nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларуская сітуацыя і роля дзяржаў-суседзяў

23 чэрвеня, 2008 | Каментары (1)

Сяргей Высоцкі, кіраўнік Беларускай Партыі Свабоды (БПС), каардынатар Беларускага Нацыянальнага Дэмакратычнага Цэнтра (БНДЦ) у Кіеве.

���о�к� 1.JPG

Гэты тэкст ёсьць выступам сп-ра Высоцкага на Форуме NATO, які ў пачатку чэрвеня г.г. адбыўся, ужо другі раз, у самастойнай Украіне. Кожны можа пераканацца, чым адрозьніваецца выступ сапраўднага беларускага дэмакрата, накіраванага на аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, ад выступаў у аналагічных абставінах любога прадстаўніка аб’яднанцаў, для якіх “беларускі народ – гэта абстракцыя”.

Рэдакцыя.

Вітаю, шаноўнае панства!

Мяркую, у той ці іншай ступені прысутныя ведаюць беларускую сітуацыю. У нашай краіне пануе аўтарытарны прарасійскі рэжым Лукашэкі. І гэты рэжым адчувае сябе досыць упэўнена. Знічтожаныя альбо прыціснутыя ўсе інстытуты свабоднага грамадства. Няма ні свабодных выбараў, ні свабоды слова, ні незалежнага суду. Моцная апазіцыя адсутнічае, існуючыя партыі выконваюць дэкаратыўныя функцыі. Груба парушаюцца правы асобы, адсутнічае рэальная эканамічная свабода.

Сістэмна і паслядоўна праводзіцца гвалтоўная русіфікацыя, а намаганні грамадзянаў уратаваць беларускамоўныя асяродкі пераследуюцца ледзь не як дзяржаўныя злачынствы.

Працягваецца прамы і ўскосны пераслед нацыянальнай інтэлігенцыі (праз блакаванне друку, пазбаўленне працы). Палітыку ўладаў у сферы культуры, мовы, гісторыі, улучна з растаптаньнем нацыянальных сімвалаў, можна без перабольшвання назваць этнацыдам. Напрыклад, апошнім такім актам стала адмена выкладання беларускай гісторыі ў сярэдніх школах.

Становішча ў грамадстве (людзі, улады, апазіцыя).

Аднак заклікаю зацікаўленых асоб адмовіцца ад пэўнай стэрыятыпнасці ў поглядзе на беларускую сітуацыю. Цяперашняе становішча – гэта бяда беларускага народу, а не яго віна. Ланцуг гістарычных падзей апошніх 200 гадоў і тых працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, выключае магчымасць лёгкага пераходу да дэмакратычнай дзяржаўнасці.

Толькі за час ленінска-сталінскіх рэпрэсіяў пацярпела каля 2 млн. беларусаў (каля 20% ад насельніцтва Беларусі, і гэта былі ў асноўным лепшыя людзі). Мільённымі былі страты за час Другой сусветнай вайны. А да таго сталыя рэпрэсіі ў царскай Расіі.

Таму сёння беларуская нацыя вырашае базавыя праблемы свайго постімперскага і постбальшавіцкага станаўлення, але і яно жорстка перапынена трагічнымі падзеямі найноўшай гісторыі. Рэжым Лукашэнкі нахабна скарыстаўся настальгіяй пэўнай часткі грамадства па міфах савецкіх часоў, аднавіў таталітарную рэпрэсіўную сістэму. Ва ўсіх сваіх праявах гэты рэжым паўтарае ўсе акупацыйныя альбо каланіяльныя расійска-савецкія рэжымы, якія панавалі ў Беларусі раней. Грамадству інтэнсіўна намаўляюцца савецкія і расійскія міфы, накшталт “Общей судьбы”, «Общей победы в Великой Отечественной войне», «счастливой жизни в СССР» і т.п. Распаўсюджаным выразам у выступах афіцыйных асоб зьяўляецца словазлучэнне «Союзное государство»…

Ключавое паняцце палітыкі Лукашэнкі ў сацыяльнай сферы – гэта «стабильность».

Уладныя СМІ кажуць людзям: «Так, наш узровень жыцця не самы высокі, але ён расце. Прадпрыемствы працуюць, заробкі выплочваюцца, узровень злачыннасці нізкі. Існуе стабільнасць». Каб падтрымаць перамены, народ жадае дакладна разумець, што ён атрымае ўзамен. Стабільнасць – досыць вялікая каштоўнасць для абыватэля, каб яе памяняць на нейкія абстрактныя паняцці, накшталт «дэмакратыя», «правы чалавека» і г.д.

Пры гэтым апазіцыя знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе. Няма ні рэальных структур, ні адпаведных кадраў, ні шырокай грамадскай падтрымкі. Папулярнасць апазіцыйных партый на ўзроўні статыстычнай пагрэшнасці. Не пераадолены раскол сіл г.зв. аб’яднанай апазіцыі. Навідавоку глыбокі раскол паміж афіцыйнай (“аб’яднанай”) і народнай апазіцыяй.

Нават сам Лукашэнка ў інтэрвью каналу “Аль-Джазіра” выказаўся, што, маўляў, апазіцыю ён ведае, кантралюе і такая апазіцыя яму патрэбная, а іншай ён не дапусціць.

Роля Захаду.

Праблема сённяшняй Беларусі датычыць ня толькі саміх беларусаў. Таталітарны рэжым – гэта ганьба і адначасова пагроза для ўсёй Еўропы. Сэнс маіх слоў становіцца зразумелым, калі звярнуць увагу на закрытыя перамовы паміж Пуціным і Лукашэнкам напярэдадні новага 2008 года. Заключаны выгадныя для рэжыму пагадненні ў нафта-газавай сферы. Лукашэнка атрымаў крэдыт, патрэбны для яго далейшага палітычнага выжывання. Аднак самае трывожнае – гэта перамовы аб удзеле Беларусі ў расійскім супрацьстаянні сістэме СПА (рус., ПРО), якая размяшчаецца ў Еўропе. Вядома з многіх СМІ, што вяліся перамовы аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай атамнай зброі… Гэта ўжо сакрэт полішынэля.

У кантэксце гэтага становіцца зразумелай гістэрычная рэакцыя Лукашэнкі на санкцыі ЗША, як і гісторыя з выцісканнем амерыканскай амбасады з Беларусі.

Калі ўсё ж расійская атамная зброя з’явіцца ў Беларусі – гэта будзе азначаць поўны правал палітыкі Захаду ў адносінах да нашай краіны. Як не прыкра, але, з аднаго боку, гэты факт варта прызнаць, а, з другога – у нас, як прадстаўнікоў народна-дэмакратычных сілаў, чыстае сумленне. Мы ўвесь час папярэджвалі ўсіх, каго маглі, і змагаліся з тыраніяй фактычна голымі рукамі. Але не мы вызначалі прыярытэты…

Што рабіць? (стратэгія)

Найперш трэба адмовіцца ад павярхоўных, рамантычных уяўленняў, што ў Беларусі вось-вось сама сабой адбудзецца свая каляровая рэвалюцыя. 14 гадоў суцэльных паразаў павінны ацвярозіць нават самых зацятых аптымістаў. Гэтаму напэўна спрыяе тое, што рэжым Лукашэнкі толькі ўмацоўваецца, а Расія зноў крочыць да дыктатуры і накіроўвае гіганцкія сумы нафта-даляраў на вайсковае пераўзбраенне, нацэльвае ракеты на Захад.

Трэба адмовіцца ад стандартных, стэрэатыпных падыходаў, уяўленняў, што нічога не трэба мяняць у палітычнай стратэгіі. Наадварот, трэба перайсці да крытычнага, рэалістынага светагляду і толькі на яго фоне шукаць новыя канструктыўныя рашэнні. А гэта у сваю чаргу азначае найперш улік інтарэсаў саміх беларусаў

Што рабіць? (тактыка)

Важнейшую ролю ў лёсе беларускай дэмакратыі па-ранейшаму можа адыграць міжнародная супольнасць, і вядома ж – найбольшую краіны-суседзі. Народы, якія разам з намі былі ў ВКЛ, у Рэчы Паспалітай, у складзе Расейскай імперыі і СССР, могуць лепш разумець і наша становішча, і як нам дапамагчы.

Можа быць, самае важнае, чаго чакаюць беларусы – гэта павагі і сапраўднай цікавасці да сябе. Санкцыі супраць рэжыму не павінныя станавіцца санкцыямі супраць народу. Ні новыя бар’еры для беларусаў, ні даражэзныя візы, ні бясконцыя абсурдныя анкеты, а, наадварот, большая адкрытасць, рэальная зацікаўленасць, еўрапейская салідарнасць.

Магу прывесці свой уласны прыклад. Калі артымаў запрашэнне ад польскай грамадскай арганізацыі наведаць Польшчу, то ў консульстве адказалі, што патрабуецца два тыдні, каб адкрыць візу. У выніку – ад паездкі давялося адмовіцца. Такая практыка ўжо нагадвае перашкоды савецкага часу. Новы занавес штурхае беларусаў у Расію.

Пачынаць трэба з самага пачатку. А менавіта:

– вярнуцца да дыялогу з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай эліты – пісьменнікамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі, акадэмічнымі коламі;

– падтрымаць беларускіх дысідэнтаў, ветэранаў антысавецкага падполля, што змагаліся за незалежнасць яшчэ ў савецкія часы. Гэта ўсё яшчэ сотні людзей;

– падтрымаць рэлігійных дысідэнтаў розных канфесій, найперш святароў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы;

– маштабна падключыць да аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі беларускую дыяспару ва ўсім свеце. Напрыклад, толькі ва Украіне пражывае каля 1 мільёна этнічных беларусаў.

– неабходна адмовіцца ад некаторых базавых стэрэатыпаў. Трэба адысці ад супрацоўніцтва толькі з вузкім колам прадстаўнікоў афіцыйнай апазіцыі. Афіцыйныя партыі – гэта яшчэ не ўся апазіцыя. Нярэдка самыя моцныя фігуры застаюцца па-за межамі ўвагі і ў дадатак дыскрэдытуюцца хлуслівымі абвінавачваннямі, якія інспіруюцца спецслужбамі;

– сур’ёзны вынік можа даць далучэнне да дыялогу нізавых прафсаюзных лідэраў, уключэньне ў арбіту ўвагі беларускіх бізнэсмэнаў, асабліва тых, хто перавёў сваю дзейнасць за межы Беларусі;

– асобная тэма – чыноўнікі і сілавыя структуры рэжыму. Многія з іх, асабліва афіцэры ніжэйшага і сярэдняга звяна, незадаволеныя цяперашнім становішчам у краіне.

І яшчэ адно пытаньне – каналы ўзьдзеяння на масавую грамадскую думку. Найбольш востра ў нас стаіць пытаньне нацыянальнага кнігадруку, няма аніводнай газеты, папулярнага тэлеканалу, якія б адпавядалі элементарным стандартам свабоды слова – крытычна аналізавалі б ня толькі падзеі ў беларускім грамадстве, а і ў шэрагах апазіцыі.

Для таго, каб выспелі рэальныя працэсы аб’яднання здаровай часткі апазіцыі, пра што гаворыць сёння А.Казулін (самы папулярны пасьля Лукашэнка палітык у Беларусі), трэба мець рэальную пляцоўку для сустрэч, размоў, дыскусій, абмеркавання ўсіх суб’ектаў, зацікаўленых беларускай праблематыкай. З гэтай нагоды хацеў бы прыгадаць гісторыю Беларускага Нацыянальнага Дэмакратычнага Цэнтру ў Кіеве. З нашага суб’ектыўнага гледжання, гэта адзін з лепшых праектаў дапамогі беларускаму народу для адбудовы дэмакратыі. Цэнтр быў адчынены ўлетку 2005 года пасля Памаранчавай рэвалюцыі. Гэта якраз і быў прыклад такой пляцоўкі, пра якую я сказаў. Тут сустракаліся лідэры грамадскай думкі з Беларусі, прадстаўнікі беларускіх партый і грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі, беларускія і ўкраінскія журналісты, студэнты, рэлігійныя дзеячы, ладзіліся выставы і г.д. Аднак з першага дня існавання Цэнтру на нашых саюзнікаў з Украінскай Народнай Партыі абрынуўся шквал палітычных і эканамічных правакацый (пры бяздзейнасці афіцыйнага Кіева). Адбывалася непасрэднае ўмяшальніцтва амбасадаў Беларусі і Расіі ў дзейнасць Цэнтра. У выніку, праз 4 месяцы ён быў зачынены. Успамінаю, як маладыя людзі стаялі і плакалі ад свайго бяссілля і роспачы. Гэты факт мусіць асабліва ўражваць на фоне абсалютна бесклапотнага існавання шэрагу офісаў афіцыйнай апазіцыі ў самым цэнтры Мінску…

З нашага пункту гледжання аднаўленне паўнавартаснай працы БНДЦ магло б стаць адным з самых неабходных захадаў наладжавання вышэй адзначаных напрамкаў працы. Акрамя таго, Цэнтар у Кіеве ў перспектыве можа набыць адгалінаванні ў Вільнюсе, Варшаве, Маскве са спецыялізаванымі кірункамі працы – культурна-інфармацыйным, каардынацыйным, адукацыйным, праваабарончым.

Пытанне нашай годнасці – гэта захады па вызваленні палітычных вязняў. Тут нельга абмінуць праблему пацярпелых ад пераследванняў рэжыму. Нават мне без папярэдняга збору інфармацыі вядомыя многія імёны людзей дэмакратычных поглядаў, якіх выкінулі з працы, пазбавілі сродкаў на жыццё. Яны былі вымушаны, каб не галадалі сем’і, цалкам пакінуць грамадскую сферу і займацца здабываннем сродкаў на існаванне. Пры гэтым адкрыта дэкларуецца падтрымка беларускай дэмакратыі у памерах дзесяткаў міліенаў даляраў штогод. Такое становішча рэчаў недапушчальна.

Існуюць сур’ёзныя праблемы ў аддзяленнях фондаў, якія працуюць у Беларусі з-за мяжы, па прычыне боязі і недаверу з боку беларусаў да іх. На базе БНДЦ можна было б пачаць вырашаць галоўную праблему беларускай апазіцыі – падрыхтоўку дзеяздольных кадраў. Акрамя таго, рэалізацыя ідэі БНДЦ стварыла б спрыяльныя ўмовы далучэння беларускай дыяспары для працы па дэмакратызацыі Беларусі.

За апошнія 3 гады працягвалася нашае супрацоўніцтва з украінскімі партнерамі. І, вядома ж, было б неразумна не выкарыстаць вялізны патэнцыял сувязяў з нашым брацкім народам – праз журналісцкія і грамадска-палітычныя колы. Адным з цікавых праектаў мы бачым адкрыццё адной ці двух прыватных радыёстанцый ва Ўкраіне, якія б працавалі на Беларусь. Фармат працы падобных радыёстанцый мы бачым не толькі ў палітыцы, але і ў трансляцыі забароненай у Беларусі музыкі, публіцыстыкі, гістарычных тэм. Праз такую сістэмную сур’езную працу з прыцягненнем усіх зацікаўленых сіл, паступова можна падыйсці да сапраўднага эфектыўнага аб’яднання, запачаткаваць дэмакратызацыю нашай краіны.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Відавочна, што палітыка Масквы, Лукі і яго вертыкалі – гэта этнацыд.
    Але “няма народу – няма праблемы” – гэта палітыка “вялікай сёмкі”.
    Масква дае Луке мільярды, а дэмакратычные краіны – мільёны, якія прасейваюцца бюракратамі і зводзяцца на нішто.
    Незначная дапамога ідзе толькі з ЗША і Польшчы.
    Упэўнены, што і гэты слушны выступ не будзе пачутым.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы