nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ІІІ. ГАСПАДАРСТВА

28 лістапада, 2008 | Няма каментараў

ІІІ. 1. ГАСПАДАРСТВА

Для абазначэньня прадмету дасьледаваньня ў палітычнай геаграфіі выкарыстаем старое беларускае слова гаспадарства (ня блытаць з гаспадаркай).

Гаспадарства – абшар, абмежаваны палітычнымі межамі. Абшар – частка геаграфічнай абалонкі зямлі. Уключае ў сябе:

1. Паверхню (-і) (або дзённыя паверхні) – тэрыторыю (-і) і акваторыю (-і).

Адну тэрыторыю мае большасьць дзяржаў Эўропы. Дзьве тэрыторыі – Расея (асноўную і Калінінграцкую вобласьць), тры –Данія, ЗША (асноўная, штат Аляска і Гавайскія востравы), многа – Вялікабрытанія. Ня ўсе гаспадарствы валодаюць акваторыяй. Толькі прыбярэжныя гаспадарствы, якія выходзяць да аднаго дастаткова вялікага вадаёму (праліву, заліву, мора акіяну) з адзіным непрарыўным узьбярэжжам  валодаюць адной акваторыяй. Дзьве і больш акваторыі ў наяўнасьці ў гаспадарстваў, якім належаць два і больш узьбярэжжы аднаго, двух і больш вадаёмаў. Большасьць дзяржаў Эўропы маюць акваторыю, а некаторыя – акваторыі. Беларусь не ваолдае марскімі акваторыямі.

2. Частку атмасфэры (паветраную прастору) над паверхняй (-ямі);

3. Частку літасфэры (нетры) над паверхняй (-ямі);

4. Тоўшчу вады пад акваторыяй (глыбіні);

Дно вадаёма, вадацёка.

Паверхня (-ні) – тэрыторыя (-ыі) і акваторыя (-ыі).

1. Тэрыторыі – межы, або кантакты літасфэры з атмасфэраю.

2. Акваторыі – межы, або кантакты гідрасфэры з атмасфэраю.

Касьмічная прастора не зьяўляецца ўласнасьцю паасобных дзяржаў, яна належыць усяму чалавецтву.

Палітычныя межы – вертыкальныя плоскасьці, што супадаюць зь вертыкальнымі лініямі, праведзеныя пад прамым вуглом да дзённай паверхні.

 Патрэбна разьмежаваць край, краіну, Край, дзяржаву, дзяржаву і рэгіён што з даўніх часоў існуюць у беларускай традыцыі.

 край (пішацца з маленькай літары) – гістарычна сфарміраваная паверхня (тэрыторыя і акваторыя) са сваімі толькі характэрнымі для яе прыродай, насельніцтвам і гаспадаркай. край можа быць без акрэсьленых межаў, або часткова ці поўнасьцю абмежаваны акрэсьленымі геалягічнымі, араграфічнымі, гідралягічнымі і палітычнымі межамі. Напр., нарачанскі край, палескі край, прыпяцкі край.

 Краіна – гэта край, які акрэсьлены палітычнымі межамі і мае палітычны статус у сучаснай палітычнай часапрасторы, або зьяўляўся такім ў мінулым, а ў наш час уваходзіць у склад пэўнай дзяржавы, або падзелены паміж двума і больш дзяржавамі палітычнымі межамі. Адна краіна можа складацца зь некалькіх меньшых (напр., Румынія пасьля Першай сусьветнай вайны з Валахіі, Дабруджы, Малдовы, Бесарабіі, Сямігораду/Сямігародзьдзя).

Словам Край (заўсёды пішацца зь вялікай літары) у беларускай традыцыі абазначаецца Беларусь, як запаняволеная краіна, так і вольная дзяржава, пры тым найменьне Край мае яскрава выражанае патрыятычнае гучаньне.

Дзяржава – краіна, якая валодае палітычным і гаспадарчым (эканамічным) сувэрэнітэтам. Дзяржава на пэўнай паверхні заўсёды адна і ня можа складацца зь меньшых дзяржаўкаў, паколькі на кожнай паверхні распаўсюджваецца толькі адзін сувэрэнітэт. Выключэньні складаюць міжнародныя акваторыі (воды), Антарктыда і Антарктыка якія не належаць пэўным дзяржавам.

Рэгіён – дадатковая адзінка палітычнай арганізацыі супольнасьцяў. Рэгіёны бываюць як ўнутрыдзяржаўныя, так і наддзяржаўныя.

У гістарычнай літаратуры прымяняецца слова зямля (звычайна пішацца з маленькай літары), напр. Полацкая зямля, Тураўская зямля, землі ВКЛ.

 

 

ІІІ. 2. КРАІНА І ДЗЯРЖАВА

Сярод гаспадарстваў асаблівае мейсца займаюць краіны і дзяржавы.  Тэрміны краіна і дзяржава часта ўжываюцца амаль як сынонімы, аднак паміж імі ёсьць істотная розьніца (М. Амельянчук, 2005; А. Краўчук 2005; Z. Rykiel, 2006):

1. У ступені дакладнасьці элемэнтаў, паколькі дзяржава мае дакладна вызначаныя межы і абшары, а межы абшараў краіны часта зонныя, слаба вызначаныя, пераходныя. Дзяржава – суб’ект і аб’ект міжнароднага права. Краіна склалася гістарычна і мае адбітак традыцыі, таму – найперш суб’ект і аб’ект права дзяржавы.

2. У сутнасьці акрэсьленых паняцьцьяў, бо краіна вызначаецца абшарам, а таксама надаванымі культурай, значэньнем і вартасьцямі. Краіна найперш мае абшары, а дзяржава як абшары, так межы, дзяржаўную арганізацыю і мн. інш. прызнакі.

Можна вызначыць тры сытуацыі існаваньня дзяржавы без абшараў.    

Першая – Мальтыйскі Ордэн (ёанітаў). Панаваўшы два стагодзьдзі (у 1309-1522 гг.) на востраве Родас, а затым праз два з паловай стагодзьдзі (у 1530-1798 гг.) на арх. Мальта зьяўляецца апошнім неабшаравым дзяржаўным утварэньнем на сьвеце. Мае дыпляматычныя адносіны зь 50 дзяржавамі, рэпрэзэнтантаў у Радзе Эўропы і ААН. Апостальская Сталіца ў 1870 – 1929 гг. была дзяржавай без абшараў.

Другая – урады на эміграцыі, што вымушаны часова знаходзіцца ў іншых дзяржавах.

Першы выпадак – урад Сэрбіі, які ў час акупацыі дзяржавы войскамі Аўстра-Вугоршчыны (Першая сусьветная вайна) пакінуў Сэрбію і часова знаходзіўся на востраве Карфу (Грэцыя) ня страціўшы міжнароднага прызнаньня ды прававой легітымнасьці.

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) пасьля акупацыі нашай Бацькаўшчыны чужаземцамі (1918 г.) ўвесь час знаходзіўся і дзейнічаў у вольным сьвеце. На пачатку дзевяностых гадоў вялася дыскусія аб перадачы паўнамоцтваў урада БНР ураду Рэспублікі Беларусь, аднак было прынята адзінае палітычна правільнае рашэньне: пакуль існуюць рэальныя пагрозы для незалежнасьці Беларусі ніякіх паўнамоцтваў якому-небудзь de fakto існуючаму ўраду ў Рэспубліцы Беларусь – не перадаваць. З прыходам ў 1994 годзе да ўлады прарасейскага палітычнага рэжыму не вядзецца нават размоў аб перадачы паўнамоцтваў ад урада БНР (што de iure  бароніць незалежнасьць Беларусі) ураду РБ,

Трэцяя —  існаваньне двух дзяржаўных юрысдыкцый на тым самым абшары. У часы войнаў абшары дзяржаў што падвяргаюцца акупацыі іншымі дзяржавамі могуць мець легальную юрысдыкцыю як акупантаў, так і раней існуючай на тых абшарах дзяржавы. Напрыклад, акупаваныя Трэцім Рэйхам Адольфа абшары  эўрпейскіх дзяржаў мелі як нямецкую, так і францускую, польскую, чэхаславацкую і інш. юрысдыкцыі.

3. У ступені прасторавай арганізацыі. Краінамі складана назваць найвялікшыя кантынэнтальныя дзяржавы (немагчыма ўявіць неверагоднае – адна краіна займае гіганскую тэрыторыю), а таксама мікрадзяржавы (Ватыкан, Манака). Некаторыя дзяржавы існавалі занадта невялікі час каб іх называць краінамі, напрыклад НДР (ГДР), Югаславія і інш. Наадварот, многія доўга існуючыя гістарычна краіны ня ўтвараюць у наш час дзяржаў (Сямігорад/Сямігародзьдзе – частка Румыніі, Эльзас і Лятарынгія – Францыі, Каталёнія – Гішпаніі). Кастылія, Аквітанія, Далматыя, Бесарабія, Швабія, Прусія, Тракія – розныя прыклады краін якія не зьяўляюцца ў сучаснай палітычнай часапрасторы дзяржавамі. Былая Ўсходняя Прусія падзелена паміж Расеяй (Калінінграцкая вобл.) і Польшчай, а Ірляндыя як краіна падзелена паміж Ірляндыйскай Рэспублікай і Вялікабрытаніяй (Паўночная Ірляндыя). У сьвеце – былая брытанская Індыя падзелена паміж уласна Індыяй, Пакістанам, Бангладэш і інш. , а былая адзіная Карэя – паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй.

Асноўнай адзінкай палітычнай прыналежнаьці (палітычнай адзінкай) зьяўляецца краіна.

Краіны былі вядомы яшчэ за некалькі тысяч год да нашай эры. Яны ўзьніклі гістарычна, бо першаснае засяленьне насельніцтвам тэрыторый з рознымі прыроднымі ўмовамі й прыроднымі рэсурсамі спрыяла яго дыфэрэнцыяцыі паводле найперш сфэраў гаспадарчай дзейнасьці (напрыклад, у адной краіне, што знаходзілася на беразе вадаёма рыбалоўства, а ў іншай – што разьмясьцілася ў горах – зьбіральніцтва, ў лясной краіне – паляваньне й г. д.). Тое спрыяла маёмаснай дыфэрэнцыяцыі. Доўгая ізаляцыя папуляцый адной ад іншых ды міграцыі – моўнай, этнічнай і інш. Адсюль, кожная краіна ўнікальная.

Краіна – гістарычна сфармаваны абшар з характэрнымі толькі для яго прыродай, насельніцтвам, гаспадаркай і назвай.

Ня кожная краіна валодае сувэрэннасьцю. Шматгадовая, а то і шматвекавая дзяржаўніцкая, або дзяржаўная традыцыя, як правіла, дае права краіне валодаць сувэрэннасьцю. Ня кожная краіна адзначана на палітычнай карце ўласным колерам. Асноўнай адзінкай, што абазначаецца на палітычнай карце сьвету зьяўляецца дзяржава.

Дзяржава – гэта сувэрэнная краіна якая валодае палітычным і (не абавязкова поўным) гаспадарчным сувэрэнітэтам. Палітычны сувэрэнітэт – верхавенства палітычнай ўлады дзяржавы на яе тэрыторыі.  Дзяржава – асноўная адзінка палітычнай карты сьвету.

Дзяржава – вынік дзяржаўнай, або дзяржаўніцкай традыцыі. Дзяржава не ўзьнікае зь ніадкуль, а зьяўляецца вынікам гістарычнага разьвіцьця краіны.

 Сьцьвярджэньне, што ня кожная краіна ёсьць дзяржавай блізкае да ісьціны. Але ці кожная дзяржава – адна аднайменная краіна? Пры самым найвялікшым абагульненьні падаецца так. Аднак пры гістарычным падыходзе – не абавязкова. Адны сучасныя дзяржавы ўзьніклі ў выніку аб’яднаньня некалькіх гістарычных краін. Напрыклад, Румынія з Малдовы, Валахіі, Дабруджы, Сямігораду/Сямігародзьдзя;  Чэхія – уласна Чэхіі і Маравіі; Сэрбія  — уласна Сэрбіі і Ваяводзіны. Іншыя – у выніку сувэрэнізацыі аднае краіны (Славаччына, Славенія). Трэція зьяўляюцца часткамі сярэднявечных краін што захаваліся з эпохі фэўдальнай раздробленасьці (мікрадзяржавы Эўропы). Пры такім падыходзе толькі некаторыя з сучасных дзяржаў Эўропы гістарычна сфарміраваліся да атрыманьня незалежнасьці як адзіныя (часьцей аднайменныя) краіны.

 Існуе погляд на дзяржаву як на тэрытарыяльную і сувэрэнную адзінку прымусу, якая дзейнічае ў гаспадарчых, палітычных і ідэалягічных інтарэсах людаў што жывуць на акрэсьленых абшарах.  Аднак, ці толькі прымусам займаецца дзяржава?

 У Эўропе паняцьце аб сувэрэнітэце  зыходзіць з сярэднявечча як выражэньне тэндэнцыі каралёў і князёў не залежыць як ад царкоўнай, так і ад сьвецкай улады цэзараў. Зьнешні  сувэрэнітэт дзяржавы – яе незалежнасьць ад іншых дзяржаў. Нутраны – незалежнасьць ворганаў дзяржавы ў дачыненьні да яе грамадзян і іх арганізацый. Сувэрэнітэт дзяржавы праяўляецца ў яе незалежнасьці.

   Адразьніваюць тры прынцыпы сувэрэннасьці дзяржавы:

1. Выключнасьць заканадаўчай кампэтэнцыі, г. зн. што толькі дзяржава (не прыватныя асобы, арганізацыі і г. д.) можа прымаць заканадаўчыя акты і толькі выключна дадзеная дзяржава (а ня іншая) на ўласным абшары можа займаецца заканадаўчай дзейнасьцю;

2. Манаполію на ўжываньне прымусу, значыць што прымус ужываны прыватнымі асобамі, арганізацыямі, а толькі не дзяржавай на яе абшарах зьяўляецца сімптомам анархіі, а прымус ужываны сьпецслужбамі іншай дзяржавы – парушэньнем сувэрэнітэту дзяржавы;

 3.Незьвязанасьць ўласным заканадаўствам, абавязывае толькі дадзеную дзяржаву (а не прыватных асоб і арганізацый) зьмяняць прынятае раней заканадаўства. Прававая дзяржава ня мае магчымасьці адвольна зьмяняць заканадаўства, а толькі праз устаноўленыя ў дадзенай дзяржаве абавязковыя працэдуры. Больш таго, дзяржава абавязана карыстацца дзейнічаючым/ актуальным заканадаўствам да таго часу, пакуль яно ня будзе зьменена.

 Ня ўсе краіны зьяўляюцца дзяржавамі, г. зн валодаюць сувэрэнітэтам. Існуюць краіны, якія ніколі не валодалі і не валодаюць сувэрэнітэтам (Заходняя Сібір, Сібір, Паўночая Азія ў складзе Расеі), валодалі сувэрэнітэтам, але не валодаюць ім у наш час (Далёкі Ўсход Расеі валодаў пэўным сувэрэнітэтам у складзе аднайменнай рэспублікі пасьля 1917 г.), сувэрэнітэт якіх ў той ці іншай ступені абмежаваны.

 Існавалі і існуюць розныя формы абмежаванай сувэрэннасьці, якія ў шырокім сэнсе называюцца калёніямі і паўкалёніямі. У калёніі нутраны і вонкавы/зьнешні сувэрэнітэт звычайна скасаваны або максімальна абмежаваны, а ў паўкалёніі – вонкавы.

 Уласна калёнія – у наважытным (але не старажытным) разуменьні – традыцыйная форма пазбаўленьня ўсякага сувэрэнітэту заморскіх абшараў. Калёніі мелі розныя паўнамоцтвы ўнутраных самакіраваньняў у залежнасьці ад ступені цэнтралізіцыі мэтраполіі. Ад паловы ХХ ст. сама назва «калёнія» была ў такой ступені дыскрэдытавана, што мэтраполіі пераназывалі свае заморскія абшары на правінцыі, заморскія дэпартаманты, заморскія тэрыторыі. Аднак масавая дэкалянізацыя пачалася некалькі пазьней – з 50-60 ых гг. мінулага стагодзьдзя. Адзіная калёнія ў Эўропе – Гібралтар належыць Вялікабрытаніі.

 Пратэктарат – форма каляніяльнай залежнасьці з значнай нутраной сувэрэннасьцю і абмежаванай зьнешняй, галоўным чынам дзеля кантактаў зь мэтраполіяй.

 Мандатная тэрыторыя ў міжваенны пэрыяд зьяўлялася тэрыторыяй з рознай нутраной сувэрэннасьцю, пазбаўленая зьнешняй сувэрэннасьці, што была аддадзена Лігай Нацый іншай дзяржаве.

 Давераная тэрыторыя – абшар з абмежаванай нутранай сувэрэннасьцю і пазбаўлены зьнешняй, якая аддадзена ААН іншай дзяржаве.

Апека – усталяваная праз дамовы форма абмежаванага зьнешняга сувэрэнітэту. Фармальна не прыроўнівалася да каляніяльнай залежнасьці, аднак кантроль мэтраполіі над замежнай палітыкай і абаронай – істотны чыньнік абмежаваньня сувэрэнітэту.

 Кандамініюм – абшар з супольнай зьнешняй сувэрэннасьцю найменьш двух мэтраполіяў і ступеньню нутранай сувэрэннасьці, якая залежыць ад каляніяльнага статусу. Эўрапейская Андора была фактычна фэўдальным кандамініюмам.

Дамініён – дзяржава зь неабмежаванай нутранай сувэрэннасьцю і абмежаванай намінальна зьнешняй сувэрэннасьцю. З 1922 да 1937 г. Ірляндыя мела статус дамініёна Вялікабрытаніі.

Асацыяваная дзяржава – дзяржава якая дабраахвотна аддала частку сувэрэнітэту іншай дзяржаве, напрыклад Пуэрта-Рыка на карысьць ЗША.

Народная, Сацыялістычная, Дэмакртычная Рэспубліка. Дзяржава з de facto абмежаваным сувэрэнітэтам на карысьць былога СССР, часам з канстытуцыйна de iure гарантаванай дружбай з СССР. Характэрна  для сацыялістычных дзяржаў паваеннай Усходняй Эўропы з 1945 па 1990 гг.

Сувэрэнітэт можа быць поўным, няпоўным, частковым і ўвогуле адсутнічаць. Сувэрэнітэт можна абмежаваць, ліквідаваць, пашырыць, атрымаць у неабмежаваным выглядзе.

Сувэрэннасьць незалежных дзяржаў можа быць абмежавана толькі зь іх згоды на карысьць міжнародных арганізацый ці іншых дзяржаў.

Незалежнасьць – наяўнасьць дзяржавы ў палітычнай часапрасторы, у т. л. на палітычнай карце, г. зн. яна можа або быць, або – не. Часьцей палітычна залежныя супольнасьці (або часткі супольнасьцяў) эўрапейскіх краін з абмежаваным сувэрэнітэтам доўга і зь вялікімі ахвярамі змагаліся за незалежнасьць. Толькі незалежнасьць гарантуе de facto поўны сувэрэнітэт.

Напрыклад, кожная з дзяржаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу без сумневу зьяўляецца незалежнай, аднак іх сувэрэнітэт дабраахвотна (кожнай дзяржавай) абмежаваны па пэўных прыкметах (гаспадарчы агульнай гаспадарчай палітыкай, мытны – Шэнгенскімі дамовамі, валютны – зонай Эўра, нават вайсковы ўдзелам у НАТО), бо кожнай дзяржаве гэта выгадна.

 Дзяржаўнасьць і дзяржава не абавязкова карэлююцца з сувэрэннасьцю і незалежнасьцю. Дзяржаўнасьць пратэктаратаў несумнеўная, аднак яны характарызуюцца абмежаванай сувэрэннасьцю і адсутнасьцю незалежнасьці. Несумнеўная і дзяржаўнасьць асацыяваных дзяржаў, ня гледзячы на адсутнасьць у іх незалежнасьці.

Разглядзім падрабязна дзяржаўнасьць сучаснай Шатляндыі, ня гледзячы на адсутнасьць у яе незалежнасьці. Ня гледзячы на рэальны Зьвяз (Саюз/Вунію) з Ангельшчынай з 1707 года, Шатляндыя захавала ўласную прававую, адміністрацыйную і школьную сыстэмы, і таксама ўласную дзяржаўную царкву, а, нават, — уласную валюту, эмісіяй якой займаецца Шатляндыйскі Нацыянальны Банк (The Bank of Scotland). Шатляндыйскі парлямант (да 1999 г. нефармальны, лякалізаваны ў Лёнданскім Уэстміністры) ў наш час працуе ў Эдэнбурзе. Парлямант мае абмежаваныя паўнамоцтвы, аднак заканадаўчыя акты, прынятыя брытанскай Палатай Супольнасьцяў, актуалізуюцца на тэрыторыі Шатляндыі толькі ў тым выпадку, калі іх падпіша большасьць дэпутатаў ад Шатляндыі. Шатляндыйская прававая сыстэма апіраецца на клясычнае рымскае права як і ў большай частцы лацінскай (каталіцкай і пратэстанскай) Эўропы, але толькі не на англасакскае звычаёвае права. З пункту гледжаньня прававой, адміністрацыйнай, школьнай і царкоўнай сыстэмаў  Шатляндыя адрозьніваецца ад Ангельшчыны больш чым незалежная Ірляндыя (апрача Ольстару).

Асабліва важнае значэньне пасьля абвяшчэньня незалежнасьці мае міжнароднае прызнаньне іншымі дзяржавамі і іх арганізацыямі. Новая незалежная дзяржава павінна быць прызнана найперш былой мэтраполіяй.   

Напрыклад, абнаўленьне незалежнасьцей Летувы, Латвіі і Эстоніі было спачатку прызнана de facto, шэрагам дзяржаў de iure (найперш незалежнасьць Летувы прызнаў маленькі парлямант/альтынг Іслянды), а увосень 1991 г. кіраўніцтва СССР (напярэдадні яго распаду) de iure  прызнала незалежнасьці трох дзяржаў Балтыі.

Адны дзяржавы існуюць як юрыдычна, так і фактычна, другія – фактычна, але не атрымалі міжнарожнага прызнаньня (самаабвешчанае Прыднястроўе), або поўнага міжнароднага прызнаньня (Косава), трэція юрыдычна існуюць і прызнаны міжнародна, але не ажыцьцяўляюць юрысдыкцыі на ўласных абшарах (Заходняя Сахара de iure прызнана міжнарожна, а de facto – зьяўляецца часткаю Марока).

Агульнымі крытэрыямі індэнтыфікацыі незалежных дзяржаў зьяўляюцца:

— фармальна абвешчаная або гістарычна набытая незалежнасьць;

— міжнароднае прызнаньне;

— эфэктыўная ўлада найменьш на частцы абшараў дзяржавы.

Такім крытэрыям індэнтыфікацыі адпавядаюць 194 гаспадарствы, якія можна назваць дзяржавамі. Зь іх: 44 знаходзяцца ў Эўропе, 48 у Азіі, 53 у Афрыцы, 22 ў Паўночнай Амэрыцы, 13 ў Паўднёвай Амэрыцы, 14 – у Акіяніі.

 

 

ІІІ. 3. СУПОЛЬНАСЬЦІ

Насельніцтва нашай плянэты дыфэрэнцавана паводле біялягічных і грамацкіх прыкмет. Дыфэрэнцыяцыя  – гістарычны вынік засяленьня і расьсяленьня насельніцтва на пэўнай тэрыторыі. Вынік дыфэрэнцыяцыі – наяўнасьць на плянэце тысячаў рознах супольнасьцяў. Супольнасьць – частка насельніцтва Зямлі, для якой характэрна наяўнасьць пэўных агульных адной, двух ці некалькіх біялягічных і грамацкіх прыкмет.

Біялягічныя прыкметы: полавыя (мужчыны і жанчыны), ўзроставыя, расавыя і інш.

Грамацкія прыкметы: сацыяльныя, клясавыя (паводле марксістаў), моўныя, этнічныя, цывілізацыйныя, паводле палітычных перакананьняў і інш.

Утварэньне, разьвіцьцё і зьнікненьне гаспадарстваў – палітычных абшаравых адзінак – наступства палітычнай грамацкай дзейнасьці супольнасьцяў людаў на пэўных тэрыторыях, паверхнях і абшарах зь іх фізыка- і эканомікагеаграфічнай дыфэрэнцыяцыяй.

Далёка ня кожная супольнасьць можа ўтварыць гаспадарства як палітычную абшаравую адзінку. Дзеля ўтварэньня такой адзінкі патрэбна наяўнасьць абшаравай палітычнай індэнтыфікацыі супольнасьці на аснове пэўнай прыкметы. Напрыклад, на аснове рэлігійнай індэнтыфікацыі будаваліся імпэрыі (пераважна пратэстанская Германская імпэрыя, каталіцкая Аўстра-Вугорская, пераважна праваслаўная Расейская), а сучасныя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы пабудаваны на аснове этнічнай індэнтыфікацыі (славянскія, балцкія, фіна-вугорскія).

У межах палітычнай абшаравай адзінкі палітычная супольнасьць называецца  грамацкасьцю і грамацтвам. Грамацкасьць характэрна для ўсіх палітычных абшаравых адзінак. Грамацтва – грамацкасьць незалежных дзяржаў. Кожнае грамацтва зьяўляецца грамацкасьцю, аднак ня кожная грамацкасьць – грамацтвам.

Напрыклад, мы чуем “грамацкасьць Калінкавіцкага раёну, грамацкасьць Віцебскай вобласьці, грамацкасьць Баранавіч”, аднак цяжка сабе ўявіць словазлучэньне грмацтва раёну, вобласьці, камуны, зямлі ды іншых адзінак тэрытарыяльнага падзелу. “Беларускае грамацтва” – зусім натуральнае злучэньне слоў, аднак “грамацкасьць Беларусі“ таксама правільнае акрэсьленьне. Эўрапейскі Зьвяз, Заходняя Эўропа маюць грамацкасьць, аднак не грамацтва, бо грамацтва характэрна для дзяржаў, аднак не для наддзяржаўных рэгіёнаў ці палітычна-гаспадарчых, палітычна-вайсковых і іншых арганізацый рэгіёнаў. Правільна будзе сказаць “грамацтвы дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу”, “заходнеэўрапейскія грамацтвы”.

Такое акрэсьленьне паняцьцяў “грамацкасьць” і “грамацтва” уяўляецца натуральным для беларускае традыцыі.

 

 

ІІІ. 4. ГАСПАДАРСТВЫ – АБШАРАВЫЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ АДЗІНКІ (АПАдз)

Рэальна існуюць гаспадарствы – абшаравыя палітычныя адзінкі (АПАдз). Дзяржава – асноўная палітычная абшаравая адзінка вядомая з глыбокай старажытнасьці. Асобы, якія сябе ідэнтыфікуюць з палітычнай супольнасьцю дзяржавы, складаюць грамацтвы. Асобы, якія ня толькі індэнтыфікуюць сябе з грамацтвам дзяржавы, але й карыстаюцца правамі, што надзяляюцца дзяржавай, і нясуць абавязкі перад дзяржавай – грамадзяне. Дзяржава мае інстытут грамадзянства. Іншыя палітычныя абшаравыя  адзінкі ня маюць (як правіла) інстытуту грамадзянства.

 Дзяржава – асноўная, але не адзіная адзінка палітычнай абшаравай арганізацыі геаграфічнай абалонкі нашай плянэты. Існуюць палітычныя абшаравыя адзінкі як ўнутрыдзяржаўныя, так і наддзяржаўныя. Усе яны называюцца рэгіёнамі. Такім чынам рэгіёнам можа быць як Фракія (эўрапейская частка Турэччыны), так і БэНіЛюкс (уключае ў сябе тры дзяржавы (Бэльгію, Нідэрлянды і Люксэмбург).

 Гаспадарствы як палітычныя абшаравыя адзінкі І. І. Пірожнікам, а таксама расейскімі  географамі названы тэрытарыяльна-палітычнымі сыстэмамі (ТПС). Такая назва падаецца недакладнай (напрыклад, як клетка ў цыталёгіі-біялёгіі).

Па-першае, тэрыторыя зьяўляецца асновай, але толькі асновай гаспадарства. Правільней назваць паверхневыя (улічыць акваторыі што належаць гаспадарствам). Але сучасныя гаспадарствы рэальна распаўсюджваюцца ня толькі на дзённую паверхню, але й на абшар як частку геаграфічнай абалонкі і нават атмасфэру вышэй геаграфічнай абалонкі (да космасу). Сучаснае гаспадарства ня толькі тэрытарыяльнае і нават ужо не паверхневае, а абшаравае.

 Па-другое, гаспадарства як абшаравая адзінка ў падаўляючай большасьці выпадкаў зьяўляецца сыстэмай, аднак ці зьяўляюцца сыстэмамі гаспадарствы перад распадам і зьнікненьнем, або толькі што ўзьнікшыя новыя гаспадарствы? У былым Савецкім Саюзе перад зьнікненьнем адбываліся парады сувэрэнітэтаў і войны законаў. Пасьля ўзьнікненьня Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы кіраўнікі прадпрыемстваў скардзіліся на разрыў гаспадарчых сувязяў з суседнімі дзяржавамі.

 

 

ІІІ. 5. ВЕРТЫКАЛЬНАЯ СТРУКТУРА (ГЕРАРХІЯ) ГАСПАДАРСТВАЎ

Вертыкальная структура гаспадарстваў звычайна герархізавана. Гаспадарствы больш нізкага ўзроўню чым дзяржава падпарадкоўваюцца герархічна, г. зн. гаспадарствы меньшага ўзроўню гаспадарствам большага.

1. Нанаўзровень. Першасныя  (базавыя) гаспадарствы.

Напрыклад, сельскі, пасялковы, гарацкі саветы, гміны і інш. паводле палітыка-адміністрацыйных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных падзелаў дзяржаў.

2. Мікраўзровень. Лякальныя гаспадарствы.

Напрыклад, раёны, паветы і інш.

3. Мезаўзровень. Элемэнтарныя гаспадарствы.

Напрыклад, вобласьці, ваявоцтвы і інш. Характэрны для ўнітарных дзяржа ў і дзяржаў з камбінаваным тэрытарыяльным падзелам.

4. Аўтанамічны ўзровень. У фэдэрацыях, канфэдэрацыях, дзяржавах з камбінаваным адміністрацыйным падзелам.

 Напрыклад, Крымская Аўтаномная Рэспубліка Ўкраіны, суб’екты фэдэрацый Нямеччыны (землі), Расеі, кантоны Швэйцарскай Канфэдэрацыі, часткі Вялікабрытаніі (Ангельшчына, Шатляндыя, Уэльс, Паўночная Ірляндыя).

5. Дзяржаўны ўзровень. Асноўнае гаспадарства. Валодае сувэрэнітэтам.

6. Макраўзровень. Сукупнасьці гаспадарстваў (краін і дзяржаў). Рэгіёны розных парадкаў паводле рэгіяналізацыі ААН.

7. Мегаўзровень. Інтэгральная сукупнасьць гаспадарстваў. Уключае дзяржавы, што знаходзяцца ў розных рэгіёнах (паводле клясыфікацыі ААН).

Напрыклад: Эўрапейскі Зьвяз – палітыка-гаспадарчая арганізацыя. НАТО – палітыка-вайсковая арганізацыя і г. д.

8. Глябальны. Палітычная карта сьвету, што пераўтвараецца ў глябальную палітычную часапрастору эпохі глябалізацыі (імкнецца да супадзеньня межаў зь межамі наасфэры).

 

Субрэгіёны Эўропы паводле рэгіяналізацыі ААН (2000 г.).

Паўночная Эўропа ўключае 10 дзяржаў: Вялікабрытанію, Ірляндыю, Ісляндыю, Швэцыю, Нарвэгію, Данію, Фінляндыю, Летуву, Латвію, Эстонію.

Заходняя Эўропа фарміруецца з 8 дзяржаў: ФРН, Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Люксэмбургу, Аўстрыі, Швэйцарыі, Ліхтэнштэйну.

Паўднёвая Эўропа самая мнагалікая, бо складаецца аж з 16 дзяржаў: Італіі, Гішпаніі, Партугаліі, Мальты, Грэцыі, Славеніі, Харватыі, Босьніі і Герцэгавіны, Македоніі, Чарнагорыі, Сэрбіі, Альбаніі, Андоры, Манака, Сан-Марына, Ватыкану.

Усходняя Эўропа – залаты дзесятак (10) дзяржаў: Беларусь, Украіна, Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Румынія, Баўгарыя, Малдова, Расея.

 

Макраўзроўневыя сукупнасьці гаспадарстваў (гаспадарствы) клясыфікаваны ААН паводле пераважна тэрытарыяльнага прызнаку, г. зн. блізкасьці тэрыторый з пэўнымі ўмовамі.

Мегаўзроўневыя сукупнасьці гаспадарстваў (гаспадарствы) аб’яднаны паводле розных прызнакаў: палітычнай, гаспадарчай, вайсковай і інш. блізкасьці. Адна і тая ж дзяржава можа ўваходзіць у розныя міждзяржаўныя арганізацыі: блёкі, альянсы, садружнасьці, зьвязы і г. д. Напр., Славенія – сябра Эўрапейскага Зьвязу, НАТО, зоны ЭЎРА, Польшча – Эўразьвязу і НАТО, Украіна – СНД, а таксама імкнецца да сяброўства ў Эўразьвяз і НАТО, Беларусь – СНД, АДКБ.

 

 

ІІІ. 6. ГАРЫЗАНТАЛЬНАЯ СТРУКТУРА  ГАСПАДАРСТВАЎ

Гарызантальную структуру гаспадарстваў складаюць: палітычная карта, тэрытарыяльны падзел (палітыка-адміністрацыйны і адміністрацыйна-тэрытарыяльны), рэгіяналізацыя Эўропы і сьвету.

Палітычная карта – збор зьвестак аб палітычнай прыналежнасьці тэрыторый і (у меньшай ступені) акваторый Зямлі.

У першабытным грамацтве адсутнічала палітычная прыналежнасьць тэрыторый і палітычны падзел. Пры далейшым разьвіцьці чалавечага грамацтва: росту папуляцыі чалавека разумнага (Homo sapiens sapiens), павялічэньні колькасьці галін гаспадаркі (ад зьбіральніцтва, паляўніцтва і рыбалоўства да расьлінаводства, жывёлагадоўлі ды рамяства) ўзьнікла аб’ектыўная патрэба ў арганізацыі першых прымітыўных палітычных утварэньняў і далейшага палітычнага падзелу абшараў (найперш тэрыторый) паміж рознымі папуляцыямі насельніцтва.

З пункту гледжаньня картаграфіі палітычная карта – тэматычны картаграфічны твор на якім паказаны палітычная арганізацыя (краінная і дзяржаўная прыналежнасьць) паверхні (тэрыторый і акваторый) Зямлі.

На палітычных картах спосабам якаснага фона абазначаны краіны, г. зн. што плошча зямной паверхні, якую займае кожная краіна, паказана асобным колерам і ацьценьнем, а межы паміж краінамі абазначаны лінейнымі ўмоўнымі знакамі з каляровай акантоўкай па ўсім іх працягу на сушы. Калі мяжа супадае з восевай лініяй адлюстраванай на карце ракі, лінейны ўмоўны знак мяжы праводзяць то па правым, то па левым беразе ракі. Каля марскіх берагаў межы дзяржаў не адлюстроўваюць. Становішча дзяржаўнай мяжы як бы ўказывае сам умоўны знак лініі берагу мора. У тым выпадку калі дзяржаўная мяжа, праходзячы па моры ці акіяне, падзяляе востравы і паўвостравы суседніх краін, то яе абазначаюць асобнымі невялікімі фраґмэнтамі.

Сталіцы дзяржаў азначаюцца пунсонамі, а надпісы палітонімаў выконваюцца гарызантальна, вертыкальна, або нахільна па ўсёй тэрыторыі дзяржавы.

 

 

ІІІ. 7. ЗЬМЕНЫ Ў ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСАПРАСТОРЫ,

АБО ДЫНАМІЗМ ПАЛІТЫЧНАЙ АБШАРАВАЙ АРГАНІЗАЦЫІ

На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва яго палітычная абшаравая арганізацыя найбольш падвяргалася зьмяненьням. Таму яна – надзвычай дынамічная. Палітычныя працэсы ў розных краінах і рэгіёнах прыводзяць да:

1. Узьнікненьня новых дзяржаў у выніку:

— распаду старых дзяржаваў (Германскай Імпэрыі, Аўстра-Вугорскай Імпэрыі, Асманскай Імпэрыі, СССР, Чэхаславаччыны, Югаславіі), у т. л. вызваленьня краін якія ў мінулым зьяўляліся дзяржавамі, а затым былі далучаны да іншых дзяржаў у якасьці іх частак (незалежнасьць Эрытрэі ад Эфіопіі);

— аб’яднаньня дзяржаў (ГДР і ФРГ);

— вызваленьня заморскіх краін-калёній ад залежнасьці, напр. Мальта (А. Краўчук, 2008).

2. Зьнікненья дзяржаў у выніку:

— іх распаду на меньшыя дзяржавы (гл. вышэй СССР і г. д.);

— далучэньня да іншых дзяржаў (Танну-Тувінская Народная Рэспубліка да СССР);

— аб’яднаньня (ГДР і ФРГ зь зьнікненьнем ГДР);

— зьмяненьня канфігурацыі абшараў, паверхняў, тэрыторый і акваторый дзяржаў (у выніку войнаў, напрыклад канфігурацыя міжваеннай Польшчы і Польшчы пасьля Другой сусьветнай вайны радыкальна розьняцца). Прыводзіць да зьмяненьня колькасьці, руху, міграцый і складу насельніцтва, дзяржаўных межаў, і мн. інш.

3. Зьмяненьня дзяржаўных межаў (дзяржаўныя межы зьнікаюць у адных мейсцах і ўзьнікаюць у іншых).

4. Пераносу былых сталіц, у т.л. старых традыцыйных, напр. у выніку аб’яднаньня ГДР і ФРГ зьнікла сталіца Бон (А. Краўчук, 2008).

4. Узьнікненьня новых сталіц (Браціслава, Загрэб, Любляна, Скоп’е і мн. інш.) у выніку ўзьнікненьня новых дзяржаваў, пераносу сталіцы ў існуючае места або ў нанова пабудаванае места.

5. Зьнікненьня былых назваў краін і дзяржаў (напр., СССР, Аўстра-Вугоршчына, Югаславія).

6. Зьмяненьня саманазваў краін і дзяржаў шляхамі вяртаньня старых гістарычных палітонімаў, або прыняцце новых (напр. Малдавія і Малдова).

Усё вышэйпералічанае – колькасныя зьмены ў палітычнай часапрасторы, зьмяненьні дзяржаўнага ладу, міжнародных аб’яднаньняў, фармацыйнай і цывілізацыйнай прыналежнасьці абшараў супольнасьцяў і гаспадарстваў – якасныя.

Міхаіл Уладзіміравіч. Амельянчук пісаў: “Колькасныя зьмяненьні датычаць такіх працэсаў як далучэньне новых зямель, аб’ядненьне ці распад дзяржаваў, дабравольны абмен дзяржавамі асобнымі ўчасткамі тэрыторыі і інш. “Якасныя зьмяненьні абумоўлены такімі зьявамі як набыцьцё краінай дзяржаўнасьці (палітычнага сувэрэнітэту); зьмена формы кіраваньня і дзяржаўнага ладу, утварэньне палітычных саюзаў. Пры гэтым трэба заўважыць, што цяпер колькасныя зьмяненьні заўсёды суправаджаюцца якаснымі, і першыя ўсё больш саступаюць другім (1994)”.

Такім чынам, набыцьцё краінай дзяржаўнасьці можа разглядацца і як колькасная і як якасная зьмена ў палітычнай часапрасторы.

 

 

 

 

 

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы