Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі
Вымушаны былі зноў на некалькі дзён адхіляцца ад нашых планаў і спрабаваць разабрацца ў крыніцах, механізмах і мэтах глабальнага эканамічнага крызісу, які ахапіў палову планеты. Адно з самых цікавых, што цяпер назіраецца ў сувязі з дадзенай падзеяй – гэта амаль поўная адсутнасьць простага і зьвязнага тлумачэньня ўсяго, што датычыць крызісу. Колькі мы ні шукалі такое тлумачэньне ў сеціве, мы заўсёды натыкаліся толькі на ўзгадваньне пра асобныя праяўвы крызісу і спробы патлумачыць толькі іх (дый тое найчасьцей блытана).
Так, сярод галоўных праяваў глабальнага фінансавага-эканамічнага крызісу мы ведаем пра:
– іпатэчны крызіс у ЗША, які перакінуўся на банкаўскую сьферу;
– істотнае падзеньне індэксаў на розных біржах сьвету;
– рэзкае падзеньне коштаў на нафту;
– выдзяленьне ўрадам ЗША 700 мільярдаў даляраў, а Еўразьвязам аж 2,3 трыльёна еўра на стабілізацыю сваіх фінансавых сістэмаў;
– банкаўскі крызіс у Расеі са спыненьнем выплатаў крэдытаў, чэргамі, разарэньнем банкаў;
– фінансавы крызіс у Расеі зь інфляцыяй рубля, пагрозай яго дэнамінацыі й дэфолту;
– заявы пра тое, што цяперашні фінансава-эканамічны крызіс можа быць больш цяжкім, чым той, што пачаўся ў 1929 годзе ў ЗША;
– і г.д., і да т.п.
На гэтым фоне тлумачэньне крызісу найчасьцей выглядае прыкладна так. Маўляў, яго прычынай сталі нейкія няграматныя фінансавыя маніпуляцыі зь іпатэкай у ЗША, сьпекуляцыі з акцыямі ды іншымі фінансавымі дэрыватамі на біржах ЗША, а таксама сьпекулятыўна раздуты кошт на нафту; спрыяла глабальнаму распаўсюджваньню крызісу тое, што эканомікі заходніх краін, Японіі й Расеі зьвязаны паміж сабой ў адзіную глабальную сістэму, што асноўнай валютай у міжнародным гандлі зьяўляецца даляр. Шмат тых, хто ўбачыў у падзеі крызіс усёй (палітычнай, эканамічнай, ідэалагічнай, маральнай) сістэмы заходняга лібералізму.
Але гэтае тлумачэньне не паказвае сапраўднага суб’екта крызісу (“памылка” былога галавы Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Алана Грынспэна, якую ён прызнаў перад камісіяй Кангрэсу, у разьлік не бярэцца), не дастатковае для тлумачэньня менавіта яго глабальнага храктару. Акрамя таго, яно не ўвязвае эканамічныя працэсы з палітычнымі падзеямі рэгіянальнага (вакол Расеі) і глабальнага характару (такімі, напрыклад, як пагроза для дабрабыту Захаду з боку Расеі й Кітая).
Між тым, мы ведаем, што усё, што адбываецца ў сацыяльнай сьферы, робіцца толькі людзьмі. Таму там – у інтарэсах, мэтах, планах пэўных людскіх груп – павінен быць схаваны сэнс сацыяльных падзей. Акрамя таго, усе пералічаныя эканамічныя факты павінны быць сьвязаны ня толькі паміж сабой, а і, магчыма, зь верагоднымі палітычнымі падзеямі. У якаснай гіпотэзе, якая тлумачыць падзею такога маштабу, павінна прысутнічаць адпаведнасьць дадзеным патрабаваньням.
Паўторымся. Мы не знайшлі такога тлумачэньня, таму вырашылі падаць сваю гіпотэзу.
Спачатку пералічым некаторыя дадатковыя факты, якія дзіўным чынам супалі з пачаткам цяперашняга фінансава-эканамічнага крызісу. Напрыклад, такія:
– крызіс выглядае нейкім штучным, такім, які нібы зваліўся зь неба;
– дзіўна выглядаюць паводзіны на Захадзе некаторых адказных асоб, якія ў адпаведнасьці са сваімі пасадамі павінны глушыць паніку, а яны наадварот нібы наўмысна яе раздзьмуваюць;
– найбольшая колькасьць лаўрэатаў Нобля па эканоміцы – гэта амерыканскія прафесары;
– з 1921 года ў ЗША лічыцца, што “крызісы можна ствараць на навуковай падставе”;
– будучым прэзідэнтам ЗША будзе абраны Джон Макейн (на тое, што ён у апытаньнях набірае на 6-12% падтрымкі менш, чым Абама, увагі не зьвяртайце), які ў Расеі лічыцца ястрабам і які ўжо адкрыта паабяцаў, што будзе падтрымліваць сепаратысцкія рухі ў Расеі;
– галоўная крыніца галаўнога болю для прадстаўнікоў найбольш уплывовых груп у ЗША – гэта Кітай. Але праблему Кітаю ЗША аніяк не вырашыць, пакуль Расея ня будзе іх саюзьніцай;
– прэзідэнтам “Расеі” ёсьць “ліберал” Мядзьведзеў, які ў інфармацыйнай прасторы патроху ўжо пачаў адціскаць імперца і КГБшніка Пуціна;
– паўтарылася сітуацыя 1985-86 гг. з коштамі на нафту, якая справакала развал СССР (рэзкі рост, а затым яшчэ больш рэзкае падзеньне);
– перад крызісам, у лютым 2007 г., была знакамітая мюнхенскай прамова Пуціна, у якой ён фактычна аб’явіў Захаду “халодную вайну”. Зусім нядаўна быў напад Расеі на Грузію з анэксіяй часткі яе тэрыторыі. Назіраецца эскалацыя інфармацыйнай агрэсіі з боку Расеі ў бок Украіны;
– прапагандыстамі ідэі “Расея – ліберальная імперыя” былі людзі самым шчыльным чынам зьвязаныя з Захадам (Чубайс);
– па некаторых зьвестках, расейскія імперцы баяцца ня столькі эканамічнага крызісу, колькі “сепаратызму”. Нядаўна быў адкрыта забіты лідар апазіцыі Інгушэціі Еўлоеў, які якраз збіраўся пачынаць патрабаваць незалежнасьці для сваёй Бацькаўшчыны;
– фінансава-эканамічны крызіс, які разьвіўся ў ЗША, чамусьці найбольш негатыўна адбіваецца на Расеі;
– асноўная маса грошай, якія Расея атрымала за апошнія гады ад продажу нафты па надзвычай вялікіх коштах, апынулася ў ЗША;
– і г.д.
Калі сабраць усе факты, пералічаныя толькі што і трохі раней, і паспрабаваць скласьці зь іх цэласны сцэнар падзеяў, якія зьдзяйсьняюцца нейкай магутнай сілай, атрымаецца наступная гіпотэза:
1. На Захадзе пасьля многіх гадоў спадзяваньня канчаткова пераканаліся, што “ліберальнае перараджэньне” Расеі ня ёсьць магчымым (пра гэта тупагаловым заходнікам гаварылася многімі й шмат разоў). Яна, як толькі зьявілася мінімальная магчымасьць “устаць з каленаў”, тут жа пачынае выкарыстоўваць рэсурсы на задавальненьне сваіх імперскіх інстынктаў, пагражаючы вайной суседзям і ўсяму сьвету. Статусу ЗША ў сьвеце яшчэ больш пагражае Кітай, які хутка разьвіваецца, і кантраляваць які без дапамогі саюзьніцкай Расеі ня ёсьць магчымым.
2. Для спробы нешта зрабіць з Расеяй цяпер аптымальны час, праз год-два можа быць запозна…
3. Але і цяпер з Расеяй надзвычай непажаданымі зьяўляюцца ні халодныя, ні тым больш гарачыя войны. Адзінае выйсьце – у арганізацыі ў Расеі глыбокага сацыяльна-эканамічнага крызісу. Выкарыстаўшы яго, можна альбо паспрабаваць пасадзіць у Крамлі людзей, якія зноў пойдуць на саюз з Захадам, альбо ў скрайнім выпаку паспрабаваць адарваць ад Расеі частку тэрыторыі (напрыклад, Паўночны Каўказ, Сібір).
4. Такім чынам, галоўная прычына глабальнага крызісу ня столькі ў тым, што біржавыя спекулянты акцыямі ў ЗША зарваліся ці банкі гэтай краіны нарабілі нешта ня тое зь іпатэчным крэдытаваньнем, і ня ў “пэўнай цыклічнасьці глабальных эканамічных працэсаў” (яшчэ адно распаўсюджанае тлумачэньне). Можа быць, гэта ўсё і ёсьць, але яно не галоўнае, а другаснае. Галоўнае – гэта тое, што пад выглядам “некантралюемага крызісу”, які на справе быў штучна арганізаваны, фінансавая алігархія Захаду разам зь яго палітычным класам на справе распачалі ЭКАНАМІЧНУЮ ВАЙНУ супраць “Расеі”, каб дасягуць вышэй азначаныя палітычныя мэты адносна яе з далейшай персьпектывай кантролю Кітая.
5. Адзін з галоўных механізм эканамічнай вайны Захаду супраць Расеі – маніпуляцыі з коштам нафты.
…
Рабіць прагнозы – справа рызыкоўная. А мы іх толькі ў гэтым артыкуле зрабалі два. Што да прэзідэнцкай пасады ў ЗША, яе лёс мы высьветлім хутка – літаральна праз некалькі дзён. Што да значна больш маштабных падзей, якія пададзены ў якасьці галоўнай гіпотэзы, поўнасьцю спраўдзіць іх мы можам толькі праз некалькі гадоў. Але, калі ў заходнікаў сапраўды ёсьць планы, падобныя апісаным, тут варта зьвярнуць увагу яшчэ на некалькі рэчаў.
Па-першае, калі яны паспрабуюць цалкам паўтарыць сцэнар з развалам СССР, у іх можа нічога не атрымацца. Гэтаму ёсьць тры прычыны – больш высокі аўтарытэт у масах кіраўніцтва цяперашняй РФ у параўнаньні з кіраўніцтвам былога СССР (і Пуціна, у прыватнасьці; справядліва гэта ці не, мы не гаворым; мы канстатуем толькі факт); істотна большы настрой на захаваньне расейскай імперыі ў яе цяперашніх межах у абсалютнай большасьці рускіх (у т.л. і сярод інтэлігенцыі), чым тое было ў грамадзянаў СССР; істотна больш негатыўнае стаўленьне расейскага грамадства да ЗША. Таму, нягледзячы на меншыя памеры Расеі, задача яе развалу можа аказацца больш складанай.
Па-другое, няўдалая спроба развалу Расеі можа прывесьці да ўлады выразна шавіністычныя, імперскія сілы ці паспрыяць паскарэньню далейшага перараджэньня ў дадзеным кірунку цяперашніх расейскіх уладароў. Гэта ёсць надзвычай непрыемным – галоўнай рызыкай для Захаду і, на жаль, для суседзяў Расеі. Істотна ж паспрыяць зьдзяйсьненьню імавернага плана Захаду можа тое, што абсалютная большасьць расейскай імперыякратыі ёсьць выразна карумпаванай і будзе карыстацца крызіснай сітуацыяй толькі на сваю асабістую карысьць.
Асобнае пытаньне пра магчымы лёс Беларусі, калі пададзеная гіпотэза сапраўды пачне ператварацца ў рэчаіснасьць.
Ясна, што тады ў самыя бліжэйшыя гады наш народ чакаюць вельмі цікавыя падзеі. На жаль, іншых характарыстык (напрыклад, што падзеі будуць радасныя, сьветлыя, персьпектыўныя) мы выкарыстаць ня можам. Чаму? Таму што паразітаваньне на нашым народзе расейскай імперыякратыі ды іх апрычнікаў зь мясцовых, якіх мы завем цяперцамі, калі й скончыцца, дык на іх месца прыйдуць прадстаўнікі іншых сацыяльных паразітаў – заходніх фіналігархаў і сіянакратаў. Будзе трошкі лягчэй, але толькі трошкі. У цэлым жа тая ж чарнуха, толькі выгляд зь іншага боку.
Значыць, наша барацьба за свабоду і дабрабыт нашага беларускага народу будзе працягвацца…
Жыве Беларусь – наша зямля!
Словы першапраходцаў не старэюць.
Твор Ігната Абдзіраловіча (або Канчэўскага) “Адвечным шляхам” варта выкладаць у якасьці пачаткаў беларускага земляўрадаваньня ды зрабіць настольнаю кнігаю для беларускіх дыпламатаў (асабліва першы разьдзел).
___
Ігнат Абдзіраловіч (сапраўднае прозьвішча – Канчэўскі). Адвечным шляхам. Вільня, 12 траўня 1921 год.
Разьдзел 1. Частка 3. Тыповыя ад’знакі Ўсходу і Захаду.
http://www.pawet.narod.ru/book/philosophy/1.html
http://www.kamunikat.org/download.php?item=3584-2.pdf
http://www.knihi.com/abdziralovic/slach.html або Разьдзел 1 http://www.knihi.com/abdziralovic/slach1.html
http://www.dziarzava.org/viewtopic.php?id=5
___
Урывак. Старонкі 9-12.
Мы, беларусы, вагаліся паміж двума культурнымі тыпамі, ня ведаючы, да якога прылучыцца. Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасьць, адпаведнасьць выгляду нутранай сутнасьці, якія вызначаюць чалавека Ўсходу. Калі ён добры да каго, дык можа палажыць за яго сваю душу; калі ён кажа, што любіць, дык ня зробіць ніякае прыкрасьці. Старажытны прыклад – кіеўскі князь Сьвятаслаў: ён ніколі ня ўжываў хітрасьці, здрады. Ідучы на ворагаў, папераджаў іх: «Іду на вы».
Гэта грунтоўная рыса Ўсходу нам вельмі падабалася, але, ўгледжваючыся ў жыцьцёвыя абставіны, мы прыкмецілі, што правесьці яе цалком у жыцьцё – немагчыма. Мы прыкмецілі, што апрача маны карыснай можа быць і ёсьць яшчэ мана сьвятая. Ня толькі дзеля карысьці і з прычыны нізкіх пабуджэньняў нельга называць сваіх ворагаў – ворагамі, а з прычыны грунтоўнай нявыразнасьці жыцьця, калі часта самыя простыя рэчы трудна назваць іх уласнымі іменьнямі. Прыклады на кожным кроку даводзяць нам аб гэтым. Не аб кожнай рэчы можна пеўна сказаць, ці любіш яе, ці не, ці добрая яна, ці благая. Вялікі абшар жыцьця застаецца нявыразным, цёмным і толькі з вялікай тугой гэта шэрае можна назваць белым або чорным.
Тое, што Захад уцяміў гэтую праўду, нам вельмі спадабалася і было вельмі прынадна. Заходняе цьвярозае пачуцьцё здавалася нам зусім адпаведным да сапраўдных абставін жыцьця. З гэтага пачуцьця выплывае зах.-эўрапэйская цярпімасьць да розных кірункаў людзкай думкі і яе праяваў, з гэтага вынікае і тое вельмі прыемнае асабістае захаваньне заходняга эўрапэйца, якое сваей далікатнасьцю так ад’значае яго ад простага і грубога Ўсходу.
Дык вось, нам вельмі падабалася і цягнула шчырасьць і вызначанасьць Усходу, а з другога боку – большая об’ектыўнасьць і болей чалавечае захаваньне Захаду. Жыцьцё вымагала сінтэзу, згарманізаваньня абодвых кірункаў, але гэта, як убачым, зрабілася немагчымым.
Ў сваёй акрэсьленасьці кірунку, нахілу ўсё даводзіць да канчатку, ўсяму даваць аднолькавую форму Ўсход даходзіць да абсурду. Як драбніца, вышла і тое, што Ўсход не прызнаваў нас як беларусаў, а вымагаў ад нас прыняцьця свайго ўсходняга выгляду, які, па ўсходняму разуменьню, быў абавязковым. «Славянские ручьи сольются в русском море» – вось як падгрунтовавалася абавязковасьць абмаскаліцца. 3 гэтага вынікае гвалт і ўціск нашай індывідуальнасьці, з гэтага – гвалтоўнае жаданьне адняць наш твар. Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.
Нашага вызваленьня, нашага ратунку ад прымусу Ўсходу мы чакалі ад Захаду. Ён ішоў да нас з прыемнай усьмешкай на рожавых вуснах, і мы гістарычна пазнаёміліся з гэтым ласкавым выглядам. Праўда, нашым бліжэйшым Захадам былі славяне, палякі, і заходнія ўплывы прынялі ў іх спэцыфічна-славянскія выразы, але ўсё ж гэта быў Захад. Прынцып ня толькі ня лічыць шэрае чорным, але сьцерагчыся і белае назваць белым быў прыняты і нашымі суседзямі. І глыбокія народныя гістарычныя дасьледзіны навучылі нас, што калі заходні чалавек робіць вам прыемнасьць, дык гэта ня знача, што з яго боку ня будзе прыкрасьці. Яго пацалунак сьведчыць ня толькі аб прыхільнасьці, але і аб магчымасьці здрады, такія ўжо глыбокія, народныя дасьледзіны.
Гэтая рыса Захаду моцна адчувалася ў яго адносінах да нас. Ён прынёс нам найлепшыя ідэі: гуманістычныя, лібэральныя, дэмакратычныя, але разам з пекнымі словамі заўсёды зьмяшчаліся гвалт духоўны і эканамічны, эксплёатацыя, ўціск, зьнявага. Пекныя словы і благія дзеі неяк дзіўна і незразумела для нас ужываліся ў заходнім жыцьці.
Ўсход гвалціў нас у імя шырокіх заданьняў: ў імя зьліцьця ўсіх славянаў, ў імя аб’яднаньня пролетарыяту ўсяго сьвету. І гэта ня толькі ад’знака маскалёў, а ўсяго Ўсходу наогул, бо навет адзін харвацкі паэт і той кажа, што харваты абновяць сьвет, пойдуць на чале паўстаньня проці «гнілога захаду» і створаць вялікі ўсясьветны культурны сінтэз. А Захад не такі, Захад такой абмылкі ня зробіць: ён ведае няздольнасьць, немагчымасьць рэалізацыі такіх ідэй. Але практычна адносіны да нас Усходу і Захаду розьняцца толькі ў драбніцах: не па сутнасьці, а толькі па колькасьці, велічыні. Ўсход адразу захоплівае шмат, Захад – па сваёй далікатнасьці – меней. Ніводзін эўрапэйскі імпэрыялізм не параўнаецца ў сваіх замерах і плянах з маскоўскім Інтэрнацыяналам, так сама і Варшава ніколі ня квапілася на Маскву або Прагу, тады як Масква зусім шчыра ў сваім славянафільсьцьве хоча валадаць і Прагай, і Варшавай, і Белградам, і Софіяй.
Затое Захад – вялікі чалавек на малыя справы, і яго здольнасьці моцна адбіваюцца на беларускай шыі. Польшча ня верыць у сваё славянскае прызваньне, яе мэсыянізм – ўсходняга капылу, яго творца – беларус па крыві – Міцкевіч. Але для сапраўднага паляка яго мары – так, пекныя словы, а арганічна зразумелай і прыемнай польскаму сэрцу засталася «idea jagieІІoсska», вельмі далёкая ад міцкевічаўскага мэсыянізму, толькі штучна ім прыаздобленая. Тут справа не ідзе аб усім сьвеце, аб усіх славянах, не – Польшча хоча быць «od morza do morza».
І вось ідзе гвалт над нашымі душамі, бо мы прыпадкова апыніліся так сама паміж абодвымі морамі. Тут Захад ідзе з ўсей жорсткасьцю Ўсходу: гвалт, прымус, зьдзек, вырываньне душы беларуса ідзе разам з усімі атрыбутамі прыемнага заходняга твару.
1. Ваганне коштаў, % крэдыта, акцый… – нармальная з’ява для рынкавай эканомікі. Такое ваганне мае свае пікі і спады, але іх сапраўды можна адмыслова падштурхнуць да ўзроўня крызы. Да таго ж можа адбыцца “рэзананс” з палітычнымі, экалагічнымі ды іншымі падзеямі. Не выключаецца і скіраванасць крызы супраць “імпэрыі зла”, якая звыкла знаходзіцца ў “коле ворагаў”. (Без кола ворагаў крэмлядзям цяжка ўтрымліваць уладу.)
2. А нам што з гэтага? Эканамічна мы можам збяднець, але можам атрымаць больш спрыяльныя ўмовы для Адраджэння, калі крыза прымусіць людзей думаць.