nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Падвойная пераемнасьць, як доказ слушнасьці змаганьня

Ліпень 4, 2008 | 2 каментарыя

Віталь Хромаў

С�ко�а1.JPG
Як паведаміла радыё “Свабода” (www.svaboda.org/content/Article/1181005.html), 1 ліпеня пайшоў з жыцьця Віктар Сікора (1925-2008 гг., гл. фота) – адзін з кіраўнікоў колішняга Саюзу беларускай моладзі ў Паставах, лідэр Пастаўскае філіі Беларускай Незалежніцкай партыі, камандзір партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне, вязень сталінскага ГУЛАГу, сапраўдны патрыёт Беларусі, адраджэнец.

Далей у рэпартажы Валянціны Аксак пра сп-ра Сікору было ўдакла́днена: “У часе Другой сусьветнай вайны ён разам зь іншымі вучнямі Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі ўступіў у Саюз беларускай моладзі і быў адным зь яго кіраўнікоў у Паставах. У 1944 годзе стаў сябрам, а неўзабаве і кіраўніком Пастаўскае філіі Беларускае Незалежніцкае партыі. Вясной 1945 году ён арганізаваў антысавецкі партызанскі аддзел, але пры канцы году здаўся ўладам. Засудзілі Віктара Сікору на 10 гадоў фактычна за дзейнасьць па адраджэньні незалежнасьці Беларусі. Пасьля вызваленьня і вяртаньня на бацькаўшчыну сустрэўся і пасябраваў на ўсё жыцьцё з настаўніцай, а цяпер кіраўнічкай культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах Адай Райчонак. Разам яны стварылі ў Малых Алашках музэй Івана Сікоры – бацькі сп-ра Віктара, і даглядалі ягоны сад. Сябры і паплечнікі лічылі Віктара Сікору сваім старэйшым сябрам, які да апошняга змагаўся за беларушчыну. 12 ліпеня яму было б 83 гады”.

Літаральна праз некалькі гадзінаў, калі прачытаў гэтую смутную навіну, я напаткаў у сеціве на нешта, што падалося мне сутнасна зьвязаным з пададзеным вышэй.

А менавіта, адзін з жыхароў нашай Беларусі, Антон Койпіш, напісаў у сваім ЖЖ (гл. http://coipish.livejournal.com/448013.html): “Značycca tak. Ja nia toje, kab nienavidžu… nu nia ŭmieju ja niejak pa natury svajoj nienavidzieć štości bolš za 10 sekundaŭ… Skažu pa jinšamu, navat prakryču: JA ŽADAJU ŹNIŠČEŃNIA RASIEJI J HATOVY ACHVIARAVAĆ DLA HETAHA SVAJEM ŽYĆCIOM! Za toje, što jana na praciahu stohodździaŭ katavała maju nacyju j pravodziła gienacyd suprać nas. Za toje, što j zaraz nia mieńš katuje balšyniu svajho nasielnictva. Za toje, što z Rasiejaj tak było zaŭsiody, zaŭsiody jana katavała ŭsich svajech “paddanych”. Jak by jana nia klikałasia – “Vialikaje Kniastva Maskoŭskaje”, “Maskoŭskaje Carstva”, “Rasiejskaja Jmperyja”, “USSR” – zaŭsiody jana ŭsprymała ŭsio zvajo nasielnictva jak raboŭ i zaŭsiody ad jojnaha pryhniota biehli. Biehli da nas, u ziemli Kazakoŭ, u Sibir… A za pierasialencami ŭ Sibir išła “centralnaja ŭłada” j ludzi biehli dalej – da Jenisieja, da Leny, da Kamčatki, da Alaski, da Port-Artura j dalej. Ja žadaju źniščyć Rasieju, bo jana nia źmienicca (jana nikoli nie mianiałasia) – jak była tak i zastaniecca Jmperyjaj Zła.
IMPERYJA ZŁA PAVINNA BYĆ ZRUJNAVANA!
Ceterum censo Mosquam esse delendam”.

Адначасова з гэтым аказалася, што рускі нацыяналістычны партал “В десятку” прыступіў да публікацыі зводак баявых дзеяньняў і дыверсійных аперацый рускіх паўстанцаў супраць чэкісцкага рэжыму расейскай імперыякратыі (гл. тут: vdesyatku.com/index.php?option=com_content&task=view&id=656&Itemid=48).

У анонсе да гэтага (новага) кірунку дзейнасьці сайта, у прыватнасьці, сказана: “Паважаныя чытачы. Зь сёньняшняга дню мы пачынаем выкладаць ваенныя зводкі. На жаль, ніхто акрамя нас не асьмельваецца гэта рабіць. Мы ўсьведамляем усю адказнасьць, якую бярэм на сябе. Бо нехта ж павінен даносіць да насельніцтва праўду пра вайну, вайну за незалежнасьць Сьветлай Русі. Фактычна ўсе СМІ замоўчваюць партызанскія акцыі ваяроў-вызваліцеляў. Мы ня маем права гэта рабіць. Фактычна, сёньня на тэрыторыі антырускай дзяржавы РФ ідзе вайна супраць іншароднага акупацыйнага рэжыму”.

У першай жа зводцы “партызанскай вайны” была пададзена інфармацыя пра наступныя акцыі:

– У Ніжнім Ноўгарадзе ў Аўтазаводскім раёне за мінулы месяц было забіта тры супрацоўніка МУС.

– У Маскве на днях была ўзарваная база ОМОНу.

– У Валгаградзе таксама на днях была падпалена гарадская адміністрацыя і распаўсюджаны ўлёткі на тэму помсты за Д.Баравікова

Слава ваяру-вызваліцелю! За Русь!”.

Апошняй інфармацыі папярэднічалі зьвесткі, на якія можна было напаткаць у сеціве, што ў гарадах Расеі пачалі шырока распаўсюджвацца масавыя падпалы машын – уначы нейкія людзі разьбівалі вокны легкавікоў, залівалі ў салон сумесь для гарэньня і падпальвалі. Сустракаліся меркаваньні, што дадзеныя дэструктыўныя дзеяньні таксама ёсьць формай пратэсту супраць злачынна-паразітнага імперскага рэжыму, які зноў апанаваў Расею.

Гэтыя дзьве інфармацыі (вядома, калі ўсё гэта не правакацыі ФСБ) прымушаюць разгледзець дзьве праблемы.

Першая зь іх – двайная пераемнасьць. Мы назіраем зьяву, калі справу Вітушкі і Сікоры, Бандэры і Шухевіча, Лясных братоў з Прыбалтыйскіх краін, накіраваную на барацьбу з Усходняй імперыяй, праз 60 гадоў пераймае новае пакаленьне маладых партызанаў (ці тых, хто дасьпявае да таго, каб імі стаць). І гэта першая пераемнасьць, пра якую можна казаць. Але эстафету слаўнага змаганьня за свабоду і годнасьць сваіх народаў на гэты раз перахапіла… і руская моладзь. Вось вам і пераемнасьць падвойная… Няма лепшага доказу сэнсоўнасьці змаганьня ўсіх папярэдніх нашых пакаленьняў за свабоду і адначасова слушнасьці меркаваньня, што Расея – гэта паразітная імперыя, якую чакае заканамерны распад, а народы, захопленыя ёю, у такой жа ступені заканамерна набудуць свабоду.

Але разам з сэнсоўнасьцю мэты, абранай змагарамі з расейскім імперыялізмам, у яе межах паўстае дадатковае пытаньне: а ці ўся, ці поўная гэтая мэта. Лічу, як й іншыя сябры рэдакцыі, што не. Ворагі свабоды народаў, якія жывуць на постсавецкай прасторы, ёсьць і на Захадзе. Таму абсалютна слушнай, напрыклад, для беларусаў можа быць толькі мэта змаганьня за самастойную, вольную Беларусь! У такой фармулёўцы нашай мэты і канструктыўны пачатак перавагае над дэструктыўным (што надзвычай важна), і ўлічана магчымасьць існаваньня іншых ворагаў незалежнай беларускай дзяржавы акрамя расейскай імперыякратыі й яе шматлікіх паслугачоў.

Другая праблема, пра якую з нагоды зноў варта ўзгадаць, датычыць метадаў. Наколькі сэнсоўнымі зьяўляюцца дыверсійна-тэрарыстычныя падыходы, на якіх у асноўным грунтуецца партызанская барацьба.

І тут я хачу выказаць сваю падтрымку нашай рэдакцыі ў сфармуляваных П пр-пах 14 і 15. Хачу толькі дадаць адзін асьпект – зьнішчэньне маёмасьці звычайных людзей, забойствы служак рэжыму – усякіх ОМОНаў-шмонаў – гэта істотная памылка яшчэ і таму, што бье не па галаве, не “ў дзясятку”, а ўсяго толькі па самых кончыках шчупальцаў спрута расейскай імперыякратыі. Так гэтай паразітнай пачвары ня будзе зроблена істотнай шкоды. Хутчэй наадварот, такія падзеі яна напоўніцу выкарыстае ў прапагандысцкіх мэтах, а галоўныя спажыўцы соцыя-паразітнай імперскай палітыкі застануцца некранутымі (дарэчы, апошніх вельмі лёгка вылічыць: гэта тыя з “алігархаў”, у каго найбольшая “ўласнасьць”, непасрэдна з расейскай імперыякратыі тыя, хто змарнаваў найбольшую колькасьць людскіх жыцьцяў…).

На перамогу мы можам разьлічваць толькі тады, калі сфармулюем для кожнага народу былой і цяперашняй расейска-савецкай імперыі справядлівыя, сьветлыя вобразы іх будучых незалежных дзяржаў (першае), калі мэты, сэнс вызвольнага змаганьня стануць вядомыя і будуць усьвядомленыя ўсімі грамадзянамі ці хаця б іх абсалютнай большасьцю (другое), калі ўсе антыімперскія сілы ў сваім змаганьні будуць дзейнічаць сістэмна-узгоднена, як адзіная сіла – карацей, калі аб’яднаюцца і будуць дэманстраваць сапраўдны інтэрнацыяналізм у сваёй вызвольнай барацьбе (трэцяе).

Гэтая стратэгія змаганьня мне падаецца найбольш персьпектыўнай – менавіта той, якая ня толькі не дазволіць дыскрэдытаваць высакародныя мэты, а і абвязкова прывядзе ўсіх нас да перамогі.

Іншы падыход можа быць усяго КГБшнай акцыяй, скіраванай і на адуважваньне ад галоўнага, найбольш персьпектыўнага, і на дыскрэдытацыю нашых мэт.

Заклікаю пададзенае вышэй ўлічваць найперш нашай моладзі.

P.S. Можа, усё гэта зразумеў яшчэ Віктар Сікора ў 1945 г. На жаль, цяпер мы ў яго пра гэта не спытаем. Няхай наша беларуская зямля вечна будзе пухам нашаму паважанаму паплечніку.

2 каментарыя

  1. патрыёт кажа:

    шчыра кажучы, ёсьць людзі, каторых Віктар Сікора непасрэдна назваў сваімі спадкаемцамі – http://siarzhuk-davyd.livejournal.com/927.html

  2. Рэдакцыя кажа:

    Ад імя рэдакцыі дзякуй Вам, сп-р Сяржук, і такім, як Вы, за тое, што Віктар Сікора хаця б пад канец жыцьця адчуў і ўвагу, і павагу да сябе.
    Думаем, што ад Вашага паведамленьня на душы шчырых беларусаў стала лягчэй і прыемней…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы