nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў. Зьбіраем яйкі (Частка 5)

23 жніўня, 2008 | Няма каментараў

Ш��апае�.JPG

Зь ня меньшай цікавасьцю мы чакалі, як на апошнія грузінскія падзеі адгукнуца іншыя рускія нацыяналісты – Шырапаеў і Хамякоў. Адгукнуўся толькі Аляксей Шырапаеў. Гэта ўжо досыць сімптаматычна. Што ж, чым багатыя, таму і радыя. Падаем яго пазіцыю (узята з lj.rossia.org/users/shiropaev/29147.html#cutid1).

Рэдакцыя.

 

ЧУЖАЯ ВАЙНА

Колькі было прапагандыскіх енкаў пра тое, што Пуцін, маўляў, спыніў вайну ў Чачні! Потым, праўда, высьветлілася, што зусім не спыніў, а цяпер і больш за тое: у кампаніі зь “пераемнікам” “падараваў” нам новую вайну – ужо не ўнутраную, а з сувярэннай суседняй дзяржавай.

Як і чачэнская вайна, грузіна-рускі канфлікт да рэальных інтарэсаў рускага народу ня мае ніякага дачыненьня. У ім ёсьць імперскія інтарэсы Расеі, ёсьць імперскія інтарэсы Грузіі, ёсьць нейкія свае інтарэсы асецінаў, але няма інтарэсаў рускіх. Нам, рускім, гэта скрайне важна ўсьведамляць. Тым больш, што ўжо распаўсюджваецца патрыятычны энтузіазм, знаёмае жаданьне ісьці ваяваць, “каб зямлю ў Гранадзе сялянам аддаць”. Кажуць, казакі ўжо гатовыя рушыць у Паўднёвую Асецію, як раней – у Абхазію і Прыднястроўе, замест таго, каб наладзіць нармальны казачы парадак у сябе дома. Але дома – на гэта кішка слабая. Затое зьехаць са двара, каб уратаваць нейкіх паўднёвых асецінаў – гэта заўсёды калі ласка…

У прынцыпе, распачатая вайна, пры ўсёй яе рызыкоўнасьці, можа аказацца карыснай Крамлю. Яна – выдатны спосаб каналізаваць прагу актыўных рускіх да перамены жыцьця, выкліканую доўгім марненьнем у пуцінскім балоце. Акрамя таго, гэтая вайна нібы дае нам магчымасьць адчуць свой саўдзел да гэтай дзяржавы, стварае ў нас салодкую ілюзію, што яна – нашая. І, відаць, многія рускія ня змогуць стрымацца перад спакусай ілюзорнага пераадоленьня вечнай адчужанасьці ад Расеі. Так ужо было ў 1941 годзе, калі немалая частка нашага народу разважала прыкладна так: “Улада, вядома, мярзотная, антыруская, але цяпер, у крытычны момант, трэба зьяднацца вакол яе”. І замест таго, каб, карыстаючыся выпадкам, шукаць шляхі да вызваленьня, мы тады абаранілі сваё рабства. За што і заслужылі зьедліва-пахвальны тост ад таварыша Сталіна на пераможным крамлёўскім банкеце.  

Мы, рускія, у даным канфлікце ня можам спачуваць імперскай Расеі. Мы ня можам, зразумела, спачуваць й імперскай Грузіі. Саакашвілі – тыповы “дэмакрат” і “рэвалюцыянер” зь ліку тых, хто з прыходам да ўлады спавядае толькі дзьве каштоўнасьці: адзінаўладдзе і “адзіную і непадзельную”. Мы ўжо ведалі аднаго такога з грузінскім прозьвішчам, схаваным пад магутным псеўданімам. Толькі адмарозак мог страляць з “града” па горадзе, прабачце за нявольны каламбур [і Шырапаеў пад уплывам гэтага міфа; цікава, што ён будзе рабіць, калі даведаецца, што яго “разьвялі”. – Рэд.]. Вядома, можна спачуваць асецінам проста па-людску, але не палітычна, паколькі іх імкненьне да незалежнасьці абумоўлена жаданьнем пакласьці свой суверэнітэт да ног Расейскай імперыі (прынамсі, на словах).

Адно трэба сказаць пэўна: рускаму народу выгадны правал авантурнай палітыкі Крамля ў гэтым рэгіёне [а ў Беларусі, што, нявыгадны?.. – Рэд.], паколькі ён вядзе да аслабленьня антырускай дзяржавы расейскай. Чым мацней будзе Імперыя, тым менш шанцаў у рускіх вырвацца зь візантыйска-ардынскай парадыгмы. І, адпаведна, наадварот. Трэба зразумець: галоўны вораг рускіх сядзіць у іх саміх [і гэта ня мы сказалі – гэта сказаў рускі нацыяналіст Шырапаеў. – Рэд.]. Ён называецца “расейскі патрыятызм” [імперыялізм], які робіць іх марыянеткамі Імперыі. 

Добраахвотнікам, якія ірвуцца ў Паўднёвую Асецію, варта было б “астапруніцца”. Хопіць нам, рускім, удзелу ў чужых гульнях, прычым у ролі “пушачнага мяса”. Хопіць ратаваць рознамасных “братушак”, якія потым, як правіла, плацяць за гэта чорнай няўдзячнасьцю. Запытаемся, няўжо ратаваньне сербаў у 1914-м адпавядала сапраўды жыцьцёвым інтарэсам рускага народу? Не. Гэта Імперыя ў чарговы раз вызначыла рускія прыярытэты. У выніку мы ўступілі ў адзін з найбольш жахлівых этапаў сваёй імперскай гісторыі. Сёньня нашыя сілы, наш генафонд падарваныя настолькі, што часам задумваешся пра саму жыцьцяздольнасьць рускага народу.

Таму лепшы адказ Крамлю, які спрабуе ўцягнуць рускіх у чарговую “пераможную” вайну – ЗАСТАЦЦА “НА ПЯЧЫ”, а патрыятычных агітатараў паслаць на х*. Нам яшчэ спатрэбяцца сілы для Рэспублікі Залесьсе і Канфедэрацыі Русь. Бо калі “дзьвюхгаловая” ўлада і рашылася на такую небясьпечную авантуру, дык толькі таму, што Імперыя стаіць на парозе сістэмнага крызісу, які яна спрабуе адсунуць праз уздым ура-патрыятызму.

У перадсьмяротным адчаі Крэмль вырашыў разьвязаць вайну за аднаўленьне Савецкага Саюзу. Вось няхай і ваюе адзін. Дакладней, удвох [напэўна, маецца на ўвазе салодкая парачка Муцін-Пендэль… – Рэд.]

А нам, рускім, трэба захаваць энэргію для сваёй мірнай нацыянальна-вызвольнай, буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, а ня гніць у акопах чарговай імперыялістычнай вайны.

 

Аляксей Шырапаеў.

 

 

Ад рэдакцыі:

Вядома, гэта ня наша пазіцыя (аўтар карыстаецца прапагандысцкімі міфамі, не жадае паглыбляцца ў пытаньне, што зьяўленьне асецінаў на паўднёвым сьхіле каўказскага хрыбта – вынік расейскай імперскай палітыкі й г.д.), але пры гэтым можна прызнаць, што спадар Шырапаеў экзамен на званьне дэмакрата-маскоўца, у цэлым, вытрымаў. 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы