nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ІV. ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД, ФАРМАЦЫІ ЭЎРАПЕЙСКІХ ГАСПАДАРСТВАЎ І ІХ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАСЬЦЬ

28 лістапада, 2008 | Няма каментараў

IV. 1. ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД

Адным зь першых, хто паспрабаваў абагульніць тагачасныя веды аб дзяржаўным ладзе быў Арыстоцель.

 

Група А. 

1. манархія,

2. арыстакратыя,

3. палітэя                              

 

Група Б.

1) тыранія,

2) алігархія,

3) дэмакратыя.

 

Падзел на групы А і Б апіраўся на крытэрыі інтарэсаў часткі супольнасьці ад імя якой ажыцьцяўляецца дзяржаўная ўлада. Падзел у групах А і Б  на падгрупы ад 1 да 3 залежыў ад таго, колькі людзей ажыцьцяўляла найвышэйшую ўладу. Арыстоцель лічыў, што да групы А належаць формы тагачасных дзяржаўных ладаў, у якіх кіраваньне ажыцьцяўляецца ў інтарэсах усіх грамадзян; у групе Б – у інтарэсах толькі кіруючых, або ў тыраніі кіраваньне адбываецца ў інтарэсах тырана, ў алігархіі – багатых, а ў дэмакратыі – бедных. Арыстоцель паттрымліваў зьмешаную форму кіраваньня – палітэю, якая злучала ў сябе манархію, арыстакратыю і дэмакратыю.

Адным з найстарэйшых падзелаў дзяржаўнага ладу (зыходзіць з старажытнасьці, афармляецца ў час эўрапейскага Адраджэньня) зьяўляецца падзел на манархіі і рэспублікі. Філёзафы і палітолягі шукалі дасканалыя формы дзяржаўнага ладу (Плятон, Арыстоцель, а ў ХVI ст. Т. Мор). Дасканалага ў свой час разуменьня праблематыкі дасягнуў Макіявэлі (Machiavelli, 1469 – 1527), сьцвярджаючы, што няма ідэальнага дзяржаўнага ладу, прыстасаванага на ўсе выпадкі з жыцьця супольнасьці.

Дзяржаўны лад ўключае:

1. Дзяржаўнае кіраваньне, бывае двух тыпаў: манархічным і рэспубліканскім.

2. Дзяржаўныя сыстэмы, падзяляюцца на прэзыдэнскія і парляманскія.

3. Тэрытарыяльныя прававыя лады (у т. л. тэрытарыяльныя падзелы), што вядомы як унітарныя і складаныя (камбінаваныя, пэрсанальныя зьвязы, рэальныя зьвязы, канфэдэрацыі і фэдэрацыі).

4. Палітычныя рэжымы (дэмакратычныя, аўтарытарныя і таталітарныя).

5. Грамацка-эканамічныя фармацыі (паводле марксіска-ленінскай клясыкі) і інш.

 

 

IV. 2. ДЗЯРЖАЎНАЕ КІРАВАНЬНЕ ЭЎРАПЕЙСКІМІ СУПОЛЬНАСЬЦЯМІ

Дзяржаўнае кіраваньне бывае манархічным і рэспубліканскім.

Манархія – форма дзяржаўнага кіраваньня, у якой рэпрэзэнтантам улады зьяўляецца адна асоба – манарх (цар, кароль, князь і інш.), які ажыцьцяўляе ўладу самастойна, або супольна зь іншымі дзяржаўнымі ворганамі. Манарх можа атрымаць уладу праз спаччыну (спаччынная манархія), ці праз выбар (выбарная манархія).

Манархія можа быць абсалютнай (або неабмежаванай), пры якой ўлада манарха нічым не абмежавана de facto. У Эўропе такія манархіі існавалі ў мінулым, але ў наш час засталіся часткай гісторыі. Пасьля буржуазных рэвалюцый сталі дамінаваць канстытуцыйныя (абмежаваныя) манархіі, у якіх улада манарха de iure i de facto абмежавана, як правіла, канстытуцыямі дзяржаў. Сучасныя манархіі ў разьвітых эўрапейскіх дзяржавах – парляманскія. Там абавязковае пісанае і непісанае правіла “Кароль пануе, але не кіруе”. Функцыі манарха ў парляманскай абмежаванай манархіі: захавальнік дзяржаўнай традыцыі, цэрэманіяльна-рэпрэзэнтацыйная, інтэграцыйная (як сымбаль задзіночаньня дзяржавы), а ў некаторых выпадках – арбітражная. Кампэтэнцыі манарха з часоў абсалютнай манархіі ў Эўропе абмежаваны: канстытуцыяй, адмысловымі законамі, дзейнічаючымі заканадаўчымі і выканаўчымі ворганамі ўлады, а пераняты: парлямантам, урадам і незалежнымі судамі.

Аднак, нават у абмежаваных эўрапейскіх манархіях ўладары часта адыйграюць істотную, нават вызначальную ролю. Так кароль Гішпаніі Хуан Карляс І двойчы не дапусьціў перавароту франкістаў. Больш таго, у некаторых эўрапейскіх дзяржавах: Румынія, Баўгарыя, Францыя, Расея моцныя праманархіскія настроі, нават дзейнічаюць партыі і рухі, адна з мэт якіх  — вяртаньне манархіі.

У сучаснай Эўропе 12 абмежаваных манархій (з 32 у сьвеце), зь іх: 4 паўночнаэўрапейскія (паўночнагерманскія) каралеўствы (Швэцыя, Нарвэгія, Данія), а таксама Вялікабрытанія; 4 – заходнеэўрапейскія: 3 манархіі БэНіЛюксу і Ліхтэнштэйн; 4 – паўднёваэўрапейскія (Гішпанія, Андора, Манака, Ватыкан). З манархій колькасна пераважаюць паўночнаэўрапейскія (паўночнагерманскія, пратэстанскія) дзяржавы і мікрадзяржавы (Люксэмбург, Ліхтэнштэйн, Андора, Манака, Ватыкан), тэрытарыяльна Швэцыя, Гішпанія і Вялікабрытанія, а насельніцка – Вялікабрытанія і Гішпанія. Пас манархій у басэйне Паўночнага мора цягнецца ад Вялікабрытаніі да Швэцыі. Усе эўрапейскія манархіі – разьвітыя і багатыя дзяржавы былой Заходняй Эўропы. На ўсходзе Эўропы манархій не засталося.

Рэспубліка – форма дзяржаўнага кіраваньня, пры якой у дзяржаўныя ворганы (адзінаасабовыя, або калегіяльныя) выбіраюцца на пэўны час прадстаўнікі  (дэпутаты) і вышэйшыя чыноўнікі (прэзыдэнт, мэры і інш.). Выбар ажыцьцяўляюць грамадзяне, або адмысловыя выбарчыя калегіі.

Рэспублікі ўзьніклі ў Міжземнамор’і яшчэ ў антычныя часы – Афіны (V-IV стст да н. э.), Рым (V-II стст. да н. э.). У сярэднявеччы вядомы рэспубліканскія Венэцыя (з 1000 г.), Флярэнцыя, Генуя, Ноўгарад, Пскоў, ганзейскія вольныя месты. Найстарэйшыя зь сёньняшніх эўрапейскіх рэспублік захаваліся аж з ХІІІ ст. – Сан-Марына і Швэйцарыя. Рэспублікі характэрны для эўрапейскай палітычнай часапрасторы (разам з хрысьціянствам і дэмакратыяй).

Рэспублікі падзяляюцца на парляманскія і прэзыдэнскія, а парляманты – на аднапалатныя і двухпалатныя.

Большасьць сучасных эўрапейскіх дзяржаў – рэспублікі. Яны ўзьніклі на мейсцах былых манархій (рэспубліканізацыя манархій), або ў выніку антыманархічных дэмакратычных рэвалюцый, ці пасьля распаду імпэрый і атрыманьня дзяржавамі незалежнасьці, або ў інш. выпадках. Такім чынам, некалькі апошніх стагодзьдзяў у Эўропе сярод якасных працэсаў у палітычнай часпрасторы дамінавалі дэабсалютызацыя, рэманархізацыя, дэманархізацыя і рэспубліканізацыя дзяржаў.

У дамадэрных фармацыях абсалютная манархія як форма дзяржаўнага кіраваньня лічылася нормай як паноўнымі элітамі, так і ніжэйшымі слаямі сацыяльнай лесьвіцы. Адным з патрабаваньняў паўстаньняў як рабоў, так і сялянаў было патрабаваньне замяніць “злога” манарха “добрым”.

Пры разьвіцьці капіталістычных вытворчых зносін інтарэсы нараджаючыхся капіталістаў сутыкнуліся з пануючым абсалютызмам. Менавіта буржуа  ўпершыню паўсюдна ў Эўропе паставілі пытаньні або аб абмежаваньні паўнамоцтваў манарха – дэабсалютызацыі на карысьць такіх інстытутаў як, найперш, парлямант і ўрад, або аб ліквідацыі манархіі як інстытуцыі –- дэманархізацыі і замене манархіі на рэспубліку – рэспубліканізацыі дзяржаў. Пытаньні дэабсалютызацыі, дэманархізацыі і рэспубліканізацыі сталіся прадметам жорсткай палітычнай барацьбы ў кожнай эўрапейскай палітычнай супольнасьці за апошнія 350-400 год. Вынікам дзесяткаў эўрапейскіх рэвалюцый была калі не рэспубліканізацыя, то – рэальная дэабсалютызацыя ўсяе цывілізацыйнае Эўропы.

Рэспубліканскі лад у старажытнасьці і сярэднявеччы, ня гледзячы на яго прагрэсіўнасьць, быў выключэньнем.

Першая буржуазная рэвалюцыя ў Галяндыі (1579 г.) прывяла да рэспубліканізацыі краіны з паверхняй толькі каля 25 тыс. км² і колькасьцю люду каля 2 млн. чал.  Рэспубліканізацыя Галяндыі разам з буржуазнымі рэформамі пераўтварылі яе ў вядучую на той час марскую гандлёвую дзяржаву Эўропы. Галяндыйская рэспубліка праіснавала да 1795 г. Рэманархізацыя Нідэрляндаў сталася хутчэй кампрамісам у імя стварэньня вялікай дзяржавы ў складзе Галяндыі, Бэльгіі і Люксэмбургу. Лягічна, што нідэрлянская манархія так і засталася абмежаванай.

Ангельская рэвалюцыя дэабсалютызавала і рэспубліканізавала дзяржаву, аднак толькі на пэўны час. Пазьнайшая рэманархізацыя не падарвала дэабсалютызацыі, а хутчэй замацавала сымбалічнасьць ангельскага трону.

Вялікая Француская рэвалюцыя  дэманархізаваўшы-рэспубліканізаваўшы дзяржаву народзіла новую францускую нацыю і аказала велізарнейшы ўплыў на ўсю тагачасную прагрэсіўную Эўропу.

Дэабсалютызацыя Швэцыі прывяла да ўстанаўленьня ў краіне абмежаванай манархіі ў 1809 г., а Данія толькі праз 40 год прыйшла да абмежаваньня манарха (1849 г.).  Першая рэспубліка ў Гішпаніі існавала ў 1871-74 гг. Аналягічна рэманархізацыя тут не эвалюцыянавала да фактычнай рэабсалютызацы.Тры партугальскія рэвалюцыі (1820-23; 1910; 1976 г.г.) дэабсалютызавалі, дэманархізавалі-рэспубліканізавалі і дэмакратызавалі дзяржаву.

У  самым пачатку ХХ ст. сярод 25 дзяржаў, што знаходзіліся ў межах фізыка-геаграфічнай Эўропы (ад Атлянтыкі да Уралу), амаль усе (21) зьяўляліся манархіямі, толькі чатыры – рэспублікамі (Францыя, Андора, Швэйцарыя, Сан-Марына). Іх сукупная паверхня – 578,5 тыс. км² была нямногім большая ад паверхні тагачаснае рэспубліканскае Францыі (536,5 тыс. км²) і складала ўсяго 5,5%  ад паверхні Эўропы, а насельніцтва – 42 млн. 301,7 тыс. чал. (Францыя – 38 млн. 962 тыс.) складала каля 11% ад усяго  насельніцтва Эўропы эпохі імпэрыялізму.

Пасьля Першай сусьветнай вайны палі аж тры найвялікшыя манархіі (Германская, Аўстра-Вугорская і Расейская), таму амаль суцэльна манархічная Эўропа  пераўтварылася ў пераважна рэспубліканскую. У 1938 г. сярод 34 дзяржаў Эўропы, 16 – мелі рэспубліканскі лад дзяржаўнага кіраваньня, займаючы агульную паверхню каля 7 млн. 600 тыс. км² (72,3% усяе

паверхні Эўропы) і маючы агульную колькасьць насельніцтва – 404 млн. 612 тыс. чал. (69 % насельніцтва Эўропы да Другой сусьветнай вайны).

Дэманархізацыя-рэспубліканізацыя Эўропы, распачаўшыся ў XVII XVIII стст., de iure не завяршылася (бо для сучасных германа-пратэстантаў, як правіла, характэрна абмежаваная манархія), а de facto – завяршылася пасьля Другой сусьветнай вайны з падзеньнем апошніх манархіяў у Італіі і балканскіх дзяржавах. На Балканах манархі ігралі вялікую ролю ў грамацкім жыцьці мяйсцовых супольнасьцяў, аднак агульная цярпімасьць і нават ляяльнасьць каралёў да Мусаліні і Трэцяга Рэйху Адольфа канчаткова дыскрэдытавалі іхнія кароны і троны. Таму Італія ды ўся Ўсходняя Эўропа пасьля Другой сусьветнай сталіся рэспубліканскімі. Наадварот, удзел Вялікабрытаніі ў антыгітлераўскай кааліцыі і адпаведная пазыцыя каралевы спрыялі высокаму аўтарытэту ангельскай кароны й трону, значыць – захаваньню абмежаванай манархіі.

У Эўропе пасьля Другой Сусьветнай засталіся толькі 12 манархій, што займаюць  1 млн. 644 тыс. км² абшараў. Толькі адна разьвітая вялікая дзяржавы – Вялікабрытанія захоўвае манархію, бо, перадусім, агульнавядома сымбалічнасьць улады ангельскае каралевы. Для Гішпаніі манархія выглядае рудымэнтам ад сярэднявечча. Сымбалізм іншых эўрапейскіх манархій не падвяргаецца дыскусіі.

 

  

IV. 3. ДЗЯРЖАЎНЫЯ СЫСТЭМЫ ЭЎРОПЫ

Прэзыдэнская (прэзыдыяльная/прэзыдэнтурная) сыстэма апіраецца на выкананьні прэзыдэнтам (адной асобай) функцыі галавы дзяржавы і ўраду. У такой сыстэме забаронена сумяшчэньне пасад ва ўрадзе і ў парляманце.  Функцыянаваньне ўраду незалежнае ад парляманскай большасьці. Галава дзяржавы ня можа паслаць у адстаўку парлямант.

Прэзыдэнцкія дзяржаўныя сыстэмы могуць выступаць як у манархіі (напрыклад Нямеччына ад 1871 г.), так і рэспубліцы. У рэспубліках існуюць тры сучасныя мадэлі: прэзыдэнская сыстэма ў ЗША, у якой прэзыдэнт зьяўляецца галавой дзяржавы, ўраду і адказным міністрам адначасова;  прэзыдэнскія сыстэмы ў Лацінскай Амэрыцы, дзе прэзыдэнт зьяўляецца галавой дзяржавы і ўраду што выконывае галоўныя накірункі яго палітыкі, але ў сваёй дзейнасьці абмежаваны габінэтам; калегіяльная сыстэма ў Швэйцарыі, дзе галава дзяржавы  — супольны ворган (7 асобавая Рада Зьвязу), які зьяўляецца адначасова ўрадам.

Парлямантарная сыстэма апіраецца на падзеле функцыі галавы дзяржавы і шэфа ўраду. У гэтай сыстэме злучэньне функцыі ва ўрадзе і парляманце зьяўляецца палітычна дазволеным (за выключэньнем Францыі). Урад зыходзіць у адстаўку пасьля атрыманьня вотуму недаверу ў парляманце. Галава дзяржавы мае права распусьціць парлямант або без абмежаваньняў (напр. у Вялікабрытаніі), або з абмежаваньнямі (напрыклад наяўнасьць канструктыўнага вотуму недаверу ў ФРН).

У сучаснай палітычнай часапрасторы парляманскія сыстэмы існуюць у манархіях і рэспубліках. У манархіях адзначаецца дамінацыя (гегемонія) прэм’ера над манархам, напр. у скандынаўскіх каралеўствах. У рэспубліках выступаюць розныя залежнасьці: глыбокі падзел кампэтэнцыяў паміж галавой дзяржавы і ўрадам (напр. у ІІІ-ІV Францускай Рэспубліцы); перавага кампэтэнцыі галавы ўраду – дамінацыя канцлера (напр. у ФРН); гегемонія прэзыдэнта (у Вэймарскай Рэспубліцы да фашыстоўскай дыктатуры Трэцяга Рэйху Адольфа, Францускай Рэспубліцы, Фінляндыі, Грэцыі); дамінацыя парляманту (мадэль якабінскай канстытуцыі з 1793 і, de iure, — сыстэма ў СССР).

  

Парляманскія і прэзыдэнскія сыстэмы

Табл. 2.GIF 

З пункту гледжаньня на суадносіны паўнамоцтваў паміж галавой дзяржавы, парлямантам і ўрадам можна адрозьніць парляманскую, прэзыдэнскую, зьмешаную і парляманска-камітэтавую сыстэмы.

Парлямантарызм – сыстэма ў якой парлямант адыйгрывае заканадаўчую функцыю, вырашае пытаньне аб бютжэце і мае паўнамоцтвы кантраляваць урад. Практычная перавага парляманту над урадам ці габінэту міністраў над парлямантам дае дзьве сыстэмы: парляманска-урадавая (у многіх дзяржавах Эўропы) і урадава-парляманская (у Вялікабрытаніі).

Парляманская сыстэма апіраецца на наступныя прынцыпы: урад прызначаны галавой дзяржавы; кароль ці прэзыдэнт прызначае прэм’ера, а затым, па прапанове прэм’ера, — іншых сябраў ураду. Урад, каб магчыма было дзейнічаць, зьвяртаецца да парляманту з мэтай акцэптацыі (паттрымкі). Галава дзяржавы не зьяўляецца палітычна адказным за сваю дзейнасьць. Урад нясе салідарную палітычную адказнасьць перад парлямантам, а таксама за нарматыўныя акты прэзыдэнта. Галава дзяржавы, як і сябры ўраду нясуць канстытуцыйную адказнасьць. Адным зь відаў парляманскай сыстэмы зьяўляецца канцлерская сыстэма (напр. у ФРН).

Прэзыдэнская сыстэма характарызуецца моцнай пазыцыяй прэзыдэнта. У такой сыстэме прэзыдэнт зьяўляецца раўназначным з парлямантам рэпрэзэнтантам люду, бо выбраны на ўсеагульных прэзыдэнскіх выбарах галавой дзяржавы і шэфам адміністрцыі. Прэзыдэнт і яго міністры не зьяўляюцца палітычна адказнымі перад парлямантам. Прэзыдэнт вызначае замежную палітыку і зьяўляецца галаўнакамандуючым войскаў (узброеных сіл). Толькі галава дзяржавы ня можа распускаць парлямант. Такая сыстэма склалася як ў заканадаўстве  так і ў палітычнай практыцы ў ЗША.

Зьмешаная сыстэма складае злучэньне элемэнтаў парляманскй і прэзыдэнскай сыстэмаў (Францыя V Рэспублікі).

Парляманска-камітэтавая сыстэма выступала ў якабінскай канстытуцыі з 1793 г. , у Парыскай камуне, у сыстэмах эўрапейскіх дзяржаў, зьяўляецца палітычнай сыстэмай сучаснай Швэйцарыі. Гэта сыстэма грунтуецца на прынцыпе адзінства дзяржаўнай улады. Парлямант – найвышэйшы ворган, які рэпрэзэнтуе люд і ад яго імя выконывае ўладу паводле прынцыпа выключнасьці. Парляманту падпарадкаваны ўсе іншыя дзяржаўныя ворганы. Урад выбіраецца наўпростава парлямантам. Ён зьяўляецца выканаўчым камітэтам парляманту і палітычна перад ім адказны. Галава дзяржавы ня можа распусьціць парлямант перад сканчэньнем тэрміну яго выбраньня.

 

 

IV. 4. ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫЯ ПРАВАВЫЯ ЛАДЫ  ЭЎРАПЕЙСКІХ ДЗЯРЖАЎ

Тэрытарыяльны прававы лад датычыцца:

— тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы,

— адносін паміж цэнтральнымі і тэрытарыяльнымі ворганамі,

— ступені цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі ўлады,

— ступені самакіруемасьці тэрытарыяльных ворганаў.

Ён дазваляе адрозьніць формы ўнітарнай, складанай і камбінаванай дзяржавы, а таксама цэнтралізаванай і дэцэнтралізаванай з шырока разбудаванай аўтаноміяй.

Сутнасьцю тэрытарыяльнага прававога ладу зьяўляецца ступень цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі. Цэтралістычная дзяржава ўключае вельмі шырокія паўнамоцтвы ворганаў цэнтральнай улады й кіраваньня. Яны могуць прымаць рашэньні, якія датычаць тэрытарыяльных ворганаў.

Дэцэнтралізацыя прысутнічае тады, калі цэнтральныя ворганы ня могуць вырашаць справы, што знаходзяцца ў кампэтэнцыі тэрытарыяльных ворганаў і калі паўнамоцтвы ворганаў цэнтральнай улады й кіраваньня суадносна вузкія. Яны вырашаюць выключна агульнадзяржаўныя справы.

Унітарная дзяржава – дзяржава з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Ейныя адзінкі надзвычай падпарадкаваны цэнтральным ворганам і ня маюць ніякай палітычнай самадзейнасьці. У сучасным сьвеце ўнітарныя дзяржавы найбольш распаўсюджаны колькасна, маючы шэраг характэрных прызнакаў:

— аднолькавая сыстэма матэрыяльнага і фармальнага права;

— аднолькавае грамадзянства;

— аднародная сыстэма судовых органаў, а таксама заканадаўчых і выканаўчых (прынамсі на цэнтральным узроўні);

— падзел дзяржавы на герархію адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з падпарадкаваньнем ворганаў адзінак ніжэйшага парадку адзінкам вышэйшага парадку.

Паміж унітарнымі дзяржавамі йснуюць значныя розьніцы. Яны зыходзяць з наступстваў прававога характару ўзаемаадносінаў паміж цэнтральнымі і рэгіянальнымі ворганамі дзяржавы. Можна адрозьніць дэцэнтралізаваныя і цэнтралізаваныя дзяржавы. У дэцэнтралізаваных дзяржавах рэгіянальныя ворганы фарміруюцца незалежна ад цэнтральных (напр. у Вялікабрытаніі, Новай Зэляндыі, Японіі). Наадварот, у цэнтралізаваных дзяржавах падпарадкаваньне рэгіёнаў цэнтру ажыцьцяўляецца прызначанымі цэнтральнымі ўладамі чыноўнікамі (напр. у Фінляндыі, Галяндыі).

Складаная дзяржава – дзяржава з палітыка-адміністрацыйным тэрытарыяльным падзелам. У складаных дзяржавах іх часткі захоўваюць поўны ці абмежаваны сувэрэнітэт. Кожная зь іх мае акрэсьленую кампэтэнцыю і ўласную сыстэму заканадаўчых, выканаўчых і судовых ворганаў.  Спосабам параўнаньня гістарычнага й сучаснага досьведу, які датычыць тэрытарыяльнай будовы, можна адрозьніць наступныя формы складанай дзяржавы: камбінаваная, пэрсанальны зьвяз, рэальны зьвяз, фэдэрацыя, канфэдэрацыя.

Пэрсанальны зьвяз – зьвяз двух ці больш дзяржаў праз асобу супольнага галавы дзяржавы, з захаваньнем розных сыстэмаў дзяржаўных устаноў (напр. польска-вугорскі зьвяз у часы Людвіка Андэгавенскага пасьля сьмерці Казіміра Вялікага ў 1730 годзе).

Рэальны зьвяз – зьвяз двух і больш дзяржаў, якія зьяўляюцца суб’ектамі міжнароднага права. У рамках рэальнага зьвязу замежныя, вайсковыя, фінансавыя справы вырашаюцца разам для ўсіх дзяржаў. Такім зьвязам была Люблінская Вунія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам (з 1569 г.). Рэальны зьвяз паміж Ангельшчынай і Шатляндыяй (з 1703 г.) застаўся да нашага часу.

Канфэдэрацыя зьяўляецца зьвязам дзяржаў, якія рэалізуюць толькі пэўныя супольныя паўнамоцтвы. Ворганы канфэдэрацыі выконываюць уладу дзякуючы ворганам дзяржаў-сябраў. Канфэдэрацыя не абмяжоўвае сувэрэннасьці асобных дзяржаў, але пэўныя функцыі абавязывае выконываць супольна. Дзяржавы, якія становіцца часткаю канфэдэрацыі застаюцца сувэрэннымі і ўтрымоўваюць свой міжнародны статус. Адносіны паміж сябрамі канфэдэрацыі маюць характар правава-міжнародны. Найчасьцей супольным ворганам зьяўляецца парляманцкі сход, у якім састаўныя часткі зьвязу маюць роўныя правы ў галасаваньні, г. зн. маюць адзін голас незалежна ад велічыні дзяржавы, колькасьці люду, узроўню жыцьця і г. д. (Швэйцарыя, Малайзія).   

Фэдэрацыя зьяўляецца зьвязавай (саюзнай) дзяржавай, састаўныя часткі якой маюць прававую самастойнасьць і пэўную палітычную самастойнасьць. Састаўныя часткі (штаты, правінцыі, саюзныя рэспублікі, землі, кантоны, дзяржавы) зьяўляюцца суб’ектамі фэдэрацыі і маюць уласны адіністрацыйны падзел. У сучаснай палітычнай часапрасторы – дамінуючая форма складанай дзяржавы. Фэдэрацыі ствараюцца пераважна ў выніку:

— абмежаваньня правоў дзяржаў-сябраў у рамках канфэдэрацыі (напр. у ЗША, пры тым гэта не заўсёды павінна азначаць зьмену афіцыйнай назвы дзяржавы),

— дабраахвотнай дамовы (трактату) паміж дзяржавамі;

— уваходу тэрыторыяў (напр. Новай Фунляндыі да Канады);

— дэканцэнтрацыі адзінай дзяржавы (напр. у 1988 г. бэльгійскі парлямант пастанавіў пераўтварыць у будучыні Каралеўства Бэльгіі ў фэдэратыўную дзяржаву складзеную з Брусэлю, Фляндрыі і Валёніі).

Фэдэрацыя мае наступныя рысы:

— тэрыторыя дзяржавы з палітычнага пункту гледжаньня не зьяўляецца адным цэлым; складаецца з тэрыторый суб’ектаў фэдэрацыі, якія пазбаўлены права поўнага ўдзелу ў міжнародных адносінах і, як правіла, ня маюць права на аддзяленьне (сэцэсію);

— суб’екты распараджаюцца заканадаўчай уладай, г. зн. маюць права прыняцьця ўласнай канстытуцыі і, ў рамках кампэтэнцыі, законаў, якія абавязаны выконваць на ўласных тэрыторыях; згодна з прынцыпам субардынацыі такія акты павінны быць узгоднены з заканадаўствам фэдэрацыі;

— суб’екты могуць мець уласную прававую й судовую сыстэмы;

— існуе двайное грамадзянства: кожны грамадзянін у большасьці дзяржаў зьяўляецца грамадзянінам фэдэрацыі і яе адпаведнай часткі, або суб’екту (так у Аўстрыі, ФРН, Швэйцарыі, ЗША);

— парлямант зьяўляецца двухпалатным, інтарэсы суб’ектаў фэдэрацыі рэпрэзэнтуе “вышэйшая” палата; дэпутаты абіраюцца па пэўнай колькасьці ад кожнага суб’екту (у Швэйцарыі па 2 дэпутаты ад кожнага з 23 кантонаў у Радзе Кантонаў),  а таксама рэалізуецца прынцып рознага прадстаўніцтва ў залежнасьці ад колькасьці насельніцтва (напрыклад у ФРН, Канадзе, Аўстраліі);

— існуе падзел кампэтэнцый паміж фэдэрацыяй і яе суб’ектамі (ФРН, Аўстрыя, Расея, ЗША).

У дзяржаве з камбінаваным тэрытарыяльным падзелам існуюць тэрытарыяльныя адзінкі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага (унітарныя) і палітыка-адміністрацыйнага (аўтаноміі) падзелу. Напрыклад, Украіна мае у сваім складзе аўтаномную Рэспубліку Крым, Сэрбія – de iure Косава (або Касова) і Ваяводзіну, але de facto — Ваяводзіну.

Пад аўтаноміямі разумеюцца ўнутраныя самакіруемыя часткі тэрыторыі дзяржавы. Прычыны стварэньня аўтаноміяў:

— пераважна геаграфічныя, напр. востраўнае геаграфічнае становішча (Грэнляндыя, Фарэрскія во-вы ў складзе Даніі, Алянцкія во-вы ў складзе Фінляндыі);

— пераважна гаспадарчыя, як вынік вышэйшага ўзроўню эканамічнага разьвіцьця у пэўнай дзяржаве (напр. Каталёнія ў Гішпаніі, Фляндрыя ў Бэльгіі), або недаразьвітасьці (напр. Валёнія ў Бэльгіі, Сыцылія ў Італіі, Уэльс у Вялікабрытаніі, Брэтань у Францыі);

— пераважна гістарычныя (напр. Шатляндыя, Паўночная Ірляндыя ў Вялікабрытаніі).

Надзвычай вялікае значэньне для ўсё большай аўтанамізацыі  мае іншы этнічны, рэлігійны, моўны склад аўтахтоннага насельніцтва рэгіёну, а таксама наяўнасьць вызвольных рухаў і сэпаратызмаў.

Статус аўтаноміі азначае толькі абмежаваную самастойнасьць. Статут, ці нарматыўны акт – будучы прававой падставай дзейнасьці ворганаў дзяржаўнай улады й кіраваньня аўтаноміі, устанаўліваецца ці зацьвярджаецца агульнадзяржаўным органам, часьцей парлямантам. Рэгіянальнае права аўтаноміі можа быць зьменена цэнтральнымі ворганамі, калі будуць парушаны агульнадзяржаўныя інтарэсы. Парляманты і ўрады аўтаномій ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць пад кантролем цэнтральных органаў, якія прызначаюць свайго адмысловага паўнамоцніка (напр. губэрнатар у Фінляндыі ці камісар у Даніі).

 

 

IV. 5. ПАЛІТЫЧНЫЯ РЭЖЫМЫ ЭЎРАПЕЙСКІХ ДЗЯРЖАВАЎ

У кожнай дзяржаве існуе пэўны палітычны рэжым, ці стыль кіраваньня – сукупнасьць агульных мэтадаў, якімі карыстаецца дзяржаўны аппарат, кіруючы паводзінамі вялікіх супольнасьцяў. Палітычныя рэжымы падзяляюцца на дэмакратычныя, аўтарытарныя і таталітарныя.

Дэмакратычная дзяржава належыць эўрапейскай цывілізацыі. Карыстаецца нормамі, якія паступова сфарміраваліся сярод эўрапейцаў. Сучасная канстытуцыйная дэмакратычная дзяржава зьяўляецца прававой, рэалізучы прынцыпы: а) сувэрэннасьці люду, нацыі, народу; б) палітычнага плюралізму; в) падзелу ўлады. Істотны ўплыў на функцыянаваньне дзяржавы ў эўрапейскай цывілізацыі маюць прынцыпы звычаяў і ўстояў, а, сярод іх, — найперш рацыянальнасьць і талерантнасьць.

Рацыянальнасьць прадугледжвае аддзяленьне мэтаў ад сродкаў. Такі падыход стварае магчымасьць выпрацоўкі рашэньня, якое б магло адпавядаць інтарэсам асобы і супольнасьці, ды спрыяе эфэктыўнаму прагнозу вынікаў.

Талерантнасьць дазваляе прызнаваць права чалавека мець розныя погляды, густы, стылі жыцьця, звычкі, прынцыпы, з выключэньнем антыгуманных злачынных ідэй, азначае шанаваньне чужых поглядаў. Талерантнасьць ахоўвае нават тых, хто не паважае ды адмаўляе дэмакратыю, калі формы іх паводзінаў не парушаюць абавязковых прававых мэханізмаў.

Дэмакртычная дзяржава робіць трывалымі такія каштоўнасьці як свабода, роўнасьць, справядлівасьць, парадак. Свабода асобы зьяўляецца асноўнай каштоўнасьцю і дае ёй магчымасьці карыстацца правамі чалавека. Роўнасьць ў дэмакратычнай дзяржаве азначае найперш роўнасьць у дачыненьні да норм  сыстэмы права. Парадак як каштоўнасьць – гэта норма індывідуальных і агульных паводзінаў, абавязак у дэмакратычнай дзяржаве. У дэмакратыі дзейнічае прынцып: “ Дазволена ўсё тое, што не забаронена законам”.

Разьвіцьцё дэмакратычных дзяржаў былой некамуністычнай Заходняй Эўропы дало дзьве канкурэнтныя, але з многімі агульнымі прынцыпамі мадэлі дэмакратычнай дзяржавы: лібэральную й сацыяльную. 

Лібэральная дзяржава гістарычна старэйшая. Яе прынцыпы: разьвіцьцё рынкавай гаспадаркі, прававое абмежаваньне сфэры дзейнасьці дзяржавы, дэмакратызацыя выбарчага права і гарантыя для індывідуальных праў, свабода і роўнасьць шанцаў.

У лібэральнай дзяржаве абавязковым зьяўляецца прынцып падзелу ўлады. Цэнтральным ворганам дзяржавы зьяўляецца парлямант, дэпутаты якога маюць вольны мандат, г. зн. ня могуць атрымоўваць інструкцый і быць адкліканымі ў час тэрміну дэпутаваньня. У лібэральнай мадэлі дзяржава гарантуе права на ўласнасьць і рынкавую гаспадарку, а захаваньне дэмакратычных мэханізмаў гарантуе легітымізацыю найперш гаспадарчых правоў.

Сацыяльная дзяржава – таксама прадзьвінутая і канкурэнтназдольная мадэль. Сацыяльныя праблемы зьвязаны з пралетарызацыяй і забурэньнем (паўпэрызацыяй) пэўных групаў супольнасьцяў у Эўропе, кан’юктурныя і структурныя гаспадарчыя крызы і неабходнасьць пашырэньня рынкаў збыту сталі прычынай інтэрвэнцыі дзяржавы, г. зн. актыўнай ролі дзяржавы ў гаспадарчых працэсах і рэалізацыі сацыяльнай палітыкі.

У сацыяльнай краіне гаспадарка, супольнасьць і дзяржава сьцісла з сабой зьвязаны. Ідэя свабоды можа параджаць сацыяльную няроўнасьць, а гэта ня мае нічога агульнага з дзяржавай дабрабыту. Дзяржаўны інвестыцызм ўключае гаспадарчую і сацыяльную палітыку. Актыўная роля дзяржавы ў гаспадарцы праяўляецца ў дзяржаўным рэгуляваньні рынку і гарантуе кан’юктурныя і структурныя зьмены, канкурэнцыйнасьць тавараў і паслуг на міжнародных рынках. Сацыяльная палітыка краіны запэўнівае сацыяльную бясьпеку. Дзяржаўны інтэрвенцыянізм ў сацыяльнай сфэры фінансуецца з падаткаў. Працаўнікі маюць пэўныя гарантыі каляктыўнымі дамовамі з працадаўцамі, у выпрацоўцы якіх удзельнічаюць прафзьвязы (прафсаюзы). Працягваецца фактычная ліквідацыя палітычнай дыскрымінацыі (напр. жанчын, меньшасьцяў). Актыўная роля дзяржавы патрабуе разбудаванага дзяржаўнага апарату. Многія разьвітыя краіны рэалізуюць пасьля Другой сусьветнай вайны мадэль сацыяльнай дзяржавы, сярод іх скандынаўскія гаспадарствы і ФРН (ФРГ).

Дэмакратыі.


Табл. 3.GIF 

Дзяржава з таталітарным палітычным рэжымам зьяўляецца галоўнай небясьпекай для дэмакратыі, міру і стабільнасьці. Другая сусьветная вайна была вялікім змаганьнем таталітарызму й дэмакратыі, а таксама таталітарызмаў паміж сабой.   

Некаторыя вызначальныя прызнакі таталітарных палітычных рэжымаў:

—  зрастаньне палітычнага рэжыму зь дзяржавай, г. зн. дзяржава як каштоўнасьць наўпростава атаясамліваецца з палітычным рэжымам. Адбываецца сакралізацыя палітычнага рэжыму;

— наяўнасьць адной таталітарнай ідэалёгіі (нацыянал-сацыялізм, камунізм, расейскі імпэрскі эўразійскі нацыяналізм і шавінізм) якую, як правіла, праводзіць у жыцьцё адна таталітарная партыя. Іншыя ідэалёгіі забаронены de iure або de facto;

— адсутнасьць апазыцыі. Апазыцыя забаронена de iure, або яна да такой ступені абмежавана de facto (заканадаўча й практыкай), што не існуе рэальна. Палітычныя лідары, акія ўяўляюць рэальную альтэрнатыву, забіты або зьніклі, у палітычнай эміграцыі, у вязьніцах або ў высылках, нарэшце – цалкам ізаляваны, бо недапускаюцца да сродкаў масавай інфармацыі;

— наяўнасьць дысыдэнцтва. Замест апазыцыі існуюць групы іншадумцаў-дысыдэнтаў, якія выказываюць альтэрнатыўныя палітычныя погляды, але за гэта падвяргаюцца бесперапынным перасьледам (абмежаваньні на працы, забарона на працу, пасадкі ў вязьніцы, канцлягеры і г. д.);

— сродкі масвай інфармацыі пераўтвораны ў сродкі масавай агітацыі і прапаганды таталітарнае ідэялёгіі ды замбаваньня. Маючы ўсе СМІ ў сваіх рукох, таталітарызм не дае інфармацыйнай альтэрнатывы асобе, не прымушае яе думаць, аналізаваць, сумнявацца, выпрацоўваць ўласную думку, а штодзённа навязывае аднолькавыя думкі;

— таталітарны псіхоз і страх у супольнасьці, неадэкватныя паводзіны вялікай часткі насельніцтва пераўтворанага замбаваньнем ў фанатыкаў-зомбі (выдаюць часта на згубу спэцслужбам сваіх родных, блізкіх, знаёмых за антырэжымныя выказваньні, паводзіны, удзел у антырэжымных акцыях), панічны жывёльны страх (за ўласнае жыцьцё, працу, за сем’і, родных, блізкіх) у іншай часткі насельніцтва, што мае моцную нэрвовую сыстэму і не паддаецца замбаваньню;

— наяўнасьць культу асобы правадыра (фюрэр Адольф Гітлер, любы Іосіф Віссарыёнавіч Сталін, вялікі кормчы ў Кітаі, камэнданта на Кубе, бацька). Асоба правдыра настолькі гіпэртрафуецца, што паўстае ў ненатуральную велічыню абрастаючы мітамі ў прыхільнікаў і анекдотамі ў праціўнікаў;

— наяўнасьць вялікай колькасьці войска, паліцыі (міліцыі), спэцслужб, напаўвайсковых фармаваньняў. Для спэцслужбаў абавязковая функцыя адсочваньня ды пакараньня лідараў і дысыдэнтаў (фармалізавана або не фармалізавана de iure, але рэалізуемая  de facto).

Такім чынам у таталітарызьме дзейнічаюць два мэханізмы: прапагандыскі і карны. Прапагандыскі падпарадкоўвае адну частку супольнасьці, а карны – іншую. Трэцяя частка становіцца на шлях дысыдэнства. Дзейнічае прынцып: “Забаронена ўсё, акрамя таго, што загадана ўладай”.

Найвялікшыя таталітарныя дзяржавы ХХ ст. у Эўропе: Трэці Рэйх Адольфа і савецкая імпэрыя Іосіфа Вісарыёнавіча палі. Палі фашыстоўская Італія і мілітарыская Японія, а таксама зьніклі пасы/поясы таталітарызмаў у Міжземнамор’і й “народнай дэмакратыі” на ўсходзе Эўропы.

Стары Сьвет не разьвітаўся з нэататалітарызмам ХХІ ст. у Беларусі, што зрабіў выклік дэмакратычным каштоўнасьцям і ўяўляе сабой праблему для эўрапейцаў, якая пакуль ня вырашана.

Трэцім палітычным рэжымам, які вызывае найбольшую дыскусію сярод адмыслоўцаў зьяўляецца аўтарытарны палітычны рэжым. Адны лічаць яго самастойным рэжымам, а іншыя – заўважаюць што аўтарытарызм мае рысы таталітарызму і дэмакратыі, таму зьяўляецца іх спалуччэньнем і характэрны або для пераходу ад дэмакратыі да таталітарызму, або наадварот – ад таталітарызму да дэмакратыі. Аднак назіраліся й назіраюцца стабільныя аўтарытарныя рэжымы,  што існуюць дастаткова працяглы час.

Для аўтарытарызму характэрны недахоп магчымасьцяў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Большасьць рэгулятараў паводзінаў супольнасьцяў (ідэалёгія, права, рынак) зьяўляецца малавыніковымі, адыйгрываюць другарадную ролю. Назіраецца палітычная апатыя, або недахоп інтузіязму. Удзел грамадзян ў палітычным жыцьці мае рытуальны характар і кантралюецца рэжымам. Для Эўропы аўтарытарызмы вядомы ў Партугаліі (рэжым Салязара), ці ў Аўстрыі (рэжым Дальфуса ў 1934-1938 гадох), некаторых дзяржавах “народнай дэмакратыі” пасьля сьмерці Сталіна і да 1989 – 90 гг. (паводле часткі адмыслоўцаў), рэальна йснуе сёньня ў Расеі.

Пастсталінская сацыялістычная дзяржава не практыкавала масавыя забойствы мільёнаў людзей, таму некаторыя дасьлеччыкі сумняваюцца ў яе таталітарнасьці і адносяць да аўтарытарных. Толькі арганізацыя дзяржавы апіралася на падставе адналітасьці дзяржаўнай улады. Рэпрэзэнтацыйныя (прадстаўнічыя) ворганы выконвалі функцыі заканадаўчыю і кантралюючую. Дэпутацкі мандат быў імпэратыўным. Выбары ня мелі вялікага значэньня і зводзіліся да галасаваньня (выбарчага фарсу), паколькі кантраляваныя і іх вынікі можна прадбачыць.

99,9% грамадзян СССР афіцыйна “галасавалі за адзіны непарушны блёк камуністаў і беспартыйных”. Сапраўдныя вынікі такога галасаваньня ведаў толькі … Бог.

Усе ворганы дзяржаўнай улады й кіраваньня падпарадкаваны кіруючай партыяй і будуюць “сацыялістычнае грамацтва”. Камуністычныя ці “рабочыя” партыі афіцыяльна былі “авангардам рабочага клясу”.

Дамінуе дзяржаўная ўласнасьць на сродкі вытворчасьці, дапускаецца ў некаторыя галіны прыватнік, дзейнасьць якога рэальна абмяжоўваецца. Гаспадарка мае плянавы характар. Роля рынку і канкурэнцыі другарадная. Існуе вялікая сувязь паміж гаспадаркай і дзяржаўнай адміністрацыяй. Дзяржаўныя СМІ пераўтвораны ня столькі ў інфарматараў, колькі ў агітатараў і прапагандыстаў. З-за агульнай пасіўнасьці насельніцтва хутчэй не пануе масавага псыхозу ў грамацтве. Афіцыйная прапаганда аднастайная й нецікавая для інтэлектуала.

Межы паміж аўтарытарызмам і таталітарызмам (з аднаго боку), аўтарыта-рызмам і дэмакратыяй (зь іншага) сьліскія і дакладна ня вызначаны, таму пы-таньне наконт аўтарытарнасьці і таталітарнасьці некаторых пракамуністычных і прасавецкіх дзяржаў “народнай дэмакратыі” усходу Эўропы застаецца адкрытым.

Гарбачоўскі СССР у пэрыяд 1987-1990 гадоў хутчэй за ўсе быў аўтарытар-ным, паколькі de iure панавала КПСС, аднак de facto – яна паступова траціла кантроль над грамацтвам, у якім “перабудова”, “дэмакратызацыя і галоснасьць” ськінутыя зьверху дзеля мадэрнізацыі камунізму і руска-савецкай імпэрыі зайшлі так далёка, што камунізм і руска-савецкая імпэрыя палі.

 

IV. 6. ГРАМАЦКА-ЭКАНАМІЧНЫЯ ФАРМАЦЫІ ЯК СТАДЫІ РАЗЬВІЦЬЦЯ  СУПОЛЬНАСЬЦЯЎ І ГАСПАДАРСТВАЎ ЭЎРОПЫ

У працах клясыкаў марксізму-ленінізму (К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна) якія жылі і пісалі ў Эўропе, абгрунтоўваецца падзел гісторыі Эўропы і ўсяго чалавецтва (найперш дзяржаў) паводле грамацка-эканамічных фармацый.

1. Першабытная (першабытна-абшчынная) фармацыя характэрызавалася (паводле клясыкаў марксізму) бязклясавасьцю, г. зн. разьвіцьцё вытворчых сілаў было настолькі прымітыўным, што адсутнічаў падзел у першасных супольнасьцях па некалькіх прызнаках, галоўны зь якіх — валоданьне або невалоданьне сродкамі вытворчасьці. Характэрна адсутнасьць дзяржаўніцкай арганізацыі супольнасьцяў.

2. Рабаўладальніцкая фармацыя сталася першай клясавай. Пануючы кляс – рабаўладальнікі, а падпарадкаваны – рабы (прылады працы што гавораць, пазбаўленыя ўсялякіх чалавечых праў). Грэцыя і Рым былі клясычнымі абшарамі рабаўладальніцтва ў Міжземнамор’і. Рабаўладальнікі бязлітасна эксплюатавалі рабоў, а тыя – падымалі паўстаньні. Клсычнае – паўстаньне Спартака ў Рыме.

3. Фэўдальная (фэадальная) фармацыя – першая клясавая сярод балта-славянства ва Ўсходняй Эўропе. Пануючы кляс – фэўдалы-землеўладальнікі, а падпарадкаваны – прыгонныя сяляне (належаць фэўдалам як прыватная ўласнасьць, працуюць на іх землях, плацяць падаткі, у т. л. царкоўную або касьцёльную дзесяціну).

4. Капіталістычная фармацыя. Пануючым клясам сталі капіталістыя ўладальнікі заводаў і фабрык, а падпарадкаваным – наёмныя работнікі (рас. рабочие). Капіталістыя жылі (паводле марксістых) на падставе прысваеньня неаплочанай працы наёмных работнікаў пазбаўленых сродкаў вытворчасьці. Рабочыя, атрымоўваючы толькі пэўную частку запрацаванага ў выглядзе заробку, ды жывучы ў беднасьці й галечы – станавіліся клясам здольным на зьдзяйсьненьне рэвалюцый.

5. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя зьдзейсьненая ў царскай Расеі 7 лістапада партыяй бальшавікоў на чале з Уладзімірам Ільічом Ульянавым-Ленінам (паводле версіі камуністых) сталася першай пераможнай сацыялістычнай рэвалюцыяй, якая паклала канец эксплюатацыі чалавека чалавекам і распачала будаўніцтва бясклясавага грамацтва, г. зн. камуністычнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі.

Пры першай стадыі камунізму сацыялізьме ліквідоўваліся ўсе клясы за выключэньнем клясаў рабочых (перадавы кляс) і сялян, а таксама праслойкі інтэлігенцыі. Пасьля сацыялізму павінен быў наступіць камунізм, пры якім атамрэ клясавы падзел супольнасьцяў, замест “ад кожнага па здольнасьцям – кожнаму паводле працы” людзі пачнуць жыць паводле прынцыпу “ад кожнага па здольнасьцям – кожнаму паводле запатрабаваньняў”. Камунізм у былым СССР меліся пабудаваць у 80-ыя гады ХХ ст (паводле канцэпцыі з часоў І. Сталіна і М. Хрушчова).

Рэальным станоўчым вынікам кастрычніцкага перавароту ў Расеі зьдзейсьненага РСДРП(б) – ВКП(б) на чале з У. Леніным для беларусаў стаўся распад самае рускае імпэрыі і магчымасьць утварыць уласнаю незалежную эўрапейскую дзяржаву. 25 сакавіка 1918 года беларускія інтэлектуалы абвясьцілі аб утварэньні БНР de iure (Дзень Волі), аднак маладая дзяржава не змагла адбыцца de facto (тэрыторыя Беларусі акупавалася немцамі, расейскімі бальшавікамі, палякамі). Расейскія бальшавікі 1 студзеня 1919 г. абвесьцілі прарасейска-бальшавіцкую марыянеткавую БССР, якая ўвайшла ў склад СССР. Сталінская імпэрыя праіснавала амаль усё ХХ ст. У Савецкім Саюзе беларусы, будуючы камунізм, зьведалі суцэльны генацыд: індустрыялізацыю, калектывізацыю, культурную рэвалюцыю, масавыя расстрэлы сотак тысяч такзваных “ворагаў народу”, г. зн. найперш нацыянальна сьвядомай часткі супольнасьці (сымбаль Курапаты), Другую сусьветную вайну (дзе беларусы ваявалі адны супроць іншых вынішчаючы ў тым ліку сваіх суродзічаў у савецкім войску, савецкіх партызанах, нямецкіх фармаваньнях, польскай АК), паваенную татальную русіфікацыю (у выніку якой беларуская мова амаль вымерла як сродак штодзённай камунікацыі), каляніяльную ўрбанізацыю (расейскамоўнае каляніяльнае места стала пераважаць над беларускамоўнымі мястэчкам і вёскаю) і мн. інш.

Абшарава, сыстэма сацыялізму ахоплівала (з 1945 па 1989 гг.) 15 дзяржаў. Пас сацыялізму ў Эўразіі пашыраўся з захаду (ад НДР) на ўсход і паўднёвы-усход (да В’етнаму, Лаосу і Кампучыі, сучаснай Камбоджы). Сацыялізм будавалі ад берагоў Эльбы да амаль ўсяго эўразійскага берагу Ціхага акіяну.  

Восем сацыялістычных дзяржаў Усходняй Эўропы (НДР, Польшча, Чэхаславаччына, Вугоршчына, Румынія, Баўгарыя, Югаславія, Альбанія) складалі агульную паверхню больш чым 1 млн. 311 тыс. км² і сумарную колькасьць людаў – каля 135 млн. чал. (1989 г.). Эўразійскі СССР з найбольшым абшарам плянэты ў 22,4 млн. км² і кольк. людаў больш 286 млн. чал. (1989 г.) дамінаваў у сьвеце сацыялізму. Сацыялістычныя рэвалюцыі адбыліся  ў 4 дзяржавах Азіі: Манголіі, Кітаі, Паўночнай Карэі, В’етнаме з агульнымі абшарамі ў 11 млн. 616 тыс. км² і людамі — каля 1 млд. 274 млн. чал. (з стаўшымі на сацыялістычны шлях разьвіцьця Лаосам і Кампучыяй – 6), нарэшце на Кубе пад кіраўніцтвам камэнданта Фідэля Кастра. Толькі ў Эўразіі агульныя абшары сацыялістычных дзяржаў складалі больш за 35 млн. км² (плошча мацерыка каля 55 млн. км²), а сумарная колькасьць людаў эўразійскага сьвету сацыялізму (1989 г.) – па меньшай меры каля 1 млд. 695 млн. чал. Экспэрымэнты з пабудовай сацыялізму праводзіліся ў Аўганістане, Чылі, Эфіопіі, Самалі, Нікарагуа і інш. дзяржавах, таму ў ХХ ст. каля 2 млд. чал. на нашай плянэце будавалі розныя вэрсіі сацыялізму-камунізму, г. зн. камуністычную грамацка-эканамічную фармацыю.

Пасьля Другой Сусьветнай вайны савецкая экспансія з мэтай пабудаваць сацыялізм вялася па ўсяму сьвету, таму кожны самы адыёзны дыктатар Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі абвясьціўшы сябе сацыялістым, сацыял-дэмакратам, а найлепш – камуністым мог прэтэндаваць на гаспадарчую, фінансавую, мілітарную, прапагандовую і інш. дапамогу СССР. Сродкаў на пабудову сацыялізму па ўсяму сьвету выдзялялася “колькі патрэбна”.

Пасьля дыскрэдытацыі сацыялізму-камунізму таталітарызмам і яго дэмантажу ў выніку дэмакратычных рэвалюцый канца 80-ых – пач. 90-ых гг. клясычна камуністычнымі зьяўляюцца Паўночная Карэя і Куба, а de iure – Кітай і В’етнам. У Эўропе не засталося дзяржаў, якія афіцыйна будуюць сацыялізм-камунізм (паводле вызначэньня марксістаў) як грамацка-эканамічную фармацыю.

Узьнікненьне клясычнага марксізму – альтэрнатыва тагачаснаму імпэрыялізму, адно з найлепшых дасягненьняў эўрапейскай думкі ХІХ ст. Памылковай уяўляецца канцэпцыя дыктатуры пралетарыяту, якая стала грунтам дзеля злучэньня марксісцкай клясыкі з таталітарызмам. Клясычны марксізм, папаўшы ў расейскую эўразійскую глебу трансфармаваўся ў таталітарызм, што, між іншым, тлумачыцца асаблівасьцямі азіяцкага мэнталітэту расейцаў, зрасейшчаных, этнасаў Сярэдняй Азіі, манголаў, кітайцаў, карэйцаў, в’етнамцаў (слабаінлдывідуалістычныя і неіндывідуалістычныя грамацтвы), нізкім узроўнем рэальнага разьвіцьця эўразійскае Расеі і азіяцкіх дзяржаў у ХІХ – ХХ стст. ды інш.

Ва Ўсходняй Эўропе эўразійскі сацыялізм расейскага генэзісу распаўсюдзіўся пасьля перамогі СССР ў Другой Сусьветнай, найперш дзякуючы савецкай экспансіі. Тут ён, асабліва ў Балтыі, заходнеславянскіх дзяржавах і Вугоршчыне ня меў рэальнай паттрымкі сярод непараўнальна культурова вышэйшых за расейцаў майсцовых каталікоў ды пратэстантаў, таму, у некаторай ступені, прыстасаваўся да індывідуалістычных грамацтваў. Але, сацыялізм зьвязываўся найперш з савецкай экспансіяй. Грэблівае побытавае стаўленьне да саветаў, расейцаў і зрасейшчаных як да культурова ніжэйшых было характэрна ня толькі для вышэйпералічаных супольнасьцяў, але і для Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі, Малдовы. Эўразійскі сацыялізм-камунізм інтуітыўна зьвязваўся de facto з расейскай экспансіяй, адмаўленьнем рэлігіі, рэпрэсіямі, парушэньнямі элемэнтарных правоў чалавека, таму ня меў шанцаў надоўга прыжыцца.

Інакш у традыцыйна праваслаўных супольнасьцях, дзе дзякуючы паствізантыйскай спаччыне былі натуральныя падставы для сацыялізму ў меньшай індывідуалізацыі Асобы ў грамацтвах. Вялікая частка беларусаў, украінцаў, румын, малдаван, баўгар, сэрбаў ўспрынялі сацыялізм, між іншым, як новую рэлігію замест праваслаўнага хрысьціянства, якое перасьледавалася. Хранічнае адставаньне паводле ўзроўню разьвіцьця ад Захаду, адыёзныя рэжымы (накштаўт Чаушэску), росквіт запозьненых нацыяналізмаў ды мн. інш. дыскрэдытавала сацыялізм і ў традыцыйна праваслаўных дзяржавах.

У пачатку ХХІ ст. сацыялізм-камунізм у Эўропе (найперш на усходзе Старога Сьвету) мае шанцы рэабілітавацца ў клясычнай марксістоўскай вэрсіі без расейскіх эўразійскіх уплываў. Прадумова – пазытыўная дзейнасьць  сацыялістычных, сацыял-дэмакратычных, эўрапейскіх камуністычных партый што адмаўляюць таталітарызм. Сацыялізм-камунізм ХХІ ст. уяўляецца шырокім рухам за сацыяльную справядлівасьць і пабудову не суцэльна глябалізаваных нэалібэральных мадэляў дэмакратыі (у якіх багатыя становяцца багацейшымі, а бедныя – бяднейшымі), а сацыяльных (дзе багатыя паступова багацеюць, а бедныя – маюць гарантыі мінімальнага ўзроўню дабрабыту, што ўключае нават пры беспрацоўі магчымасьць утрыманьня кожным ўласнага дому або кватэры, харчаваньня, куплі адзеньня і іншых мінімальных даброт). Яшчэ большыя пэрспэктывы для нэасацыялізму і нэакамунізму паўстаюць пры яго прынцыповым дыстанцаваньні ад таталітарызму і шавінізму (у т. л. на ўсходзе Эўропы ад расейскага) і прынцыповым змаганьні з таталітарызмам і шавінізмам.

У Беларусі прагрэсіўнымі зьяўляюцца тыя левыя партыі, якія стаяць на пазыцыях не-прыняцьця таталітарызму, аўтарытарызму і шавінізму, пасьлядоўна выступаючы за на-цыянальнае Адраджэньне. Яны ў незалежнай дэмакратычнай эўрапейскай Бацькаўшчыне могуць стаць надзвычай аўтарытэтнымі, гуртуючы за сабой значную частку  супольнасьці.

 

IV. 7. ПАЛІТЫЧНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ МАДЭЛІ ДЗЯРЖАЎ

Палітычна-эканамічныя мадэлі дзяржаў рэпрэзэнтуюць адносіны дзяржаў да вядзеньня агульнай адміністрацыі і кіраваньня гаспадаркай.  Можна адрозьніць тры мадэлі (Z. Rykiel, 2000):

1. Этатыстычная сцэнтралізаваная дзяржава — ўласьніца значнай часткі прадпрыемстваў, а агульнае адміністраваньне (адміністрацыя) арганізавана надзвычай герархічна. Напрыклад, камуністычныя дзяржавы былой Усходняй Эўропы, а таксама Францыя.

2. Лібэральная сцэнтралізаваная дзяржава. Агульная адміністрацыя арганізавана надзвычай герархічна, аднак эканамічная палітыка лібэральная, а дзяржава зьяўляецца уласьніцай істотнай часткі прадпрыемстваў. Характэрна для аўтарытарных дзяржаў, напр. у мінулым для франкіскай Гішпаніі.

3. Лібэральная здэцэнтралізаваная дзяржава. Дзяржава ўвогуле не прымае на сябе функцыі быць уласьніцай прадпрыемствамі, а агульная адміністрацыя арганізавана на прынцыпе дапаможнасьці. Адсюль, усе ворганы вышэйшых адміністрацыйных адзінак (аналягі беларускіх пастсавецкіх вобласьцяў) рэалізуюць толькі такія функцыі, якія ня ў стане выканаць ворганы ніжэйшых адміністрацыйных адзінак (аналягі беларускіх пасткаляніяльных сель-, пас- і гарсаветаў). Адпавядае Галяндыі, Швэйцарыі, ЗША.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы