nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

V. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ГАСПАДАРСТВЫ (частка 2)

28 лістапада, 2008 | Няма каментараў

V. 4. ЭЎРАПЕЙСКІЯ АБШАРЫ

V. 4. a. ГІСТОРЫЯ АБШАРАЎ КРАІН ЭЎРОПЫ

Многія дасьлеччыкі адзначаюць наяўнасьць абшару (-аў) як адну з найважнейшых характарыстык гаспадарстваў. Розьняцца ацэнкі значэньня наяўнасьці абшараў для краін. Дзяржава паводле адных дасьлеччыкаў – “прасторавая зьява” (Symonides, 1971), а паводле іншых «тэрыторыя – істотная для дзяржавы» (Tyranowski, 1979). Краіны і дзяржавы функцыянуюць як тэрытарыяльныя ўтварэньні. Нетэрытарыяльныя дзяржавы або рэлікты мінулых эпох, часьцей існуюць пры часовых пераходных абставінах. Таму сьцьверджаньне, што страта тэрыторыі прыводзіць да фактычнага спыненьня інаваньня дзяржавы (Marek, 1954) блізкае да рэчаіснасьці. Некаторыя дасьлеччыкі абсалютызуюць дзяржаву як прававую сыстэму і, ў меньшай ступені, прызнаюць дзяржаву як геаграфічную сыстэму (Kelsen, 1952; Tyranowski, 1979). Сумненьні ў абсалютнай тэрытарыяльнасьці дзяржавы грунтуюцца наступнымі абставінамі (Symonides, 1971):

— існаваньне првавога парадку дзяржавы па-за межамі яго тэрыторыі;

— выкананьне пэўных прававых актаў адной дзяржавы на тэрыторыі іншай;

— падпісаньне кіраўніцтвам дзяржавы трактатаў паччас замежных візытаў.

 Тэрытарыяльныя дзяржавы ў Эўропе датуюцца ад Вэстфальскага міру (1648 г.). зь перанясеньнем сувэрэннасьці з уладара на дзяржаву. Да Вэстфалю сувэрэнам быў уладар, а абсяг яго сувэрэннасьці распаўсюджваўся на ўсе ўласныя землі (Taylor, Flint, 2000). Пасьля, права юрысдыкцыі ўладара над тэрыторыяй вынікала толькі з права ўласнасьці на землі, а ўладар стаў толькі найважнайшым дзяржаўным службоўцам, што працуе паводле вызначаных паўнамоцтваў, хаця ж і, часьцей за ўсё, — пажыцьцёва. Гэтыя прынцыпы выразна сфармулявала француская рэвалюцыя, але яны былі аформлены ў Мюнстары (Münster) і Аснабруку (Osnabrück) ў 1648 г.

 Прэстыж і сіла сярэднявечнае дзяржавы апіраліся на колькасьць насельніцтва якое плаціла даніну (паводле сучаснай тэрміналогіі падаткаплацельшчыкаў) і войска, а дзяржавы новага часу – на велічыні тэрыторыі. Больш таго, вялікая даўжыня тэрыторыі сярэднявечнай дзяржавы была хутчэй адмоўным чыньнікам чым станоўчым, бо абцяжарвала камунікацыю і абарону.

 Прасторавая структура такой сярэднявечнай дзяржавы была хутчэй за ўсе пераважна пунктавая, а не тэрытарыяльная. Сярэднявечныя мілітарныя структуры эфэктыўна кантралявалі толькі абшары і асяродкі расьсяленьня насельніцтва, а не ўвесь прастор. Натуральныя перашкоды (рэкі, горы, лясы і інш.) былі ўмоўнымі межамі, якія, часьцей за ўсё, не маглі ахоўвацца стала з прычыны маленькай колькасьці і шчыльнасьці насельніцтва. Дзяржаўных межаў у сучасным разуменьні гэтага паняцьця не йснавала. Абшары сярэднявечнай Беларусі парошшай лясамі і залітай балотамі былі яшчэ меньш заселенымі чым у краінах на захад ад Беларусі. Таму межы дзяржаў на картах сярэднявечча ўмоўныя, іх нельга інтэрпрэтаваць у сучасным разуменьні.

 Калі складаць сярэднявечныя гістарычныя карты то, найперш трэба абазначыць лясы, горы якія былі анайкумэнай (незаселенымі і незагаспадаранымі абшарамі), або ў лепшым выпадку субайкумэнай (часткова заселенымі і загаспадаранымі абшарамі). Яны, як правіла, не цікавілі сярэднявечных уладароў. Цікавіла айкумэна (стала заселеныя і загаспадараныя абшары), якая складалася з паселішчаў (Z. Rykiel, 2006), у меньшай ступені сельскагаспадарчыя землі, часткі акваторыяў дзе вялося рыбалоўства, а таксама толькі тыя лясы, што багатыя аб’ектамі паляваньня і зьбіральніцтва.

 Таму паказ сярэднявечных межаў мае сэнс там і тады, дзе і калі існавалі абшарава стабільныя дзяржавы з стабільнымі межамі (дзесяць і больш год). На абшарах (паўднёвагерманскіх, апэнінскіх), дзе доўгі час існавалі соткі і тысячыі міні- і мікрадзяржаваў, з частымі (нават штогадовымі) зьменамі тэрыторый і межаў, на картах за вялікія пэрыяды гісторыі ў пяцьдзесят-сто год ёсьць сэнс адлюстроўваць толькі стабільныя абшары стабільных краін і дзяржаў, а таксама пасы абшараў што часта пераходзілі з адной краіны або дзяржавы ў іншую.

Паверхневая структура наважытнай (гісторыі новага пэрыяду) дзяржавы радыкальна зьмянілася ў сувязі з рэгіянальнымі дэмаграфічнымі ўспышкамі ды высячэньнем лясоў, што прывяло да ліквідацыі анайкумэны на захадзе і ў цэнтры Эўропы. Цэлыя абшары плошчай у соткі квадратных кілямэтраў зрабіліся суцэльнай эйкумэнай, таму падвяргаліся кантролю мілітарных структур дзяржаў, а дзяржаўныя межы – сталі лінейнымі (Z. Rykiel, 2006).

У час эпохі глябалізацыі дзяржава дэтэрытарыялізуецца (Tayler, Flint, 2000).

Першым этапам дэтэрытарыялізацыі стала дэкалянізацыя. Яшчэ у 40-ых – 50-х гадох мінулага стагодзьдзя кіруючыя эліты каляніяльных дзяржаў укладалі шмат рэсурсаў на наўпроставае ўтрыманьне пэрыфэрыі сусьветнай палітычна-эканамічнай сыстэмы (найперш марыгінальнай Афрыкі). З 60-70 гадоў эліты, падлічыўшы выдаткі на ўтрыманьне калёній, — сталі актыўна іх пазбаўляцца. Слабаразьвітыя новыя пасткаляніяльныя дзяржавы вымушаны за бясцэнак гандляваць сваімі сыравіннымі і аграрнымі рэсурсамі, што непараўнальна больш эфэктыўна для былых мэтраполій.  

 Другі этап – атывізацыя міжнароднага тэрарызму, сымбалем чаго стала атака на ЗША 11 верасьня 2001 г., асабліва зьнішчэньне небасягаў Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрскім Мангэтане. Супэрдзяржавы аказаліся бяззбройнымі супраць груп тэрарыстаў-самагубцаў. Неэфэктыўна працуюць памежныя і мытныя службы. Мільёны людзей штодня перасякаюць дзяржаўныя межы, многія зь якіх ня маюць кантролю (“адчыненыя” межы), або эфэктыўнага кантролю (“дзіравыя” межы).

 

 

V. 4. б. ВЕЛІЧЫНІ АБШАРАЎ

Велічыня абшараў – адзін з найважнейшых паказчыкаў краіны. Існуюць розныя групоўкі краін і дзяржаў сьвету паводле велічыні абшараў, аднак няма і ня можа быць ідэальных груповак, бо кожны дасьлеччык устанаўлівае  парогі велічыні абшараў адвольна, г. зн. лічбы велічыні абшараў што адмяжоўваюць дзяржавы адной групы ад іншай (вялікія ад сярэдніх, або сярэднія ад малых). Таму кожная групоўка дзяржаў мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі, можа прымацца аднымі адмыслоўцамі і адмаўляцца іншымі.

Нямецкі географ M. Швінд (M. Schwind) дыфэрэнцаваў велічыні абшараў дзяржаў на 6 тыпаў:

1. зь велічынямі  абшараў 3 млн. км² і больш;

2. ад 1—да 3 млн. км²;

3. ад 500 тыс. – да 1 млн. км²;

4. ад 225 – да 500 тыс. км²;

5. ад 100 – да 225 тыс. км²;

6. меньш чым 100 тыс. км².

 У працы польскага дасьлеччыка Збігнева Рыкеля (Zbigniew Rykiel, 2006) за парог кантынэнтальнасьці дзяржавы прынята лічба 7,5 млн. км.², г. зн. на 0,2 млн. км.² меньшая за плошчу найменьшага кантынэнту плянэты – Аўстраліі (7,7 км.²). Іншыя парогавыя лічбы выведзены адвольна і супадаюць зь лічбамі 1 000 000, 500 000, 100 000 і інш.

Групоўка дзяржаў паводле велічыні паверхні:

1.   кантынэнтальныя – дзяржавы, велічыня паверхні якіх большая за 7,5 млн. км.² (ЗША, Расея, Аўстралія);

2.   найвялікшыя – дзяржавы з паверхняй ад 1,0 – да 7,5 млн. км.² (Судан, Аргентына, Індыя);

3.   вялікія – дзяржавы з паверхняй ад 500 тыс. – да 1,0 млн. км.² (Украіна, Емэн, Пакістан);

4.   сярэднія – дзяржавы з паверхняй ад 100 – да 500 тыс. км.² (Беларусь, Нямеччына, Баўгарыя);

5.   малыя – дзяржавы з паверхняй ад 10 да 100 тыс. км.² (Летува, Малдова, Ізраэль);

6.   найменьшыя – дзяржавы з паверхняй ад 1 да 10 тыс. км.² (Люксэмбург, Маўрыкій, Трынідад і Табага);

7.   мікраскапічныя ад 1 тыс. і меньш. (Сан-Марына, Манака, Ватыкан).


Табл. 5.GIF 

 

Паводле дадзенай групоўкі ў Эўропе пераважаюць малыя дзяржавы (20 з 44), а ў сьвеце больш паловы дзяржаў – сярэднія і малыя (110 з 194).

Іншы польскі аўтар Станіслаў Отак (Stanisław Otok, 1997) прапануе  наступную групоўку дзяржаў:

1.        найвялікшыя – з паверхняй больш 2,5 млн. км² (Расея, Канада, ЗША);

2.        вялікія – з паверхняй вышэй 350 тыс. км², аднак ніжэй 2,5 млн. км² (Украіна, Францыя, Мэксіка);

3.        сярэднія – з паверхняй ад 150 – да 350 тыс. км² (Беларусь, Польшча, Вялікабрытанія);

4.        малыя – з паверхняй ад 30 – да 150 тыс. км² (Нідэрлянды, Босьнія і Герцэгавіна, Лібэрыя);

5.        найменьшыя – з паверхняй меньш 30 тыс. км² (Славенія, Манака, Буруньдзі).


Табл. 6.GIF 

Паводле апошняй групоўкі эўрапейскія дзяржавы часьцей малыя і найменьшыя (31 з 44), а ў сьвеце дамінуюць ня толькі найменьшыя дзяржавы. Вялікія дзяржавы займаюць каля чацьвёртае часткі ад агульнай колькасьці.

Нарэшце, паводле групоўкі расейскага навукоўцы С. Лаўрова (2002) – 11 дзяржаў Эўропы залічваюцца да сярэдніх (зь велічынёй паверхні ад 1 млн. да 200 тыс. км²) у т. л. і Беларусь, а 33 – да малых, у т. л. 5 – мікрадзяржавы (велічыня паверхні < 200 тыс. км².).

Агульны недахоп вышэйузгаданых груповак дзяржаў паводле велічыні іх паверхняў заключаецца ў штучнасьці парогавых лічбаў. Напрыклад, тры эўрапейскія дзяржавы з плошчай ад 100 да 150 тыс. км² (Грэцыя, Баўгарыя, Беларусь) паводле першай групоўкі – сярэднія, а паводле другой – малыя.

Ніжэйпрапанаваная групоўка дзяржаў адрозьніваецца натуральнасьцю парогаў, г. зн. што параўнаецца розьніца велічынь паверхні найбліжэйшых (паводле плошчаў паверхняў) дзяржаў. Напрыклад, Нямеччына меньшая ад Швэцыі аж на 93 тыс. км², бо няма ў Эўропе дзяржавы велічыня паверхні якой была большая за велічыню паверхні Нямеччыны (толькі 357,0 тыс. км²), але меньшая за велічыню паверхні Швэцыі (аж 450,0 млн. км²). Нямеччына ж больш за Фінляндыю толькі на 18,9 тыс. км². Швэцыя меньшая за Гішпанію толькі на 56 тыс. км² і г. д. Параўнаньне лічбаў розьніцы вялічыняў паверхняў суседніх (паводле велічыні) дзяржаў (93, 18,9 і 56 тыс. км²) прыводзіць да высновы, што натуральны парог паміж гіганскімі (паводле эўрапейскіх маштабаў) і найвялікшымі дзяржавамі Старога Сьвету мае велічыню 93 тыс. км²  

 Мэтодыка вылічэньня натуральных парогаў дазваляе скласьці групоўку эўрапейскіх дзяржаў паводле найбольшых лічбаў розьніцы велічыняў іх паверхняў.

Найвялікшая дзяржава фізыка-геаграфічнай Эўропы – Расея, бо аж 4 млн. 542 тыс. км² зь 10 млн. 508 тыс. км² агульнай паверхні Эўропы належыць гэтай кантынэнтальнай дзяржаве (эўрапейская частка Расеі, або ўсходнеэўрапейская Расея).

Кантынэнтальныя дзяржавы – дзяржавы якія валодаюць паверхнямі (тэрыторыямі і акваторыямі) ў розных частках сьвету аднаго кантынэнту (Эўразіі). На нашым мацерыку (мацерык і кантынэнт – сынонімы) тры дзяржавы кантынэнтальныя: эўразійская Расея з эўраазіяцкімі Турэччынай і Казахстанам.

 Транскантынэнтальныя дзяржавы – дзяржавы якія валодаюць паверхнямі  на розных кантынэнтах. У Эўропе адзінаю транскантынэнтальнай дзяржавай засталася Францыя, якая валодае паўднёваамэрыканскай  Францускай Гаянай (абшар плошчай 91 тыс. км² з насельніцтвам 132 тыс. чал.).

Транссьветныя дзяржавы – дзяржавы якія валодаюць паверхнямі ў розных частках сьвету. У Эўропе: Данія (Ютляндыя плюс востравы і архіпэлягі ля Ютляндыі плюс найвялікшы востраў плянэты  — Грэнляндыя як частка Амэрыкі з паверхняй аж 2 млн. 176 тыс. км² і людам толькі 58 тыс. чал.), Вялікабрытанія зь яе адзінай маленькай калёніяй у Эўропе (в. Гібралтар з паверхняй  6,5 км² і людам – 32 тыс. чал.), і такімі ж 9 дробнымі калёніямі ў Амэрыцы (7), Афрыцы і Акіяніі (па 1), Францыя з 8 мікракалёніямі (акрамя Гвіяны) у Афрыцы, Амэрыцы, Акіяніі і Ціхім акіяне, Нідэрлянды з двумя драбнейшымі калёніямі ў Амэрыцы. У мінулым – акрамя Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрляндаў – Гішпанія, Партугалія, Бэльгія ды Нямеччына.  Транссьветныя дзяржавы зь іх сымбалічнымі калёніямі, што засталіся пасьля дэкалянізацыі – рэлікты эпохі імпэрыялізму, калі калёніі дзяржаў пераўзыходзілі ва многа раз мэтраполіі як паводле велічыняў абшараў, так і людаў, а над транссьветнай Брытанскай імпэрыяй “ніколі не заходзіла сонца”.

Дзяржавы эўрапейскай цывілізацыі паводле велічыні паверхні падзяляюцца на сем групаў:

1.   Першую групу складаюць чатыры гіганскія дзяржавы (паводле эўрапейскіх маштабаў) з паверхняй ад 450,0 – да  603,7 тыс. км².

Украіна – 603,7,

Францыя – 551,2,

Гішпанія (Іспанія) – 504,8,

Швэцыя – 450, 0 тыс. км².


Дзяржавы-гіганты (з агульнай паверхняй 2 млн. 103,7 тыс. км.²) займаюць аж пятую частку яе (фізыка-геаграфічнай) паверхні (каля 10 млн. 500 тыс. км.²), або больш трэцяй часткі паверхні цывілізацыйнае Эўропы (5 млн. 966 тыс. км.² акрамя ўсходнеэўрапейскай Расеі). Тры з чатырох гігантаў – высакаразьвітыя.

2. Наступныя пяць дзяржаў – найвялікшыя з паверхняй ад 301,3 – да 356,7 тыс. км².


Нямеччына – 356,7,

Фінляндыя – 338,1,

Нарвэгія – 323,9,

Польшча – 312,7,

Італія – 301,3 тыс. км².


Найвялікшыя дзяржавы  маюць агульную паверхню ў 1 млн. 632,9 тыс. км.², што складае каля шостай часткі агульнай паверхні Эўропы, або больш чым чацьвёртую частку ад паверхні цывілізацыйнае Эўропы.

Гіганскія і найвялікшыя дзяржавы ўтвараюць тэрытарыяльны шкілет Эўропы. Менавіта зь імі мяжуюць амаль усе астатнія дзяржавы.

Восем дзяржаў (Гішпанія, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Нямеччына, Польшча, Украіна, Румынія) ўтвараюць сваеасаблівы тэрытарыяльны шкілет Старога Сьвету, галавой якой зьяўляецца Вялікабрытанія зь яе англасаксонскай культурай вядомай усяму сьвету, хрыбтом Францыя, Нямеччына, Польшча, Украіна, Румынія, а сэрцам пад хрыбтом – легендарны Рым (Італія) што запачаткаваў сучасную эўрапейскую цывілізацыю. Вяршыня хрыбту – Нямеччына, ад стану якой неаднойчы залежыў лёс ўсяе Эўропы.

3. Толькі тры дзяржавы можна згрупаваць як вялікія з паверхняй ад 207,6 – да 244,1 тыс. км².

10.1. Вялікабрытанія – 244,1,

11.2. Румынія – 237,5,

12.3. Беларусь – 207,6.

Агульная паверхня – 689,2 тыс. км².

Тры групы з 12 дзяржаў (агульнай паверхняй 4 млн. 425,8 тыс. км²) складаюць каля дзевяці-дзесятых агульнай паверхні Эўропы, або каля тры-чацьвёртае ад паверхні цывілізацыйнай Эўропы.

4. Самая мнагалікая група – сярэднія дзяржавы (11), сярод якіх тройка дзяржаў з паверхняй звыш 100 тыс. км². Найменьшыя сярэднія дзяржавы (Латвія і Летува) маюць паверхні 64,6 і 65,3 тыс. км², а найбольшая (Грэцыя) – 132,0 тыс. км².


13.1. Грэцыя – 132,0,

14.2. Баўгарыя – 111,0,

15.3. Ісляндыя – 102,3,

16.4. Вугоршчына – 93,0,

17.5. Партугалія – 92,0,

18.6. Сэрбія – 88,4 тыс. км²,

19.7. Аўстрыя – 83,9,

20.8. Чэхія – 78,9,

21.9. Ірляндыя – 70,3,

22.10. Летува (Літва) – 65,2,

23.11. Латвія – 64,6 тыс. км².


Агульная плошча – 981,4 тыс. км².

5. Сем малых дзяржаў маюць плошчу ад 41,3 – да 56,5 тыс. км².    


24.1. Харватыя – 56,5,

25.2. Босьнія і Герцагавіна – 51,1,

26.3. Славаччына  – 49,0,

27.4. Эстонія – 45,2,

28.5. Данія – 43,1,

29.6. Нідэрлянды – 41,5,

30.7. Швэйцарыя – 41,3 тыс. км.²


Пераважаюць маладыя ўсходнеэўрапейскія дэмакратыі.

6. Паверхні найменьшых шасьці дзяржаў Эўропы меньшыя за паверхні беларускіх вобласьцяў: толькі ад 13,8 – да 33,7 тыс. км².


31.1. Малдова –33,7,

32.2. Бэльгія – 30,5,

33.3. Альбанія – 28,7,

34.4. Македонія – 25,7,

35.5. Славенія – 20,3,

36.6. Чарнагорыя – 13,8 тыс. км².


Найменьшыя дзяржавы – маладыя балканскія ўнітарныя рэспублікі (4).

7. Манархічныя мікрадзяржавы Эўропы засталіся зь сярэднявечча і знаходзяцца толькі ў яе заходняй частцы. Іх паверхня: ад 0,0004 – да 2,6 тыс. км².


37.1. Люксэмбург – 2,6,

38.2. Андора – 0,5,

39.3. Мальта – 0,3,

40.4. Ліхтэнштэйн – 157 км.²,

41.5. Сан-Марына – 61км.²,

42.6. Манака – 1,6 км.²,

43.5. Ватыкан – 44 га.


Цікавыя меркаваньні наконт велічыні абшараў дзяржаў знаходзім у J. J. Rousseau. У працы “Супольнасная дамова” (“Contract social”) выдадзенай ў 1761 г. аўтар піша: “Падобна як прырода надзяліла рост добра збудаванага чалавека пэўнымі межамі, па-за якімі творыць толькі гігантаў і карлікаў, так і з погляду найлепшай будовы дзяржавы існуюць межы яе распаўсюджаньня, каб не была аж занадта вялікая і магла быць добра кіравана, а не занадта малая і магла самастойна ўтрымоўвацца. У кожным дзяржаўным арганізьме існуе пэўны непераўзыходны “максімум” моцы, ад якога ён праз павялічэньне аддаляецца. Чым больш пашыраецца супольнасны зьвяз, тым становіцца меньш моцным і ўвогуле малая дзяржава параўнальна мацнейшая за вялікую”. 

Нам, беларусам-эўрпейцам, нельга абсалютызаваць значэньне вялічыні абшараў (тэрыторый і акваторый) для дзяржавы. Такая абсалютызацыя гістарычна састарэлая (актуальна для рабаўладальніцкай фармацыі і клясычнага капіталізму зь імпэрыялізмам), таму не характэрна як для эпохі глябалізацыі, так і для эўрапейскай цывілізацыі.

Заканамернасьць, што міні- і мікрадзяржавы ня могуць мець вялікую моц і вагу з-за недахопу паверхні і люду мае мноства выключэньняў і ў эпоху глябалізацыі ўсё далей і далей аддаляецца ад абсалютовай ісьціны. Досьвед прывілеяваных малых нацыяў (паводле У. Леніна) традыцыйнае Заходняе Эўропы нам кажа аб зваротным. Эўрапейская Швэйцарыя стала сусьветным банкам і сусьветным офісам міжнарожных арганізацый, Манака – сусьветным казіно, Бэльгія – адзіным сталічным рэгіёнам эўрапейскай сталіцы Брусэлю. Данія і Галяндыя – суцэльныя аграцэнтры агульнаэўрапейскага значэньня. Значэньне Ватыкану як сусьветнай Апостальскай Сталіцы для сотак мільёнаў каталікоў Эўропы і ўсяго сьвету можна толькі недаацаніць, але – не пераацаніць.

Больш таго, азіяцкая Японія маючы толькі 377 тыс. кв. км. паверхні і аж 127 млн. 546 тыс. чал. люду стала гаспадарчым гігантам з-за звышхуткага разьвіцьця найсучасьнейшых галін гаспадаркі, у першую чаргу транспартнага машынабудаваньня, радыётэхнікі, электронікі, кампутарнай тэхнікі, праграмаваньня, сучасных тэхналёгій сувязі і г. д. Тое ж самае назіраем і ў абшарава маленькіх (паводле азіяцкіх маштабаў) Паўднёвай Карэі і на Тайвані. Зусім нядаўна ціхаакіянскае ўзьбярэжжа Кітаю, Малайзія, Інданэзія, Філіпіны ды інш. дзяржавы Ўсходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі сталі сусьветнымі зборачнымі цэхамі.

Наадварот,  дзяржавы зь вялікімі абшарамі складаныя для кіраваньня і абароны. Насельніцтва можа быць забольшым (Індыя, Кітай), або замалым (Канада, Аўстралія, Расея), надзвычай нераўнамерна расьселеным, мультырэлігійным, паліэтнічным, што дае геаграфічны падмурак для разьвіцьця вызвольных рухаў і сэпаратызмаў і г. д.

Вялікія дзяржавы падвержаны небясьпецы распаду. Дзяржава, павялічваючы  тэрыторыю даходзіць да кульмінацыйнага пункту, пасьля дасягненьня якога наступае ўзрост нутраной нестабільнасьці. Гэта было адной з прычын заняпаду дзяржаў Ацтэкаў, старажытнай Грэцыі, Рымскай імпэрыі. Тое ж сталася галоўным чыньнікам падзеньня колькіх сучасных каляніяльных імпэрыяў: францускай, брытанскай і расейскай. Вялікую нестабільнасьць назіраем у Індыі.

У той жа час, ці можна сабе ўявіць звышдзяржаўнуя пазыцыі ЗША, Кітаю, Індыі, Бразыліі, Расеі бязь іх абшырных тэрыторый (S. Otok, 1997)?

 

 

V. 4. в. ЭФЭКТЫЎНЫЯ АБШАРЫ, ПАВЕРХНІ І ТЭРЫТОРЫІ

Акрэсьленьні абшару, паверхні, тэрыторыі і акваторыі даюцца у ІІІ.1. “Гаспадарства”.

Абшар можна акрэсьліць як часьцей не абмежаваную, або увогуле абмежаваную (лінейнымі ці пасавымі межамі) частку прастору з кардынатамі па восях Х, Y або Х, Y, Z. Абшары уключаюць у сябе паверхні, тэрыторыі і акваторыі, таму тут лягічней абшары падаць у множным ліку.

Эфэктыўныя абшары – часткі прастору гаспадарстваў якія знаходзяцца ў айкумэне. Абшары анайкумэны і субайкумэны пазбаўленыя або амаль пазбаўленыя насельніцтва неэфэктыўныя або слабаэфэктыўныя, бо няма над кім выконваць сувэрэнітэт дзяржавы (грамадзянаў), хоць на гэтымі абшарамі бязумоўна распаўсюджваецца заканадаўства і г. д.

Анайкумэна: ледавікі, пустыні, высокія горы.

Субайкумэна: тундра, тайга,  роўнікавыя/экватарыяльныя лясы, стэпы і прэрыі.

Найлепш вызначыць межы айкумэны і субайкумэны паводле карт шчыльнасьці насельніцтва. Там, дзе шчыльнасьць насельніцтва меньшая за 1 чал. на км.² — анайкумэна. Карты выкарыстаньня зямель могуць служыць для вызначэньня межаў айкумэны (Z. Rykiel, 2006).

Эфэктыўныя абшары Ісляндыі – часткі яе ўзьбярэжжў, а ўнутраныя абшары ледавікоў і пустынь – неэфэктыўныя. Эфэктыўныя абшары эўрапейскай Расеі не ўключаюць ў сябе суцэльна не заселеныя або фрагмэнтарна заселеныя прасторы тундры і лесатундры. У эфэктыўны абшар Беларусі немагчыма ўключыць найвялікшыя балоты Палесься.

Многія краіны і дзяржавы маюць надзвычай малыя эфэктыўныя абшары ў параўнаньі зь іх агульнымі абшарамі. Не эфэктыўныя большасьць поўначы, Сібіры і Далёкага Ўсходу Расеі, поўначы Канады, бразылійскай сэльвы, аўстралійскіх паўпустынь і пустынь, кітайскага Тыбэту і мн. інш. Таму большасьць плошчаў тэрыторый і паверхняў Расеі, Канады і Аўстраліі – не эфэктыўныя.

У сувязі з гэтым можна крытыкаваць гістарычна імпэрскія міты кіруючых элітаў Расеі аб ейнай вялікасьці, бо тыя міты апіраюцца на вялікасьці тэрыторыі (але не яе эфэктыўнасьці) і вялікай колькасьці карысных выкапняў. Ня кожны прыродны мінэральны рэсурс можна назваць карысным выкапнем. Карысныя выкапні – тыя мінэральныя рэсурсы якія эканамічна выгадна і тэхналягічна магчыма здабываць і выкарыстоўваць у гаспадарцы. Большасьць зь велізарных мінэральных рэсурсаў Паўночнай Азіі Расеі пакуль а ні тэхналягічна магчыма, а ні эканамічна выгадна выкарыстоўваць у гаспадарцы ў сувязі з суворасьцю клімату, слабазаселенасьцю абшараў, складанасьцю транспартыроўкі і г. д. Таму яны не зьяўляюцца карыснымі выкапнямі.  У сувязі з каляніяльнай і напаўкаляніяльнай мінуўшчынай Беларусі ў ХІХ і ХХ стст. вялікай частцы беларусаў навязаны каляніяльны прарасейскі геаграфічны сьветапогляд, паводле якога адмаўляецца сувэрэнітэт і незалежнасьць Бацькаўшчыны быццам бы з-за таго, што мы ня маем карысных выкапняў і бяз “матушки”-Расеі (г. зн. былой мэтраполіі) не пражывём.

Эфэктыўныя паверхні і тэрыторыі дзяржавы – паверхні і тэрыторыі якая фактычна знаходзіцца пад сувэрэнітэтам дзяржавы. Паверхні і тэрыторыі акупаваныя іншымі дзяржавамі, кантралюемыя партызанамі, вызвольнымі рухамі, сэпаратыстымі не зьяўляюцца эфэктыўнымі. У Эўропе гэта Косава для Сэрбіі, Прыднястроўе для Малдовы. У сьвеце Тайвань для Кітаю, Чачэнія (Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя) ў 90-ыя гады ХХ ст. для Расеі, адваротна КНР для Тайваню, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя для Грузіі, Нагорны Карабах для Азэрбайджану і г. д.

 Цікава, што КНР трактуе Тайвань як сэпаратыскую дзяржаву, што павінна аб’яднацца з кантынэнтальным Кітаем, або ўвайсьці ў склад Кітаю (як Ганконг) паводле мадэлі адна дзяржава дзьве гаспадарчыя сыстэмы (сацыялістычная і рыначная). Значыць, Тайвань для КНР – неэфэктыўны абшар. Адваротна, Тайвань трактуе сябе як дзяржава што працягвае гістарычную дакамуністычную кітайскую дзяржаўніцкую традыцыю. Адсюль, больш 99% Кітаю займае КНР – неэфэктыўныя абшары што не кантралююцца ворганамі дзяржаўнай улады і кіраваньня дэмакратычнага Тайваню.

 

 

V. 4. г. ЭКСКЛЯВЫ І АНКЛЯВЫ

Яскравым сьвеччаньнем прымату сувэрэннасьці дзяржаў і мірных стасункаў між імі зьяўляецца наяўнасьць анкляваў і экскляваў. Самі тэрміны enclaver (прылучыць) i exclaver (вылучыць) маюць францускі генэзіс і абазначаюць тэрытарыяльную інклюзыўнасьць і эксклюзыўнасьць.

Анкляў – тэрыторыя краіны і дзяржавы, або іх частка, якая з усіх бакоў мяжуе з тэрыторыяй іншай дзяржавы (напр., Ватыкан і Сан-Марына ў Італіі).   

 Экскляў —  частка тэрыторыі іншай краіны або дзяржавы якая з усіх бакоў мяжуе з тэрыторыяй іншай дзяржавы і не зьяўляецца сувэрэннай палітычнай адзінкай абшару (напр., Büsingen – нямецкі экскляў у Швэйцарыі, Baarle – бэальгійскі экскляў у Нідэрляндах).

Анклявы і эксклявы распаўсюджваюцца на кантынэнтах і не датычаць вастравоў і архіпэлягаў.

Суадносіны паміж анклявамі і эксклявамі могуць мець тры варыянты (Z. Rykiel, 2006):

— эксклявы, якія зьяўляюцца анклявамі;

— эксклявы, якія не зьяўляюцца анклявамі;

— анклявы, якія не зьяўляюцца эксклявамі.

Экскляў уяўляе сабой своеасаблівую “адтуліну” або “дзірку” у тэрыторыі дзяржавы. Калі належыць іншай дзяржаве – зьяўляецца яе анклявам. Калі ўяўляе сабой іншы суб’ект міжнароднага права, — не зьяўляецца анклявам. Анкляў звычайна належыць больш-меньш аддаленай дзяржаве. Калі анкляў мяжуе з двума і больш дзяржавамі, значыць – не зьяўляецца эксклявам.

Кампіёна д’Італія (Campionе d’Italia) зьяўляецца італійскім анклявам і эксклявам у Швэйцарыі – часткай тэрыторыі Італійскай Рэспублікі. Можна сьцьвярджаць, што Кампіёна  знаходзіцца ў Швэйцарыі (як краіне), але нельга сказаць, што ляжыць на тэрыторыі Швэйцарскай Канфэдэрацыі (як дзяржавы). Льлівія (Llivia) зьяўляецца анклявам Гішпаніі і эксклявам на абшары Францыі (але не на тэрыторыі Францускай Рэспублікі). Сан-Марына і Ватыкан – эксклявы на тэрыторыі Італіі (як краіны), аднак не анклявы, бо маюць статус суб’ектаў міжнароднага права (дзяржаваў). Андора, Люксэмбург і Ліхтэнштэйн – не эксклявы і не анклявы, бо ляжаць паміж Францыяй і Гішпаніяй; Францыяй, Нямеччынай і Бэльгіяй; Швэйцарыяй і Аўстрыяй.

Дыпляматычныя пляцоўкі (амбасады і консульствы) de facto зьяўляюцца анклявамі, бо ўяўляюць сабой частку тэрыторыі дзяржавы якую рэпрэзэнтуюць, аднак у сьвятле міжнароднага права de iure – экстэрытарыяльныя.

Паўэксклявы і паўанклявы – эксклявы і анклявы, якія маюць доступ да акваторыяў (мораў і акіянаў) і, магчыма, мяжуюць зь двума дзяржавамі.

Самы вялікі найноўшы паўанкляў (што ня лічыцца паўэксклявам) у Эўропе ўтварыўся пасьля Другой сусьветнай вайны ў выніку ліквідацыі Ўсходняй Прусіі (з высяленьнем і зьбяганьнем у паваенныя Нямеччыны па меньшай меры 4 млн. немцаў)(Tazbir J., 2006).

Тэрытарыяльна, большая паўднёвая частка былой Ўсходняй Прусіі (басьціёну мілітарызму Трэцяга Рэйху Адольфа на ўсходзе) была перададзена Польшчы (большая частка сучаснага Вармінска-Мазурскага ваявоцтва з цэнтрам у Ольштыне). Цікава, што гэтыя тэрыторыі ніколі раней не ўваходзілі ў склад польскай дзяржавы, бо з даўнейшых часоў і да пачатку эскпансіі германцаў былі населены заходнімі балтамі: прусамі і яцьвягамі. Балты-абарыгены што доўга не прымалі хрысьціянства, як правіла, вынішчаліся крыжакамі, а іншыя – хрысьціянізаваліся і анямечваліся.

Паўночная частка з цэнтрам у Кёнігсбэрзе была далучана да Савецкага Саюзу, стаўшыся звычайнай Калінінграцкай вобласьцю мэтраполіі сталінскай імпэрыі – Расеі, ніколі гістарычна ня быўшы часткаю Масковіі і Расеі (аналёгія з Польшчай). Вядома, што тагачасная Летувіская ССР і летувіская эміграцыя жадалі далучэньня Калінінграччыны да Летувы, даводзячы гістарычную балцкасьць Малой Летувы з цэнтрам у Караляўчусе (Karaliaučus). Наадварот, саветы былі больш схільныя перадаць Каралявец тагачаснай Беларускай ССР, аднак ён так і застаўся ў складзе Расеі да распаду імпэрыі. Назіраецца імкненьне часткі палякаў лічыць Крулявец (Królawiec) Польшчаю.

У Эўропе паўанкляваў і паўэкскляваў няшмат. Дыскутыўным зьяўляецца пытаньне паўанклявасьці гішпанскіх Цэўты (Ceuta) і Мэлільлі (Melilla), а таксама брытанскай Паўночнай Ірляндыі ў Марока і Ірляндыі (адпаведна). Некаторыя адмыслоўцы іх лічаць толькі працягам абшараў Гішпаніі ды Вялікабрытаніі  на іншым баку адпаведна Гіблартарскага праліву і Паўночнага каналу (у сэнсе праліву).

Пэнанкляў – частка тэрыторыі дзяржавы, якая мае сувязь з асноўнай тэрыторыяй праз тэрыторыю суседняй (-іх) дзяржавы (-аў) сухапутным транспартам (шашой, чыгункай, палімагістральлю і інш). Умова пэн-анклявавасьці – даступнасьць менавіта праз тэрыторыю, а не акваторыю вадаёмаў або паветра (лётам).

Паўднёвая Далматыя пасьля набыцьця незалежнасьці Харватыі зьяўляецца харвацкім пэнанклявам, бо тутэйшая адміністрацыйная мяжа стала дзяржаўнай. Сухапутная дарога з асноўнай чаткі Далматыі да Дуброўніку (Dubrovnik) – (цэнтру Паўднёвай Далматыі) вядзе празь невялічкі кавалачак тэрыторыі Босьніі і Герцэгавіны на паўднёвы-усход ад Нэўму (Neum).

Паўночная частка прамалінейнай расейска-летувіскай мяжы перасякае Віштынецкае возера і адразае ад Летувы тры расейскія пэнанклявы на адлегласьці некалькі мэтраў ад берагу. На падставе ўмовы ад 1997 г. Расея дала Летуве ў арэнду на 49 год (з магчымасьцю далейшага яе працягу) 525 га. возера, што de fakto але не de iure дэпэнанклявізуе возера.

Эўрапейскія анклявы і эксклявы зьяўляюцца як правіла рэліктамі мінулай эпохі фэўдальнага драбленьня. Сыстэма ўлады сярэднявечнай фэўдальнай Эўропы была не тэрытарыяльная, а герархічная. Вынікам чаго сталася разарваная абшаравая лякалізацыя фэўдальных воласьцей, адсюль анклявізацыя і эксклявізацыя. Існаваньне нетэрытарыяльных дынастычных дзяржаў  прыводзіла да тэрытарыяльнай дэзінтэграцыі, якая захоўвалася дастаткова доўга, бо воласьці эвалюцыянавалі ва ўладарствы, а апошнія – у дзяржавы (Taylor, Flint, 2000). Пры пазьнейшым вызначэньні межаў дзяржавак не выкарыстоўвалі дакладныя карты, толькі прыблізна акрэсьлівалі межы цэлых земляў,  якія былі ўсім вядомы (Tyranowski, 1979) бо канстатавалі ўласнасьць на землі што, натуральна, зьмянялася.  Толькі ў працэсе стварэньня цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў адбывалася масавая ліквідацыя міні-, мікракраінак і дзяржавак, адсюль дэанклявізацыя і дээксклявізацыя, бо апошнія найперш перашкаджалі эфэктыўнаму цэнтралізаванаму кіраваньню. Асабліва доўга і гістарычна позна (у ХІХ ст.) такія працэсы адбываліся ў апэнінскіх раманцаў (Італія) і паўднёвых германцаў (Нямеччына).

Само жыцьцё і гаспадарчая дзёйнасьць ў анклявах і эксклявах часьцей за ўсё былі складанымі для іх людаў, большасьць якіх, жывучы ў зачыненай прасторы, ні разу ў жыцьці не была на асноўнай тэрыторыі сваіх дзяржаў, або ў іншай дзяржаве за некалькі мэтраў, кілямэтраў, бо зачыненыя дзяржаўныя межы (часта варагуючых гаспадарстваў) з слабым разьвіцьцём транспарту і сувязі перашкаджалі камунікацыям.

У сучасным Эўрапейскім Зьвязе пры адчыненасьці сфармалізаваных межаў анклявавасьць і эксклявавасьць ня толькі не зьяўляецца перашкодай, а нават дае некаторыя перавагі. Турысты ахвотна наведваюць такія абшары, дзе часта дзяржаўныя межы праходзяць праз падворкі (дом у аднай дзяржаве, а гаражы – у іншай) і нават праз будынкі (бэльгійска-галяндыйская мяжа праз дамы ў Баарле – бэльгійскім экскляве ў Нідэрляндах). Тут суседзі мелі розныя валюты (да ўваходу дзяржаў у зону эўра), карыстаюцца рознымі падаткавымі сыстэмамі, паштовымі маркамі. У эксклявах што не зьяўляюцца анклявамі часта – безпадаткавыя крамы.

 

 

V. 4. д. МАРФАЛЁГІЯ  ДЗЯРЖАЎ

Клясычная палітычная геаграфія засяроджвала сваю ўвагу часьцей на дасьледваньнях тэрытарыяльнай формы – марфалёгіі краін чым іх палітычнага зьместу. Прычынамі былі, між іншым, прымітыўны ўзровень разьвіцьця сувязі і камунікацыяў у ХІХ – пачатку ХХ стст, а таксама наўпроставая залежнасьць абароназдольнасьці дзяржавы ад яе палітыка-геаграфічнага становішча, формы, знаходжаньня сталіцы і іншых буйнейшых местаў, абшараў з найбольшай гушчынёй насельніцтва, гаспадарчым разьвіцьцём, пануючымі этнічнасьцю і рэлігійнасьцю і інш.

Наяўнасьць звышхуткаснай ракетнай тэхнікі ды ядравай зброі паступова зьменьшылі значэньне марфалёгіі краін дзеля іх абароны. Звычайная ці ядравая зброя з дапамогай ракет можа стартаваць (дзеля нападу або абароны) зь любога адвольнага пункту паверхні і празь лічаныя хвіліны нанесьці велізарнейшыя люцкія і матэрыяльныя страты ў кожным пункце любой дзяржавы, за тысячы кілямэтраў. Хіба што дзяржава, што мяжуе зь нэйтральнай дзяржавай, або знаходзіцца не на мяжы розных вайсковых блёкаў, можа аччуваць сябе больш бясьпечна. Аднак не намнога.

Адваротна, штодзённыя сувязь і камунікацыя ў другой палове ХХ ст. наўпростава залежылі ад марфалёгіі краін у сілу тэхнічнай прымітыўнасьці і высокага кошту іх сродкаў (стацыянарныя тэлефоны, традыцыйная пошта, некамфортныя дарагія аўтамабілі, небясьпечныя звышдарагія палёты на самалётах).

Татальныя кампутарызацыя, інтэрнэтызацыя, мабільнізацыя ў пачатку ХХІ ст. надзвычай дэмарфалягізавалі дзяржаву ў сьвядомасьці глябалізаваных супольнасьцяў, бо ня толькі форма дзяржавы ня йграе істотнай ролі ва ўскоснай камунікацыі, але і адлегласьці.

Эпоха глябалізацыі характарызуецца істотным адставаньнем разьвіцьця транспартных сродкаў і магістраляў, што не дазваляе ажыцьцяўляць штодзённую наўпроставую масавую камунікацыю людаў з хуткім штогадзінным перамяшчэньнем на соткі і тысячы кілямэтраў. З моманту вынаходніцтва рухавіка, паліва і транспартных сродкаў для таннага індывідуальнага штодзённага перамяшчэньня на соткі і тысячы кілямэтраў (магчыма ў паветры аэрамабілямі з хуткасьцямі ад некалькі сотак да 1000 і больш км. у гадзіну) эпоха глябалізацыі зьменьцца глябальнаю эпохай. Зьменьшыцца роля інтэрнэту і мабільнае сувязі, а новай рэчаіснасьцю стане штодзённая наўпроставая камунікацыя на працы і інш. асобаў, што жывуць за соткі і тысячы кілямэтраў у розных дзяржавах. Жывучы ў Барысаве ці Салігорску можна будзе працаваць у Боне ці Барсэлёне. 

Нескладана ўявіць беларуса, які раніцою выходзіць з хаты ў роднай падняпроўскай  вёсачцы. Сеўшы ў аэрамабіль разганяецца шашою, узьлятае ў паветра і, праз 10 – 40 хвілін падарожжа, тармозьць за некалькі кілямэтраў ад мейсца працы ля францускага Ліёну. Пасадзіўшы аэрамабіль на звычайную дарогу, — падрулівае да офісу міжнароднай кампаніі. Там па-ангельску вітаецца з сваімі калегамі з Каталёніі, Харкаўшчыны, Шатляндыі, Жамойтыі, Герцэгавіны і іншых мейсцаў Эўропы каб разам выпрацоўваць новыя ідэі ў галіне вытворчасьці экалягічна чыстых камбікармоў для бройлернай курагадоўлі. Пасьля васьмігадзіннай працы дзеліцца з калегамі ўспамінамі ўласнага прадзеда аб тым, як раней людзі былі залежнымі ад форм дзяржаў і адлегласьцяў. Паспачуваўшы продкам, супрацоўнікі зьяжджаюць дамоў…

Да нашага часу актуальныя ўзаемавыключныя трактаваньні суадносінаў даўжыні межаў дзяржавы да яе паверхні. Клясычна лічыцца, што чым меньшя даўжыня межаў, тым кампактнейшая дзяржава, значыць лепш для абароны ў выпадку звычайнай вайны.

Аднак у наш час існуе колькі прыкладаў адваротнага. Да ўступленьня дзяржаў Усходняй Эўропы ў Эўразьвяз (польска-нямецкая, чэска-нямецкая і чэска-аўстрыйская і іншыя) межы сацыялістычных дзяржаў з капіталістычнымі былі (фактычна) шчыльна зачынены і ўяўлялі сабой амаль неперадольную перашкоду, пэрыфэрызуючы рэгіёны па абодва бакі жалезнай заслоны. Пасьля падзеньня камунізму і пачатку рэінтэграцыі Эўропы – аччыніліся, што стала на першы момант незаўважнай перавагай, бо дазволіла ўзаемавыгадна супрацоўнічаць некалі пэрыфэрыйным рэгіёнам суседніх дзяржаў.

Напрыклад, тэрыторыя Чэхіі мае (зпрошчана) форму чатырохкутніка, што на захадзе двума бакамі (аналягічна паўвостраву) ўваходзіць у тэрыторыю Нямеччыны, а палова трэцяга (паўднёвага боку) – у Аўстрыю. Каля трох чацьвёртых дзяржаўных межаў міжваённай Чэхаславаччыны прыходзілася на суседства з Трэцім Рэйхам Адольфа і прарэйхаўскай Аўстрыяй, што сталася адной з прычын раньняй гітлераўскай акупацыі краіны. У паваеннай Чэхаславаччыне каля адной трэці дзяржаўных межаў (з ФРН і Аўстрыяй) сталіся межамі сацыялізму з капіталізмам, таму былі амаль зачыненымі.

Пасьля падзеньня камунізму і ўступленья заходнеславянскіх дзяржаў у Эўразьвяз і НАТО межы Чэхіі зь Нямеччынай і Аўстрыяй адчыніліся, што стала адным зь вядучых чыньнікаў хуткага разьвіцьця гаспадаркі насельніцтва памежжа і ўвогуле Чэхіі (высакарвзьвітыя суседзі). У выніку задзіночаньня Эўропы аччыняюцца межы, узінікаюць наўпроставыя штодзённыя люцкія кантакты, інтэнсіфікуецца памежнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, што паступова разбурае ўзаемныя (найперш германа-славянскія) гістарычныя фобіі. Вынік – працэс пераўтварэньня памежжаў у сумежжы.

Некаторыя велічыні ў марфалёгіі краін.

1. Супольны чыньнік разьвіцьця межаў (Wrg)(Barbag, 1987). Характарызуе ў колькі разоў рэальныя дзяржаўныя межы даўжэйшыя за кола/круг з плошчай, раўнавялікай плошчы тэрыторыі дзяржавы, што ўвасабляецца ў формуле:

 

Wrg=D(2 ∙√ πА),

(апошнія дзьве велічыні ў квадратным корані разам)

 

дзе А – плошча тэрыторыі дзяржавы, D – даўжыня межаў дзяржавы.

2. Адносіны даўжыні межаў дзяржавы і плошчы тэрыторыі (у км/1000 км²). Паказуе колькі кілямэтраў мяжы прыходзіцца на кожныя 1000 км² плошчы тэрыторыі (Bohdanovicz, Dzęcielski, 2000).

3. Кампактнасьць тэрыторыі можна вызначыць шляхам супастаўленьня даўжыні межаў і плошчы тэрыторыі дзяржавы з дапамогай індэксу  І k1 (И.  Пирожник), 2005:

 

І k1 =√S/(0,282L),

се велічыні пасьля = у квадратным корані)

 

дзе S – плошча тэрыторыі, L – даўжыня дзяржаўных межаў.

4. Кампактнасьць тэрыторыі можна вылічыць з дапамогай індэксу k2) даўжыні дзяржаўных межаў у разьліку на 100 км² плошчы (И. Пирожник, 2005):

 

І k2 =L/S(100 км²)

 

дзе L – даўжыня дзяржаўных межаў, S – плошча тэрыторыі.

5. Магчыма, вызначэньне кампактнасьці тэрыторыі на падставе параў-наньня яе формы з колам/кругам, квадратам з дапамогай індэксу Хагэта-Хортана (І k3)(И. Пирожник, 2005)

 

I k3 = 1,27S/L² max

 

S – плошча тэрыторыі дзяржавы (км²), Lmax—самая доўгая лінія, што праходзіць праз цэнтр тэрыторыі (дыямэтар апісанай лініі кола/круга) у км. Іk3 хістаецца ад 0 да 1, для квадрату – 0,64, трохкутніка 0,42, шасьцікутніка 0,83.

Форма тэрыторыі дзяржавы (S. Otok, 1997):

1. Падоўжаная (напр., Партугалія, Нарвэгія, Швэцыя, Італія і інш.). Складае цяжкасьці ў кіраваньні дзяржавай, абмяжоўвае наўпроставую даступнасьць да сталіцы і адміністратыўных цэнтраў, стварае магчымасьці дзеля разьвіцьця вызвольных рухаў і сэпаратызмаў на аддаленых абшарах.

2. Кампактная (набліжаны да квадрату або кола, напр., Польшча, Гішпанія, Румынія і інш.). Аптымізуе кіраваньне дзяржавы, асабліва наяўнасьць кароткай мяжы, адсутнасьць паўвостраваў і востраваў паляпшаюць камунікацыю ўсіх частак  дзяржавы, нарэшце дазваляюць вынікова кантраляваць і добра кіраваць дзяржавай.

3. Амаль кампактная (Аўстрыя). Паўвостравы, або калідоры прымыкаюць да асноўнага абшару дзяржавы, што часта абцяжарвае кіраваньне дзяржавай. Заходняя горная частка Аўстрыі кіруецца з Інзбрука, адкуль у тры разы бліжэй да баварскага Мюнхэну, чым да ўласнае сталіцы (Вены), што знаходзіцца на паўночным усходзе дзяржавы.

4. Разарваная. Дзяржавы з разарванай тэрыторыяй (Данія з Грэнляндыяй,  Расея з Калінінграччынай). Адна частка дзяржавы (часьцей за ўсё) тэрытарыяльна большая – асноўная, а іншыя – часьцей тэрытарыяльна меньшыя (выкл. дацкая Грэнляндыя), заморскія, пэрыфэрыйныя, зь іншым складам насельніцтва і меньшым узроўнем разьвіцьця.

 

 

V. 4. e. УСКРАІНЫ

Ускраіны зьвязваюцца зь існаваньнем памежжа, якое разумеецца як:

1. Зонная мяжа (анг. border), або памежная зона (сучасныя эўрапейскія ўскраіны). Напрыклад, памежная зона ў Беларусі абазначана адумыснымі дарожнымі знакамі, уезд і знаходжаньне ў ёй строга рэглямэнтаваны.

2. Шырокае памежжа (анг.borderland) як абшырны пераходны абшар паміж тэрыторыямі зь няўсталяванай лінейнай мяжой (гістарычныя эўрапейскія ўскраіны) – абшары паміж цэнтрамі і межамі па-за межамі айкумэны.

3. Абшары за межамі айкумэны краін (у сучаснай цывілізацыйнай Эўропе поўнач Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, частка Ісляндыі).

4. Пэрфэрыі – насельніцка-гаспадарчыя ўскраіны, якія знаходзяцца ля дзяржаўных межаў і адрозьніваюцца ніжэйшай колькасьцю насельніцтва, яго малой шчыльнасьцю, меньшай урбанізацыяй, адсутнасьцю вялікіх местаў, а таксама пераважна аграсьпецыялізацыяй гаспадаркі з слабым разьвіцьцём прамысловасьці й невытворчай сфэры, адсутнасьцю вялікіх прадпрыемстваў, густой сеткі сучасных транспарту і сувязі і інш. Ускраінныя пэрыфэрыі Беларусі – Заходняе Паазер’е (захад Віцебскай вобл), Усходняе Падняпроўе (усход Магілёўскай вобл.) і Цэнтральнае Палесьсе (захад Гомельскай вобл.)

 Нельга блытаць ускраінную пэрыфэрыю і пэрыфэрыю. Перыфэрыя мае тыя ж прызнакі што і ўскраінная пэрыфэрыя, аднак можа знаходзіцца нават блізка да тэрытаррыяльнага цэнтру краіны (горы, балоты і г. д.).

 Ускраіны былі і ёсьць зьяваю тыповай для кожнай дзяржавы з больш-меньш разьлеглымі абшарамі. Ангельска-амэрыканскім адпаведнікам ускраіны ёсьць  frontier, нямецким – das Grenzmark, францускім – les confins, польскім – kresy (крэ’сы), украінскім – украïна, нарэшце расейскім – окраина. Цікава, што кожны тэрмін арыгінальны, а не сынанімічны іншаму, бо ва ўласным культурніцкім кантэксьце мае трошкі іншае значэньне.

У фэўдальнай/фэадальнай Эўропе, калі зямля была вольнаю, а рэсурсам было насельніцтва, абшаравая арганізацыя дзяржавы апісвалася мадэльлю цэнтр-пэрыфэрыя, а лінейныя межы былі бессэнсоўнымі. Цэнтр – абшар наўпроставай манархічнай ўлады, пэрыфэрыя – тэрыторыя зь неакрэсьленымі межамі. Уладары ўскраін цешыліся рэальнай аўтаноміяй з-за таго, што знаходзіліся далёка ад цэнтру пры моцнай ўладзе, або амаль не падпарадкоўваліся цэнтру пры слабой уладзе. Пры гэтым мелі вялікі шанец узначаліць вызвольны або сэпартыскі рух. На ўсходзе Эўропы, дзе адлегласьці былі большымі, а гушчыня насельніцтва непараўнальна меньшаю такая мадэль існавала гістарычна значна даўжэй.

У часы росквіту ВКЛ паўднёвы і паўднёва-усходні абшары гаспадарства былі клясычнымі ўскраінамі. Слабазаселеныя Дзікія Палі над Дняпром (сучасная Ўкраіна) у часы Рэчы Паспалітай сталі апошнімі гістарычнымі ўскраінамі Эўропы (N. Davies, 2003).

На пераломе ХV – XVII стагодзьдзяў нашымі ўскраінамі былі Дзікія Палі на Запарожжы (за парогамі Дняпра), дакладней стэпавыя абшары тагачаснага Кіеўскага ваяводзтва, дзе цэнтральная ўлада распаўсюджвалася толькі намінальна, фактычна знаходзячыся ў рукох прыватнай адміністрацыі некалькіх магнацкіх родаў. Гэта быў абшар малых ізаляваных паселішчаў і кляштараў, які засяляўся вольнымі казацкімі супольнасьцямі, вольнымі каляністамі, беглымі сялянамі, буйнымі земляўладальнікамі. Гэтыя землі называліся ўкраіннымі (укр. у края), або скарочана – украйнай.

У ХVІІ ст. абшар ускраін можна індэнтыфікаваць з распаўсюджаньнем казацкага паўстаньня. Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай слова ўкраіна (ускраіна) становіцца паступова тапонімам, пішацца зь вялікай літары, а ў ХХ ст. – палітонімам.

Ускраіны зьяўляюцца часапрастораваю зьяваю і зьмяняюцца часта трансфармуючыся. Гістарычныя ўскраіны ў Эўропе зьніклі, затое засталіся ўскраіны якія ляжаць па-за айкумэнай, памежныя зоны і ўскраінныя пэрыфэрыі.

У беларускай традыцыі акрамя “ускраіна” ужываліся паняцьці “усходнія крэсы” і “паўночна-заходні край”, што сталася сымбалем польскага і расейскага запаняволеньня, каляніялізму.

На падставе аналізу літаратуры (Muir, 1981; Koter, 1997; Kwaśniewski, 1997; Rykiel, 1997) выдзелім некаторыя прызнакі ўскраін:

— зоннасьць (выкік памежнасьці),

— асіметрычнасьць (зьвязана зь іх адноснасьцю),

— піянэрскасьць (пароджана цывілізацыйнай пусткаю і зьвязана з жыцьцём у цяжкіх умовах, змаганьня з прыродай і варварамі, надзеяй толькі на ўласныя сілы і рэсурсы, выклікае пачуцьцьё цывілізацыйнай місіі),

— пачуцьцьё культурніцкай і цывілізацыйнай вышэйшасьці,

— аднабаковасьць (зьвязана з часта перавагай у сьпецыялізацыі пэўных сельскагаспадарчых галін, а таксама павышаная колькасьць паліцыі, войска, памежных служб), перавага,

— характар абароннага муру, ізаляцыя (ад іншых супольнасьцяў, сьвету варвараў), палікультуровасьць (вызваная стракатасьцю этнічнага, моўнага, рэлігійнага і інш. складу насельніцтва ўскраін), мітатворчыя ўласьцівасьці (што вынікае з палікультуровасьці і параджае новыя дзяржаўніцкія традыцыі і дзяржавы складзеныя з пасіянарыяў, якія часта зьяўляюцца нашчадкамі міжэтнічных шлюбаў).

Цікавай зьяўляецца праблематыка арыентацыі ўскраін.

Сярод сярэднеэўрапейцаў прынята, што ўскраіны ляжаць на ўсходзе. Французы змагаліся за Эльзас і Лятарынгію, немцы – несьлі клясычную цывілізацыйную місію ў час “Drang nach Ostern” на значныя абшары ад Вялікапольшчы да усходняй Балтыі (суч. Латвія і Эстонія) і паўднёвай Балтыі, або Ўсходняй Прусіі. Палякі, зь земляў пястаўскай Польшчы (сёньняшні польскі захад), распаўсюджваліся на ўсход “Kresy wschodnie”. Беларускія Смаленшчына і Браншчына ў ВКЛ былі клясычнымі ўскраінамі. Расейцы заваёўвалі і асвойвалі Паўночную Азію (Сібір), якая пасьля мангольскай Арды зрабілася своеасаблівай геапалітычнай пусткаю.

У паўночнаэўрапейцаў спрадвечныя ўскраіны ляжалі на поўначы, што зьвязана зь мітам Калеваалі ў фінаў, Каралевы Сьнегу ў скандынаўскіх паўночных германцаў.

У паўднёвай Эўропе ўскраіны знаходзіліся на поўдні Італіі, Гішпаніі, Партугаліі, Францыі. Нават ўскраіны вугрорцаў знаходзіліся на поўдні ад сучаснай палітычнай Вугоршчыны (сёньняшнія румынскі Сямігорад/Сямігародзьдзе, сэрбская Ваяводзіна, харвацкая Славонія).

 

 

V. 4. ж. ЭЎРАПЕЙСКІЯ АКВАТОРЫІ

Акваторыі са старажытных часоў мелі надзвычай вялікае значэньне ў эўрапейскай гісторыі. Дзякуючы Міжземнаму мору сфарміравалася міжземнаморская цывілізацыя  Грэцыі, а затым – Рыму. Выкарыстаньне ветразей і рабоў зрабіла марскі транспарт у старажытнасьці самым хуткім. Таму  рымлянам сталі вядомы абрысы берагоў Міжземнага мора.

Пабудова і выкарыстаньне вялікіх каравэляў, якія мелі шмат ветразяў ды рухаліся дзякуючы сіле ветру, прывялі да адкрыцьця эўрапейцамі Амэрыкі ў сярэднявеччы, з чаго пачалася эўрапеідызацыя сьвету.

У сучаснай Эўропе падаўляючая большасьць дзяржаў мае выхад да мораў. Многія зь іх былі вялікімі марскімі дзяржавамі ў мінулым: Гішпанія, Партугалія, Вялікабрытанія, Галяндыя, Францыя, Швэцыя.

Толькі 14 маленькіх і сярэдніх дзяржаў з максімальнай колькасьцю людаў некалькі  большай за 10 млн. чал. ня маюць выхаду да акваторый мораў і акіянаў. Гэта эўрапейскія мікрадзяржавы (Люксэмбург, Ліхтэнштэйн, Андора, Сан-Марына, Ватыкан), альпійскія Аўстрыя і Швэйцарыя, ўсходнеэўрапейскія Беларусь, Малдова, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, заходнебалканскія Сэрбія, Македонія. Абмежаванае выйсьце ў Адрыятыку маюць Славенія ды Босьнія і Герцэгавіна. Цікава, што сярод немарскіх дзяржаў цывілізацыйнае Эўропы найбольшую тэрыторыю мае … наша Бацькаўшчына. Але буйныя рэкі Беларусі зьвязваюць нас з марамі праз суседнія дзяржавы.

Водныя паверхні – акваторыі маюць наступны правава-палітычны статус (R. Bierzanek i J. Symonydes, 1985):

1. Акваторыі, якія ўваходзяць ў склад дзяржаў, зьяўляючыся складовымі часткамі іх абшараў. Часта недакладна называюцца  тэрытарыяльнымі водамі або марскімі тэрыторыямі дзяржавы.

 2. Акваторыі, на якія юрысдыкцыя дзяржаў абмежавана.

3. Акваторыі, якія знаходзяцца па-за межамі юрысдыкцыі дзяржаў.

13 красавіка 1983 г. ААН прыняла канвэнцыю аб правох мора, якая сталася свайго рода канстытуцыяй мораў і акіянаў. Марскія абшары, што ўваходзяць у склад дзяржавы (акваторыі) падзяляюцца на:

1. Унутраныя марскія воды.

2. “Тэрытарыяльнае” мора (недакладная назва (заўв. В. К..), а дакладней мора дзяржавы).

1. Унутраныя марскія воды ўключаюць воды, якія знаходзяцца паміж сушай і ўнутранай мяжой “тэрытарыяльнага” мора. Да іх адносяцца залівы, берагі якіх належаць толькі адной дзяржаве, і іх вусьце не перакрочвае 24 марскія мілі (1 марская міля = 1852 м.), а таксама воды гістарычных заток (ня гледзячы на тое, што іх шырыня большая чым 24 марскія мілі). Гістарычны заліў – заліў які спрадвечна належыў і належыць пэўнай дзяржаве. Праблема гістарычных акваторый (у т. л. і заліваў) не ўрэгулявана міжнародным правам. Сярод гістарычных заліваў прызнаны залівы Ляхольм  (Laholm) у Швэцыі, Варанґар ф’ёрд (Varånger fjord) і Вэст ф’ёрд (Vest fjord) у Нарвэгіі, Белае мора ў Расеі, Гудзонаў заліў у Канадзе і інш.

Згодна з жэнеўскай міжнароднай канвэнцыяй нават найдалей высунуты ў мора сталы порт, што зьяўляецца інтэгральнай часткай партовай сыстэмы, прымаецца за частку ўзьбярэжжа над якім берагавая дзяржава распаўсюджвае свой сувэрэнітэт. Сувэрэнная дзяржава вырашае якія парты адчыненыя для міжнароднага суднахоцтва. Зачыненымі партамі зьяўляюцца вайсковыя, рыбацкія і парты, што абслугоўваюць кабатажнае суднахоцтва.

Унутраныя марскія воды зьяўляюцца часткай сувэрэннай дзяржавы, разам з паветранай прасторай над морам і дном мора.

Канвэнцыя аб праве мора ўрэгулявала плаваньне ў архіпэлягавых водах, на якія распаўсюджваецца права бясшкоднага пераплыву, г. зн. пераплыў, што не пагражае міру і бясьпецы прыбярэжнай дзяржавы. У мірны час з гэтага права могуць карыстацца вайсковыя караблі, а таксама падводныя лодкі якія павінны вынырнуць. Праз архіпэлягавыя дзяржавы праходзяць важныя міжнародныя шляхі, што значна скарачае час плаваньня.

2. “Тэрытарыяльнае” мора. Пас марскіх вод, якія знаходзяцца паміж узьбярэжжам або ўнутранымі марскімі водамі і адкрытым морам называецца “тэрытарыяльным” морам і ўваходзіць у склад дзяржавы. З мэтай усталяваньня мяжы “тэрытарыяльнага” мора прыбярэжная дзяржава прызначае элемэнтарную лінію (інакш берагавую лінію), ці ўнутраную мяжу, а таксама ўсталёўвае яе шырыню (паводле жэнэўскай канвэнцыі – 12 міль).

Дзяржава, якой належыць “тэрытарыяльнае” мора рэгулюе працэсы суднахоцтва, рыбалоўства, бясьпекі, аховы асяродзьдзя. Згодна з міжнародным правам суднам іншых дзяржаў можна бяшшкодна праплываць, аднак яны падлягаюць адміністрацыйнай юрысдыкцыі прыбярэжнай дзяржавы.

Прылеглы марскі пояс ўключае 24 мілі, але хутка зьявілася праблема з марской эканамічнай зонай і зонаю рыбалоўства. Сярод эўрапейскіх дзяржаў Ісляндыя ўстанавіла сваю зону рыбалоўства. У эканамічнай зоне ўсе дзяржавы, маюць права свабодна ажыцьцяўляць суднахоцтва, карыстацца паветранай прасторай, класьці кабалі і трубапровады.

У зоне кантынэнтальнага шэльфу з глыбінамі ня больш 200 м. дзяржава можа дасьледаваць мора і эксплюатаваць карысныя выкапні ды іншыя рэсурсы.

Адкрытае мора – мора, якое знаходзіцца па-за межамі “тэрытарыяльнага” мора. Тут можна свабодна карыстацца рэсурсамі, плаваць, класьці кабалі сувязі і трубапровады, лётаць над ім і праводзіць навуковыя досьледы.

Паветраная прастора над абшарамі пэўнай дзяржавы (тэрыторыямі, акваторыямі, паверхнямі) належыць гэтай дзяржаве, а над адкрытым морам – міжнароднай супольнасьці. Космас выключна належыць міжнароднай супольнасьці.

 

 

V. 5. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ МЕЖЫ

Сярод геаграфічных межаў палітычныя межы маюць асаблівы статус.

Палітычныя межы – межы паміж гаспадарствамі.  

Падразьдзяляюцца на:

1.      Адміністрацыйныя (унутрыдзяржаўныя)  — межы паміж адміністрацыйнымі гаспадарствамі.

2.      Дзяржаўныя – межы паміж дзяржавамі. Частка дзяржаўных межаў могуць быць:

— наддзяржаўнымі – межамі паміж рэгіёнамі дзяржаў;

— інтэграцыйнымі – межамі паміж інтэграцыйнымі аб’яднаньнямі дзяржаў.

  Частка як адміністрацыйных, так і дзяржаўных межаў можа быць:

— этнічнымі – межамі паміж этнасамі;

— рэлігійнымі –  паміж рэлігіямі;

— этнарэлігійнымі – паміж этнарэлігійнымі супольнасьцямі;

— цывілізацыйнымі, г. зн. аддзяляць цывілізацыі таго ці іншага парадку і інш., г. зн супадаць з араграфічнымі, гідраграфічнымі аб’ектамі, ды іншымі прыроднымі, насельніцкімі і гаспадарчымі непалітычнымі межамі.

 

 

V. 5. а. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЕЖЫ

У Эўропе напісаны грунтоўныя палітгеаграфічныя працы на тэму дзяржаўных межаў.

Існуюць дзесяткі розных вызначэньняў дзяржаўных межаў, якія можна зьвесьці да некалькіх:

— дзяржаўная мяжа (ДМ) – гэта лінія, на якой сканчаецца дзяржава і дзяржаўная ўлада;

— ДМ – лінія да якой распаўсюджваецца дзяржаўная ўлада адной дзяржавы, а пасьля якой – іншай;

— ДМ – лінія, што падзяляе тэрыторыі двух дзяржаў, або тэрыторыю аднае дзяржавы ад тэрыторыі іншай, ці аткрытай акваторыі што не належыць ніводнай дзяржаве;

— ДМ – вертыкальная плоскасьць, якая зыходзіць з дзённай паверхні пад наўпроставым/прамым вуглом, перасякаючы трапасфэру і літасфэру, аддзяляючы абшары, на якія распаўсюджваецца сувэрэнітэт суседніх дзяржаў, а перасячэньне плоскасьці зь дзённай паверхняй – лініяй ДМ.

Назіраецца эвалюцыя разуменьня межаў эўрапейскімі дасьлеччыкамі ад простай канстатацыі іх лінейнасьці, да дэфэніцыяў, у якіх падкрэсьліваецца плоскаснасьць межаў. Больш таго, нельга вызначыць мяжу як звычайную плоскасьць. Мяжа ўяўляе сябе хуччэй за ўсё крывую плоскасьць або сукупнасьць вузкіх плоскасьцяў (хвалістыя межы).

Паколькі мяжа зьвязывае прастор і час у часапрастор, то зьяўляецца гістарычнай зьяваю (Sanguin, 1983). Адсюль, патрэбна дыфэрэнцаваць:

— мяжу (анг. boundary) як плоскасьць;

— лінію мяжы (анг. border line), як лінію памежжа;

— памежжа (анг. border) як сфэру.

Спрадвеку існавалі памежжы, якія называліся межамі, г. зн. межы былі сфэравымі, таму ангельскамоўны назоў лініі мяжы лініяй памежжа невыпадковы, бо мае выразныя гістарычныя карані. Зь зьнікненьнем анайкумэны ў Эўропе паступова зьнікаюць гістарычныя сфэравыя памежжы.

Лінейная мяжа адзначаецца пасьля пірынэйскага міру ў 1659 годзе, а яе распаўсюджаньне карэлюецца з францускай рэвалюцыяй. Прусія за-пачаткавала памежную ахову ў 1741 г., а затым памежны кантроль. Каб перасеч дзяржаўную мяжу царскае Расеі перад 1914 г. патрэбна было мець пашпарт. Пасьля Першай сусьветнай вайны распаўсюдзілася традыцыя візаў. Таму сучасная канцэпцыя дзяржаўнай мяжы існуе толькі з канца ХІХ ст. (S. Otok, 2003).

Дзяржаўная мяжа можа трактавацца, між іншым, як вынік палітычных падзелаў, сфармалізаваных у міжнародных прававых актах. Яна мае прасторавую лякалізацыю (абшаравую, акватарыяльна-тэрытарыяльную).  

Разам з тым, існуе гістарычна першаснае традыцыйнае беларускае народнае паняцьце мяжы, у першую чаргу ў сялян, як найперш фізыка-геаграфічны падзел сялянскіх палеткаў (ворыва, пашы і інш.).

Беларусам было навязана слова граніца (з польскай і расейскай моў) у сэнсе дзяржаўная мяжа. Таму няма сэнсу ўжываць слова граніца у сэнсе дзяржаўная мяжа Рэспублікі Беларусь. Хіба толькі ў адносінах да межаў царскай Расеі, былога СССР і міжваеннай Польшчы пераважна ў гістарычнай літаратуры.

Межы бываюць сухапутныя (паміж тэрыторыямі) і водныя (акваторыямі).    

Прававыя нормы мяжы зьяўляюцца прадметам міждзяржаўных дамоваў аб межах. Спачатку дзяржаўная мяжа дэталёва накрэсьліваецца на картах розных маштабаў (ад буйна- да дробнамаштабных). Затым – дэлімітуецца і дэмаркуецца, г. зн. абазначаецца на мяйсцовасьці і будуецца адпаведная межавая і памежная інфраструктура (адной, двума або некалькімі дзяржавамі ці іх зьвязамі).

У мэтах аховы дзяржаўных межаў устанаўліваецца пас/пояс памежнай дарогі (шырыня – 10-100 м.), памежная зона (2-10 км. і больш).  

Дзяржаўная мяжа можа быць de iure i de facto. Юрыдычная мяжа вызначаецца міжнароднымі трактатамі (дамовамі), аднак не заўсёды фактычна функцыянуе. Фактычная мяжа – мяжа якая рэальна дзейнічае і:

а) супадае зь юрыдычнай, б) юрыдычна віртуальная.

Розьніца паміж межамі часта назіраецца ў час войнаў, адразу пасьля войнаў, адразу пасьля распаду дзяржаў да падпісаньня новых міждзяржаўных трактатаў аб межах.

Напрыклад, Трэці Рэйх Адольфа перад пачаткам Другой сусьветнай вайны анэксаваў паўднёвагерманскую Аўстрыю. Акупаваўшы тэрытарыяльна найбліжэйшую Чэхаславаччыну —  атрымаў ідэальны пляцдарм дзеля нападу на Польшчу de facto зьліквідаваўшы міжваенныя нямецка-аўстрыйскую і нямецка-чэскую межы. Адваротна, межы Летувы сталі ахоўвацца de facto ў 1990-91 гг. пасьля аднаўленьня незалежнасьці і да яе шырокага міжнароднага прызнаньня, калі яны яшчэ не йснавалі de iure.   

Функцыі дзяржаўнай мяжы:

— падзяляючая абшары розных краін, г. зн. легальнае адвольнае перасячэньне строга рэглямэнтавана (зачыненыя, або ў той ці іншай ступені аччыненыя межы), а нелегальнае немагчыма з-за памежнай аховы і крымінальнай адказнасьці;

— інтэгруючая асобныя абшары ў адну дзяржаву (але дэзінтэгруючая памежныя абшары), напрыклад, аддаленыя абшары (часам тэрытарыяльна ўскраінныя) больш бліжэйшыя (тэрытарыяльна) да сталіц або буйных гаспадарчых цэнтраў суседніх дзяржаў. Берасьце і Заходняе Палесьсе бліжэй да Варшавы чым да Менску, паўночны-захад Беларусі да Вільні, паўднёвы- ўсход – да Кіева.  Наяўнасьць дзяржаўнай мяжы і штучныя цяжкасьці яе перасячэньня (візы, памежны кантроль, абмен валютаў, чэргі на мяжы) выключаюць (зачыненая мяжа), або мінімалізуюць кантакты (часткова адчыненая) настолькі, што больш выгадна штодзённа кантактаваць з суграмадзянамі за дзесяткі-соткі кілямэтраў, чым з чужаземцамі за некалькі мэтраў або кілямэтраў па той бок мяжы;

— выбарча-праніцальная (мембранная), г. зн. кожная дзяржава рэглямэнтуе рух празь мяжу насельніцтва, у. т. л. працоўных рэсурсаў, тавараў і іншых рэсурсаў з пэўных дзяржаваў у залежнасьці ад характару палітчыных, ідэалягічных, гаспадарчых стасункаў між імі (саюзьнікі, дружалюбныя, варожыя дзяржавы), заканадаўча вызначаючы іх колькасьць і якасьць (напрыклад, абмежаваны бяспошлінны ўвоз у Беларусь танейшага харчаваньня: сала, мяса, кавы, гарбаты і мн. інш. з суседніх эўразьвязаўскіх Польшчы, Летувы, Латвіі);

— інтэгруючая памежжы ў сумежжы пры амаль адкрытых (паміж дзяржавамі Эўрапейскага Зьвязу) і суцэльна адкрытых (паміж дзяржавамі Эўрапейскага Зьвязу, зоны Шэнген і Эўра) межах. Спрыяюць штодзённым побытавым кантактам суседзяў былых памежжаў, якія гэткім чынам пераўтвараюцца ў сумежжы.

Межы можна разглядаць як бар’еры, аднак толькі зачыненыя і паўзачыненыя межы могуць быць бар’ерамі. Ідэальна, калі дзяржаўныя межы супадаюць з прыроднымі (берагі вадаёмаў і вадацёкаў, горныя хрыбты, балоты, каналы і інш.) або супольнаснымі (ідэалягічныя, этнічныя, моўныя, рэлігійныя і г. д.) бар’ерамі, тады яны прадухіляюць канфлікты. У іншых выпадках, бар’еры між супольнасьцямі могуць не супадаць ня тое зь дзяржаўнымі межамі, але нават з адміністрацыйнымі, што можа не прадухіліць канфлікты, асбліва на абшарах зь мяшаным насельніцтвам (Балканы).

  

 

V. 5. б. КЛЯСЫФІКАЦЫІ МЕЖАЎ

Рэпрэзэнтанты розных навук праводзілі розныя клясыфікацыі межаў.   

Традыцыйна сустракаецца падзел межаў на натуральныя і штучныя, г. зн. канвэнцыянальныя.

Часта ў геграфічнай літаратуры натуральная мяжа разумеецца як мяжа “узятая з прыроды”, “зазначаная ад прыроды”. Рэмэр лічыў, што натуральная мяжа – гэта “ “лінія” або “пас”які ўяўляе, перадусім, істотную для міграцыі чалавека перашкоду або нават яе зусім выключае”.

О. Маўль піша, што натуральныя межы ўяўляюць сабой палітычныя межы прыстасаваныя да структурных (O. Maul, 1925). Аднак сучасныя палітычныя межы – лініі і плоскасьці, але толькі не пасы або сфэры, што сабой уяўляюць структурныя межы.

За “натуральныя” межы ў штодзённым побытавым ужытку прынята лічыць горныя ланцугі, межы што супадаюць з фарватарамі рэк, праходзяць па азёрах, балотах, каналах, пустынях, берагох заліваў, праліваў, мораў, акіянаў.

Штучныя межы – геамэтрычныя лініі усталяваныя пры стале канфэрэнцый у выніку паразуменьня кіраўніцтваў (як правіла) суседніх дзяржаў. Вядома праведзеная папскай булай мяжа паміж зонамі экспансіі тагачасных эўрапейскіх звышдзяржаў: Партугаліі і Гішпаніі Aeterni Regis з 1481 г. скардынавана папскай булай ў 1493 г. і прынята ў выніку трактату ў Tordesilles (1494 г.). Называлася папскім мерыдыянам, праходзіла водамі Атлянтычнага акіяну і аддзяляла заходняе паўшар’е, адданае Гішпаніі, ад усходняга, што належыла Партугаліі. Штучная мяжа добра накрэсьліваецца на карце і абазначаецца на тэрыторыях, аднак зусім (як правіла) не ўлічвае асаблівасьцей прыроды, насельніцтва і гаспадаркі прылягаючых тэрыторый.

Класіфікацыя межаў на натуральныя і штучныя стала прадметам слушнай крытыкі (Sieger, Maul, Sölch, Rykiel). Сутнасна, палітычныя межы ня могуць быць натуральнымі, бо яны створаны чалавекам. Натуральныя межы патрэбна назваць па-іншаму. Пакуль не існуе адзінага прызнанага тэрміну, у геаграфічнай літаратуры ўжываюцца славазлучэньні “адзначаныя прыродай”, “запазычаныя ад прыроды”.

М. Амельянчук (2005) пісаў: “Граніцы дзяржавы могуць быць штучнымі (умоўнымі), калі лінія граніцы перасякае мясцовасць без уліку рэльефу і іншых прыродных аб’ектаў і прыроднымі (але толькі не натуральнымі, заўв. В. К.), калі лінія граніцы праходзіць па прыродных рубяжах – рэках, азёрах, водападзелах і інш.”

Магчыма казаць аб палітычнай мяжы супадаючай з прыроднымі бар’ерамі (араграфічнымі, гідраграфічнымі кліматычнымі і інш.), або з насельніцкімі і гаспадарчымі падзеламі (моўнымі, этнічнымі, цывілізацыйнымі, прамысловымі, сельскагаспадарчымі і г. д.)(заўв. В. К.).

Існуе шырэйшая, фэнамэналягічная тыпізацыя межаў (W. Boggs,1940):

1. Фізычныя – супадаюць з натуральнымі араграфічнымі і гідраграфічнымі аб’ектамі  тэрыторыі (горныя ланцугі, пустыні, рэкі і інш.).

2. Геамэтрычныя – прамыя лініі, часткі лініяў акружнасьцяў, лініі што супадаюць зь мэрыдыянамі і паралелямі.

3. Антрапагеаграфічныя – прывязаныя да пэўных рысаў расьсяленьня і культуры насельніцтва, напр., гістарычныя, моўныя, рэлігійныя, культурныя.

4. Мяшаныя – кампраміс паміж трымя папярэднімі тыпамі.

Тыпізацыя межаў паводле сацыякультурнага асяродзьдзя (R. Hartshorne, 1933):

1. Антцэдэнтныя – устаноўленыя перад вывучэньнем сацыякультурнага асяродзьдзя, першасныя ў адносінах да форм гаспадарчага асваеньня прылягаючых да іх (межаў) паверхняў і абшараў, адсюль – ранейшыя ад гаспадарчага асваеньня прылягаючых абшараў.

З прагрэсам інтэграцыйных працэсаў антцэдэнтныя межы дэградуюць.

Пруска-расейская (першасна пруска-рэчпаспалітаўская) мяжа была клясычнаю антцэдэнтнаю, бо праз стагодзьдзе (1815-1915 гг.) дзяліла польскія землі, менавіта тады, калі адбылася прамысловая рэвалюцыя. На прускім боку былой мяжы пасьля яе ліквідацыі бачна густая сетка чыгунак, чаго няма на расейскім.

2. Субсэквэнтныя —  устаноўленыя пасьля вывучэньня сацыякультурнага асяродзьдзя, але паводле яго падзелаў, таму другасныя ў дачыненьні да форм гаспадарчага асваеньня прылягаючых да іх паверхняў і абшараў, адсюль — пазьнейшыя ад гаспадарчага асваеньня прылягаючых абшараў.

Фармалізацыя і стабілізацыя субсэквэнтных межаў прыводзіць спачатку да штучнага падзелу першасна паверхнева аднародных гаспадарчых сыстэм у значнай ступені інтэграваных.

Клясычнай субсэквэнтнай мяжой зьяўляецца мяжа паміж Польшчай і Нямеччынай па Одры і Нэйсе, што ўстаноўлена пасьля Другой сусьветнай вайны, таму праходзіць ня толькі праз раней разьвітыя адзіныя рэгіёны Трэцяга Рэйху, але й праз места з раней  інтэнсіўным рачным суднахоцтвам.

У сваёй пазьнейшай працы аўтар (R. Hartshorne, 1936) ускладніў разуменьне субсэквэнтнасьці межаў. Ён сьцьвердзіў, што характэрнай рысай субсэквэнтнасьці межаў зьяўляецца пэўная ступень згоднасьці з найважнейшымі ці другаснымі фізыкагеаграфічнымі (прыроднымі) ці культуровымі падзеламі.У выпадку адсутнасьці такой згоднасьці маем справу з накінутай мяжой – мяжой устаноўленай пасьля вывучэньня сацыякультурнага асяродзьдзя, але не паводле яго падзелаў.

Субсэквэнтныя межы – паводле правіла накінутыя (Z. Rykiel, 2006).

Найбльшую увагу дасьлеччыкаў прыцягваюць субсэквэнтныя межы, надаючы падрабязнаму аналізу іх уласьцівасьцяў і функцый.

3. Рэліктавыя – утрымоўваюцца надалей ў сацыякультурным асяродзьдзі, але не выконваюць функцыі палітычных межаў.

Рэліктавая мяжа – мяжа паміж усходнімі крэсамі міжваеннай Польшчы і эсэссэраўскай БССР, інакш  паміж заходняй і ўсходняй Беларусьсю. Тая мяжа і надалей існуе ў сацыякультурным асяродзьдзі, але з 1939 года не існуе de iure, толькі de faktо застаўшыся адміністрацыйнай мяжою паміж Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцямі, а таксама паміж раёнамі ў Менскай і Віцебскай вобласьцях.

Былая польска-нямецкая мяжа, што аддзяляла Ўсходнюю Прусію ад міжваеннай Польшчы, а раней Германскую імпэрыю ад Расейскай імпэрыі, пасьля яе ліквідацыі ў 1944 г. існуе ў сьвядомасьці палякаў як рэліктавая, бо аддзяляе месты з славянскай архітэктурай ад местаў зь перавагай або зь істотным адсоткам германскай (трох-пяці павярховыя дамы з шырокімі цэгляннымі ды каменнымі сьценамі (камяніцы) і масыўнымі дахамі. выкладзенымі чырвонай дахоўкай), а таксама былымі нямецкімі вузкімі дарогамі, абсаджанымі з двух бакоў дрэвамі, кроны якіх пераплятаюцца ўверсе, таму над дарогаю амаль не відаць неба.

Антцэдэнтнасьць-субсэквэнтнасьць дзяржаўных межаў зьмяняецца зь цягам часу, таму зьяўляецца катэгорыяй гістарычнай. У 1921 годзе наваўсталяваная мяжа паміж СССР і Польшчай, што працінала абшар беларускага этнасу, бязумоўна сталася субсэквэнтнаю, але праз 18 год у 1939 г. ў пэўнай ступені зрабілася антцэдэнтнаю, бо падзяляла дзяржавы ня столькі з рознымі грамацка-эканамічнымі фармацыямі, але найперш з глыбокай розьніцай у гаспадарцы і мэнталітэце людаў. Заходнія беларусы (грамадзяне Польшчы, палітычныя палякі) мелі прынцыпова іншы мэнталітэт, чым іхнія суродзічы з савецкага боку ад мяжы (грамадзяне СССР, палітычныя саветы).

Па савецкі бок мяжы беларускія нацыянальныя эліты былі амаль цалкам фізычна  вынішчаны ў часы сталінскага генацыду, затое існавалі беларускія (нацыянальныя па форме, але камуністычныя паводле зьместу) школы. Па польскі бок мяжы праводзілася асіміляцыя беларускага этнасу, але эліты фізычна не зьнішчаліся. Затое, ў вялікай ступені, зьнішчаліся каналы камунікацыі эліт з народам (ліквідоўваліся беларускія школы і г.д.), што не давала магчымасьці рэгенэрацыі эліт і спрыяла іх марыгіналізацыі.

Па савецкі бок мяжы ў выніку атэізацыі амаль усе храмы былі зачынены, або разбураны, а па польскі бок – зьвінелі званы ў каля 900 храмах і г. д.

Самая найсубсэквэнтнейшая, самая накінутая мяжа зь цягам часу антцэдэнізуецца. Ступень антцэдэнтнасьці будзе залежыць ад працягласьці часу, ступені дывэргенцыі ў гаспадарчым разьвіцьці прымежных рэгіёнаў, а таксама ад ступені дамінаваньня тых ці іншых функцый дзяржаўнай мяжы. Пры рэзкім дамінаваньні падзяляючай (абшары краін) функцыі дзяржаўнай мяжы антцэдэнтнасьць ўзрасьце і наадварот… Пры даўгачасовым функцыянаваньні Зоны Шэнген спрадвечныя межы страцілі падзяляючую функцыю, што найперш прывяло да еднасьці (de facto) стагодзьдзямі падзеленых (de iure i de facto) дзяржаўнымі межамі супольнасьцяў (баскаў, каталёнцаў і інш.).  

 

 

V. 5. в. КРЫТЫКА КАНЦЭПЦЫЯЎ НАТУРАЛЬНЫХ МЕЖАЎ

У палітычнай геаграфіі ўсталяваліся фальшывыя канцэпцыі натуральных межаў, староньнікі якіх сьцвярджалі, што палітычныя межы існуюць у самой прыродзе.

Бліскучую крытыку “натуральнасьці” межаў знаходзім у працах  З. Рыкеля (Z. Rykiel, 2006).

Калі існуюць натуральныя межы, то абавязкам чалавека зьяўляецца іх адкрыцьцё і прыстасаваньне да палітычных межаў. Чым больш палітычных межаў супадзе з натуральнымі, тым лепш. Калі існуюць натуральныя палітычныя межы, значыць існуюць і натуральныя абшары краін і дзяржаў. Чым больш рэальньныя абшары супадаюць з натуральнымі, тым лепш. Вышэйвыкладзенае разуменьне прывядзе да масавых канфліктаў і войнаў.

Калі натуральная палітычная мяжа – палітычная мяжа здэтэрмінаваная прыродай, то яна ніколі не існавала.

Канцэпцыі натуральных межаў вырасьлі на груньце Асьветніцтва – асабліва тады гэта было выгадна – да натуры Мантэск’ю/Montesquieu. Натуральнымі межамі лічылі горныя ланцугі, ўзьбярэжжы мораў, азёраў, заліваў, праліваў, пустыні, балоты, азёры, каналы. Штучнымі межамі ўяўляліся ўсе межы, якія не супадалі з прыроднымі бар’ерамі.

Канцэпцыі натуральных межаў падзяляюцца аж на чатыры групы канцэпцыяў:

— канцэпцыі гістарычных межаў, якія апіраюцца на аргумэнтах традыцый;

— канцэпцыі натуральных межаў, якія апіраюцца на правох прыроды;

— нямецкія канцэпцыі нацыянальных межаў, якія апіраюцца на мове і “расе”;

— францускія канцэпцыі нацыянальных межаў, якія апіраюцца на культуры.

Канцэпцыі натуральных межаў былі ідэалягічнымі надбудовамі абшаравых экспансій дзяржаў у мінулым, асабліва відавочна сувязь іх з канцэпцыяй жыцьцёвай прасторы (Pounds, 1951). Канцэпцыі аб натуральных і гістарычных палітычных межах названы адным з элемэнтарных паталягічных комплексаў нашага часу (Perroux, 1950).

Не існавала нават адзінай дэфініцыі “натуральная мяжа”. Адны аўтары натуральнымі межамі называлі абарончыя межы, іншыя – межы, зьвязаныя з прыродай, у т. л. межы краявідаў, межы гаспадарчых абшараў з агульнымі рысамі, нарэшце межы культуровых абшараў.

У Рымскай імпэрыі паняцьце натуральных межаў увязвалася зь іх абароназдольнасьцю; да натуральных межаў залічваліся рэкі, горы і вадападзелы. Лацінская назва мяжы (limex) абазначала ў свой час выключна штучныя межы (Jones, 1959).

 

 

V. 5. г. АБШАРАВЫЯ І МЕЖАВЫЯ СПРЭЧКІ

Непарушнасьць дзяржаўных межаў, якія склаліся пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны (ялцінска-пацдамскі парадак) была зафіксавана на Канфэрэнцыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (1975 г.). У гісторыі Эўропы мелі і маюць мейсца тэрытарыяльныя і межавыя спрэчкі паміж палітычнымі супольнасьцямі, іх часткамі, краінамі і дзяржавамі.

Аналізаваныя абшаравыя (тэрытарыяльная і акватарыяльная) спрэчкі гістарычна ахоплівалі тры сытуацыі (Івонейко, 1976):

— прававога статусу абшару (напр., спрэчка паміж ПАР і ААН аб Паўднёва-Заходняй Афрыцы. ААН лічыла ПЗА за свой абшар, а ПАР за былую мандатную тэрыторыю Лігі Нацый. Паводле рашэньня апошняй ПАР магла адміністраваць як уласнай;

— права да абшараў (напр., спрэчка паміж Аргентынай, Чылі і Вялікабрытаніяй аб права на валоданьне сэктарамі Антарктыды);

— права на абшар (напр., спрэчка паміж міжваеннай Польшчай і Вольным местам Ґданьск аб характары дзейнасьці польскай пошты на абшар Ґданьску).

Абшаравыя спрэчкі вядуцца аб прававым статусе абшараў (тэрыторый, акваторый).

Межавыя спрэчкі вядуцца суседнімі дзяржавамі аб праходжаньні мяжы, якая накрэсьлена і апісана ў супольнай дамове (трактаце). Ёсьць супольная прававая падстава. на аснове якой дзяржавы маюць важкія аргуманты што да спрэчных межаў і абшараў. Межавыя спрэчкі могуць вынікаць (Tyranowsky, 1979):

— зь невядомасьці пастановаў дамоў;

— з самаго прцэсу ўсталяваньня межавай лініі;

— зь непрадбачаных цяжкасьцей вызначэньня межавой лініі на тэрыторыі ці акваторыі;

— з тэрытарыяльнай і эканамічнай экспансіі дзяржаў;

— у сувязі з сэцэсіяй.

Прыкладам межавай спрэчкі была рознаснасьць поглядаў Польшчы і Нямеччыны ў 1990 г. на тэму праходжаньня мяжы “тэрытарыяльных” вод у раёне Сьвінаусьця. Усе межавыя спрэчкі ўключаюць абшаравыя (тэрытарыяльныя і акватарыяльныя) пытаньні, аднак ня ўсе абшаравыя спрэчкі ўключаюць межавыя пытаньні. Межавымі спрэчкамі не зьяўляюцца ні спрэчкі што датычаць правоў на абшар, ні прэтэндаваньне двух і больш дзяржаў на заморскія абшары. Напрыклад, француска-нямецкая спрэчка ў 1912 г. аб праве на пратэктарат над Марока, а таксама спрэчка паміж Вялікабрытаніяй і Аргентынай аб праве пратэктарату над Фалькленцкімі (Мальвінскімі) астравамі – не зьяўляюцца межавымі спрэчкамі.

Надзвычай доўгая гісторыя тэрытарыяльных спрэчак. Перад зьяўленьнем тэрытарыяльных і акватарыяльных дзяржаў зь лінейнымі межамі, межавыя спрэчкі ня мелі рэальнага сэнсу, а зьявіліся толькі пасьля ўсталяваньня лінейных межаў як адказ на іх недакладнасьці.

Паняцьцямі, якія зьвязаны з тэрытарыяльнымі  спрэчкамі ды датычаць праходжаньня межаў зьяўляюцца:

— мяжа de iuro, вызначана дамовай/трактатам, але не заўсёды можа функцыянаваць;

— мяжа de fakto, сапраўды існуючая,  аднак без дастатковых прававых падстаў.

Межамі  de iure ва Ўсходняй Эўропе ў 1940-41 гадох былі перадваенныя межы. Межамі de fakto былі межы нямецкіх і савецкіх заваёваў.

У сучаснай Эўропе дзяржавы на афіцыйным узроўні ня маюць адна да іншай тэрытарыяльных ды межавых пытаньняў, якія б перарасьлі ў вайсковы канфлікт, але ў шавіністычных колах эўрапейскіх супольнасьцяў ёсьць мары аб Вялікай Вугоршчыне, Вялікай Альбаніі, Вялікай Румыніі з Малдовай у ейным складзе, усходніх крэсах Польшчы, Эльзасе і Лятарынгіі ды ўсходніх землях Нямеччыны, трыадзінай Расеі з (мінімальна) Украінай і Беларусьсю ў яе складзе, а, максімальна, — з “расейскімі” Закаўказьзем і Сярэдняй Азіяй і г. д..

У пачатку ХХ ст. этнічная Беларусь (паводле Я. Карскага, М. Доўнар-Запольскага) уключала ў сябе Дзьвіншчыну зь Дзьвінскам (Даўгаўпілс) паўдзённую Пскоўшчыну, заходнюю і цэнтральную Смаленшчыну, Браншчыну, поўнач Чарнігаўшчыны, усходнюю Беласточчыну зь Беластокам, нарэшце  Віленшчыну зь Вільняю. Кожная зь дзяржаў суседак “адхапіла” сабе частку этнічнай Беларусі, а найбольш – Расея.

 

 

V. 5. д. ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЕЖЫ ЭЎРОПЫ Ў КАНЦЫ ХІХ – ХХ стст.

Найбольшая колькасьць межаў існавала ў эпоху фэадальнай раздробленасьці, але, часьцей, яны былі надзвычай нестабільнымі. Найстарэйшымі дзяржаўнымі межамі, што захаваліся ў Эўропе да нашага часу зьяўляюцца: гішпана-партугальская, межы Швэйцарыі, гішпана-француская і інш. Як вышэй узгадвалася, зьяўленьне першых лінейных дзяржаўных межаў у Эўропе (прынамся ў яе заходняй частцы) па часе карэлюецца з узьнікненьнем капіталізму.

Сучасныя дзяржаўныя межы зь іх дэлімітацыяй, дэмаркацыяй, памежнай аховай, рэжымамі пераходу ўзьнікаюць у эпоху імпэрыялізму.

Фарміраваньне вялікіх дзяржаў зьмінімалізавала колькасьць дзяржаўных межаў, але яны сталі стабільнымі і ахоўваемымі.

Да першай сусьветнай вайны найдаўжэйшымі дзяржаўнымі межамі ў Эўропе былі: германска-аўстра-вугорская, швэдыйска-нарвэгійская, расейска-швэдыйская, гішпанска-партугальская. Межы дзяржаў заходняй часткі Эўропы былі старэйшымі, паколькі старэйшымі зьяўляліся самі дзяржавы. Усход Эўропы, падзелены паміж некалькімі імпэрыямі, меў мінімальную даўжыню дзяржаўных межаў, сярод якіх толькі, хіба што, мяжа па рр. Саве і Дунаі (аўстыяцка-сэрбская) мела найдаўнейшую традыцыю, бо аддзяляла абшары Асманскай імпэрыі ад лацінскай Эўропы.

Усходнеэўрапейскія межы не супадалі не з этнічным падзелам насельніцтва, не зь іншымі дыфэрэнцыяцыямі, таму па розныя бакі ад такіх межаў жылі супольнасьці падобныя этнічна, рэлігійна і, нават, культурова. Колькасьць меньшасьцяў у кожнай зь імпэрыяў была вялікай. Германска-расейская і аўстра-вугорска-расейская межы падзялялі палякаў і ўкраінцаў. Палякі складалі вялікія супольнасьці ў Расеі, Нямеччыне, Аўстра-Вугоршчыне. Аўстра-Вугорскія заходнія ўкраінцы былі аддзелены мяжою ад  большасьці суродзічаў, што жылі пад Расеяй, расейска-румынская мяжа па р. Прут аддзяляла малдаван ад этнічна блізкіх румын і г. д.

Пасьля Першай сусьветнай вайны, велізарнейшыя ўсходнеэўрапейскія абшары ад Ляпляндыі да Балкан зьмянілі ўласную дзяржаўную прыналежнасьць. З узьнікненьням пасу этнічных дзяржаў колькасьць і даўжыня дзяржаўных межаў рэзка павялічыліся. Узьніклі савецка-фінская, савецка-польская, нямецка-польская, нямецка-чэхаславацкая і мн. інш. межы, якія сталіся надзвычай доўгімі, часам пакручастымі (нямецка-польская) і, ў вялікай ступені, яшчэ не адпавядалі этнічным і іншым падзелам насельніцтва.

У выніку Другой сусьветнай вайны колькасьць і даўжыня ўсходнеэўрапейскіх межаў некалькі скараціліся за конт зьнікненьня з палітычнае часапрасторы дзяржаў Балтыі і скарачэньня польска-нямецкай мяжы. Аднак узьнікла нямецка-нямецкая мяжа (паміж ФРН і НДР).

На адным з участкаў (па ніжняй Лабе, ням. Эльбе) гэта мяжа супала зь вядомай зь гісторыі германа-славянскай мяжой усталяванай паводле Вэрдунскага (Verdun) трактату ў 843 г. “Мяжа паміж усходнефранконскім каралеўствам Людвіка і славянскімі плямёнамі (сорбамі-лужычанамі, палабскімі славянамі, заўв. В. К.) абымала Гольштын і праходзіла па лініі  рэк Лабы і Салавы (ням Саалі) да Эрфурту, а адтуль на паўднёвы- ўсход уздоўж Чэскага Лесу (горы, заўв)(S. Cohen, (1963).

Славяне ў тыя часы жылі на ўсход ад Эльбы, аб чым сьвеччыць славянскі генэзіс назваў сучасных нямецкіх местаў Ліпск, Расток, Дрэзна (Дрэздан), нават сталіцы Нямечыны – Бэрліну.  Пазьнейшая германская экспансія прывяла да вынішчэньня і германізацыі палабскіх славян (апошнія носьбіты жывой палабскай заходнеславянскай мовы памерлі ў ХVIII ст.). а таксама большасьці лужыцкіх славян (засталася невялікая колькасьць сорбаў-лужычан).

Пасьля Другой сусьветнай вайны абшары на ўсходзе Эўропы, што зьмянілі сваю палітычную прыналежнасьць, складалі намнога меньшую плошчу, чым пасьля Першай сусьветнай вайны. Шукаючы прычыны “палітычнай нясталасьці” гэтага абшару належыць мець на ўвазе, што гэта:

— сфэра непасрэднага дзеяньня нямецкага імпэрыялізму, які двойчы ў ХХ ст. распачаў вайну і двойчы яе прайграў;

— абшар, пазбаўлены вялікіх натуральных камунікацыйных перашкодаў, якія б ляжалі ў накірунку з поўначы на поўдзень (найперш горы, заўв. В. К.);

— абшар, на якім перад Першай і Другой сусьветнымі войнамі існавала значнае несупадзеньне паміж палітычнымі і этнічнымі межамі, а таксама паміж межамі гаспадарчых рэгіёнаў (J. Barbag, 1982).

— нарэшце тое, аб чым не ўпамянуў Ю. Барбаг (або ня мог, або не жадаў).

Усходняя Эўропа ў ХХ ст. – хутчэй сфэра суперніцтва двух вялікіх экспансій: нямецка-германскай і расейска-савецкай.

 

 

V. 5. е. МАРСКІЯ МЕЖЫ ЭЎРАПЕЙСКІХ КРАІН

Падаўляючая большасьць эўрапейскіх краін мае марскія межы.

Зьвязанасьць краін з морам вымяраецца адсоткавым удзелам марскіх межаў ў суадносінах да ўсёй даўжыні межаў, або велічынёй абшару што ў сярэднім прыпадае на 1 км ўзьбярэжжа. Найлепшыя паказчыкі маюць такія дзяржавы як Вялікабрытанія і Нарвэгія. У Вялікабрытаніі максімальныя адлегласьці ад мораў не перавышаюць 120 км.. Раней дзеля ацэнкі зьвязанасьці з морам ужывалі “ступень морскасьці”, якая вылічваецца спосабам дзяленьня адсоткаў ўзьбярэжных межаў краіны на адсоткі яе сухапутных межаў.

“Ступень морскасьці” васьмі дзяржаў, выражаная суадносінамі даўжыні іх марскіх межаў, а таксама лічбай кілямэтраў марской мяжы, што прыпадае на 1000 км² паверхні дадзенай дзяржавы.   


Табл. 7.GIF 

 

Палітычнай марской мяжой не зьяўляецца  бераг мора, які зьмяняецца на нізкіх участках у залежнасьці ад прыліву і адліву, а зьнешняя лінія пасу “тэрытарыяльнага” мора, а дакладней — мора дзяржавы. У моры дзяржавы гаспадарства-уладар можа праводзіць мытны кантроль. Шырыня мора дзяржавы  не вызначана аднолькава, бо міжнародныя канфэрэнцыі, якія адбываліся ў Гаазе (1939 г.) і Жэневе (1958 і 1960 гады) не прывялі да ўніфікацыі пазыцый дзяржаў. Большасьць дзяржаў прытрымліваецца ўсталяванай ў ХІХ ст. традыцыйнай нормы ў 3 марскія мілі (адпавядаюць 5560 м.), што некалі захоўвала дзяржаву перад вайсковай атакай з боку мора.

Аўтар канцэпцыі 3 мільнага “тэрытарыяльнага” мора, абвешчанай ў 1702 г. юрыст Cornelius van Bynkershoek.

У сувязі з разьвіцьцём сучаснай авіяцыі і ракетнай тэхнікі трохмільная шырыня сталася анахранізмам, таму многія дзяржавы самачынна паспрабавалі ўстанавіць шырыню ўласнага мора. Пэўная група дзяржаў – 4 мілі, Італія — 6 міль. Больш таго, у адной дзяржавы шырыня “тэрытарыяльнага” мора можа хістацца ў розных мейсцах. Да мора дзяржавы ўключаюцца такзваныя нутраныя воды, невялікія залівы, шырыня якіх не перавышае 10 марскіх міль, ф’ёрды, вузкія сунды, а таксама рачныя эстуарыі. Апрача мора дзяржавы існуе таксама прылеглы пас, г. зн. абшар па-за межамі мора дзяржавы, над якім надбярэжная дзяржава выконвае пэўныя функцыі ў мытнай, фіксальнай галінах, а таксама бясьпецы мараплаваньня. (J. Barbag, 1982).

Праблема шырыні пасу мора дзяржавы не зьяўляецца фармальнай, бо датычыць зьмены абшараў адкрытага мора ў разуменьні ўведзеным у ХVII ст. галяндыйцам Hugon’ам Grotius’ам (адным з творцаў наважытнага міжнароднага права). Пашырэньне пасу “тэрытарыяльнага” мора з 3 марскіх міль да, напрыклад, 12 — зьменьшыць абшары міжнароднага акіяну (фактычна зьяўляецца кандамініюмам усіх дзяржаў) на велічыню каля 3 млн. квадратных міль, або на больш 7 млн. км². Адсюль, некаторыя важнейшыя пралівы (напр. Гібралтарскі) сталі б уласнасьцю пэўных дзяржаў, што б абцяжарыла суднахоцтва, а праблема палітычнай належнасьці тых ці іншых міжнародных водных шляхоў да пэўнага гаспадарства сталася б прадметам шматлікіх спрэчак паміж суседнімі дзяржавамі.

Мора дзяржавы зьяўляецца яе сувэрэнным абшарам, таму толькі дзяржава-уладар мае выключнае права на рыбалоўства ў ягоных межах. Іншыя рыбацкія флёты могуць краыстацца “тэрытарыяльным” морам толькі пасьля атрыманьня адпаведнага дазволу.

Відавочна тэндэнцыя асобных марскіх дзяржаў Эўропы да пашырэньня кантролю рыбалоўства па-за межамі мора дзяржавы з мэтай абароны ўласнага рыбалоўнага флёту, а часам і з прыродаахоўнай мэтай. Ісляндыя спачатку як  мяжу сфэры абароненага рыбалоўства акрэсьліла бераг шэльфу, а ў 1952 г. пашырыла ўласнае “тэрытарыяльнае” мора да 4 марскіх міль, а 6 год пазьней – да 12 марскіх міль. Тое падалося ісляндыйцам недастатковым і ў 1972 г. паўночная дзяржава ўзяла ва ўласнасьць аж 50 марскіх міль, што гарантавала ёй аж 12% улову рыб ўсёй тагачаснай Заходняй Эўропы. Рашэньні Ісляндыі прывялі да супраціву Вялікабрытаніі, якая не згадзілася на пазбаўленьня магчымасьцяў брытанскіх рыбаловаў лавіць рыбу на абшарах 6600 квадратных марскіх міль. Канфлікт паміж дзьвумя дзяржавамі не завяршыўся. Вялікабрытанія прызнала рашэньне Ісляндыі ад 1958 г., аднак не прызнала рашэньне ў справе аб 50 мілях. Аналягічна, такога рашэньня не прызнаў Міжнародны Суд ў Гаазе ў адказ на скаргу Вялікабрытаніі. Ісляндыя праігнаравала рашэньне суда і непрызнаньне Вялікабрытаніі.

Нарвэгія, якая мае самую “разгалінаваную” ў Эўропе берагаваую лінію, устанавіла ў 1935 г. “базавую лінію”, ад якой вымяраецца шырыня пасу мора дзяржавы, якая была прызнана тым жа Міжнародным Судом у спрэчцы Нарвэгіі зь Вялікабрытаніяй.

Другой праблемай, якая мае яшчэ большае практычнае значэньне, — зьяўляецца праблема палітычнага падзелу шэльфаў мораў і акіянаў. Шэльф працягваецца ўшырыню ад 5 да 800 марскіх міль па-за морамі дзяржаваў маючы глыбіні да 200 м.

Вызначаны шэльф займае плошчу больш чым 27,5 млн. км² , ці 7,8% ад усёй паверхні Сусьветнага акіяну. Некаторыя адмыслоўцы мяжой глыбокасьці мора над шэльфам лічаць 500 м.  

Зь геалягічнага пункту гледжаньня шэльф зьяўляецца часткай сушы што збудавана з падводных скал, таму скрывае ў сябе вялікія запасы мінэральных рэсурсаў, якія можна здабываць як карысныя выкапні. Пашыраецца здабыча паліўных карысных выкапняў (нафта і прыродны газ) у зоне шэльфу, таму каштоўнасьць шэльфу для ўзбярэжных дзяржаў рэзка ўзрастае, што параджае канфлікты з-за яго фактычнага кантролю паміж суседнімі дзяржавамі (J. Barbag, 1982).

Шэльфавыя ўнутрыэўрапейскія  Балтыйскае і Паўночнае моры фактычна падзелены паміж прыбярэжнымі дзяржавамі. Так Паўночнае мора кантралююць Вялікабрытанія, Францыя, Данія, ФРН, Нарвэгія, Галяндыя. Падзел шэльфу праведзены ў 1964 г. на прынцыпе роўных адлегласьцяў ад найбіжэйшага пункту супрацьлеглых узьбярэжжаў (эквідыстант). Паколькі гэткі прынцып аказаўся некарысным для краін з разбудаванай берагавой лініяй, то ФРН не ўспрыняла падзелу. Міжнародны Суд у Гаазе, да якога зьвярнуліся ў гэтай справе, выдаў  пастанову, зь якой вынікала, што дэлімітацыя мяжы на аснове эквідыстантаў ня можа быць заўжды абавязковай, таму ў дадзеным выпадку тры зацікаўленыя дзяржавы: Данія, ФРН і Галяндыя павінны зноў узгадніць  мяжу на шэльфе.  У выніку, ФРН атрымала ў форме рэкампэнсацыі два фрагмэнты шэльфу з паверхняй каля 12.000 км², на якім ужо распачаліся працы па бурэньнi сьвідравін. 

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы