nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў. Працягваем зьбіраць яйкі (Частка 6)

жнівень 24, 2008 | 3 каментарыя

���� 7.JPG

Несумніўна, праявіў свае погляды ў дадзенай сітуацыі й расейскі афіцыйны бок. Для фіксацыі яго аргументаў мы абралі артыкул міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, які ён надрукаваў ва ўплывовай амерыканскай газеце “The Wall Street Journal” (падаецца паводле www.inosmi.ru/stories/06/06/13/3482/243413, арыгінал знайсьці не атрымалася).

Рэдакцыя.

 

АМЕРЫКА ПАВІННА ЗРАБІЦЬ ВЫБАР ПАМІЖ ГРУЗІЯЙ І РАСЕЯЙ

У некаторых краінах Захаду зь нядаўняга крызісу ў грузіна-паўднёваасецінскім канфліце малююць цалкам аднабаковы малюнак. Заявы афіцыйных амерыканскіх прадстаўнікоў ствараюць уражаньне, што крызіс пачаўся тады, калі Расея накіравала туды войскі на дапамогу сваім міратворцам [гэта сапраўды няверна, і грузіны толькі-толькі пачынаюць самі гэта ўсьведамляць; крызіс пачаўся тады, калі “Расея”, карыстаючыся прысутнасьцю сваіх войскаў пад выглядам “міратворцаў” у захопленым ёю самачабла (Паўднёвая Асеція), выкарыстала новую тэхналогію імперскай агрэсіі – пачала выдаваць пашпарты грамадзянаў РФ жыхарам Паўднёвай Асеціі, якая па міжнародных нормах зьяўляецца часткай тэрыторыі Грузіі… – Рэд.].

У гэтых заявах старанна замоўчваецца той факт, што Тбілісі вырашыў ноччу 8 жніўня выкарыстаць супраць Паўднёвай Асеціі (ПА) грубую ваенную сілу. Грузінская армія выкарыстала сістэмы залпавага агню, артылерыю і авіяцыю, нанесла ўдар па горадзе Цхінвалі, які спаў [калі б гэта сапраўды было так – непасрэдна па невялікім 30-тысячным горадзе, як сьцьвярджаюць расейская прапаганда, нанесьлі удар 26 “Градаў” – Цхінвалі не было б. – Рэд.].

Некаторыя сумленныя незалежныя аглядальнікі прызнаюць, што засьпетая зьнянацку Расея адказала не адразу. Мы пачалі прасоўваць нашы войскі на дапамогу міратворцам толькі на другі дзень бязьлітаснага ваеннага наступу Грузіі. Так, нашы ваенныя наносілі ўдары па аб’ектах за межамі ПА. Калі абстрэльваюць пазіцыі тваіх міратворцаў і грамадзянскае насельніцтва, якое гэтыя міратворцы пакліканы абараняць, сродкі, якія задзейнічаны для правядзеньня такога абстрэла, цалкам законна становяцца цэльлю для нанясеньня ўдара [сапраўды, шматсотгадовая імперыя можа знайсьці “аргументы” на любы свой агрэсіўны чын. – Рэд.].  

Нашы ваенныя дзейнічалі эфектыўна і прафесійна. Гэта была спраўная наземная аперацыя, якая хутка дасягнула сваіх вельмі ясных і цалкам легітымных цэляў [калі яна так хутка ўсяго дасягнула, чаму войскі ўжо больш за 2 тыдні знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі? – Рэд.]. Яна вельмі моцна адрозьнівалася, напрыклад, ад аперацыі ЗША/НАТА супраць Сербіі з-за Косава ў 1999 годзе. Тады кампанія авіяцыйных бамбардыроўшчыкаў, у якой закончыўся запас ваенных цэляў для зьнішчэньня, ператварылася ў серыю ўдараў па мастах, тэлевізійных станцыях, пасажырскіх цягніках ды іншых грамадзянскіх аб’ектах, адным зь якіх нават стала амбасада [Лаўроў напэўна не забыў, але робіць выгляд, што забыў: у гэты ж час расейская імперская ваенная армада са значна большай жорсткасьцю і на парадкі большымі ахвярамі сярод мірных жыхароў рабіла тое самае ў Чачні; тады імперцы апраўдваліся: гэта наша сувярэнная тэрыторыя; цяпер яны апраўдваюцца: асеціны – нашы грамадзяне… – Рэд.].  

У даным выпадку Расея выкарыстала сілу ў поўнай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права [няўжо так выглядае “міжнароднае права”? – Рэд.], сваім правам на самаабарону і сваімі абавязкамі ў рамках пагадненьня па гэтым канкрэтным канфлікце. Расея не магла дапусьціць, каб яе міратворцы назіралі за тым, як на іх вачах зьдзяйсьняюцца акты генацыду, як было ў 1995 годзе ў басьнійскім горадзе Срэбраніца [ужо вядома, што заходнікаў зацікавіла розьніца ў колькасьці забітых мірных жыхароў Цхінвалі: больш за 2000 чалавек па даных расейскага боку (і генацыд) і 44 чалавекі па даных аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыі; будзем сачыць за падезямі. – Рэд.].  

А якая ж была роля ЗША ў пачатку гэтага канфлікту? Каб у поўнай меры зразумець даны канфлікт, варта зьвярнуць увагу на ўзаемаадносіны ЗША з рэжымам у Тбілісі – як у мінулым, так і ў будучыні. Калі ўвесь час паўтараюць заклінаньне пра “грузінскую дэмакратычную дзяржаву”, ці значыць гэта, што па стандартах ЗША дэмакратычнай дзяржаве дазволена зьверскі распраўляцца зь мірным насельніцтвам, якое яна лічыць сваім уласным, толькі па той прычыне, што яна “дэмакратычная”?

Яшчэ адно рэальнае пытаньне – гэта ваеннае супрацоўніцтва ЗША з урадам прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Ці не наўмысна Вашынгтон падштурхоўваў неадказны і непрадказальны рэжым у гэтай няўдалай авантуры? Калі Злучаныя Штаты не маглі кантраляваць паводзіцы Тбілісі раней, чаму нехта ў ЗША сьпяшаецца пераўзброіць грузінскіх ваенных цяпер?

Расея наадварот: па-ранейшаму прыхільна справе мірнага вырашэньня праблем на Каўказе.

Мы па-ранейшаму будзем дамагацца пазбаўленьня грузінскага рэжыму патэнцыялу і рэсурсаў [адкрыта заяўлена аб працягу агрэсіі. – Рэд.], каб ён не нарабіў новых бедаў. Пачаткам у гэтай справе можа стаць увядзеньне эмбарга на пастаўкі зброі цяперашняму тбіліскаму рэжыму.

Мы даможамся рэалізацыі плана Мядзьведзева-Сарказі, які быў зацьверджаны ў Маскве 12 жніўня, пры ўмове, што бакі ў канфлікце будуць добрасумленна супрацоўнічаць [пазьней Расея ў ААН скандальна адмовілася галасаваць за гэты ж план; зламаўшы гэтае ж пагадненьне, Расея дасёньня ня вывела свае войскі; у расейскіх дыпламатаў, сапраўды, хлусьня – грунт дыпламатыі… – Рэд.]. Пакуль мы далёка ня ўпэўнены, што Тбілісі гатовы да гэтага. Прэзідэнт Саакашвілі па-ранейшаму спрабуе пераканаць сьвет, што сталіца ПА Цхінвалі была разбурана не ў выніку грузінскіх удараў, а расейскімі войскамі, якія, па яго словах, пачалі бамбіць горад, увайшоўшы ў яго [для таго, каб зноў захапіць яго. – Рэд.].

Расея настроена на працяг пазітыўнага разьвіцьця стасункаў з ЗША. Такая мэта закладзена Канцэпцыяй вонкавай палітыкі – рамачным дакументам, у якім выкладаюцца асноўныя кірункі расейскай вонкавай палітыкі, і які быў нядаўна зацьверджаны прэзідэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Тым ня менш, варта помніць, што як і адносіны паміж любымі іншымі буйнымі сусьветнымі дзяржавамі, нашы двухбаковыя стасункі могуць разьвівацца толькі на падставе ўзаемнасьці [імперцам цяжка зразумець, што двухбаковыя стасункі маюць шанец прагрэсіўна разьвівацца толькі на падставе ўзаемнасьці ды раўнапраўя зь любымі(!) народамі й іхнымі дзяржавамі. – Рэд.]. А менавіта гэтага ў апошнія 16 гадоў і не хапае. Менавіта гэта я меў на ўвазе, калі сказаў, што Злучаным Штатам прыйдзецца выбіраць паміж сваім віртуальным грузінскім праектам і нашмат больш шырокім партнэрствам з Расеяй.

Сімптомы сёньня злавесныя. Амерыканцы адмянілі шэраг сумесных ваенных вучэньняў. Сёньня Вашынгтон намякае, што караблі нашага ваенна-марскога флоту не павінны ўдзельнічаць у аперацыі Active Endeavour ў Сяродземным моры, мэта якой – барацьба з тэрарызмам і распаўсюдам зброі масаага зьнішчэньня. Вашынгтон таксама пагражае замарозіць наш двухбаковы дыялог па пытаньнях стратэгічнай стабільнасьці.

Вядома, гэты стратэгічны дыялог ня даў вялікіх вынікаў зь леташняй восені, у тым ліку ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны ЗША ва Усодняй Еўропе і будучыні рэжыму скарачэньня стратэгічных узбраеньняў. Але сама пагроза выкрэсьліць гэтыя праблемы з нашага двухбаковага парадку працы вельмі навочна паказвае кошт таго выбару, які робіцца ў Вашынгтоне на карысьць рэжыму Тбілісі, які дыскрэдытаваў сябе. Падобна, што ЗША вельмі жадаюць пакараць Расею, каб выратаваць рэпутацыю правальнага “дэмакратычнага” лідара [дзьвюкосьсі аўтарскія; нагадваем, каб не згубіць кантэкст: лідары Расеі а ні трохі ня больш “дэмакратычныя”… – Рэд.], зрабіўшы гэта на шкоду тых праблем, якія нашмат больш важкія для ўсяго сьвета.

Амерыканскаму боку вырашаць, ці хоча ён падтрымліваць з Расеяй такія ўзаемаадносіны, якіх заслугоўваюць нашы народы. Тая геапалітычная рэчаіснасьць, зь якой нам у выніку прыйдзецца мець справу, непазьбежна прымусіць нас супрацоўнічаць.

Каб пачаць такі рух на шляху супрацоўніцтва, было б някепска зрабіць вельмі простую справу. Уявіце сабе хаця б на секунду, што хада гісторыі не павінна цалкам залежаць ад таго, што кажа грузінскі прэзідэнт. Уявіце сабе, што дэмакратычна абраны лідар можа хлусіць [мы тут, у Беларусі, вось ужо 15-ы год гэта амаль кожны дзень “уяўляем” – “дэмакратычна абраны” стаўленік Расеі ў гэтым плане, напэўна, узор непераўзыдзены… – Рэд.].  Уявіце, што ў вас ёсьць іншыя крыніцы інфармацыі – й іншыя мэты [так цяпер выглядае адкрытая палітычна-карупцыйная прапанова. – Рэд.] – якія фармуюць вашую вонкавую палітыку.

 

Сяргей Лаўроў – міністар замежных спраў Расейскай Федэрацыі.

 

 

Ад рэдацыі:

Тое, што найбольш варта запомніць з гэтага артыкула – гэта сітуацыя выбару, перад якой расейская імпербюракратыя паставіла кіраўніцтва ЗША: “прыйдзецца выбіраць паміж сваім віртуальным грузінскім праектам і нашмат больш шырокім партнэрствам з Расеяй”.         

 

N.B.

У час выдаленьня спамавага сьмецьця, якое апошнім часам паступае ў вельмі вялікай колькасьці (да 1200 адзінак за суткі), выпадкова былі выдалены 7 апошніх каментароў. Калі хто можа, калі ласка, аднавіце свае думкі.

 

3 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Дадзены артыкул расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова быў разьмешчаны ў “Часопісе Сьцянное Вуліцы” 20 жніўня (http://online.wsj.com/article/SB121919150258855111.html?mod=googlenews_wsj).
    Яго тэкставая версія знаходзіцца тут (http://s.wsj.net/public/article_print/SB121919150258855111.html).
    ___
    “Пачаткам у гэтай справе можа стаць увядзеньне эмбарга на пастаўкі зброі цяперашняму тбіліскаму рэжыму.”
    Насамрэч пачаткам была пастаўка амерыканскай зброі расейскаму войску ў 2007 годзе.

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Таксама вартым ўвагі ўяўляецца артыкул “Расея жвава закупляе амерыканскую ваенную прадукцыю” (http://www.rnd.cnews.ru/army/news/top/index_science.shtml?2008/09/01/315590 або http://www.cnews.ru/news/top/print.shtml?2008/09/01/315590), дзе згадваецца пастаўка ў Расею амерыканскае зброі за 2007 фінансавы год коштам $40,7 мільёнаў.
    У той самы час пастаўка ў Грузію каштавала $25,1 мільёнаў.
    Але важка не сума грошай, а віды пастаўленае зброі, што атрымала з Амерыкі расейскае войска, але не атрымала грузінскае:
    1) ракеты,
    2) выбуховыя рэчывы,
    3) прылады кіраваньня агнём ды
    4) касьмічнае абсталяваньне падвойнага прызначэньня.

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Прашу яшчэ дадаць спасылку на крыніцу вестак пра дадзеную пастаўку, а менавіта на Даклад Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пра дазволы на наўпроставы збыт за мяжу (http://www.sipri.org/contents/armstrad/US_655_FY2007.pdf/download).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы