nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Вайна пасля вайны (частка 2; П пр-п 15)

Чэрвень 18, 2008 | 8 каментарыяў

Анастасія Зелянкова (паводле http://www.gazetaby.com/cont/print.php?sn_nid=4077)

СÑ�пÑ�аÑ�Ñ�Ñ� 2.JPG 

 

“Ліквідоўвалі адзін атрад — з’яўлялася два”

Арганізацыя Вітушкі, пра якую распавядалася ў першай частцы артыкулу, была не адзінай, якая дзейнічала ў Беларусі. Былі й іншыя, асобныя групы. Усяго на нелегальным становішчы ў студзені 1945 года знаходзілася каля 117 тысяч чалавек. Некаторыя хаваліся ад савецкіх рэпрэсій, некаторыя не жадалі ісці ў Чырвоную армію, былі таксама настаўнікі, якія вучылі [дзяцей] у часы нямецкай акупацыі, а значыць па савецкіх законах лічыліся “памагатымі акупантаў”. Былі і проста злачынцы.

Сказаць, колькі ўсяго чалавек змагалася супраць савецкай ўлады, немагчыма. Стыхійны рух ахапіў практычна ўсю Беларусь. На Палессі дзейнічалі атрады атамана Якуба Харэўскага. Некалькі арганізацый было на Усходзе. На Браншчыне доўгі час дзейнічаў атрад Козіна, які рабіў рэйды на Гомельшчыну і Магілёўшчыну. Характэрна, што складаўся ён з былых паліцыянтаў і франтавікоў Чырвонай Арміі.

Сярод груп, якія дзейнічалі аўтаномна, вылучалася арганізацыя, якую ўзначальваў чалавек па мянушцы “Вітаўт”. Яны змагалася на тэрыторыі Вільні і Віленскага краю з 1946 па 1947 год. Арганізацыя, якая налічвала прыблізна каля 1000 чалавек, у свой час згубіла сувязь з Вітушкам. “Вітаўт” нават не ведаў жывы той ці не. Пры некаторых кантактах ён нават называў сябе ягоным прозвішчам — так было прадугледжана па сістэме канспірацыі. Арганізацыя была практычна поўнасцю разгромлена войскамі МГБ, некалькі чалавек уцяклі на Захад, ацалелыя групы дзейнічалі яшчэ ў 1950-я.

У раёне Нясвіжа і Клецка дзейнічаў атрад атамана Івана Раманчука, які ў 1946 годзе арганізаваў падпольны “Саюз змагання за незалежнасць Беларусі”. Гэтая арганізацыя першапачаткова складалася са студэнтаў, якія вучыліся ў Гродне. Дарэчы, некаторыя яе ўдзельнікі дагэтуль жывыя. Сам жа Раманчук быў захоплены чэкістамі параненым у 1949 годзе. 25 гадоў ён адсядзеў за кратамі, тым не менш вярнуўся і нават яшчэ паспеў стварыць сям’ю.

— Былі й іншыя арганізацыі, — распавядае Сяргей Ёрш. — Мы імкнуліся даць абсалютна невядомую інфармацыю. Напрыклад, мы пішам пра кантакты беларускага супраціву з савецкай выведкай падчас нямецкай акупацыі. Нам стала вядома, што лідэр беларускага нацыянальнага супраціву ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі ў 1942 годзе вёў перамовы з прадстаўнікамі Масквы. Ён планаваў узняць вясной 1943-га антынямецкае паўстанне. Дарэчы, Саветы лічылі, што Гадлеўскі — адзіны беларускі дзеяч, з якім можна весці перамовы тут, у Беларусі. Яны нават абяцалі дапамогу зброяй для змагання нашага нацыянальнага падполля.

Гадлеўскі, у сваю чаргу, уладкоўваў савецкіх выведнікаў у розныя акупацыйныя ўстановы. Праўда, пасля таго, як ксёндз пачаў патрабаваць ад Саветаў вызваліць з лагераў вядомых беларускіх дзеячаў, стварэння беларускіх аддзелаў у Чырвонай Арміі, беларускага варыянту арміі Андэрса, савецкія спецслужбы паціху пачалі рыхтаваць яго ліквідацыю. І хутчэй за ўсё менавіта яны здалі Галеўскага немцам, падкінуўшы ім кампрамат.

У масавым стыхійным руху бралі ўдзел абсалютна розныя сацыяльныя групы.

— Адзін даследчык мне неяк паказаў справаздачу ветэрана МГБ, — расказвае Сяргей Ёрш. — Той піша, як яны змагаліся супраць партызанскіх атрадаў: “Мы ліквідоўвалі адзін атрад, а на яго месцы з’яўлялася два, забівалі аднаго брата, замест яго прыходзіў другі”. Людзі ваявалі цэлымі сем’ямі. У першыя паваенныя гады гэта сапраўды быў масавы партызанскі рух.

У справаздачы кампартыі Беларусі за чэрвень 1946 года гаворыцца пра вынікі барацьбы Саветаў з партызанамі. Паводле дакумента, усяго на той час было ліквідавана 814 падпольных арганізацый і узброеных “бандаў”, з іх 667 польскіх (да 1945 года галоўны ўдар наносіўся менавіта па іх), 97 беларускіх, 23 украінскія і 27 іншых. Уражваюць трафеі, якія былі здабытыя: 214 мінамётаў, 193 супрацьтанкавых ружжаў, 3,5 тысячы кулямётаў, каля 70 тысяч аўтаматаў, 47 рацый, каля 4 мільёнаў патронаў.

— У некаторых лічбах мы заўважалі супярэчнасці, — адзначае гісторык. — Напрыклад, супрацоўнік архіву КДБ Ігар Валахановіч сцвярджае, што ў 1944-53 гадах у выніку аперацый у Беларусі было ліквідавана 2138 “бандаў”, якія налічвалі больш за 30 тысяч чалавек. У іншым дакуменце гаворыцца, што з лістапада 1943 года па снежань 1956-га ліквідавана 1264 групы, 840 з іх былі звязаны з патрыятычным падполлем. На жаль, праверыць гэтыя лічбы мы пакуль не можам.

 

Асобы супраціву

Калі гаварыць пра іншых лідэраў партызанскага руху, нельга не адзначыць такога дзеяча, як Міхась Ганько. Тое, што кіраўнік Саюза беларускай моладзі меў дачыненне да пасляваеннага антысавецкага супраціву — факт малавядомы. Доўгі час лічылася, што Ганько загінуў у 1945 годзе. Між тым аўтары кнігі сцвярджаюць, што ён быў адным з кіраўніком супраціву і памёр толькі нядаўна, у чэрвені 2002 года.

Вясной-летам 1945 года Ганько з атрадам эсбээмаўцаў з Чэхіі прыйшоў у Карпаты. Ён вёў перамовы з кіраўніцтвам бандэраўскай АУН ва Украіне. Перамовы так нічым і не скончыліся, паколькі бакі не змаглі дамовіцца наконт Палесся: бандэраўцы заяўлялі, што гэта іхняя тэрыторыя, нашы ж лічылі, што варта гэтыя спрэчкі адкласці на паваенны час. З-за гэтых супярэчнасцяў паміж беларусамі і бандэраўцамі (але не з бульбаўцамі-палешукамі) нават адбываліся збройныя сутычкі. Ганько ж са сваім атрадам прыйшоў у Белавежскую пушчу, партызаніў да 1947 года, а пасля дзейнічаў у Польшчы.

У паваенным беларускім партызанскім руху бралі ўдзел і старыя змагары за незалежнасць Беларусі, яшчэ з часоў БНР. У кнізе “Беларускі Супраціў” прыводзіцца гісторыя афіцэра арміі генерала Булак-Балаховіча (таму ён вядомы па мянушцы “Балаховец”). Гэты чалавек камандаваў групай беларускага супраціву яшчэ ў 1939-46 гадах. Разам з генералам Булак-Балаховічам у верасні 1939 года ён абараняў Варшаву ад немцаў. Пасля стаў камандзірам партызанскага атрада, які ваяваў супраць немцаў і саветаў, а ў 1946 годзе далучыўся да арганізацыі Вітушкі. Менавіта гэты чалавек прынёс з сабою адзін са сцягоў балахоўцаў, на якім была вышыта Пагоня і надпіс: “Жыве Беларусь!”. Загінуў ён у 1949 годзе, падарваўшы гранатай сябе разам з некалькімі чэкістамі.

У кнізе згадваюцца таксама чалавек па мянушцы “Лявон” (”Сіліч”). Цікава, што гэты беларус кіраваў атрадам старавераў на Пскоўшчыне. У 1946 годзе беларускія партызаны Пятра Гаевіча арганізавалі рэйд на гэтыя землі і сустрэлі партызанскі атрад, які складаўся выключна са старавераў. Аказалася, што ў іх не было свайго камандзіра. Стараверы самі папрасілі беларускіх партызан пакінуць ім якога-небудзь кіраўніка. Ім і стаў “Лявон”.

У жніўні 1948 года ў лясной царкве ягоны атрад акружылі эмгэбісты. Ніхто з тых людзей не здаўся карнікам, і ўсе яны разам з камандзірам і святаром жыўцом былі спаленыя ў царкве. Загінулых партызан стараверы прылічылі да ліку святых пакутнікаў. Многія хадзілі на тое месца збіраць попел, пакуль улады не падагналі туды тэхніку і на некалькі метраў не знялі глебу. Яе разам з попелам вывезлі ў невядомым кірунку.

Адной са значных фігур беларускага супраціву быў і атаман Якуб Харэўскі. Яшчэ ў 1920-я гады ён ваяваў супраць палякаў. У 1940-я змагаўся і супраць немцаў, і супраць Саветаў. Ягоны атрад, які дзейнічаў на Палессі, быў цалкам аўтаномны. Дзесьці ў 1946 годзе Харэўскі скантактаваўся з арганізацыяй Вітушкі, але не захацеў падначаліцца. Тым не менш менавіта Вітушка дапамог пасля Харэўскаму перабрацца на Захад. Атаман асталяваўся ў Бразіліі, пісаў дакументальную кнігу ўспамінаў, дзе згадваў пра савецкія і польскія злачынствы супраць беларускага народа.

Аднойчы ў адной з эмігранцкіх газет ён убачыў сваё імя сярод тых, хто загінуў. Гэта вельмі абурыла Харэўскага і ён вырашыў надрукаваць абвяржэнне. У студзені 1968 года ў газеце “Беларускі голас”, якая выходзіла ў Таронта, ён змясціў артыкул, у якім даводзіў, што жывы і шмат пра што яшчэ памятае. Праз два месяцы Харэўскі раптам загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Многія ўпэўнены, што сыйсці з жыцця яму дапамаглі савецкія спецслужбы.

 

“Людзі да гэтага часу ў стане выйны”

Доўгі час пра пра тое, што ў Беларусі быў арганізаваны антысавецкі рух, нават не згадвалася. Яно і зразумела: савецкая ўлада так і не змагла цалкам ліквідаваць беларускую арганізацыю Вітушкі. Асноўныя фігуры супраціву сышлі ад пакарання, ніхто з галоўнага штаба не быў арыштаваны і не загінуў, многія нават дажылі да нашага часу — а калі кагосці і аб’яўлялі загінулым, то адначасова з гэтым тайна вялі перамовы з Захадам аб іх выдачы. Прызнаць існаванне арганізаванага беларускага супраціву для савецкай улады значыла б распісацца ў сваёй бездапаможнасці.

— Дакументы па арганізацыі Вітушкі засакрэчаныя па сённяшні дзень не толькі ў нас, але і на Захадзе, — тлумачыць Сяргей Ёрш. — Трэба разумець, што адначасова са змаганнем беларускага супраціву за вызваленне ішла барацьба спецслужбаў. Нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх, савецкіх. Праводзіліся розныя аператыўныя гульні. На Захад рэгулярна засылаліся агенты МГБ, якія абвяшчалі сябе прадстаўнікамі падполля. Такіх сітуацый было вельмі шмат. Але хаця б па тым, што агенты, якія накіроўваліся Саветамі на Захад, мелі досыць павярхоўныя, часта няправільныя легенды, можна меркаваць пра выдатную канспірацыю, якая выкарыстоўвалася ў арганізацыі Вітушкі.

Аўтары кнігі “Беларускі супраціў” вельмі асцярожа падыходзяць да гэтай тэмы, пазбягаючы суб’ектыўных ацэнак.

— Мы не пішам, што хтосьці быў героем, а хтосьці здраднікам. Мы проста пастараліся выкласці інфармацыю, якую набылі, — зазначае Сяргей Ёрш. —Гэта вельмі складаная тэма, і яшчэ будуць гарачыя дыскусіі — і наконт арганізацыі Вітушкі, і наконт яго супрацоўніцтва на першым этапе з нямецкімі, а потым з заходнімі спецслужбамі. Даваць ацэнкі можна будзе толькі, калі не стане ветэранаў гэтай барацьбы з усіх лагераў. Людзі да гэтага часу ў стане вайны — вельмі шмат крыві было праліта з абодвух бакоў. Але пройдзе час, загояцца раны і можна будзе спакойна, узважана даследаваць гэтую тэму, і даць сваю ацэнку.

 

.

Ад рэдакцыі:

Мы лічым, што выставілі надзвычай важны матэрыял. Самі зьдзіўляемся, чаму мы яго знайшлі так позна – дапамог адзін наш чытач, які даў спасылку на артыкул.

Але цяпер мы хацелі б абмеркаваць іншае пытаньне. А менавіта, чаму ў некаторых выпадках партызанскі рух вядзе да перамогі ці, прынамсі, працягваецца і працягваецца (Алжыр, В’етнам, Аўганістан, Чачня, Ірак), а ў іншых – даволі хутка ідзе на спад. Зразумела, што адным з ключавых момантаў зьяўляецца тут прапорцыя паміж магутнасьцю тэрарыстычнага ціску з боку захопнікаў і падтрымкай партызанаў звонку, з-за мяжы. Натуральна, што чым менш першае і больш другое – тым большыя шанцы ёсьць у народных паўстанцаў альбо перамагчы, альбо проста даўжэй пратрымацца. У нашым беларускім выпадку, на жаль, гэтая прапорцыя зноў была не на карысьць беларусаў і беларускага народу.

Але мы, як сайт ідэалагічны, ня можам не зьвярнуць увагу на тое, што з нашага пункту гледжаньня другім істотным фактарам персьпектыўнасьці змаганьня ёсьць іншая прапорцыя: паміж перакананасьцю насельніцтва ў справядлівасьці змаганьня народных мсьціўцаў супраць захопнікаў (такая перакананасьць дасягаецца ідэалагічна-прапагандысцкай дзейнасьцю) й інтэнсіўнасьцю непасрэднай дыверсійнай дзенасьці партызанаў. Чым больш першае і менш другое, тым таксама больш працяглай, выніковай і персьпектыўнай можа быць партызанская барацьба.

Нам апошняе падаецца настолькі відавочным, што мы не баімся назваць яго Законам персьпектыўнасьці партызанскай барацьбы і сфармуляваць ў выглядзе чарговага прынцыпу Пераможнай дактрыны (П пр-п 15). Пагадзіцеся, дадзены прынцып істотна дапаўняе П пр-п 14.   

 

 

 

8 каментарыяў

  1. bambuk кажа:

    калі ласка , напішыце дзе можна набыць кнігі С.Ёрша ? дзякуй.

  2. Рэдакцыя кажа:

    Сп-ру “бамбуку”.
    Пакуль, на жаль, нам гэта не вядома. Калі стане вядома, паведамім.

  3. Рэдакцыя кажа:

    Алегу ды іншым нашым наведвальнікам.
    1) Калі ў нас атрымаецца зьвязацца са сп-ром Яршом і даведацца, дзе і як можна набыць яго (у сааўтарстве са сп-ром Горбікам) кнігу, мы проста выставім гэтую інфармацыю на сайце.
    2) Калі нехта з нашых чытачоў ужо ведае канкрэтны адказ на пытаньне сп-роў “бамбука” і Алега, рэдакцыя просіць паведаць нам для азначанай вышэй мэты.

  4. Алесь кажа:

    Чаму гэту кнігу нельга выкласці на сайце?
    Цікавасць да яе ёсць, а набыць – немагчыма (((
    Чытаць толькі нейкія адрыўкі ужо мала.

    ПАТРЭБНА ЦЭЛАЯ КНIГА!!!

  5. а. Сяржук Горбік і Сяргей Ёрш кажа:

    Алесю!
    На сайце кніга не зьявіцца пакуль… такія абставіны.
    Не ў апошнюю чаргу яны выкліканы спробамі ворага ўсяляк спыніць распаўсюджываньня кнігі, у тым ліку і праз асабістыя абразы аўтараў ды спробы дыскрыдытацыі.
    Зьвязывайцеся з Сяргеям Яршом у Менску. Ставайце ў чэргу і атрымаеце кнігу.

  6. Алесь кажа:

    Нелагічна
    Ворагі ўжо даўно маюць Вашу кнігу і вывучаючь яе, а вашыя прыхільнікі – НЕ ((((
    Тым больш, што сярод вашых прыхільнікаў ёсць людзі якія маглі бы вам дапамагчы.
    Чым больш людзей будзе ведаць аб Беларускім супраціве, тым больш з’яўляецца магчымасці знайсці новыя факты гэтай барацьбы беларускага народа.

    Магчыма купіць кнігу (ці яе копію) у Львове?

    З цікавасцю чытаю апошнія нумары Рэзістанса (нумары 3-5), якія спампаваў на КАМУНІКАТУ.
    Вялікі дзякуй.

  7. а. Сяржук Горбік і Сяргей Ёрш кажа:

    У Львове магчыма беларусу атрымаць бескаштоўна.

  8. а. Сяржук Горбік і Сяргей Ёрш кажа:

    Мы гатовыя перадаць надзейным беларусам у Львове кнігі дзеля іх ужытку (не для продажу). Гэта дапамаглі зрабіць украінскія патрыёты. Няшмат, але… без грантаў, па грыўне зьбіралі нашыя сябры. Дзякуй ім за гэта.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы