nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Каго ўзвышае цяперская ўлада. Частка 2: Тамбоўская Вандэя

6 лістапада, 2008 | Каментары (1)

Паводле www.gulag.ipvnews.org/article20061017.php, скарочана

Т��о� б. Тамбо�.JPG

Аграмадныя лічбы стратаў насельніцтва толькі адной расейскай губерні (240.000 чалавек) красамоўна сьведчаць, што на Тамбоўшчыне ўжо пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны паміж белымі й краснымі распачалася новая грамадзянская вайна. На гэты раз сапраўды народная – паміж сялянамі й ЧК…

Зьвесткі па гэтую вайну былі здабытыя амаль у дэтэктыўных умовах. У 1982 годзе, калі тамбоўскі краязнаўца Барыс Сеньнікаў разграбаў пясок у Зімовай царкве Казанскага манастыра ў Тамбове, ён натрапіў на дакументы ЧК, якія пралілі сьвятло на гісторыю Тамбоўскага паўстаньня і калектывізацыі гэтага рэгіёна. З 1920-х у гэтай царкве знаходзіўся архіў тамбоўскага губернскага ваеннага камісара, а ў самым манастыры – тамбоўсая ЧК.

У 1933 годзе мясцовыя ўлады вырашылі цалкам зьнішчыць дакументы, якія кампраметавалі злачынную савецкую ўладу, – іх трэба было спаліць. Але пад час спальваньня ўзьнік пажар, і частка дакументаў была залітая вадой ды засыпана пяском. Хутка пра іх й зусім забылі. А праз 50 гадоў, у 1982 годзе, архіў пераехаў на новае месца і царква аказалася закінутай. Дакументы ж працягвалі ляжаць у пяску ды сьмецьці, чакаючы свайго часу.

Калі Сеньнікаў знайшоў паперы, КГБ СССР тут жа завяла на яго крымінальную справу. Але спадар Барыс аказаўся цьвёрдым арэшкам… І ў 2004 годзе ў выдавецтве “Пасеў” выйшла манаграфія Б.В.Сеньнікава “Тамбоўскае паўстаньне 1918-21 гг. і зьнесяляньваньне Расеі 1923-33 гг.”, прысьвечаная паўстаньню на Тамбоўшчыне (1918-21 гг.) і наступнай калетывізацыі.

Ніжэй падаем некаторые ўрыўкі з гэтай кнігі.

Тамбоўская Вандэя

Паўстанцкія сялянскія арміі не маглі мець і дзясятай часткі тых сіл, якія былі ў Тухачэўскага. Але яны годна сустрэлі ўсю гэтую армаду і ўступілі зь ёй у бой, вырашыўшы, што лепш памерці ў баі, чым жыць пад бальшавікамі. Партызаны і ўвесь народ Тамбоўскай губерні зрабілі вялікае ўражаньне на красных сваёй самаахварнасьцю і вытрымкай, а таксама сьмеласьцю ў баі. Зьдзіўленыя красныя казалі пра іх: “Яны не шкадуюць сябе ў баі, а таксама сваіх дзяцей і жонак, сьмела кідаюцца на кулямёты, нібы ваўкі”. Менавіта тады і пайшоў гуляць гэты выраз па ўсёй краіне “тамбоўскі воўк”. У бой уступіў увесь народ Тамбоўскай губерні – ад малога да вялікага, нават дзеці, жанчыны і старыя.

Паўсюль гарэлі вёскі. Дым пажарышчаў накрыў усю Тамбоўскую губерню, але “Тамбоўская Вандэя” стаяла, не саступаючы ўзброенаму да зубоў ворагу. Калі сёньня ўзяць старую дарэвалюцыйную мапу Тамбоўскай губерні, дык вы ўбачыце, колькі тады з твару зямлі зьнікла вёсак, якія былі спалены карнікамі й перамешаны зь зямлёй артабстрэлам. Сёньня пра гэтыя населеныя пункты не захавалася нават і ўспаміну, усё іх насельніцтва было зьнішчана. Бальшавіцкія газеты ўзахлёб і з захапленьнем друкавалі тады сьпісы спаленых і зьнішчаных рускіх вёсак, якія яны звалі “бандыцкімі”. Аднак тамбоўскія сяляне стаялі на сьмерць і наносілі свайму ворагу вялікія страты. Тэрміны, намечаныя Масквой для поўнага здушэньня паўстаньня, трышчэлі па швох. Стала зразумелым, што яны нерэальныя.

Тухачэўскі прыкладае ўсе высілкі, каб атрымаць перамогу над насельніцтвам рускіх вёсак. Пазьней, калі ён стаў маршалам Савецкага Саюза, ён пісаў: “У раёнах, дзе паўстаньне моцна ўкаранілася, даводзіцца весьці не баі ды аперацыі, а, бадай што, цэлую вайну, якая павінна закончыцца цьвёрдай акупацыяй паўстаўлага раёну, насадзіць у ім разбураныя органы савецкай улады і зьліквідаваць самую магчымасьць фармаваньня насельніцтвам бандыцкіх атрадаў. Словам, барацьбу даводзіцца весьці ў асноўным не з бандытамі, а з ўсім мясцовым насельнітвам. Савецкай улады ў вёсках не існавала, – і ў сьвядомасьці сялянаў панавала ранейшая думка пра неабходнасьць барацьбы супраць савецкай улады, барацьбы з харчразьвёрсткай”.

Урэшце Тухачэўскаму нічога не засталося, як прымяніць супраць сялянаў… атрутныя газы – сродак масавага зьнішчэньня людзей. Выкарыстаць іх не на якім-небудзь з франтоў у вайне супраць немцаў ці аўстрыйцаў, а супраць рускага народу ў цэнтры Расеі. Пасьля ўзгадненьня з Масквой, з Глаўкамам РККА, у Саўнаркоме, Рэвваенсавеце, ВЦВК і ЦК РКП(б) ён ад усіх атрымаў дабро і згоду…

… Хімічная зброя выкарыстоўвалася, пачынаючы з чэрвеня да восені 1921 года. Баі паміж партызанамі СТК й ўладай камуністаў насілі зацяты характар. Партызаны не давалі адпачынку сваім ворагам, наносячы ім вялікія страты ўдзень і ўначы. Над асяродкамі супраціву, нібы крумкачы, кружылі аэрапланы Тухачэўскага, скідваючы ня толькі бомбы, але і ўлёткі, у якіх прапаноўвалася здавацца ў палон. Але гэта толькі надавала зацятасьці паўстанцам, і яны змагаліся з падвойнай сілай.

За адну толькі аперацыю па здушэньні сялянскага паўстаньня ў Тамбоўскай губерні бальшавікі выдалі, як пазьней высьветлілася, больш ордэнаў Краснага Знамені, чым за ўсю грамадзянскую вайну. Колькасьць сваіх войскаў камуністы давялі тут да памераў усёй белай арміі генерала А.І.Дзянікіна – і ўсё гэта толькі на адну расейскую губерню. У савецкіх газетах тут і там луналі такія загалоўкі, як: “Мы зьнішчаем сем’і бандытаў – яны павінны адказваць за іх”, “Труціць іх удушальнымі й атрутнымі газамі!” і г.д. – так тады пісаў тамбоўскі камуністычны друк. Паўнамоцная камісія ВЦВК РСФСР выдала сваю знакамітаю пастанову №130, у якой загадвалася забіваць насельніцтва паўсталай губерні, а сем’і без усялякіх скідак на любы ўзрост накіроўваць у канцэнтрацыйныя лагеры, што па сваёй сутнасьці таксама было зьнішчэньнем. Рэкамендавалася таксама браць закладнікаў, а потым расстрэльваць і іх.

Хто тут жыў?

Многія рускія паселішчы Тамбоўшчны былі ўвогуле сьцертыя з паверхні зямлі. І нават няма ў каго запытацца: “Хто тут жыў?” Няма ні вёскі, ні людзей. Чаму?

ПАСТАНОВА № 116 ад 23 чэрвеня 1921 г.

У вызначаныя асабліва небясьпечныя бандыцкія раёны Тамбоўскай губерні, куды выязджае прадстаўніцтва паліткамісіі і асаблівага аддзелу разам з вайсковымі часткамі, якія прызначаны для зачысткі (інтэрнацыяналісты), пасьля прыбыцьця на месца ўся даная воласьць атачаецца войскамі і ў ёй усталёўваецца абложны стан. Бяруцца закладнікі зь ліку найбольш выбітных людзей (сьвятары, настаўнікі, фельчары і т.д.). Затым зьбіраецца валасны сход, на якім зачытваюцца загады №№ 130 і 171, а таксама прысуд гэтай воласьці. Усім яе жыхарам даецца дзьве гадзіны, каб выдаць зброю, схаваных бандытаў і іх сем’і. Усё насельніцтва воласьці апавяшчаецца, што ў выпадку адмаўленьня выдаваць усе закладнікі будуць расстраляныя. Калі праз дзьве гадзіны ня будзе выдана зброя і ўсе тыя, пра каго ідзе гаворка, дык ізноў, паўторна зьбіраецца сход і на вачах яго ўдзельнікаў праводзіцца расстрэл закладнікаў. І ўсё пачынаецца спачатку і так да таго часу, пакуль ня будуць выдадзеныя ўсе, пра каго ідзе гаворка. Усе астатнія прапускаюцца праз апытальныя камісіі, за адмовы даць ёй зьвесткі – расстрэл на месцы. У гэты час уезд і выезд ў воласьць цалкам забаронены.

Старшыня паўнамоцнай камісіі ВЦВК РСФСР – В.А.Антонаў-Аўсеенка

Камандуючы войскам Тамбоўскай губерні – М.Н.Тухачэўскі

ЗАГАД

Паўнамоцнай камісіі ВЦВК № 171

1. Кожнага, хто адмаўляецца называць сваё імя, расстрэльваць на месцы.

2. Сем’і, у якіх можа быць схаваная зброя, уладай паўнамоцнага абвяшчаць закладнікамі і расстрэльваць на месцы.

3. У выпадку знаходжаньня зброі расстрэльваць усіх на месцы.

4. Сям’я, у доме якой хаваўся бандыт, уся пагалоўна падлягае арышту, а маёмасьць іх канфіскуецца. Старэйшы працаўнік у сям’і расстрэльваецца на месцы, а сям’я высылаецца.

5. Кожная сям’я, якая хавала сямейнікаў ці маёмасьць “бандытаў”, разглядаецца сама як “бандыцкая”. Старэйшы працаўнік у гэтай сям’і расстрэльваецца на месцы.

6. Сялянам, якія паказалі на сям’ю, дзе хавалі “бандыта”, пераходзіць уся маёмасьць гэтай сям’і, а гэтая сям’я арыштоўваецца і падлягае высыланьню. Старэйшы працаўнік у гэтай сям’і расстрэльваецца на месцы.

7. У выпадку ўцёкаў сяім’і бандыта, ёй абвяшчаецца вышук, а маёмасьць разьмяркоўваецца сярод верных савецкай уладзе сялянаў.

Абодва гэтыя загады ажыцьцяўляць бязьлітасна.

Ішлі гады, і ўсе савецкія архівы кожны дзень паддаваліся вычышчэньню, зь іх выдалялася ўсё, што пралівала сьвятло на злачынствы камуністаў супраць рускага народу. Камуністы ўжо аднойчы былі навучаныя горкім досьведам, калі архівы ЧК трапілі ў рукі дзянікінскай контрвыведкі і была створана сьпецыяльная камісія па злачынствах ЧК. Гэтая камісія апублікавала за мяжой усе трапіўшыя ў яе рукі дакументы ЧК, і сьвет схамянуўся ад жаху. Тамбоўскі архіў, як і ўсе астатнія, таксама быў паддадзены татальным вычышчэньням. А колькі было ўсяго таго, што ніколі не адлюстроўвалася ні ў якіх дакументах?

Вось як пра гэта казаў адзін з тамбоўскіх чэкістаў, нехта Гольдзін: “Для расстрэлу нам ня трэба ніякіх доказаў і допытаў, а таксама падазрэньняў і, вядома ж, нікому не патрэбнага, бязглуздага справавоцтва. Мы лічым патрэбным расстрэльваць і расстрэльваем”. Вось і усё. Чаго яшчэ прасьцей. Няма чалавека і няма праблемаў.

Два вялікія канцэнтрацыйныя лагеры пад час зачышчэньня былі арганізаваныя камуністамі ў самым губернскім цэнтры – Тамбове. Адзін быў стацыянарны, побач з турмой, там, дзе сёньня знаходзіцца выпраўленча-працоўная калонія (сьвятое месца пустым не бывае), а другі на супрацьлеглым беразе Цны, насупраць Казанскага манастыра, дзе ў той час разьмяшчалася Тамбоўская губернская ЧК. Абодва гэтыя лагеры, як і ўсе ў губерні, былі арганізаваныя паводле загаду будучага маршала Савецкага Саюза. У першым стацыянарным канцэнтрацыйным лагеры была ў свой час жонка партызанскага галаўкама Такмакова – Анастасія Дрыга-Дрыгіна. Другі лагер насіў імя польнага, таму што ўсе вязьні яго сядзелі на вялікім заліўным лузе і ня мелі над сабой ніякага даху. Дахам лагера было само неба, і адтуль сьвяціла сонца і лілі дажджы. Са ўсяго Тамбоўскага ўезда ў гэтыя лагеры везьлі безупынна дзяцей, старых і жанчын, і ўсё гэта былі сем’і ўдзельнікаў супраціву. Абодва гэтыя лагеры ахоўваліся наёмнікамі кітайцамі, латышамі і мадзярамі, якіх камуністы лічылі карыснай аховай праз тое, што яны амаль ня ведалі рускай мовы і былі цалкам нечульлівай да ўгавораў аховай. Сьмерць ад голаду не пакідала гэтыя месцы. Зьняволеных кармілі сыра-гнілой бульбай, буракамі й іншай сырой гароднінай. Усіх дзяцей у матак аднімалі і яны знаходзіліся ў розных лагерах, пакідалі маткам толькі немаўлятаў, якія першымі паміралі, бо ў галодных мацярок прападала малако. Хутка другі польны лагер раздзьмуўся ад зьняволеных у яго людзей і чэкісты вымушаныя былі адкрыць яго філію ў самых межах горада, непадалёк ад ГубЧК на цяперашняй Кранштацкай плошчы, дзе калісьці знаходзілася старажытныя казацкія могілкі.

Гэтая плошча тады звалася Пакроўскай. На ёй камуністы і вырашылі заснаваць філію другога польнага лагера. Плошчу абставілі па перыметры сялянскімі вазамі й падводамі. На балконе Духоўнай семінарыі ўсталявалі кулямёт, а другі – на адной з дзьвюх цэркваў. Такім чынам і была зроблена філія другога польнага канцлагера Тамбова. Затым прыгналі сюды з усяго ўезду дзяцей, жанчын і старых. Рэжым філіі другога лагера быў жахлівым з-за таго, што ён знаходзіўся ў рысе самога гораду. Усялякі рух па ім ва ўвесь рост быў забаронены, кітайцы і латышы стралялі, каб забіць кожнага, хто толькі ўставаў на ногі. Людзі сядзелі шчыльна на яго тэрыторыі, як селядцы ў бочцы. Прыбіральняў не было і кожны апраўляўся на тым месцы, дзе сядзеў, зарываючы ў зямлю свае фекаліі. Латышы ды кітайцы прывозілі на вазах гнілую гародніну і рыдлёўкай раскідвалі яе ў гушчу людзей. Гародніну атрымлівалі тыя, хто быў з краю, а ў глыбіні лагера паміралі бездапаможныя старыя і хворыя. Трупы памерлых вывозілі ня кожны дзень і яны гнілі на сонцы, пакрываючы ўсё трупным пахам. Людзі, якія страчвалі розум ад голаду, елі й гэтыя трупы. Некаторыя ўставалі ва ўвесь рост, спрабуючы нарвацца на кулі аховы, але тыя хутка спынілі страляць, бо зразумелі намеры людзей пакінуць жыцьцё. На месца памерлых прыганялі новых людзей. Былі няўдалыя ўцёкі дзяцей школьнага ўзросту, якіх усіх пакасіў кулямёт з балкону Духоўнай семінарыі. Першыя ахвяры – гэта старыя і грудныя немаўляты, памерлыя ад голаду.

Сярод лагернікаў у дадатак да голаду пачалася яшчэ і нейкая эпідэмія. Больш паловы вязьняў былі дзеці. І санітарны ўрач Тамбова Юстаў сказаў чэкістам, што эпідэмія можа перакінуцца на горад, што яе ахвярамі могуць стаць і яны. Тады лагер з горада прыбралі, але лёс людзей, якія засталіся жывымі, не зьмяніўся – іх проста перавялі паміраць у іншае месца.

Шмат якія турмы суседніх з Тамбовам гарадоў былі ўшчыльную набітыя сем’ямі паўстанцаў. З дзесятак тысяч іх напаўжывых здолелі давезьці да Салаўкоў. Пазьней іх сустракалі на Ўрале ў Вішэрскіх лагерох сьмерці, пакуль яны ўсе не згубіліся ў ліхаманцы савецкіх лагероў. Увосень 1921 года ў паўночныя лагеры людзей везьлі распранутымі й разбутымі. Часта яны прыбывалі туды ўжо трупамі, паколькі замярзалі ў неапальваных вагонах. Так што і там, у гэтых паўночных краях, засталіся ляжаць косткі тамбоўскіх сялянаў.

“Крывавая Соня” ды іншыя камісагы

Падзеі на Тамбоўшчыне разгортваліся, вядома, не паўсюль аднолькава, але адназначна народ хацеў законнай улады і не жадаў прызнаваць угалоўнікаў.

Жыхары вёскі Казлоўка, якія захавалі памяць, распавялі наступны выпадак. Туды ўвайшоў “лятучы атрад”, у задачу якога ўваходзіла ўсталяваньне савецкай улады і, як павялося, абрабаваць сельскія лаўкі й чайныя ўстановы. Бальшавікі сагналі ўсіх жыхароў да царквы на сход. Камісар гэтага атрада ў пенснэ і з чорнай бародкай, на выгляд добры дзядзечка, крэхчучы ўзлез на тачанку з кулямётам і зьвярнуўся да сялянаў з прамовай. Ён сказаў, што з гэтага часу ў іх цяпер будзе савецкая ўлада, ад якой ім нічога ня будзе, акрамя добрага, а таму трэба будзе ім стварыць раду зь мясцовых жыхароў. Далей ён папрасіў, каб сход назваў яму ўсіх паважаных людзей.

Сяляне, параіўшыся паміж сабой, вырашылі, што калі ў гэтай радзе будуць усімі паважаныя людзі, няхай будзе рада. І пачалі называць імёны ўсіх паважаных людзей.

Калі былі названыя ўсе, камісар ласкавым тонам запрапанаваў усім ім выйсьці да тачанкі. Калі тыя выйшлі, іх адразу ж узялі ў кола кітайцы і, шчоўкаючы затворамі сваіх вінтовак, сталі адціскаць да царкоўнай сьцяны. Раздалася каманда і прагучаў вінтовачны залп. Сярод народу раздаўся істошны жаночы енк, а затым загаласілі й усе іншыя жанчыны.

Мужыкі, шакаваныя адбылым, не маглі прыйсьці да сябе ад такой подласьці камісара. Выходзіла, што яны яму выдалі на сьмерць ўсіх, каго паважалі.

Першымі на кітайцаў і ды іншых атраднікаў кінуліся бабы, а потым схамянуліся і мужыкі. Схапілі аглоблі й калы. Прагучалі асобня стрэлы, але народ ужо зьмяў Красную гвардыю сваёй масай. Камісар кінуўся да кулямёта, але ў таго перакасіла ленту. Азьвярэлы народ адбірал у кітайцаў вінтоўкі й забіваў іх каламі й аглоблямі, таптаў нагамі пад вой ды крыкі. Апроч расстраляных зь вяскоўцаў загінулі некалькі бабаў і адно дзіцё чатырох гадоў. Хутка ўвесь атрад быў зьнішчаны азьвярэлым натоўпам, а камісара ледзь жывога з выбітымі вачыма мужыкі падцягнулі да козлаў для распілкі дроваў і, трымаючы на іх за ногі й галаву, нягледзячы на енкі, распілавалі жыўцом папалам…

У многіх вёсках і паселішчах яшчэ сёньня памятаюць пра “Красную Соню (С.Н.Гельберг)”, якая камандавала “лятучым атрадам” з рэвалюцыйных матросаў, анархістаў і мадзяр. Яна пачала дзейнічаць увесну 1918 года. Увайшоўшы ў вёску ці паселішча, яна ў першую чаргу прыступала да ліквідацыі усіх паважаных людзей і стварала там рады з п’янчух і люмпенаў, бо працавітыя сяляне туды ўваходзіць не жадалі.
Гэтую Соню яшчэ звалі “Крывавай Соняй”. Абодва свае прозьвішчы яна цалкам заслужыла, бо любіла ўласнаручна расстрэльваць афіцэраў, сьвятароў і гімназістаў, робячы гэта зь велізарным задавальненьнем. Яна атрымлівала асалоду ад пакутаў сваіх ахвяр, расстрэльваючы іх на вачах жонак і дзяцей, дый яшчэ усяляк зьдзеквалася са сваіх ахвяр.

Пагалоскі пра яе разьляталіся па многіх уездах, так што людзі, якія ніколі ня бачылі яе навочна, добра пра яе ведалі. Пасьля яе адыходу зь вёскі створаныя ёю рады адразу ж разьбягаліся. Соня накіроўвалася на новае месца. Там яна ізноў катавала і расстрэльвала людзей.

Так сяляне ўвачавідкі сутыкаліся з тым, як стваралася савецкая ўлада. Гэта было новым для іх. Тамбоўскія сяляне не жадалі сабе такой улады, а бальшавікі жадалі падпарадкаваць іх страхам, даўшы зразумець, што жартаваць яны ня будуць…

Аднак хутка жах ад першых злачынстваў Соні й такіх, як яна, стаў замяняцца воляй да супраціву. Многія сяляне былі на фронце ў час Першай сусьветнай вайны і прывезьлі з сабой зброю. Там, дзе не пасьпелі пабываць “лятучыя атрады” новай улады, сяляне пачалі арганізоўваць самаабарону. Калі да вёскі ці іншага паселішча набліжаўся “лятучы атрад”, сяляне абвяшчалі звонам сваю вёску і пасылалі хлопчыкаў у бліжэйшыя вёскі за падмогай, а самі займалі абарону. Сяляне займалі пазіцыі, уступалі ў бой зь “лятучкамі” й чакалі дапамогі ад суседзяў, якая абавязкова прыходзіла.

У выніку, у пачатку вясны 1918 года пачалася сялянская вайна ў Тамбоўскай губерніі, якая працягвалася больш за тры гады. Атрад “Краснай Соні” хутка быў разьбіты і зьнішчаны сялянамі, а Соня была ўзятая жывой і па прысудзе некалькіх вёсак пасажана на кол, дзе ёй давялося паміраць на працягу трох дзён…

Як кажа прымаўка: “Што пасееш, тое і пажнеш”.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Існуе такая кніга: S. Courtois, N. Werth, J.-L. Panne, A. Paczkowski, K. Bartosek, J.-L. Margolin avec la collaboration de R. Kauffer, P. Rigoulot, P. Fontaine, Y. Santamaria, S. Boulouque, «Le Livre Noir Du Communisme: Crimes, Terreur et Repression», Editions Robert Laffont, S.A. Paris, 1997.
    Ёсць пераклад на расейскую мову: С. Куртуа, Н. Верт, Ж.-Л. Панне, А. Пачковски, К. Бартошек, Ж.-Л. Марголен, при участии Р. Коффер, П. Ригуло, П. Фонтен, И. Сантамария, С. Булук, «Черная книга коммунизма: преступления, террор, репрессии», Три Века Истории, М., 1999, пер. под рук. Е.Л. Храмова. Нажаль няма перакладу на нашу мову.
    Кніга складаецца з 5-ці частак: 1.«Государство против своего народа»; 2.«Мировая революция, гражданская война и террор»; 3.«Восточная Европа – жертва коммунизма»; 4.«Коммунистические режимы Азии: от «перевоспитания» – к кровавой резне»; 5.«Третий мир». У інтэрнэце ёсць 1-я частка.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы