nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Прымак” ды іншыя маркеры беларускага нацыянальнага ў сьвятле збоку

25 кастрычніка, 2008 | Каментары (1)

Яўген Бяласін

ФаÑ�Ñ�зм.JPG 

Фрагмэнты* прадмовы да перакладу “Гісторыі аднаго немца” Сэбасьцьяна Хафнэра** (ілюстрацыя да артыкула: Магнус Цэльлер. Гітлераўская дзяржава. Алей на холсьце, 193839).

 

Фашызм як візітоўка

Калі я вучыўся ў інстытуце замежных моў, то, натуральна, цікавіўся ня толькі граматыкай нямецкай мовы. Мне надта карцела даведацца, як гэта цэлы народ падлёг дыктату купкі фашыстоўскіх нелюдзяў. Не сказаць, што гэта было першае пытаньне, якое я задаў носьбітам нямецкай мовы пасьля таго, як адчуў сябе ў гэтай мове больш-менш пэўна, і калі выпала нейкая магчымасьць кантакту. Бо зразумела, што для немцаў гэтае пытаньне не з прыемных. Таму заўсёды даводзілася неяк рыхтаваць глебу, і яно гучала толькі апасьля і пры ўмове, што ўстанавіўся нейкі давер. Але ні разу ніхто пераканаўча ня змог мне давесьці, як гэта? Ні немцы з пракамуністычнай ГДР, якія ва ўнісон з нашым эсэсэрам будавалі нібыта нейкую дзяржаву-антыпод Трэцяга Райху, ні немцы-заходнікі, якіх савецкія байцы ідэалагічнага фронту якраз і вінавацілі ў нераскаянасьці ды сымпатыях да нядаўняга нацыстоўскага мінулага. Адзін толькі “осі”, якога, як я цяпер разумею, аж расьпірала ад жаданьня перамен, падараваў кнігу доктара філалогіі Курта Тухольскі, жарснага левага і бліскучага стыліста, ды заклікаў да крытычнасьці. За кніжку тую я мусіў трымаць справаздачу ў КДБ, але яе не забралі. Праўда, і адказу я там (у кніжцы) не атрымаў. Бо што фашызм гэта блага – гэта ж не адказ на пытаньне, чаму так сталася, што ён стаў візытоўкай краіны.

І вось праз трыццаць гадоў давялося прачытаць версію Сэбасьцьяна Хафнэра. Гэтаксама як і Тухольскі, немец Хафнэр эміграваў з фашыстоўскай Германіі, хоць і ня быў перасьледаваны  паводле прыкметы нацыянальнасьці, як Тухольскі, і кніжкі яго не былі спаленыя нацыстамі – ён іх проста яшчэ не напісаў, бо быў занадта малады. У адрозьненьне ад Тухольскі, Хафнэр не забраў сабе ў роспачы ад посьпехаў нацы жыцьцё на чужыне, а датрымаў страшэнны маральны ўдар і зрабіў свой унёсак у паразу гітлераўцаў.

Версія Хафнэра пераканаўчая, і застаецца адно шкадаваць, што яна не дайшла ў свой час ні да маіх суразмоўцаў, ні да мяне і, зразумела, мільёнаў цікаўных, хаця напісаная была яшчэ да Другой сусьветнай вайны! Разважыўшы, дык да мяне дайсьці ў гэтага твора не было шанцаў, нават калі б яго манускрыпт адразу ператварыўся ў кнігу: для савецкай рэчабыльнасьці Хафнэр занадта непаліткарэктны аўтар, бо пазыцыянуе сябе ў сацыяльным спектры справа. Гэтая развага вельмі інфарматыўная, але чаму ж тады невядомы быў на савецкіх (і, без сумніву, на нямецкіх) абшарах, скажам, камуніст Вільгельм Райх, вучань Фройда, аўтар дасьледаваньня “Масавая псіхалогія фашызму”, надрукаванага па-нямецку яшчэ ў 1933 годзе?

Для лепшага разуменьня дадам пару штрыхоў біяграфіі Хафнэра.

Сэбасьцьян Хафнэр, 1907 – 1999, доктар юрыспрудэнцыі, эміграваў у 1938 годзе ў Англію і працаваў журналістам для “Абзэрвэра” (“Observer” – назіральнік (англ.) – Я.Б.). У 1954 годзе ён вярнуўся у Германію, пісаў для “Die Welt”, потым  для “Stern”(“Сьвет” ды “Зорка” – шматнакладавыя аналітычныя часопісы – Я.Б.). Ён зьяўляецца аўтарам шэрагу гістарычных бэстсэлераў, сярод іх “Уінстан Чэрчыль” (Winston Churchill) –1967 г., “Што да Гітлера…”(Anmerkungen zu Hitler) – 1979 г., “Гістарычныя варыяцыі” (“ Historische Variationen” – 1985 г., “Ад Бісмарка да Гітлера” (“Von Bismarck zu Hitler”) – 1987 г..

А вось што піша пра сябе сам Хафнэр:

“Я на пачатку 1933 года быў маладым чалавекам 25 гадоў, быў добра наеты, добра апрануты, добра выхаваны, прыязны, карэктны, ужо крыху пацёрты і адпрасаваны, па-за разбэрсанай зялёнай студэнцкасьцю, але ўсур’ёз яшчэ ня выпрабаваны сярэдні прадукт нямецкага буржуазнага адукацыйнага слою ў цэлым, а ў пазасталым  даволі няпісаны аркуш”.

Да гэтага дадам толькі, што яму ў эміграцыі давялося хлебануць цераз край нястачаў. Давялося проста-такі выжываць. На тады любыя немцы аўтаматычна выклікалі ў вялікай колькасьці людзей агрэсіўнае непрыняцьце. Чужая краіна, часта варожая, чужая мова… .

Ня дзіўна, што ягонае апісаньне станаўленьня фашызму ў Германіі выйшла досыць выпадкова. Так, паводле сьведчаньня спадкаемцаў Хафнэра, якія пасьмяротна выдавалі ягоную “Гісторыю…”, два фрагмэнты рукапісу былі знойдзеныя выпадкова пры парадкаваньні архіву адно ў 2000 годзе і давялі стан рукапіса да “завершанасьці, якая была ўжо ў 1939 годзе, калі ў ім была пастаўленая кропка.”

 

Гіены ня любяць дыскрымінацыі ў праве на мяса

Паказальна, што адказ на гэтае чарговае пытаньне ляжыць зноў-такі па-за савецкай традыцыяй. Швондзеры гэта ворагі глыбокага, шматбаковага аналізу, больш за тое, любы рух ratio для іх ня проста шкодны – ён сьмяротны. Для архетыпна роднасных ім Шарыкавых зьмястоўнымі і характарыстычнымі рысамі зьяўляюцца агрэсія і скіраванасьць на ўдушэньне аб’ектаў гэтай агрэсіі, спалучаныя зь лісьлівасьцю да таго, хто можа забясьпечыць кар’еру. Афармаляецца агрэсія Шарыкавых у татальны брэх.  Гэтаксама і Швондзераў выдаюць фармальна схільнасьць да агульных пустых фразаў-муляжоў і зьмястоўна хай сабе іншага віду, але агрэсія, скіраваная выключна на сьцьверджаньне свайго татальнага дамінаваньня.

З гэтай прычыны любая спроба мысьліць крытычна, разважаць і ў спрэчках ды аналізе шукаць ісьціну ў Швондзераў за-ба-ро-не-ны-я.

Таму мне прыемна, што насуперак таталітарнай традыцыі да беларускага чытача прыйдзе*** гэты вось крытычны, вельмі асабісты, шчыры і актуальны для нас твор маладога на той час Хафнэра (так і не рэдагаваны больш ніколі аўтарам), што гэты фактычна дакумэнт часу трапіць да свайго чытача і прачыніць яму дзьверы да таямніцаў жыцьця соцыўму.

 

Хафнэр як нямецкі Караткевіч

Мастацкі тэкст дае магчымасьць чытачу “беспакарана” пражыць жыцьці тых герояў, з кім ён сябе ідэнтыфікуе альбо ў каго здольны “ўжыцца”. Твор Хафнэра мастацкі, але яшчэ больш ён гістарычны і дае магчымасьць суперажыць лёс цэлага народу. Падыход Хафнэра мае паралелі з метадам Караткевіча, які найперш у “Каласах пад сярпом тваім”  на прыкладзе канкрэтных асобаў, зрабіўшы стаўку на рамантызм,  хацеў паказаць гістарычныя лёсы Бацькаўшчыны. Ладная розьніца палягае адно што ў рознай функцыянальнасьці, канцэнтрацыі ды афарбоўцы рамантызму і адрознай лакалізацыі аўтара пры ажыцьцяўленьні гістарычнай рэтраспэктывы: Хафнэр-эмігрант разглядае падзеі пасьля пералому-катастрофы, і бачаньне ягонае эклектычнае: у грунце сваім песымістычнае, рамантычнае толькі на роўні “ён – яна”, прытым што ён гэта ніхто іншы, як сам аўтар, бо ягоны твор гэта разгорнутая аўтабіяграфія; Караткевіч, у вялікай ступені “ўнутраны эмігрант”, пакідае сабе і чытачу праз гісторыю, спалучаную з цэльным, усеахопным рамантычным бачаньнем, пратуліну ў будучыню. Скажам, ён “эмігрант у сябе” і “мігрант у будучыню”.

 

Часткова цяжарных не бывае. А часткова класікі – бываюць?

Як аўтар пераносу твора з адной мовы ў другую, які мусіць адразу адчуваць тое прадзіва з шматлікіх нітак – выбару слоў, аўтарскага сынтаксісу, архітэктонікі тэкста, – якое называецца стылем, я павінен сказаць, што нягледзечы на тойчасную маладосьць аўтара, а можа, у нечым і з-за яе, твор Хафнэра што заўгодна, але ня лёгкая здабыча перакладчыка. У маім асабістым сьпісе перакладзеных аўтараў, ранжыраваных паводле складанасьці стылю, Хафнэр заняў трэцяе месца пасьля Петэра Гандкэ і Зыгмунда Фройда, “перамогшы” сярод іншых Імануэля Канта ды Чарльза Дыкенса.

Па-першае, ягоны тэкст насычаны рэаліямі ды алюзіямі. Па-другое, у сілу сваёй маладой амбітнасьці аўтар дастаткова часта наўмысьля “закручвае” тэкст, унікаючы пісаць проста (і таму не па-літарацку?), ускладняе сынтаксічную структуру ў сваёй празе “сказаць новае слова” ў прыўкрасным пісьменстве, запомніцца чытачу нязвыклым падборам слоў, нестандартнымі знакамі прыпынку. Іншым разам гэты прыём ня хібіць, але там-сям тэксту пры перакладзе былі паказаныя “разьмініраваньне” з належнай эвакуацыяй пэўных зьместаў альбо ў зноскі, альбо па-за дужкі як плеаназмаў. У цэлым жыва і пранікнёна напісаны тэкст месцамі выглядае на “нябожчыка ў пэрспэктыве”, –  ён ня стане класічным.  Ня дзіва, бо ж твор, паўтаруся, не рэдагаваўся аўтарам канчаткова для друку ні ў маладым, ні ў больш сталым узросьце з пільных падставаў, пра якія чытач будзе ведаць, калі перагорне апошнюю старонку кнігі.

Такім чынам, мне дастаткова часта думалася пра прынцыповую неперакладальнасьць мастацкага тэкста. А тут яшчэ падвярнулася выказваньне паважанага Васіля Сёмухі пра тое, што ён у свой час адступіўся (як спарцмэн ад занадта цяжкай штангі – падумалася мне) ад прасякнутага нямецкімі рэаліямі тэкста Гюнтэра Граса.  Яшчэ больш зацаніўшы спадара Сёмуху пасьля гэткай недзе лунаўшай неспадзяванкі, я не палічыў Хафнэра раўналежным Грасу ў гэтай спэцыфічнай складанасьці і насьмеліўся здаць сваю працу рэдактарам без каапэрацыі з носьбітамі нямецкай мовы.

 

Рысачкі народу ў галаграме мовы

Мова наўпрасткі зьвязаная з мэнталітэтам як на ўзроўні ідыялекту, так і на ўзроўні дыялекту, і мне думаецца, што носьбіты нямецкай мовы і самі, пэўна, ня ўсіх аўтараў сваёй роднай літаратуры ў стане зразумець, як у нас ня ўсе ў змозе спасьцігнуць таго ж  Алеся Разанава альбо, калі брацца бліжэй да логікі спадара Сёмухі, нават Коласа ці Мележа, таму што гаспадарлівасьць, гаспадарская спраўнасьць мужчыны ды жаночая ўвішнасьць як нарожны камень беларускага мэнталітэту для шмат каго з гарадзкіх беларусаў словы цяжказразумелыя; што там даводзіць камусьці пра “Новую зямлю”,  калі яны нават мову сваю занядбалі настолькі, што ўжо праз год пасьля заканчэньня школы ня тое што нейкія беларускія рэаліі, а нават беларускую мову слухаюць, робячы вялікія вочы.

Да слова, ў Нямеччыне зь яе герметычнымі дыялектамі бяз высілкаў дзяржавы зусім проста можа па-свойму адбыцца беларуская сытуацыя. Прыкладам, у Бадэн-Вюртэмбэргу мне адна сакратарка прызналася, што “думае па-швабску”. Іншая справа, што дзяржаўныя высілкі там напэўна будуць мець месца, і перакладчыкаў чакае менш незразумелых рэаліяў.

Адхінуўшыся ад таго ці іншага цяжкапад’ёмнага месца ў тэксьце, я бавіўся з думкай: а ці могуць зьявы мэнтальнага ўзроўню апусьціцца да ўзроўню моўных рэаліяў? Скажам, беларускае слова “прымак” ня мае адпаведніка ў знаёмых мне замежных мовах. А вось  слову “спраўны” можна знайсьці адпаведнік і ў нямецкай, і ў, скажам,  францускай мове, але на мой погляд, чалавек з тыпова нямецкім сьветаглядам хутчэй зарыентуецца, што маецца на ўвазе. Беларускія спраўнасьць ды ўвішнасьць можна зьвесьці да ўласьцівай немцам працавітасьці, і мне пад такім вуглом зроку не найперш важна, што гэтая працавітасьць стылёва адметная ад нямецкай: у той час як немец дакладна плануе сваю працу, ацэньвае, ці варта за яе брацца наогул, мы, беларусы, пра якіх ходзіць показка, што маем жыцьцёвы прынцып “нам зарплаты шмат ня трэба, нам работу падавай!”, паводле дакладнага назіраньня адной маёй добрай знаёмай, часта што б ні рабілі, вядзем працу, бы гной на воз накідаем.

У любым выпадку, працавітасьць на  нямецкі лад і наша, айчынная цяглавітасьць суадносяцца як моўныя сынонімы: яны блізкія. Што да французаў, то нездарма ж  кажуць, што француская мова найперш прыдатная для таго, каб прызнавацца ў каханьні. 

 

Імпэратыў – ПАРАЗУМЕЦЦА!

Развагі гэтыя ня ёсьць ні ўхвалай, ні ганьбаваньнем. Не выпадкова ж  нямецкаму нацыянальнаму паэту Гайнэ заманулася эміграваць з задушлівай для яго Прусіі ў Парыж, а празь няпоўны век і малады прагрэсіст Хафнэр пасьля пачатку карычневых пэртурбацыяў адразу думае пра тое, каб зьехаць менавіта ў гэты горад, у гэтую краіну.

У свой час чырвоная хваля паглынула аскепкі Расейскай імпэрыі, але не адразу дабралася да краінаў Балтыі, а Польшчаю дык і наогул была спыненая і абернутая наўцёкі. Другая таталітарная хваля, карычневая, паглынула Нямеччыну, Італію, Вугоршчыну, але ня мела істотнай падтрымкі ўнутры той самай Францыі і Англіі.

Народы, як і людзі, маюць свае слабасьці і свае моцныя бакі і тым якраз цікавыя, што, больш падобныя ці адрозныя, – але ўсё роўна розныя і могуць ва ўмовах супрацы дапаўняць адзін аднаго. Але найперш яны мусяць паразумецца.

Ня будзь перакладу – было б яшчэ горш, чым калі ён ёсьць, але аб’ектыўна хібіць альбо да таго ж  яшчэ мае ва́ды, спрычыненыя недастатковай кампэтэнцыяй перакладчыка. У выніку такой, не пабаюся слова, катастрофы, як адсутнасьць мастацкага перакладу, мы не адчулі б, як пульсуе сэрца культуры гэтага вось, і вунь таго, і таго яшчэ народу, не было б такіх само сабой зразумелых для цывілізаванага чалавека рэчаў, як сусьветная літаратура, наданьне хай сабе спрэчнай, але дзейснай як інструмэнт Нобэлеўскай прэміі ў  намінацыі “літаратура”… .  Народы пачуваліся б у выніку шмат больш чужымі адзін аднаму, а хранічная ксэнафобія яшчэ больш  аблегчыла б разьвязваньне халодных і гарачых войнаў. І – мы не маглі б вучыцца з досьведу іншых народаў. Не было б для беларусаў яшчэ аднаго найсьветлага голаса, узьнятага супраць фашыстоўскай навалы, – голаса сумленнага, самавітага і спраўнага немца Сэбасьцьяна Хафнэра.

– – –

*Поўны тэкст аўтарскага  рукапісу прадмовы не абавязкова меў права на існаваньне  ў выдадзенай кнізе. Аддаючы ў гэтым належнае рэдактару, не аддаю яму рацыі ў некаторых памылках рэдагаваньня. Зноў-такі, аднаўляючы  важныя для мяне фрагменты, сам апускаю некаторыя надрукаваныя ў кнізе абсягі дзеля функцыянальнасьці гэтага тэкста.

**Сэбасьцьян Хафнэр – доктар юрыспрудэнцыі, журналіст і літаратар. Жыў у Нямеччыне і Англіі. Пісаў на абедзьвюх мовах. На пачатак юрыдычнай кар’еры Хафнэра прыпала карычневая навала. У 1938 годзе эміграваў у Англію, дзе ў скрайне цяжкіх умовах здабываў сабе хлеб журналізмам і літаратурнай працай. Нямецкія рэаліі з часу прыходу да ўлады фашыстаў апісаныя ў незапатрабаванай на той час у Англіі кнізе “Гісторыя аднаго немца”, якая была падрыхтаваная да друку ў 1940  і  выйшла ў Нямеччыне  толькі ў 2000 годзе, праз год пасьля сьмерці аўтара. 

*** “Гісторыя…” выйшла напрыканцы 2006 года. З майго веданьня, распаўсюджвалася праз кнігарні і прыватным чынам.

 

 

Ад рэдакцыі:

Мы, як сайт ідэалагічны, найбольшую каштоўнасьць дадзенага артыкула нашага сталага аўтара бачым у падказцы, што для азнаямленьня зь феноменам фашызму варта чытаць ня творы Райха і Фройда, а “Гісторыю аднаго немца” пад аўтарствам немца ж Сэбасьцьяна Хафнэра.

 

 

Каментары (1)

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Кніга Сэбасьцьяна Хафнэра дае даволі нагляднае тлумачэньне нацызму, бо зьвяртаецца да побытавых з’яваў, агульных для жыцьцяў пераважнае большасьці немцаў, узгадаваных пад час першае сусьветнае вайны.
    На шчасьце “Гісторыя аднаго немца” дагэтуль ёсьць у продажы (http://www.knihi.net/index.php?productID=243).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы