Віталь Куплевіч
Сьвядомасьць (ідэнтыфікацыя) – складаная псіхалагічная зьява сутнасьць якой заключаецца ў адчуваньні ўласнай належнасьці індывіда, асобы да пэўнай супольнасьці. Сьвядомасьць – катэгрорыя псыхалёгіі. Ня кожная сьвядомасьць бывая палітычнай.
Сьвядомасьці належнасьці да мужчынскага або жаночага полу, да тае ці іншае расы, узроставай групы, пражываньня на той ці іншай вуліцы (калі яна не зьяўляецца палітычнай адзінкай) не зьяўляюцца палітычнымі.
Палітычная сьвядомасьць можа скласьціся на аснове этнічнай, рэлігійнай, культуровай, абшаравай, гістарычнай ды іншых індэнтыфікацый. Часьцей за ўсё вышэйназваныя індэнтыфікацыі складана пераплятаюцца ў асабістай сьвядомасьці індывіда.
Палітычная сьвядомасьць (ідэнтыфікацыя) называецца тоеснасьцю.
Сьвядомасьць – катэгорыя вузейшая за тоеснасьць. Ня кожная сьвядомасьць можа быць тоеснасьцю, г. зн. быць зьвязана з гаспадарствам (-амі), найперш зь дзяржаваю. Кожная дзяржава фарміруе агульнадзяржаўную тоеснасьць – усьведамленьне індывідам (асобай) уласнай належнасьці да пэўнай дзяржавы.
Нясумнеўна дынамічнасьць палітычных ідэнтыфікацый (як і іншых). Палітычная ідэнтыфікацыя як зьмяняецца ўсьлед за зьмяненьнямі ў палітычнай часапрасторы, так і апярэджвае зьмяненьні палітычнае часапрасторы.
Пераважна першае адбылося пры складаньні эўрапейскіх палітычных супольнасьцяў на аснове абшаравых на захадзе Эўропы (якія зьяўляюцца гістарычна старэйшымі): Гішпанія, Францыя, Вялікабрытанія, Бэльгія, Люксэмбург, Швэйцарыя, Аўстрыя, Манака ды іншыя мікрадзяржавы Эўропы (спачатку ўзьніклі Гішпанія і Францыя, а затым – гішпанская і французская палітіндэнтыфікацыі, пры тым гэта распаўсюдзілася як углыбіню – на ўсіх прыступках сацыяльнай лесьвіцы, так і ўшырыню – ва ўсіх рэгіянальных супольнасьцях).
Пераважна другое назіралася там, дзе этнічная ідэнтыфікацыя сталася субстратам для ўзьнікненьня аднайменнай палітычнай, што прывяло да паўстаньня дзяржаў на ўжо сфармаваным этнічным субстраце з аднайменнай палітычнай ідэнтыфікацыяй. Тое адбылося гістарычна раней на захадзе Эўропы (Партугалія, Галяндыя), некалькі пазьней, ў ХІХ, у яе цэнтры (Італія, Нямеччына) і толькі ХХ ст. (усе сучасныя супольнасьці) – на ўсходзе Старога сьвету, а таксама ў Ірляндыі, Ісляндыі, на Мальце (г.зн. у невялікіх востраўных супольнасьцяў на ўскраінах Эўропы).
Эўрапейская тоеснасьць бывае няпэўнай і пэўнай, а таксама адзінарнай, двайной, трайной і г.д. Пэўная тоеснасьць часьцей адзінарная, а няпэўная – двайная, трайная і г.д.
Пэўная тоеснасьць складаецца ідэальна ў дзяржавах што ўтварыліся гістарычна раней сярод аўтахтоннага насельніцтва на абшарах, якія належылі ім стабільна. Залежыць ад ступені завершанасьці і хуткасьці працэсаў палітычнага нацыятварэньня.
Напрыклад, карэнны француз з Парыжу як этнічна так і палітычна, як правіла, цалкам засіміляваўся, г.зн. забыўся пра этнічныя карэньні продкаў зь сярэднявечча (бургунцы, правансальцы, або брэтонцы ці баскі) і ідэнтыфікуе сябе як палітычна, так і этнічна з французскай нацыяй.
Няпэўная тоеснасьць часьцей захоўваецца там, дзе сучасныя дзяржавы ўтварыліся параўнальна гістарычна нядаўна, а абшары традыцыйна зьяўляліся палітычна нестабільнымі, г.зн. за кароткі час належылі розным дзяржаўным утварэньням (Усходняя Эўропа, захад Беларусі), на ўскраінах, на памежжах і сумежжах, сярод насельніцтва іншаэтнічных, іншамоўных, іншарэлігійных рэгіёнаў, сярод імігрантаў і г.д.
Карэнны дзядуля-каталік з-пад Горадні лічыць што ён жыве ў Беларусі (палітычны беларус), але памятае, што нарадзіўся за польскім часам і жыў да 1939 г. у Польшчы (гістарычны палітычны паляк) дзе жыцьцё было “ня тое што пры саветах”, а большасьць дарослага жыцьця правёў пры СССР (гістарычны савецкі чалавек). Толькі на старасьць стаўся грамадзянінам Беларусі, але адкуль узялася тая Беларусь і хто яе прыдумаў – ня ведае. Ня ведае хто ён дакладна: ці то паляк, ці то савецкі, ці то беларус, таму і мае няпэўную палітычную сьвядомасьць (хутчэй аж трайную).
Двайная і, нават, трайная тоеснасьці сустракаюцца ў фэдэратыўных дзяржавах, або дзяржавах з камбінаваным адміністрацыйным падзелам, а таксама там, дзе лякальныя і рэгіянальныя супольнасьці адпавядаюць этнанацыянальным.
Тубылец з-пад Барсэлёны палітычна ідэнтыфікуе сябе як гішпанец, аднак этнічна лічыць сябе каталёнцам, але толькі не кастыльцам. Аналягічны абарыген з-пад Эдэнбургу зьяўляючыся палітычным брытанцам (падданым ангельскай каралевы) і размаўляючы хутчэй па-ангельску (звычайна з моцным акцэнтам) на сьвяты апранае шатляндыйскую спадніцу і памятае пра дзяржаву яго продкаў – Шатляндыю (гістарычны палітычны шатляндыец).
Клясычным гістарычным прыкладам двайной тоеснасьці зьяўляецца вызначэньне літоўскай шляхты ў часы першай Рэчы Паспалітай як “gente Lithuanus, natione Polonus”, г.зн. лац. даслоўна “люд літоўскі народ польскі”, што можна расшыфраваць як палітычныя палякі літоўскага палітычнага паходжаньня (носьбіты спадчыны ВКЛ). Літоўскія русіны (прабеларусы і праукраінцы) мелі трайную тоеснасьць: паляк – ліцьвін – русін/рускі. Трэцяе вызначала іхнюю належнасьць да гістарычнай і цывілізацыйнай эўрапейскай Русі, або заходняй Русі (у супрацьвагу эўразійскай Масковіі, названай пазьней усходняй Русьсю).
Тоеснасьць можа быць маргінальнай – ўсьведамленьнем належнасьці да неіснуючай або непрызнанай палітычнай супольнасьці (славянін, прыднястровец); гістарычнай – усьведамленьнем уласнай належнасьці да вымерлай або выміраючай палітычнай супольнасьці (югаславянін, чэхаславак, савецкі, гэдээравец і г. д.).
Сярод маргінальных ідэнтыфікацый выдзяляюцца панідэнтыфікацыі (панэтнічныя, панрэлігійныя, паводле панперакананьняў), напр. панславянскія, пангерманскія, панраманскія, панарабскія, паніслямскія, панхрысьціянскія і мн. іншыя. Маргінальныя ідэнтыфікацыі заўсёды фантастычныя, часьцей няпэўныя, але часам зьяўляюцца асобныя фанатыкі ці супольнасьці фанатыкаў з агульным пэўным псіхозам.
Так постсавецкія “славяны” адчуваюць сябе падданымі віртуальнага славянскага “саюза”, араба-мусульманскія фанатыкі даўно жывуць у фантастычным араба-мусульманскім халіфаце (гістарычная + маргінальная індэнтыфікацыя), некаторыя цюркі зь Сярэдняй Азіі “збудавалі” ілюзорны “Вялікі Туркістан” і г. д.
Нашчадкі сучасных постсавецкіх (напр., расейца і беларускі) часам хістаюцца паміж расейскай і беларускай этнічнай і палітычнай ідэнтыфікацыяй. Выратавальным каменьчыкам можа стаць этнічная і палітычная маргіналізацыя ў выглядзе фантастычнага этноніму і палітоніму “славянін”, паколькі савецкая тоеснасьць – вымірае.
Сярод гістарычных сьвядомасьцей можна вылучыць вызвольніцкія – усьведамленьне належнасьц да дзяажавы продкаў якую патрэбна аднавіць.
Памяць аб германскім Рэйху ў сярэднявеччы дапамагла большасьці паўднёвых германцаў аб’яднацца ў адзіную Нямеччыну і стаць палітычнымі немцамі. Памяць пра веліч Рымскае імпэрыі, між іншым, дапамагла апэнінскім раманцам стаць італійцамі. Палякі ў час падзелаў першай Рэчы Паспалітай (канец ХVІІІ – 1918 г.) індэнтыфікавалі сябе з страчанай дзяржавай, а многія летувісы ў час савецкай акупацыі атаясамлівалі сябе з міжваеннай Летувай.
Аднак ня ўсе вызвольніцкія тоеснасьці зьяўляюцца гістарычнымі. Пасьля Першай сусьветнай вайны, распаду СССР ды Югаславіі незалежнасьць атрымалі супольнасьці, якія ня мелі дзяржаў з блізкімі палітонімамі да сучасных (Латвія, Эстонія, Украіна, Беларусь, Славенія, Босьнія і Герцэгавіна).
Рознаўзроўневасьць палітычнай ідэнтыфікацыі складае яе герархію. Адзін і той жа індывід, адна і тая ж супольнасьць можа адчуваць сваю належнасьць да гаспадарстваў рознага рангу (Беларусі, сельсавету, раёну, вобласьці).
Напрыклад: брагінцы, гомельцы, беларусы, усходнеэўрапейцы, эўрапейцы; мюнханец, баварац, немец, заходнеэўрапеец, эўрапеец; Ольстэравец, паўночнаірляндыец, брытанец, паўнічнаэўрапеец, эўрапеец і г. д.
У той ці іншы час пэўны ранг герархіі палітычнай ідэнтыфікацыі можа выступаць на першае месца вызначаючы паводзіны індывіда і супольнасьцяў.
Заўзятар французскага футбольнага клюбу Марсэль ідынтыфікуе сябе ўнутры Францыі найперш як марсэлец, а толькі тады, калі Марсэль выступае ў агульнаэўрапейскай Лізе Чэмпіёнаў як марсэлец і як француз (пры тым можа пераважаць марсэльская або французская сьвядомасьць). Калі ж зборная Францыі выступае на чэмпіянаце Эўропы ў Нямеччыне жыхар Марсэлю адназначна ідэнтыфікуе сябе французам, бо з заўзятарамі іншых рэгіёнаў Францыі адстойвае гонар сваёй дзяржавы.
Тоеснасьць у Эўропе бывае:
1. Дзяржаўная (уласна дзяржаўная), найперш імпэрская манархічная – усьведамленьне індывідам сваёй належнасьці да пэўнай дынастыі (падданы (-ая) караля, цара, князя і г. д.), да імпэрыі зь яе “магутнасьцю” і “веліччу”.
2. Краявая – усьведамленьне належнасьці індывіда да краю – гістарычна-палітычнай адзінкі, якая ў больш менш даўнія часы была далучана да мультыэтнічнай імпэрыі і інтэгравана зь ёй як правіла незалежна ад волі тубыльцаў Краю.
3. Рэгіянальная – усьведамленьне належнасьці індывіда да ўласнага рэгіёну.
4. Нацыянальная – усьведамленьне належнасьці індывіда да нацыі, каштоўнасьцяў нацыі.
5. Этнічная – усьведамленьне непаўторнасьці і ўнікальнасьці ўласнага этнасу, патрэбы яго захаваньня і г. д.
6. Рэлігійная – першаснае усьведамленьне каштоўнасьці ўласнае рэлігійнае адметнасьці сярод суседзяў-іншаверцаў (мусульмане-басьнійцы).
Суадносіны паміж дзяржаўнай, рэгіянальнай, этнічнай і нацыянальнай тоеснасьцямі гістарычна ў розных супольнасьцяў выглядалі надзвычай складана. У пэўныя эпохі кожная з вышэйузгаданых тоеснасьцяў станавілася падмуркам для дзяржаватварэньняў.
Для большай падпабязнасьці найперш раю вывучаць псыхалёгію.