nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Кузьма Казак: “Вёска Дражна — тыповы прыклад. Такіх вельмі шмат”

Чэрвень 18, 2008 | 2 каментарыя

��ажна, а.�еан�д.JPG

Учора Старадароскі раённы суд пакараў аштрафам болей як на мільён рублёў айца Леаніда Акаловіча сьвятара Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ). Яго пакаралі за асьвячэньне крыжа ў памяць пра ахвяры партызанкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пакаралі й мясцовага жыхара Алеся Апанасевіча за тое, што прынёс рыдлёўку, каб укапаць крыж.  За некалькі хвілін да суду сьвятар Л.Акаловіч згадаў, што за сваё жыцьцё асьвячаў дзясяткі крыжоў, але судзяць яго за гэта ўпершыню. Нагадаем, 19 красавіка г.г. ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну быў усталяваны шасьціканцовы крыж у памяць пра 25 мірных сялян, забітых у 1943 годзе партызанамі савецкага габрэйскага атраду. Пазьней міліцыянты склалі пратакол на арганізатараў мерапрыемства, ацэненага як несанкцыянаваны сход”, а крыж дэмантавалі. У красавіку і ў траўні за гэтую акцыю былі асуджаныя на 15 сутак грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык і аўтар кнігі пра трагедыю вёскі Дражна Віктар Хурсік (паводле www.svaboda.org/content/Article/1140167.html).

Як з усім гэтым змагацца? Чарговай порцыяй праўды пра Вялікую Айчынную. Пра падзеі ў вёсцы Дражна ў 1943-м мы ўжо паведамлялі (https://nashaziamlia.org/2007/10/06/919/). Падаем чарговы матэрыял (паводле Галіны Абакунчык, www.svaboda.org/content/Article/1140188.html).

Рэдакцыя.

Што кажуць гісторыкі пра лёс вёскі Дражна й іншых паселішчаў, пра партызанскі рух у Беларусі?

“Германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-44: аналіз і вынікі” – так называецца кніга, у якой дасьледуюцца малавядомыя факты пра партызанскі рух у Беларусі падчас апошняй вайны. Аўтар падрыхтаванага да друку выданьня гісторык, загадчык Гістарычных майстэрняў Кузьма Казак. Яму слова.

Казак: “У нас у кнігах пра вайну напісаныя, да прыкладу, страты нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ну і, безумоўна, усе мы думалі, што гэта немцы. А як выявілася, то большая частка — гэта мясцовыя людзі. І я паказваю, што калі гінулі і нямецкія жаўнеры, то адначасна пад выглядам нямецкіх гінулі і нашыя. Да прыкладу, як і ў выпадку зь вёскай Дражна. А гэтая лічба, пра якую я кажу, заўсёды заставалася такой канстантай: 500 000 — гэта паўмільёна зьнішчаных на тэрыторыі Беларусі партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З гэтых паўмільёна, якія зьнішчаныя, бальшыня прыпадае на мясцовых людзей. Яны зьнішчаныя менавіта партызанамі, гэта не франтавая гісторыя. Таму немцы заўсёды пыталіся: а як гэта так? Як гэта вы маглі гэтулькі панішчыць? Не было тут немцаў гэтулькі. І ніхто не спрабаваў даць адказ на гэтыя пытаньні. Словам, вайна доўгі час малявалася і малюецца ня тымі фарбамі”.

Абакунчык: “Ці вам даводзілася сустракацца, складаючы кнігу, з такімі прыкладамі, як вёска Дражна?”

Казак: “Вядома, камусьці гэта падаецца нетыповай зьявай. І камусьці думаецца, што, маўляў, такога ня можа быць. Да прыкладу, у вёсцы гарнізон і ўявіце сабе такую лічбу, якую немцы самі зафіксавалі: 575 нападаў на вёскі ў сакавіку 1944 году. А як гэта адбывалася? І страляюць, і кідаюць гранаты, і падпальваюць. А пасьля атрымліваецца: немцы лічаць, што гэта забілі партызаны, а партызаны лічаць, што гэта яны забілі памагатых. І гэтае полымя было вельмі маштабным і значным. Пасьля, калі глядзець далей на гэтую праблему, то вельмі моцнымі былі канфрантацыі паміж польскімі і ўкраінскімі партызанамі, савецкімі і польскімі партызанамі”.

Абакунчык: “Значыць, можна весьці гаворку пра тое, што былі розныя групоўкі партызан?”

Казак: “Вядома, існавалі розныя групоўкі, ды яшчэ як. Калі браць савецкі партызанскі рух, то ў 1941-м ён быў вельмі кволы. Станаўленьне яго адбываецца толькі ў 1942 годзе, а масавым ён стаў у 1943 годзе. Але ж да гэтага часу вельмі моцнымі былі на поўдні Беларусі ўкраінскія сілы. Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі Рускай вызвольнай арміі, у народзе іх называлі ўласаўцамі. Таксама ў нас, у Беларусі, актыўна дзейнічала так званая брыгада Камінскага — гэта расейская нацыянальная народная армія. Шэраг такіх фармаваньняў, асабліва ва ўсходняй частцы Беларусі, былі тыпова нацыянальнымі. Ну а пасьля, з 1943 году, распачынаецца канфрантацыя паміж савецкімі і польскімі партызанамі Арміі Краёвай. Ну і, безумоўна, у гэтых дзеяньнях было вельмі шмат жорсткага. Вельмі і вельмі шмат”.

Абакунчык: “Ці магла быць такая сытуацыя, як сьведчылі жыхары вёскі Дражна, што калі не ўдавалася зьнішчыць той жа нямецкі гарнізон, калі не было належнай справаздачы, тыя ж партызаны нішчылі людзей без разбору, бо партызаны былі не мясцовыя?”

Казак: “Было ўсё, бо чым больш было забіта паводле статыстыкі, тым больш было верагоднасьці, што чалавек атрымае нейкае падвышэньне альбо ўзнагароду. І партызаны, дарэчы, гэта вельмі часта выкарыстоўвалі. Калі чытаеш дакумэнты Беларускага штабу партызанскага руху, відаць, што да гэтага ставіліся станоўча. Бо кожны хацеў выглядаць героем у гэтай вайне. У статыстыку патраплялі цывільныя людзі, як у прыкладзе з гэтай вёскай. Гэта вельмі тыповы прыклад, і такіх матэрыялаў вельмі шмат, нават страшнейшыя ёсьць [!!! – Рэд.]. А камандаваньне партызанскіх атрадаў, толькі яны самі, паводле сваіх прысудаў, расстралялі ці павесілі больш за дзьве тысячы партызан. Кожны такі выпадак абавязкова цягне за сабой факты гвалту над іншымі людзьмі. І такіх старонак, малавядомых ці невядомых, у нас у Беларусі вельмі шмат. Бо не было больш масавага партызанскага руху ў ніводнай краіне, як у нас, у Беларусі”.

 

 

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    І не магло быць інакш, бо большасць партызанскіх атрадаў падпарадкоўвалася людажэрам з Крамля.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы