nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ян Максімюк пра 17 верасьня 1939 г.

Верасень 17, 2008 | 2 каментарыя

Паводле www.svaboda.org/content/Article/1200641.html

Максімюк.JPG

 

 

 

 

 

 

Набліжаецца час, калі мы будзем удакладняць наша стаўленьне да “польскага пытаньня”, неабходнасьць чаго апошнім часам справакавана польскімі імперыялістамі, а канкрэтна акцыяй “Карта паляка”. Будзе там і пра “нож у сьпіну”, і пра “ціхай сапай”, і пра шмат што іншае. Але сёньня 17 верасьня. З гэтай нагоды на сайце радыё “Свабода” зьявіўся дзіўны артыкул паважанага пана Яна Максімюка. Мы вырашылі яго падаць і трохі пракаментаваць – для затраўкі да будучай больш сур’ёзнай размовы…

Рэдакцыя.

Сярод розных відаў (не)справядлівасьці ў нашым жыцьці адным з найбольш цікавых ёсьць гэтак званая гістарычная (не)справядлівасьць. Я пішу „(не)справядлівасьць” наўмысна, бо наогул заўсёды аказваецца, што, як кажуць палякі, punkt widzenia zależy od punktu siedzenia. Тое, што адным бачыцца як гістарычная справядлівасьць, для іншых зьяўляецца акурат нечым супрацьлеглым — гістарычнай несправядлівасьцю.

Хрэстаматыйны прыклад такой гістарычнай дыхатаміі: узьяднаньне Заходняй Беларусі з Усходняй у 1939 годзе.

Наўрад ці знойдзецца нейкі беларускі гісторык, — ці то зь лягеру недабітых нацыяналістычных фундамэнталістаў, ці то зь нетраў афіцыйнай “панславісцкай” навукі (скажам, з Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту або Палескага ўнівэрсытэту) — які паставіў бы пад сумнеў гістарычную справядлівасьць узьяднаньня Беларусі пасьля ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 г.

Гістарычная справядлівасьць — сьляпая сіла. Яна не глядзіць, так бы мовіць, якімі інструмэнтамі карыстаецца. Беларусь узьядналася дзякуючы сакрэтнаму дадатку да пакту Рыбэнтропа-Молатава, які ўвесь цывілізаваны сьвет асудзіў як дыпляматычнае злачынства ўжо ого колькі гадоў таму. У вытокаў сёньняшняй еднасьці беларусаў (прынамсі, геаграфічнай) стаяць Гітлер і Сталін, якіх дабрачынцамі Беларусі ніяк не назавеш (а тут якраз — выпадала б). Бо гэта ж яны перакрэсьлілі гістарычна несправядлівы Рыскі трактат 1921 г., дзе бальшавікі з палякамі разарвалі беларусаў напалам, не пытаючыся іхнага меркаваньня.

Ну а што на гэты конт думаюць польскія гісторыкі? Няцяжка здагадацца: 17 верасьня 1939 — гэта дата вераломнага нападу СССР на Польшчу; нож у сьпіну, убіты саветамі якраз тады, калі палякі адбіваліся ад гітлераўскай навалы. Якое ўжо тут аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці для беларусаў, калі Польшча, з прычыны гэтага аднаўленьня, зьнікла з мапы Эўропы на пяць гадоў, а потым яшчэ на 45 гадоў стала савецкім сатэлітам?

Але пра гэтую дыхатамію я ўжо амаль ня думаю. А вось у апошнія гады, калі спахаплюся, што сёньня якраз 17 верасьня, мне заўсёды згадваецца адна гісторыя, якую я пачуў недзе 18-19 гадоў таму, як толькі стаў працаваць журналістам у беластоцкай „Ніве”. Здаецца, мне расказаў яе настаўнік зь вёскі Коматаўцы ў Гарадоцкай гміне на Беласточчыне.

У 1944 годзе, калі саветы пагналі немцаў назад і вярнуліся на Беласточчыну, агульнапалітычная сытуацыя не была ясная. Наш беларускі люд доўгі час ня быў упэўнены, дзе ён зноў апынуўся — у Савецкім Саюзе? у Польшчы? Але спакваля пачало праясьняцца, калі савецкія салдаты пачалі ставіць памежныя слупы.

Малым Азяранам (беларускай праваслаўнай вёсцы на мяжы Крынкаўскай і Гарадоцкай гмінаў) пачаткова не пашанцавала. Саветы пачалі ставіць свае слупы на захад ад вёскі. Што зробіш, сьляпая гістарычная (не)справядлівасьць.

Але потым нешта камусьці адмянілася, і слупы пачалі ставіць з усходняга боку Малых Азяранаў. Дзядзькі і цёткі ў вёсцы ледзь не пашалелі ад радасьці. Застаюцца ў Польшчы! Уздумалі былі зрабіць талакоўскае выпіваньне і ўсё такое, але аднаго дня з найбліжэйшага савецкага калгасу прыехаў „прэдсядацель” і заявіў, што, маўляў, заўтра прыедуць грузавікі, каб забраць увесь дабытак і хатні скарб азяранцаў ды іх саміх і перавезьці ўсё ў СССР. Яны ж свае, так ці не? Навошта ім заставацца ў „не сваёй” Польшчы?

Далёка за поўнач уся вёска вечавала і мазгавала, што рабіць. Урэшце пастанавілі: усе мужчыны на дасьвецьці ўцякуць у заходні бок і схаваюцца ў лесе, а ўсе жанчыны і дзеці покатам лягуць на дарогу з усходняга боку і перакрыюць рух калгасным грузавікам. Разьлік быў такі: на якія зьверствы саветы ні былі б здольныя ад прыроды, дык, можа, пасаромеюцца давіць грузавікамі жанчын і дзяцей удзень, і то пасьля вайны.

Як пастанавілі, так і зрабілі. І ўдалося. Вёска Малыя Азяраны і па сёньняшні дзень стаіць на нашым, беластоцкім баку, і ў ёй жывуць азяранцы. Кожны можа пераканацца ў гэтым сам, набраўшы ў Google Maps “Ozierany Małe Poland”.

Ад рэдакцыі:

Пан Ян, без сумневу, разумны чалавек і напэўна разумее, што такое тэкст, і што такое кантэкст. З тэкстам у яго ўсё выглядае добра. Паліткарэктны ён атрымаўся – і нашым, і вашым. І, здаецца, прыводзяцца толькі факты. Няма там ніякай ідэалогіі, ніякай пазіцыі, ніякіх прынцыпаў і, ня дай бог, нікага “punktu siedzenia”…

Толькі вось ёсьць іншая рэч – кантэкст. Зь яго вынікае, што ёсьць “наш беластоцкі бок” і, адпаведна, ня наш – беларускі; аказваецца, беларускія дзядзькі і цёткі “ледзь не пашалелі ад радасьці, што застаюцца ў Польшчы!”, а ня будуць разам жыць са сваім беларускім народам.

Усім вядома, што радаваліся яны таму, што ня будуць жыць “за саветамі”, з гэтымі ўсімі КПСС, НКВД, калгасамі, абкамамі, выканкамамі й г.д. Але з тэксту пана Яна гэта не вынікае. З кантэксту ж вынікае, што радаваліся яны нібы таму, што будуць жыць не са сваім беларускім народам, а з… польскім.

У норме самы час казаць пра (не)здрадніка свайго народу пана Яна Максімюка, які (не)зразумела чаму працуе на радыё “СвАбода”, ці пытацца пра сёньняшні курс “30 срэбранікаў” у злотых. Але ня будзем. На ўсялякі выпадак, бо кантэкст – справа тонкая, і, магчыма, мы тое-сёе не зразумелі. Лепш наўзамен за гэта, чыста канкрэтна, нават ардынарна, патлумачым, як бачацца нам пэўныя рэчы, зьвязаныя з датай 17 верасьня, каб людзі не маглі сказаць, што яны нешта не зразумелі.

1. Пакт Гітлера-Сталіна (які наўмысна зманліва часта завецца пактам Молатава-Рыбентропа) – рэч кепская, як і яны самі.

2. Але ж гэты пакт – рэч абсалютна зьмястоўна не зьвязаная зь іншым пытаньнем – узаемаадносінамі паміж беларуска-літвінскім і польскім народамі, а больш дакладна – з тэрытарыяльным асьпектам гэтага пытаньня.

3. Камуністычная ўлада, якая ў свой час душыла наш беларуска-літвінскі народ, а разам зь ім і шматлікія іншыя народы, ня лепш за папярэдні царызм. Як і сёньняшні Лукашызм шмат у чым ня лепш за свае абодва папярэднікі.

4. Але камуністычная, царская, лукашыцкая ўлада ня маюць ніякага дачыненьня да генетычных, культурных ды іншых уласьцівасьцяў нашага беларускага народу, якія ня ёсьць горшымі за аналігічныя ўласьцівасьці народу польскага.

5. Напад Сталіна “на Польшчу” ў 1939 годзе – гэта быў напад не на дзяржаву польскага народу, а на польскую імперыю, якая перад гэтым (у 1920 г.) з дапамогай Леніна нахабна адцяпала ў нашага беларускага народу значную частку яго тэрыторыі, не пытаючыся ў яго ніякага дазволу (рэферэндумаў не было). Усё рабілася ў тыповым імперскім стылі за сьпіной беларускага народу – адзінага законнага гаспадара гэтых земляў. Адсюль вяртаньне беларускаму народу часткі той тэрыторыя, якая да таго гвалтам была ў яго забраная, нягледзячы на асобныя гістарычныя абставіны – гэта абсалютна станоўчая зьява. Прычым, ня толькі з беларускіх пазіцый, але і з агульна-гуманістычных.

6. Пытаньне пра выбар паміж знаходжаньнем беларускага народу ў расейскай імперыі ці ў імперыі польскай (маўляў, дзе яму лепш) ёсьць сама меней некарэктным. Такое пытаньне ставіцца ў сувязі з тым, што ў 1939 годзе Заходняя Беларусь адну імперыю памяняла на іншую. Мы такі “выбар” (які звычайна накідваецца нам праз кантэкст) ігнаруем, а больш груба – пасылаем далёка. Беларускі народ павінен жыць у сваёй дэмакратычнай дзяржаве, а тэрыторыя гэтай дзяржавы павінна супадаць зь яго этнічнай тэрыторыяй. Гэта здаровая норма. Мы будзем яе дамагацца. Усім іншым раім толькі на яе і арыентавацца…

7. У 1944 годзе беларуская тэрыторыя на захадзе была вернутая нашаму народу ня ўся. Палякі ня любяць узгадваць, як яны, кіруючыся ўласнай сквапнасьцю, выклянчылі беларускую Беласточчыну ва ўсё таго ж крывавага Сталіна (на малюнку ўверсе гэтая тэрыторыя паказана жоўтым колерам), якога яны ж і праклінаюць… Гэты факт яшчэ больш агідлівы, чым пакт Гітлера-Сталіна, да якога, нагадваем, беларусы ня маюць ніякага дачыненьня. Нягледзячы на ўсю непрыемнасьць, мы гэты факт узгадваць будзем. Больш за тое, мы будзем патрабаваць вярнуць нам нашы “Заходнія крэсы”. Адпаведны прынцып Беларускай дактрыны мы сфармулявалі… Тут лозунг такі: тое, што злачынна выкрадзена ці зрабавана, павінна быць вернута законнаму ўладарніку! Гэта адзіны спосаб прыбраць тэрытарыяльную “міну”, закладзеную ў адносіны паміж беларускім і польскім народамі ў 1944 годзе сумеснымі дзеяньнямі польскіх і расейскіх імперцаў, і вярнуць нашы адносіны ў здаровае рэчышча. Аб’ектыўная ісьціна існуе. Яна адзіная і не залежыць ні ад месца сядзеньня, ні ад пункту назіраньня.

8. Стогны палякаў накшталт таго, што, маўляў, бачыце, як кепска зрабіў Сталін у 1939 годзе, калі “напаў на Польшчу”, анічога ня вартыя на фоне на парадкі большых злачынстваў польскіх імперцаў у адносінах да беларусаў. Хто забыў, нагадваем: гаворка пра этнацыд і паланізацыю беларусаў у Рэчы Паспалітай (праз акаталічваньне і апалячваньне); пра гвалтоўны захоп значнай часткі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920 годзе з наступнымі, да 1939 году, этнацыдам і апалячваньнем; пра злачынную дзейнасьць Арміі краёвай супраць беларускага народу ў час Другой сусьветнай вайны; пра этнацыд і апалячваньне беларусаў, якія засталіся ў Польшчы, на тэрыторыі Беласточчыны, пасьля 1944 года (гэтае злачынства працягваецца і сёньня); пра паланізатарскую дзейнасьць касьцёлу ў БССР і ў сёньняшняй РБ, скіраваную на падтрыманьне прапольскага міфа сярод часткі беларускага насельніцтва; пра сёньняшнюю інгерэнцыю ў беларускія справы ў выглядзе акцыі, якая вось ужо паўгады разгортваецца ў Беларусі і завецца “Карта паляка”; і г.д., і да т.п.

9. Так, беларускі народ сёньня надзвычай аслаблены. На нас 15-ы год дэструктыўна ўзьдзейнічае беларусафобскі рэжым Лукашэнкі, які наўмысна накінуты Масквой і падтрымліваецца ёю. Перад гэтым было 70 гадоў крывавага бальшавіцкага месіва, а перад гэтым 120 гадоў царскага імперыялізму. І ніякага прасьвету. Асноўная прычына трагізму беларускай гісторыі апошніх стагоддзяў відавочная для любога сумленнага чалавека (дадатковая прычына пададзена ў папярэднім пункце) – мы знаходзімся геаграфічна бліжэй за ўсе іншыя народы, якія маюць свае дзяржавы, да імперскага цэнтра – Масквы. Іншыя знаходзяцца альбо ў яшчэ горшых умовах, альбо схаваліся за нашымі сьпінамі… Першыя зь пералічаных нас разумеюць, спачуваюць і маўчаць. А вось другія – бывае, нешта вякаюць пра “непаўнавартасных беларусаў”, якія “не змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі”, “ня цэняць сваю свабоду, дэмакратыю, уласную дзяржаўнасьць”. Калі так лічаць і кажуць дурні, якія ня ведаюць сапраўднага жыцьця, выпаўшы зь гістарычнага кантэксту і схаваўшыся за сьпінамі беларусаў ды ў НАТА, гэта зразумець можна. Дурні, ворагі. Што зь іх узяць? Яны такія ёсьць і яшчэ доўга будуць. Але калі так думае прадстаўнік беларускага народу ды яшчэ ў СМІ пачынае рабіць нейкія намёкі – не, гэта зразумець нельга. Гэтая зьява ўжо праходзіць па іншай катэгорыі. Для такіх сітуацый у нас ёсьць прынцып Пераможнай дактрыны, які гучыць так: “Здраднік горш за ворага!”.

Усяго лепшага, сябры. Не сумнявайцеся, наша перамога будзе за намі!

2 каментарыя

  1. Паважанае спадарства, учора ў дадатак да гэтага артыкулу я паглядзела на “Белсаце” інтэр’ўю з жанчынай сталага узросту, якая сказала, што палякі лічылі палешукоў за дурных, нікчэмных людзей, мне стала вельмі не прыемна. У тым што нашы суседзі з такой не павагай да нас адносяцца, мы павінны самі і ў першую чаргу, наша улада. Але ўсе разам мы зможам пераламіць сітуацыю.

  2. Tayler кажа:

    Классная статья – спасибо!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы