nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

V. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ГАСПАДАРСТВЫ (частка 1)

28 лістапада, 2008 | Няма каментараў

V. 1. ДЗЯРЖАЎНІЦКІЯ ТРАДЫЦЫІ ЭЎРАПЕЙСКІХ СУПОЛЬНАСЬЦЯЎ

Надзвычай складана знайсьці дзяржаву, якая дастаткова доўга існуе і на працягу сваёй гісторыі не зьмяняла абшары. Фарміраваньне абшару дзяржавы пачынаецца ад параўнальна невялікай першаснай паверхні, якую F. Ratzel (1923) назваў арэалам закладаньня дзяржавы, а іншыя аўтары – абшарам закладаньня (Pounds, 1963; Pounds, Ball, 1964).

Адны дзяржавы былі ўтвораны ў першасных арэалах закладаньня, прайшлі складанае разьвіцьцё: ад маладосьці да даросласьці і сталасьці. Такое разьвіцьцё можна назваць дзяржаўнай традыцыяй, а дзяржавы зь дзяржаўнай традыцыяй – арганічнымі дзяржавамі. Іншыя дзяржавы былі ўтвораны паводле палітычных рашэньняў, часам кан’юктурных, таму пазбаўлены натуральнага разьвіцьця, г. зн. дзяржаўнай традыцыі й называюцца арбітральнымі. Некаторыя эўрапейскія гаспадарствы (напр. Шатляндыя, Уэльс) зьяўляюцца складовымі часткамі іншых дзяржаў (Вялікабрытаніі), але ў мінулым былі незалежнымі дзяржавамі, таму можна казаць аб існаваньні ў іх дзяржаўніцкай традыцыі. Наадварот, іншыя дзяржавы, якія ў сярэднявеччы былі незалежнымі, а затым страцілі незалежнасьць, пры сувэрэнізацыі ў ХХ ст. апіраліся на дзяржаўніцкую традыцыю продкаў (Ірляндыя, Чэхаславаччына ад Чэскага Каралеўства Х ст., Летува, Сэрбія, Вугоршчына і мн. інш.).

Падзел дзяржавы на арганічныя і арбітральныя  паводле наяўнасьці дзяржаўнай традыцыі адносны. Некаторыя дасьлеччыкі (Z. Rykiel, 2006) лічаць, што ён не вытрымоўвае крытыкі, а іншыя аўтары (Whebell, 1970, Muir, 1981, Taylor, Flint, 2000) прызнаюць, што канцэпцыя абшараў/арэалаў закладаньня дзяржаў не пасуе для пазаэўрапейскіх дзяржаў, таму не ўсеагульная. Пасткаляніяльныя дзяржавы пазбаўлены арэалаў закладаньня, аднак гэта ня значыць што яны абавязкова знаходзяцца ў стане абшаравай стагнацыі.

Пры ўтварэньнях дзяржаў дэтэрмінуюць генэтычныя тыпы тэрыторый дзяржаў. Адзначаны наступныя спосабы (Z. Rykiel, 2006):

— экспансія этнічнай (плямённай, зьвязаплямённай, народнаснай) дзяржаўкі;

— экспансія фэўдальнага ўладарства;

— задзіночаньне;

— сэцэсія ад большай дзяржавы;

Сэцэсія – выйсьце часткі тэрыторыі з складу адзінай дзяржавы з мэтай ўтварэньня новай незалежнай дзяржавы (И. И. Пирожник, 2005)

— падзел ці распад дзяржавы;

— калянізацыя.

У Эўропе  першасныя арэалы закладаньня дзяржаў вядуць традыцыю ад сярэднявечных этнічных (плямённых, зьвязаплямённых, народнасных) дзяржавак. Часьцей адна з такіх дзяржаў падпарадкоўвала суседнія этнічныя дзяржавы ды інтэгравала іх вакол сябе. Паступова ўтваралася нацыянальная дзяржава. Дынастыі тых манархаў якія падпарадкавалі сваіх суседзяў (часта шляхамі або пераможных крывавых войнаў, або куплі, альбо мірнай дамовы і інш.) у памяці і міталёгіі нацыі прызнаюцца закладальнікамі нацыянальнай дзяржавы (Гедымінавічы ў Вялікай Літве, Пясты ў Польшчы, Рурыкавічы ў Расеі), а першасная плямённая, або народнасная дзяржаўка – гістарычным абшарам/арэалам закладаньня дзяржавы.

 У сярэднавечнай Эўропе першасная этнічная дзяржаўка магла ўзвысіцца за конт больш выгаднага геаграфічнага становішча, больш урадлівых глебаў, скрыжаваньняў гандлёвых шляхоў і гандлю таварамі недаступнымі навокал (па-сучаснаму супэрбрэндамі) (Pounds, Ball, 1964).

У фэўдальных ўладарствах эпохі фэўдальнай дыфэрэнцыяцыі кожнае ўладарства мела сталіцу, адкуль уладарыў манарх. Таму гістарычны абшар закладаньня дзяржавы пры такім спосабе ўтварэньня быў неразрыўна зьвязаны з сталіцай.

Наважытныя дзяржавы (новага пэрыяду, або капіталістычнай грамацка-эканамічнай фармацыі) ўтварыліся ў выніку разьвіцьця цэнтраў фарміраваньня нацыянальнай сьвядомасьці, або пераможных вызвольных рухаў.

У выніку сэцэсіі, падзелу ці распаду дзяржавы навапаўсталыя палітычныя дзяржавы  могуць нават ня мець уласнага гістарычнага абшару закладаньня. Агульная дэградацыя старой дзяржавы, яе дэцэнтралізацыя і недахоп сталай сталіцы могуць стаць элемэнтарнымі ўмовамі яе сэцэсіі, падзелу ці распаду.

Спосаб калянізацыі часьцей выніковы каля навапаўсталага порту, які пераўтвараецца ў сталіцу, таму сталіца-порт асяродак заморскай эўрапеідызацыі першасны і фарміруе вакол сябе абшар (-ы) закладаньня новай краіны-дзяржавы (-аў) шляхам калянізацыі-дэкалянізацыі. 

 Арэал (-ы) закладаньня дзяржавы і сталіца (-ы) – частка іхных дзяржаўных (дзяржаўніцкіх) традыцый, што служаць прадметам гонару для грамадзян за годныя чыны продкаў: геніяльных майстроў, рамеснікаў, інжынэраў, работнікаў, сялян, навукоўцаў, сьвятароў, асьветнікаў, носьбітаў новых прагрэсіўных ідэяў і г. д.

Адначасова дзяржаўная традыцыя ўключае ў сябе крывавыя войны, генацыды і мн. іншае, чаго патрэбна саромецца. Таму сёньняшнія дзяржавы прызнаюць толькі, як правіла, станоўчыя моманты ва ўласных дзяржаўных традыцыях. Напрыклад сёньняшняя Нямеччына прымае прававую традыцыю Рэйху, але не настолькі, каб выплочваць кампэнсацыі нашчадкам дзесяткаў мільёнаў ахвяраў Трэцяга Рэйху Адольфа, дзеі якога служаць прадметам нацыянальнага сораму падаўляючый большасьці немцаў (за вылучэньнем прафашыстоўскіх суполак). Адваротна, Расея прызнае зь гістарычнай спаччыны СССР толькі тое, што расейцам здаецца станоўчым і выгадным: сталае сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН, уласнасьць на ядравую зброю, аднак дыстанцуецца ад сталінскіх рэпрэсій, расейскіх і савецкіх генацыдаў супроць нерасейскіх народаў і інш.

Некаторыя дзяржавы надзвычай далёка заходзяць у міталягізацыі сваёй гісторыі, з прычын прэстыжу, апраўданьня пазьнейшых захопаў іншых супольнасьцяў, фарміраваньня ўласнай гістарычнай міталёгіі, яе працягу і інш. Многія расейскія гісторыкі дзяржаўную традыцыю Расеі выводзяць з Кіеўскай Русі, не зважаючы на рэзкую нязгоду калегаў-адмыслоўцаў зь іншых краін. У савецкай школьнай і ўнівэрсытэцкай гістарычнай міталёгіі Кіеўская Русь называлася супольнай дзяржавай усходніх славян, чым апраўдваліся пазьнейшыя ґвалтоўныя захопы маскоўцамі (продкамі сучасных расейцаў) украінцаў і беларусаў, трактаваныя як “воссоединение с великим русским народом и Россией”. Яшчэ раней, у шавіністычнай царскай трыадзінае Расеі заляцаньні расейскіх гісторыкаў да традыцыі Кіеўскай Русі былі ідэалягічным, бо легітымізавалі заваёвы маскоўцаў дзеля нібыта задзіночаньня “земель русских”.    

Насамрэч, сёньняшняя азіяцкая дзяржаўніцкая традыцыя маскоўцаў-расейцаў паходзіць ад Ціпчацкага Ханства (Генадзь Сагановіч, 1994) і ня мае нічога агульнага з эўрапейскай Кіеўскай Русьсю што пала ад шматлікіх  азіяцкіх мангола-татарскіх ордаў у ХІІ-ХІІІ стст., таму эўрапейскія дасьлеччыкі дзяржаўную традыцыю Расеі выводзяць ад пастмангольскай палітычнай спаччыны Маскоўскага княства (Pounds, 1963; Pounds, Ball, 1964; Яковенко, 2000; Davies, 2003а). Больш таго, у літаратуры адзначаецца недахоп ня толькі прававой, палітычнай, а таксама і этнічнай карэляцыі паміж Кіеўскай Русьсю і Вялікім княствам Маскоўскім (Иоффе, Нефёдова, 1997). Украінскія гісторыкі Кіеўскую Русь лічаць пачаткам дзяржаўніцкай традыцыі эўрапейскае Ўкраіны.

Назва Расея ўжываецца ня больш чым трыста год. У ХІV — XVIІ стст. краіна называлася Масковіяй.

Украіна і Беларусь – дзяржаўны працяг Кіеўскай Русі, а Расея зьяўляецца палітычна-тэрытарыяльнай вытворнай Залатой Арды. Атаясамліваньне Русі з Расеяй ў той жа ступені не абаснавана як атаясамліваньне ЗША і Канады зь Вялікабрытаніяй. Чыньнік Orthodox (праваслаўны заўв. В. К.) у Расеі меў большае значэньне, чым Protestаnt (пратэстант заўв. В. К.) у ЗША (L. Moczulski, 1999).

Аднак нельга сьцьвярджаць, што продкі сёньняшніх расейцаў ня мелі ўласнай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі. Дзяржаўніцкую эўрапейшчыну патрэбна шукаць у Ноўгарацкім і Пскоўскім княствах (Arche, 2002). Вялікі Ноўгарад дасягнуў росквіту дзякуючы, між іншым, сваёй палітычнай сыстэме, якая была падобна на суседнія эўрапейскія. Маскоўская экспансія прывяла да зьнішчэньня эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі і поўнага падпарадкаваньня Ноўгарада Маскве, ды яго заняпаду. Перанясеньне сталіцы з Масквы ў новазбудаваны Санкт-Пецярбург можна трактаваць як нефармалізаванае імкненьне Пятра І (Раманава) да рээўрапеідызацыі. Фармалізацыяй магло стаць вяртаньне да эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі Вялікага Ноўгарада ў супрацьвагу азіяцкай Маскве, з статусам Санкт-Пецярбурга як другога Вялікага Ноўгарада.

Аналягічныя праблемы з акрэсьленьнем пачатку сваёй дзяржаўнай традыцыі маюць іншыя супольнасьці. Да сёньня дыскутуецца пытаньне аб пачатку гішпанскай традыцыі ці то ад дзяржавы візготаў з сталіцай у Таледа, ці то з рэканкістаю Астурыі, якая працягвалася надзвычай доўга.

Італійцам складана абгрунтваць пачатак дзяржаўніцкай традыцыі ад старажытнага Рыму (як расейцам ад Кіеўскай Русі), бо трэба давесьці што старажытны Roma – і сёньняшні Рым тое самае, больш таго старажытныя рымляне, затым лаціны – наўпроставыя этнічныя продкі куды больш пазьнейшых італійцаў (пасьля падзеньня Рыму вядома этнічная мяшанка лацінаў з барбарамі). Адны дасьлеччыкі лічаць пататыпам  Італіі Лацыя, другія – Лямбардыю, а трэція – дзяржаву Карла Вялікага, іншыя – паасобныя мікрадзяржавы сярэднявечча.

Грэкі таксама маюць значныя цяжкасьці пры вывядзеньні сваёй дзяржавы ад старажытнай Грэцыі, бо неаднаразовыя этнічныя і культурніцкія трансфармацыі на працягу гісторыі, а таксама страты дзяржавы ды наяўнасьць стара- і навагрэцкай моў (апошняя у дзьвюх вэрсіях) робяць карэляцыю сучаснай Грэцыі з старажытнай – надзвычай умоўнаю.

Румынская дзяржава паўстала ў выніку аб’яднаньня Малдовы і Валахіі, пры тым апошняя была больш разьвіта гаспадарча, палітычна і культурова, таму, хутчэй за ўсё, зьяўляецца першасным абшарам закладаньня агульнай дзяржавы.

Надзвычай складана вызначыць пачаткі абшару закладаньня Вяліка-брытаніі, бо дзяржава сфарміравалася зь некалькіх частак (як вынік заваёваў Уэльсу, Шатляндыі і Ірляндыі Ангельшчынай). Гісторыя Паўночнай Ірляндыі зьяўляецца часткай агульнай гісторыі Ірляндыі, а шатляндыйцы і, ў меньшай ступені, валійцы памятаюць аб сваёй гісторыі, мове і культуры, захоўваючы выразныя аўтаноміі. Хутчэй за ўсё, або дзяржава мае чатыры  гістарычныя абшары закладаньня (ангельскі, шатляндыйскі, валійскі і ірляндыйскі), або толькі зьяўляецца працягам гістарычнае традыцыі Ангельшчыны, тады мае толькі адзін абшар закладаньня на паўднёвым-усходзе Ангельшчыны вакол Лёндану.

Гістарычны абшар закладаньня былой Югаславіі знаходзіўся ў Харватыі, якая сталася цэнтрам рухаў за аб’яднанье паўднёвых славян, доўгі час падзеленых паміж Аўстра-Вугорскай і Асманскай імпэрыямі, адсюль уніфікацыя харвацкай мовы з сэрбскай і басьняцкай (аўтахтонная харвацкая мова ўзьнікла і распаўсюдзілася ў Далмацыі). Палітычным абшарам закладаньня Югаславіі была Сэрбія, а гістарычным арэалам закладаньня Сэрбіі было Косава (толькі параўнальна нядаўна альбанізаванае) (M. Četić, 2004).

Савецкая зона акупацыі Трэцяга Рэйху Адольфа сталася абшарам закладаньня Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі як першай у гісторыі германцаў дзяржавы рабочых, сялян і службоўцаў.

Наадварот, каталёнцы могуць лічыць пачатак сваёй дзяржаўніцкай традыцыі ад Герцагства Барсэлёны з ХІ ст., Ватыкан – ад сярэднявечнае касьцёльнае/царкоўнае дзяржавы, нават крымскія татары – ад Крымскага Ханства.

Аналіз тэрытарыяльнага разьвіцьця дзяржаў Эўропы паказывае, што гістарычны арэал закладаньня дзяржавы і яе дзяржаўная традыцыя не абавязкова супадаюць з сучаснымі тэрытарыяльным цэнтрам і традыцыяй (Burghardt, 1969).

На прыкладзе Малдовы, Украіны і Беларусі можна прасачыць дзьве дзяржаўніцкія традыцыі.

У Малдове не сканчаецца палітычная дыскусія паміж прыхільнікамі традыцый. Першая зыходзіць з эўрапейскага ўсходнераманскага прарумынскага Малдаўскага гаспадарства ад Карпат да Днястра як часткі этнічнага абшару румынскай супольнасьці. Другая тэрытарыяльна лякалізуецца ў расейскаімпэрскай Бесарабіі, палітычна пачаткуецца ў міжваеннай Малдаўскай АССР Ўкраіны, што абымала заднястроўскія абшары, культурова — да канцэпцыі існаваньня фармалізаваных пад кіраўніцтвам расейскіх камуністаў малдаўскага народу, малдаўскай мовы (аналягічнай румынскай з кірылічным пісьмом) і Малдаўскай ССР дзеля фармалізацыі і інстытуалізацыі савецкай акупацыі часткі міжваеннай Румыніі (Бэсарабіі).

Прыход да ўлады прыхільнікаў аб’яднаньня з Румыніяй на пачатку 90-ых гг. ХХ ст. і рэрумынізацыя выклікалі антыпраўны сэпаратызм на тэрыторыі міжваеннай Малдаўскай АССР і паўстаньне сэпаратыскай Прыднястроўскай Рэспублікі. Спробы Малдовы вярнуць сэпарытыскі рэгіён у склад прарумынскай дзяржавы прывялі да збройнага супраціву сэпаратыстых пры негалоснай паттрымцы раскватэраванага ў Прыднястроўі з савецкіх часоў войска, якое пасьля распаду СССР перайшло пад расейскае падпарадкаваньне. 

На прыкладзе Малдовы і Прыднастроўя назіраем тэрытарыяльную лякалізацыю розных дзяржаўніцкіх традыцый, якія несумяшчальны цывілізацыйна (эўрапейская і азіяцкая).

Эліты Малдовы маюць абмежаваны выбар:

— аб’яднаньне з Румыніяй і страта азіяцкадзяржаўніцкага Прыднястроўя (продкі карэннага насельніцтва якога не жылі, а нашчадкі не жадаюць жыць у Румыніі; бо, найперш, ня ведаць румынскую мову, культуру і традыцыі, зрусіфікаваны ды індэнтыфікуюць сябе часткай Расеі што лічаць нормай і найвялікшай каштоўнасьцю);

— рээўрапеідызацыя Малдовы на аснове малдаўскай дзяржаўніцкай традыцыі;

— стварэньне сумеснай дзяржавы на аснове азіяцкай савецка-расейскай дзяржаўніцкай традыцыі паводле ўзору Малдаўскай ССР з савецкай сымболікай, дзяржаўным двухмоўем (фактычным ужываньнем толькі расейскай мовы) і зьвядзеньня Малдовы да Малдавіі (дэ-факта залежнай ад Расеі);

— фэдэралізацыя-канфэдэралізацыя Малдовы як кампраміснага варыянту, у склад якой увойдуць прарумынская ўласна Малдова, прарасейскае Прыднястроўе і Гагаузія (адміністрацыйны цэнтр Камрат).

Расея актыўна стымулюе прыднястроўскіх сэпаратыстых з мэтай утрымаць Малдову ў зоне сваіх уплываў, карыстаючыся гаспадарчымі і іншымі праблемамі небагатай пераважна аграрнай Малдовы. З-за ўступленьня Румыніі ў Эўрапейскі Зьвяз магчыма павышэньне ўзроўню жыцьця малдоўцаў/малдаванаў за конт памежнага супрацоўніцтва і працаўладкаваньня ў багацеючай Румыніі (пераважна нелегальнага).

Рэўрапеідызацыі ды румынізацыі ў Малдове паспрыяе распачаты афіцыйным Бухарэстам працэс масавай выдачы румынскіх пашпартоў малдоўцам, для якіх наяўнасьць румынскага пашпарту – шлях да бязьвізавых паездак у іншыя дзяржавы Зьвязу, працаўладкаваньня, высокіх заробкаў і непараўнальна больш лепшага матэрыяльнага жыцьця.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ў пачатку 90-ых гадоў да ўлады ў Кіеве прыйшлі памяркоўныя пасткамуністы-незалежнікі, якія не маглі эфэктыўна кіраваць краінай, што паверхнева канчаткова сфарміравалася толькі пасьля 1956 года, а жаданьні элітаў ды супольнасьцяў захаду, цэнтру, усходу, поўдня і Крыму былі ўзаемавыключнымі: ад эўрапейскай незалежнасьці з уваходам у Эўразьвяз і НАТО, або без уваходу ў зьвязы, да саюзу з Расеяй і ўваходу ў склад Расеі (Крым).

Адна ўкраінская супольнасьць зьвярнулася да эўрапрейскай дзяржаўніцкай традыцыі Кіеўскай Русі, бачыла Ўкраіну незалежнай эўрапейскай пераважна ўкраінскамоўнай і ўкраінскакультуровай дзяржавай пад жоўта-блакітным сьцягам і гербам “Трызуб”, а іншая – ідэалам справядлівага дзяржаўнага ўладкаваньня лічыла пераважна расейскамоўную прарасейскую Ўкраінскую ССР. Апошняя не жадала карыстацца ўкраінскай мовай, а само паняцьце Ўкраіна атаясамлівала хутчэй з ускраінай Расеі (у края России). Несумяшчальныя цывілізацыйна дзяржаўніцкія супольнасьці (эўрапейская і азіяцкая) на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 года галасавалі за Юшчанку і Януковіча, што паспрыяла аранжавай рэвалюцыі.   

Майдан можна разглядаць як рашучыя мірныя дзеяньні эўрапейскіх ды эўрапеідызаваных украінскіх эліт і насельніцтва на чале зь Віктарам Юшчанкам і Юліяй Цімашэнкай па абароне Ўкраіны ад прыходу да ўлады цывілізацыйна чужых носьбітаў расейскай імпэрскай азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі (у форме напаўкаляніяльнай Украінскай ССР) фармальна самастойных, але рэальна кіруемых з Масквы.

Нескладана прадказаць вынікі прыходу да ўлады зрасейшчаных маларосаў. Пасьля вяртаньня расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай (фармальна двумоўе), замены ўкраінскай дзяржаўнай сымболікі на прасавецка-прарасейскую і ўступу Ўкраіны ў зьвяз з Расеяй, мог стацца яваю масавы генацыд украінцаў-эўрапейцаў. Такія дзеі ва ўмовах нізкага ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва прывялі бы да магчымай грамадзянскай вайны на Ўкраіне паміж ўкраінцамі эўрапейскай і азіяцкай дзяржаўніцкіх традыцыяў з удзелам расейскіх шавіністых і дапамогай эўрапейскіх дзяржаў. Верагодным наступствам б стаў падзел Украіны на эўрапейскую Ўкраіну (захад і цэнтр дзяржавы) ды прарасейскую напаўкаляніяльную “Малороссию” на ўзор Украінскай ССР (усход і поўдзень) з цалкам магчымым уваходам Крыму ў склад Расеі.

Традыцыйнай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыяй ліцьвінаў-беларусаў было ВКЛ, аднак шэраг істотнейшых фатальных прычын прывёў да забыцьця ўлснай эўрапейскай традыцыі. Бесперапынныя крывавыя войны паміж ВКЛ і Масковіяй, у т. л. Невядомая вайна; зьвяз ВКЛ з Польшчай (Рэч Паспалітая); масавы генацыд патрыятычных эліт і завоз каляніяльнага чынавенства з глыбіні Расеі пасьля вызвольных збройных чынаў 1830 і 1863-64 гг.; зпальшчэньне і зрасейшчваньне эліт; рэфармацыя, вунія, расейскае праваслаўе, польскае каталіцтва; раньняя дэліцьвінізацыя местаў (пасьля Невядомай вайны): пераважна габрэйскае, а затым польска- ды расейскамоўнае места; страта Вільні як другой сталіцы (беларускі Львоў); сталінскі генацыд з вынішчэньнем нацыянальных эліт (Курапаты);  нарэшце татальнае абрасейшчваньне другой паловы ХХ ст. – не заставілі нават памяці ня толькі пра эўрапейскую дзяржаўніцкую традыцыю Вялікага княства Літоўскага, але й пра якія-кольвек эўрапейскія дзяржаўніцкія інстытуты беларусаў (нават ўласную царкву) у зрасейшчанай савецкай супольнасьці.

Рудымэнтамі эўрапейшчыны сярод спалянізаваных ліцьвінаў-беларусаў каталікоў гістарычнай Віленшчыны сталіся: касьцёл як адзіны легальны некамуністычны інстытут не забаронены саветаміі, і ўяўленьні аб расейскамоўных як аб саветах і саветках з супрацьстаўленьнем апошніх мясцовым тутэйшым, або простым палякам (бо гаворым па-просту).

У савецкай імпэрыі Беларусь толькі фармальна мела статус рэспублікі, г. зн. роўны з Расеяй (БССР), а насамрэч ўяўляла (да 1988 г.) ідэальную калёнію Расеі, таму ня дзіўна, што Беларускі народны фронт “Адраджэньне” (БНФ) ня меў аніякіх шанцаў за некалькі год павярнуць юную дзяржаву на нацыянальныя некаляніяльныя рэйкі разьвіцьця. Вяртаньне да багацейшай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі Вялікай Літвы памяць аб якой была цалкам зьнішчана за больш трыста год чужаземных экспансій і акупацый здавалася фантастыкай.

Падзеі 1995-96 гг. прывялі фармальна да вяртаньня савецкай дзяржаўніцкай традыцыі БССР, а рэальна – расейскай імпэрскай азіяцкай традыцыі ад Ціпчацкага ханства праз Маскоўскую дзяржаву, Расейскую імпэрыю да СССР і пабудовы фармальна незалежнай, а рэальна — суцэльна залежнай ад Расеі таталітарнай напаўкаляніяльнай краіны, што знаходзіцца пад нутранай расейскай акупацыяй. Не адбылося шырокага выкарыстаньня беларускай мовы і этнакультуры (беларусізацыя); займаньня беларусамі-эўрапейцамі вышэйшых прыступак сацыяльнай лесьвіцы (карэнізацыя), фарміраваньня элітаў (сучасныя беларускія кіраўнікі не элітарныя, бо, хутчэй за ўсё, без праблем могуць кіраваць Беларусьсю ў складзе Расеі); пабудовы дэмакратычнай, нацыянальнай, прававой дзяржавы; фарміраваньня сучаснай мэдэапрасторы; пераўтварэньня каляніяльнай пастрасейска-пастсавецкай азіяцкай правінцыі ў эўрапейскія рэгіёны зь мяйсцовым самакіраваньнем; рээўрапеідызацыі мэнталітэту азіятызаванага насельніцтва; пабудовы эфэктыўнай эўрапейскай гаспадаркі з утварэньнем мнагалікага сярэдняга клясу ўласьнікаў, у т. л. перадоленьня татальнай залежнасьці ад расейскіх паліва, сыравіны і іншых тавараў ды паслуг (дывэрсыфікацыя імпарту-экспарту) і г. д.

Ліцьвінска-беларускія эліты дысыдэнтаў і супольнасьць экстэрытарыяль-ныя, але ёсьць невялікая розьніца паміж больш праэўрапейскімі захадам і сталіцай ды рэштай краіны. Аднак палітыка татальных рэсаветызацыі і рэрусіфікацыі шляхам актыўнага замбаваньня насельнацтва праз зманапалізаваныя мас-мэдэа ўсё больш нівелюе розьніцу. Дзяржаўныя межы з суседнімі Польшчай, Летувой, Латвіяй надзейна зачынены, што выключае сталыя і эпізадычныя масавыя кантакты нават з памежным насельніцтвам суседніх дзяржаў, а, тым больш, паездкі да суседзяў (працэдура выдачы візаў максімальна ўскладнена).

Аднак расейская пагроза анэксіі, магчыма, прывядзе да ўсьведамленьня неабходнасьці пабудовы крэольскай дзяржавы і непатрэбнасьці ўваходу Беларусі ў склад Расеі на правох аўтаноміі, або шасьцьмі вобласьцямі. Магчыма, зь цягам часу, — крэольская дзяржава трансфармуецца ў дэмакра-тычную нацыянальную прававую, эўрапейскую (паводле дзяржаўніцкай традыцыі).

 

V. 2. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЛІТОНІМЫ

Палітонім – назва гаспадарства, напр., Беларусь, Менская вобласьць, Ганцавіцкі раён. Гаспадарствы маюць саманазвы на мове (-ах) аўтахтоннага насельніцтва, ад якіх (як правіла) паходзяць назвы на іншых мовах. Часам іншамоўныя назвы значна адрозьніваюцца ад арыгінала (саманазвы).

Назвы краін зьмяняюцца гістарычна.

Палітонімы:

— зьмяняюцца з часам, (Пэрсія – Іран, Бірма – М’янма), у т. л. назіраецца тэндэнцыя зьмяненьня назвы былых залежных краін пры атрыманьні незалежнасьці і іх пераходзе ў ранг краін-дзяржаў (напр, Цэйлон – Шры-Ланка, Паўднёвая Радэзія – Зімбабвэ, Малдавія – Малдова);

— зьмяняюць гістарычна свае тэрыторыі, г. зн. павялічваюць, памяньшаюць або мігруюць (напрыклад, паводле Міколы Ермаловіча, першасна сярэднявечная Літва знаходзілася недзе паміж Слонімам, Баранавічамі, Наваградкам і Маладэчнам, а сучасная Літва/Летува там, дзе сярэднявечная Жмудзь);

— маюць рознае гучаньне ў суседніх супольнасьцяў (напр., палякі называюць сваю Бацькаўшчыну Polska (Польска), германамоўныя Poland (Полянд), раманамоўныя Polonia (Полё’нія), летувісы – Lenkija (Ля’нкія), а мы – беларусы Польшчай).

Палітонімы дыфэрэнцуюцца паводле розных прызнакаў.

1. Мейсца ўжываньня:

— афіцыйныя – ўжываюцца ў афіцыйнай, навуковай,  літаратуры (ЗША, Чэхія, Харватыя);

— побытавыя – ужываюцца ў побыце, публіцыстыцы, мастацкай літаратуры (Штаты, саветы, немцы).

   Побытавыя мянушкі (хахлы, лáбасы, маскалі, чуркі) зьяўляюцца асобнай групай назваў. Часта складана вызначыць, ці то гэта палітонім, ці то этнонім (назва этнасу), або, нават, канфэсіёнім (назва рэлігіі, канфэсіі).

2. Тэрыторыі ўжываньня:

— эндонімы –  назвы гаспадарстваў, якія ўжываюцца ўнутры гаспадарстваў  (Беларусь, Рэспубліка Беларусь, Берасьцейскі раён);

— экзонімы – назвы пэўных гаспадарстваў, якія распаўсюджаны ў іншых гаспадарствах (Belarus, Белоруссия, Białoruś, Baltarusija).

3. Часу ўжываньня:

— сучасныя – назвы гаспадарстваў, якія ўжываюцца ў найноўшай літаратуры і побыце (М’янма, Украіна, Румынія);

— састарэлыя  – назвы гаспадарстваў, што ўжываліся ў мінулыя гістарычныя эпохі  (афіцыйныя і побытавыя), напр, Бірма, Паўднёвая Радэзія, Сярэдняя Літва.

Палітонімы мёртвых гаспадарстваў, у т. л. мёртвых дзяржаў (што йснавалі ў мінулым і адсутнічаюць у сучаснай часапрасторы) – асобная група назваў (Югаславія, Чэхаславаччына, СССР). Могуць ўжывацца як былыя фармальныя варыянты (былы Савецкі Саюз, былы Саюз), так і нефармальныя (савецкая імпэрыя, руская азіяцкая імпэрыя).

Афіцыйныя палітонімы паводле формы бываюць:

— кароткімі, або ляканічнымі (Нямеччына, Беларусь, Амэрыка), у т. л.,

— абрэвіятурамі (ФРН, РБ, ЗША);

— поўнымі, або разгорнутымі (Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына, Рэспубліка Беларусь, Злучаныя Штаты Амэрыкі).

Найчасьцей у абрэвіятурах і разгорнутых палітонімах канстатуюцца:

— тып дзяржаўнага ладу (манархія: каралеўства, вялікае герцагства, княства; рэспубліка), напр., Каралеўства Швэцыя, Вялікае Герцагства Люксэмбург, Княства Манака;

— наяўнасьць аўтаномных гаспадарстваў, што канстатуе тып тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы (фэдэрацыя, канфэдэрацыя), напр., Расейская Фэдэрацыя, Швэйцарская Канфэдэрацыя.

Цікава, што ў поўных палітонімах адных дзяржаў слова Рэспубліка ўжываецца ў пачатку (Рэспубліка Беларусь), а іншых – у канцы (Летувіская Рэспубліка) словазлучэньня.

Сучасная беларуская дзяржава афіцыйна называецца Беларусь, або Рэспубліка Беларусь. 

Распаўсюджаньне атрымала абрэвіятура РБ, аднак пажадана ўжываць афіцыйныя назвы, бо гэта – патрыятычна.

Сустракаюцца і іншыя найменьні нашай Бацькаўшчыны. Белая Русь пішуць з мэтай падкрэсьліць прыгажосьць, славянскасьць, рускасьць роднае старонкі ў адрозьненьне ад маскоўскага Расея (Россия). Літвою нашу краіну клічуць з мэтай падкрэсьліць пераемаснасьць вялікай эўрапейскай тадыцыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), адрозьніць і наблізіць да суседняй балцкай Летувы (Lietuva), бо мы – ліцьвіны! Беларускі народ часам называюць паспалітым. Гэтым можна ўзгадаць гістарычную повязь з прагрэсіўнымі дэмакратычнымі традыцыямі Рэчы Паспалітай абодвух народаў у якой таксама жылі нашы продкі.

Суседзі завуць нашу Айчыну: Білорусія або Білорусь (украінцы), Белоруссия (расейцы), Białoruś (Бялóрусь – палякі), Baltarusija (Бáлтарýсія – летувісы, ад лет. Báltas белы), Baltakrevija (Балтакрэвія – латышы, ад назвы племені крывічоў). Пры гэтым суседзі-балты падкрэсьліваюць наша балтаславянскае паходжаньне. Бязумоўна, наш палітонім паходзіць ад этноніму беларус, беларуска.

Нашы суседзі называюцца: Україна, Россия, або Российская Федерация, Polska, або Rzeczpospolita Polska (Пóльска, або Жэ’чпоспóліта Польска), Lietuva, або Lietuvos Respublika (Летувá, або Летувóс Рэспýбліка), Latvija, або Latvijas Respublika (Латвія, або Лáтвіяс Рэспýбліка).

Каб адрозьніць гістарычныя назвы Літва, літоўскі, Русь, рускі ад сучасных палітонімаў і этнонімаў у беларускай нацыянальнай гістарычнай ды іншай літаратуры замацаваліся палітонімы і этнонімы Летува, Летувіская Рэспубліка, летувіс, летувіска, Расея, расеец, расейка.

Палітонімы некаторых дзяржаў Эўропы надзвычай падобны: Беларусь і Расея, Славаччына і Славенія, Швэцыя і Швэйцарыя, а таксама агульнагерманская аснова land сустракаецца ў палітонімах: England, Doutschland, Holland… Падабенства палітонімаў не абазначае падабенства большасьці рысаў дзярхаў.

Гістарыча Русь, рускі, руская, Літва, ліцьвін, ліцьвінка мелі іншы сэнс. Сучасная тэрытарыяльная лякалізацыя вышэйназваных паняцьцяў сфарміравалася ў найноўшы пэрыяд гісторыі, таму мы, беларусы, дыфэрэнцуючы вышэйназваныя паняцьці, з гонарам заяўляем, што, як і нашы суседзі, лічым сябе нашчадкамі вялікай спаччыны паліэтнічных Літвы і Русі.

Беларускія палітонімы Ангельшчына, Нямеччына, Гішпанія, Вугоршчына, Расея, Славаччына, Амэрыка – арыгінальныя і бяруць свой пачатак ад спрадвечнага беларускага вымаўленьня, таму іх нельга назваць палянізмамі, або ўкраінізмамі. Больш таго ў беларускай традыцыі адрозьніваюцца: германскія плямёны, германцы, але  немцы (як паўднёвагерманская нацыя), а, значыць, Нямеччына.

германіяй (пісаць з маленькай літары), славіяй, балтыяй, раманіяй, кельтыяй і г. д. можна называць этнічную тэрыторыю германцаў, славянаў, балтаў, раманцаў, кельтаў і г. д. да ўтварэньня дзяржаў. Германіяй можна лічыць і паўднёвагерманскія княствы, у т.л. соткі-дзесяткі мікрадзяржаў, што доўгі час існавалі да ўтварэньня цэнтралізаванай Нямеччыны пад гегемоніяй Прусаў.

Палітонімы склаліся гістарычна.

Большасьць палітонімаў ужываюцца як у форме назоўніка, так і прыметніка. Аднак у рэальнай практыцы адны дзяржавы (як правіла) называюцца ў форме назоўніка, а іншыя – прыметніка.

Рэспубліка Ірляндыі сваім палітонімам нас інфармуе аб тым, што гэта дзяржава ахоплівае ня ўсю этнічную тэрыторыю кельтаў-ірляндыйцаў, таму падсьвядома прэтэндуе ахапіць усю Ірляндыю, г. зн. Паўночную Ірляндыю (частку Вялікабрытаніі). Вугорская Рэспубліка трактуе сябе як толькі трэцюю частку гіпатэтычнай Рэспублікі Вугорцаў, бо дзьве-трэція этнічнай вугорскай тэрыторыі паводле Трыянонскай дамовы (Trianon) аказаліся па-за межамі новай вугорскай дзяржавы. Аналягічна Рэспубліка Арменіі кажа нам аб тым, што ўключае толькі частку гістарычнай Арменіі, бо заходняя Арменія з сымбалем нацыі – гарой Арарат, знаходзіцца ў сучаснай Турэччыне, дзе армяны вынішчаліся (генацыд армян).

Некаторыя дзяржавы маюць толькі кароткі палітонім. Румынія гэткім чынам паведамляе, што новая Румынія ня мае нічога супольнага з традыцыяй Сацыялістычнай Рэспублікі Румыніі, якой, між іншым, кіраваў дыктатар Нікалае Чаушэску.

Аб сваёй расейскай дзяржаўніцкай (а ня рускай этнічнай) традыцыі нам паведамляе Расейская (а ня Руская) Фэдэрацыя, што дае нам магчымасьць зразумець мнаганацыянальнасьць Расеі. Аб гістарычнай пераемаснасьці зь першай і другой Рэччу Паспалітай сьвеччыць польскамоўнае гучаньне палітоніму Рэспубліка Польшча як Рэч Паспалітая Польшча. З аднаго боку Рэчпаспалітая – гэта дзяржава грамадзян, а зь іншага – Польска, што супрацьстаўляе дзяржаве грамадзян польскую этнічнасьць. Адсюль поўная назва Польшчы зьяўляецца гістарычным гібрыдам што злучае несумяшчальнае, г. зн. дзяржаву грамадзян з польскай этнічнасьцю (Z. Rykiel, 2006). Сучасная балцкая Летува ўласным палітонімам тлумачыць, што ахоплівае балцкія землі былога ВКЛ.

Афіцыйныя палітонімы некаторых дзяржаў афіцыйна перакладаюцца з мовы-арыгіналу на іншую (-ыя) мову (-ы) недакладна. Беларускамоўная назва Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына характарызуецца моўным парадоксам. Саманазва  B u n d e s r e p u b l i k  D o u t s c h l a n d перакладаецца з нямецкай мовы-арыгінала на родную беларускую як Зьвязавая (Саюзная, Вунійная) Рэспубліка Нямеччына (ням. слова B u n d перакладаецца як  З ь в я з ), але толькі не Фэдэратыўная (ці то Фэдэральная) Рэспубліка Нямеччына.

Ад даты ўтварэньня палітоніма – аж да часу аб’ядненьня Нямеччыны Зьвязавая Рэспубліка Нямеччыны (ЗРН, ФРН, ФРГ) ужо сваёй назваю інфармавала, што мае амбіцыі на правапрыемнасьць спаūчыны Рэйху. Амбіцыі ФРН знайшлі пацьверджаньне ў дактрыне Гальштайна (Hallstein), згодна зь якой (нядоўга прынятай ва ўжытак у 60-ых гадох ХХ ст.) ФРН зырвала дыпляматычныя адносіны зь дзяржавамі што мелі іх з НДР (ГДР).

Другі прыклад. Эўрапейская краіна Magyarország па-польску называецца Węgry (Вэнгры), г. зн. вугры. Расейцы перанялі польскі варыянт назвы Magyarország і адаптавалі яго да сваёй мовы. Атрымалася – Венгрия. Венгрыя перанеслася ў сучасную беларускую літаратурную норму (наркамаўку) з расейскай мовы. Беларускі арыгінал гучыць як Вугоршчына (тарашкевіцай). Прыкладны пераклад Magyarország з вугорскай мовы зь беларускай адаптацыяй гучыць як  –  М а д з ь я р ш ч ы н а ,  але толькі не ўсе вышэй узгаданыя варыянты. Адсюль, мадзьяр, мадзьярка, мадзьярская мова, Мадзьяршчына.

Мы, беларусы можам дыфэрэнцаваць уласна этнонім і палітонім (мадзьяр, Мадзьяршчына) і макраэтнонім (вугры, вугоршчына). Гіпатэтычная першасная абшырная тэрыторыя вугрў (ханты, мансі, мадзьяраў), або мадзьяраў у Эўропе – вугоршчына. Вышэйназваная Рэспубліка Вугорцаў па-беларуску – Вугоршчына.

Каралеўства Нідэрляндаў, грамадзяне якога штодня называюць сваю краіну Галяндыяй, уласнай назвай высылае нам, хутчэй за ўсё, сымбалічны палітычны сігнал, што падсьвядома лічыць бэльгійскую дзяржаўнасьць за гістарычны кур’ёз.

Некалькі стагодзьдзяў чужаземнага падпарадкаваньня нашай Бацькаўшчыны прывялі да недакладнага пераносу палітонімаў больш аддаленых ад нас дзяржаў ня з мовы-арыгіналу, а праз мовы-пасрэднікі.

 

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТОНІМЫ ЭЎРОПЫ (назвы дзяржаў)

Табл. 4.1.GIF 

Табл. 4.2.GIF 

 

Перадусім, цікавым зьяўляецца пытаньне аб тым, ці кожная краіна і дзяржава мае ўласны палітонім. Л. Гумілёў апісаў краіну ў басэйне р. Тарым, якая ня мела ўласнай назвы – палітоніму.

 

V. 3. ЭЎРАПЕЙСКАЯ СЫМБОЛІКА

Для кожнага гаспадарства Эўропы характэрна наяўнасьць ўласнай сымболікі: найперш герба і сьцяга. Герб – стылізаваны малюнак, а – сьцяг палатно, дрэўца і навершнік пэўных (-ага) колераў (-а), выкананыя паводле законаў і правілаў геральдыкі.

Эўрапейскія сымбалі маюць шматвекавую гісторыю. Гербы больш старажытныя. Вядомы родавыя, вайсковыя, шляхоцкія ды іншыя гербы, а таксама гербы сярэднявечных эўрапейскіх дзяржаў. Сьцягі таксама маюць рознае мінулае. Надзвычай распаўсюджанымі былі вайсковыя сьцягі. З разьвіцьцём эўрапейскіх грамацтваў узьніклі нацыянальныя і дзяржаўныя сьцягі. Клясычнымі эўрапейскімі зьяўляюцца сьцяг брытанскай імпэрыі, а таксама сіне –бела-чырвоны трохколер Францыі. Сьцягі некаторых найноўшых эўрапейскіх дзяржаў у канчатковых вэрсіях узьніклі толькі ў ХХ ст.

Тэрытарыяльныя заканамернасьці сьцягоў дзяржаў Эўропы.

1. Наяўнасьць перакрыжаваных вертыкальнага і гарызантальнага пасаў на сьцягох дзяржаў і краін Паўночнай Эўропы (выкл. Летува, Латвія, Эстонія і Ірляндыя). Блакітныя пасы перакрыжоўваюцца на белым фоне на сьцягу Фінляндыі, жоўтыя на сінім – на швэдыйскім сьцягу, белыя на чырвоным на сымбалі Даніі. Такія сьцягі – традыцыйныя для паўночнагерманцаў, бо ўсе чатыры (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя) паўночнагерманскія дзяржавы маюць аналягічныя сымбалі з выявай крыжа (калі павесіць палатно вертыкальна).

Матыў разьмяшчэньня крыжоў як геральдычнай сымболікі ўзьнік разам з прыняцьцем хрысьціянства. Вядома, што крыжакі на сваіх сьцягах, гербах, шчытах, плашчах зьмяшчалі выявы крыжоў. Кожная супольнасьць мела свой колер: французы і гішпанцы – чырвоны, ангельцы – белы, флямандыйцы – зялёны, а шатляндыйцы насілі крыж наўскос (сьв. Андрэя). Пазьней Ангельшчына абрала белы сьцяг з чырвоным крыжом (сьв. Юр’я).

2. Перавага раманскіх сьцягаў з двума або трыма вертыкальнымі пасамі (двукалёраў або трыкалёраў) на захадзе Заходняй і Паўднёвай Эўропы, а таксама ў рамана-праваслаўнай цывілізацыі. Характэрныя партугальскі зялёна-чырвоны і мальтыйскі бела-чырвоны бікалёры, а таксама жоўта-белы двухкаляровы сьцяг Ватыкану. Толькі Апостальская Сталіца вывешвае сьцяг памерам 1 на 1 (як і Швэйцарыя). Бэльгійскі чорна-жоўта-чырвоны трыкалёр з вертыкальнымі пасамі аб’ядноўвае раманскі стыль (вертыкальныя пасы) і паўднёвагерманскую ды раманскую традыцыйныя каляровыя кампазыцыі (чорны, чырвоны, жоўты, белы і сіні колеры). Іншыя раманскія трыкалёры складаюцца толькі з сукупнасьці пяці колераў: белага, жоўтага (сярэдзінны вертыкальны пас), сіняга, зялёнага (пас у дрэўца) і чырвонага (канцавы пас). Так выглядаюць дзяржаўныя сьцягі Францыі (клясычны сіне-бела-чырвоны трыкалёр), Італіі (зялёна-бела-чырвоны), Румыніі, Андоры і Малдовы (сіне-жоўта-чырвоныя). Андорскі і Малдаўскі сьцягі на сярэдзінных вертыкальных жоўтых пасах маюць выявы нацыянальных гербаў, чым і адрозьніваюцца ад румынскага трыкалёра без дзяржаўнага герба.

Выбітны сьцяг – сымбаль рэвалюцыйнай Францыі стаў вядомым усяму сьвету ў канцы XVIII ст. дзякуючы Францускай рэвалюцыі. Тры колеры: сіні, белы і чырвоны ўкладзеныя трыма вертыкальнымі пасамі сымбалізавалі свабодную Францыю. Такая кампазыцыя зь вертыкальных пасаў стала вядома ўсяму сьвету як Tricolore.

Выключэньні – дзяржаўны сьцяг манархічнай Гішпаніі, што складаецца з трох гарызантальных пасаў (вялікага жоўтага сярэдзіннага і двух маленькіх чырвоных: верхняга і ніжняга), а таксама сымбалі мікраскапічных Сан-Марына (два гарызантальныя пасы – белы зьверху і блакітны зьнізу) і Манака (аналягічна, толькі чырвоны зьверху, а белы – зьнізу).

3. Дамінаваньне славянскіх сьцягоў з двума-трыма гарызантальнымі пасамі белага, сіняга (блакітнага), чырвонага, зялёнага (Баўгарыя) колераў. Так выглядаюць двухкаляровыя польскі (бела-чырвоны) і ўкраінскі (блакітна- жоўты, або па-укр. жовто-блакітни) сьцягі. Чэскі трохкаляровы сьцяг аналягічны польскаму, толькі мае сіні трохкутнік з асноваю ля дрэўца і вяршыняю ў цэнтры палатна. Клясычна славянскімі зьяўляюцца бела-сіне чырвоныя сьцягі Славаччыны і Славеніі зь дзяржаўнымі гербамі на палотнах, а таксама аналягічны сьцяг Расеі (бязь гербу). Такія ж славянскія сьцягі Сэрбіі (чырвона-сіне-белы) і Харватыі (чырвона-бела-сіні). Былыя фэдэрацыя Сэрбіі і Чарнагорыі, а таксама Югаславія мелі сіне-бела-чырвоны сьцяг. Толькі на сьцягу Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі ў цэнтры сіне-бела-чырвонага палатна была выява чырвонай зоркі.

Арыгінальны беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг мае ня толькі славянскія колеры і пасы, але й падобны на біблійны сьцяг Ісуса (Езуса) Хрыста, што дае нам падстваы назваць наш старажытны бел-чырвона-белы сьцяг – сьцягам Ісуса Хрыста. Баўгарскі бела-зялёна-чырвоны сьцяг сваім зялёным пасам сымбалізуе, між іншым, цюркска-мусульманскі ўплыў у гісторыі нацыі.

Выключэньні ў славянскім сьвеце складаюць сьцягі Босьніі і Герцэгавіны ды Македоніі, якія не падобны на традыцыйныя славянскія сымбалі.

Нарэшце, чырвона-зялены сьцяг Беларусі – аналёгія сэпараратыскага чырвона-зялёна-чырвонага сьцягу Прыднястроўя. Гэтыя сьцягі маюць выразнае савецкае паходжаньне і сымбалізуюць дзяржаўніцкія традыцыі Беларускай і Малдаўскай ССР. Толькі адсутнасьць камуністычнай сымбольікі сьвеччыць аб іх пастсавецкасьці. Сымбалізуюць гегемонію ў Беларусі і Прыднястроўі пасткамуністычных, пастсавецкіх прарасейскіх палітычных рэжымаў.

Падобныя сьцягі былых саюзных рэспублік СССР нічога ня мелі супольнага з нацыянальнымі традыцыямі сымболікі, былі накінуты дзяржавам Балтыі, Беларусі, Украіне, Малдавіі (Малдове)  таталітарным рэжымам Сталіна, сымбалізавалі камунізм ды каляніяльнае падпарадкаваньне Расеі, г. зн. нацыянальную ганьбу. З абвяшчэньнямі незалежнасьцяў вышэйузгаданых дзяржаў іх замянілі на сапраўдныя гістарычныя нацыянальныя дзяржаўныя сьцягі.

4. Паўднёвагерманскія дзяржаўныя сьцягі Нямеччыны і Аўстрыі падобны на славянскія, бо традыцыйна маюць вертыкальныя пасы. Толькі дзяржаўныя сьцягі Нямеччыны і Нідэрляндаў трохкаляровыя (чорна-чырвона-жоўты і чырвона-бела-сіні), а Аўстрыі і Ліхтэнштэйна – двухкаляровыя (чырвона-бела-чырвоны і сіне-чырвоны з двума гарызантальнымі пасамі), што сымбалізуе розныя дзяржаўніцкія традыцыі паўднёвых германцаў.

Першы наважытны сьцяг – сьцяг Галяндыі ўключае тры гарызантальныя пасы – аранжавы, белы і блакітны.  Гэткая кампазыцыя колераў стала знаёма дзякуючы галяндыйскай  Злучанай Усходнеіндыйскай Кампаніі, якая ўжывала гяляндыйскі штандарт з манаграмам “VOC” (“Vereenigde Oost-Indische Companie”).

Сьцягам былой камуністычнай прасавецкай усходняй Нямеччыны (НДР) стаў нацыянальны нямецкі трохкаляровы, толькі ў цэнтры палатна знаходзілася выява герба першай на германскай зямлі дзяржавы рабочых і сялян – “молат з цыркулем”.

Цікава, што ў ХХ ст. дзяржаўныя сьцягі таталітарных Трэцяга Рэйха Адольфа і сталінскай імпэрыі былі падобныя і ўяўлялі сабой чырвонае палатно з выявамі свастыкі ў Адольфа і сярпа з молатам ды зоркаю ў Іосіфа Вісарыёнавіча. Сіне-бела-чырвоны сьцяг з чырвонай зоркаю былое камуністычнае Югаславіі (СФРЮ) па славянскім колерам і пасам нагадваў нацыянальныя сьцягі  паўднёвых славянаў.

Каляніялізм і таталітарызм існуе ў той краіне і дзяржаве, дзе нацыянальны сьцяг забаронены і заменены ці то на каляніяльны, ці то на сьцяг таталітарнае партыі.

Тыпы сьцягоў эўрапейскіх дзяржаў:

1. Паўночнаэўрапейскі з перакрыжаванымі пасамі аднога колеру на фоне іншага: Фінляндыя, Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя, Вялікабрытанія, у т. л. Ангельшчына, Шатляндыя (як краіны).

2. Раманскі з двума-трыма вертыкальнымі пасамі (дву- або трыкалёр): Францыя, Партугалія, Італія, Андора, Румынія, Малдова, Мальта, Ватыкан.

3. Германа-славянскі з двума-трыма гарызантальнымі пасамі (двух- або трохкаляровы): Нямеччына, Нідэрлянды, Аўстрыя, Ліхтэнштэйн, Польшча, Украіна, Расея, Беларусь, Славаччына, Славенія, Харватыя і інш.

Сьцягі Грэцыі і Альбаніі арыгінальныя, таму не ўваходзяць у тры тыпы сьцягоў эўрапейскіх дзяржаў. Сьцяг кельцкай Ірляндыі аналягічны раманскім. Летува і Латвія маюць сьцягі падобныя на германа-славянскія. Вугорцы-мадзьяры ўжываюць чырвона-бела-зялёны сьцяг аналягічны германа-славянскім.

Белы арол на чырвоным фоне сьцяга зьяўляўся сымбалем Рымскае Імпэрыі. Рымляне любілі чырвоны колер свайго сьцягу – колер вайны і ўлады.

Белы арол пераўтварыўся ў чорнага двухгаловага мутанта на сьцягу Візантыі. Пасьля распада Візантыі туркі захапілі амаль усе паствізантыйскія землі, аднак ад яе сымболікі адмовіліся. На візантыйскую сымболіку знайшліся прэтэндэнты.

Чорны двухгаловы арол зьявіўся на сьцягах Сьвятарнай Рымскай імпэрыі германскага народу, сэрцам якой у ХV ст. лічылася Аўстрыя. Бісмарк, захапіўшы Вену ды разьбіўшы Аўстрыю, прысабечыў яе чорнага арла. Нарэшце чорны аднагаловы (!) арол стаўся сымбалем Германскай імпэрыі. Трэцяму Рэйху Адольфа засталося толькі падхапіць традыцыю.

Расейцы абвясьцілі сваю дзяржаву Трэцім Рымам. Цар Пётр І ў 1721 г. дабіўся міжнароднага прызнаньня Расеі імпэрыяй і зрабіў яе гербам таго ж самага чорнага двухгаловага арла. Сучасную Расею сымбалізуе залаты арол.

Аднак белы арол выжыў стаўшы сымбалем Польскае дзяржавы. Сымбалем ЗША стаў шэры арол, бо для амэрыканцаў таксама дарагія рэспубліканскія ідэалы. (Ю. Хадыка, 2000).

Беларускі нацыянальны герб “Пагоня” узьнік у канцы ХIII ст. Вялікі князь Вітаўт, які зрабіў  “Пагоню”  сваім гербам, быў язычнік. Магчыма, вобраз язычніцкага бога Ярылы – бога сонца, свабоды і вайны стаўся правобразам герба. Ярыла ўяўляўся ў выглядзе юнака на белым кані. Гэту гепотызу пацьвярджае чырвоны фон шчыта. У славян, як і ў японцаў, сонца заўсёды было чырвоным, таму чырвоны колер быў папулярным (Ю. Хадыка, 2000).

Найпапулярнейшымі элемэнтамі эўрапейскіх гербаў зьяўляюцца: шчыт, карона, выявы жывёл (арлы, драконы, львы), пераважна зялёных галінак, зоркі. Выявы крыжоў нам сьвеччацьць аб хрысьціянскасьці эўрапейскае цывілізацыі.

Клясыфікацыя эўрапейскіх дзяржаўных гербаў:

1. Паўночнаэўрапейскія манархічныя. Складаюцца з кароны на шчыце (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, а таксама герб Бэльгіі ўключае ў сябе залатую карону на чорным шчыце з выявай унутры шчыта жоўтага льва) Кароны вялікія і залатыя з крыжыкамі ўверсе.

2. Паўночнаэўрапейскія рэспубліканскія. Галоўны элемэнт гербоў шчыт, але без кароны (дзяржавы Балтыі, Фінляндыя, Ірляндыя, Ісляндыя, нават дацкая Грэнляндыя). На гербе Ісляндыі шчыт, афарбаваны пад колеры нацыянальнага сьцяга, трымае з аднаго боку дзядуля ў нацыянальным адзеньні з высокім кіем, а з другога – бык.

На шчыце Грэнляндыйскага герба бачым выяву … белага мядзьведзя.

3. Заходнеэўрапейскія манархічныя. Складаюцца з кароны на шчыце які трымаюць з двух бакоў як жывёлы, так і людзі (львы на гербах Бэльгіі і Люксэмбурга, каранаваны леў і конь на гербе Вялікабрытаніі, ваяры на гербе Манака). Карона, шчыт і тыя, што трымаюць шчыт, накрыты шатром які зьверху ўпрыгожвае другая карона (паверх першай) на гербах Бэльгіі, Люксэмбурга, Манака (толькі на апошнім гербе карона паверх шатра адзіная, паколькі адсутнічае карона на шчыце).

Герб Ліхтэнштэйну акрамя традыцыйных шчыту з шатром і каронай на шатры ня мае кароны на шчыце і трымаючых шчыт. Затое на жоўтым шчыце бачым выявы аж двух паўднёвагерманскіх чорных арлоў на тым жа жоўтым фоне што і ў ФРН.

Арыгінальны герб Ватыкану складаецца з выявы на чырвоным шчыце залатой кароны з крыжыкам, а пад ёй – двух ключоў перавязаных чырвонай стужкаю.

4. Міжземнаморскія рэспубліканскія. Выявы гербаў Францыі, Італіі, Партугаліі, Грэцыі надзвычай розныя, але іх аб’ядноўваюць галінкі расьлін, вакол галоўнага элемэнту гербаў (чырвонага шчыта на партугальскім дзяржаўным сымбалі, белай зоркі з чырвонай акантоўкай на італійскім, сіняга шчыта з выяваю белага крыжа на грэцкім, бела-чырвонага шчыта з крыжыкам на мальційскім).

 Нават герб Кіпра выглядае аналягічна, г. зн. зь дзьвумя зялёнымі галінкамі вакол выявы лятучага арла з дабычаю ў дзюбе.

5. Арлы. Восем эўрапейскіх дзяржаў мае гербы з выявамі аднаго стаячага арла. Арлы бываюць:

— белыя на чырвоных шчытох (Польшча, Сэрбія),

— чорныя (у ФРН на жоўтым шчыце, у Альбаніі ў т. л. Косава/Касова – на чырвоным, а ў Аўстрыі – без шчыта),

— каляровыя (залаты на чырвоным шчыце ў Расеі, аранжавы на сінім у Румыніі і жоўты без шчыта ў Малдовы).

 Расейскі і альбанскі арлы двухгаловыя, а іншыя – толькі аднагаловыя. Кожная галава расейскага арла каранавана, а над двума голавамі ўзвышаецца агульная карона. Польскі арол мае адну залатую карону.

Цікава, што кіраўніцтва  сацыялістычнай ПНР зьняло з польскага арла карону, што вызвала ў польскім народзе шмат гумарыстычных і сатырычных выказваньняў. Пасьля вяртаньня дэмакратыі польскі арол зноў прыдбаў сваю карону.

Чорны худы аўстрыйскі арол таксама каранаваны, толькі … чорнай каронай.

Адныя дзяржавы, што запазычылі ў Рыму і Візантыі арлы, мелі імпэрскае мінулае (Расея, Аўстрыя, Нямеччына), іншыя – ў пэўныя пэрыяды вялі экспансіі (Польшча, Сэрбія, Румынія, Альбанія). Малдова мае трывалыя паструмынскія традыцыі, таму тут і прыжыўся жоўты арол з шчытом на грудзёх на якім намалявана галава быка.

6. Эўрапейскія пастманархічныя. Гербы рэспубліканскіх Вугоршчыны, Баўгарыі ўтрымоўваюць выявы шчытоў паверх якіх знаходзяцца кароны з крыжыкамі (манархічныя гербы), а на чэскім шчыце намалёваны чатыры выявы: два белыя каранаваныя залатымі каронамі львы, адзін германскі чорны арол, а таксама адзін бела-чырвоны (у клетачкі) арол каранаваны залатой каронай. Такія гербы сьвеччаць аб манархічным мінулым сёньняшніх рэспублік, таму зьяўляюцца пастманархічнымі.

 Пастманархічнымі ў шырокім значэньні зьяўляюцца арлы, а таксама летувіскі “Віціс”, беларуская “Пагоня” і іншыя гербы якія маюць бясспрэчны манархічны генэзіс

7. Усходнеэўрапейскія рэспубліканскія. Гербы маладых дзяржаў, якія або ня мелі манархічнай дзяржаўніцкай традыцыі, або адмовіліся ад выявы манархічнай спаччыны. Неманархічны характар маюць гербы Украіны, Славаччыны, Славеніі, Босьніі і Герцэгавіны, Македоніі, Беларусі.

Гэта або шчыты з выявамі на іх трызуба, крыжа, гор з трыма зоркамі, белых зорак, або тыповыя пасткамуністычныя “гербарыі” з жытам, пшаніцай, сонейкам, канюшынай і інш. упрыгожаныя зьверху чырвонай зоркай.

Сучасныя дзяржаўныя гербы эўрапейскіх дзяржаў можна сыстэматызаваць ў тры тыпы: манархічныя, пастманархічныя і рэспубліканскія.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы