nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Каго ўзвышае цяперская ўлада. Частка 3: Дзіцячы ГУЛАГ

Лістапад 7, 2008 | Няма каментараў

Аляксандр Якаўлеў – архітэктар кароткай вясны Расеі (паводле www.gulag.ipvnews.org/article20060911.php)

Т��о� дзе�� 1.JPG

Няма большай подласьці, чым вайна ўлады з дзецьмі з выкарыстаньнем усёй моцы карнага апарату. Абапіраючыся на ўказаньні Палітбюро ЦК, асабіста Леніна і Сталіна, бальшавікі стварылі асаблівую сістэму “апальнага дзяцінства”. Гэтая сістэма мела ў сваім распараджэньні дзіцячыя канцэнтрацыйныя лагеры і калоніі, мабільныя прыёмна-разьмеркавальныя пункты, сьпецыяльныя дзіцячыя дамы і ясьлі. Дзеці павінны былі забыць, хто яны, адкуль родам, хто і дзе іхныя бацькі. Гэта быў асаблівы – дзіцячы ГУЛАГ… (уверсе прапагандысцкі фотаздымак: Сталін і Молатаў на стадыёне “Дынама” ў Маскве прымаюць кветкі ад дзяцей у час фізкультурнага парада).


Ілюстрацыя ўнізе
: Толькі выпадкова чалавек з фотаапаратам, нават у форме НКВД, мог трапіць туды, дзе савецкая ўлада гнабіла дзесяткі тысяч дзяцей уласнага народу. Але ўсё ж некалькі такіх здымкаў засталіся ў архівах.

“Пераступіў парог, – дзеці. Велізарная колькасьць дзяцей да 6 гадоў. У маленькіх ватоўках, у маленькіх ватных штанішках. І нумары – на сьпіне і на грудзях. Як у вязьняў. Гэта нумары іх мацярок. Яны прывыклі бачыць каля сябе толькі жанчын, але чулі, што ёсьць яшчэ таты, мужчыны. І вось падбеглі да мяне, клічуць: “Тата, Татачка”. Гэта самае жахлівае – калі дзеці з нумарамі. А на бараках надпіс: “Дзякуй таварышу Сталіну за наша шчасьлівае дзяцінства!”…

З успамінаў калмыцкага паэта Давіда Кугульцінава.

Т��о� дзе�� 2.JPG

У 1919 годзе ў Петраградзе расстралялі крэўных афіцэраў 86-га пяхотнага палка, які перайшоў на бок белых, у тым ліку і дзяцей. У траўні 1920 года газеты паведамілі пра расстрэл у Елісаветградзе чатырох дзяўчынак 3-7 гадоў і старухі-маці аднаго з афіцэраў. “Горадам мёртвых” назвалі ў 1920 годзе Архангельск, дзе чэкісты расстрэльвалі дзяцей 12-16 гадоў.

Няма прабачэньня таму, што зафіксавана ў аператыўным загадзе Яжова №00486 ад 15 жніўня 1937 года “Аб аперацыі па рэпрэсаваньні жонак і дзяцей здраднікаў Радзімы”. Прывяду некаторыя палажэньні гэтага жахлівага дакумента:

“Падрыхтоўка да аперацыі.

Яна пачынаецца з дакладнай праверкі кожнай сям’і, прызначанай да рэпрэсаваньня. Зьбіраюцца дадатковыя кампраметуючыя матэрыялы. Затым на іх грунце складаюцца:

а) агульная даведка на сям’ю…;

б) асобная кароткая даведка на сацыяльна небясьпечных і здольных да антысавецкіх дзеяньняў дзяцей, старэйшых за 15-гадовы ўзрост;

в) імянныя сьпісы дзяцей да 15 гадоў, асобна дашкольнага і школьнага ўзросту.

Сьпісы разглядаюцца наркамамі ўнутраных спраў рэспублік і старшынямі ўпраўленьняў НКВД краёў і вобласьцяў. Апошнія:

а) даюць санкцыі на арышт і ператрус жонак здраднікаў радзімы;

б) вызначаюць мерапрыемствы што да дзяцей арыштаванай.

Правядзеньне арыштаў і ператрусаў.

Арышту падлягаюць жонкі, якія знаходзяцца ў юрыдычным ці фактычным шлюбе з асуджаным на момант яго арышту. Пад арышт падпадаюць таксама і жонкі, якія знаходзяцца з асуданым у разводзе на момант яго арышту, але маючыя дачыненьне да контррэвалюцыйнай дзейнасьці асуджанага, якія хавалі яго, ведалі пра яго контррэвалюцыйную дзейнасьць, але не паведамілі пра гэта органам улады. Пасьля выкананьня арышту і ператрусу арыштаваныя жонкі асуджаных канваіруюцца ў турму. Адначасова паводле парадку, які паказаны ніжэй, вывозяцца і дзеці.

Парадак афармленьня спраў.

На кожную арыштаваную і на кожнае сацыяльна небясьпечнае дзіця, старэйшае за 15-гадовы ўзрост, заводзіцца сьледчая справа. Яны накіроўваюцца на разгляд Асаблівай нарады НКВД СССР.

Рагляд спраў і меры пакараньня. Асаблівая нарада разглядае справы на жонак здраднікаў радзімы і тых іхных дзяцей, старэйшых за 15-гадовы ўзрост, якія зьяўляюцца сацыяльна небясьпечнымі й здольнымі да зьдзяйсьненьня антысавецкіх дзеяньняў. Сацыяльна небясьпечных дзяцей асуджаных, у залежнасьці ад іх узросту, ступені небясьпекі й магчымасьці выпраўленьня, належыць заключаць у лагеры альбо выпраўленча-працоўныя калоніі НКВД, альбо накіраваньню ў дзіцячыя дамы асаблівага рыжыму Наркамасьветы рэспублік.

Парадак выкананьня прысудаў.

Асуджаныя сацыяльна небясьпечныя дзеці накіроўваюцца ў лагеры, выпраўленча-працоўныя калоніі НКВД альбо ў дамы асаблівага рэжыму Наркамадукацыі рэспублік у адпаведнасьці з персанальным накіраваньнем ГУЛАГу НКВД для першай і другой груп і АХУ НКВД СССР – для трэцяй групы.

Разьмяшчэньне дзяцей асуджаных.

Усіх дзяцей-сірот, якія засталіся пасьля асуджэньня, разьмяшчаць:

а) дзяцей ва ўзросьце ад 1-1,5 гадоў да 3-х поўных гадоў у дзіцячых дамах і ясьлях Наркамздраваў рэспублік у пунктах жыхарства асуджаных;

б) дзяцей ва ўзросьце ад 3-х поўных гадоў да 15 гадоў – у дзіцячых дамах Наркамадукацыі іншых рэспублік, краёў і вобласьцяў (адпаведна ўсталяванай дыслакацыі) і па-за Масквой, Ленінградам, Кіевам, Тбілісі, Мінскам, прыморскімі й памежнымі гарадамі.

У адносінах да дзяцей, старэйшых за 15 гадоў, пытаньне вырашаецца індывідуальна.

Немаўляты накіроўваюцца разам зь іх асуджанымі маткамі ў лагеры, адкуль па дасягненьні ўзросту 1-1,5 гадоў перадаюцца ў дзіцячыя дамы і ясьлі Наркамздраваў рэспублік. У тым выпадку, калі сіротаў пажадаюць узяць крэўныя (не рэпрэсаваныя) на сваё поўнае ўтрыманьне, гэтаму не перашкаджаць [і на тым, як кажуць, дзякуй. – Рэд.].

Падрыхтоўка да прыёму і разьмеркаваньня дзяцей.

У кожным горадзе, у якім адбываецца аперацыя, адмыслова абсталёўваюцца прыёмна-разьмеркавальныя пункты, у якія будуць дастаўляцца дзеці адразу пасьля арышту іх мацярок і адкуль дзеці будуць накіроўвацца затым па дзіцячых дамах”.

У які раз я перачытваю гэты загад і кожны раз мяне апаноўвае зьбянтэжанасьць: ці не падробка ўсё гэта? На жаль, так яно і было…

Па стане на 4 жніўня 1938 года ў рэпрэсаваных бацькоў былі забраныя 17.355 дзяцей і планавалася забраць яшчэ 5.000 дзяцей.

21 сакавіка 1939 года Берыя паведаміў Молатаву пра тое, што ў “… выпраўленча-працоўных лагерах ў зьняволеных мацярок знаходзіцца 4.500 дзяцей ясельнага ўзросту, якія прапанаваў забраць у мацярок і наперад прытрымлівацца падобнай тактыкі. Дзецям пачалі даваць новыя імёны і прозьвішчы”.

Адной з зачэпак да чарговага ўзмацненьня жорсткасьці крымінальнага заканадаўства ў адносінах да дзяцей стаў ліст Варашылава ад 19 сакавіка 1935 года, накіраваны на імя Сталіна, Молатава і Калініна. Дзевяцігадовы (!) падлетак напаў з нажом на сына намесьніка пракурора Масквы Кобленца. Варашылаў зьдзіўляўся: чаму б “падобных мярзотнікаў” не расстрэльваць?

Адгукаючыся на просьбу аб расстрэлах дзяцей, ЦВК і СНК СССР 7 красавіка 1935 года выдае пастанову “Аб мерах барацьбы са злачыннасьцю сярод непаўнагадовых”. У ёй гаворыцца: “… непаўнагадовых, пачынаючы з 12-гадовага ўзросту, прыцягваць да крымінальнага суду з выкарыстаньнем захадаў крымінальнага пакараньня”. У сувязі з гэтым паўстала пытаньне пра магчымасьці прымяненьня да дзяцей вышэйшай меры пакараньня. Тлумачэньне Палітбюро ад 20 красавіка 1935 года пацьвярджала, што ў шэраг мераў крымінальнага пакараньня ўваходзіць таксама і вышэйшая мера – расстрэл.

У траўні 1941 года НКВД выдае распараджэньне пра стварэньне агентурна-паведамляльнай сеткі ў працоўных калоніях падлеткаў. Рэзідэнтамі павінны быць члены ВКП(б)…

Яскравым прыкладам фальсіікацыі абвінавачваньняў супраць непаўнагадовых зьяўляецца справа 16-гадовага Юрыя Каменева, расстралянага па выраку Вайсковай калегіі ад 30 студзеня 1938 года. Ня маючы ніякіх доказаў яго вінаватасьці, Вайсковая калегія ў сваім выраку падала: “Каменеў знаходзіўся пад ідэйным уплывам сваіго бацькі – ворага народу Каменева Л.Б., засвоіў тэрарыстычныя ўстаноўкі антысавецкай, трацкісцкай арганізацыі; зьяўляючыся ўзлаваным рэпрэсіяй, якая была выкарыстана супраць яго бацькі, як ворага народу, Юры Каменеў у 1937 годзе ў г.Горкім выказваў сярод навучэнцаў тэрарыстычныя намеры ў адносінах да кіраўнікоў ВКП(б) і Савецкай улады”.

У гады Айчыннай вайны гітлераўцы гналі дзяцей у адзін бок – у Нямеччыну, а сталінцы ў іншы – у Сярэднюю Азію, Казахстан, на Ўсход. У далёкія краі паехалі дзеці немцаў, чачэнцаў, калмыкаў, інгушоў, карачаеўцаў, балкарцаў, крымскіх татар, балгар, грэкаў, армян, турак-месхецінцаў, курдаў, а пасьля вайны – украінцаў, эстонцаў, латышоў, летувісаў [пра беларусаў, як найчасьцей бывае, забылі… – Рэд.]. На красавік 1945 года ў Казахстане, Кіргізіі й Узбекістане апынулася 34.700 дзяцей-карачаеўцаў менш за 16 гадоў. Ва Ўзьбекістан прывезьлі 46.000 дзяцей з Грузіі. У першыя гады жыцьця на новых месцах сьмяротнасьць сярод перасяленцаў дасягнула 27% у год. У асноўным гэта былі дзеці…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы