nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў. Зьбіраем яйкі (Частка 3)

22 жніўня, 2008 | Каментары (1)

��г�н.JPG

Для ілюстрацыі рэакцыі на грузінскія падзеі з боку тых, хто заўсёды адкрыта дэманстраваў свой імперскі сьветагляд, мы абралі Аляксандра Дугіна – вядучага ідэолага Крамля – і прадстаўнікоў г.зв. “Рускага клуба”. Шчырым беларусам, але са слабымі нервамі, гэты матэрыял раім не чытаць… (паводле kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/12/60142; www.1news.az/news/20080821102851745.html; ).

Рэдакцыя.

1.

ПАРАДЫ i ПАПЯРЭДЖАНЬНІ А.ДУГІНА

Ідэолаг расейскага нэаімперыялізму пад назвай “еўразійства” Аляксандр Дугін, які раней у інтэрвю “Эха Масквы” патлумачыў, што “міжнароднае права – гэта чыстай вады прафанацыя і цацка для дурняў”, праз некалькі дзён пасьля пачатку вайны ў Грузіі вырашыў зрабіць заяву бакінскаму выданьню “1news”. Вось галоўныя думкі, выказаныя ім.

“… У сапраўднасьці, гэта вайна паміж ЗША і Расеяй. Гэтая вайна будзе вельмі жорсткай і працяглай. Шкада, што вашыя народы будуць пакутаваць ад гэтай бітвы гігантаў. Грузія ніколі без дазволу Вашынгтона не пасьмела б пайсьці на такое, і Саакашвілі нават не хацеў на гэта ісьці. Ён увесь час унікаў гэтага, але гаспадары прымусілі й пралілася кроў [цікавая заява, таму што роля Саакашвілі ў ёй пададзена цалкам інакш, чым у цяперашняй расейскай прапагандзе. – Рэд.]. Амерыканцам патрэбы новы хаас у сьвеце і вось яны пачалі падпальваць Каўказ. ЗША пачалі небясьпечную гульню. ЗША, па сутнасьці, аб’явілі вайну Расеі [чытачы яшчэ не забылі, чые танкі знаходзяцца на чыёй тэрыторыі? – Рэд.].

… Мне здаецца, наступны фронт перакінецца на тэрыторыю Украіны [украінцы, увага! расейскія імперцы рыхтуюцца ня толькі “перакінуцца” на вас, але і віну за гэта скінуць на вас і ЗША… Рэд.].

… Вас [Азербайджан] пакуль яны не крануць, прынамсі, да наступнага году, да таго часу, пакуль да ўлады ў ЗША не прыйдзе Маккейн. Але Карабах яны абавязкова падпаляць, Азербайджану ад гэтага падзецца будзе няма куды. А пакуль вам ня варта высоўвацца. Вам трэба пакуль маўчаць, ціха сачыць за сітуацыяй і не рабіць рэзкіх рухаў ні ў той, ні ў гэты бок. Любая памылка ў цяперашняй сітуацыі – і Азербайджан можа моцна паплаціцца [азербайджанцам: тое, што гаворыць Дугін – гэта трэба яму і Крамлю; вам можа быць выгадна абсалютна супрацьлеглае. – Рэд.].

… Цяпер Каўказ стаў галоўнай лініяй рэальнага супрацьстаяньня Амерыкі ды Расеі… Грузіны дзейнічаюць так [хто-хто дзейнічае? – Рэд.] у рамках сваіх, як яны кажуць, нацыянальных прыярытэтаў, але за гэтым стаяць натаўскія інтарэсы, а менавіта разьмяшчэньне на тэрыторыі Грузіі ваенных баз НАТА [а дзе вы – расейцы? чаму вы не зрабілі так, каб грузіны пажадалі мець вашыя базы на сваёй тэрыторыі? – Рэд.]. І такой, дарэчы, будзе амерыканская палітыка, незалежна ад таго, ці пераможа на выбарах у ЗША Маккейн, ці Абама. ЗША трэба стварыць плацдарм для дэстабілізацыі сітуацыі на Паўночным Каўказе [гэта тое, што заўсёды імкнулася зрабіць Расея і на Паўночным, і на Паўднёвым Каўказе; выказваньні Дугіна ўсё больш нагадваюць “скіданьне ценю”. – Рэд.]. Амерыканцы і англічане арудуюць на Каўказе ў поўную сілу. Мэта – адрынаньне Паўночнага Каўказу ад Расеі, і для гэтага ЗША ідуць на ўсё.

… Цяпер у Прыбалтыцы пачнуць правакацыі супраць рускіх, каб Расея зноў уварвалася туды [прыбалты, увага; гэта сур’ёзнае папярэджаньне. – Рэд.]. Адным словам, і Расея, і ЗША ідуць на яўную канфрантацыю. Гэтую вайну пачалі ня мы [нават мы давялі, што для пачатку вайны ўсё зрабіла расейска імперыякратыя. – Рэд.], а пачала натаўская ваеншчына [вось такія цяпер ідэолагі ў Крамлі… – Рэд.], але мы ня можам не адказваць, адыходзіць ад прамога сутыкненьня [ах, бедныя – няшчасныя; усе на вас, бедных, нападаюць; ці даўно на мапу сьвету глядзелі? – Рэд.].

… Амерыка – гэта не Нямеччына, яна моцная і магутая краіна, на тэрыторыі якой 200 гадоў не было войнаў, але, нягледзячы на гэта, мы павінны даць ёй бой. Як кажуць, “альбо пан, альбо прапаў” [так кажуць беларусы-літвіны; рускія кажуць: “альбо грудзі у крыжах, альбо галава ў кустах”. – Рэд.]. Калі ня здолеем даць адпор, тады будучыню Расеі як дзяржавы бачу туманнай. Мы доўга пазьбягалі гэтага [пра тое, як яны “пазьбягалі”, на нашым сайце пададзена вялікая колькасьць матэрыялаў, у якіх адкрыта распавядаецца пра стратэгічныя планы імперыякратыі, накіраваныя на вяртаньне сабе кантролю, як мінімум, на ўсёй постсавецкай прасторы. – Рэд.], але нас уцягнулі ў гэтую авантуру. Але самае жахлівае, што нас сутыкаюць зь блізкімі народамі – грузінамі ды ўкраінцамі [дык не сутыкайцеся, а калі вы сутыкаецеся – вы, як мінімум, ня менш вінаватыя за грузін і ўкраінцаў. – Рэд.].

… У нас ёсьць саюзьнікі ў выглядзе Кітая ды Ірана, якія таксама зацікаўлены ў Еўразійстве [вельмі сумніўныя “саюзьнікі”, як і вельмі сумніўна тое, што яны з пэўнага часу зацікаўлены ў расейскім еўразійстве. – Рэд.].

… Усе гэтыя падзеі паказалі, што западніцтва Расеі не патрэбнае, і, слава Богу, нашыя ўладары гэта зразумелі толькі цяпер”.

Пазьней (21 жніўня) сайт www.1news.az паведаміў, што А.Дугін заклікаў Расею акупаваць Грузію.

“Мы можам акупаваць Грузію – у нас ёсьць такое маральнае права. З пункту гледжаньня Захаду, такога права ў нас, вядома, няма. Затое ён лічыць, што ў яго было права расчляняць Югаславію, каб размясьціць амерыканскую ваенную базу ў Косава. Яны называюць генацыдам толькі тое, што ім выгадна”, – заявіў крамлёўскі палітолаг.

“Мы ўступілі ў фазу адкрытага канфлікту з Захадам і краінамі НАТА – як па геапалітычных, так і па каштоўнасных пазіцыях. У нас ёсьць важкая маральная прычына бараніць асецін і абхазаў ад спробаў генацыду з боку Грузіі. Акрамя таго, у нас ёсьць свае геапалітычныя інтарэсы на постсавецкай прасторы. Калі мы здадзім назад, дык проста абвалімся – і як геапалітычнае ўтварэньне, і як сувярэнная дзяржава…”

Ад рэдакцыі:

У трэці раз (ад Удугава, Гобла і цяпер вось Дугіна – прычым, Дугін па часе быў першым) мы чуем пра небясьпеку пашырэньня вайны ў Закаўказьзі на Азербайджан. Усё гэта варта таго, каб хаця б запомніць як папярэджаньне…

Зьвярніце ўвагу, беларусаў ужо ня трэба ні пра што “папярэджваць”. Такія, як Дугін, Муцін-Пендэль ды іншыя, што вакол іх, лічаць, што мы ўжо ў іхнай “кішэні” й ня годныя іх увагі…

2.

Камюніке “Рускага Клуба”. РАЗЬВІЦЬ РУСКУЮ ПЕРАМОГУ

14 жніўня г.г. адбылося чарговае паседжаньне “Рускага Клубу”. У паседжаньні прынялі ўдзел Дзьмітры Валадзіхін, Канстанцін Крылоў, Аркадзь Малер, Міхал Рэмізаў, Аляксандр Рудакоў, Павал Сьвяценкоў, Юры Сошын, Уладзімір Тор, Ягор Халмагораў. Сябры “Рускага Клубу” сярод іншага канстатавалі, што:

“… разьвязаная кіраўніцтвам Грузіі вайна супраць Паўднёвай Асеціі (ПА) [так у тэксьце. – Рэд.] была лагічным працягам палітыкі сепаратысцкага кіраўніцтва Грузіі, якая праводзілася два апошнія дзесяцігоддзі, па разбурэньні рускай сьферы ўплыву на Каўказе і будаўніцтве грузінскай “малой імперыі”. Ахвярамі агрэсіі сталі тыя народы, нацыянальнае і гістарычнае існаваньне якіх ужо некалькі стагоддзяў шчыльна зьвязана з Расеяй і якія адмовіліся ісьці па шляху сепаратызму, які абрала грузінскае кіраўніцтва ў 1989-91 гг. Толькі памылковая і здрадніцкая палітыка расейскага кіраўніцтва ў ельцынскі перыяд дазволіла стварыцца “няпэўнаму статусу” Абхазіі й ПА, замест яснага статусу аўтаномных утварэньняў унутры Расеі, як правапераемніцы Расейская імперыі й СССР.

… на гэты раз Расея здолела даць рашучы, жорсткі й хуткі адпор агрэсіі сепаратыстаў. Расейскай дыпламатыі атрымалася зламіць шмат памылковых “пасьлябелавежскіх” стэрэатыпаў, якіх яна прытрымлівалася на працягу многіх гадоў, зьвязаных з прызнаньнем фікцыі “адзінай незалежнай Гругіі”. Упершыню за доўгія дзесяцігоддзі дзяржава Расейская з усёй яснасьцю заявіла пра каштоўнасьць жыцьця і годнасьці расейскага грамадзяніна, абгрунтавала неабходнасьць умяшальніцтва ня толькі палітычнымі інтарэсамі, але і тым фактам, што ніколі й нікому не атрымаецца беспакарана забіваць грамадзян Расеі.

… было навочна даказана, што ўсе асноўныя вузлы расейскай ваеннай машыны працуюць і знаходзяцца ў здавальняльным стане. Армія прадэманстравала вышкаленьне, стойкасьць, вытрымку, дысцыпліну і здольнасьць да працы ў рэальнай баявой абстаноўцы. У самыя кароткія тэрміны ёй атрымалася разграміць падрыхтаваную амерыканскімі й ізраільскімі інструктарамі, аснашчаную ўкраінскімі сродкамі СПА рэгулярную армію сепаратысцкай Грузіі.

… Альтэрнатывы частковай “рэмілітарызацыі” Расеі няма і быць ня можа, паколькі сама “пяцідзённая вайна” робіць пэўны пераварот у разуменьні сучасных войнаў. Яна прымушае нас адмовіцца ад меркаваньня, што ў сучасным ядзерным сьвеце вайна за зьмену тэрытарыяльнага статуса немагчымая і заранёў пройгрышная, што яна даступная як сродак толькі такой звышдзяржаве, як ЗША, дый тое з няпэўнымі наступствамі. Ваеннае ўмяшальніцтва, якое мяняе геапалітычны баланс, зноў легалізавана ў сусьветнай палітыцы, і гэта накладае значныя абавязкі на Расею, як на дзяржаву, якая зрабіла гэтую рэвалюцыю ў сусьветнай палітыцы.

Інавацыйнае разьвіцьцё Расеі ва ўсіх яго асьпектах павінна набыць магутную ваенную складовую. Армія павінна атрымаць васокадакладане ўзбраеньне, найноўшыя навігацыйныя прыборы, павінна быць дабудаваная сістэма ГЛАНАС, значна большая ўвага павінна быць аддадзена матэрыяльнаму становішчу і сацыяльнаму статусу ваеннаслужачых. Ваенная эліта Расеі павінна вызваліцца ад становішча “парыі” сярод расейскіх эліт, павінна набыць становішча і лабісцкія магчымасьці, якія адпавядаюць ролі арміі ў гісторыі й сёньняшнім дні Расеі.

… дамінаваньне ЗША ў сьвеце значна аслабла і ня можа быць утрыманае нават агрэсіўнай імперска-мілітарысцкай палітыкай цяперашняй адміністрацыі. ЗША ўжо ня могуць дыктаваць Расеі й іншаму сьвету свае ўмовы. Выявілася і нетрываласьць заходняга альянсу, які так і ня здолеў выпрацаваць адзіны падыход жа ацэнкі дзеяньняў Расеі. Краіны “Старой Еўропы”, як высьветлілася, зацікаўлены ў вяртаньні Расеі ролі вялікай дзяржавы і выраўнованьні ў сувязі з гэтым сусьветнага балансу сілаў [адкуль яны гэта ўзялі? – Рэд.].

… вызначылася фармаваньне ва Ўсходняй Еўропе адзінага антырасейскага блоку, арыентаванага на ЗША, афармленьне новага “санітарнага кардона”, найбольш актыўнымі элементамі якога зьяўляюцца Польшча і Украіна. Агрэсіўнасьць паводзінаў украінскіх уладаў у адносінах да Расеі ўвогуле выходзіць за рамкі палітычнай прыстойнасьці. У сувязі з гэтым уяўляецца непазьбежным як абвастрэньне пытаньня прыналежнасьці Севастопаля і Крыма, так і персьпектывы расейскага палітычнага ўмяшальніцтва з мэтай зьмены рэжыму ў Кіеве на больш прыхільны. У той жа час падобная праца павінна весьціся навыперадкі з часам – выкарыстоўваючы рыторыку “расейскай агрэсіі”, аранжавыя ўлады Украіны паспрабуюць як мага хутчэй уступіць у НАТА, і ЗША будуць іх у гэтым падтрымліваць. Заблакаваць уступленьне Ўкраіны ў НАТА можна толькі спалучэньнем рашучых палітычных дзеяньняў Расеі на ўкраінскім кірунку й умелай дыпламатычнай гульнёй, скіраванай на адмову краін Еўропы, якія ўваходзяць у НАТА, зьвязваць сябе абароннымі абавязкамі з паліытчна неадказным аранжавым рэжымам у Кіеве…

… асобна паўстае праблема Саюза Расеі й Беларусі. Многіх грамадзян Расеі й рускіх патрыётаў літаральна шакавала маўчаньне Менска ў першыя дні грузінскай агрэсіі. Многія палічылі гэта здрадай самой ідэі ваенна-палітычнага саюза двух краін аднаго народу [так у тэксьце. – Рэд.]. Выбачэньнем для гэтага маўчаньня ня могуць служыць тэхнічныя тлумачэньні, накшталт спасылак на “адсутнасьць просьбаў з Масквы”, паколькі за маўчаньнем Лукашэнка даў распараджэньне МЗС нармалізаваць адносіны з заходнімі краінамі. Частковая адказнасьць за гэтыя манеўры бліжэйшага зьнешнепалітычнага саюзьніка ляжыць, вядома, на расейскай вонкавай палітыцы, якая на працягу дзесяцігоддзя адштурхоўвала працягнутую Менскам руку, дапускала адкрыта несяброўскія адносіны да Лукашэнка ўнутры Расеі, зрабіла галоўным фактарм зносін “кошт на газ”.

… не выключана, што ў гэтай сітуацыі Лукашэнка зрабіў выбар не на карысьць саюзу з Масквой, а на карысьць працягу эксплуатацыі транзітнага становішча Беларусі. Задача расейскай зьнешняй палітыкі – пераканаць Лукашэнка ў нявернасьці такога выбару, запрапанаваць яму максімальна выгадныя ўмовы працягу інтэграцыі ў вялікую рускую прастору [выдзелена намі. – Рэд.], якую Расея аднаўляе.

Аналагічную палітыку неабходна праводзіць і ў адносінах да яшчэ аднаго патэнцыйна заклапочанага суседа – Казахстана. Расея ўвогуле павінна заняцца тым, каб запрапанаваць сяброўскім сумежным краінам максімальна ўзаемавыгадную форму аднаўленьня рускай геапалітычнай, геаэканамічнай і геакультурнай прасторы.

Расеі варта выкарыстоўваць больш гнуткі прававы інструментар у рашэньні пытаньня аб вернутых рэспубліках. Найперш неабходна прызнаць, што Расея ў якасьці правапераемніцы СССР, мае вярхоўны суверэнітэт над усімі тэрыторыямі й народамі, якія зафіксавалі ў свой час адмову ад выхаду з Саюза. Пры вызначэньні статуса Абхазіі й ПА Расеі мэтазгодна выкарыстаць амерыканскі досьвед стварэньня “вольна далучанай” (асацыяванай) дзяржавы Пуэрта-Рыка, маючай з ЗША агульнае грамадзянства, вонкавую і абаронную палітыку, валютную сістэму, знаходжаньне пад вярхоўным суверэнітэтам ЗША і ўладай Кангрэса ЗША, аднак маючай уласную сістэму кіраваньня і канстытуцыю. Пуэрта-Рыка – гэта неад’емная частка ЗША, якая ня мае статусу паўнавартаснага штата.

… існуе неабходнасьць правядзеньня стрыманай і асьцярожнай палітыкі па аднаўленьні ПА. Нельга дапускаць дэмагагічныя выказваньні ў духу: “гэта была чужая вайна для рускага народу, грошы рускіх ізноў ідуць на аднаўленьне Каўказу”… Расеі трэба паставіць пад часовы кантроль эканамічныя плыні чарнаморскага ўзьбярэжжа Грузіі з тым, каб усе абяцаныя ўрадам Расеі 10 мільярдаў рублёў былі кампенсаваныя за кошт Грузіі. Неабходна таксама паставіць пад жорсткі кантроль грашовыя трасьферы грамадзянаў Грузіі з Расеі на Радзіму, з тым, каб спыніць выхад грашовых сродкаў з Расеі.

У сувязі з культурнымі інтарэсамі рускага народу сябры “Рускага Клуба” палічылі неабходным закрануць непрыемную, але насьпелую тэму неабходнасьці пераадоленьня “грузінскага сіндрома” ў рускай культуры… Расеі неабходны шчыры і безкампрамісны аналіз узаемаадносін рускага і грузінскага народаў, рускай і грузінскай культур, накшталт таго, які быў праведзены Аляксандрам Салжэніцыным у яго працы “Дзьвесьці гадоў разам”. Гістарычные сяброўства паміж нашымі народамі, замацаванае сумесна пралітай крывёй пад час адбіцьця спробаў Персіі ды Турцыі зьнішчыць грузінскі народ, павінна быць ачышчана ад паразітных напластаваньняў, ад яўнай несправядлівасьці ў адносінах да рускага народу, ад штучнага навязваньня рускім няроўнасьці адносінаў…

… расейскай вонкавай палітыцы варта зрабіць і ня менш жорсткія высновы што да прызнаньня тэрытарыяльнай цэласьці й суб’ектнасьці сепаратысцкай Грузіі. Па-за залежнасьцю ад палітычнага лёсу Міхаіла Саакашвілі, неабходна прызнаць, што “праект Грузія”, які памылкова зьдзяйсьняла Расейская Імперыя ў ХІХ стагоддзі й яшчэ большым стараньнем Савецкі Саюз у ХХ, даводзіца прызнаць правальным і выключна небясьпечным. Сплочваючы ўсе народы гэтай тэрыторыі ў штучную адзіную “грузінскую нацыю” [цырк: усе грузіны “не адзіная нацыя”, а, вось, беларусы і рускія – “адзіны народ”; але імперасты, усё падганяюць пад свае комплексы непаўнавартасьці… – Рэд.], атрымалася стварыць усяго толькі нежыцьцяздольную ды агрэсіўную “малую імперыю”, якая ўяўляе зь сябе вечную крыніцу пагрозы бясьпецы на Каўказе. Па-за залежнасьцю ад “забвеньня тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі” ў асьпекце Абхазіі й ПА, на якое ўжо паказаў міністар замежных спраў Расеі С.В.Лаўроў, Расеі неабходна пачаць выбудоўваць адносіны зь мясцовымі суб’ектамі ў сепаратысцкай Грузіі не праз тбілісцкі цэнтар, а непасрэдна [што ўжо і так рабілася шмат-шмат гадоў і стала ўмовай, зачэпкай для развязаньня вайны. – Рэд.].

Сябры “Рускага Клуба” [які ж ён “рускі”, тыповы імперскі. – Рэд.] адхілілі інтэрпрэтацыю “расейска-грузінскай” вайны як “першай міжправаслаўнай вайны”. Падобная інтэрпрэтацыя ёсьць гістарычна нявернай, паколькі войны паміж праваслаўнымі краінамі (Візантыяй і Балгарыяй, Візантыяй і Сербіяй, Візантыяй і Кіеўскай Русьсю [усё так, была калісьці ўжо адна такая “праваслаўная імперыя”… – Рэд.]) мелі месца ў гісторыі й раней. Унікальнасьць цяперашняй сітуацыі ў праваслаўным сьвеце заключаецца ў тым, што з аднаго боку Расея пасьля сямі дзесяцігоддзяў атэістычнага тэрору і дзесяцігоддзя ліберальнай вакханаліі дэ-факта страціла ролю лідэра праваслаўнага сьвету. Вяртаньне гэтай ролі ёсьць найактуальнай духовай і геапалітычнай задачай.

У сучасным праваслаўным сьвеце ідуць два рознанакіраваныя працэсы. З аднаго боку – кансалідацыя “натаўскага” ліберальнага праваслаўя вакол Канстантынопальскага патрыярха, з другога – кансалідацыя традыцыйных праваслаўных сіл вакол Маскоўскага. Нядаўняе сутыкненьне гэтых двух сілаў ва Украіне паказала, што на постсавецкай прасторы сілы традыцыйнага кананічнага праваслаўя значна мацней. І гэтую тэндэнцыю трэба ўмацоўваць, у прыватнасьці – спрыяючы ўваходжаньню грузінскага праваслаўя ня ў натаўскі, а ў традыцыйны бок [цяпер гэта ўжо аніяк не атрымаецца. – Рэд.].

Выбар тых ці іншых народаў на карысьць Праваслаўя ёсьць ня толькі пэўным культурным і абрадавым, але і геапалітычным выбарам. З IV стагоддзя нашай эры, з эпохі Канстантына, Праваслаўнай Царква гістарычна існуе ў пэўным палітычным кантэксьце, у абстаноўцы шчыльнейшай сімфоніі зь дзяржавай-імперыяй, якая прымае метафізічныя і зямныя мэты Царквы як свае ўласныя. Паколькі ўвесь гэты перыяд праходзіў пад знакам афармленьня царкоўнай дактрыны, сцьжаньня Духа Сьвятога і росквіту сьвятасьці, выпрацоўкі канона праваслаўнага жыцьця, падобнае адзінства Царквы й імперыі нельга лічыць гістарычнай выпадковасьцю [вось як у імперцаў афармляецца прынцып цэзара-папізму, накіраваны на справе ўсяго толькі на ардынарнае абслугоўваньне паразітнага інтарэса прымітыўнай, жлобскай імперыякратыі; але колькі пры гэтым малітоўна-фанфарнага пафасу; і гэта не трызьненьне… – Рэд.]. І наадварот – богаборчы тэрор і адлучэньне дзяржавы ад Царквы ёсьць трагічным эпізодам у гісторыі й праваслаўя, і Расеі.

Больш за 500 гадоў Расея зьяўляецца цэнтрам праваслаўнага сьвету, “Трэцім Рымам”, і гістарычнае быцьцё праваслаўных краін у якасьці праваслаўных уяўляецца непарыўна зьвязаным з прарасейскай геапалітычнай арыентацыяй [! пасьля такіх заяваў расейскіх імперцаў пачынаеш думаць, а ці варта заставацца праваслаўным?.. – Рэд.]. Становішча, у якім праваслаўная Грузія і праваслаўная Украіна выступаюць як галоўныя геапалітычныя агрэсары на службе Вашынгтона, ёсьць становішчам ненармальным [да чаго давялі маскалі ўсе (!) праваслаўныя народы! – Рэд.], становішчам, якое ставіць пад пытаньне лёс Праваслаўя ў гэтых краінах [а, можа, наадварот – гэта адзіны спосаб выратаваць праваслаўе?.. – Рэд.]. А з іншага боку – патрабуе ад дзяржавы Расейсай больш сур’ёзна вызначыцца з ідэнтыфікацыяй сябе ў якасьці праваслаўнай і накіраваць свае высілкі на ператварэньне Масквы і ў фактычны, і ў фармальны цэнтар праваслаўнага сьвету [вы бачыце, куды вуда закідваецца? рыхтуецца міна пад Усяленскага праваслаўнага патрыярха ў Канстантынопалі; гэта яму “плата” ад маскалёў за тое, што ён не падтрымаў стварэньне Памеснай царквы ва Украіне… – Рэд.].

Сябры клуба далі высокую адзнаку рашучым, прадуманым і шчырым дзеяньням кіраўніцтва Расеі ў гэтым канфлікце, прэзідэнта Д.А.Мядзьведзева, прэмьер-міністра У.У.Пуціна, міністра замежных спраў С.В.Лаўрова, прадстаўніка Расеі ў ААН В.І.Чуркіна, галавы МЧС С.К.Шайгу, кіраўнікоў міністэрства абароны і Генеральнага штабу …”.

Ад рэдакцыі:

Што тут сказаць. Маскалі-імперцы акрыялі й гэта надзвычай кепска. Зноў ім мроіцца “Вялікая Праваслаўная Імперыя – Трэці Рым”. На справе гэта зноў азначае рэкі людскай крыві й горы людскіх целаў… Зноў пераконваешся, што лячэньне расейскай “вялікасьці й унікальнасьці” магчымае толькі праз дэзінтэграцыю расейскай імперыі (як мы ўжо адзначалі раней).

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    1. Агульнае ўражанне: “Рускі Клуб” ёсць філія мінскіх “Навінак”.
    2. Беларусы па меркаванню “Рускага Клуба” сваімі трупамі павінны замасціць шлях
    маскалёў да амаль сусветнага панавання.
    3. Маскоўская РПЦ надзвычайна небяспечная агентура ў Беларусі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы