nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«Рускія і беларусы ніякія не браты. Нават не стрыечныя»

2 лістапада, 2008 | 2 каментарыя

�.Та�а�.JPG

Інтэрвю Анастасіі Зеленковай са складальнікам, перакладчыкам і рэдактарам кнігі “Гісторыя імперскіх адносінаў: беларусы і рускія” Анатолем Та́расам  (гл. фота; паводле gazetaby.com/index.php?sn_nid=16646&sn_cat=35)

 

– Пра што гэтая кніга?

– Стрыжневая ідэя, якая пакуль яшчэ можа падацца дзіўнай шырокай публіцы, хаця для навукоўцаў гэта ўжо даказаны факт, – гэта тое, што няма ніякіх братоў-народаў.  Рускія, беларусы і ўкраінцы – тры абсалютна розныя этнасы. Адрозныя генетычна, псіхічна, гістарычна [гэта не зусім так; проста ўсе народы ў рознай ступені крэўныя, што выяўляецца метадамі папуляцыйнай генетыкі; рускі народ у параўнаньні зь іншымі нашымі суседзямі на справе ёсьць генетычна самым далёкім да нас – беларусаў. – Рэд.].

Рускія – гэта народ, які сфармаваўся на грунце вугра-фінскіх і цюрскіх народаў. А руская мова – гэта, па сутнасьці, штучная мова, створаная руплівасьцю Пракаповіча, Сумарокава і Ламаносава, бляск якой надалі Пушкін і яго папярэднік Баркоў.

Гэтая мова паўстала на аснове, найперш, фінскай лексікі (яркі прыклад: слова “Масква”, якое зь фінскай мовы перакладаецца як “чорная вада”) і цюрскай (напрыклад, Карамзін, Сумарокаў, Кутузаў – гэта татарскія прозьвішчы). Паглядзіце на таго ж Пуціна – вонкава (антрапалагічна) ён 100%-ы фін!

А Беларусы – гэта балты, якія зьмяшаліся са славянамі, якія мігравалі сюды пад ціскам германскіх плямёнаў зь берагоў Лабы (Эльбы) – г.зв. балцкія славяне.

Украінцы – нашчадкі іранамоўных сармацкіх плямёнаў, якія падпалі пад уплыў паўднёвых славян.

Мы ніякія не браты. Нават не стрыечныя. А вось хто наўпроставыя крэўныя рускім, дык гэта марыйцы ды эстонцы, зь якіх рускія любяць пазьдзекавацца (нядобра насьмяхацца над роднымі братамі!). Сучасныя фіны – ім браты стрыечныя. А беларусаў і побач няма.

Іншая скразная ідэя заключаецца ў тым, што ўся гісторыя Маскоўскай дзяржавы – гэта гісторыя бесперапыннай экспансіі. 800 гадоў сталай агрэсіі! Зьмяняліся дынастыі: Рурыкавічы, Раманавы, – зьмяняліся палітычныя рэжымы: спачатку Вялікае княства, потым Царства, потым Імперыя, потым нібыта Рэспубліка рабочых і сялян, – але сутнасьць палітыкі – не!

Масковія (якая пазьней назвала сябе Расеяй) увесь час “разьвівалася” за кошт захопу і рабаваньня новых тэрыторый і народаў. Ня шляхам унутранай інтэнсіфікацыі – нармальнай эканомікі, нармальнай грамадзянскай супольнасьці, – а за кошт нястрымнай экспансіі. Усё гэта мы паказалі на прыкладзе нас – беларусаў.

 

– І ўсё ж кніга выдадзена ў Расеі…

– Так, кніга надрукавана ў Смаленску, яе дапамог выдаць кніжны клуб “Посах”. У Расеі хапае камерсантаў, дый дзівакоў там больш – усё ж краіна вельмі вялікая. У Менску мы ня здолелі зацікавіць гэтай тэмай ніводнае камерцыйнае выдавецтва. 

У выніку зьявіўся на сьвет маленькі тыраж – 150 экзэмпляраў. Але спадзяемся, што цяпер, калі кніга выдадзена, некаторыя нашы выдавецтвы яе ўважліва вывучаць, пракансультуюцца наверсе, ці не дадуць ім па шыі за такую кнігу (думаю, не дадуць, бо яна вельмі дарэчы прыпадае па часе, а перыяд пасьля 1991 года мы цалкам не кранаем) і выдадуць нармальным тыражом.

Да таго ж я папрасіў бы не зьмешваць: Смаленск – спаконвеку беларуская зямля, там жывуць беларусы, якіх маскоўскія ўлады лічаць рускімі [дакладна так. – Рэд.], хаця далёка ня ўсе цяперашнія смаляне з гэтым згодныя. Гэта наша зямля.

Я ўжо не кажу пра тое, што Масква таксама павінна належаць нам. Дарма ці што мы яе займалі ў 1612 годзе? [калі карыстацца логікай маскалёў – што захапіў, тое і маё – дык гэта таксама так. – Рэд.]  Ну, хай сабе пакуль карыстаюцца…

 

– Ці ня думаеце, што сваёй кнігай вы ўнясеце разлад у і так складаныя стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю?

– Цяпер, з-за сітуацыі з Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй, у Расеі ўзьнялася моцная хваля нацыянал-патрыятызму, а правільней сказаць шавінізму. Нядаўна мне давялося размаўляць з чалавекам, які толькі некалькі дзён таму вярнуўся з Масквы. Ён быў уражаны. Да яго ў раёне Беларускага вакзала дачапіўся міліцыянер. Слова за слова: а ты хто такі, адкуль? “А-а! Беларус! І ты яшчэ сьмееш адкрываць рот? Вы заўсёды былі нашымі рабамі, імі й застанецеся!” І гэта казаў звычайны паставы мент.  

Іншы прыклад: нядаўна мой знаёмы выдавец вярнуўся з маскоўскага кніжнага кірмашу. Ён распавёў, як нейкі прадстаўнік маскоўскага выдавецтва каля аднаго са стэндаў гучна абвяшчаў усім навакольным: “Вось гэтыя эстонцы, латышы ды іншыя лабусы раты свае паадчынялі. Яшчэ і беларусы ім сталі падпяваць. А хахлы дый і ўвогуле абарзелі. Дый гэта ж усё нашы калоніі! Яны павінны нам рукі цалаваць за ўсё, што мы ім зрабілі. Мы іх яшчэ паставім на месца! Зь імі будзе так, як з Грузіяй”.

У Расеі такое ўжо даўно кажуць уголас. Так што гэтая кніга зьявілася выключна своечасова.

Сутнасьць маскоўскай палітыкі – імперыялізм. Так заўсёды было ў мінулым, так ёсьць цяпер і, думаю, так застанецца да таго часу, пакуль Расея не разваліцца на свае складовыя часткі. Навукоўцы даўно ўжо прадказалі ёй жахлівыя сацыяльныя катаклізмы з распадам на энную колькасьць удзельных княстваў недзе ў раёне 2018-20 гадоў.

У гэтым сэнсе, дый у многіх іншых, Беларусь у значна лепым становішчы. Пра гэта я пішу. Я так думаю, што ўлады нам за гэтую кніжку павінны былі б руку паціснуць…

 

– Забіваеце яшчэ адзін цьвік у труну сяброўства з Расеяй?

– Дый няма ў нас ніякага сяброўства з Расеяй. Усё гэта выдумкі. Проста аб’ектыўна так склалася, што мы цалкам залежалі ад гэтай краіны – ад рынкаў пастаўкі энэрганосьбітаў, ад рынку збыту прадукцыі. Таму і было нам наканавана “сябраваць” зь ёй, выбудоўваць нейкія асаблівыя стасункі. 

Але не сакрэт ні для каго, што перыяд асаблівых адносінаў практычна закончыўся. Расейцы самі громка заявілі: сяброўства сяброўствам, а табачок паасобку. І правільна некаторыя нашы таварышы абураюцца: чаму, калі ў нас адна дзяржава, газ нам прадаюць не па кошце для Смаленскай вобласьці? Хочаце, каб мы з вамі моцна сябравалі – давайце ільготу на ўсё.

Дый увогуле, у нас афіцыйна абвешчана шматвектарная палітыка. Іншая справа, што абвясьціць лягчэй, чым зрабіць: бо столькі гадоў маліліся на адну краіну.

Але працэс пайшоў. І ён у Еўропе сустракае пэўнае разуменьне. У гэтым сэнсе я гляджу ў нашу будучыню са стрыманым аптымімам. А вось у будучыню Расеі гляджу са скрайнім песімізмам.

 

– Якія тэмы вы закранаеце ў сваёй кнізе?

– Мы разглядаем перыяд з канца XVII стагоддзя і да распаду СССР. У першай частцы “Беларусы ў ценю двухгаловага арла” распавядаецца пра падзел Рэчы Паспалітай. Другая частка называецца “Беларусы ў эпоху рэвалюцыйнага бальшавізму”, канцом якой я назваў бы сьмерць галоўнага бальшавіка тав. Сталіна. Трэцяя частка – “Беларусы ў эпоху ліберальнага сацыялізму” – тут “ліберальны сацыялізм” трэба браць у дзьвюкосьсі, паколькі не было ніякага лібералізму. Але ў параўнаньні са страшнай эпохай сталіншчыны, праглядалася пэўная палёгка. Прынамсі, сьмяротныя пакараньні, масавая “саджалаўка” і ўсеагульнае жыцьцё ў бараках закончылася. Хаця, на мой погляд, сапраўдны твар сацыялізму – быдляцкае рыла.

Заключэньне я назваў: “Гома саветыкус: беларускі варыянт”. У ім распавядаецца, што такое “гома саветыкус” увогуле і яго беларускі варыянт – у прыватнасьці. Гэта чалавек, які, нягледзячы на месца нараджэньня, этнічную прыналежнасьць і грамадзянства, атаясамляе сябе ня зь беларускім народам, яго культурай і традыцыямі, а жыве руска-савецкімі каштоўнасьцямі [міфічнымі каштоўнасьцямі. – Рэд.]. Г.зн., такі вось Іван без роду і племені.

Вялікая глава прысьвечана зьнішчэньню беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-я гады. Упешыню аўтар расклаў па паліцах, чаму гэта рабілася і які ў гэтым быў сэнс. Раней ніхто не знайшоў час раскласьці рэпрэсіі па хвалях, вылучыць унутры кожнай сваі справы: напрыклад, “справу БСДГ”, “справу беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”, “справу трацкістаў-шкоднікаў у трактарным цэнтры”.

Чаму гэта рабілася? Сталін вельмі добра разумеў, што калі не здушваць нацыянальныя рухі ва ўсіх рэспубліках, дык Савецкі Саюз разваліцца як картачны домік. Ён тады рухнуў бы яшчэ ўлетку 1941 года.

Аднак ні ў аднай нацыянальнай рэспубліцы працэс зьнішчэньня інтэлігенцыі ня быў настолькі маштабным, як у Беларусі. І ні ў аднай рэспубліцы працэс русіфікацыі, на жаль, не зайшоў так далёка, як у нас…

 

– Як увогуле зьявілася ідэя такой кнігі?

– Раней, у 2006 годзе, мы з вамі ўжо сустракаліся з нагоды выхаду маёй кнігі “Войны Маскоўскай Русі зь Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай”. Тады я паабяцаў чытачам, што хутка пасьледуе працяг. І я добрасумленна заняўся гэтым. Аднак, калі пазнаёміўся зь літаратурай па гэтай тэме, зразумеў, што на яе напісаньне мне ня хопіць жыцьця, якое засталося.

Тады, як нас вучыла партыя, я пайшоў іншым шляхам. Я падабраў аўтараў (у асноўным, дактароў навук), кампетэнтных у тых пытаньнях, якія б маглі скласьці зьмест кнігі й якія мелі ўжо падрыхтаваныя матэрыялы. Гэты план аказаўся дастаткова прадуктыўным. Атрымалася калектыўная праца аб’ёмам 608 старонак, уключна зь дастакова вялікай бібліяграфіяй.

Дарэчы, бібліяграфія ў гэтай кнізе мае вельмі важкую ролю. Гэта ня толькі тыя матэрыялы, якія мы выкарыстоўвалі. Мне хацелася паказаць чытачам, што ўсе закранутыя намі пытаньні на самой справе ўжо дастаткова добра вывучаныя.

 

– А для чаго трэба было перакладаць аўтарскія тэксты на рускую мову? Не лагічней было б кнігу пра беларусаў выдаць на беларускай мове?

– Я лічу, што тыя грамадзяне Беларусі, якіх можна аднесьці да ліку нацыянальна сьвядомых, у прынцыпе, ня маюць патрэбы ў гэтай кнізе. Яны ў большай ці меншай ступені й так усё гэта ведаюць. Гэтая кніга якраз для іншых.

Таксама мы спадзяемся, што яе прачытаюць у былых савецкіх рэспубліках, таму што праблема імперскіх адносінаў актуальная для ўсіх 14 краін былога Саюзу. Хацелася б, каб зь ёй пазнаёміліся і ў Расеі.

 

– Жадаеце ўцерці нос расейскім ідэолагам?

– Мы менш за ўсё думалі спрачацца з расейцамі, таму што гэтая справа абсалютна безнадзейная – яны проста асьлеплены ўсьведамленьнем сваёй “вялікасьці”, хай сабе ілюзорнай. Таму мы толькі пазітыўна і лагічна выкладаем сваё меркаваньне на велізарнейшым фактычным матэрыяле. Урэшце, чаму нас павінны хваляваць абвінавачваньні расейскіх ідэолагаў?

 

2 каментарыя

  1. Хачу такую кнігу! Чаму толькі 150 экз? Паздзеквацца над расейцамі – мы і такой колькасцю усю вашую “вялікасць” пахерым!? Патрэбны тэрмінова электронны варыянт – і дыскусія па тэксту… Мы, звыклыя да ўсяго таго, чым нясе з Крамля ўжо 4 стагоддзі, маем “патрэбу” даўно нагадзіць ў адказ, асабліва ў першай дэкадзе лістапада – нагадаць “братам”-рускім, які шанс яны пахерылі ў 1612 годзе – пад нашай уладай ціха і шчасліва даўно жыць у Эўропе!

  2. varenik кажа:

    Дзе можна скачаць кнiгу?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы