Яўген Мурашка
Чалавеку майго ўзросту вядома, што такое “шэсць сотак”. Дзяржава праявіла “клопат” пра нас, грамадзян, і дала нам кавалак зямлі, прытым не самы лепшы, каб мы мелі магчымасць неяк выжыць, бо яна не ў стане была гарантаваць нам нармалёвы жыццёвы ўзровень [5-6 сотак пачалі даваць у канцы 1960-х; галоўная задача “дзяржавы” была ў тым, каб расьцярушыць людзей на мясцовасьці, ня даць гуртавацца, стварыць ім клопат, адуважыць ад грамадскіх падзей і ацэнак. – Рэд.].
Нібы для здзеку, гэтай зямлі далі назоў “лецішча”, бо гэта азначала, што мы тут будзем адпачываць, нюхаць кветкі і піць каву. Ёсць зямля, а больш нічога. І тут ўжо пачынаецца самае цікавае. Ані табе гною (прызыдэнт забараніў калгасам яго прадаваць), ані дошак, ані цвікоў, каб паставіць нейкую халабуду. Круціся, як хочаш. Ну, і круціліся. Мне, відаць, пашанцавала, бо ўзяў жонку з лецішчам, на якім стаяў амаль што дом. Карацей кажучы, было дзе хавацца ад дажджу і нават начаваць.
Шмат каму вядомае гэтае “блуканне па пакутах”: што, дзе, калі і за колькі? Мы з гэтага пераліку ведалі толькі адно “што”, а вось “дзе”, “калі” і “за колькі” – было нам невядома. Гэта ведаў толькі адзін чалавек – таварыш Лукашэнка [а да яго цэлы шэраг “генеральных сакратароў”. – Рэд.]. Майстар на ўсе рукі. Ён і бульбу дапамагае перабіраць сялянам (“буйная” – “дробная”), ён і арэ, і сее, і жне, і малоціць (толькі больш языком), і пад танкі кідаецца. Карацей кажучы, ён здольны на ўсё. А паколькі ён у нас “месія”, дык да яго не дагукаешся, не дагрукаешся, бо сядзіць – высока, бачыць – далёка. Як і належыць Богу, пасвіць сваіх авечак. Вось на іх сотках і тырчэлі, як каменыя ідалы на выспе Пасхі, прыбіральні ці чыгуначныя кантэйнеры ды кузавы тралейбусаў, прыстасаваныя пад жытло. “Голь на выдумки хитра”.
Тым ня менш, людзі, паціху, вырашалі свае праблемы. Ну, вось і мая сям’я, як магла, набывала тое-сёе. Вядома, што праца на зямлі вельмі цяжкая, тым больш, што у цябе няма аніякай тэхнікі акрамя цяпкі ды рыдлёўкі. Якая там тэхніка, калі палову тваёй зямлі займае жытло, а на астатнюю плошчу “Беларуса” не загоніш. Вось шчыравалі ўсёй сям’ёй з рыдлёўкамі: бяры – паболей, кідай – падалей. Адпачывай – пакуль ляціць. Каб так працаваць, трэба было есці “сала з салам”. А дзе яго назапасішся пры тых заробках? Таму з вясны да восені амаль ўсе хадзілі тонкія, звонкія і празрыстыя.
Аднойчы набылі танны мотаблок. Меркавалі: ну, вось, будзе чым араць сваю землю. Набягуць суседзі, будзем кожную вясну зарабляць грошы на іх сядзібах – азалоцімся! Аднак наш мотаблок “Красный пролетарий” з Санкт-Пецярбургу праз нейкі час адмовіўся працаваць не тое што на суседзяў, а і на сваіх гаспадароў. Тут няма нічога дзіўнага, ён жа з калыскі “пралетарскай рэвалюцыі”, яму вядомы словы “Інтэрнацыянала”: “Весь мир насилья мы разрушим…”. Далей па тэксце.
Гэта была ўжо рэвалюцыя. Відаць, наш “пралетарый” паўстаў супраць эксплуатацыі.
Мы вырашылі прыдушыць гэтую рэвалюцыю ў першай стадыі, бо камуністычная ідэя магла перакінуцца на іншыя сядзібы нашага садовага кааператыву, дзе пачалі з’яўляцца нейкія механічныя прылады, і ўвогуле, магла пашырыцца далёка за яго межы. На паседжанні СБ нашага лецішча была прынята пастанова – разабрацца з гэтым дысідэнтам. Я ўзяў інструмэнт і разабраў яго на часткі. Колы закінуў на гарышча, матор ў хлеў. З крамолай было скончана. Ну, а як наконт сала? Вядома, хацець не шкодна, а практычна. Але дзе трымаць “свінячую персону”, чым карміць амаль што год? Таму мы вырашылі, як казаў таварыш Ленін, “пайсці іншым шляхам…”.
Гэты шлях палягаў на наступным. Вырашылі заняцца гадаваннем курэй. З боку хлява прыляпілі, накшталт прагулачнай пляцоўкі ў СІза, невялікі вальер памерам 2 x 3 м. Зацягнулі панцырнай сеткай. Потым набылі невялікую колькасць квактух і пеўня. Ён атрымаў пасведчанне, як галава сям’і, на імя Хвёдара. Зразумела, што выбары мы не праводзілі. Тым не менш, ён лічыўся легітымным кіраўніком суполкі. Наша жыццё палепшылася, пачалі есці “яйкі з яйкамі”. Вядома, куры праяўлялі незадаволенасць умовамі ўтрымання пад вартай. Але куды іх пусціш? У гарод, каб яны усё там пералапацілі лапамі? Я іх разумеў, бо умовы утрымання былі прыкладна як на Акрэсціна ці Валадарцы.
Дарэчы, у кааператыве трымалі курэй не толькі мы, яны былі шмат ў каго. У некаторых умовы ўтрымання былі нашмат лепей, чым у нас. Да таго ж і пароды іншыя – “леггорны” з Італіі, “карнуэльскія” з Вялікай Брытаніі. Вальеры і хлеўчыкі нашмат шырэй, таму і незадаволеных амаль што не было.
Так працягвалася дзесці з год. Амаль да Новага году я ездзіў цягніком на лецішча, вазіў корм. Засыпаў ў кармушку, назапашваў вады на тыдзень. Аднак ездзіць было не вельмі танна, таму пачалі з курэй варыць суп. Звялі амаль што ўсіх, пакінулі толькі адну чорную, якая праявіла схільнасць выседжваць куранят.
Бліжэй да вясны набылі з паўсотні куранят з бройлернай фабрыкі. На балконе я насыпаў тырсы і размясціў іх там разам з чарнухай. Цікава было назіраць, як яны, прызнаўшы яе за маці, усім гуртом хаваліся ў яе пад крыламі. А яна, як клапатлівая матуля, разгортвала сваі крылы, нібы ТУ-154, каб прыкрыць ўсіх.
Але ёсьць прымаўка – “Маленькія дзеткі – маленькія бедкі.” Так было і ў нас. Пакуль кураняты былі маленькія, з імі было не вельмі клопатна. Калі ж навесну я завёз куранят на лецішча, там з паўсотні выжылі толькі дзесяткі два. Каго квактуха прыдушыла, хто загінуў пры невядомых акалічнасцях. Аднак і з тымі, хто застаўся, мне хапіла па самае “не магу”. Калі б я пра ўсё ведаў заранёў, я б з іх умомант зрабіў “цыплёнкаў-табака”.
Трэба сказаць, што кураняты аказаліся розных парод. Адныя з “маскоўскай” – гэта яйканосная парода, певень важыць 3-3,5 кг, курыца 2-2,3 кг. Яек нясуць да 250 за год. Іншыя ўвогуле невядома адкуль – з дзіцячага дому. Пачалі яны патроху абжывацца. Увесну, пакуль ішла падрыхтоўка глебы, яны пад наглядам чарнухі вольна перасоўваліся па лецішчы. Калі пачалася пасяўная, давялося іх пасадзіць пад замок. Вось тут і пачалося.
Як я ўжо казаў, вальер быў невялікі, хлеўчык і таго менш, седала было кароткае і сядзелі на ім толькі “абраныя”. Кармы былі не вельмі разнастайныя. Кураняты пачалі мітынгаваць, высоўваць мне розныя патрабаванні. Накшталт “Свабоду палітзняволеным”, “За годныя умовы утрымання”, “Супраць адмены ільгот”, “Луку – на кармавую муку”. Відаць, мелі на ўвазе мяне. Пачалі ладзіць ўсялякія маршы, сацыяльныя, эўрапейскія. Я разумеў, адкуль вецер вее. Крамола пайшла менавіта з суседніх вальераў, дзе італьянскія леггорны ды ангельскія карнуэлы ўтрымліваліся і харчаваліся ў разы лепей, чым яны.
Вядома, я не мог дапусціць каб “Захад” уплываў на настроі маіх падуладных. Тым не менш, яны пачалі гуртавацца ў нейкія суполкі. Бачу – то там збярэцца купка, то тут мітынгуюць, абіраюць сабе адзінага кіраўніка. Аднойчы нейкае лысаватае кураня з прарасейскай пароды, якое недзе згубіла свой грэбень, праз дзірку ў вальеры – гэта я не дагледзеў – павеў нейкую частку актывістаў на волю. Праўда, я іх перахапіў, а зачыншчыка пасадзіў на 5,5 сутак асобна, каб не баламуціў грамадства. Тут астатнія паднялі гвалт “Свабоду правадыру!”. Потым суцішыліся, а тая купка, пакуль кіраўнік сядзеў, абрала сабе іншага, а зняволенага абвясцілі “ганаровым”.
Было відавочна, што нельга дазволіць грамадзе гуртавацца ў адно цэлае, бо гэта небяспечна, таму пачаў весці іншую палітыку. Вылаўлю на дзялянцы мядведку ці чарвяка і частую то аднаго, то іншага. Астатнія кідаюцца адбіраць. Перасварацца за “гранты”, а мне таго і трэба, бо так спакайней. Спачатку кураняты былі аднолькавыя, потым гляджу, што сярод іх выразна сталі праяўляцца пеўні. Пачалі яны барацьбу за уплыў у грамадстве. На адным “кангрэсе” ўтварылі нешта накшталт палітрады, дзе па чарзе выступалі ў якасці галоўных пеўняў. Цікава было назіраць за імі.
Увогуле, дзеянні нашых братоў меншых, калі стала за імі сачыць, нагадваюць нас, людзей.
Вядома, я не мог не улічваць настрой тых, хто нясе мне яйкі. Трэба было зрабіць выгляд нейкага паслаблення для іх. Бо з боку заходніх курэй пачалі ўзнікаць патрабаванні, а мяне абазвалі апошнім дыктатарам садовага таварыства. Таму я абвясціў, што яны могуць удзельнічаць у грамадскім жыцці, самастойна абіраць тых, хто будзе сядзець зверху над імі, мяркуючы, што ўсё роўна я буду вырашаць, каму дзе сядзець. Тут яны забыліся і пра ільготы, і пра умовы ўтрымання і, нават калі на суседні курнік здзейсніўся напад тхароў, гэтая падзея ніяк не паўплывала на іх. Усе яны захапіліся гульнёй ў нейкія выбары. Праўда, я выпусціў таго лысага пеўня датэрмінова і разам з ім і яшчэ некаторых.
Тут былі высунутыя новыя патрабаванні. Патрабуюць даць ім магчымасць выступіць ў суседніх курніках, каб распавесці аб тым, як ім кепска жыць з такім гаспадаром. І холадна ім, і голадна, і цесна, і пратэсту нельга выказаць. Вядома, сярод іх былі і такія, што разумелі маю гульню, таму трымаліся асобна ад гэтых “актывістаў”. З іх боку можна было чуць заклік да байкоту. Маўляў, ўсё роўна гаспадар зробіць так, як лічыць неабходным – чарвякоў і мядведак будзе даваць таму, каму захоча. Аднак такіх было меней. Астатнія, хаця і разумелі гэта, казалі, што пойдуць далей, пакуль стане невыносна.
Ужо пад восень я зноў усіх курэй выпусціў ў гарод, бо там ўжо ўсё было прыбрана. Хаця тын лецішча быў шчыльны, як мяжа, тым не менш, пачалі яны шастаць – хто да ляггорнаў з карнуэламі, хто да маскоўцаў. І як вынік, пачалі яны зноў сварыцца паміж сабой. Адныя за эўрапейскія камбікармы, іншыя за расейскае проса, за нейкі саюз ці перасяленьне ў суседні вялікі курнік.
Выбары выбарамі, а жыцьцё патрабуе свайго. Тут на гародзе можна было назіраць, як які-небудзь певень уключыць пятую хуткасць – і за квактухай, а тая, з лямантам, уцякаць. Бывала, што і дагоніць і патопча яе. А іншы раз бяжыць, потым спыніца, пракукарэкае, пагойсае крыламі паветра і пойдзе назад. Калі яго запытаць, аб чым ён думае, чаму не пабег, каб дагнаць, ён адкажа:
– Галоўнае не перамога, а удзел. Да таго ж цяпер восень – не даганю, дык пагрэюся. Акрамя таго, натуральны “алімпіец” можа трапіць праз чатыры гады ў Лёндан, калі спазніўся ў Пекін.
Вам нічога не нагадвае гэты сюжэт?
Дык аб чым думае певень? Дакладна на гэтае пытанне вам адкажуць лідары АДС, якім трэба адпрацоўваць камбікармы.
Яўген Мурашка, 25.08.2008 г.
Калі б не сустрэў дадзены артыкул, дагэтуль памылкова б лічыў, што трапней за Лёліка Вушкіна з Нашае Нівы ніхто байкаю ні скажа.