nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Каго ўзвышае цяперская ўлада. Частка 7: Дзіўная “інтэвенцыя” Антанты

Лістапад 20, 2008 | Каментары (1)

Т��о� �н�ан�а.JPG

Вялікае значэньне для разуменьня зьместу падзей у Расеі, якія мелі месца ў сувязі з бальшавіцкім пераваротам, мае таксама аналіз паводзін краін Антанты, якія, здавалася б, павіны былі быць галоўнымі ворагамі бальшавікоў. Тым больш, што пра першыя пасьлярэвалюцыйныя гады нават Ленін казаў наступнае: “На працягу трох гадоў на тэрыторыі Расеі былі арміі англійская, француская, японская. Няма сумневу, што самага малога напружаньня сілаў гэтых трох дзяржаў было б цалкам дастаткова, каб за некалькі месяцаў атрымаць перамогу над намі” (ПСС, т. 42, с.22). А, можа, правільна сказана ў адной з крыніц (www.volk59.narod.ru/inter14.htm): “Славутай “інтэрвенцыі 14 краін супраць савецкай рэспублікі” проста не было. Задача зьнішчыць бальшавіцкую ўладу шляхам прамых ваенных дзеяньняў ставілася толькі аднойчы – 27 кастрычніка 1918 года францускім прэм’ерам Клемансо. Але і тады высаджаныя на поўдні Украіны і ў Крыме дзьве французскія дывізіі нават не ўступілі ў баявое сутыкненьне з войскамі бальшавікоў”. Вось мы і маем чарговы цікавы факт, які патрабуе разьбіральніцтва. Матэрыял ілюструе бальшавіцкі прапагандысцкі плакат і фота некаторых заходніх паліыткаў (Парыж, 1919 год. Зьлева направа: Лойд-Джордж, В.Арланда, Ж.Клемансо, В.Уільсан).

Рэдакцыя.

    

1. Што такое Антанта? (паводле ru.wikipedia.org; www.hrono.info/organ/antanta.html).

Антанта  (фр. entente – згода) – гэта ваенна-палітычны блок Англіі, Францыі й Расеі, які склаўся ў асноўным у 1904-07 гг. і завяршыў размежаваньне вялікіх краін напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Іншая назва Антанты – “Трохбаковая пагадненьне”. Стварэньне Антанты было рэакцыяй на стварэньне “Трохбаковага Союзу” ў складзе Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны й Італіі, дый увогуле на ўзмацненьне Нямеччыны, каб не дапусьціць яе гегемоніі на кантыненце.

У час 1-й сусьветнай вайны на баку Антанты сабралося больш за 20 краін, у т.л. Японія і ЗША. Тэрмін “Антанта” пачаў выкарыстоўвацца для абазначэньня ўсёй антыгерманскай кааліцыі.

 

2. Кароткая версія інтэрвенцыі Антанты ў Расею пададзена тут: ru.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BD%D1%82%D0%B0.

“Вялікабрытанія і Францыя, якія бачылі, што ўладу ў Расеі атрымалі бальшавікі, прынялі рашэньне аб пачатку ваеннай інтэрвенцыі ў Расею, бо яе выхад з вайны ствараў для Антанты і катастрафічную ваенную персьпектыву, і ператвараў Расею ў сыравінны дадатак Нямеччыны.

22 сьнежня 1917 г. канферэнцыя прадстаўнікоў краін Антанты ў Парыжы прызнала неабходнасьць падтрымліваць сувязь з антыбальшавіцкімі ўрадамі Украіны, казацкіх вобласьцяў, Сібіры, Каўказу ды Фінляндыі й адкрыць ім крэдыты. Акрамя таго, ужо 23 сьнежня было падрыхтаванае англа-францускае пагадненьне аб падзеле сьфераў уплыву ў Расеі: у зону Вялікабрытаніі ўвайшлі Каўказ і казацкія вобласьці; у зону Францыі – Бесарабія, Украіна, Крым. Сібір і Далёкі Ўсход разглядаліся як зона ўплыву ЗША і Японіі.

Пасьля заключэньня Брэсцкага міру паміж Расеяй і Нямеччынай 3 сакавіка 1918 года, Антанта заявіла аб сваім непрызнаньні гэтага пагадненьня, але да ваенных дзеяньняў супраць савецкай улады так і не прыступіла… 

6 сакавіка нешматлікі англійскі дэсант – дзьве роты марпехаў – высадзіўся ў Мурманску для запабяганьня захопу немцамі аграмаднай колькасьці вайсковых грузаў, якія былі пастаўлены саюзьнікамі ў Расею, але ніякіх варожых дзеяньняў супраць савецкай улады не рабіў. 

У адказ на забойства двух японскіх грамадзян 5 красавіка 1918 г. дзьве роты японцаў высадзіліся ў Уладзівастоку, але праз два тыдні былі вернутыя на караблі.

Пасьля паразы Нямеччыны ў лістападзе 1918 года Антанта заняла прычарнаморскія гарады: Адэсу, Севастопаль, Мікалаеў, а таксама Закаўказьзе. Аднак, акрамя батальёна грэкаў, які ўдзельнічаў у баях супраць атрадаў атамана Грыгор’ева, іншыя войскі Антанты, так і не прыняўшы бою, у красавіку 1919 года эвакуяваліся з Адэсы і Крыма.

На Далёкім Усходзе Японію стрымлівалі амерыканцы…

Матэрыяльная і эканамічная дапамога Беламу руху працягвалася з боку Антанты да заключэньня Версальскага міру, які аформіў паразу Нямеччыны ў вайне. Пасьля гэтага дапамога заходніх саюзьнікаў Беламу руху спынілася” (Канец цытаты).

Такім чынам, з гэтага кароткага паведамленьня бачна, што краіны Антанты дзейнічалі супраць свайго ў будучым самага небясьпечнага ворага вельмі млява, хаця мелі ўсе шанцы яшчэ ў 1917-20 гг. цалкам вырашыць “бальшавіцкую праблему”. Прычынаў такіх паводзін мы ў дадзеным тэксьце ня бачым, таму вымушаны падаць ніжэй значна больш аб’ёмны інфармацыйны матэрыял, які так і названы “Чаму Захад ня стаў ваяваць супраць большавікоў?” (узята з www.volk59.narod.ru/interpost.htm; тэкст скарочаны).

 

3. Чаму Захад ня стаў ваяваць супраць большавікоў?

Базісныя ідэі камунізму – скасаваньне прыватнай уласнасьці й ліквідацыя свабоды асобы, прычым, у маштабах усёй планеты – мелі на ўвазе разбурэньне заходняй цывілізацыі. Чаму ж заходнія краіны не прыклалі дастаткова высілкаў для ліквідацыі камуністычнага рэжыму ў Расеі непасрэдна пасьля 1917 года?

Характэрнай ёсьць амерыканская пазіцыя ў стаўленьні да бальшавіцкай рэвалюцыі, агучаная тагачасным (1917 год) дзяржсакратаром Робертам Лэнсінгам: “Расея стаіць на парозе самай жахлівай трагедыі ў сусьветнай гісторыі. Яна пагружаецца ў кровапраліцьцё, беззаконьне і гвалт. “Красны Тэрор” пераўзыдзе жорсткасьцю і маштабамі сьмерцяў і разбурэньняў уласнасьці Тэрор Францускай рэвалюцыі. Што да іншых сілаў, якія змагаюцца за ўладу ў Расеі, дык іх мэты і дзеяньні выглядаюць занадта няпэўнымі, каб давяраць хаця б адной з гэтых груповак”. І Лэнсінг дае прэзідэнту ЗША В.Уілсану адзіную параду: “не рабіць нічога, пакуль у Расеі не завяршыцца чорны перыяд тэрарызму[зьвяртаем увагу, такую цынічную параду мог даць толькі чалавек, які быў зацікаўлены ў тэроры ў Расеі. – Рэд.].

Што да пазіцыі брытанскага ўраду, дык прэм’ер-міністар Лойд Джордж пазьней прызнаў у сваіх мемуарах: “Мы не былі надта заклапочаныя ўнутранымі праблемамі Расеі. Перад намі стаяла толькі ваенная праблема – як папярэдзіць узмацненьне Нямеччыны праз прыдбаньне ёю расейская пшаніцы і нафты ў выніку сепаратнага міру з бальшавікамі”.

Брытанскі міністар замежных справаў Артур Балфур у мемарандуме да кабінету ад 9 сьнежня 1917 напісаў: “Бальшавікі – небясьпечныя летуценьнікі, якія абапіраюцца з аднаго боку на германскае золата, з другога – на нежаданьне рускай арміі ваяваць. Аднак наперакор пункту гледжаньня некаторых чальцоў кабінету, я цьвёрда ўпэўнены, што ў інтарэсах Брытаніі трэба пазьбягаць як мага даўжэй наўпроставага сутыкненьня з гэтым вар’яцкім рэжымам”.

Зрэшты, яшчэ 21 лістапада 1917 Балфур запрапанаваў на паседжаньні кабінету ўвайсьці ў зносіны з атаманам данскіх казакаў Каледзіным. Пры гэтым міністар падкрэсьліваў, што “трэба зрабіць усё, каб ня склалася ўражаньне, што Брытанія прыняла чый-небудзь бок ва ўнутрырасейскім канфлікце”. Каледзін быў патрэбны Брытаніі толькі як перашкода на шляху немцаў да расейскіх рэсурсаў.

1 сьнежня 1917 на канферэнцыі ў Парыжы прэм’ер-міністры краінаў-саюзьнікаў вырашылі адаслаць англа-францускую місію да данскіх казакаў. Аднак, па прабыцьці на Дон, гэтая місія высьветліла, што казакі зусім не палаюць жаданьнем ваяваць зь кім-небудзь. 11 лютага 1918 атаман Каледзін застрэліўся, бо на абарону Дона былі гатовыя стаць толькі 147 ваяроў.  

Тая ж Добраахвотніцкая армія, якая фармавалася на Доне пад кіраўніцтвам генерала Карнілава, таксама не ўяўляла сур’ёзнай ваеннай сілы – у ёй было 36 генералаў і каля дзьвюх тысяч афіцэраў, але ўсяго толькі каля тысячы салдат (улучна зь юнкерамі, студэнтамі, кадэтамі й гімназістамі).

Першыя прапановы аб інтэрвенцыі

У студзені 1918 урады Брытаніі й Францыі высунулі прапанову аб высаджваньні саюзнага войску ва Ўладзівастоку. Пры гэтым Брытанія і Францыя мелі на ўвазе, што інтэрвенцыя на Далёкім Усходзе павінна быць ажыцьцёўлена ў асноўным Японіяй.

Адказ прэзідэнта ЗША Ўілсана на прапанову Лондана і Парыжа быў пачцівы, але цьвёрды: “Не”. Паводле меркаваньня Вашынгтона – “такая эксьпедыцыя хутчэй за ўсё будзе ўспрынятая як зьнявага тымі рускімі, якія зараз сымпатызуюць Саюзьнікам, і ў выніку ўсе групоўкі ў Сібіры аб’яднаюцца супраць інтэрвентаў”.

Японцы ж адрэагавалі на прапанову Брытаніі й Францыі неадкладным адпраўленьнем на рэйд Уладзівастока двух крэйсераў. Токіа толькі хацеў эканамічна замацавацца на Далёкім Усходзе. Аднак высаджваньне японскага дэсанту не адбылося – прэзідэнт ЗША Ўілсан выказаў сваё незадавальненьне адпраўленьнем ва Ўладзівасток японскіх караблёў, а амерыканскі амбасадар у Токія выразна даў зразумець японскаму ўраду, што “высаджваньне замежнага войска ва Ўладзівастоку непажаданае”.

Капітуляцыя бальшавікоў перад Нямеччынай

10 лютага 1918 Троцкі на перамовах аб сепаратным міры зь немцамі выказаў сваю вядомую формулу “Ні вайны, ні міру”.

16 лютага немцы папярэдзілі бальшавікоў, што замірэньне будзе доўжыцца яшчэ толькі двое сутак. Адказу не было. 18 лютага 1918 немцы перайшлі ў наступ. Супраціву ім не аказвалася. За пяць дзён наступленьня немцы прасунуліся на 250 км, захапілі дзьве тысячы пушак, соткі лакаматываў і грузавікоў, тысячы вагонаў з рознымі грузамі. Немцы падалі бальшавікам чарговы ўльтыматум, яшчэ больш жорсткі, чым раней.

23 лютага 1918 года Цэнтральны камітэт партыі бальшавікоў па патрабаваньні Леніна, які пагражаў самай страшнай пагрозай – сваёй адстаўкай, прыняў рашэньне цалкам капітуляваць перад Германіяй. Згодна з умовамі Брэсцкага міру, Расея адмаўлялася ад суверэнітэту над Украінай, Польшчай, Фінляндыяй, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй [пра Беларусь зноўку забылі. – Рэд.].

Расея таксама абавязвалася цалкам дэмабілізаваць армію, у тым ліку і наноў утвораныя бальшавікамі вайсковыя часткі (дзіўна, але менавіта гэты дзень – 23 лютага 1918 года – стаў сьвяткавацца бальшавікамі як дзень стварэньня Краснай Арміі!).

Пачатак інтэрвенцыі

У пачатку сакавіка 1918 адбылося высаджваньне дэсанту Саюзьнікаў у Мурманску. Яно не суправаджалася дыпламатычнымі намаганьнямі. На рэйду Мурманска знаходзіліся брытанскі лінкор, крэйсер і 6 тральшчыкаў – яны суправаджалі параходы з вайсковымі грузамі, якія пастаўляліся Расеі Саюзьнікамі. У горадзе кіраваў савдэп, старшыня якога, былы докер Аляксей Юр’еў, не падзяляў паражэнскіх ідэяў Леніна.

У лютым 1918 і ў брытанскіх маракоў, і ў Мурманскага савдэпу ўзьніклі падазрэньні аб небясьпецы рэйду на Мурманск немцаў і фінаў – з мэтай захопу вайсковых грузаў. 1 сакавіка савдэп тэлеграфаваў у Петраград, што брытанскі адмірал Кэмп прапануе любую дапамогу, улучна і вайсковую, для адбіваньня магчымага нападу немцаў на Мурманск.

У адказ на гэтую тэлеграму таварыш Троцкі загадаў прыняць любое садзеяньне Саюзьнікаў. Праз некалькі дзён у Мурманску высадзіліся дзьве роты брытанскіх марскіх пехацінцаў. Больш у адмірала Кэмпа сухапутных сілаў не было.

6 ліпеня 1918 прэзідэнт Ўілсан на нарадзе ў Белым Доме з чальцамі ўраду і вайсковым кіраўніцтвам краіны паведаміў пра планы Злучаных Штатаў ажыцьцявіць дзеяньні ў Сібіры разам зь Японіяй.

Згодна з гэтымі планамі меркавалася дапамагчы Чэхаславацкаму корпусу эвакуявацца з Расеі, каб прыняць удзел у вайсковых дзеяньнях супраць немцаў на Заходнім фронце. ЗША і Японія гарантавалі, што не пашкодзяць палітычнаму і тэрытарыяльнаму суверэнітэту Расеі.

Бальшавікі пачынаюць паказваць зубкі

31 жніўня 1918 адбыліся падзеі, якія павінны былі выразна паказаць заходнім краінам стаўленьне да іх бальшавіцкага рэжыму. Узброены натоўп чэкістаў уварваўся ў будынак брытанскай амбасады ў Петраградзе. Кэптэн Фрэнсіс Кромі, памочнік ваенна-марскога аташэ, адзін спрабаваў заступіць шлях нападнікам. Бальшавікі запрапанавалі кэптэну Кромі адсунуцца ўбок, іначай яго “забьюць, як сабаку”. У адказ брытанскі афіцэр стаў страляць па нападніках з рэвальвера. Двух бандытаў Кромі забіў, але і сам загінуў.

У той жа дзень ЧК захапіла Роберта Локарта, былога генеральнага консула Брытаніі ў Маскве, які фактычна выконваў у той час абавязкі брытанскага пасланьніка для кантактаў з бальшавіцкім урадам.

Аднак рэакцыя брытанскага кіраўніцтва на гэтыя выразна варожыя дзеяньні бальшавікоў была даволі стрыманая. Яно толькі інтэрнавала Максіма Літвінава, які неафіцыйна выконваў у Лондане дыпламатычную ролю, аналагічную да ролі Локарта ў Маскве, і накіравала тэлеграму бальшавіцкаму ўраду, дзе пагражала рэпрэсіямі над Троцкім і Леніным у выпадку, калі жыцьці брытанскіх падданых у Расеі будуць у небясьпецы. Пасьля гэтага пачаліся перамовы…

Брытанія прымае рашэньне

Толькі ў лістападзе 1918 брытанскі ўрад вырашыў усё ж афіцыйна падтрымаць адзін з бакоў нутрырасейскага канфлікту.

Ідэя “крыжовага паходу супраць бальшавікоў” адрыналася, бо “народ Расеі не прасіў аб гэтым”. Аднак была прызнана неабходнасьць падтрымаць наноў утвораныя дзяржавы ад Балтыкі да Чорнага мора. Таксама было вырашана захаваць прысутнасьць у Мурманску і Архангельску, падтрымаць Сібірскую эксьпедыцыю, наладзіць кантакты з генералам Дзянікіным, які зьбіраў сілы на Поўдні Расеі, і акупаваць у Закаўказьзі чыгуначную лінію ад Баку да Батума.

17 лістапада 1918 у Баку высадзіліся 2.000 брытана-індыйцаў пад камандаваньнем генерал-маёра Томсана.

Француская авантура

27 кастрычніка 1918 года прэм’ер-міністар Францыі Клемансо загадаў генералу Франшэ д’Эспэра, які камандаваў Салоніцкім фронтам (з 29 дывізій фронту 8 былі францускімі), высадзіць войскі ва Украіне, каб “ізаляваць і затым зьнішчыць рускі бальшавізм”.

Генерал д’Эспэра адказаў на гэты загад так: “Мае войскі не прыдатныя для наступу ў вялізнай, марознай краіне. Самае вялікае, што я змагу зрабіць – гэта заняць Адэсу і бліжэйшыя чарнаморскія порты”.

Зьдзяйсьненьне высадкі ва Украіну было перадаручана генералу Бертэла, галаве францускай ваеннай місіі ў Румыніі. 18 сьнежня 1918 г. ў Адэсе высадзіліся 1800 французаў і мараканцаў. Затым былі занятыя Севастопаль, Мікалаеў і Херсон. Усяго высадзіліся дзьве францускія і адна грэцкая дывізіі.

Аднак французы, арабы і негры ня толькі ня здолелі “ізаляваць, а затым і зьнішчыць рускі бальшавізм”, але і былі выціснутыя з Украіны нават не бальшавіцкімі войскамі, а ўсяго толькі партызанскімі атрадамі ўкраінскіх сялян атамана Грыгор’ева (былога штабс-капітана расейскай арміі). Ужо ў красавіку 1919 г. францускія і грэцкія войскі пакінулі Украіну і Крым…

І зноўку дыскусіі – “ваяваць ці сыходзіць?”

У сьнежні 1918 г. у Брытаніі адбыліся выбары, склад ураду памяняўся. Найбольш істотнае ў гэтым выпадку – прызначэньне Ўінстана Чэчыля ваенным міністрам.

23 сьнежня на паседжаньні брытанскага кабінэту, у якім удзельнічалі й прэм’ер-міністры дамініёнаў, Чэрчыль запатабаваў адказу на пытаньне: “Якая наша палітыка? Пакінуць рускіх, каб варыліся ва ўласным соку, ці паспрабаваць зрынуць уладу бальшавікоў?” Сам ваенны міністр прама выказаўся за другое – для чаго, на яго меркаваньне, трэба было сабраць вялікую армію.

Аднак Вільям Х’юз, прэм’ер-міністар Аўстраліі, заявіў: “Нам трэба сысьці з Расеі, і хай рускія маюць урад, які ім падабаецца”. У тым жа духу выказаліся міністар замежных спраў Балфур, паўднёваафрыканскі прэм’ер-міністар генерал Бота і лорд Мілнер.

Праз тыдзень гэтая дыскусія была працягнутая, і зноўку нічога не было вырашана. 31 сьнежня 1918 г. на паседжаньні Імперскага ваеннага кабінету Чэрчыль зноў выказаўся за актыўныя ваенныя дзеяньні супраць бальшавікоў “сіламі 5 вялікіх дзяржаў (Брытаніі, ЗША, Францыі, Японіі, Італіі). Па меркаваньні Чэрчыля – “за бальшавізм у Расеі выступае вельмі невялікая частка насельніцта, і ён будзе зьмецены ў выніку ўсеагульных выбараў, праведзеных з дапамогай саюзьнікаў”.

Аднак прэм’ер-міністар Лойд Джордж на гэтым паседжаньні зноў рэзка выказаўся супраць ваеннага ўмяшальніцтва ў Расеі. Ён запрапанаваў разьлічваць на тое, што “бальшавізм абрынецца сам”. Прэм’ер-міністар запрапанаваў запрасіць прадстаўнікоў усіх бакоў унутрырасейскага канфлікту на мірную канферэнцыю ў Парыж. Гэтая прапанова была ўхваленая Імперскім ваенным кабінетам.

Падыход Францыі да інтэрвенцыі ў Расеі таксама набыў зьмены за невялікі тэрмін. 13 сьнежня 1918 г. Клемансо тэлеграфаваў генералу Жанэну, галоўнакамандуючаму саюзнымі войскамі ў Расеі: “План Саюзьнікаў ня носіць наступальнага характару. Ён усяго толькі прадугледжвае не дазволіць доступу бальшавікам да Украіны, Каўказа, Сібіры, дзе арганізуюцца расейскія сілы, якія выступаюць за парадак”.

Што да Амерыкі, дык на паседжаньні брытанскага кабінэта 30 сьнежня 1918 года Лойд Джордж пераказаў сваю размову з прэзідэнтам Ўілсанам, які “выступаў рэзка супраць узброенай інтэрвенцыі ў Расею, асабліва супраць эксьпедыцый у Мурманску і Архангельску”.

Бальшавікі жадаюць чарговага Брэсцкага міру.

У той час як Захад аніяк ня мог вызначыцца са сваімі планамі што да бальшавікоў, тыя зноў пачалі жадаць нечага накшталт Брэсцкага міру. Прычым, на гэты раз ніхто ім ультыматума не падаваў, яны былі гатовыя пайсьці на вялікія саступкі, і матэрыяльныя, і тэрытарыяльныя.

Запрашэньне на Прынцавыя астравы.

Вялікія дзяржавы прынялі рашэньне арганізаваць сустрэчу ўсіх расейскіх урадаў і ўрадаў усіх краін, якія аддзяліліся ад Расеі, з прадстаўнікамі Саюзьнікаў на Прынцавых астравах у Мрамарным моры. Месца было абрана зь меркаваньняў, што ў гэтым выпадку бальшавікі ня ступяць на тэрыторыю якой-небудзь заходняй краіны.

Запрашэньне на сустрэчу было апублікаванае ў друку і перададзена па радыё. Такі спосаб быў абраны, каб пазьбегчы прамых кантактаў з бакамі расейскага канфлікту і праз гэта прызнаць іх дэ-факта. Сустрэчу прапанавалася распачаць 15 лютага 1919 г.

4 лютага 1919 г. Чычэрын па радыё накіраваў адказ Саюзьнікам. У ім Савецкая Расея ня толькі пагаджалася прыняць удзел у канферэнцыі на Прынцавых астравах. Бальшавікі, хаця ў іх пра гэта нават не пыталіся, заявілі аб гатовасьці выплаціць замежныя пазыкі, перадаць гарнарудныя, лясныя ды іншыя канцэсіі грамадзянам Саюзных краін, зрабіць тэрытарыяльныя саступкі Саюзным дзяржавам і спыніць рэвалюцыйную прапаганду за мяжой.

Самае дзіўнае, што заходнія лідары ўспрынялі прапановы бальшавікоў аб саступках, як… зьнявагу Захаду [?! – Рэд.]. Ідэя правядзеньня агульнарасейскай канферэнцыі на Прынцавых астравах правалілася.

Але адразу за гэтым на мірнай канферэнцыі ў Парыжы прагучала сенсацыйнае паведамленьне маладога супрацоўніка амерыканскага дзярждэпу Ўільяма Буліта. Ён паведаміў, што Ленін асабіста запрапанаваў наўзамен за спыненьне інтэрвенцыі й аднаўленьне гандлёвых зносін пагадзіцца на межы Савецкай Расеі па лініі існых франтоў. Такім чынам, бальшавікі пагаджаліся на захаваньне сваёй улады на тэрыторыі, не нашмат большай, чым тэрыторыя сярэднявечнага Маскоўскага княства.

Аднак і гэтая ідэя была адрынутая…

Справа ў тым, што ў сакавіку 1919 года войскі адмірала Калчака перайшлі ў наступ, прасунуўшыся амаль на 200 км. У гэты ж час у тыле бальшавіцкага Ўсходняга фронту ўспыхнула сялянскае паўстаньне, якое адразала Красную Армію ад крыніц забесьпячэньня. Парыскія газеты бурліва каментавалі гэтыя падзеі, заяўляючы, што праз два тыдні Калчак увойдзе ў Маскву.

У той жа час войскі генерала Дзянікіна адбілі наступ Красных і рыхтаваліся перайсьці ў контрнаступ. У Прыбалтыцы войскі генерала фон дэр Гольца ачысьцілі ад бальшавікоў заходнюю Латвію.

У красавіку 1919 г. францускія і грэцкія войскі пакінулі Адэсу і Крым, а брытана-індыйскія – Закаспій.

Захад – Калчак, Дзянікін, Юдзеніч…

У красавіку 1919 г. на Захадзе, альбо прынамсі ў кіроўных колах Брытаніі, пачало падымацца пытаньне аб прызнаньні ўраду Калчака. Ваенны міністар Уінстан Чэрчыль разаслаў 15 красавіка сябрам кабінету мемарандум, дзе абгрунтоўваў неабходнасьць прызнаньня ўраду Калчака.

9 траўня 1919 г. у Парыжы Лойд Джордж узьняў пытаньне аб Калчаку ў размове зь кіраўнікамі вялікіх дзяржаваў. Аднак прэзідэнт ЗША Ўілсан зноў заявіў, што не адчувае даверу да Калчака: “Мы можам запрапанаваць яму ўмовы, але ці будзе ён іх выконваць?” – запытаўся Ўілсан і зноў выказаў сваё бачаньне правільнай палітыкі што да Расеі: “Саюзным краінам варта сысьці з Расеі, і хай сабе рускія [ці ж рускія? – Рэд.] разьбіраюцца паміж сабой”.  

На сустрэчы 26 траўня 1919 г. прэзідэнт Уілсан ўсё ж пагадзіўся падпісаць разам з іншымі лідарамі Саюзных дзяржаваў пасланьне адміралу Калчаку. Яно пачыналася завярэньнямі ў нежаданьні ўмешвацца ва ўнутрырасейскія справы. Далей казалася, што аднаўленьне міру ў Расеі павінна адбыцца за свабоднымі выбарамі Ўстаноўчага Сходу, які вырашыць усе ўнутраныя спрэчкі, а таксама ўсталюе стасункі са сваімі суседзямі пры пасярэдніцтве Лігі Нацый.

Затым заяўлялася, што Саюзныя краіны пераканаліся ў немагчымасьці чакаць такога разьвіцьця падзей з боку савецкага ўраду ў Маскве, і прапанавалася дапамога ўраду адмірала Калчака боезапасамі, амуніцыяй, харчовымі прадуктамі й добраахвотнікамі наўзамен за атрыманьне наступных гарантый:

1. Скліканьня Ўстаноўчага Сходу, як толькі Калчак возьме Маскву,

2. Правядзеньня свабодных мясцовых выбараў на ўсіх кантралюемых Калчаком тэрыторыях.

3. Адмову ад аднаўленьня прывілеяў для якога-небудзь класу і адмову ад аднаўленьня рэжыму, які быў зьнішчаны рэвалюцыяй.

4. Прызнаньне незалежнасьці Фінляндыі ды Польшчы.

5. Кансультацыі зь Лігай Нацый аб зносінах ураду з Прыбалтыйскімі, Закаўкаскімі й Закаспійскімі тэрыторыямі.

6. Уступленьне ў Лігу Нацый.

7. Пацьверджаньне, што ўрад Калчака прызнае расейскія зьнешнія даўгі.

Калчак адказаў 4 чэрвеня 1919 г. Ён выказаў згоду амаль што па ўсіх пунктах. Прызнаючы незалежнасьць Польшчы і дапускаючы абмеркаваньне незалежнасьці Фінляндыі, Калчак, аднак, адрынуў магчымасьць незалежнасьці іншых дзяржаваў, якія ўзьніклі на тэрыторыі былой Расейскай імперыі.

12 чэрвеня 1919 г. Калчаку было накіравана наступнае пасланьне: “Саюзныя дзяржавы пацьвярджаюць атрыманьне адказу адмірала Калчака. Яны задаволены тонам гэтага адказу і маюць намер аказаць дапамогу, якая была паабяцаная ў папярэднім пасланьні”. Такім чынам, пра якое-небудзь прызнаньне ўраду Калчака не было сказана ні слова. Што да дапамогі, дык ужо 5 і 7 жніўня 1919 г. генерал-маёру Ноксу, галаве брытанскай ваеннай місіі ў Сібіры, былі накіраваны тэлеграмы, у якіх Лондан інструктаваў, што “з-за геаграфічнай аддаленасьці, недахопу траспартных караблёў і нарастаньня хаасу на Транссібірскай магістралі, брытанскія высілкі ў Расеі будуць сканцэнтраваныя на аказаньні дапамогі генералу Дзянікіну”.

У гэты час войскі адмірала Калчака ўжо адступалі пад ціскам бальшавікоў, войскі ж генерала Дзянікіна пасьпяхова наступалі.

Ініцыятарам павелічэньня падапамогі Дзянікіну быў, натуральна, Чэрчыль. Аднак, нягледзячы на адчайны довад ваеннага міністра – “у бліжэйшыя месяцы антыбальшавіцкія сілы могуць спыніць існаваньне, і тады мы атрымаем імперыю Леніна і Троцкага”, – прапанова Чэрчыля аб аказаньні канкрэтнай дапамогі Дзянікіну не была прынятая брытанскім кабінетам міністраў (але і не была адрынутая). 29 ліпеня 1919 г. брытанскі кабінет прысьвяціў цэлы дзень абмеркаваньню пытаньня аб Расеі. Галоўным пунктам было прыняцьце канчатковага рашэньня аб эвакуацыі з Архангельска. Даклад Керзона быў сумны: “Паўсюль няўдачы. Мурманск і Архангельск. Травеньскае наступленьне Белых на Петраград адбіта. Калчак. Адзіны істотны посьпех дасягнуты Дзянікіным.”

Аднак якраз гэты посьпех выклікаў страхі Керзона: “Генерал Дзянікін прадстаўляе прыхільнікаў ранейшай Расейскай імперыі. Ён намерваецца ліквідаваць маладыя рэспублікі, якія мы падтрымліваем.” Далей Керзон стаў шкадаваць, што Брытанія адна робіць выдаткі на дапамогу антыбальшавіцкім сілам. “Японія займаецца выключна сваімі інтарэсамі. Амерыка сочыць за Японіяй. А мы нясем увесь цяжар.”

У выніку Лойд Джордж ізноў заявіў: “Мы ня маем намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы Расеі. Які ўрад будзе ў рускіх – клопат саміх рускіх. Няхай нават гэта будзе бальшавіцкі ўрад. Пры гэтым асабіста мне не падабаецца ніякі іхні ўрад.”

12 жніўня 1919 г. брытанскі кабінет сабраўся для абмеркаваньня паданага Керзонам праекту допіса Саюзьнікам. У ім ішла гаворка, што брытанскі ўрад больш ня мае намераў несьці ўвесь цяжар падтрымкі антыбальшавіцкіх сілаў. На гэтым паседжаньні прагучалі выказваньні міністраў Бэрнса і Эдзісана аб тым, што Брытанія ставіць у Расеі “не на таго каня”. Паводле іх меркаваньня – “трэба мець справу з урадам бальшавікоў, а ня з рознымі дробнымі рэспублікамі ці з такімі няўстойлівымі фігурамі як Дзянікін ці Калчак”.

У канцы жніўня 1919 г. Чэрчыль паслаў чальцам кабінету аптымістычны мемарандум што да шанцаў генерала Юдзеніча, які рыхтаваў чарговы паход на Петраград. 30 жніўня 1919 г. Лойд Джордж адказаў Чэрчылю: “Мы ўжо выдаткавалі ў гэтым годзе на Расею больш за 100 мільёнаў фунтаў. Мы адсылалі туды некалькі выдатных вайсковых частак. У пачатку гэтага году маляваліся “вялікія персьпектывы” вызваленьня Масквы. Мы аказалі дапамогу адміралу Калчаку, наколькі гэта было ў нашых сілах… Зараз вызваленчая армія, дакладней яе рэшткі, аткатваецца да Омска… У гэтым зусім няма нашай віны… Мы выканалі ўсе абяцаньні, якія далі Дзянікіну і Калчаку. Мы не давалі ніякіх абяцаньняў Юдзенічу, і, я спадзяюся – не дадзім і ў будучыні. Народ Брытаніі ня будзе цярпець выкіданьня чарговых мільёнаў на бязглуздыя вайсковыя мерапрыемствы”. 

Захад прызнае бальшавікоў.

Сярод чальцоў г.зв. “Сям’і” – малавядомай для публікі, але вельмі ўплывовай групы чыноўнікаў апарату Лойд Джорджа, фактычна бліжэйшых яго дарадцаў – быў нейкі Э.Ф.Вайз. Лойд Джордж называў яго адным з найздольных супрацоўнікаў апарату, а Керзон называў Вайза – “гэты бальшавік”. Вайз меў вельмі левыя погляды і палымяна сімпатызаваў Савецкай Расеі.

6 студзеня 1920 г. Вайз накіраваў Лойд Джоджу мемарандум, які меў далёкія наступствы.

“Блакаду Савецкай Расеі трэба спыніць” – пісаў Вайз. Гэтая блакада, лічыў ён, усяго толькі не дае Брытаніі ды Францыі гандляваць з бальшавікамі, што ўжо робяць Нямеччына і неўтральныя краіны. Вайз запрапанаваў аднавіць гандаль праз сельскагаспадарчыя кааператывы, створаныя ў Расеі яшчэ да рэвалюцыі.

Ужо 14 студзеня 1920 г. Лойд Джордж падаў у Парыжы гэты мемарандум прэм’ер-міністрам Францыі ды Італіі – Клемансо і Ніцьці. Брытанскі прэм’ер запрасіў на гэтую сустрэчу двух прадстаўнікоў кааператыўнай арганізацыі Цэнтрасаюз. Яны таксама падалі шэраг уражвальных фактаў: кааператывы не займаюцца палітыкай; у іх уваходзіць 25 мільёнаў сябраў; паўднёвыя раёны Расеі могуць экспартаваць 10 мільёнаў тон зерня.

16 студзеня 1920 г. Найвышэйшая Рада Саюзьнікаў аб’явіла пра рашэньне дазволіць абмен таварамі паміж грамадзянамі Расеі, Саюзнымі ды неўтральнымі краінамі. Блакада была зьнятая…

На наступны дзень, 17 студзеня 1920 г., Ленін падпісаў дэкрэт аб падпарадкаваньні кааператываў савецкаму ўраду. Цяпер яны не маглі самастойна весьці перамовы з замежнымі краінамі – гэтую функцыю мог зьдзяйсьняць толькі Саўнаркам.

Той факт, што гандлёвыя перамовы будуць весьціся ўжо не з кааператывамі, а з прадстаўнікамі бальшавіцкага ўраду, не стрымаў Лойд Джорджа.

У кіруючых колах Брытаніі выказваліся і пярэчаньні супраць гандлю з бальшавікамі. Галоўнае зь іх – што бальшавікі  могуць плаціць за імпартаваныя тавары толькі золатам, якое яны аднялі ў папярэдніх уласьнікаў, якія могуць выявіць свае прэтэнзіі на яго. 17 лістапада 1920 г. на паседжаньні кабінету Лойд Джордж адрынуў гэтае пярэчаньне. Ён сказаў: “Бальшавікі гатовыя плаціць золатам, а вы ня хочаце яго браць. Але ж мы гандлюем зь людажэрамі Саламонавых астравоў”.

18 лістапада 1920 г. брытанскі кабінэт большасьцю галасоў ухваліў будучае заключэньне гандлёвага пагадненьня з Савецкай Расеяй. Апошняе было падпісана ў сакавіку 1921 г. – пасьля таго, як бальшавікі дамагліся істотных саступак на сваю карысьць. З падпісаньнем гэтай дамовы Брытанія фактычна прызнала ўрад бальшавікоў…

 

Такім чынам, калі каротка адказваць на пытаньне – чаму Захад ня стаў ваяваць супраць бальшавікоў? – дык галоўныя прычыны такія [падкрэсьлім, гэта меркаваньне аўтара артыкула. – Рэд.]:

– Францыя і Брытанія былі вычэрпаны Першай сусьветнай вайной;

– Брытанія і Францыя не жадалі аднаўленьня на еўрапейскй арэне моцнай і адзінай Расеі;

– Японія займалася толькі сваімі эканамічнымі інтарэсамі на Далёкім Усходзе.

У выніку ўлада бальшавікоў здолела пратрымацца амаль 74 гады…      

 

 

3. Вудра Ўілсан

Пададзены вышэй тэкст прынес шмат цікавай інфармацыі. Зь яго бачна, што апроч стомленасьці Францыі ды Вялікабрытаніі Першай сусьветнай вайной (ЗША не былі стомлены, яны ва ўсіх адносінах толькі ўзмацніліся), апроч ваганьняў і нявызначанасьці шэрагу ключавых палітычных фігур Захаду ў стаўленьні як да бальшавіцкай Расеі, так і да яе апанентаў, у крытычны час 1917-20 гг. была адна надзвычай важкая палітычная фігура, якая ўвесь час стрымлівала памкненьні заходніх краін разабрацца з бальшавікамі. Гэта быў прэзідэнт ЗША Вудра Ўілсан. У матэрыяле прысутнічае шэраг згадак пра тое, як ён імкнуўся не дапусьціць рэальнай інтэрвенцыі заходніх краін у Расею, як ён стрымвальна ўзьдзейнічаў на прэм’ер-міністраў Францыі й Вялікабрытаніі, як раіў не падтрымліваць “белых”, якімі кадрамі сябе атачаў (чаго варты толькі адзін такі цынік як Роберта Лэнсінг).  

Улічваючы выбітныя заслугі Вудра Ўілсана ў тым, што бальшавікі засталіся пры ўладзе пасьля перавароту 1917 года і затым арганізавалі крывавы тэрор эліты народаў Расеі, у час якога загінула да 60 мільёнаў лепшых людзей таго часу (зь іх беларусаў – каля 2 мільёнаў),  мы вырашылі больш пільна прыглядзецца да гэтай постаці, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на тыя сілы, якія маглі кантраляваць яго самаго…

 

Уілсан, Томас Вудра (1856-1924 гг.). Прэзідэнт ЗША (28-ы) у 1912-21 гг., дэмакрат. Прафесар юрыспрудэнцыі. Апісваецца рознымі гісторыкамі, палітолагамі па-рознаму: адныя пералічваюць яго заслугі, іншыя – адкрыта называюць крывадушнікам.

Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны абвясьціў неўтралітэт ЗША, у той жа час падтрымліваў шчыльныя сувязі з Антантай. У красавіку 1917 г. аб’явіў аб уступленьні ЗША ў вайну супраць Нямеччыны. Запрапанаваў праект Лігі Нацый, але сам адмовіўся ў яе ўступаць. Нягледзячы на абвяшчэньне прынцыпаў дэмакратыі ў палітыцы і свабоднага рынку ў эканоміцы, Уілсан шмат разоў умешваўся ў справы розных краін, найперш у заходнім паўшар’і. Ён марыў пра стварэньне Сусьветнай арганізацыі краін, у якой вядучую ролю мелі б Злучаныя Штаты. Аўтар праграмы міру – “14 пунктаў Уілсана” (www.hrono.ru/biograf/vilson.html).

Яго ўнутраная палітыка ў цэлым спрыяла ўмацаваньню пазіцый манапалістычнага капіталу ЗША. Войска ЗША ўдзельнічала ў інтэрвенцыі ў Расею, але на месцах праводзілі прабальшавіцкую палітыку (гл. успаміны Сукіна і дзёньнік Валагароцкага). Уілсан быў першым з заходніх лідараў, хто вітаў прадстаўнікоў Савецкай улады, заігрываў зь імі па асобных палітычных пытаньнях (www.hrono.ru/biograf/vilson.html).

У 1913 годзе Ўілсан падпісаў закон аб федэральнай рэзервовай сістэме ЗША (ФРС). Гэтага дамагаліся фінансавыя групоўкі Моргана, Ракфелера, Куна, Леба (www.sotsium.ru/books/142/301/frs1913.html) і Варбург (www.washprofile.org/ru/node/4036). І, як бачым, дамагліся… 

У свой час мы ўжо паведамлялі, што такое ФРС (https://nashaziamlia.org/2007/12/17/1079). Дадатковая цікавая інфармацыя тут: www.finmir.com.ua/content/view/73/170.

Каротка паўторым. Федэральная рэзервовая сістэма (ФРС, Федэральны рэзерв) – незалежны ад дзяржавы прыватны фінансавы орган, які створаны для выкананьня функцый цэнтральнага банка і зьдзяйсьненьня цэнтралізаванага кантролю над банкаўскай сістэмай ЗША. ФРС – сістэма ўстановаў з вызначанымі праз закон ад 23 сьнежня 1913 года прывілеямі. Федэральны рэзерв, у прыватнасьці, мае права друкаваць даляры ЗША. Урад ЗША за іх не адказвае (ru.wikipedia.org).  

Такія магчымасьці ёсьць толькі ў ФРС ЗША. Гэта ўнікальная сітуацыя. Ва ўсіх іншых краінах цэнтральныя банкі й станок, які друкуе нацыянальную валюту, падпарадкаваныя ўрадам гэтых краін. Уілсан – той прэзідэнт, які пагадзіўся падпісаць, здвалася б, абсалютна злачынны закон. Значыць, ён ужо быў цалкам залежны ад Морганаў, Ракфелераў, Варбургаў – тых, хто фінансаваў “бальшавікоў”… Адкуль могуць ісьці карані гэтай залежнасьць?

У адной з крыніц (www.finmir.com.ua/content/view/73/170) чытаем: “Дж.Перкінс у 1912 годзе арганізаваў выканаўчы камітэт Прагрэсісцкай партыі і пазьней стаў яго старшынём. Прагрэсісцкая партыя была неабходная Моргану для таго, каб раскалоць Рэспубліканскую партыю і тым самым забясьпечыць Вудра Ўілсану прэзідэнцкае крэсла [тады Рэспубліканцы на выбарах прэзідэнта ў 1912 годзе выставілі двух кандыдатаў і прайгралі, хаця разам гэтыя кандыдаты набралі ў 1,5 разы больш галасоў, чым Уілсан. – Рэд.].

Такім чынам, ці патрэбны яшчэ якія-небудзь доказы таго, што Ўілсан у 1913-21 гг. быў цалкам падпарадкаваны розным морганам, ракфелерам, кунам, лейбам, варбургам і праводзіў у міжнародных справах іх інтарэсы?..

 

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Замест улады бальшавікоў зараз мы маем ўладу гэбілаў, але здаецца такія ж самыя гульні, як пададзена ў гэтым артыкуле, працягваюцца.
    Трэба дапамагчы дыктатарскім рэжымам выжыць, каб потым яны маглі трансфармавацца ў таталітарны рэжым і пачаць вайну.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы