nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў па-над геапалітычнымі й ідэалагічнымі лясамі. “Гнёзды” адгукнуліся, можна зьбіраць яйкі (Частка 1)

жнівень 21, 2008 | Каментары (1)

Пол Гобл: “Хутка мы можам убачыць новы сьвет”.

Ð�обл.JPG 

Мы ўжо даўно ўвялі ва ўжытак уяўленьне пра эфект “крука ў лесе” (гл.  nashaziamlia.org/2007/01/20/513). Вайна ў Грузіі, якая працягваецца вось ужо два тыдні, зьяўляецца чарговым прыкладам гэтага эфекту, бо стварае выдатную магчымасьць высьвятліць, хто кім напраўду ёсьць у Расеі, на Захадзе, у Беларусі. Гэта і ёсьць каштоўныя для любога ідэолага “яйкі”. Пачаць іх збор мы вырашылі з Захаду (хаця тое-сёе мы ўжо і так сабралі…). Падаем інтэрвю вядомага амерыканскага палітолага Пола Гобла, якое ён 19 жніўня даў рэдакцыі “Голасу Амерыкі” (паводле www.voanews.com/russian/2008-08-19-voa17.cfm).

Рэдакцыя.

 

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Аляксея Піменава пра выбух дзьвюх гранат у бакінскай мячэці Абубекр, з-за чаго загінулі два чалавекі, а многія, у т.л. імам, былі паранены, сп-р Гобл сказаў, што гэтая падзея ўяўляецца яму наздвычай небясьпечнай.

“Незалежна ад таго, хто стаіць за сьпіной тэрарыстаў, выбухі ў мячэці Абубекр лёгка будзе інтэрпрэтаваць як расейскую альбо армянскую правакацыю, мэта якой – выклікаць канфлікт паміж Азербайджанам ды Іранам і тым самым знайсьці зачэпку для расейскай інтэрвенцыі ў Азербайджан. Ня выключана нават, што гаворка ідзе пра спробу выклікаць больш шырокі канфлікт, у якім на адным баку апынуцца ЗША і Азербайджан, а на другім – Іран. Пры такім разьвіцьці падзеяў расейская агрэсія супраць Грузіі пяройдзе на другі план [каму гэта трэба – зразумела. – Рэд.].

Яшчэ адна істотная дэталь: нягледзячы на тое, што азербайджанскія сьпецслужбы падавалі імама гэтай мячэці як ваххабіта, у сапраўднасьці ён нязьменна адстойваў вельмі памяркоўную трактоўку мусульманскіх канонаў. Так, напрыклад, ён рашуча выступаў супраць рытуальнага самазьбіцьця плёткай, заклікаючы сваіх прыхільнікаў абмежавацца сімвалічнай “здачай крыві” на славу Алаха. Тое, што ён стаўся адной з ахвяраў тэракту, можа выклікаць хвалю пратэстаў па ўсёй краіне – ні прыхільнікі імама, ні яго супернікі, хутчэй за ўсё, ня будуць маўчаць. Асабліва вострыя сутыкненьні могуць адбыцца ў Баку, бо многія бакінцы – гэта нашчадкі выхадцаў зь Ірану, якія перасяліліся сюды пасьля падзеньня паўднёва-азербайджанскай рэспублікі.

Асаблівую трывогу, – адзначыў пан Гобл, – выклікае аднак той факт, што ўсё гэта адбываецца на фоне грузінскіх падзеяў. Тым больш, што зусім нядаўна расейскі пасол у Баку публічна заявіў, што Азербайджану варта, як ён выказаўся, зрабіць усе неабходныя высновы з таго, што здарылася ў суседняй Грузіі”.

Адказваючы на пытаньне пра магчымую зьмену расейскага палітычнага ландшафту пад уплывам грузінскіх падзей Пол Гобл сказаў:

“Думаю, што ў Расеі яны [падзеі ў Грузіі. – Рэд.] выклікаюць неадназначную рэакцыю. Многім рускім падабаецца, што Расея паказала сваю моц. Добра вядомая і асабістая нянавісьць Уладзіміра Пуціна да Міхаіла Саакашвілі, яе таксама нельга скідаць з рахунку. У той жа час многія незадаволены – і не таму, што расейскія ўлады парушылі прынцыпы міжнароднага права. Справа ў іншым: толькі за 4 дні канфліку расейская эканоміка недалічылася 7 мільярдаў даляраў. Калі так пойдзе і далей, Расея будзе губляць да 500 мільярдаў штогод. Пад уплывам таго, што адбываецца, ужо пагоршылася сітуацыя на расейскім рынку каштоўных папер. Зьнізіўся абменны курс рубля. Багацьце шмат значыць у сучаснай Расеі. І расейскія мільянеры хутка адчуюць, як разьвязаны ўрадам канфлікт адабьецца на іхных кашальках.

Людзі бачаць яшчэ, што распачаўшы гэтую вайну, прэзідэнт Мядзьведзеў адкрыта парушыў расейскае заканадаўства. У канстытуцыі РФ дакладна ўказана, як павінны прымацца рашэньні па выкарыстаньні расейскіх войскаў за межамі Расеі. Пуцін і Мядзьведзеў гэтыя працэдуры адкрыта праігнаравалі – і несумніўна, што ў расейскіх грамадзян у бліжэйшай будучыні зьявіцца нямала пытаньняў да сваіх кіраўнікоў.

Ня варта забываць і яшчэ пра адно. На думку многіх расейцаў, адна з галоўных пераваг, якую яны набылі пасьля распаду СССР, гэта магчымасьць свабодна езьдзіць за мяжу. Аднак ужо сёньня многія замежныя турфірмы арганізуюць сьпецыяльныя паездкі “без рускіх”. Вельмі верагодна, што многія жыхары Расеі пачнуць адчуваць складанасьці й пры спробах адправіць сваіх дзяцей на вучобу за мяжу, і наўрад ці можна сумнявацца ў тым, што ўспрыянта ўсё гэта будзе вельмі хваравіта.  

Як адрэагуе на ўсё гэта Расея, пакуль невядома. Магчыма, вырашыць пакрыўдзіцца ўсёр’ёз і надоўга ды паспрабуе “зьвесьці рахункі” з Захадам якім-небудзь іншым чынам. А можа быць, рускія вырашаць, што перагнулі палку і што працягваць у тым жа духу небясьпечна. Ня будзем забываць і пра тое, што ёсьць нямала людзей, асабліва ў Вашынгтоне, якія імкнуцца апраўдаць дзеяньні Расеі й гатовыя знайсьці любы прэтэкст, каб ускласьці ўсю адказнасьць на Грузію [мы пра гэта ня так даўно пісалі; вось і пацьверджаньне; дарэчы, Пол Гобл, як высьвятляецца – майстар кантэкста. – Рэд.].

Вядома, Саакашвілі пайшоў на рызыку. Гэта ясна ўсім. Так, я думаю, ён і сам усьведамляў гэта. Аднак яго дзеяньні не ўяўлялі зь сябе парушэньня міжнароднага права, як і законаў краіны. Рускія ж пайшлі на парушэньне ня толькі міжнароднага, але і свайго ўласнага заканадаўства. Яны праігнаравалі своеасаблівае пагадненьне паміж Расеяй і Захадам, у адпаведнасьці зь якім амерыканцы спрыялі ўступленьню Расеі ў розныя міжнародныя арганізацыі.

Усё гэта хутчэй за ўсё не застанецца без наступстваў. Думаю, што вельмі хутка нам прыйдзецца казаць пра “Вялікую сямёрку”, а не “васьмёрку”. Расея наўрад ці стане сябрам СГА. Дый лёс камісіі “Расея-НАТА” будзе незайздросным – ня толькі з-за дзеяньняў маскоўскага кіраўніцтва, але і з-за каментароў пана Рагозіна. Па ўсёй верагоднасьці, мы станем сьведкамі пагаршэньня стасункаў паміж Усходам і Захам. У якіх формах яно адбудзецца, меркаваць пакуль цяжка: у гэтым раўнаньні занадта шмат невядомых. Можа быць, Расея вырашыць кінуць Захаду костку. Але нельга выключаць і таго, што Крэмль зьбіраецца падвоіць стаўкі ў гэтай гульні. Вось чаму выбух у Бакінскай мячэці й выклікае ў мяне такую трывогу. Відаць, шмат у Маскве тых, хто не зьбіраецца абмяжоўвацца Грузіяй.          

Калі пераможа іх пункт гледжаньня, дык хутка мы ўбачым новы сьвет. А дакладней, вярнемся ў стары – пачварны і цёмны”.

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Вось гэтыя разважанні Сп. Гобла, на маю думку, бліжэй да рэчаіснасці.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы