ІІ. 1. ЭЎРОПА Ў СЬВЕЦЕ
Эўропа – частка сьвету, або Стары Сьвет, якую некаторыя адмыслоўцы лічаць найвялікшым паўвостравам плянэты. Яе абшары разьлегліся толькі на 10,5 млн. км², што складае ўсяго 19% ад абшараў Эўразіі, і 7,7% сушы (без Антарктыды). Наша частка сьвету намнога меьшая ад Азіі (44,4 млн. км²), Афрыкі (30,3), Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі (23,2 і 18,8 млн. км²), Расеі (17, 075). Сувымерныя з эўрапейскімі абшарамі Антарктыда (13,3) і Паўночны ледавіты акіян (14,4 млн. км²) –большыя, а таксама Канада (9,971), Кітай (9,597), ЗША (9,364), Бразылія (8,547 млн. км²) — меньшыя.
Насельніцтва Эўропы (каля 710 млн. чал. на 2003 г.) складае каля 17% насельнікаў Эўразіі і каля 12% сусьветнай папуляцыі Homo sapiens. Значна больш на плянэце толькі рэпрэзэнтантаў буйнейшага этнасу – кітайцаў (за 1 млрд. чал.). Індыя налічвае больш 1 млд. чал., а на чорным кантынэнце (у Афрыцы) пражывае каля 700 млн. чал., што сувымерна з сумарнай колькасьцю людаў Эўропы. Больш таго, колькасьць насельніцтва Эўропы ў суадносінах да лічбы насельнікаў усяго сьвету памяньшаецца, а пасьля дэкалянізацыі – колькасьць эўрапейскіх дзяржаў склала толькі больш ¼ ад агульнай лічбы дзяржаў сьвету. Сучасная Эўропа мае трэцюю частку сумарнага валавага прадукту ўсіх дзяржаў сьвету (каля 32-33%). З аднаго боку, здаецца, нашы амбіцыі павінны быць сьціплымі, а зь іншага – ёсьць чым ганарыцца.
Сярод усіх частак сьвету толькі Эўропа мае сухапутную мяжу з Азіяй. Толькі да аднаго мора нашай плянэты – Міжземнага выходзяць берагі трох частак сьвету (Эўропы, Азіі і Афрыкі). Сьвет падзелены на часткі паводле сьветапогляду эўрапейцаў. Толькі ў Эўропе міжземнаморская цывілізацыя старажытнасьці, дзякуючы хрысьціянству трансфармавалася ў эўрапейскую хрысьціянскую.
Эўропа нарадзілася з спатканьня, каторае не заўсёды мела мірны характар… грэка-рымскай цывілізацыі зь сьветам германскім і славянскім, каторы павольна навяртаўся ў хрысьціянства за справай вялікіх місіянэраў, якія паходзілі з Усходу і Захаду (Ян Павал ІІ).
Эўропа – гэта абшар, што мае супольную культуру, якая паходзіць з хрысьціянскіх традыцый. Вузкая дэфініцыя Эўропы ўключае Заходнюю Эўропу, што паходзіць ад Рыму. Хрысьціянскія традыцыі Эўропы ўключаюць Візантыю і расейскае праваслаўе (Z. Brzeziński).
Пасьля падзелу адзінай Рымскай імпэрыі на заходнюю і ўсходнюю ўжо больш ніколі Эўропа не ўяўляла сабой палітычнага адзінства, бо на яе паверхнях ўзьнікалі розныя гаспадарствы, а ўсе спробы аб’яднаць эўрапейцаў мячом і пернікам (зь перавагаю мяча) сканчаліся няўдала. І гэта ня гледзячы на мнагаразавыя высілкі палітычна прагрэсіўных французаў (у часы Напалеона), тэхнічна й тэхналягічна непараўнальных немцаў, мнагалікіх манголаў (часы Чынгіс Хана, Батыя), арабаў, туркаў і расейцаў. Першым і другім хапала дзеля заваёвы й аб’яднеьня Эўропы культуры, затое не хапала дэмапатэнцыялу. Манголы (зь цюркамоўнымі), арабы (зь іншымі мусульманамі), туркі і расейцы будучы мнагалікімі, зьяўляліся далёкімі цывілізацыйна і суб’ектыўна з пункту гледжаньня эўрапейцаў ніжэйшымі культурова, таму, часова заваяваўшы частку цывілізацыйнай Эўропы, — выганяліся эўрапейцамі, ці зыходзілі з Старога Сьвету, паступова асіміляваўшыся ды эўрапеідызаваўшыся. Ня сталася выключэньнем і апошняя расейска-савецкая камуністычная прысутнасьць на ўсходзе Эўропы.
У сучаснай Эўропе не ўтварылася ніводнай выразна дамінуючай дзяржавы (аналягічна сусьветнага лідара ЗША ў Амэрыцы, Кітаю ў Азіі, Аўстралійскага Зьвязу ў Аўстраліі і Акіяніі). Нават сёньняшняя Нямеччына на такую ролю не прыдатная. Хіба што толькі сукупнасьць Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі ды Італіі у пэрспэктыве разам з Польшчай, Гішпаніяй, Украінай і, магчыма, Румыніяй стане канкурэнтаздольным у сьвеце хрыбтом Эўропы. Найлепш на такую ролю прыдатны Эўрапейскі Зьвяз.
Цэнтры эўрапейскага жыцьця вандравалі з усходу на захад, з поўдня на поўнач: Грэцыя з Афінамі, Рым, Гішпанія, Партугалія, затым Галяндыя, Вялікабрытанія і Францыя, нарэшце дзьве спробы Нямеччыны стаць цэнтрам Эўропы ХХ ст., што прывялі да двух сусьветных войнаў. З аднаго боку, эўрапейцы, падзяліўшыся на розныя блёкі дзяржаў, зацята ваявалі міжсобку – што аслабляла Эўропу. Зь іншага – ад часоў Хрыстафора Калюмба да другой паловы ХХ ст. — эўрапейцы (найперш у пошуках рэсурсаў) у адных выпадках падбілі, а ў іншых – асвоілі ды эўрапеідызавалі амаль увесь сьет (за выключэньнем Кітаю, Японіі і, ў вялікай ступені, Расеі). Вышэйзгаданае сьвеччыць аб выключным патэнцыяле Эўропы. Эўропа – абсалютны лідар у сьвеце другой паловы ІІ тыс. н. э.
Толькі ў Эўропе ўзьніклі цудоўна распрацаваныя міжнародныя мовы –мёртвыя: старагрэцкая, латынь і стараславянская, а таксама жывыя: француская, ангельская, нямецкая, галяндыйская, італійская, польская, сэрбахарвацкая. Лацінскі альфабэт, узьнікшы ў старажытным Рыме, — стаў дамінаваць на плянэце, бо, між іншым, мае ўнівэрсальныя спосабы перадачы гукаў спалуччэньнямі літар і дыякрытычнымі знакамі (над і пад літарамі). З шасьці афіцыйных моў ААН чатыры – маюць эўрапейскія карані (ангельская, французская, гішпанская, расейская). Тры зь якіх (за выключэньнем расейскай) – цывілізацыйна эўрапейскія. Расейская – эўразійская, ўзьнікшы ў Масковіі (г. зн. на тэрыторыі фізыка-геаграфічнае Эўропы), гістарычна пазьней (разам з заваёвамі расейцаў) распаўсюдзілася ў Паўночную (Сібір і Далёкі Ўсход) ды Сярэднюю Азію.
Нідзе на плянэце не сфарміраваўся многавекавы досьвед высокай культуры працы, што распаўсюдзіўся найперш пасьля пратэстантызацыі часткі Эўропы. Нідзе больш на сьвеце не дасягнуты высокі ўзровень дабрабыту ў, па меньшай меры, 23 дзяржавах, як у былой дэмакртычнай (капіталістычнай, рынкавай) Заходняй Эўропе. Менавіта Эўропа сталася мейсцам найбольшага скапленьня заможных (багатых) дзяржаў на Зямлі.
Эвалюцыя хрысьціянства ў Эўропе прывяла да ўзьнікненьня й эвалюцыі эўрапейскае дэмакратыі. Усё вышэйзгаданае сталася падмуркам для фарміраваньня найноўшых эўрапейскіх нацый на аснове канкрэтных этнасаў, што не характэрна для іншых частак сьвету.
Нарэшце, ня гледзячы на сучаснае дамінаваньне ЗША, толькі мінулыя пакаленьні эўрапейцаў заставілі найбагацейшую ў хрысьціянскім сьвеце агульную культурніцкую спаччыну. Апошняя — сталася прычынаю ўнікальнай эўрапейскай інтэграцыі, што ня мае аналягаў у гісторыі й сучаснай сусьветнай практыцы: рознаўзроўневай, паэтапнай, паступовай, накіраванай адначасова ўглыбіню і ўшырыню. А ні ў Амэрыцы (вакол ЗША і Канады), а ні ў Азіі, не ў марыгіналізаванай (асабліва пасьля дэкалянізацыі) Афрыцы не назіраецца інтэграцыі па шырыні й глыбіні аналягічнай эўрапейскай. Прычыны: найперш адсутнасьць (нават пры найвялікшых абагульненьнях) агульных культурніцкіх каранёў у тамтэйшых супольнасьцяў (Азія, Афрыка), ды велізарная розьніца ва ўзроўнях разьвіцьця гаспадаркі паміж дзяржавамі і іх часткамі.
ІІ. 2. ГЕАГРАФІЧНЫЯ РЫСЫ ЭЎРОПЫ
Сучасная Эўропа як частка сьвету мае агульныя рысы:
І. Фізыка-геаграфічныя. Перавага плятформ над геасінкліналямі; нізін, раўнін і ўзвышшаў над горнымі масівамі; лагоднага ўмеранага клімату з малымі амплітудамі хістаньня тэмператур, цёплым летам і памяркоўнай зімой з частымі адлігамі. Паўночна-атлянтычнае цячэньне, што прыносіць цёплыя марскія трапічныя воды да берагоў Эўропы, зьяўляецца найбуйнейшым чыньнікам кліматычных інверсій (тэмпературы ў берагоў Эўропы на 10-15 ºС вышэй за тыя, якія б існавалі без наяўнасьці вышэйузгаданага цячэньня); лясных прыродных зон ды краявідаў.
ІІ. Насельніцкія. Абсалютовая перавага:
— індаэўрапейскай расы – прычына практычнай адсутнасьці канфліктаў на расавай глебе ў Эўропе сярод гістарычных аўтахтонаў;
— хрысьціян трох асноўных накірункаў (каталікоў, пратэстантаў і праваслаўных) над вызнаўцамі іншых рэлігій;
— этнічных і моўных індаэўрапейцаў над урала- і цюркамоўнымі;
— прадстаўнікоў пастрымскай лацінскай культуры (каталікі і пратэстанты) і эліністычнай паствізантыйскай (праваслаўныя) над рэпрэзэнтантамі мусульманскай ды будыскай культур.
ІІІ. Палітычныя. Перавага ў Эўропе сярэдніх паводле велічыні абшараў і колькасьці людаў дзяржаў з высокай шчыльнасьцю насельніцтва, унітарных рэспублік з дэмакратычнымі палітычнымі рэжымамі (акрамя таталітарнай Беларусі, аўтарытарных Расеі і Казахстану). Дамінацыя палітычнай еднасьці Эўропы ў складзе Эўрапейскага Зьвязу. Эўрапейскія дзяржавы, якія не ўваходзяць ў склад Эўрапейскага Зьвязу не вядуць варожую палітыку ў дачыненьні да ЭЗ. Некаторыя дзяржавы імкнуцца быць сябрамі ЭЗ (Альбанія, Малдова, Украіна, Грузія, Турэччына). Толькі тры эўрапейскія дзяржавы (Беларусь Украіна, Малдова), а таксама эўразійскія Расея і Казахстан – сябры пастсавецкага СНД.
Цікава, што СНД неадназначна трактуецца людамі вышэйзгаданых дзяржаў. Тыя супольнасьці, што за гады расейскай і савецкай акупацыі захавалі нацыянальную і эўрапейскую індэнтыфікацыю (у першую чаргу беларускую, украінскую і малдаўскую мовы), без інтузіязму ставяцца да факту сяброўства ў СНД Беларусі, Украіны і Малдовы, лічачы СНД прарасейскай структурай, — пасьлядоўна выступаючы за эўрапейскую інтэграцыю заходніх пастсавецкіх дзяржаў (уступленьне ў НАТО ды ЭЗ). Іншыя часткі пераважна з асяродзьдзя зрасейшчаных (за гады расейскай і савецкай акупацыі) беларусаў, украінцаў ды малдаван, а таксама этнічных расейцаў-мігрантаў, што пражываюць на абшарах вышэйназваных дзяржаў і маюць грамадзянства, – як правіла агрэсіўна выказываюцца наадварот: ад інтэграцыі Беларусі, Украіны і Малдовы з Расеяй, да поўнага ўваходу ў Расею. Антыэўрапейскія выказываньні частак людаў заходніх пастсавецкіх дзяржаў – вынік не іх аб’ектыўнай належнасьці да эўразіяцкай цывілізацыі Расеі, а мроўнага, культурніцкага, ментальнага і інш. зрасейшчаваньня.
V. Гаспадарчыя. Эўропа характарызуецца высокім узроўнем развіцьця гаспадаркі. Ніякая іншая частка сьвету не ўключае столькі разьвітых дзяржаў. Фактычна ўся Заходняя, Паўночная (за выключэньнем дзяржаў Балтыі), Паўднёвая Эўропа (за выключэньнем балканскіх дзяржаў акрамя Грэцыі) уключаюць высакаразьвітыя дзяржавы (усяго больш за 20). Сярод іх найвялікшыя: Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя ды Італія, а таксама мікрадзяржавы што засталіся зь сярэднявечча. Толькі былыя сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы маюць сярэдні ўзровень гаспадарчага разьвіцьця (таксама больш 20 дзяржаў).
Паводле дзяржаўнага прадукту (брута) на аднаго жыхара (на 2002 г.) паўночнаэўрапейскія Нарвэгія, Данія, Ірляндыя, Швэцыя і Фінляндыя маюць ад 48,3 – да 31,1 тыс. даляраў ЗША. Паўночнаэўрапейцы разам з швэйцарцамі, амэрыканцамі ЗША, японцамі, аўстрыйцамі – самыя заможныя ў сьвеце. Паўднёваэўрапейцы таксама багатыя, аднак прадукуюць ў сярэднім за год на: ад 25,7 тыс. дал. ЗША (італійцы), да 14,5 тыс. дал. (партугальцы). Заходнеэўрапейцы вырабляюць за год на: 31,5 тыс. дал. (галяндыйцы), 30, 3 тыс. (брытанцы), 29,4 тыс. (французы), 29,2 тыс. (флямандыйцы ды валёны Бэльгіі), 29,1 тыс. (немцы). Усходнеэўрапейцы славане-каталікі вырабляюць куды меньш: ад 11 тыс. дал. ЗША ў год (славенцы) – да 5,5 тыс. (палякі), а традыцыйна праваслаўныя румыны і баўгары – ўсяго толькі каля 2 тыс. дал. у 2003 годзе. Падобная сытуацыя і з вытворчасьцю дзяржаўнага прадукту (брута) паводле парытэту набыўчай сілы валют на 1 жыхара (бягучыя цэны).
Адсюль, паводле багацьця-беднасьці Эўропа дыфэрэнцавана з поўначы й захаду (найбагацейшыя) на паўднёвы-ўсход (найбяднейшыя балканскія дзяржавы, Румынія, Малдова, Украіна). Паводле этнаканфэсійнага складу насельніцтва дзяржаў найбагацейшыя паўночнагерманцы-пратэстанты, багатыя заходне- і паўднёвагерманцы пратэстанты, меньш багатыя раманцы-каталікі, сярэднязабясьпечаныя балта- й славяна-каталікі, ды найбяднейшыя рамана- й славяна-праваслаўныя.
IV. Вайсковыя. Перавага вайсковага блёку НАТО у склад якога ўваходзяць 24 дзяржавы Эўропы, у т. л. 10 дзяржаў пасткамуністычныя (з 26 сяброў НАТО толькі ЗША і Канада не эўрапейскія дзяржавы). Паўночна-атлянтычны блёк мае праграму шырокага супрацоўніцтва з суседнімі дзяржавамі “Партнэрства дзеля міру”.
Толькі некаторыя дзяржавы: альпійскія Швэйцарыя і Аўстрыя, скандынаўскія Фінляндыя ды Швецыя, а таксама Ірляндыя, балканскія пастюгаслаўскія (за выключэньнем Славеніі) з Альбаніяй – не сябры НАТО. Толькі Беларусь і Расея з Казахстанам – сябры АДКБ (прарасейскага Аб’яднаньня дамовы аб каляктыўнай бясьпецы).
Толькі ў Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны жменька наймудрэйшых палітыкаў распачалі доўгі працэс эўрапейскае гаспадарчае інтэграцыі, які прывёў да стварэньня ўнікальнага ў эўрапейскай ды сусьветнай гісторыі палітычна-гаспадарчага інтэграцыйнага аб’яднаньня – Эўрапейскага Зьвязу. У складзе Эўрапейскага Зьвязу (Эўрапейскі Саюз, Эўрапейская Вунія) аж 27 дзяржаў, у т. л. 12 усходнеэўрапейскіх.
ЭЗ (ЕU) – прэстыжны клюб дэмакратычных найзаможнейшых дзяржаў з кожнага рэгіёну Эўропы, стаць сябрам якога жадаюць цэлы шэраг дзяржаў. Апошняе пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу адбылося 1 студзеня 2007 года. Дваццаць шостай і дваццаць семай дзяржавамі – сябрамі Эўрапейскага Зьвязу сталі Румынія і Баўгарыя.
ІІ. 3. ЭЎРАПЕЙСКАЯ КУЛЬТУРОВАЯ
І ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ ІНДЭНТЫФІКАЦЫЯ
Пытаньне аб агульнаэўрапейскай сьвядомасьці (індэнтыфікацыі) вынікае з таго, што Эўразія як найвялікшы кантынэнт падзяляецца на вялікую розналікую Азію і маленькую непараўнальна больш адналікую Эўропу, якая бы гіганскі паўвостраў далучаецца да Азіі, або паступова пераходзіць у Азію.
Эўропа і Азія ня толькі культурова здэтэрмінаваныя, але й культурова супрацьстаўляюцца. Побытава, у вачох эўрапейцаў Эўропа і Захад маюць пазытыўны, а Азія і Ўсход – негатыўны імідж. Эўропа – прагрэсіўная, канстытуцыянальная, рацыянальная, асветніцкая і дынамічная. Азія – дэспатычная, варварская, ірацыянальная, цемрашальская.
Расеец Л. Гумілёў, які належыў да іншай чым эўрапейская – эўразійскай (расейскай) цывілізацыі, пісаў: “Вядома, нас ня можа не “огорчіть” надзвычай распаўсюджаная думка (эўрапейцаў, — заўв В. К.), быццам ўсе дзяржаўныя формы, грамацткія інстытуты, этнічныя нормы і нават манэры выкладаньня не падобныя на эўрапейскія – проста адсталыя, недасканалыя і непаўнавартасныя. Банальны эўропацэнтрызм дастатковы для побытавага ўспрыняцьця, але не прыгодны дзеля навуковага асэнсаваньня назіраемых зьяў.”
Расейцы, зрасейшчаныя і саветы як побытава, так і навукова асэнсоўвалі рэчаіснасьць з пазыцыяў расейска-/масква-/эўразійскацэнтрызму. Сучасны навуковы эўропацэнтрызм ня лічыць адсталымі, недасканалымі і непаўнавартаснымі іншыя цывілізацыі, але прынцыпова аналізуе рэчаіснасьць з пункту гледжаньня культурніцкага і цывілізацыйнага эўрапейца.
Іншая справа, што абсалютовая дамінаваньне Эўропы ў сьвеце другой палове ІІ тыс. н. э. было падставай дзеля шырокага распаўсюджаньня эўрашавінізму, аднак расейскі, кітайскі, мусульманскі і інш. шавінізмы выглядаюць зьявамі аналягічнымі эўрапейскаму, ды несувымерна ў большай ступені небясьпечнымі ў будучыні.
Можна сьцьвярджаць аб існаваньньі агульнаэўрапейскай цывілізацыі, аднак ніякай агульнаазіяцкай цывілізацыі мы ня знойдзем нават пры найвялікшых абагульненьнях.
Л. Гумілёў праўдзіва бачыў аналягамі Эўропы ў Азіі Індыю і Кітай, бо цывілізацыя Індыі заснавана на сыстэме каст, а Кітаю – на ерагліфічнай пісьмовасьці і спэцыфічнай гуманітарнай адукаванасьці. Сучасную Індыю інтэгруе індуізм ды дэмакратыя, а Кітай – кітайскі камунізм і нацыяналізм у спалуччэньні з рынкавай гаспадаркай de facto.
Іслямская і эўразійская (расейская) цывілізацыі заснаваны адпаведна на рэлігійнай сьвядомасьці і спалуччэньні азіяцкасьці з эўрапейскасьцю.
Цывілізацыйная і культурніцкая еднасьць Эўропы апіраецца на хрысьціянстве як супольнай базіснай маральнай сыстэме (min.), сьветагляду і рэлігіі (max.).
Відавочна, што падаўляючая большасьць традыцыйных эўрапейцаў-вернікаў верыць у Ісуса Хрыста, а не ў Алаха або Буду.
Дзякуючы хрысьціянству з першаснай тэрыторыі Рымскай імпэрыі далёка на поўнач і ўсход Эўропы былі занесены ў выніку місіянерства лацінская культура, лацінскі альфабэт – абэцэда (з заходняй часткі басейну Міжземнага мора). Усходняе Міжземнамор’е было першасным арэалам, адкуль распаўсюджвалася ўсходняе хрысьціянства (грэцкая вера) з старажытнагрэцкаю культурай, алфавітам і г. д.
Прынцыповая розьніца сфарміравалася паміж індывідуалізмам культур Эўропы і супольніцкасьцю культур Азіі. Каштоўнасьці Эўропы – Асоба (пішу зь вялікай літары), вольнасьць, праўда і спажывецтва, а вартасьці Азіі – чалавек, як частка Сусьвету, дабро і быцьцё.
Пяць слупоў эўрапейскай культуровай індэнтыфікацыі:
1. Грэцка-лацінская антычная культура як падмурак сыстэмы культуры:
— грэцкая і лацінская мовы ў старажытнасьці і сярэднявеччы – асновы клясычнай эўрапейскай адукацыі,
— грэцкая і лацінская тэрміналёгіі – падстава міжнароднай навуковай тэрміналёгіі,
— мёртвая лацінская мова ўжываецца ў мэдыцыне, фармацыі, біялягічнай сыстэматыцы, а таксама ў рыма-каталіцкім касьцёле;
2. Рымскае права як канон адміністрацыйнага і крымінальнага права
(два фундаментальныя прынцыпы рымскага права: што не забаронена – тое дазволена і нельга быць судзьдзёй ва ўласнай справе) і кодэкс Напалеона як падмурак грамадзянскага права;
3. Рацыяналізм як падстава сьветапогляду на аснове крытыцызму і самакрытыцызму, як асноватворных рыс эўрапейскай культуры (замянілі сярэднявечную мэтафізыку);
Паводле эўрапейскага сьветапогляду сьвет недасканалы, таму можна і патрэбна яго зьмяніць. Паводле азіяцкіх культур: сьвет дасканалы, таму няма сэнсу яго зьмяняць, але нават калі й недасканалы – то яго зьмяніць не атрымаецца. Адсюль, характэрная для азіятаў (ад расейцаў і расейскамоўных да кітайцаў ды насельніцтва Індыі) цяга да пасіўнасьці, вернападданасьці, дэспатыі, замест натуральнай для эўрапейцаў актыўнасьці.
4. Хрысьціянства як этычная сыстэма;
Узьнікненьне і распаўсюд хрысьціянства садзейнічалі ідэалягічнай, палітычнай, гаспадарчай і каштоўнаснай інтэграцыі Эўропы за апошнія дзьве тысячы год. Дзякуючы хрысьціянству Эўропа стала адзінаю цывілізацыйнаю прастораю (эўрапейская хрысьціянская цывілізацыя). Хіба што кожны сучасны эўрапеец ды жыхар іншай часткі Зямлі ня гледзячы на яго стаўленьне да хрысьціянства, не адмовіць Дэкалёг як агульначалавечую этычную сыстэму.
5. Культурніцкі плюралізм.
Стаўся падставаю дзеля ўзьнікненьня ды распаўсюду сярод найперш эўрапейцаў такіх фундамэнтальных каштоўнасьцяў Старога Сьвету як дэмакратыя, правы чалавека, свабода Асобы, прававая дзяржава і інш.
ІІ. 4. МЕЖЫ ЭЎРОПЫ
Межы Эўропы акрэсьліваюцца як найперш фізыка-геаграфічныя. Пытаньні аб палітычных і культуровых межах Эўропы неадназначныя і зьяўляюцца прадметам дыскусій.
Традыцыйная фізыка-геаграфічная мяжа паміж Эўропай і Азіяй праводзіцца з поўначы на поўдзень па ўсходняй падэшве Ўральскіх гор. Архіпелаг Новая Зямля ў Паўночным Ледавітым акіяне – частка Эўропы, а Карскае мора – Азіі.
На поўдні мяжа Эўропы з Азіяй акрэсьлівалася па рацэ Ўрал, аднак з-за таго што ў верхнім цячэньні русла ракі падзяляе Ўральскія горы, а не цячэ па іх усходняй падэшве – р. Урал ня стала памежнай.
Сучасная паўднёвая мяжа Эўропы акрэсьлена па р. Эмбе. Ад мейсца ўпадзеньня Эмбы ў Касьпійскае мора ўмоўная мяжа паміж Эўропай і Азіяй праводзіцца па паўночнаму і паўночна-заходняму ўзбярэжжу Касьпійскага мора. Дэльта Волгі цалкам ўваходзіць у склад Эўропы. З прычыны нарастаньня дэльты фізыка-геаграфічная мяжа нашай часткі сьвету перасоўваецца ўвесь час на поўдзень, адсюль плошча Эўропы – некалькі павялічваецца.
Паміж Касьпійскім і Чорным морамі прапаноўваліся тры вэрсіі ўмоўнай мяжы. Кума-Мачынская ўпадзіна падзяляе геалягічныя структуры Ўсходне-Эўрапейскай плятформы ад структур Каўказу, таму і лічыцца натуральнай мяжой. Прапанова лічыць галоўны хрыбет Каўказу такой мяжою мае як станоўчыя: галоўны натуральны араграфічны падзел, галоўны вадападзел басэйнаў рэк і г. д., так і адмоўныя бакі: галоўны хрыбет Каўказу аддзяляе як аднолькавыя геалягічныя структуры, так і адзіныя насельніцкія ды культурніцкія супольнасьці (этнічныя, канфэсійныя). Расейцы ад ХІХ ст. традыцыйна мяжою Эўропы і Азіі лічылі паўднёвую частку Расейскай імпэрыі ў Закаўказьзі. У сувязі з распадам Расеі (ХІХ – пач. ХХ стст.) і СССР антынавуковасьць такой прапановы стала відавочнай.
Прапанова акрэсьліваць мяжу паміж Эўропай і Азіяй ў Закаўказьзі не вытрымлівае ніякай навуковай крытыкі, яна зыходзіла зь ізаляцыянізму Расеі, супрацьстаўленьню яе рэшце сьвету, а таксама з фарміраваньня ў афіцыйных навукоўцаў расейскага імпэрскага эўразійскага (фактычна азіяцкага) сьветапогляду.
Далей на захад межы Эўропы сягаюць па паўночнаму, заходняму і паўднёваму ўзьбярэжжу Азоўскага мора (якое застаецца часткаю Азіі) праз Керчынскі праліў (дзяржаўная мяжа Ўкраіны з Расеяй) уключаючы Крым. Заходняя частка Чорнага мора ўключаецца ў Эўропу. Умоўная мяжа праходзіць праз праліў Басфор, Мармуровае мора, праліў Дарданэлы і эгейскае ўзьбярэжжа Малой Азіі (Спарады і Дадэканэз зьяўляюцца часткай Эўропы, а Кіпр – Азіі).
Усходняя і паўднёва-усходняя межы Эўропы ўключаюць у склад нашай часткі сьвету ня толькі мнагалікіх мусульман басьнійцаў, крымскіх татараў, татараў, башкіраў, але і будыстаў-мангалёідаў калмыкаў, а таксама частку казахаў з паверхняю Казахстану ў паўтары разы большаю чым паверхня Беларусі.
Несумненна Балканскі, Апэнінскі, Пірынэйскі паўвостравы й арх. Мальта – частка Эўропы, затое самы вялікі востраў на плянэце Грэнляндыя – лічыцца Амэрыкай, палітычна належачы Даніі. Гэтую традыцыйна паўночна-эўрапейскую дзяржаву можна назваць амэрыкана-эўрапейскай.
Палітычныя межы Эўропы супадаюць з палітычнымі межамі дзяржаў сябраў Рады Эўропы, г. зн. часткаю палітычнае Эўропы зьяўляецца: Эўразійская Расея, азіяцкія Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Кіпр, эўраазіяцкая Турэччына. Эўрапейская Беларусь наадварот не ўваходзіць у Раду Эўропы. Адсюль, відавочна ўмоўнасьць межаў палітычнае Эўропы. Сябрамі Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) зьяўляюцца ЗША і Канада, а таксама дзяржавы Сярэдняй Азіі. Палітычная Эўропа займае, па меньшай меры, ўвесь басэйн Паўночнага-Ледавітага акіяну.
Вызначэньні ды акрэсьліваньні культуровых межаў Эўропы маюць найвялікшае значэньне з пункту гледжаньня фарміраваньня агульна-эўрапейскай сьвядомасьці (ідэнтыфікацыі). У другой палове ХХ ст. назіраліся неаднаразовыя спробы правесьці ўсходнюю культуровую мяжу Эўропы ад Белага да Азоўскага мораў (Jordan, 1973).
Сярод эўрапейцаў каталікоў і пратэстантаў часам распаўсюджана побытавая думка аб праваслаўных краінах Эўропы як аб ня вельмі эўрапейскіх. Адрозьненьні праваслаўнай Эўропы ад лацінскай – вынік іх шматвяклвай ізаляцыі ад агульнаэўрапейскага кантэксту (турэцкае і расейскае панаваньні).
Традыцыйная Эўропа ў часы Расейскай імпэрыі і СССР атаясамлівалася з Замежнай Эўропай дзе панавала эўрапейская культура, а заходнім гістарычна эўрапейскакультуровым нерасейскім нацыям (эстонскай, латыскай, летувіскай, беларускай, украінскай, малдаўскай) насаджалася расейская эўразійская культура з мэтаю культурніцкага зрасейшчваньня (асіміляцыі) апошніх.
Пасьля распаду СССР назіраецца прынцыпова новая культурніцкая сытуацыя. Вышэйпералічаныя эўразіятызаваныя (зрасейшчаныя) нацыі рээўрапеідызуюцца, што зьвязана зь вяртаньнем Эстоніі, Латвіі і Летувы ў эўрапейскую супольнасьць і жорсткай барацьбой ва ўкраінскай і беларускай супольнасьцях (бо ў большай ступені спазналі расейскую асіміляцыю) паміж прыхільнікамі эўрапейскай (ўласна ўкраінскай і беларускай) і эўразійскай (расейскай) культур. На мейсцы традыцыйнай Эўропы фарміруецца цывілізацыйная новая Эўропа, межы якой супадаюць з усходнімі межамі эўрапейскакультуровых Эстоніі, Латвіі, Беларусі ды Ўкраіны з эўразійскакультуровай Расеяй.
Словазлучэньне “блізкая Эўропа” узьнікла сярод беларусаў эўрапейскага культурніцкага кантэксту. Блізкай Эўропай можна назваць Украіну, Польшчу, дзяржавы Балтыі (нашы суседзі першага парадку). Да вышэйпералічаных дзяржаў варта далучыць найперш Чэхію і Славаччыну. Магчыма і шырокае разуменьне блізкай Эўропы як сукупнасьці дзяржаў былой камуністычнае Ўсходняе Эўропы, або як славяна-каталіцкага і славяна-праваслаўнага сьвету.
Між іншым, расейцы і зрасейшчаныя з былога СССР выдумалі “блізкае замежжа”. У “блізкае замежжа” яны ўключаюць 12 дзяржаў СНД, асобна заставіўшы дзяржавы Балтыі. Усе астатнія дзяржавы – “далёкае замежжа”. Карыстаючыся такой міталёгіяй расейскія Ўладзівасток і Чукотку, а таксама дзяржавы Сярэдняй Азіі (што знаходзяцца за тысячы кілямэтраў ад Беларусі) патрэбна лічыць блізкім замежжам, а суседнія Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Нямеччыну – далёкім. Геаграфічную абсурднасьць для беларусаў гэнага “падзелу” ня варта было б камэнтаваць, толькі каб не найноўшая масавая рэрусіфікацыя Бацькаўшчыны. Старыя імпэрскія штампы масквацэнтрычнага геаграфічнага сьветагляду як хвароба ў жывой беларускай супольнасьці. Яны заносяцца ў беларускія голавы ў масавай зрасейшчанай школай, замацоўваючыся ў такіх жа зрасейшчаных унівэрсытэтах.
На працягу ХХ ст. азіяцкая Турэччына дастаткова эўрапеідызавалася, таму частка дасьлеччыкаў адносіць гэтую дзяржаву да культурніцка эўрапейскіх. Варта памятаць, што рэлігійна (іслям) і этнічна (алтайская сям’я цюркская група) турэцкая нацыя мае азіяцкія карэньні. Больш таго, сучасную Турэччыну засноўвалі не нашчадкі туркаў-асманаў – мяцісаў туркаў з рамана-славянамі (што пасьля распаду Асманскае імпэрыі дажывалі ў Істамбуле), а туркаў-сельджукоў (апошняе паводле А. Гумілёва).
Толькі грэцка-праваслаўная частка Кіпру – сябра Эўрапейскага Зьвязу. Традыцыйна праваслаўныя хрысьціяне грэкі-кіпрыёты несумненна культуровыя эўрапейцы. Культуровая эўрапейскасьць турэцкага насельніцтва непрызнанай Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпру пад вялікім пытаньнем (як і ўсяе Турэччыны).
Нарэшце, Ізраіль культурова прымыкае да Эўропы, паколькі габрэі (жыды), што складаюць большасьць насельніцтва дзяржавы, маюць выразныя эўрапейскія карэньні, бо зьяўляюцца рэпатрыянтамі пераважна з эўрапейскіх дзяржаў. Культурова прымыкаюць да Эўропы хрысьціянскія Грузія, Армэнія, іншыя хрысьціянскія этнасы Каўказу і мн. інш.
ІІ. 5. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ КАНЦЭПЦЫІ ЭЎРОПЫ
1. Атаясамлівае Эўропу з Эўрапейскім Зьвязам.
2. Атаясамлівае Эўропу з фізыка-геаграфічнай Эўропай ад Атлянтыкі да Ўралу. Была прапанавана ў свой час францускім генэралам Шарлем дэ Голем (фр. Charlle de Gaulle). Генэрал жадаў уключыць у агульнаэўрапейскія працэсы эўрапейскую частку былога СССР, аднак у час дэ Голя увесь СССР быў ізаляваны ад Эўропы (рас. Зарубежная Европа).
3. Атаясамлівае Эўропу як Эўропа плюс Турэччына, Кіпр і увесь былы СССР (з азіяцкай часткай).
4. Уключае ЗША і Канаду ў эўрапейскую палітыку.
ІІ. 6. СУСЕДЗІ ЭЎРОПЫ
Непасрэднымі суседзямі, якія мяжуюць з Эўропай па сушы зьяўляюцца: Расея як эўразіяцкая/эўразійская дзяржава і Турэччына як эўраазіяцкая дзяржава (традыцыйна цюрка-мусульманская).
Зьяўляючыся абшаравым гігантам (абшары цывілізацыйнай Эўропы складаюць каля 35% ад абшараў Расеіі: адпаведна каля 5 млн. 900 тыс. км.² і каля 17 млн. 075 тыс. км.²) і людавым сярэднячком (у эўрапейскай часццы Расеі жыве меньш 1/5 часткі ад колькасьці людаў цывілізацыйнай Эўропы, а агульная лічба люду Расеі складае каля 25% ад колькасьці люду цывілізацыйнай Эўропы). Расея ў 2002 г. мела толькі каля 3,5% ад аб’ёму нацыянальнага прадукту брута, скарочана НПБ (або нутранага валавага прадукту, НВП) цывілізацыйнае Эўропы (346 млрд. 520 млн. даляраў ЗША), таму выглядала хутчэй гаспадарчым карлікам. З пачатку ХХІ ст. Расея павялічвае свой НПБ.
Толькі аб’ём НПБ сувымерны з 1 000 000 млд. даляраў ЗША дазволіць Расеі заняць важкае мейсца ў Эўропе, а НПБ сувымерны з 2 000 000 млд. USD дасьць магчымасьць увайсьці ў шэраг сусьветных лідараў.
Многія аспэкты суадносін паміж цывілізацыйнай Эўропай і Расеяй падрабязна разгледжаны ніжэй (гл. IV. 9., VIII. 19., IX. 3., ІХ. 4., ІХ. 5. і мн. інш.).
Пасьля заваёвы Канстанцінопалю туркамі і пяцівекавой экспансіі Асманскай імпэрыі ў цывілізацыйнай Эўропе (на Балканах) эўрапейска-турэцкія адносіны ў ХХ ст зьмяніліся. З дэградацыяй і крахам Атаманскай імпэрыі ды паўстаньнем сучаснай Турэччыны, яе аўтарытэтным лідарам Мустафой Атацюркам і элітамі быў узяты курс на пабудову сьвецкай дзяржавы і на эўрапейскую арыентацыю.
У выніку, сучасная Турэччына зьяўляецца сябрам НАТО, ды імкнецца стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу. У цюрка-мусульманскім сьвеце (Турэччына, Азэрбайджан, Казахстан, Узбэкістан, Кыргызстан і Туркмэністан) Турэччына валодаючы 16% сукупных (цюрка-мусульманскіх) абшараў (777,4 тыс км² з 4 млн. 715 тыс. км²) у пачатку ХХІ ст. валодала каля 60-цю % ад усяго дэмапатэнцыялу (каля 70 млн. чал. з 128,5 млн.). Больш таго, НПБ Турэччыны складаў у 2002 г. 182 840 млн. USD, каля 70% ад сукупнага НПБ шасьці цюркскіх дзяржаў. Турэччына разам з Казахстанам зьяўляюцца (ў цюркскім сьвеце) лідарамі паводле пакзчыкаў індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП). Тое зрабіла Турэччыну ўзорам пасьпяховасьці для пастсавецкіх цюркскіх супольнасьцей, тым больш што заходняя і цэнтральная часткі Турэччыны ўваходзяць у сусьветную эканамічна-палітычную паўпэрыфэрыю. Азэрбайджан, Казахстан і дзяржавы Сярэдняй Азіі – сусьветная пэрыфэрыя.
Празь Міжземнае мора Эўропа суседнічае зь дзяржавамі Магрыбу (традыцыйна араба мусульманскія). Араба мусульманскі Магрыб (Эгіпт, Лібія/Лівія, Туніс, Альжыр, Марока).
Іслямская цывілізацыя характэрызуецца надзвычай тэакратычнай і суцэльна маральна-этычнай ідэалёгіяй, што апіраецца на непадзельнасьці паміж палітычна-грамацка-гаспадарчым аспэктам публічнага жыцьця і аспэктам рэлігійным, што рэгулююцца нязьменнымі прынцыпамі Сьвятога Права, шарыяту (Jean C., 2003). Для ісляму супольнасьць вернікаў адна, непадзельная, таму сам факт наяўнасьці межаў зьяўляецца ґвалтам у дачыненьні да Бога. Прыярытэт нацый і нацыянальных дзяржаў як фэноман эўрапейскай цывілізацыі для іслямскай цывілізацыі не характэрны.
Магрыб, увогуле, зьяўляецца заходняй ускраінай мусульманскага сьвету, як у дачыненьні да мейсца знаходжаньня сьвятынь (Мэка, Мэдына), так і ў культурнай ды палітычнай сфэрах (напрыклад, мяйсцовыя арабскія гаворкі й дыялекты найбольш адрозьніваюцца ад літаратурнай арабскай мовы). Толькі міжземнаморскае ўзьбярэжжа і даліна Нілу зьяўляюцца сусьветнай эканамічна-палітычнай паўпэрыфэрыяй. Магрыбская Сахара – глыбокая пэрыфэрыя. Адсюль, відавочна гаспадарчая другаснасьць Магрыбу ў іслямскім сьвеце.
Велізарны абшаравы патэнцыял пяці дзяржаў Магрыбу (Эгіпт, Лібія/Лівія, Альжыр, Туніс, Марока), што мяжуюць з Эўропай (6 млн. 018,8 тыс. км.²) падмацоўваецца мнагалікім маладым людам, колькасьць якога стабільна павялічваецца (142 млн. 652 тыс. чал.) і амаль дасягае лічбы люду Расеі. Аднак велічыня гаспадарак Эгіпту, Лібіі/Лівіі, Альжыру, Тунісу і Марока (сукупны НПБ на 2002 г. — 238 080 млн. даляраў ЗША) параўнальна толькі з цюркска-мусульманскім сьветам (232 160 млн.USD). Такія маленькія нацыянальныя прадукты брута (НПБ) цюрка-мусульман і памежных з Эўропай араба-мусульман большыя чым НПБ Швэцыі (229 772 млн. даляраў ЗША) ды меньшыя – чым НПБ Бэльгіі (247 634 млн. USD). Паводле ІРЧП на 2000 г. дзяржавы Магрыбу маюць шырокую амплітуду хістаньня: ад 64 мейсца ў сьвеце (Лібія), да 115 (Эгіпт).
Праз Атлянтычны акіян Эўропа суседнічае з ЗША і Канадай. Абшары цывілізацыйнай Эўропы займаюць толькі 30,5% ад велічыні абшараў ЗША і Канады (адпаведна каля 5,9 і каля 19,3 млн. км.²), затое колькасьць людаў ЗША і Канады (на 2002 г.) складала толькі 54% ад колькасьці людаў цывілізацыйнай Эўропы. Цывілізацыйная Эўропа ў 2002 г. мела, увогуле, сувымерны сукупны НПБ з ЗША і Канадай (9 блн. 934 млрд. 100 млн. USD і 11 блн. 132 млд. 500 млн. USD), але ў пераліку сукупнага НПБ на 1 асобу сярэдні эўрапеец (акрамя расеяніна і жыхара турэцкай Фракіі) мае толькі каля 48,5% НПБ ад НПБ сярэдняга грамадзяніна ЗША і Канады (адпаведна 16 тыс. 837 USD і 34 тыс. 789 USD у 2002 г.). У 2000 г. паведле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ЗША і Канада займалі адпаведна 6 і 3 мейсцы ў сьвеце, суседнічаючы з паўночнаэўрапейскімі дзяржавамі, Нідэрляндамі, Бэльгіяй, Аўстраліяй і Японіяй.
Такім чынам, аптымальнае спалуччэньне рэсурсаў садзейнічае лідарству ЗША і Эўропы, што ўтвараюць на плянэце адзіны трансатлянтычны, або эўраатлянтычны сьвет. Злучаныя Штаты Амэрыкі як сучасны лідар плянэты разгледджаны ніжэй у ІХ. 1., ІХ. 5.
Эўропа — гэта натуральны саюзьнік Амэрыкі. Вызнае тыя самыя ідэалы; прынцыпова апіраецца на тую самую рэлігійную спаччыну; аддана тым самым дэмакратычным ідэалам і зьяўляецца першаснай айчынай большасьці амэрыканцаў (Z. Brzeziński, 1994).