад Расеі не падаецца такім ужо фантастычным: “Падаецца, дзеля гэтага і пераводзілі выкладаньне гісторыі на расейскую мову, каб потым зьліквідаваць увогуле “Гісторыю Беларусі”. Ну, а наступным крокам за ліквідацыяй гісторыі будзе тое, што колісь рабіла імпэратрыца Кацярына ІІ, калі яна загадала вышукваць у Беларусі гістарычныя дакумэнты і архівы, зьнішчаць іх ці вывозіць. То бок наступным крокам будзе зьнішчэньне дзяржавы. Абсалютна лягічны ланцужок выбудоўваецца. Бо калі народ ня вучыць і ня ведае сваёй гісторыі, то яму няма чым ганарыцца, за што змагацца. Калі няма за што змагацца, значыць, такому народу дастаткова кінуць нейкую костку, і ён будзе задаволены”.

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Пытанне да ўсіх: Чым адрозніваецца “вертыкаль” ад “мафіі”?
    Хто ведае?
    Я – не ведаю.

  2. Алесь кажа:

    Сяргей, падтрымліваю. Я таксама не магу знайсьці істотных адрозьненьняў цяперскай “вертыкалі” ад мафіі: і тыя, і тыя – розныя формы сацыяльных паразітаў. Адзінае, што іх адрозьнівае – паходжаньне. І яшчэ адно: мафія ня поўнасьцю кантралюе дзяржаўную ўладу над усім народам. Адсюль атрымліваецца яшчэ адно: цяперцы – горш.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы