Разам з Кісінджэрам у тым жа нумары “The International Herald Tribune” ад 2 чэрвеня 2008 г. выступіў Стывен Коэн (Stephen F.Cohen). Падаем яго артыкул (паводле www.inosmi.ru/translation/242318.html).
Рэдакцыя.
ПАМЫЛКІ Ў АДНОСІНАХ ДА РАСЕІ
Ніводны з двух галоўных кандыдатаў у прэзідэнты ЗША не зьвярнуўся сур’ёзна да той зьнешнепалітычнай праблемы, якая павінна выклікаць у нас найбольшую насьцярогу (дый наўрад ці ўсьведамляе гэта ў поўнай меры) – да здольнасьці Расеі ў адзіночку ствараць пагрозы нашай нацыянальнай бясьпецы альбо ўмацоўваць яе.
Нягледзячы на сваё аслабленьне пасьля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе, Расея мае такі арсенал узбраеньняў, з дапамогай якога можна зьнішчыць Злучаныя Штаты. Яе ваенна-прамысловы комплекс амаль не саступае ЗША па аб’ёме экспарту зброі. У яе ёсьць вялізная колькасьць кепска ахоўваемых ядзерных матэрыялаў, атрымаць якія мараць тэрарысты, а таксама буйнейшыя ў сьвеце запасы нафты і прыроднага газу.
У яе самая вялікая ў сьвеце тэрыторыя, і разьмешчана Расея на важным стыку Захаду і Усходу, на перакрыжаваньні цывілізацый, дзякуючы чаму яна мае стратэгічныя магчымасьці ў адносінах да краінаў Еўропы, Ірана, Блізкага Усходу, а таксама Паўночнай Карэі, Кітая, Індыі, Аўганістана і нават Лацінскай Амерыкі. Улічваючы ўсё гэта, мы ў плане нацыянальнай бясьпекі залежым ад Расеі нават больш, чым яна ад нас.
І, тым ня менш, стасункі паміж ЗША і Расеяй сёньня горшыя, чым за ўсе апошнія 20 гадоў. Паміж намі ўзьнікае амаль столькі ж сур’ёзных канфліктных сітуацый, колькі іх узьнікала ў час “халоднай вайны”. Сярод іх Косава, Іран, былыя савецкія рэспублікі – Украіна і Грузія [у адносінах да Беларусі ў вас з “Расеяй” згода… – Рэд.], Венесуэла, пашырэньне НАТА, супрацьракетная абарона, доступ да нафты і крамлёўская ўнутраная палітыка. Пры гэтым рэальнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў жыцьцёва важных пытаньнях, якія належаць да ядзернай зброі, стала менш.
Нават цяперашні “халодны мір” можа быць небясьпечней за папярэднюю “халодную вайну”.
Гэтаму ёсьць тры прычыны. Па-першае, цяпер лінія фронту праходзіць не ў Берліне і не па трэцім сьвеце, а па межах самой Расеі, дзе ўсё больш замацоўваюцца ЗША ды сілы НАТА. Па-другое, тая сьмяротная небясьпека, якая хаваецца ў кепска кантралюемых Масквой аграмадных запасах зброі масавага зьнішчэньня і ў тысячах ракет, якія знаходзяцца ў поўнай баявой гатовасьці (такая спадчына распаду краіны ў 1990-я гады [спадарства, кантэкст ловіце? – прычынай адзерных ракет, нацэленых на ЗША, ёсьць, аказваецца, распад СССР… – Рэд.]), нашмат сур’ёзьней, чым раней. І, у трэціх, як і раней, ні ў Вашынгтоне, ні ў Маскве няма практычна ніякай вынікова дзеючай апазіцыі што да ваяўнічай палітыкі – толькі яе ўплывовыя прыхільнікі й абаронцы.
Як такое магло здарыцца?
Сярод амерыканскай палітычнай эліты і ў сродках масавай інфармацыі адказ на гэта фактычна адназначны. Гэта расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін са сваёй антыдэмакратычнай унутранай палітыкай і “нэаімперыялізмам” [на дзьвюкосьсі ўвагу зьвярнулі? так у аўтара. – Рэд.] разбурыў такую гістарычную магчымасьць. Ня трэба быць пуцінскім апалагетам, каб зразумець: такое тлумачэньне не адпавядае сапраўднасьці [гэта ў цэлым так; тлумачэньне, набліжанае да сапраўднасьці, мы паспрабуем даць у наступнай частцы гэтага матэрыялу. – Рэд.].
У апошнія 8 гадоў вонкавая палітыка Пуціна ў асноўным уяўляла зь сябе рэакцыю ў адказ на стаўленьне Вашынгтона да Масквы, як пераможцы да пераможанага. Такое стаўленьне існуе з пачатку 1990-х і зьяўляецца вынікам перагляду Злучанымі Штатамі поглядаў на вынікі “халоднай вайны”.
У адпаведнасьці з гэтай пераможнай версіяй, Амерыка “перамагла” ў 40-гадовым канфлікце, а постсавецкая Расея стала нацыяй пераможаных, уяўляючы зь сябе аналаг Германіі й Японіі пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны – краінай без поўнага суверэнітэта ў сябе дома і без уласных нацыянальных інтарэсаў на вонкавай арэне [прыдумка для падсоўваньня наступнай тэзы – такога ніколі не было. – Рэд.].
Палітычныя наступствы такога трыюмфатарскага падыходу, уласьцівыя як рэспубліканцам, так і дэмакратам, й існуючага пасёньня, цалкам зразумелыя, і ў першую чаргу – для Масквы. Такі падыход азначае, што Злучаныя Штаты Амерыкі лічаць, што маюць права зьдзяйсьняць нагляд за палітычным і эканамічным разьвіцьцём Расеі ў посткамуністычны перыяд, што яны і спрабавалі наўпрасткі рабіць у 1990-я гады [вынікі гэтага “нагляду” мы ведаем; яны ўражвальныя: стварыць у Расеі новую соцыяпаразітную групу – алігархаў (у асноўным габрэйскага паходжаньня) – нічога горшага, сапраўды, “ЗША зрабіць” не маглі, каб падрыхтаваць глебу для аднаўленьня рускага шавінізму і расейскага імперыялізму для яшчэ больш варожага стаўленьня да сябе; каб такую “бязглуздасьць” зрабіць – гэта сапраўды трэба намагчыся… – Рэд.], а таксама патрабаваць, каб Масква дзейнічала ў адпаведнасьці зь міжнароднымі інтарэсамі ЗША.
Гэты падыход азначае, што Вашынгтон можа парушыць тыя стратэгічныя абяцаньні, якія дае Маскве. Так было, калі адміністрацыя Клінтана пачала пашырэньне НАТА на ўсход. Так было, калі адміністрацыя Буша праігнаравала выключныя прымірэнчыя спробы Крамля і ў аднабаковым парадку выйшла з Дамовы па СРА [рус. ПРО. – Рэд.], а таксама прыняла ў шэрагі НАТА краіны, разьмешчаныя ў непасрэднай блізкасьці ад Расеі. І гэта насуперак той скрайне важкай дапамозе, якую Пуцін аказаў ЗША ў іх ваенных дзеяньнях у Аўганістане пасьля падзеяў 11 версьня [за гэта была “заплочана” тым, што ЗША далі Расеі ганебны карт-бланш на генацыд чачэнскага народу! расейскай ваеншчынай і сьпецслужбамі па загадзе Пуціна было забіта больш за 250.000 чэчэнцаў! – Рэд.]. Такі падыход азначае нават, што Амерыка мае права пасягаць на традыцыйную сьферу расейскай бясьпекі й паставак энэргарэсурсаў – ад Прыбалтыкі, Украіны і Грузіі да Цэнтральнай Азіі ды Касьпія [аўтар адкрыта, не хаваючы, выстаўляе свой праімперскі сьветагляд на сусьветную прастору; вось такія “дэмакраты” жывуць цяпер у ЗША… – Рэд.].
Такія паводзіны ЗША не маглі ня выклікаць рэакцыю ў адказ з боку Расеі. І яна дала ведаць пра сябе пры Пуціне, хаця так паступіў бы кожны моцны крамлёўскі кіраўнік. Масква расцаніла такую палітыку ЗША як спробу “акружэньня” Расеі, мэта якой – аслабіць краіну і ўзяць пад свой кантроль яе рэсурсы. Гэта дапамагло ўзмацніць агрэсіўны нацыяналізм Масквы [а, можа, усё ж імперыялізм?! – Рэд.], зьнішчыць калісьці моцнае праамерыканскае лобі [няўжо “праамерыканскае”, а, можа, праблема ў тым, што гэта “лобі” было больш сьпецыфічным?! – Рэд.], а таксама ўмацаваць шырока распаўсюджанае меркаваньне, што саступкі Вашынгтону ёсьць “пасіфікацыяй” і нават “капітуляцыяй”. Магчыма, Крэмль адрэагаваў занадта востра, але прычыны і наступствы, якія маглі прывесьці да новай “халоднай вайны”, цалкам ясныя [мы якраз і зьбіраемся праясьніць гэтыя прычыны падрабязьней у абмеркаваньні. – Рэд.].
Паколькі першыя крокі ў гэтым кірунку зрабіў Вашынгтон, ён жа і павінен выступіць зь ініцыятывамі, каб павярнуць такі рух назад. І тут скрайне важнымі й тэрміновымі зьяўляюцца тры крокі. Па-першае, выкарыстаньне такой дыпламатыі, у межах якой ЗША будуць ставіцца да Расеі як да сувярэннай і вялікай дзяржавы з адпаведнымі нацыянальнымі інтарэсамі [г.зн. прабачаць ёй усе нэаімперскія замашкі й крокі…, пры гэтым у іншых народаў нацыянальных інтарэсаў быць не павінна! – Рэд.]. Па-другое, трэба спыніць пашырэньне НАТА, пакуль альянс не дайшоў да Украіны [!!! – Рэд.], паколькі ў гэтым выпадку можа ўзьнікнуць нешта горшае за “халодную вайну” [вось так, ужо ня грэбуем шантажом! – Рэд.]. Па-трэцяе, трэба ў поўным аб’ёме аднавіць перамовы аб радыкальным скарачэньні ўсіх ядзерных арсеналаў і аб забесьпячэньні іх бесьпечнага захоўваньня, а таксама спыніць гонку ўзбраеньняў, якая пачынаецца [а вось і пернік для гуманістаў… – Рэд.]. А для гэтага ЗША павінны будуць адмовіцца ад сваіх планаў стварэньня сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе альбо ўзгадніць іх з Расеяй.
Лічыцца, што падчас перадвыбарчых кампаніяў павінны абмяркоўвацца жыцьцёва важныя пытаньні. Але ні Джон Маккейн, ні Барак Абама гэтага не зрабілі. Замест такога абмеркаваньня яны, кожны па-свойму, паабяцалі быць “больш жорсткімі” з Крамлём, чым Джордж Буш, а таксама працягнуць акружэньне Расеі й сілай прасоўваць там дэмакратыю [каб яны прасоўвалі дэмакратыю… яны ж і далей будуць прасоўваюць ліберастызм! відаць, сапраўды, пры такой хадзе падзеяў сур’ёзнага канфлікту пазьбегчы не атрымаецца… – Рэд.].
Шчыра кажучы, ніхто і не пытаўся ў кандыдатаў пра гэтыя скрайне важкія праблемы. Напэўна, час зрабіць гэта цяпер.
Стывен Коэн – прафесар расейскіх дасьледваньняў Універсітэта Нью-Ёрка (New York University). Яго апошняя кніга называецца ‘Крыжовы паход, які праваліўся: Амерыка і трагедыя посткамуністычнай Расеі’ (Failed Crusade: America and the Tragedy of Post–Communist Russia)
Можа “прафесар расейскіх дасьледваньняў” навучыўся ў расейцаў думаць адно, гаварыць другое, а рабіць трэцяе?
Нуу… тут ни сисек ни пилоток, но блин интересно! Спасибо! 🙂
Паважаныя сябры, у гэтых выступах няма нічога дзіўнага. Дзве сверхкраіны з адзінакавай ментальнасцю: жыць за кошт рабоў. Белыя амерыканцы прывозілі тысячы рабоў з Афрыкі і адносіліся да іх горш, чым да быдла. Карэнных індзейцаў яны наогул знішчылі фізічна. А хіба ж лепш перахрысціўшыяся азіяты адносіліся да нашых продкаў? Таксама горш чым да быдла (успомніце прыгоннае права). На працягу многіх вякоў склаўся такі стэрыатып мышлення: мы валадарым светам, а ўсе астатнія – рабы. Якія б прыгожыя словы яны вам не казалі, а унутраны змест адзінакавы. Ні дзе, ні ў якім міжнародным дакументу не запісана, што народы свету не роўныя. Усе людзі на свеце роўныя ў сваіх правах, і ўсе нацыі таксама роўныя ў сваіх правах. А што атрымліваецца на самай справе? Свет падзелены на развітыя і неразвітыя краіны. Гэта і ёсць сапраўднае не равенство народаў. Усе неразвітыя краіны ёсць быўшыя калоніі гэтых жа развітых краінаў. Гэта развітыя краіны сваёй сквапнасцю згубілі цэлыя кантыненты ў свеце. Няма горшай абразы для народа, калі іх краіну называюць сферай уплыву. Гэта гучыць, што народ як бы недзеездольны і яго трэба апякаць, як ў псіхушцы. Яшчэ горш, калі лёс народа вырашаецца за яго спіной. Гэтыя амерыканскія гаспада проста гандлюць народамі. Яны ужо і забылі, што трубілі пра свабоду і дэмакратыю. Толькі удумайцеся: ЗША павінна адаць Украіну і Грузію Расеі, бо Расея дапамагала ЗША. Ну дык і аддайце за гэта Расеі свой які-небудзь штат. А пры чым тут Украіна і Грузія? Адзін цынізм. Вось так дамовіліся за нашай спіной Расея і Еўразвяз. Лука шчаслівы і ў далоні пляскае. Глабалісты-сіяністы даўно вызначылі, якія народы будуць валадарыць, якія будуць рабамі. Натуральна, што Беларусь, па іх меркаваннях, павінна стаць краінай рабоў. Іншага лёсу для нас не вызначылі. Ты беларус і не важна дзе жывеш, на радзіме ці ў іншай краіне, але па іх разуменню, ты павінен укалываць за капейкі, каб хапіла не памерці з голаду. Асэсансаваўшы гэтую перспектыву і хлусню, асабіста я і стала такой нацыяналісткай. Толькі з’яднаўшыся ў адно цэлае, стварыўшы свой мазгавы цэнтр, мы сумеем выстаяць супраць парабашчэння. І нам ніхто не дапаможа, акрамя нас саміх. Сёння Лука напіўся людской крыві, зрабіўшы правакацыю на сваім свяце, пахапалі не павінных людзей, катуюць ў сваіх засценках і шукаюць трэцюю сілу (нацыянальна-патрыятычную), але яны яе не знойдуць, бо яны не ведаюць аблічча гэтай сілы. Ёе сам рыхтуе гэту сілу, нават не здагадваецца. Я упэўнена, што беларусы не стануць рабамі, яны будуць працаваць на сябе.
Жыве Беларусь!
Сапраўдная назва артыкула “Расея: Абмеркаваньне, якога не стае” (мяркуйце самі “Russia: The missing debate”).
Ён з’явіўся ў друку “Міжнароднага Вяшчальнага Часопіса” 2 траўня 2008 года (http://www.iht.com/bin/printfriendly.php?id=12525072 або http://www.iht.com/articles/2008/05/02/opinion/edscohen.php).
Як і Генры Кісінджар, Стывен Коэн грунтуецца на адным і тым самым глупстве: “ў плане нацыянальнай бясьпекі залежым ад Расеі нават больш, чым яна ад нас”.
Гэтым самым ён кіруецца перакананьнямі Хэлфарда Маккіндара (1861-1947) пра “сэрцазем’е”, выказаныя ім у дакладзе “Геаграфічная вось гісторыі” Каралеўскаму геаграфічнаму таварыству ў 1904 годзе.
104 гады таму кіраўнік Лонданскае школы гаспадараньня (спадар Маккіндар займаў дадзеную пасаду ў 1903-1908 гадох) зрабіў дапушчэньне пра перавагу мацерыковае дзяржавы над марскою на падставе дасканаленьня чыгуначнага віду перавозак разам з пашырэньнем чыгунак у Еўразіі.
Аднак, калі б спадар Маккіндар дагэтуль заставаўся на пасадзе кіраўніка Лонданскае школы гаспадараньня, ён 104-рма гадамі пасьля вышэйзгаданага дакладу мусіў бы напісаць зусім іншы даклад, а менавіта пра тое, што марскія перавозкі ў 10 разоў таньнейшыя за любыя наземныя.
У сваю чаргу з гэтай нагоды Стывену Коэну варта забыцца на мроі пра расейскія “стратэгічныя магчымасьці ў адносінах да краінаў Еўропы, Ірана, Блізкага Усходу, а таксама Паўночнай Карэі, Кітая, Індыі, Аўганістана і нават Лацінскай Амерыкі” датуль пакуль ня вынайдуць земляплаў.