nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

I. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

28 лістапада, 2008 | Каментары (1)

І. 1. КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ПАЛІТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІ

Элемэнты палітычнай геаграфіі зыходзяць з старажытнасьці, з пачаткаў геаграфіі. Пачаткі ўласна палітычнае геаграфіі знаходзім у працах Герадота, Плятона, Арыстоцеля, Страбона і іншых вучоных, што пісалі аб дзяржаве як аб палітычнай адзінцы, аднак не дыфэрэнцавалі палітычную геаграфію зь іншых ведаў. Разьвіцьцё геаграфічнай думкі залежыла, між іншым, ад разьвіцьця мараплаваньня й гандлю. Першыя геаграфічныя апісаньні зьявіліся ў сярэдзіннай фазе антычнай цывілізацыі, у пэрыяд, калі шырокая калянізацыя супадае зь вялікім гуманітарным пераломам. Гекатай зь Мілету (каля. 550-480 гг. да н. э.) заставіў пасьля сябе апісаньні ўсіх вядомых у той час краін, на якія спасылаліся Герадот і Страбон. Старажытныя грэцкія географы склалі першыя карты, толькі тыя, што вядомы — зьяўляюцца копіямі, бо арыгіналы загінулі.

Арыстоцель дасьледаваў працэсы, якія адбываюцца паміж насельніцтвам і тэрыторыяй. Акрэсльіваў функцыі, што павінны выконываць сталіца, войска, межы і іншыя чыньнікі ў адносінах да натуральнага асяродзьдзя, а таксама залежнасьць супольнасьцей ад клімату. Менавіта клімат старажытны навукоўца лічыў дэтэрмінаваным чыньнікам ў адносінах да дзяржавы.

Цяжка не згадзіцца з Арыстоцелем, бо ў тыя далёкія часы прырода наўпроства дэтэрмінавала над насельніцтвам улічваючы нізкі ўзровень разьвіцьця большасьці антычных асяродкаў цывілізацый.

Грэцкі географ і падарожнік Страбон (за 300 год пасьля Арыстоцеля) апісаў вядомы яму сьвет у працы “Геаграфія”, што мела аб’ём аж 17 кніг. Будучы этнацэнтрыкам, ён верыў у ідэальныя прыродныя ўмовы (найперш клімат) і найлепшае кіраваньне Грэцыяй.

Да поглядаў Арыстоцеля і Страбона зьвярталіся ў сярэднявеччы і ў эпоху Адраджэньня, між іншым, Й. Бадэн/J. Bodin (1530-1596). Тыповым для сярэднявечча былі ўяўленьні аб тым, што дзяржавамі і супольнасьцямі кіруе божая воля.

Сьледам старажытных філёзафаў пайшоў Ш. Л. Дэ Мантэск’ю/Ch. L. De Montesquieu (1689 – 1755), які шукаў карэляцыі паміж краявідам і кліматам ды фарміраваньнем сыстэмаў урадаў. Ён канстатаваў узаемасувязі паміж сельскай гаспадаркай, расьсяленьнем, палітычнымі сыстэмамі і працаўладкаваньнем; абшарам дзяржавы, урадлівасьцю глебаў і спосабам кіраваньня. 15 і 17 кнігі яго працы “Аб духу правоў” пранікнуты крайнім геаграфічным дэтэрмінізмам.

Больш дэмакратычны і лібэральны ад Мантэск’ю/Montesquieu быў Ґ. Буфон/G. Buffon (1707 – 1788), які адкідаў дэтэрмінізм, паказуючы ўзаемны уплыў чалавека і асяродзьдзя. Ён пісаў: “увесь прастор Зямлі сёньня носіць на сябе сьляды люцкой сілы, якая па рознаму залежыць ад прыроды, часьцей дзейнічае (люцкая сіла заўв. В. К..) больш чым яна (прырода заўв. В. К.)”, у чым быў блізкім да пазьнейшай францускай навукі.

Францускі географ І. М. Габле/Y. M. Goblet лічыць, што пачатак палітычнай геаграфіі заклаў лекар, выклаччык анатоміі ў Оксфардзе, картограф, палітоляг, эканаміст Ўільлям Пэцьці/William Petty, аўтар кнігі “The Political anatomy of Ireland”, якая зьявілася ў 1672 г. У ёй знаходзім навуковыя зьвесткі аб ролі тэрыторыі дзяржавы і яе геаграфічнага становішча ды значэньні насельніцкіх адносінаў як падстаў яе гаспадарчага патэнцыялу. Іншая праца гэтага аўтара — “Political arithmetics” – прысьвеччана памерам і форме дзяржаў. Ў. Пэцьці/W. Petty ўяўляў, што вышэйзгаданае павінна быць падпарадкавана поўнаму ўжываньню сыравіны і запэўніваць аптымальную гушчыню насельніцтва. Ён лічыў (як і пазьней Rousseau), што завялікая колькасьць насельніцтва як і недахоп тэрыторыі – крыніцы праблем і прычыны плітычнай слабасьці краіны.

Тэрмін “палітычная геаграфія” зьяўляецца толькі ў ХVIII ст. ў працах францускага эканаміста і фізыякрата Тургота . ХVIII ст. характэрызуецца дыфэрэнцыяцыяй геаграфічных ведаў з-за іх вялікай колькасьці. Таму, зьяўляюцца розныя спробы падзелаў геаграфіі, сярод якіх канстатуецца наяўнасьць палітычнай геаграфіі як асобнай галіны геаграфічных ведаў.

Нямецкі філёзаф І. Кант, які выкладаў геаграфію ва ўнівэрсытэце м. Кёніксбэрґу (Караляўцы/Калінінградзе), адрозьніваў фізычную, камэрцыйную, геаграфію нораваў і палітычную (1755). І. Кант лічыў, што палітычная геаграфія грунтуецца цалкам на фізычнай геаграфіі, якая зьяўляецца падставаю гісторыі і ўсіх іншых геаграфій. У выказваньнях Канта можна заўважыць геаграфічны дэтэрмінізм, асабліва ў сьцьвярджэньняў наконт ўплыву прыроды на чалавека. Паводле Канта звычаі й тэалягічныя правілы залежаць ад уласьцівасьцей глебы, а людзі жывуць і дзейнічаюць паводле правіла маральнага пабуджэньня і інш. Прафэсар Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту А. Бюшынг (1766) дыфэрэнцаваў геаграфію на матэматычную, натуральную і палітычную.

Палітычная геаграфія, як яе разумелі географы ў ХVIIІ ст. уяўляла сабой збор розных, не зьвязаных між сабой ведаў, таму складана канстатаваць наяўнасьць яе як навуковай дысцыпліны.

Сярод географаў таго часу вядомы нашы суайчыньнікі з Рэчы Паспалітай.

Караль Вырвіч у сваёй працы “Геаграфія сёньняшніх часоў”, якая была выдадзена ў Вільні (1768) залічаў да палітычнай геаграфіі “апісаньне рознага роду панаваньняў, што ўстаноўлены на зямлі, якімі зьяўляюцца: манархіі, каралеўствы, рэспублікі, удзельныя штаты etc.”, а таксама “апісаньне ўсяго таго, што зь люцкога адкрыцьця паходзіць, напрыклад, хрысьціянская вера, якая хоць належыць да палітычнай геаграфіі, сама ёсьць справай ўстаноўленай Богам. Ітак, палітычная геаграфія апісывае розныя віды ўрадаў і панаваньні, рознасьць абрадаў, што належаць веры, моў, праў, звычак, паверхневай постаці, колеру жыхароў сьвету etc”. Палітычная геаграфія паводле такога разуменьня была зборам інфармацыі аб дзяржаўным ладзе і пачатках геаграфіі насельніцтва, але наш продак яшчэ не адрозьніваў ад палітычнай геаграфіі геаграфію насельніцтва.

Абсяг разуменьня палітычнае геаграфіі Язэпам (Юзэфам) Выбіцкім быў значна шырэйшы. Паводле Я. Выбіцкага палітычная геаграфія павінна даць адказы на наступныя пытаньні:

1. Аб фізычным і геаграфічным становішчы дадзенай краіны.

2. Яе межах.

3. Памерах.

4. Урадзе, рэлігіі.

5. Палітычным падзеле.

6. Насельніцтве.

7. Ступені асьветы насельніцтва.

8. Прадукцыі і гандлі.

9. Колькасьці падаткаў і збройнай сілы.

10. Аб зьнешніх пасэсіях краіны.

11. Ужываньні тытула ўладара (манарха), які герб краіны, якія яго ордэры.

12..Пад якой назваю гэта супольнасьць была вядома даўнейшым географам.

Гэнае разуменьне палітычнай геаграфіі ўключала ў сябе ня толькі пытаньні эканамічнай геаграфіі, але таксама веды з палітыкі, асьветы, геральдыкі і інш. Такі характар мела палітычная геаграфія яшчэ ў першай палове ХІХ ст. У З0 гадох ХІХ ст. гістарычна-літаратурнае таварыства (эмігранты з былое Рэчы Паспалітае) ў Парыжы выдала інструкцыю, якая акрэсьлівала праблематыку палітычнай геаграфіі: “ Палітычная геаграфія павінна ўключаць назву і герб, абшарнасьць, насельніцтва, зьмены абшарнасьці й насельніцтва, ці гісторыю дзяржавы (маецца на ўвазе Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, заўв. В. К .) ад Пяста да 1772 г., наступныя зьмены падзелаў і сыстэм, рэлігіі, насельніцтва з пункту гледжаньня роду і мовы, веравызнаньняў і клясаў, асноўнае права, мяйсцовае самакіраваньне, ўрад, права, суд, асьвету, адміністрацыю, скарб, даходы й выдаткі, даўгі, рачны сплаў, каналы, збройную сілу, ордэры, адміністрацыйны падзел краіны, даўнейшы і сучасны”. Такі шырокі абсяг пытаньняў у тагачаснай палітычнай геаграфіі падштурхоўваў да зьбіраньня розных ведаў і не прымушаў даваць важныя тэрэтычныя ды мэтадалягічныя высновы.

Ня меньш спрэчным зьяўляецца вызначэньне М. Флішара, якое падкрэсьлівае адсутнасьць ладу ў тагачаснай грамадазнаўчай геаграфіі: “Палітычная геаграфія адназначна зьяўляецца апазыцыяй да этналёгіі (ці антрапагеаграфіі), бо ня лічыць толькі зямлю за сядзібу чалавека як фізычнай істоты, толькі як мейсца жыхарства людаў злучаных маральнымі сувязямі мовы, правоў і звычаеў, як відавочнасьць супольнасных і дзяржаўных паляпшэньняў, як відавочнасьць дзейнасьці чалавека ў яго працы і разьвіцьці цывілізацыі, адным словам, палітычная геаграфія займаецца з кожнага пункту гледжаньня кіраванымі на паверхні зямлі дзяржавамі. Па меры таго, ці гаворыцца аб расьселеных ля пэўных межаў людах і знаходзячыхся паміх імі розьніцах, ці таксама разьбіраюцца багацьці і ўмовы існаваньня асобных, распадаецца на этнаграфію і статыстыку. У кожным аднак разе палітычная геаграфія мае малую сувязь зь гісторыяй, калі толькі бегла ўспомніўшы аб мінулых выпадках ў тым або іншым пункце, галоўнае мае заданьне апісаньне паверхні зямлі, як падставы, на якой існуюць розныя люды і дзяржавы”.

Аўтар, ставячы палітгеаграфію ў апазыцыю да антрапагеаграфіі, у далейшым тэксьце дэфініцыі не дае паміж імі вялікай розьніцы. Гэта вынік агульнага крызісу тагачаснай грамадазнаўчай геаграфіі, выкліканага накапленьнем ўсё новай масы ведаў і спробамі новых падзелаў геаграфіі.

Аднак у ХІХ ст. палітычная геаграфія зьмянілася, бо раней элемэнтамі геаграфічнага асяродзьдзя, у якім існуюць люды і дзяржавы, займалася выключна фізычная геаграфія, а цяпер яны былі часткова ўключаны ў палітычную геаграфію.

У ХІХ ст. аформіліся два накірункі ў геаграфіі.

1. Рацыяналістычны індэтэрмінізм. Зьвязваў прычыны фарміраваньня грамацкіх і палітычных аднісін, у т. л. ўтварэньня супольнасьцяў і дзяржаў, з воляю асобаў ды іх супольнай грамацкай дамовай. Закладаў дэмакратыю.

2. Дэтэрмінізм. Зьвязваў утварэньне і ўпадак дзяржаў або з божай воляй (тэакратычны), або з натуральнымі ўмовамі (геаграфічны), або расай (бія-лягічны).

Паміж рацыяналістычным індэтэрмінізмам, які называецца францускім пасібілізмам, і нямецкім дэтэрмінізмам выступаюць і іншыя супрацьстаўленьні: сьхільнасьць да вялікіх сінтэзаў у немцаў і жаданьне займацца напісаньнем манаграфічных аналізаў у французаў. Дзяржава мела для францускага дасьлеччыка тры формы геаграфічнага існаваньня: паказчыкам геаграфічнага ўнутранага парадку зьяўлялася дарога, геаграфічнага зьнешняга парадку – мяжа, а агульных адміністрацыйных функцый – сталіца. Вакол гэтых трох геаграфічных элемэнтаў збудавалі сваю сыстэму палітычнай геаграфіі J. Brinhes i C. Vallaux (1921). Французы шукалі псыхалягічна-сацыяльнай асновы палітычнай супольнасьці. Найважнейшым чыньнікам лічылася душа народу — psyche (L. Febvre, 1922). Прыкладам публікацыі з такіх пазыцый зьяўляецца манаграфія аб Паўднёвай Амэрыцы, напісаная A. Siergfriedaм. Створанае Vidal de la Blache’ам паняцьце “тыпаў існаваньня” (genres de vie) злучыла аналіз прыродных, гаспадарчых, палітычных і псыхалягічна-супольнасных чыньнікаў даследваемага абшару.

Першым творцам сапраўднай навукі, якая вядома пад назваю “палітычная геаграфія”, стаў прафэсар Лейпцыгскага ўнівэрсытэту (географ, біёляг і хімік) немец Фрыдрых Рáццаль (Friedrich Ratzel, 1844-1904). Яго праца Politische Geographie” была выдадзена ў 1897 г. Паводле Раццаля, дзяржава – жывы арганізм, які можа быць дасьледаваны як і кожны іншы арганізм. Для яе характэрна барацьба за існаваньне, за дабрабыт, яна праходзіць натуральны жыцьцёвы цыкл: ад нараджэньня праз рост, росквіт, заняпад, старасьць — аж да сьмерці. Раццаль надаў палітгеагрыфіі накірунак сацыялёгіі, “экалёгіі чалавека”, што прывяло да шырокага зьяўленьня геапалітыкі (дакладней розных нацыянальных геапалітыкаў).

У 1896 г. Раццаль рэпрэзэнтаваў сем правоў разьвіцьця дзяржавы:

1. Прастор дзяржавы пашыраецца разам з экспансіяй насельніцтва, якое мае тую самую культуру.

2. Тэрытарыяльны рост наступае за іншымі аспэктамі разьвіцьця дзяржавы.

3. Дзяржава расьце праз паглынаньне меньшых палітычных адзінак.

4. Мяжа зьяўляецца пэрыфэрыйным органам дзяржавы, што ўвасабляе яго сілу і разьвіцьцё, адсюль яна не зьяўляецца сталай.

5. Дзяржавы ў рэжыме разьвіцьця шукаюць тэрыторый, што могуць быць далучаны.

6. Накірунак экспансіі прасоўваецца ад дзяржаў больш разьвітых да цывілізацыйна слабаразьвітых.

7. Жаданьне тэрытарыяльнай экспансіі расьце па меры пашырэньня абшару.

Несумнеўная заслуга Ф. Раццаля – сфармуляваньне праблем палітычнай геаграфіі і іх сыстэматызацыя. Аднак, яму ставяць у віну мэханістычны дэтэрмінізм і фальшывую біялягічную канцэпцыю дзяржавы.

Геарафію Раццаля можна вызначыць як дарвінаўскую філязофію прастору, бо яе жывіць тэорыя эвалюцыі відаў і барацьбы за існаваньне, прафільтраваная праз грамацкія погляды Гэрбэрта Спэнсэра. У такім працэсе дзяржава, што разумеецца як біялягічны арганізм, адыйгрвае галоўную ролю. Раццаль жадаў, каб палітыкі навучыліся ад географаў разуменьня прасторавага значэньня сваіх рашэньняў (Korinman M. 1990; Jean C. 1995).

Эпоха імпэрыялізму запачаткавала палітычную геаграфію як суцэльную асобную навуку, бо патрабавала навуковых абгрунтаваньняў дзеля таго часу. Падзел сьвету паміж вядучымі эўрапейскімі звышдзяржавамі і надыходзячая сусьветная вайна за перадзел падзеленага сьвету (з-за недахопу прасторы і рэсурсаў) эўрапейцам былі важнымі чыньнікамі зьяўленьня новых працаў і цэлых школ палітгеографаў.

Э. Рамэр/E. Romer у 1939 г. пісаў: “Вялікая вайна (Першая сусьветная заўв. В. К.), найвялікшае сатрасеньне гісторыі чалавецтва, прынесла ўсім бачныя тэрытарыяльныя зьмены. Гэтыя зьмены адбыліся ў Эўропе на абшарах каля 1 400 000 км², за морамі — каля 2 800 000 км², разам нешта каля 4 млн. км².паверхні. Увогуле з-за стратаў і рызыкаў, сума зьменаў, што наступілі пасьля сусьветнай вайны, складала каля 8½ млн. км². Аднак гэтыя зьмены нязначныя, калі іх параўнаем з перасоўваньнямі дзяржаў якія адбыліся ад сьхілу мінулага (ХІХ, заўв. В. К.) стагодзьдзя па сёньняшні дзень. Сума галоўных тэрытарыяльных зьменаў на працягу гэтага часу датычыцца абшараў з паверхняй блізкай 25 млн. км².” Тое пісалася напярэдадні Другой сусьветнай вайны, вынікі якой сталіся непараўнальна больш катастрафічнымі.

Пасьля Ф. Раццаля паўсталі некалькі вядучых клясычных школ палітычнай геаграфіі і мноства меньш вядомых. Вядучыя школы:

1. Нямецкая (Ratzel, Supan, Hettner, Dix, Vogel, Sieger, Haushofer, Maul, Obst).

2. Француская (Raclus, Brunhes, Vidal de la Blache, Vallaux, Demangeon, Ancel).

3. Ангельская (Mackinder, Curzon, Fairgrive).

4. Амэрыканская (Bowmam, Whittlesey, Hartshorne, Piercy, Pounds).

Гэты сьпіс выбітных аўтараў — пасльлядоўнікаў Раццаля можна працягнуць. Дасьлеччыкі карысталіся рознымі падыходамі і мэтадалёгіяй.

У першаснай палітгеаграфіі выдзеліліся тры накірункі (George T. Renner, 1950):

1. Рэпрэзэнтанты краявідавага накірунку асноўнай задачай палітычнай геаграфіі лічылі назіраньне і аналіз гаспадарчага краявіду, менавіта тых аб’ектаў, якія зьяўляюцца вынікам сыстэмы палітычных адносін. Канцэнтравалі сваю ўвагу на пытаньнях становішча, абшару і зьместу дзяржавы, адміністрацыйнага падзелу, дзяржаўных межаў і міжнародных арганізацый.

2. Экалягічны накірунак дасьледуе прыстасаваньні супольнасьцяў, а дакладна як палітычнай структуры, да характару тэрыторыі.

3. Арганічны накірунак разглядае дзяржаву як жывы арганізм, што, здаецца, найбліжэй да раццалеўскай клясыкі.

Падзел палітгеаграфіі на агульную, галіновую, рэгіянальную і прыкладную дастаткова ўмоўны.

У пачатку ХХ ст., па меры разьвіцьця антрапагеаграфіі і эканамічнай геаграфіі, сацыяльныя ды гаспадарчыя праблемы пачалі зыходзіць з поля палітгеаграфіі. Тагачасныя навукоўцы засяродзілі сваю ўвагу на дзяржаўна-палітычнай праблематыцы. Сярод трактаваньняў палітычнай геаграфіі зьяўляецца наступнае: “Палітычная геаграфія займаецца праявамі жыцьця арганізаваных у дзяржавы супольнасьцяў” (W. Ornicki).

У вызначэньнях палітгеаграфіі ўжо не гаворыцца аб “зямлі як аб аснове”. У гэтым нічога дзіўнага, бо ў той час вылучылася геапалітыка – прыкладная галіна палітгеаграфіі, што вывучала не дзяржаву з пункту гледжаньня прастору (як палітгеаграфія), а прастор з пункту гледжаньня дзяржавы. Спробы індэнтыфікацыі палітычнай геаграфіі як самастойнай навукі пачалі эвалюцыянаваць ад геаграфічных — да палітычных.

Палітычную геаграфію можна вобразна параўнаць зь бескарыснай маці, што нараджала новых дзяцей (новыя геаграфіі), увесь час аддаючы ім частку свайго зьместу і праблематыкі, пакуль не нарадзіла такое дзіця (геапалітыку), якое ледзь не давяло да жабрацтва ўласную маці, забраўшы ў яе ўсё магчымае. Дзецьмі палітычнай геаграфіі былі адгалінаваныя ад яе самастойныя геаграфічныя навукі. Геапалітыка сталася толькі прыкладной галіной палітгеаграфіі, амбітнай, бо карысталася ў свой час вялікай папулярнасьцю, але (пасьля краху Трэцяга Рэйху Адольфа) — амаль забытай, нарэшце зноў адроджанай, ды так і ня стаўшай самастойнай навукай.

Геаграфічныя дэтэрміністы (Ratzel, Semple, Haushofer) пераносячы на грунт геаграфіі пераважна тэорыю натуральнага адбору Ч. Дарвіна і забываючы пра ўсё вядомае на той час эвалюцыйнае вучэньне (найперш трансфармізм), пачалі, між іншым, прыпісываць геаграфічнаму асяродзьдзю рашаючую ролю ў разьвіцьці супольнасьцяў, а ў змаганьні за прастор бачылі аснову разьвіцьця дзяржаў.

Рэакцыяй на дамінаваньне мэханічнага геаграфічнага дэтэрмінізму было зьяўленьне новага накірунку ў геаграфіі – пасібілізму. Рэпрэзэнтанты пасібілізму (Brunhez, Vidal de la Blache, Febvre) слушна падкрэсьлівалі ролю чалавека ў пераўтварэньні прыроды і ўтварэньні краявіду. Прырода не дэтэрмінуе дзейнасьці насельніцтва, аднак дае яму шэраг магчымасьцяў, сярод якіх насельнікі маюць права вольнага выбару.

Хутчэй за ўсё, здякуючы пасібілістам мы назіраем адраджэньне цікавасьці да палітычнай геаграфіі і геапалітыкі. Стаўшы ў канструктыўную апазыцыю да дэтэрмінізму яны захавалі навуковасьць геаграфіі.

Дэтэрміністы пераважна сыйшлі ў геапалітыку, выкарысталі геаграфію ў палітычных інтарэсах. Прымітывізваўшы геапалітычныя канцэпцыі нацыянал-сацыялісты Адольфа сталі ня самымі здольнымі вучнямі нямецкіх навукоўцаў. Скарыстаўшыся імі дзеля пераўтварэньня сьвету — давялі геапалітыку да банкруцтва, а палітычную геаграфію – да вялікага застою. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны як геапалітыка, так і палітгеаграфія (у меньшай ступені), інтуітыўна зьвязваліся з злачынствамі Трэцяга Рэйху Адольфа. Такое атаясамленьне сталася найвялікшаю памылкаю.

Няма наўпраставай залежнасьці паміж талентам навукоўца і яго маральнасьцю. Гісторыя геапалітыкі й геапалітыкаў нам дае вялікую падставу дзеля завастрэньня ўвагі над праблематыкай суадносін навукі й маралі. Высокамаральны навукоўца як пры аўта-рытарызьме, так і пры таталітарызьме не павінен ісьці на супрацоўніцтва з прымітывізатарамі яго вучэньня ад палітыкі (часта былымі не найлепшымі вучнямі). Нават тады, калі яму гарантуецца вядомасьць, “раскрутка” ў таталітарных мас-мэдэа, нават слава. Бо — атрымае толькі кпіны і насьмешкі з боку сваіх калегаў, што не пайшлі на такое супрацоўніцтва і засталіся або ў ціхай апазыцыі да існуючага палітычнага рэжыму, або пераўтварыліся ў дысыдэнтаў (выкінутыя з працы і пазбаўлены матэрыяльных выгад, часта кінуты ў вязьніцы і мн. інш.). Найгорш, пасьля зьмену рэжыму ў дзяржаве, яго (часта пры жыцьці) чакае пэрспэктыва быць абсмяяным і сумнавядомым за сквапнасьць да таннай славы і дармовых грошаў.

“Геапалітыка вярнулася ў кола зацікаўленьняў чытаючых разам з канцом халоднай вайны. Праз апошнія паўстагодзьдзя была яна ў прынцыпе галіной праклятай і забытай. Праклятай, бо зьвязвалася звычайна зь гітлерызмам. У рэчаіснасьці цяжка прыняць за пазытыўную геапалітыку досыць прымітыўную трасянку паняцьцяў, што спасылаліся на геаграфічны і расавы дэтэрмінізм, распаўсюджваемую ідэалёгіяй і прапагандай Трэцяга Рэйху. Гэткая трасянка здэактуалізавана, бо практыка Другой сусьветнай вайны не пацьвердзіла большасьці падстаў і мадэляў створаных геапалітыкамі. Яе параможцы жадалі зьвяртацца да іншых матывацый чым геапалітычныя – заходнія альянты да змаганьня аб вяртаньні свабоды і дэмакратыі, расейцы – да вышэйшасьці фармацыі камунізму і непазьбежнасьці распаду капіталістычнага сьвету. Яе пераможаныя паказалі de facto недахоп веры ў геапалітычныя канцэпцыі, дзейнічаючы часта насуперак ім: немцы – адкрыўшы вайну на двух франтох, што супярэчыла палітычнаму запавету Бісмарка, італійцы – выбіраючы кантынэнтальнага хаўрусьніка, які ня мог ім дапамагчы ў запэўненьні бясьпекі іх доўгім марскім межам” (Jean C. 1995, італійскі генэрал).

Палітычная геаграфія і геапалітыка існуюць незалежна ад нашай сьвядомасьці. Мы бясконца можам адмаўляць сваё дачыненьне да адной і, асабліва, — да іншай, бо яе дыскрэдытавалі фашысты, нават юрыдычна забараніць само ўжываньне назваў (асабліва “геапалітыка”), але фактычна займацца як палітычнай геаграфіяй, так і геапалітыкай, дакладней — геапалітыкамі. Палітычная геаграфія ўяўляецца аб’ектыўнай навукаю. Няпісаныя геапалітыкі (у множным ліку) паўсталі яшчэ як вынік практыкі ў першабытнасьці. Звычайна род, або племя вызначалі – зь кім сябраваць, аб’ядноўвацца ў родавыя зьвязы, зьвязы плямён, зь якімі суседзьмі жыць нэйтральна, ад каго бараніцца, а на каго і зь якімі саюзьнікамі — ісьці вайной. Мэта — найперш захапіць пэўныя абшары з рэсурсамі, што патрэбны для зьбіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, пазьней – земляробства і жывёлагадоўлі. Як няпісаныя, так і пісаныя геапалітычныя канцэпцыі пераважна суб’ектыўныя, бо адлюстроўвалі ды адлюстроўваюць, часьцей за ўсё імкненьні палітыкаў, эліт, супольнасьцяў і інш. Палітычная геаграфія адна і падзяляецца на асобныя часткі (палітгеаграфіі), а геапалітык – многа, таму толькі ўмоўна іх можна аб’яднаць у геапалітыку.

Пасьля Другой сусьветнай вайны палітычная геаграфія разьвівалася ў вольным сьвеце, аднак была de facto табуявана ў сьвеце сацыялізму. У былым Савецкім Саюзе ў школах і ВНУ замест паўнавартаснага курсу “Палітычная геаграфія” вывучалася палітычная карта сьвету, а таксама асобных кантынэнтаў, Эўропы, Азіі і г. д.

Акрамя канстатацыі наяўнасьці краін і дзяржаў выключна з пазыцый камуністычнае дагматыкі разглядаліся некаторыя пытаньні фарміраваньня палітычнай карты. Падзел дзяржаў быў складзены выключна паводле грамацка-эканамічных фармацыяў (на капіталістычныя і сацыялістычныя), а сярод капіталістычных дзяржаў вылучаліся: вялікая шасьцёрка (ЗША, Вялікабрытанія, ФРН, Францыя, Італія і Японія), малыя прывілеяваныя нацыі (паводле У. Леніна), адстаючыя капіталістычныя дзяржавы, дзяржавы перасяленскага тыпу. Дазволена была распрацоўка пытаньняў “міжімпэрыялістычнага суперніцтва”. Нетабуяваныя пытаньні палітычнай геаграфіі сталіся часткаю эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі.

Геапалітыка пры камунізьме была забаронена, таму абвяшчалася буржуазнай ілжэнавукай, рэакцыйнай паводле сутнасьці, якая стаіць на службе ў імпэрыялістых.

У вольным сьвеце вялікая чатка географаў атаясамлівала геапалітыку з нацыянал-шавінізмам і фашызмам, таму або ўвогуле не карысталася тэрмінам “геапалітыка”, або ўжывала яго як сінонім тэрміну “палітычная геаграфія”. Характэрна выказваньне нямецкага географа П. Шольлера/P. Schöller’а аб тым, што “на груньце геапалітыкі акрабаты ўсіх краін трацілі раўнавагу”.

Гэта прывяло да застою ў навуцы. Ня гледзячы на тое, што ў гады такзванай “разрядкі” “было распрацавана шэраг канцэптуальных палажэньняў аб “палітыка-тэрытарыяльнай арганізацыі грамацтва”, “тэрытарыяльна-палітычных сыстэмах” і інш., якія ўвайшлі ў арсэнал найноўшай палітычнай геаграфіі” (Пирожник И., 2005) сучасныя падручнікі й іншыя расейскія выданьні па палітычнай геаграфіі пакідаюць складанае ўражаньне. Выйшла толькі некалькі салідных прац (здаецца найлепшаю В. Коласава і М. Міроненкі), астатнія празьмерна геапалітызаваны ў бок расейскага нацыяналізму й шавінізму (аналёгія з спалітызаванай камуністычнай літаратурай). Часам за агульнымі вызначэньнямі бачны недахоп аб’ектыўных прыкладаў, што ілюструюць вызначэньні. Расейскія аўтары празьмерна сьхільны да тэарэтызаваньня, і найменьш — да пачатковага агульнага акрэсьліваньня праблем, улічваючы, што многія зь іх альбо нераспрацаваны, або слаба распрацаваны.

Адваротна, знаёмства з палітгеаграфічнай літаратурай, выдадзенай на Захадзе, прыводзіць да іншых высноў. Уражвае разгорнуты пералік распрацаваных тэм і вялікі аб’ём літаратуры. Пераважаюць дэталёвыя распрацоўкі ў якіх аўтары не сьпяшаюцца з ўсеабдымнымі дэфініцыямі (разумеючы іх часовасьць), а паступова акрэсьліваюць праблему (-ы). Дэфініцыя або выснова звычайна пацьвярджаецца прыкладамі. У тэкстах ёсьць спасылкі на крыніцы, а выкарыстаная бібліяграфія ўражвае абшырнасьцю.

Напрыклад, у суседняй Польшчы агульнае разьвіцьцё палітычнай геаграфіі было таксама запаволена камуністычным кіраўніцтвам, але не так фатальна, як у былым СССР. З часаў трох падзелаў Рэчы Паспалітай нашы суседзі навучыліся быць мудрымі, г. зн. не зважаючы на палітычную кан’юктуру рускага царызму, польскага шавінізму і камунізму выходзілі працы de facto з палітгеаграфічнай тэматыкай у якіх захоўвалася пэўная навуковая аб’ектыўнасьць.

Напрыклад, ужо з другой палове ХІХ ст. праблемы палітычнай геаграфіі закраналі В. Поль/W. Pol, Ф. Шварцэнбэрг-Чэрны/F. Szwarcenberg-Czerny, В. Налкоўскі/W. Nałkowski. Апошні ў 1912 г. забудаваў канцэпцыю пераходнасьці тэрыторыі Польшчы. Пераходнасьць тэрыторыі, зразумелая як недахоп выразных натуральных межаў на ўсходзе і на заходзе, — зьяўляецца повадам ўсялякіх няшчасьцяў якія спадаюць на Польшчу, са стратай незалежнасьці ўключна. У 1929 г. (час міжваеннай Польшчы) Э. Рамэр супрацьставіў канцэпцыі пераходнасьці канцэпцыю ў якой Польшча трактавалася як мост паміж захадам і ўсходам. У міжваенны час выйшаў падручнік па палітычнай геаграфіі Й. Лёта/J. Lotha.

Пасьля Другой сусьветнай вайны М. Кяльчэўска/M. Kielczewska i А. Гродак/A. Grodek (1946) новую заходнюю мяжу на Одры і Нісе назвалі натуральнай мяжой польскай геаграфічнай тэрыторыі, падкрэсьліваючы, што асваеньне заходніх земляў будзе надаваць тон будучай Польшчы. Тады ж польскія дасьлеччыкі назвалі новыя контуры Польшчы блізкімі да пястаўскай Польшчы тысячагадовай даўніны.

Выбітныя польскія палітычныя географы – Ю. Барбаг/J. Barbag, С. Отак/S. Otok, П. Эбэргард/P. Eberhardt, А. Банасэвіч/A. Bonasewicz, Б. Вінд/B. Wind, З. Рыкель/Z. Rykiel. Уражвае факт, што нават у часы рэжыму В. Ярузэльскага выйшла агульная цэнзураваная праца Ю. Барбагa.

Найважнейшыя палітгеаграфічныя працы пасьляваеннай эпохі, выдадзеныя ў вольным сьвеце, напісалі: N. J. G. Pounds (1963), P. Claval (1977), R. Muir (1981), M. I. Glassner i H. de Blij (1993), P. J. Taylor i C. Flint (2000), K. R. Cox (2002). Варты ўвагі гістарычныя працы ангельскага аўтара Нормана Дэвіса, ў якіх палітгеографы знойдуць шмат карыснага (найперш перакладная аднатомная “Гісторыя Эўропы”), а таксама кнігі й публікацыі Зьбігнева Бжэзінскага (найлепш пачаць зь легендарнай “Вялікай Шахматнай дошкі…”).

І. 2. СУЧАСНАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ

Існуе незьлічоная колькасьць дэфініцый (вызначэньняў) геаграфіі, якія можна груба падзяліць на нарматыўныя і апісальныя. Нарматыўныя вызначэньні нам даюць уяўленьні аб тым, чым геаграфія павінна займацца, чым афіцыйна займаюцца географы-навукоўцы, практыкі, выклаччыкі й настаўнікі геаграфіі. Апісальныя — зыходзяць з таго, чым фактычна займаюцца географы, г. зн. што геаграфію вызначае часта ня столькі дэфініцыя, колькі грамацкая практыка. Апісальныя вызначэньні можна зьвесьці да вызначэньня A. G. Wilson’а (1972), што геаграфія — тое, чым займаюцца географы. Як бачым, усё геніяльнае – проста.

Ю. Барбаг/J. Barbag пісаў: “палітычнай геаграфіяй называецца звычайна дысцыпліна, якая займаецца ўзаемным узьдзеяньнем геаграфічнага прастору і палітычных працэсаў у іх прасторавым кантэксьце, або як вывучэньне прасторавых розьніцаў і падабенстваў палітычнага характару. Так зразумелая палітычная геаграфія імкнецца да зьінтэрпрэтацыі палітычнай карты ў сучаснасьці й мінуўшчыне і да адкрыцьця прасторавых розьніц і падабенстваў палітычнага характару, а таксама да пазнаньня сьпэцыфікі тэрытарыяльнага фарміраваньня і палітычнага разьвіцьця краін і іншых рэгіёнаў. У апісаньні і аналізе палітычная геаграфія зьвязывае ўмовы як фізыкагеаграфічныя, так і эканамічна-сацыяльныя і палітычныя”.

Паводле С. Отака/S. Otоk’a: “Да гэтага часу няма адной агульна ўспрымаемай дэфініцыі геаграфіі як навукі, таму не існуе таксама адназначнага акрэсьленьня палітычнай геаграфіі. Асобныя аўтары па-рознаму бачаць акрэсьленьні, адрозьненьні ў полі дзейнасьці, а ў сувязі з тым прыпісываюць ёй розныя мэты. Усе аднак лічаць палітычны працэс і прастор за галоўныя атрыбуты палітычнай геаграфіі. Крытыкі і праціўнікі палітычнай геаграфіі як асобнай навукі лічаць, што недахоп сьцісла акрэсьленага прадмету дасьледаваньняў і выразных межаў што адзьдзяляюць яе ад іншых дысцыплін робіць немагчымым даследаваньне зьяў, што датычацца як сфэры палітыкі, так і прасторы… Няважна як здэфінуем (вызначым) палітычную геаграфію, аднак важным зьяўляецца ўклад палітычнай геаграфіі ў параўнаньні зь іншымі палітычнымі навукамі ў справу пазнаньня геаграфічнага прастору й адбываючыхся ў ім палітычных працэсаў.”

З. Рыкель/Z. Rykiel палітычны працэс і прастор зводзіць да палітычнага часапрастору, справядліва падкрэсьліваючы, што пытаньне аб тым дзе разыйгрываецца палітычнае суперніцтва нельга адрываць ад пытаньня калі яно дзеецца. Палітычны часапрастор паводле З. Рыкеля залежыць ад эканамічнай базы і палітычнага зьместу. Далей: “Няма палітыкі ня толькі па-за часам і прасторам, а таксама без сукупнасьці асобаў што твораць палітыку й без прадмету гэнай палітыкі. Можна прыняць, што ў тэхнічным сэньсе палітыка зьяўляецца мастацтвам дасягненьня таго, што магчыма. У прадметным сэньсе палітыка зьяўляецца суперніцтвам. Прадметам суперніцтва заўсёды былі абмежаваныя рэсурсы, аднак само паняцьце рэсурсаў зьмянялася ў часе. Палітычная геаграфія, якая ня ўлічвае прадмету палітычных дэбатаў, актораў палітычнага працэсу, сацыяльных мэханізмаў а таксама іх культурнага кантэксту была б толькі зборам цікавых фактаў, часта неактуальных і нудных, а не навукай… Таму апрача пытаньня, дзе і калі разыйгрываецца палітычнае суперніцтва, трэба ставіць пытаньне аб чым і паміж кім яно адбываецца”.

Крытыкуючы барбагаўскую палітычную геаграфію З. Рыкель фармулюе тры галоўныя канвэнцыі нарацыі ў палітычнай геаграфіі:

1. Выводзіць палітгеаграфію з рэгіянальнай геаграфіі паводле ўзору Ф. Раццаля, адсюль палітгеаграфія пераўтвараецца ў збор фактаў, падзей, здарэньняў не часта абавязкова зьвязаных паміж сабою, які (збор заўв. В. К.) прыдатны для разгадваньня крыжаванак.

2. Выводзіць палітгеаграфію з сацыяльнай. Палітычная геаграфія разумеецца як грамацкая крытычная навука, дзе крытычная ацэнка існуючых грамацкіх умоў, падзелаў, груп, супольнасьцяў ўключае палітычныя мэханізмы, што твораць і зьмяняюць гэтыя ўмовы. Рыса другой канвэнцыі — мікрамаштабнасьць прадмету яе зацікаўленасьцей, аднак такога не павінна быць.

3. Выводзіць палітгеаграфію з новай крытычнай эканамічнай геаграфіі. Яна прасоўваецца на крок далей, прымаючы гаспадарчыя ўмовы за асноўны мэханізм палітычных працэсаў. Асновай такога падыходу зьяўляецца – прынятая сёньня ў сусьветнай навуцы за клясычную – крытычная думка (што зыходзіць з гістарычнага матэрыялізму), выводзіць грамацкія навукі з палітэканоміі ды апіраецца на рымскай максіме primium vivere, deinde philosophari (найперш жыць, затым займацца філязофіяй).

Рыкелеўскі прадмет палітычнай геаграфіі ахоплівае палітычны часапрастор, яго эканамічную базу і палітычны зьмест.

“Палітычная геаграфія дасьледуе сваю праблематыку ў міжнародным маштабе, або маштабе асобных дзяржаў. Займаецца зьменамі ў палітычным падзеле сьвету, вызначэньнем межаў краін, выбарам і лякалізацыяй сталіц, тэрытарыяльнымі водамі і марскімі межамі, працэсамі палітычнай інтэграцыі і дэзінтэграцыі дзяржаў, акрэсьленьнем сфэр іх уплываў і ацэнкай палітычнай сілы, што залежыць ад засяленьня, прадукцыі, арганізацыі і палітыкі. На ўзроўні дзяржавы палітычная геагрфія дасьледуе, між іншым, працэсы рэгіяналізмаў, расклад выбарчых прэфэрэнцыяў у асобных рэгіёнах, сэпаратыскія рухі і г. д.” “Enciklopedia Britænica

Геаграфія – навука грамацка-прыродазнаўчая. Геогрфаў цікавіць Зямля, дакладней геаграфічная абалонка Зямлі, а яшчэ дакладней — тэрытарыяльная арганізацыя прыроды, насельніцтва і гаспадаркі ў геаграфічнай абалонцы Зямлі. Палітычных географаў прываблівае ў геаграфічнай абалонцы Зямлі найперш гаспадарства.

Аб’ектам дасьледаваньняў у палітычнай геаграфіі як і ў кожнай геаграфіі ёсьць геаграфічная абалонка Зямлі. Прадметам – гаспадарства, або абшар абмежаваны палітычнымі межамі і з пэўнай (прынамсі de iure) арганізацыяй. Абшар — частка геаграфічнай абалонкі.

Падаецца, што йснуе пэўная няўзгодненасьць з акрэсьленьнямі прадмету і аб’екту вывучэньня палітычнай геаграфіі.

Расейская Санкт-Пецярбурскай школа надзвычай шырока трактуе прадмет вывучэньня палітычнай геаграфіі і, нават, геапалітыкі (разумеючы пад геапалітыкай генэтычна зьвязаны з палітгеаграфіяй міждысцыплінарны прыкладны навуковы напрамак) “геапалітычныя адносіны, працэсы і іх вынікі – сыстэмы, праблемы і т. п.” Геапалітычныя сыстэмы ў расейцаў уяўляюцца аналягамі гаспадарствам, або пірожнікаўскім тэрытарыяльна-палітычным сыстэмам (ТПС). Геапалітычныя сыстэмы герархізуюцца на глябальную (палітчыная карта сьвету), рэгіянальныя (палітычныя карты рэгіёнаў), элемэнтарныя (краіны).

І. Пірожнік разглядае ТПС (аняляг санкт-пецярбурскіх геапалітычных сыстэмаў) у якасьці асноўнага аб’екту дасьледаваньня палітгеаграфіі.

Найбльшае мейсца і ролю сярод гаспадарстваў займаюць дзяржавы. Аднак, гаспадарствы (у мн. ліку) гэта краіны, раёны, камуны, вобласьці, ваяводствы, рэгіёны, групы дзяржаў, міжнародныя арганізацыі і мн. інш. Палітычная геаграфія цікавіцца рознымі адзінкамі часапрасторавай арганізацыі супольнасьцяў, у т. л. тэрытарыяльнымі палітычнымі сыстэмамі (ТПС).

Такім чынам, сучасную палітычную геаграфію можна акрэсьліць як навуку аб гаспадарстве ў палітычным часапрасторы, яго гаспадарчай базе і палітычным зьмесьце, абшаравай (у т. л. тэрытарыяльнай) арганізацыі ў геаграфічнай абалонцы Зямлі і па-за яе межамі (атмасфэра, часткова космас, наасфэра).

І. 3. МЕЙСЦА ПАЛІТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІ СЯРОД НАВУК

Палітычная геаграфія зьяўляецца геаграфічнай навукай, а не палітычнай. Стэрэатыпна яна – частка эканамічнай і сацыяльнай (або сацыяльна-эканамічнай) геаграфіі. Аднак, палітгеаграфія можа разглядацца асобна на адным узроўні з фізычнай геаграфіяй, геаграфіяй насельніцтва, эканамічнай і сацыяльнай геаграфіяй. Усе геаграфіі зьяўляюцца як пастаўшчыцамі інфармацыі для палітычнай геаграфіі, так і карыстальніцамі вынікаў палітгеаграфічных дасьледаваньняў. Таму палітычную геаграфію варта вывучаць пасьля вывучэньня ўсіх іншых геаграфіяў. Толькі палітычную карту ёсьць сэнс вывучаць пасьля вывучэньня фізычнай геаграфіі і перад знаёмствам з насельніцтвам і гаспадаркай.

Пры зьмяненьні палітычнага часапрастору частка сучасных палітгеаграфічных досьледаў стане набыткам гістарычнае геаграфіі.

Геадэзія, тапаграфія і картаграфія для палітычнай геаграфіі пастаўляюць палітычныя карты, карты тэрытарыяльных падзелаў і мн. інш. картаграфічныя творы неабходныя дзеля досьледаў. Ступень дакладнасьці карт часта вызначае ступень дакладнасьці вынікаў палітгеаграфічных дасьледаваньняў.

Зь негеаграфічных навук палітычная геаграфія найперш зьвязана з паліталёгіяй і іншымі палітычнымі навукамі, але не зьяўляецца іх служанкай, бо паліталёгія мае іншыя аб’ект (аб’ектыўная палітычная рэчаіснасьць ці палітычная сфэра грамацтва) і прадмет (фэномэн палітычнае ўлады) дасьледаваньняў. Паліталёгія і палітычная геаграфія разглядаюць палітычныя сыстэмы гаспадарстваў ды іншыя агульныя праблемы. Палітычная геаграфія найперш зацікаўлена ў адкрыцьці іх абшаравых заканамернасьцяў.

Нясумнеўная сувязь палітычнай геаграфіі з гісторыяй, бо палітычная гісторыя дае інфармацыю аб палітычных працэсах у мінулых палітычных часапрасторах. Толькі сам просты пералік гістарычных падзей, лічбаў, фактаў не ўтрымоўвае часапрасторавых заканамернасьцяў, бо гісторыкі, як правіла, пішуць гісторыяграфію суб’ектыўна, г. зн. прытрымліваюцца тых ці іншых пазыцый.

Клясыкі нямецкай (раццалеўскай) палітгеаграфіі яе зьвязалі зь біялёгіяй, дакладней некаторымі часткамі эвалюцыйнага вучэньня, аднак зашчыльна.

Спаччыная зьменлівасьць і натуральны адбор спосабам барацьбы за існаваньне наўпростава дзейнічалі ў глыбокай старажытнасьці, адразу пасьля таго як узьнік від Homo sapiens sapiens. Дыфэрэнцыяцыя чалавека разумнага на падвіды (расы) – вынік найперш біялягічнай эвалюцыі, а на папуляцыі (этнасы) – як біялягічнай, так і сацыяльнай (прыстасаваньне да дыфэрэнцаваных краявідаў). Дзяржавы і іншыя формы геапалітычнай арганізацыі варта разглядаць як вынік найперш сацыяльнай геапалітычнай дзейнасьці рас, этнасаў і іншых супольнасьцяў чалавецтва. Клясычная дарвінаўская эвалюцыя ў грамацтвах (соцыюмах чалавека разумнага) адбываецца не наўпростава, а апасрэдна.

У канцы ХІХ, пачатку – сярэдзіне ХХ ст. палітгеаграфія надзвычай цесна была зьвязана з мілітарнай сфэрай, што й выкарыстоўвалі мілітарыстыя. Аднак, палітычная геаграфія ня можа не дасьледаваць мілітарную сфэру. Мілітарная сіла і вага пакуль застаюцца адной з асноўных складаючых моцы і вагі гаспадарстваў, аднак іх роля паступова зьмяньшаецца на крысьць найперш гаспадарчай моцы й вагі.

Сучасная палітычная геаграфія ўсе больш і больш зьвязана з эканомікай і эканамічнай геаграфіяй бо ўзровень разьвіцьця і стан гаспадарак становіцца вызначальнай складаючай моцы і вагі гаспадарстваў на плянэце ў эпоху глябалізацыі.

Нарэшце прававыя гаспадарствы патрабуюць глыбокіх дасьледаваньняў і выяўленьня геаграфічных заканамернасьцяў прававых сыстэм, у т. л. і з мэтаю іх паступовага ўдасканаленьня, што ня можа быць па-за ўвагай палітычнай геаграфіі.

Асобае мейсца сярод крыніц інфармацыі для палітгеографа займаюць дадзеныя статыстыкі. Шматлікія статыстычныя даведнікі разам з картаграфічнымі творамі заўсёды былі, ёсьць і будуць незаменнымі крыніцамі для дасьледаваньняў. Таму аб’ектыўнасьць і ўзровень статыстыкі часам вызначае аб’ектыўнасьць высноў, канцэпцый, гепотэз і, нават, тэорый ды вучэньняў.

І. 4. СТРУКТУРА ПАЛІТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІ

Палітычная геаграфія займаецца дасьледаваньнямі гаспадарстваў рознага ўзроўню, таму акрамя дзяржаў: іх абшараў, найперш тэрыторый, межаў, людаў, сталіц і інш., грунтоўна вывучаюцца рэгіёны краін і дзяржаў, а таксама наддзяржаўныя, або міждзяржаўныя ўтварэньні (ад ААНаўскіх рэгіёнаў да міжнародных арганізацый). Дасьледаваньне гаспадарстваў – адзін з асноўных накірункаў у палітычнай геаграфіі.

Надзвычай важны накірунак — дасьледаваньне палітычных сыстэм дзяржаў, у т. л. іх дзяржаўных ладаў. Тут палітычная геаграфія карыстаецца дасягненьнямі паліталёгіі, выдаючы ўласныя прасторавыя заканамернасьці палітычных сыстэм (як сучасных, так і мінулых эпох).

Палітычны часапрастор прайшоў доўгае разьвіцьцё ад старажытнасьці да сучаснасьці, таму даследаваньне мінуўшчыны (асабліва перамен у часапрасторы) патрэбна дзеля разуменьня яго сучаснага стану.

Сьвет сатрасаюць канфлікты паміж палітычнымі супольнасьцямі і гаспадарствамі. Савецкае словазлучэньне “гарачыя кропкі плянэты” перадае толькі частку рэчаіснасьці. Сучасныя канфлікты маюць як кропкавыя , так і лінейныя, а, найчасьцей, плошчавыя абшары. Дасьледаваньні гістарычных і сучасных канфліктаў дапамогуць спрагназаваць мадэлі канфліктаў у будычыні з мэтай іх пазьбяганьня. Такая задача для палітычнай геаграфіі – адна з найважнейшых.

Геапалітыка як практычная частка палітычнай геаграфіі што разглядае не дзяржаву з пункту гледжаньня прастору, а прастор з пункту гледжаньня дзяржавы — павінна служыць міру на плянэце. Умовай выпрацоўкі любых геапалітычных канцэпцый (геапалітык) мусіць стаць іх неагрэсіўнасьць. Дзяржаўныя інтарэсы не павінны мець нічога агульнага зь мілітарызмам, агрэсіўнымі экстрэміскімі рухамі, ґвалтам, прапагандай вайны. Увогуле геапалітыка – “кій з двума канцамі”. Яе прымяненьне можа стаць як “перні-кам”, так і “бізуном”.

Дасьледаваньні геаграфіі выбарчых працэсаў спрыяюць станаўленьню больш-меньш стабільных раскладаў палітычных сіл у дэмакратычных дзяржавах, недапушчэньню (як мінімум) частых дэстабілізацый зьвязаных з выбарамі (напр. Украіна мае выразны тэрытарыяльны падзел на захад і ўсход, які ўскладняецца ў пэрыяд да, у час і пасьля кожных выбараў падзеламі на тры, чатыры, або больш дзесяці Ўкраінаў).

Нарэшце, гісторыя самае палітгеаграфіі з геапалітыкай шмат дзе не раскрыта, уяўляючы таямніцу (асабліва спаччына старажытных вучоных, айчынных навукоўцаў у часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, ХІХ ст.)

Важнымі ўяўляюцца комплексныя дасьледаваньні прыроды, насельніцтва і гаспадаркі з мэтай вывучэньня цывілізацыйнага падзелу чалавецтва ў мінулым і правільнага вылучэньня сучасных цывілізацый ды іх герархіі.

Досьледы эўрапейскай і сусьветнай інтэграцыі маюць наўпроставую карысьць, найперш гаспадарчую. Геаграфічная эўрапеістыка стане важнай галіной ведаў. Эўрапейскія супольнасьці зацікаўлены ва ўсё новых і новых досьледах з мэтаю пабудовы зьінтэграванай Эўропы.

І. 5. ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ І ГЕАПАЛІТЫКІ

Як было вышэй падкрэсьлена, розныя супольнасьці на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва стыхійна займаліся геапалітыкай, de facto, нават не ўяўляючы таго. Паняцьце “геапалітыка” было ўнесена ў навуку швэдыйскім палітолягам і сацыёлягам Рудольфам Чэленам (Rudolph Kjellén) у 1899 г.

Табл. 1.GIF

Першасна геапалітыка спатрэбілася дзеля акрэсьленьня падрабязнага аналізу палітыкі, г. зн. у асноўным замежнай палітыкі дзяржаў. Аднак упершыню сыстэматычна аналізаваліся суадносіны прастору і палітычных чыньнікаў.

Як піша Івэс Лякост/Yves Lacostе, сутнасна геапалітыка – створанае палітычнымі суб’ектамі ўяўленьне залежнасьці сваіх інтарэсаў і “гістарычных правоў” , якое мае вельмі моцны ўплыў (нават падсьвядома) на адлюстраваньне рэчаіснасьці, а тым самым – на палітычныя рашэньні.

Не існуе адной дэфініцыі геапалітыкі. Уяўленьні аб тым, што палітычная геаграфія вывучае дзяржаву з пункту гледжаньня прастору, а геапалітыка – прастор з пункту гледжаньня дзяржавы падаюцца занадта ўпрошчанымі, але, увогуле, правільнымі.

Л. Мачульскі/L. Moczulski вызначыў, што геапалітыка займаецца зьменнымі сыстэмамі на нязьменным прасторы. Зьменнасьць геапалітчных сыстэм складана аспрэчыць, а геапалітычны прастор ўвесь час павялічваўся. Абмежаваны ізаляванымі цывілізацыямі геапалітычны прастор старажытнасьці і сярэднявечча, пасьля адкрыцьця Х. Калюмбам Амэрыкі ды яе асваеньня гішпанцамі і партугальцамі, пераўтварыўся ў трансатлянтычны геапалітычны прастор. У эпоху імпэрыялізму сфарміраваўся сусьветны геапалітычны прастор, а глябалізаваны геапалітычны прастор пач. ХХІ ст. павалічваецца на шэльфавыя акваторыі і блізкі космас. Таму тэза аб нязьменным прасторы выглядае памылковай.

У наш час геапалітыка разглядае ня толькі прастор, але і часапрастор (-у) і ня толькі з пункту гледжаньня дзяржавы, а шырэй – з пункту гледжаньня кожнага гаспадарства якое можна разглядаць як суб’ект геапалітыкі (ідэальна).

Рэальна геапалітыкамі займаюцца кіруючыя эліты гаспадарстваў (найперш дзяржаў, але і рэгіёнаў, міжнародных арганізацый і г. д.). Не адмаўляюцца ад геапалітык палітычныя колы, што стаяць на панпазыцыях (панэўрапейскія, панхрысьціянскія, эўраатлянтычныя, панславянскія, панарабскія і мн. інш.).

Больш таго, нельга дакладна акрэсьліць іх мейсца сярод навуковых дысцыплін. Географы лічаць геапалітыкі бязумоўна часткамі геаграфіі (у прыватнасьці палітычнай), што зьяўляецца:

— сынонімам палітычнай геаграфіі, у англасаксонскай традыцыі адмаўляецца як самастойная дысцыпліна, таму замест назоўніка ў множным ліку geopolitics (геапалітыкі) ужываецца прыметнік geopolitikal (геапалітычны);

— практычным прымяненьнем палітычнай геаграфіі, г. зн. геаграфія прызнае гепотэзы і тэорыі, а геапалітыка – сцэнары, канцэпцыі, дактрыны і г. д.

Больш таго, геапалітыка – навука з практыкі міжнародных адносін.

З пачатку 60-ых гадоў ХХ ст. паняцьце геапалітыка зноў паступова ўвайшло ў жыцьцё. Мы зьяўляемся сьведкамі выбуху інтарэсу да геапалітыкі, аб чым сьвеччыць посьпех італійскага геапалітычнага часопісу “Limes”, яго францускага аналягу “Hérodote”, а таксама ўсё большай увагі дасьлеччыкаў міжнародных адносін да геапалітычных канцэпцыяў і падыходаў.

Напрыклад, у 1978 г. у сувязі зь кітайскай атакай на В’етнам заходнеэўрапейцы (найперш французы) былі бязраднымі, бо не маглі з дапамогай марксізму-ленінізму растлумачыць вайну паміж двума сацыялістычнымі дзяржавамі (якая тэарэтычна была немагчыма). На дапамогу прыйшла геапалітыка. Раней геапалітыка забароненая Сталіным de facto сталася неўжыванай і на Захадзе.

Другаснае “зьяўленьне”, а дакладней легалізацыя і рэлігітымізацыя геапалітык і паняцьця “геапалітыка” тлумачыцца многімі чыньнікамі (Carlo Jean, 2006):

— канцом ідэалёгіі двухполюснага сьвету,

— замяшчэньнем ялцінскага парадку беспарадкам нацый,

— цяжкасьцямі ва ўвядзеньні новага сусьветнага парадку,

— дэградацыяй блёкаў,

— большай аўтаноміяй сярэдніх дзяржаў дзякуючы фраґмэнтацыі сусьветнага парадку,

— супрацівам глябалізму, а таксама ўзаемазалежнасьцям паміж гаспадаркай і інфармацыйнай супольнасьцю – такзванай балканізацыі сьвету і этнічным нацыяналізмам,

— уплывам на міжнародную сыстэму як новых вайсковых тэхналёгій, так і тэхналёгій утварэньня багацьцяў,

— зьяўленьнем новых міжнародных актораў, якімі зьяўляюцца дзяржавы Азіі, фундамэнталізмы, рэлігіі, міжнародныя прадпрыемствы (ТНК),

— задзіночаньнем Нямеччыны і павялічэньнем яе ўплыву на эўрапейскую і сусьветную раўнавагу,

— нарэшце мадыфікацыямі, якімі падвяргаюцца галоўныя акторы міжнароднай арэны, ці нацыянальныя дзяржавы – скінутыя зьверху празь міжнародныя арганізацыі, а зьнізу праз лякалізмы, рэгіяналізмы і трыбалізмы, а таксама на флянгах праз магутныя транснацыянальныя эканамічныя, фінансавыя і інфармацыйныя сілы, сукупныя эфэкты дзеяньня ад якіх зьмяняюць як сутнасьць так і паняцьце сувэрэннасьці.

Трыбалізм — спэцыфічны нацыяналізм што быў распаўсюджаны перад наважытнымі часамі. Праявіўся ў Югаславіі канца 1980-х – першай паловы 1990-х гг. – пачуцьце клянавага і плямённага зьвязу, разбуджанага элітамі і скіраванага супроць блізшых і далейшых суседзяў (Ryszard Kapuściński, 2000).

Кожная геапалітыка суб’ектыўная. Нельга быць ашуканым тымі, хто публікуючы ўсё новыя і новыя геапалітычныя распрацоўкі, выдае сябе за адзінага, самага вялікага, нават легендарнага геапалітыка, які толькі адзін ведае сапраўдныя шляхі разьвіцьця пэўнай супольнасьці (найперш дзяржавы). Толькі геапалітычная рэчаіснасьць пацьвярджае або адвяргае геапалітычныя распрацоўкі. Геапалітычная праўда/“праўда” можа стаць або не стаць ісьцінай. Час і грамацкая практыка – найвялікшыя судзьдзі геапалітыкаў. Геапалітыкі пацьверджаныя грамацкай практыкай становяцца часткай палітычнай геаграфіі.

У апошні час выйшла шмат літаратуры па геапалітыцы (геапалітыках). Палітычная геаграфія ў той ці іншай ступені геапалітызавана. Кожны дасьлеччык не зьяўляецца вольным ад дзяржавы пражываньня і часу, або ад палітычнае часапрасторы, ў якой ён знаходзіцца. Хуччэй за ўсё, палітычнай геаграфіі без геапалітык не існавала, не існуе і ня будзе існаваць. Нават калі дасьлеччык толькі канстатуе наяўнасьць розных тэорый, гепотэз і інш., ён не абыходзіцца без выказваньня свайго стаўленьня да той ці іншай.

Бадай што кожны навуковец мае ўласныя геапалітычныя перакананьні, пра што, між іншым, сьвеччыць кніга прафэсара БДУ І. Пірожніка, якая цалкам пераплецена эўразійскімі (пастсавецкімі, прарасейскімі, прамаскоўскімі) геапалітычнымі перакананьнямі аўтара. Русафіл І. Пірожнік настолькі захапляецца Расеяй, што, нават жывучы ў Беларусі і зьяўляючыся прафэсарам БДУ, — сваю працу напісаў на расейскай мове, пазьбегнуў канкрэтнага ўпамінаньня аб “Невядомай вайне” паміж ВКЛ і Масковіяй (у якой ад рук маскоўцаў загінуў кожны другі беларус, быў страчаны беларускі горад і мн. інш.). Больш таго, І. Пірожнік спачатку разглядае асаблівасьці разьвіцьця СНД, затым – геапалітычнае становішча Расеі і толькі трэцяй тэмаю — геапалітычную арыентацыю Беларусі. Не, нават не геапалітычнае становішча, а толькі — геапалітычную арыентацыю!

Не існуе выразнай дыфэрэнцыяцыі геапалітычных распрацовак, таму паспрабуем прыблізна акрэсьліць іх адрозьненьні. Геапалітычныя распрацоўкі могуць стаць афіцыйнымі дактрынамі, на пэўны час прынятымі тымі ці іншымі палітычнымі рэжымамі (напрыклад, дактрына Манро сталася de facto афіцыйна шанаванай у ЗША) дзеля рэалізацыі пэўных мэтаў у тым ці іншым рэгіёне сьвету. Геапалітычныя дактрыны адрозьніваюцца дэталёвай распрацоўкай часам вялікай колькасьцю адмыслоўцаў у розных навуках, часам з варыянтамі, што будуць рэалізаваны правячымі коламі пры розных чакаемых зьмяненьнях сытуацый. Геапалітычныя сцэнары звычайна максімальна прапрацаваны, аднак, хутчэй за ўсё, датычаць або далёкай будучыні плянэты (сусьветныя геапалітычныя сцэнары Carlo Jean’а), або пэўных рэгіёнаў. Геапалітычныя канцэпцыі – часьцей вынік разумовай дзейнасьці інтэлектуалаў з пэўных палітычных партый, рухаў і г. д. з мэтай атрыманьня паттрымкі як мага найбольшай часткі грамацтва. Геапалітычныя арыентацыі паказываюць на якія дзяржавы, блёкі, міжнародныя арганізацыі арыентуюцца пазыцыі (рэжымы), апазыцыі.

Напрыклад, ва Ўкраіне Віктар Юшчанка і Юлія Цімашэнка арыентуюцца на Эўрапейскі Зьвяз і НАТО, а Віктар Януковіч і Натальля Вітрэнка — на Расею. Адваротна, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі цалкам прарасейскі, а БНФ – арыентуецца на Эўрапейскі Зьвяз і НАТО.

Эўрапейскія геапалітыкі (маецца на ўвазе мейсца ўзьнікненьня школ) можна падзяліць паводле іх прасторавай лякалізацыі на ўласнаэўрапейскія, эўраатлянтычныя і эўразійскія.

Геапалітычныя распрацоўкі ХХ ст. могць быць клясыфікаваныя ў шэсьць школ:

1. Бінарная школа (Haushofer i Mackinder) падзяліла сьвет на дзьве часткі: кантынэнтальную і марскую, якія канфліктуюць паміж сабой па восі Ўсход-Захад.

2. Марыгінальная школа (Spykeman), прызнавала — цэнтр сусьветнай улады зьмяшчаецца ў марыгінальным поясе/пасе, што складаецца з паўвостраваў і востраваў, якія знаходзяцца вакол эўразійскага кантынэнту. Гэты пояс застаецца ў дынамічнай раўнавазе паміж кантынэнтальнымі і марскімі звышдзяржавамі.

3. Паясная школа зьмяшчала звышдзяржавы ў пасе паміж 20 і 40º паўночнай шыраты/шырыні (N), які абымае Эўропу, Расею, Японію, ЗША. Канфрантацыя ў такім выпадку адбываецца па восі поўнач-поўдзень.

4. Плюралістычная школа, рэгіянальная і шматполюсная, сьцьвярджала аб існаваньні многіх цэнтраў улады, што застаюцца ў стане дынамічнай раўнавагі, ці то ў супрацоўніцтве, ці то ў канфлікце.

5. Ідэалістычная школа ўспрымала сьвет за глябальную сыстэму, якая мае ўласныя правілы парадку, таму сьвет патэнцыйна мірны і з апірышчам на супрацоўніцтва. Прагназавала, што сучасны беспарадак зьменіцца не гегеманічным, а плюралістычным парадкам які застаецца ў цьвёрдай раўнавазе.

6. Школа цэнтр-пэрыфэрыі прызнавала большае значэньне поўначы, чым поўдню.

Каментары (1)

  1. Андрэй Пуканаў кажа:

    Дадзены артыкул яўна пісаў несьпецыяліст, гісторык хутчэй за ўсё, ці адарваны ад рэчаіснасьці тэарэтык. На тэму геапалітыкі ёсьць добрая кніга дэкана геафака БДУ І.І. Пірожніка “Геапалітыка ў сучасным сьвеце”. Раю таксама кнігу Ю.В. Ціханравава “Геапалітыка”. Геапалітыка, як і палітыка, навукай не зьяўляецца. Што датычыць палітычнай геаграфіі, яна складаецца з наступных асноўных разьдзелаў:
    1) Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел.
    2) Этнічная геаграфія.
    3) Канфесійная геаграфія
    4) Электаральная геаграфія
    Матэрыял па першаму разьдзелу (у тым ліку гістарычны) можна знайсьці ў працах Вадзіма Круталевіча і даведніках, па другому і трэцяму – у атласе “Беларусы” і іншых працах праф. Спартака Польскага і Алеся Саўчэні.
    На электаральнай геаграфіі спынюся асобна Адзіныя выбары, якія падлягаюць аналізу – прэзідэнцкія 1994 году, астатнія няма сэнсу аналізаваць з-за масавых фальсіфікацый. На згаданых выбарах пратэстны электарат галасаваў за двух кандыдатаў – Пазьняка і Лукашэнку. Падзел адбыўся паводле канфесійнай прыкметы. Паколькі большасьць у Беларусі складаюць праваслаўныя, а не каталікі, прэзідэнтам стаў Лукашэнка. Варта зазначыць, што пры ўсеагульных выбарах кандыдат у прэзідэнты для тэарэтычнай праходнасьці мусіць мець тры ўласьцівасьці:
    1) належаць да этнічнай большасьці
    2) належаць да канфесійнай большасьці
    3) ня быць ўраджэнцам сталіцы (калі насельніцтва сталіцы больш паловы агульнага, як ва Ўругваі, гэта правіла можа не спрацаваць)
    Такім чынам, сярод кандыдатаў у прэзідэнты 1994 году тэарэтычна праходнымі былі Лукашэнка, Новікаў і Дубко.
    На выбарах 2010 году тэарэтычна непраходнымі кандыдатамі былі Саньнікаў, Міхалевіч і Раманчук.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы