nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейская канцэракратыя: гісторыя хваробы – этыялогія, прагноз, лячэньне (частка 1)

6 чэрвеня, 2008 | Няма каментараў

Юры Кузняцоў (паводле ideo.ru/cancerocracy.html; ілюстрацыя – карціна С. Іванова “Баскакі”)

Ра�.�мпе���к�а��� 1.JPG

Падаем яшчэ адзін вялікі артыкул расейскага антыімперскага ідэолага Ю.Кузьняцова. Для аналіза ды крытыкі расейскай рэчаіснасьці й яе імперыякратыі аўтар шырока выкарыстоўвае гістарычныя факты, медыка-біялагічныя вобразы, сістэмныя паняцьці. Нас уразіла, як шмат з гэтых вобразаў і паняцьцяў надзвычай блізкія тым, што ўжо былі выкарыстаны сябрамі нашай рэдакцыі. Артыкул зьяўляецца чарговым сьведчаньнем, што сярод расейскіх інтэлектуалаў нарастае разуменьне: галоўныя праблемы расейскага грамадства абумоўленыя імперскім статусам Расеі. Аднак, у адрозьненьне ад А.Шырапаева, аўтар яшчэ ня здольны запрапанаваць выніковых сьхемаў лячэньня імперскай хваробы. У гэтым можа пераканацца кожны, хто дачытае артыкул да канца.

Рэдакцыя.

Пашпартная частка, імя хворага:

Расея. Дэбютавала ў падобны на сёньняшні выгляд з заваёваў хана Батыя ў 1238 г. і ператварэньнем Улуса Джучы Мангольскай імперыі ў Залатую Арду; далей з 1376 г. – Маскоўскае княства; з 1547 г. – Рускае царства; з 1721 г. – Расейская імперыя; з 1917 г. – РСФСР; з 1922 г. – СССР; з 1991 г. – Расейская Федэрацыя.

Скаргі хворага:

Безвыніковае хаджэньне па адным і тым жа коле бедаў і няшчасьцяў: ад голаду да голаду, ад вайны да вайны. Усё, што будуецца пазітыўнага, існуе нядоўга, хутка разбураецца. У любым выпадку перамагае прымітыўная рабская арганізацыя адносінаў. Зьмена шыльдаў, формаў кіраваньня (напрыклад: “татара-мангольскага ярма” – на маскоўскую манархію, улады цара – на “дыктатуру пралетарыята”, сацыялізму – на “дэмакратыю”) нічога, па сутнасьці, не зьмяняе, а часам толькі пагаршае становішча людзей у Расеі. Паўстаньні, бунты, рэвалюцыі, рэформы, перабудовы, уносяць мільёны жыцьцяў ды рэкі крыві й аказваюцца практычна бессэнсоўнымі.

Сталай нормай расейскага жыцьця лічыцца глупства ўлады, здрада, крадзеж, перасьлед усяго новага, выбітнага, творчага, індывідуальнага. Гістарычна ўстойліва існуе адмоўны адбор – дзяржавай [так у аўтара. – Рэд.] злосна і безапеляцыйна стымулюецца і прасоўваецца махлярства, халуйства, хлусьня, хцівасьць, хабарніцтва, крывадушша, шэрасьць.

Сталая наканаванасьць на вайну, як адзіна магчымае выйсьце з чарговага становішча. Нягледзячы на мноства ваенных перамогаў, чалавек у Расеі зь нязьменным паўторам аказваецца голы як сакол (акрамя іншага – на фоне невычарпальных прыродных багацьцяў Расеі), яшчэ і з ўзмоцненым эканамічным рабаўніцтвам, татальным разбуральным узьдзеяньнем з боку “ўласнай” дзяржавы, якое немагчыма параўнаць з прыгнётам любых заваёўнікаў.

Перыяды “адлігаў” кароткія і ненадзейныя, хутка зьмяняюцца татальным тэрорам дзяржавы.

Гістарычная паўтаральнасьць аднаго і таго ж, немінучае вяртаньне да таго, ад чаго адышлі, нараджае ў хворага дэпрэсіўную ідэалогію безвыходнасьці, наканаванасьці на несправядлівасьць і непазьбежнасьць пакутаў, непаўнавартаснае месіянства, нармалізацыю маркоты [безвыходнасьці, тугі. – Рэд.], пакорнасьці лёсу, уладзе і абставінам, творчую, інтэлектуальную і палітычную пасіўнасьць, розныя віды ўцёкаў у залежнасьці, у хваробы, у міфалогію, у містыку, і да т.п.

Кароткі дыягназ:

Расейская дзяржава дасёньня ўяўляе зь сябе дэструктыўную імперскую сістэму (антысістэму), злаякаснае ўтварэньне накшталт ракавай пухліны на грамадскім узроўні, выяўляе ўсе ўласьцівасьці раку, лагічна і стройна апісваецца ў тэрмінах і паняцьцях анкалогіі, мае адпаведны раку прагноз і прынцыпова падобнае лячэньне. Прычынай устойлівых, паўтаральных дэструктыўных зьяваў у расейскім грамадстве зьяўляецца сістэмны збой, такі ж, як і ў ракавых хворых – ракавая пухліна, зьяўляючыся антысістэмай, укараняецца ў сістэму арганізма і паразітуе там, дзе сувязі, адносіны паміж элементамі сістэмы (клеткамі й органамі) паслабляюцца, разрываюцца, г.зн. прысутнічае іх адчужанасьць.

Пераадоленьне адчужанасьці тоеснае ачуньваньню.

Этыялогія (прычыны і перадумовы захворваньня).

1. Адсутнасьць адзінай сістэмы зносінаў (культуры, сістэмы каштоўнасьцяў) паміж рознымі этнасамі, народнасьцямі, удзельнымі княствамі, дзяржаўнымі ўтварэньнямі, якія заваяваныя Мангольскай імперыяй на тэрыторыі будучай Расеі. Размовы пра дабатыеву Русь, як папярэдніцу Расеі, якая нібыта пакутавала ад раздробленасьці, азначае, што такой дзяржавы на той момант фактычна не было, і яе існаваньне падаецца толькі ў прапагандысцкіх мэтах, хутчэй за ўсё – каб схаваць, што Расея на самой справе ёсьць пераемніца рабска-каланіяльнага Улуса Джучы – Залатой арды, і ў Маскву сталічная функцыя перайшла ня зь Кіева, а з Сарая. Нічога агульнага “вертыкальна” пабудаваная Расея з “плоскай” (у сучасным разуменьні – канфедэратыўнай) Кіеўскай Русьсю ня мае. Да таго ж тэрытарыяльна яны не супадаюць, па плошчы непараўнальныя, этнічна розныя.

Што да ракавай пухліны, дык яна якраз узьнікае там, дзе ёсьць няўзгодненасьць, разыходжаньне, адыход ад адзінай сістэмы адносінаў паміж клеткамі, структурамі й працэсамі арганізма. Метастазныя клеткі паводзяць сябе разумна, “прасоўваюцца” менавіта туды, дзе ўтвараюцца шчыліны ды прарэхі ў функцыянальных ўзаемасувязях.

Яшчэ ў старажытнарымскім сенаце нарадзілася формула “падзяляй і ўладар” (лат. divide et impera), якая паказвае, што імперска-рабская ўлада паразітуе менавіта на падзеленасьці, распадзе, атамізацыі сістэмы зносінаў.

2. Насаджэньне зьверху на тэрыторыях будучай Расеі царкоўнага праваслаўнага хрысьціянства, гістарычна народжанага як ідэалагічная апора імперыі ў Візантыі. Праваслаўе сакралізуе сьвецкую ўладу, якая, нібыта, “ад бога”, а значыць, па-за крытыкай; прасоўвае ідэалогію “Сьвяшчэннай Дзяржавы” (Reichstheologie), як фактычна галоўнага ідала для пакланеньне; абагаяўляе кесара-імператара, як “боскага памазаніка” (“памазанік” па-грэцку гучыць – “хрыстос”).

Прываблівай прынадай у праваслаўі зьяўляецца сапраўды стройнае, сістэмнае і дзейснае вучэньне Ісуса Хрыста. Аднак царкоўная маніпулятыўная машына пераварочвае па сутнасьці антыімперскую і антырабскую сістэму ў сваю супрацьлегласьць, ператвараючы хрысьціянства ў нейкі эклектычны вінегрэт, падмяняючы прынцып “верую, паколькі існа” прынцыпам, які прыйшоў зь імперыі, “верую, бо недарэчна” (Credo quia absurdum est). Нічога падобнага ў вучэньні, якое выкладаў у Евангельлі Ісус Хрыстос, нават блізка няма.

Замест шляху да ўспрыняцьця відавочнасьцяў, якім ёсьць вучэньне Хрыста, царкоўнае хрысьціянства [бюрактарыя РПЦ МП. – Рэд.] наадварот адштурхоўвае ўцаркоўленага ад відавочнай рэчаіснасьці “тут і цяпер” [“тут і цяпер” – гэта адлюстраваньне ўсяго толькі невялікага фрагмента рэчаіснасьці; сьцьвярджаю, як рэаліст. – Рэд.], намаўляючы, што сапраўды істотная рэальнасьць альбо існавала некалі даўным-даўно, у старадаўнія евангельскія часы, альбо будзе ў няпэўнай будучыні, пасьля сьмерці. А цяпер чалавек існуе ў нейкім пераходным, часовым, хісткім, ілюзорным сьвеце, дзе дасягненьне стану асалоды (шчасьця) у прынцыпе немагчымае (Ісус Хрыстот якраз і прапаведаваў шчасьце, як асалоду, якая наблізілася да сёньняшняй рэчаіснасьці). У выніку адэпт праваслаўя ператвараецца ў дэзарыентаванага, пазбаўленага волі зомбі, які не адрозьнівае праўду ад хлусьні, якім можна памыкаць як заўгодна, адбіраць у яго што заўгодна, і пасылаць яго на сьмерць дзеля чаго заўгодна. Што імперыі для ўласнага існаваньня і патрэбна.

Страта ўспрыняцьця відавочнасьцяў – гэта і ёсьць сутнасьць адчужанасьці, ідэалагічнай платформы раку, выхад з агульнай сістэмы адносін, які адкрывае дарогу дэструктыўнаму новаўтварэньню [“філасофія ракавых клетак” – гэта дэградацыя ад альтруістычнага існаваньня ў межах шматклеткавага арганізма (на гэтым альтруістычным законе толькі і можа існаваць шматклеткавы арганізм) да эгаістычна-паразітнага, які й разбурае шматклеткавы арганізм. – Рэд.].

Анамнез (гісторыя цячэньня хваробы; толькі сімптаматычныя моманты).

Актыўнай фазай пранікненьня языка імперскай метастазы на тэрыторыю будучай Расеі можна, напэўна, лічыць заваёву татара-манголамі Сярэдняй Волгі ў 1229 г.; 1236-37 гг. – скарэньне ханам Батыям кіпчан, булгар ды іншых народаў на ўсход ад Русі; з 1237 г. – пасьлядоўная заваёва княстваў і гарадоў, адносімых да Паўночнай Русі (Разань, Уладзімір, Суздаль, Таржок, Пераслаў, Чарнігаў, Кіеў і др.); з 1241 г. – разгром татара-манголамі польска-германскай арміі, захоп і спусташэньне гарадоў Венгрыі, Багеміі, Польшчы, Харватыі, Славеніі. Так улус Джучы (частка мангольскай імперыі, спадкаванай сынам Чынгісхана і бацькам Батыя – ханам Джучы) расчышчаў сабе плацдарм для перарастаньня з метастазы ў самастойную ракавую пухліну – Залатую Арду. Сфармавалася Залатая Арда ў 1240 годзе – калі заваяваныя татара-манголамі княствы былі абкладзены данінай, – гэта зьява знакавая, і мае анкалагічную паралель.

Адрозьненьне ракавых клетак ад здаровых у тым, што яны не нясуць ніякай функцыянальнай карысьці [для арганізма], але жорстка арыентаваныя на харчаваньне. Не пашкоджаныя ракам клеткі розныя па сваім прызначэньні, дыферэнцыяваныя, за харчаваньне “плоцяць” тымі ролямі [абавязацельствамі-функцыямі], якія яны выконваюць у арганізме (удзельнічаюць у агульных працэсах жыцьцязабесьпячэньня, дастаўленьні і абмене рэчываў, камунікацыях, апрацоўваньні інфармацыі ды інш.), г.зн. знаходзяцца ў розных узаемаадносінах, тым самым утвараючы сістэму. Ракавыя ж клеткі недыферэнцаваныя, стэрэатыпныя, ніякага вонкавага прызначэньня ня маюць, у адносіны не ўступаюць, ад усіх і ўся адштурхоўваюцца (дэманструюць анты-адносіны), могуць толькі харчавацца і памнажацца [галоўныя ўласьцівасьці ракавых клетак наступныя: яны дзеляцца самастойна (без дазволу арганізма) і без абмежаваньняў; яны не жадаюць выконваць ніякія карысныя абавязкі перад арганізмам, да якога належаць; яны мігруюць у арганізме ў тыя месцы, дзе іх не павінна быць, выціскаючы адтуль здаровыя клеткі; яны паходзяць ад нармальных клетак гэтага ж арганізму (праходзячы шлях дэградатыўнага разьвіцьця, з дапамогай серыі не зьвязаных паміж сабой мутацый, ад альтруістаў да эгаістаў), з-за чаго часта запозна распазнаюцца ахоўна-абарончымі сістэмамі арганізму як нешта чужое; усе пералічаныя асаблівасьці й робяць рак такой небясьпечнай хваробай. – Рэд.]. Яны не ўтвараюць сістэму [як любыя абмежаваныя эгаісты. – Рэд.], а іх папуляцыі існуюць у выглядзе гамагеннага зборышча – антысістэмы, якая паразітуе на сістэме, і зь ёй жа змагаецца, яе праядае і, урэшце, зьнішчае.

У асобных выпадках ракавыя клеткі ў тылавых і цэнтральных участках пухліны могуць арганізоўваць структуры, якія нагадваюць сістэмы арганізму (залозы, пратокі), утвараць падабенства здаровай тканкі – г.зв. “строму”. Але пры бліжэйшым вывучэньні аказваецца, што гэта не сістэма, а толькі яе імітацыя. Антысістэма арганізуецца не для аўтаномнага паўнавартаснага функцыянаваньня, а ўсяго толькі для лепшага пераразьмеркаваньня харчовых рэсурсаў сістэмы, г.зн. у паразітных мэтах.

Дакладна такой жа псеўдаструктурай ёсьць імперская “вертыкаль” улады (яшчэ яе называюць “уладнай пірамідай”). Яна ў прынцыпе не арыентаваная на вытворчасьць, а толькі на адбіраньне і пераразьмеркаваньне рэсурсаў, якія здабываюцца, вырабляюцца і аднаўляюцца культурай (ад лат. cultura – утварэньне, вырабленьне, разьвіцьцё, выхаваньне, шанаваньне). Культура ды імперская антыкультура суадносяцца паміж сабой дакладна так, як арганізм і ракавая пухліна – як, адпаведна, сістэма ды антысістэма, г.зн. культура ды імперыя – непрымірымыя антаганісты, у якіх няма і ня можа быць ніякага кампрамісу. Калі культура заўсёды ўяўляе зь сябе ўнікальную сістэму каштоўнасьцяў (іх гіерархію, шкалу), то імперская антыкультура трымаецца на стэрылізацыі сістэм каштоўнасьцяў, уніфікацыі, якая іх проста зьнішчае (каштоўнасьці не складаюцца і не ўсярэдніваюцца, гэта не лічбы, ніякіх “агульналюдскіх каштоўнасьцяў” не існуе [!!! – Рэд.]). Імперыя ёсьць рак дзяржавы. Падобна да таго, як ракавыя клеткі здольны толькі нястрымана дзяліцца і паглынаць ежу, так і ў імперыі актуальныя толькі прымітыўныя матэрыяльныя каштоўнасьці, прычым не абавязкова запрацаваныя.

[шчыра кажучы, у пададзеным параўнаньні злаякаснай пухліны з імперыякратыяй пры дэталёвым вывучэньні выяўляецца шэраг недасканаласьцяў, але мы вырашылі іх не каментаваць, каб не нашкодзіць агульнаму ўражаньню, якое, у прынцыпе, вернае. – Рэд.]

У сучаснай рускай мове знайшлося дакладнае ёмкае слоўца для пазначэньня каштоўнасьцяў ня проста матэрыяльных, а дармовых, якія не супаставімыя з прыносімай карысьцю, экспрапрыяваных, адабраных падманам альбо гвалтам, прысвоеных крадзяжом, неадэкватнымі прывілеямі, незаслужанымі прэферэнцыямі. Усе гэтыя сэнсы сабраныя ў словае “халява”, якое цалкам заслугоўвае быць далучаным да літаратурнай мовы, паколькі, хутчэй за ўсё, этымалагічна паходзіць ад індуісцкага “халава” – г.зн. рытуальнай ежы, якая раздавалася мінакам бясплатна; рускага “халява” – рот, пашча, зеў; састарэлай [для рускіх. – Рэд.] назвы галянішчаў бота і танных “захаляўных” кніжак, якія насілі за галянішчам. Выцісканьне гэтага слова на жаргонныя задворкі, нягледзячы на яго ўнікальны сэнс, верагодна, выклікана пазьбяганьнем непрыемнага ўсьведамленьня таго, што “халява” даўным-даўно ёсьць асноўнай каштоўнасьцю Расеі, яе “нацыянальнай ідэяй”, галоўным стымулам-спакусай прадстаўнікоў імперскай антысістэмы, якія самі не свае да “халявы”, як й іхныя біялагічныя люстэркі – ракавыя клеткі.

Такім чынам, годам заснаваньня Залатой Арды, а заадно і Расеі, верагодна, карэктна лічыць 1240 год – год усталяваньня даніны, г.зн. легалізацыі “халявы”, маніфестацыі адбылай імперскай антысістэмы як пухліны, а ня проста метастаза. Гэта якасна (дакладней – злаякасна) цалкам новае ўтварэньне. Далей усе падзеі ў імперыі ўжо ідуць у кантэксьце ўтульнасьці збору даніны: татара-манголы ўсталявалі самаўладдзе (тады называлася – “ханат”); заняліся арганізацыяй паштовых трактаў; абавязалі насельніцтва ямской павіннасьцю; зрабілі агульны перапіс насельніцтва (пачатак крэпасьніцтва – расейскі варыянт рабства, які захаваў асобныя праявы і дасёньня, напрыклад – у інтытуце прапіскі/рэгістрацыі); увялі аднастайнае падатнае і ваенна-адміністратыўнае ўладкаваньне, а таксама ўвялі агульную для ўсіх рускамоўных вобласьцяў манету – сярэбраны рубель.

Для мясцовай знаці татара-мангольскае “ярмо” было безумоўным дабром. Да Арды князь жыў, як на патэльні: сталая пагроза паўстаньняў чэрні, скіданьня яго ўнутранымі канкурэнтамі, пагроза пераваротаў, якія арганізоўвалі крэўныя і спадчыньнікі, набегаў качэўнікаў, драпежніцкага нападу суседніх князёў. З прыходам ханаў гэты жах скончыўся. Дастаткова было выявіць халуйскую адданасьць, каб набыць у Ардзе ярлык для збору даніны (зноў жа – асноўнага занятка імперскай антысістэмы), які гарантаваў пажыцьцёвыя прывілеі, абарону сілай ад любых замахаў на сваю ўладу, як на сьвяты імперскі механізм узяцьця даніны-халявы.

Мала хто задумваецца, што формула пасьпяховага псеўда-бізнэсу, заснаванага не на вытворчасьці, а на падмане, якая расквітнела ў 90-я гады ХХ стагоддзя, складзеная ў трыадзінстве “лохі-кідалы-дах” – гэта вітаньне з далёкай Залатой Арды. Там цэнтральная ханская ўлада была “дахам” для князёў, тыя выконвалі ролю “кідалаў”, а чэрні, натуральна, адводзілася роля эксплуатуемых і рабуемых “лохаў”. Як і ў выпадку са словам “халява”, у адносінах да паняцьця “лох” варта адзначыць, што гэтаму слову цалкам варта быць легальным, тым больш, што яно ў літаратуры ўжо выкарыстоўвалася.

Гісторыкі часта робяць памылку, што лічаць прычынай заваёвы тэрыторыяў будучай Расеі фізічную слабасьць падзеленых княстваў. Гэта, безумоўна, было вызначальным фактарам на этапе ваеннага рабаўніцтва ханам Батыем пад час паходаў 1236-41 гг. Зусім іншая праява раку – сама пухліна, стацыянарная злаякасная антысістэма, г.зн. імперыя. Тут фізічная сіла грае другасную ролю. Падобна да таго, як здаровая клетка арганізма перараджаецца ў злаякасную, раптам адкрыўшы для сябе, што можна шыкоўна жыць, не несучы ніякай функцыі, толькі далучыўшыся да натоўпу “халяўшчыкаў”, так і знаць спакушалася выгадай, якую даваў пераход у падпарадкаваньне да хана. Князі, калі казаць на мове 1990-х, “ставіліся пад дах” да хана. Гэта датычыць і легендарнага Аляксандра Неўскага, якому Батый пісаў: “Перада мной скарыліся многія народы. Няўжо ты адзін ня хочаш скарыцца маёй дзяржаве? Калі хочаш зьберагчы зямлю сваю, дык прыходзь пакланіцца мне, і ўбачыш гонар і славу царства майго”.

На прыкладзе А.Неўскага ўвачавідку можна пераканацца, што фізічная сіла, на якую рабілі стаўку, напрыклад, Лівонскі ды Тэўтонскі ордэны, не магла атрымаць таго выніку, які дамогся Батый без адзінай бітвы простым “дахаваньнем”, у выніку якога А.Неўскі атрымаў ярлык вялікага князя над усёй тэрыторыяй былой Русі. І князь-патрыёт большую частку часу свайго “вялікага княжаньня” (7 гадоў з 11) правёў у Сараі, выявіў вялікую стараннасьць і запал, робячы карныя эксьпедыцыі й здушваючы паўстаньні супраць мангольскіх перапісчыкаў у Ноўгарадзе ды іншых гарадах, якія сталі калоніяй ардынскай імперыі [тут дарэчы будзе нагадаць знакаміты выраз, які прыпісваецца А.Неўскаму: “Хто да нас зь мячом прыйдзе…”; яскравы прыклад розьніцы паміж прапагандай і праўдай. – Рэд.].

Такія мутацыі са здаровых клетак у ракавыя, як у выпадку з А.Неўскім – перараджэньні князя-героя ў калабаранта, вядома, не маглі адбывацца без пратэкцыі царквы – галоўнай і адзінай ідэалагічнай апоры тагачаснага грамадства, якая далучыла пазьней А.Неўскага ўвогуле да ліку сьвятых.

Сапраўдны росквіт праваслаўная царква атрымала пры татара-манголах. Гэта была сьвядомая палітыка прабацькі Мангольскай Імперыі – Чынгісхана (1155-1227): “Паважаю і шаную ўсіх чатырох (Будду, Маісея, Ісуса і Магамета) і прашу таго, хто зь іх у праўдзе найбольшы, каб ён стаў маім памочнікам”. Іншымі словамі, ханы гатовыя былі падтрымаць веру, хоць у чорта з рагамі, абы мясцовая рэлігія служыла імперыі. Нічога лепшага, чым праваслаўе, уявіць сабе немагчыма – гэта быў для ханаў проста падарунак лёсу. Імперыя зь яе рабствам уваходзіла як вілка ў разетку ў асяроддзе, падрыхтаванае праваслаўнай царквой, імперскай па сваёй ідэалогіі. Царква ад язычнікаў татара-манголаў атрымала нябачныя да і пасьля “ярма” прэферэнцыі – імперыя за адданую службу дзялілася з царквою сваёй доляй “халявы”. Ханы выдавалі рускім мітрапалітам залатыя ярлыкі, якія ставілі царкву ў цалкам незалежнае ад княскай улады становішча. Суд, даходы – усё гэта належала ўладзе мітрапаліта, і царква хутка набыла матэрыяльныя сродкі ды зямельную ўласнасьць.

За ханскі пратэкцыянізм царква павінна была плаціць і плаціла калабаранствам, а па-простаму – здрадай. Такая “сімфонія” ханскай дзяржавы, мясцовай знаці ды праваслаўнай царквы наканавала народу безвыходнае рабства, якое ёсьць зваротным бокам “халявы”, г.зн. непазьбежным наступствам імперскага злаякаснага ўкладу грамадства. Пернікі зь неба ня падаюць і карысныя выкапні самі зь зямлі не выскокваюць. Каб нешта адымаць, трэба гэта “нешта” выгадаваць, здабыць, вырабіць, аднак імперская “вертыкаль” да вытворчасьці не прыстасаваная. Гэта статычная гіерархія, выніковая толькі на вайне, у рабаўніцтве, а ў мірных умовах уяўляе зь сябе калонію трутняў, зьяднаных вакол “халявы”, зьяўляючыся, па сутнасьці – акупацыйнай паразітнай надбудовай. Адсюль і непазьбежнасьць паднявольнай працы і рабаўніцтва ў імперыі.

Рабства выцякае з грамадскага стану, верагодна, па тых жа прычынах, што і “халява” – як адна зь непрыглядных фундаментальных расейскіх непазьбежнасьцяў, пра якую ня хочацца казаць, бо гэта ідзе ўразрэз зь імперскім гістарычным падыходам [!!! – Рэд.].

Ангажаваныя гісторыкі, ствараючы ружовую імперскую міфалогію ў жандармскім ключы, дайшлі да таго, што ўвогуле адмаўляюць рабства ў Расеі, даводзячы, што расейскія народы з першабытнай грамады адразу крочылі ў феадалізм. Такое імкненьне пазьбегнуць праблему рабства зразумелае, бо вымавіўшы “А”, прыйдзецца казаць і “Б”: калі прызнаць залатаардынскі ўклад як рабства, то што тады азначае такое паняцьце як “ярмо”? Не атрымліваецца ўсё зваліць на татара-манголаў, непазьбежна ўсплыве, што “вызваленьня ад ярма” – гэта ўсяго толькі ідэалагічны міф. Проста кожная наступная рэінкарнацыя імперскага рабства (рэстаўрацыя ракавай пухліны) крытыкуе папярэднюю, даводзячы, што, маўляў, ужо цяпер дык зусім ня тое, што было раней, з прыгнётам закончана назаўсёды, наперадзе сьветлая будучыня. Так дыстанцаваліся цары ад татара-манголаў, бальшавікі – ад царызма, дэмакраты – ад камуністаў [у 1990-я ў Расеі пры ўладзе былі не дэмакраты, а псеўда-лібералы. – Рэд.], а тым часам выбудоўвалі ўсё тую ж рабскую сьхему, толькі ўсё больш вытанчаную, кожны раз пад новай шыльдай.

А якая, уласна, розніца рабу, хто будзе на вяршыні рабаўнічай піраміды – татарскі хан ці рускі цар? Што мяняе нацыянальнасьць прыгнятальніка? Ці ж у той час быў нейкі нацыяналізм, і вызвалілі ад “ярма” нейкія скіны? Пра якое “падзеньне ярма” можа йсьці гаворка, калі падаткавы цяжар, які ўсталявалі татара-манголы (гэта было 10%), пасьля “вызваленьня” толькі павялічыўся? Гэта сёньня выглядае проста сьмешным. Чым адрозьнівалася ад рабства расейскае прыгонніцтва, якое да XVІІ стагоддзя дайшло да практыкі продажу сялянаў без зямлі накшталт афрыканскіх неграў у Амерыку? Дарэчы, апошнія ў адрозьненьне ад рускіх дамагліся-такі права называць сёньня рэчы сваімі імёнамі.

Зь якой такой нагоды Кулікоўская бітва 1380 г. падаецца як разгром татар-манголаў, калі Дзьмітры Данской (1350-89) прысягаў на вернасьць законнаму хану Тахтамышу, калі выступіў супраць прэтэндэнта на званьне вялікага хана самазванца Мамая, калі ў войску Данскога нароўні зь іншымі ваявалі татары? Усё кажа пра тое, што гэтая бітва, якая, дарэчы, не пакінула аніводнага артэфакта (нават наканечніка стралы), ёсьць прыкладна тое ж самае, што і “навядзеньне канстытуцыйнага парадку” федэральнымі войскамі ў Чачні ў 1994 г. Гэта значыць, што значэньне перамогі Дзьмітрыя Данскога проста супрацьлеглае таму, якое дэкларуецца некаторымі гісторыкамі – умацаваньне, а не аслабленьне цэнтральнай ханскай улады, тым больш, што перамога Данскога зусім не перашкодзіла Тахтамышу ўжо праз два гады пасьля Кулікоўскай бітвы разрабаваць ды спаліць Маскву дазваньня і спакойна працягнуць збор даніны.

Сапраўды поўны разгром Тахтамышу і Залатой Ардзе нанес Тамерлан (1370-1405) у 1391 г., але пазьней адмовіўся ад паходу па паўночных калоніях, махнуўшы рукой на землі, якія былі цалкам разрабаваныя, спустошаныя ардынскім рабствам.

Аднак сьвятое месца пустым не бывае. Прывучанасьць да збору даніны (плацілі пасьля разгрому Залатой Арды невядома каму яшчэ амаль 100 гадоў!) не магла пазьней не знайсьці новага “халяўшчыка”. Ня мог не ўзьнікнуць новы імперскі цэнтар, у больш падыходзячым геаграфічным цэнтры калоніяў – Маскве.

Незадоўга да таго першую спробу перамясьціць сталіцу са слабеючага далёкага Сарая ў Маскву зрабіў Іван Каліта (?-1340), унук А.Неўскага, злодзей, хабарнік, казнакрад, які па-халуйску вылізаў у Ардзе, як і дзед, ярлык на збор даніны. “Выдатныя якасьці” Каліты арганічна перадвызначылі ўніверсальную характарыстыку для наступных расейскіх кіраўнікоў, перад адыёзнасьцю якіх блякнуць і сарамліва адступаюць татарскія ханы, як бы іх не імкнуліся дэманізаваць гісторыкі.

Чаго вартая фігура Івана Жахлівага (1530-84), які канчаткова давёў, што справа манголаў жыве і перамагае – іхная імперыя пры Іване IV узьнікла ў новай рэінкарнацыі – Маскоўскім царстве, фармальным адрозьненьнем якога ад Залатой Арды было толькі тое, што замест хана зьявіўся цар (этымалагічна ад старажытнарымскага “кесар”). Істотнай жа розьніцы ніякай не было. Гэта была ўсё тая ж імперска-рабская антысістэма, рэцыдыў злаякаснага дэструктыўнага ўтварэньня. Такая пераемнасьць перадвызначыла і далейшую “ўнікальнасьць” Расейскай імперыі, якая некалькі адрозьнівалася ад іншых: калі імперыі традыцыйна рабавалі калоніі на карысьць метраполіі, дык у Расеі атрымалася “імперыя наадварот” – з прычыны, што яна была ўтворана на ардынскіх калоніях, тыя, стаўшы нібы метраполіяй, так і засталіся кармушкай для рабаваньня. Зьмяніўся толькі кірунак колазвароту “халявы” ў прыродзе імперыі – у гэтым і ёсьць уся самабытнасьць Расеі.

Такое расейскае “ноў-хаў”, якое склалася само па сабе, дала ўнікальныя магчымасьці ў далучэньні да імперыі новых тэрыторыяў – замест ваеннай сілы часта выкарыстоўваўся подкуп, запрашэньне ўскрайкавых народаў і дзяржаў да “халяўнага” пірага рабаўніцтва цэнтральнай Расеі [варта адзначыць, што да Беларусі й Украіны, як тэрыторый найбольш “братніх” народаў, адзначанае дачыненьня ня мела. – Рэд.]. Патрыёты часта ганарацца тым, што Расейская імперыя адносна мала прыклала ваеннай сілы для свайго пашырэньня. Аднак замоўчваецца, хто і чым за такія “мірныя заваёвы” плаціў, што працавала ўсё тая ж сьхема “дахаваньня”, якая бездакорна працуе і пасёньня. Напрыклад, бясплодна і ганебна закончыліся спробы двух ваенных рэйдаў федэральных войскаў на Чачню 1994-96 і 1999-2000 гг. Аднак, што не атрымалася падпарадкаваць сілай, тое, як заўсёды, лёгка атрымалася Маскве здабыць “халявай” – значнымі грашовымі падарункамі. Знайшоўся і свой чачэнскі Аляксандр Неўскі, гатовы за “ярлык” на збор даніны і практычна неабмежаваную ўладу пад “дахам” Масквы трымаць свой народ у хамуце і здушваць любыя спробы бунту супраць імперскага (цяпер гэта завецца – “федэральнага”) цэнтра. Чачня, у выніку, атрымала правы і прэферэнцыі, якія ёй бы і ня сьніліся, калі б яна аддзялілася ад Расеі.

Падобна двум войнам у Чачні Іван Жахлівы таксама распачаў, напрыклад, два паходы на Астрахань (1554 і 1556 гг.), і толькі шмат пазьней ён зразумеў, што імперыя трымаецца не на вайсковай сіле, а на “халяве”, і ў канчатковым выніку заняўся адраджэньнем інстытута татара-манголькіх баскакаў (ад цюрскага – здушвацель), якія цяпер, у маскоўскім ханстве, сталі звацца апрычнікамі. “Апрычніна” азначае тое ж, што і “халяўшчына” – апора імперыі, прыкормлены кантынгент, які заняты адыманьнем (экспрапрыяцыяй) і спажываньнем чужых рэсурсаў.

Вось і сапраўдная расейская імперская “метраполія” выявілася – не тэрыторыя, не народ, як у іншых імперыях, а каста абраных “здушвацеляў” [па нашаму, імперыякратыя. – Рэд.], якія атрымалі права забіваць і рабаваць пад прэтэкстам выкараненьня дзяржаўнай “здрады”. Выявілася тэндэнцыя прыцягваць да карных функцыяў розны інтэрнацыянальны [касмапалітычны] зброд – не прыжылых у сваіх культурах выхадцаў зь невядома якіх ускрайкаў, бічоў, якія ня маюць ніякай сістэмы каштоўнасьцяў, чужых да ўсяго на сьвеце акрамя “халявы”, і ў сваім патрыятызьме, адданасьці імперыі-“халявадавальніку”, сьвяцей за папу рымскага.

Нехта вешае ўсіх сабакаў за рэпрэсіі ў ХХ стагоддзі на чэкістаў-камуністаў, а, між тым, яны ўсяго толькі спадчыньнікі традыцый баскакаў і апрычнікаў, проста найважнейшы інстытут імперскай “халяўнай” антысістэмы, які непазьбежна будзе аднаўляцца ў тым ці ішым выглядзе, пакуль жывая імперыя, як яе фундаментальны антыбут, расейскі від нетэрытарыяльнай метраполіі. Прынцыпова нязьменна і лагічна, што Расея – гэта турма для спрадвечных і разьваючыхся культур, і яна ж – кландайк для рознага роду прайдзісьветаў, “агульначалавекаў”, якія мараць пра лёгкае жыцьцё, хуткую нажыву і якія далучаюцца да расейскай “метраполіі” проста па факту сваёй першароднай непрыналежнасьці ні да якой культуры, непадтрыманьня ніякай сістэмы каштоўнасьцяў.

Юры Кузняцоў

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы