VI. 1. СУТНАСЬЦЬ ПРАБЛЕМАТЫКІ
Калі традыцыйная палітычная геаграфія Эўропы вялікую ўвагу надавала досьледам тэрыторый эўрапейскіх дзяржаў і іх межаў, то ў ХХІ ст. досьледы эўрапейскіх палітычных супольнасьцяў выходзяць на першы плян.
Выказваньне Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўраду, а ўрад для народу» ў дэмакратычных эўрапейскіх дзяржавах мае практычнае ўвасабленьне.
Міхаіл Амельянчук справядліва падкрэсьліў, што носьбітамі сувэрэнітэтаў дзяржаў зьяўляюцца народы, а не чынавенства (2005). Сучасныя эўрапейскія дзяржавы пабудаваны не зьверху ўніз, а зьнізу ўверх, г. зн. што мадэрная/мадэрновая нацыя зьяўляецца носьбітам сувэрэнітэту дзяржавы, а не палітычны рэжым навязывае сваю волю падданым. Рэгіяналізм і мяйсцовае самакіраваньне даюць магчымасьць вырашаць падаўляючую большасьць праблем на мяйсцовым ўзроўні, пазьбягаючы тым самым празьмернай канцэнтрацыі паўнамоцтваў у сталіцы ў аднаго або груп чынавенства.
Вышэйузгаданае дыктуе неабходнасьць выдзеліць зьвесткі аб эўрапейскіх палітычных супольнасьцях у асобны разьдзел ня гледзячы на тое, што структурна палітычныя супольнасьці зьяўляюцца часткай тэорыі гаспадарстваў, таму тэма ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ СУПОЛЬНАСЬЦІ, клясычна павінна быць часткай разьдзелу ЭЎРАПЕЙСКІЯ ГАСПАДАРСТВЫ.
VІ. 2. ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ СУПОЛЬНАСЬЦІ
Сярод гораў навуковай літаратуры, мноства канцэпцый, гепотэз, надзвычай цяжка разабрацца ў сутнасьці палітычных супольнасьцей. Розныя дасьлеччыкі зусім па-рознаму трактуюць нацыі, народы, клясы, сацыяльныя групы. Часам, ужываючы тую ці іншую катэгорыю, паняцьце, тэрмін, кожны адмыслоўца/сьпецыяліст у канкрэтнай навуцы разумее іх па-свойму (гісторык, этноляг, палітоляг, сацыёляг і г. д.). Больш таго, сярод навукоўцаў у адной і той жа дзяржаве існуюць розныя разуменьні адных і тых жа катэгорый (у залежнасьці ад школ, накірункаў і інш.). Яшчэ складаней карэляваць катэгарыяльныя апараты, тэрміналёгію, паняцьці вучоных з розных дзяржаў. Паспрабуем разабраць катэгарыяльныя завалы і выпрацаваць ўласную беларускую палітгеаграфічную вэрсію.
Эўрапейскія палітычныя супольнасьці маюць розны генэзіс, бо былі ўтвораны ў выніку волі манарха (-аў), эліты (-аў), манарха (-аў) і эліты (аў), на падставе агульнасьці фізыка-геаграфічных прыкмет абшараў (геаграфічнага становішча, рэльефу, клімату і інш.), рэлігіі, саюзу (-аў) плямён, народнасьці (-яў) і інш. У большасьці выпадкаў краіны і дзяржавы ўтвараліся паводле двух ці некалькіх вышэйузгаданых прычынаў.
Праблема першаснасьці-другаснасьці палітычных супольнасьцяў у дачыненьні да гаспадарстваў – надзвычай складаная. Ступень сфармаванасьці палітычных супольнасьцяў залежыць ад часу існаваньня гаспадарстваў, ступені ўключэньня эліт і людаў у гаспадарчае, палітычнае і інш. жыцьцё гаспадарстваў і ад мн. інш.
У старажытнасьці і сярэднявеччы хуччэй дзяржавы фарміравалі палітычныя супольнасьці. Аднак, нярэдкімі былі кансалідацыі ў палітычныя супольнасьці паводле рэлігійнай (агульнасьці веры), этнічнай (плямённай, народнаснай і інш.) і этнарэлігійнай прыкмет. Пры тым роля рэлігіяў у сьветапоглядах старажытных і, асабліва, сярэднявечных супольнасьцяў часта была вядучай.
Татальная карэляцыя паміж рэлігійнымі і палітычнымі, этнічнымі і палітычнымі супольнасьцямі ў мінулым немагчыма. Часьцей дзяржавы ўтвараліся на паліэтнічным субстраце, радзей – на палірэлігійным. Яшчэ часьцей дзяржава апіралася на пэўную пануючую супольнасьць (або пануючыя супольнасьці). Іншыя – знаходзіліся ў падпарадкаваным становішчы, таму пераход у эліты магчымы быў толькі пры пераходзе ў шэрагі пануючай супольнасьці. Толькі частка дзяржаў і іншых палітычных адзінак у мінулым мела манарэлігійны, або, яшчэ радзей, — манаэтнічны падмурак.
Л. Гумілёў пісаў, што дзяржава і этнас супадаюць у нацый ХІХ-ХХ стст., а ў старажытнасьці такія супадзеньні былі рэдкімі.
Народам можна назваць усе формы супольнасьцяў, якія мінімальна скансалідаваны паводле пэўнага прызнаку: як палітычныя (усё насельніцтва пэўнай краіны), так і этнічныя (племя, народнасьць, нацыя), рэлігійныя (хрысьціянскі народ) і мн. іншыя (у т. л. сацыяльныя, клясавыя, партыйныя).
Народам марксісты і, увогуле, левыя традыцыйна называюць рэпрэзэнтантаў розных падпарадкаваных клясаў і сацыяльных груп (сялян, рабочых), але не фэўдалаў, капіталістаў, паноў і г. д. У гэным жа сэнсе ўжываецца словазлучэньне просты народ, або працоўны народ, запаняволены просты працоўны народ, чаьцей з мэтай супрацьпастаўленьня яго пануючым вярхам.
Насельніцтва ў адрозьненьне ад народу – самая агульная геаграфічная і статыстычная катэгорыя. Насельніцтва ўвогуле не скансалідаванае паводле нейкага прызнаку.
Правільна гучыць як альпійскае насельніцтва, або насельніцтва Кардыльер, або насельніцтва Аравійскага паўвостраву, так і насельніцтва Цэнтральнага эканамічнага раёну Расеі, Чылі, Маравіі, Манака. Жыхары як усіх фізыка-геаграфічных адзінак, так і эканоміка-геаграфічных ды палітыка-геаграфічных адзінак складаюць іх насельніцтва.
Люд – насельніцтва, якое стала пражывае ў межах гаспадарства, ў. т. л. краіны і дзяржавы. Люд – абшаравая (у т. л. тэрытарыяльная) палітычная супльнасьць.
Нельга сказаць люд Каўказу, люд Уралу, люд Трансільванскіх Альп, люд Пірынэй, люд Цэнтральнага эканамічнага раёну. Затое можна сказаць люд Петрыкаўскага раёну, беларускі люд, ісляндыйскі люд, нават люд Заходняй Эўропы (як ААН-аўскага рэгіёну).
Катэгорыя люд вузейшая за катэгорыю народ. Люд – частка народу.
Слова люд шырока ўжывалася ў беларускай традыцыі, аб чым сьвеччаць літаратурныя крыніцы. Перадусім, на прасторы былой першай Рэчы Паспалітай слова люд – мае сэнс народ. Аналягічна ў польскай мове lud (люд) – народ, племя (A. Bogusławski, 1993), затое ў сэнсе плебейскім (Z. Rykiel, 2006), á ў летувіскай liaudis (ляўдіс) – таксама народ (J. Aleksandravičius, 1989). Таму варта адрадзіць ужываньне слова (лексычнай адзінкі) люд і ўвесьці яго дзеля абазначэньня абшаравасьці і тэрытарыяльнасьці палітычнае супольнасьці.
Навукоўцы не прыйшлі да адзінай агульнапрызнанай дэфініцыі нацыі. У самых агульных рысах эўрапейскія нацыі можна акрэсьліць як супольнасьці індывідаў (асобаў), што зьяўляюцца вынікам нацыятварэньня, г. зн. дзейнасьці нацыянальнага (-ых) руху (-аў), утварылася на груньце абшару (найперш тэрыторыі і паверхні), нацыянальнай сьвядомасьці, гісторыі, мовы, рэлігіі, гаспадаркі й культуры (матэрыяльнай і духоўнай), маюць уласную назву (нацыёнім), эліты, часта адзінае грамадзянства і каштоўнасьці, а таксама характарызуюцца нацыяналізмамі. Абшаравасьць – першы прызнак у геаграфічным акрэсьленьні нацыі.
Эўрапейскія нацыі – унікальныя супольнасьці, што пабудаваны найперш на падмурку аўтахтонных этнасаў, але не на рэлігійным, ідэалягічным, расавым ды іншым як на пазаэўрапейскіх абшарах плянэты. Рэлігіі, ідэалёгіі, расы і мн. іншае значна ўплывалі на працэсы эўрапейскіх нацыятварэньняў, але толькі не вызначалі іх.
Выключэньнем у Эўропе могуць быць басьнійскія мусульманы, якія індэнтыфікуюцца найперш рэлігійна і, вядома ж, — абшарава, г. зн. тубыльцы Босьніі і Герцэгавіны мусульманскай веры.
Падмурак аўтахтоннага этнасу (як правіла сярэднявечнай (-ых) народнасьці (-яў)) адрозьнівае Эўропу ад Амэрыкі і Аўстраліі, дзе эўрапейскія перасяленцы або суцэльна вынішчылі ці асімілявалі абарыгенаў, або амаль вынішчылі і засімілявалі (Паўночная Амэрыка, Аўстралія), або памяшаліся зь імі (як правіла ў Лацінскай Амэрыцы).
Афрыканскія тубыльцы ў той ці іншай ступені эўрапеідызаваны калянізацыяй. Вышэйшая культура ў Афрыцы, як правіла, разьвіваецца на эўрапейскіх падмурках, таму шлях абарыгена найперш да адукацыі, навукі і культуры непазьбежна ляжыць праз эўрапеідызацыю.
Найвялікшыя азіяцкія палітычныя супольнасьці індэнтыфікуюцца найперш паліэтнічна і манарэлігійна: (Індыя, Пакістан), макраэтнічна і ідэалягічна (Кітай), ідэалягічна (Паўночная Карэя), нарэшце манаэтнічна (Паўднёвая Карэя, Японія). Сучасныя дзяржавы Сярэдняй Азіі і арабскія дзяржавы – хутчэй вынік эўразійскай (расейскай) і эўрапейскай калянізацыі-дэкалянізацыі, чым дзейнасьці нацыянальных рухаў па ўзору эўрапейскіх.
Нацыяналізм можна акрэсьліць як уласьцівасьць нацыі ўтвараць ды ўтрымоўваць уласнае нацыянальнае гаспадарства (найперш уласную нацыянальную дзяржаву), або імкнуцца да ўтварэньня і ўтрыманьня нацыянальнага гаспадарства. Такое акрэсьленьне нацыяналізму зьяўляецца палітгеаграфічным, бо ў ім – сувязь нацыі і дзяржавы. Яно ўзыходзіць да гельнэраўскай (Gellner) дэфініцыі “палітычны прынцып, які сьцьвярджае, што палітычная адзінка павінна адпавядаць нацыянальнай”, а ў беларускай традыцыі грунтуецца на булгакаўскай актуалізацыі пач. ХХІ ст.
Нацыяналізм – аб’ектыўная геаграфічная катэгорыя, бо характэрны для кожнай нацыі. Бывае ў двух асноўных формах: патрыятызм і шавінізм (А. Астроўскі, 1999). Патрыятызм вымагае любові да ўласнай нацыі і павагі да іншых, а шавінізм любові да ўласнай і ад непавагі да ненавісьці да іншых.
Калі патрыёт аднае нацыі зразумее патрыёта іншай, то паразуменьне паміж шавіністымі найперш суседніх нацый – амаль нерэальнае. Шавіністыя абшарава далёкіх нацый паразумеюцца часова з мэтай экспансіі (пакт Молатава-Рыбэнтропа), аднак не паразумеюцца з-за перадзелу падзеленых абшараў (Першая сусьветная вайна).
Сьцьвярджэньне З. Рыкеля аб тым, што патрыёт зразумее патрыёта, а нацыяналіст не зразумее нацыяналіста ў другой сваёй часццы памылковае. Нацыяналіст-патрыёт зразумее нацыяналіста-патрыёта, а нацыяналіст-шавініст не зразумее нацыяналіста-шавініста.
Нацыя (ад лац. natio – племя, народ). Выступае як:
Этнічная — супольнасьць, або гістарычная форма этнасу (этнанацыя). Эўрапейская аўтахтонная этнічная нацыя абавязкова: пабудавана на манаэтнічным, або пераважна на манаэтнічным субстраце, мае ўласны абшар; аднак не абавязкова павінна мець уласную дзяржаву ці толькі адно ўласнае гаспадарства, уласны сувэрэнітэт і, нават, можа не складаць статыстычнай большасьці на ўласных абшарах. Этнічныя нацыі абмежаваны этнічнымі і дзяржаўнымі межамі).
Этнас (ў трох гістарычных формах племені, народнасьці і нацыі) магчыма (пры самых шырокіх абагульненьнях) акрэсьліць як біясацыяльную супольнасьць, якая сфарміравалася гістарычна на пэўных абшарах і характэрызуецца наяўнасьцю і спалуччэньнем біялягічных (марфалягічных у т. л. расавых, часам асобных анатамічных і фізыялягічных, эталягічных, г. зн. паводзінавых) і сацыяльных (этналект ў форме дыялекту або літаратурнай мовы, матэрыяльная г. зн. традыцыйныя і мадэрныя галіны вытворчай сфэры гаспадаркі і духоўная, што зн. літаратура, мастацтва, адукацыя, навука, культура і іншыя галіны невытворчай сфэры гаспадаркі) прыкмет, з уласнай традыцыяй (-ыямі) у т. л. дзяржаўніцкай (-імі) ды дзяржаўнай (-ымі), элітай (-амі).
Стэрэатыпна для першабытнай грамацка-эканамічнай фармацыі характэрна племя, для рабаўладальніцкай – зьвяз (саюз) плямён, для фэўдальнай (фэадальнай) – народнасьць, а для капіталістычнай – нацыя.
Палітычная:
— дзяржаўная — супольнасьць дзяржавы, г. зн. каб быць палітнацыяй нацыя павінна мець уласную дзяржаву або, радзей, краіны. Ня кожная сучасная эўрапейская палітнацыя пабудавана на манаэтнічным падмурку. Бэльгійцы – палітнацыя, аднак біэтнанацыя, бо падзяляюцца на дзьве этнанацыі: флямандыйцаў і валёнаў. Швэйцарцы, брытанцы, басьнійцы – палітнацыі, у склад якіх уваходзяць некалькі этнанацый (паліэтнанацыі);
— аўтаномная – этнанацыя што мае ўласнае нацыянальнае гаспадраства (-ы) што валодае (-юць) пэўным аб’емам аўтаноміі уваходзячы ў склад пэўнай (-ых) дзяржавы (-аў). Аўтаномная нацыя валодае пэўным аб’ёмам сувэрэнітэту, не валодаючы незалежнасьцю.
Этнапалітычная супольнасьць (этнапалітнацыя). Прыменім катэгорыю этнапалітнацыя для тых супольнасьцяў, якія адначасова зьяўляючыся этнічнымі (этнанацыямі) маюць уласную дзяржаву, таму валодаюць тытулам палітычных супольнасьцяў (народаў ці палітнацыяў).
Паводле М. Ю. Брамлея (“Очерки теории этнаса”, 1982) палітнацыі — этнікасы, якія зьяўляюцца этнасацыяльнымі арганізмамі (ЭСА), дзякуючы наяўнасьці ў іх уласных дзяржаў.
У некамуністычнай Заходняй Эўропе фіны, швэдыйцы, нарвэгійцы, даччаны, ісляндыйцы, ірляндыйцы, французы, галяндыйцы, немцы, італійцы, грэкі і інш. – этнапалітнацыі, а ў пасткамуністычнай Ўсходняй Эўропе – этнасы-субстраты усіх аднайменных дзяржаў. Аднак, пры ўмове абавязковай наяўнасьці ўласнай дзяржавы, этнапалітнацыямі не зьяўляюцца флямандыйцы, валёны Бэльгіі, ангельцы, шатляндыйцы, гэлы, паўночныя ірляндыйцы Вялікабрытаніі, гішпанцы, каталёнцы, галісійцы, баскі Гішпаніі, сардынійцы, карсіканцы, сіцылійцы Італіі і мн. іншыя. Адны зь іх маюць уласныя аўтаноміі, іншыя – толькі сумесную абшаравую еднасьць і г. д.
Эўрапейскія нацыі
Гістарычна новыя (мадэрныя, мадэрновыя) нацыі пачалі ўтварацца з разьвіцьцём капіталізму. Рост колькасьці насельніцтва, урбанізацыя і утварэньне густой сеткі местаў, індустрыялізацыя і тэхналягічны а таксама тэхнічны прагрэс, ператварэньне традыцыйнай сельскай гаспадаркі ў аграсэктар, канцэнтрацыя насельніцтва ў местах і ўтварэньне новых і найноўшых элітаў (палітычных, гаспадарчых, культурных), вынаходніцтва кнігадрукаваньня, пратэстантызацыя, масавае навучаньне ў школах і перавод элітамі у нацыі ніжэйшых слаёў грамацтваў ды мн. інш. чыньнікі паспрыялі трансфармацыі сярэднявечных народнасьцяў у мадэрныя нацыі.
VІ. 3. ГІСТАРЫЧНЫЯ КАНЦЭПЦЫІ МАДЭРНЫХ ЭЎРАПЕЙСКІХ НАЦЫЙ
Розныя эўрапейскія супольнасьці неаднолькава разумеюць нацыю як катэгорыю, што склалася гістарычна. Часта розьніца ў разуменьні нацыі была прычынай непаразуменьня паміж эўрапейцамі.
У ангельскай і францускай мовах тэрмін nation на працягу XVIII ст. быў трактаваны як — сукупнасьць падданых альбо (затым заўв. В. К.) грамадзянаў адной дзяржавы ды … заўсёды асацыяваўся зь дзяржавай і дзяржаўнасьцю (M. Groch, 1999). Пасьля Вялікай Францускай рэвалюцыі францускае разуменьне nation удакладнілася сукупнасьцю грамадзянаў аднае дзяржавы, аб’яднаных супольнай мовай, а, адсюль, і культурай. Ангельскі nation стаў да сёньняшняга дня сынонімам state – дзяржавы.
Мадэрная ангельская нацыя разьвівалася разам з росквітам Брытанскае імпэрыі, таму яна зьлілася зь імпэрыяй, а ангелец і брытанец у штодзённым, паточным ужываньні сталіся сынонімамі. Брытанская імпэрыя не займалася поўнай этнічнай асіміляцыяй шатляндыйцаў, ірляндыйцаў і ўэльсцаў з-за іх пэрыфэрыйнасьці і малалікасьці ў параўнаньні з ангельцамі і зангельшчанымі. Хапіла толькі іх моўнай асіміляцыі, г. зн. выкарыстаньня ангельскай мовы ў штодзённай камунікацыі. У Вялікабрытаніі гістарычна рэалізавалася канцэпцыя грамадзянскай нацыі.
Ангельскае мадэрновае разуменьне нацыі дало пачатак аналягічнага разуменьня ў ангельскамоўным перасяленскім сьвеце (ЗША, Канада, Аўстралія і інш.)
Іншае адбывалася ў Францыі. Стэрэатыпна, фарміраваньне мадэрнай францускай нацыі адбываецца пасьля Вялікай Францускай рэвалюцыі. Рэвалюцыя, рэспубліканізаваўшы дзяржаву, зьмяніла станавае грамацтва на мадэрнае, а сярэднявечнае разуменьне нацыі як сукупнасьці найзаможнейшых і заможных арыстакратаў (шляхта, сьвятарства і інш.) замяніла мадэрным разуменьнем як сукупнасьці грамадзян пэўнай дзяржавы.
Інтэлектуальныя наступствы Францускай рэвалюцыі для эўрапейскага мысленьня можна сфармуляваць наступным чынам: а) яна замацавала аўтарытэт асобы ў грамацтве; б) выставіла на парадак дня пытаньне ўкараненьня сьветагляду новага тыпу – нацыянальнага сьветагляду; в) дала штуршок для стварэньня нацыяў у астатніх частках Эўропы (0. Забужко, 1992; В. Булгакаў, 2006). Яна была ня столькі буржуазная, колькі нацыяналістычная (В. Булгакаў, 2006), а яе самым важным наступствам было зьяўленьне новай канцэпцыі і выхад на новую сцэну нацыяналізму (Р. Шпорлюк 1998).
Палітычна прагрэсіўная Француская Рэспубліка стала тварыць у сваіх межах мадэрную нацыю. За два стагодзьдзі адбыліся працэсы паступовай асіміляцыі сярэднявечных паўночна-францускай, правансальскай, бургунскай і інш. народнасьцяў і пераўтварэньне іх у мадэрную францускую нацыю. Калі ангельская нацыя – найперш грамадзянская, то француская – народная, г зн. другой гістарычнай канцэпцыяй генэтычна зьвязанай з ангельскай грамадзянскай нацыяй сталася француская канцэпцыя народнай гістарычнай эўрапейскай нацыі.
Ня варта адмаўляць грамадзянскага элемэнту ў фарміраваньні францускай нацыі, бо ён, хутчэй, пасьля ўласна нацыянальнага стаіць на другім мейсцы.
Нямецкая мадэрная нацыя тварылася ў складаных умовах. Паўднёвыя германцы ў ХVIII-XIX стст. былі палітычна дыфэрэнцаваны на розныя дзяржавы. Сярод іх не назіралася ні палітычнай, ні ідэалягічнай, ні рэлігійнай, ні, найперш, гаспадарчай еднасьці. Нямецкія інтэлектуалы сканструявалі макраэтнічную нямецкую нацыю з найперш этнічнага (Nation = Volk) падабенства, дадаўшы да яго моўнае і культуровае падабенства і супольны дух, а таксама нават еднасьць расы і крыві. Паводле нямецкага разуменьня, прадстаўніком тае ці іншае нацыі чалавек нараджаецца, таму пры некаторых абставінах ён нават можа лічыць сябе, напрыклад, беларусам, але нарадзіўшыся ад бацькоў-немцаў у сапраўднасьці – зьяўляцца немцам.
Дзякуючы такому разуменьню нацыі ўзьніклі аб’яднаная Нямеччына і аб’яднаная Італія. Мадэрная нямецкая нацыя, што стварылася ў ХІХ ст. дзякуючы найперш культурна-асьветніцкай дзейнасьці нямецкіх эліт, не перашкодзіла прускім палітычным элітам (у зьвязе зь іншымі нямецкімі элітамі) на чале з “жалезным канцлерам” Ота фон Бісмаркам (Otto von Bismark) правесьці пажаданы працэс аб’яднаньня. Хутчэй наадварот, колькасьць і ўплыў староньнікаў нямецкай еднасьці ў розных паўднёвагерманскіх дзяржавах павалічваліся.
У Францыі і Нямеччыне былі рэалізаваны розныя канцэпцыі нацыі.
Шматлікія эмігранты з былых калёній, што працяглы час жываць у Францыі, маюць іншае этнічнае (найперш нашчадкі арабаў з поўначы Афрыкі і інш.), расавае (негроідаў чорнай Афрыкі і г. д.) паходжаньне, але моўна і культурова асімілююцца (франкамоўныя, франкакультуровыя), таму аўтахтоннымі французамі ўспрымаюцца як французы заморскага генэзісу, таму, як правіла, без вялікіх праблем атрымоўваюць францускае грамадзянства.
Такія ж эмігранты (найперш з Турэччыны, з былой Югаславіі і г. д.), што дзесяткі год жывуць у Нямеччыне, як правіла, нават ня мараць атрымаць нямецкае грамадзянства, бо не адпавядаюць нямецкаму разуменьню нацыі, што заснавана найперш на этнічным генэзісе, так як ня маюць паўднёвагерманскага этнічнага паходжаньня. Наадварот, нашчадкі немцаў зь іншых дзяржаў, што дакажуць сваё нямецкае паходжаньне (этнічнасьць) прэтэндуюць на нямецкае грамадзянства, ня гледзячы на тое што ніколі не жылі ў Нямеччыне і, як правіла, асіміляваны.
Нямецкая канцэпцыя нацыі, між іншым, утрымоўвала тэзісы аб адзінстве немцаў, заснаваным на расе і крыві, што сталася прычынай бедаў як для немцаў, так і для ўсёй Эўропы. Працы нямецкіх геапалітыкаў стымулявалі прыход да ўлады фашыстоўцаў у Італіі і нацыянал-сацыялістых у самой Нямеччыне, што прывяло да Другой сусьветнай вайны.
Перадусім, найвялікшым вынаходніцтвам немцаў была трэцяя гістарычная канцэпцыя мадэрнай эўрапейскай нацыі – этнічная.
Нямецкае разуменьне нацыі актуалізавалі палякі, палітычна падзеленыя (ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай) паміж Прусіяй, Аўстра-Вугоршчынай і Расеяй. У кожнай зь імпэрый палякі, што страцілі сваю дзяржаву, — зьяўляліся меньшасьцю, аднак ніводная зь імпэрый не змагла ня толькі прышчапіць ім імпэрскую палітычную сьвядомасьць, але, элемэнтарна, інтэгрнаваць палякаў у імпэрыю. Польскія эліты у сваёй большай масе не пайшлі на калябарацыю з замежнымі акупантамі, а наадварот, — на працягу ХІХ ст. зрабілі велізарнейшую культурна-асьветніцкую працу па стварэньню мадэрновай польскай нацыі
Дамадэрны польскі шляхоцкі народ (што характэрны да першай Рэчы Паспалітай) папаўняецца ўсімі хто лічыць сябе палякам, г. зн. мяшчанамі, сялянамі, спольшчанымі жыдамі, беларусамі, украінцамі, летувісамі, і, нават, немцамі. Элітарны польскі шляхоцкі народ трансфармуецца ў народ, што рэпрэзэнтуе ўсе станы, сацыяльныя групы і клясы, нават адпавядае польскаму слову люд у самым плябейскім яго разуменьні. Велізарнейшую працу зрабіў каталіцкі касьцёл па прышчапленьню вернікам заходнім славянам Вялікапольшчы (у складзе Прусіі), Малапольшчы (у складзе Аўстра-Вугоршчыны), а таксама ўсім каталікам захаду царскай Расеі польскай сьвядомасьці, таму словы каталік і паляк у масавай сьвядомасьці сталіся сынонімамі.
У літаратуры сустракаецца тэза аб новай нацыянальнай маралі, выпрацаванай польскімі элітамі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай… Ужо у рэвалюцыйнай Францыі паняцьце нацыі становіцца найвышэйшым маральным аўтарытэтам, які значна пераўзыходзіць Царкву і нават дзяржаўную ўладу. Польскія мысьляры зрабілі наступны лягічны крок. Дзякуючы насычэньню паняцьця “нацыя” ірацыянальным (што характэрна для славянства) містычным і мэсіянскім духам, у польскіх эліт яно становіцца абсалютнай маральнай каштоўнасьцю… Пэрспэктыва зьмены нацыянальнасьці значыць ня толькі маральнае падзеньне, але духоўную сьмерць. (В. Булгакаў, 2006).
Зьмена нацыянальнасьці, а таксама калябарацыя з пануючымі “антыпольскімі” рэжымамі ў Адама Міцкевіча зрабіліся здрадаю. Наш зямляк мэсіянізаваў і славянізаваў польскую нацыянальную ідэю, абвясьціўшы царскую Расею антыславянскай (паводле В. Булгакава, 2006).
Узьнікненьне другой Рэчы Паспалітай у 1918 г. (стваральнік Юзэф Пілсудскі) – лягічны вынік, бо мадэрная польская нацыя стварыла ўласную нацыянальную дзяржаву.
Польскае нацыятварэньне дало прыклад летувісам, украінцам і беларусам, дзе ўтварыліся або ўтвараюцца мадэрновыя эўрапейскія нацыі.
Нямецкае разуменьне нацыі перадалося палітчным супольнасьцям, што ўтварыліся пасьля распаду Аўстра-Вугорскае імпэрыі, германізаваным латышам і эстонцам.
Вядома, што расейскамоўныя Латвіі і Эстоніі лічацца ў найперш побытавай сьвядомасьці вялікай часткі аўтахтонаў латышоў і эстонцаў акупантамі, нелегальнымі мігрантамі або іх нашчадкамі, таму не атрымалі грамадзянства. Неграмадзяне ня могуць галасаваць на выбарах, аднак іх рэальны матэрыяльны ўзровень намнога лепшы, чым у Расеі, таму, як правіла, не зьбіраюцца рэпатрыяваць на гістарычную радзіму продкаў. Больш таго, неграмадзяне могуць натуралізавацца, г. зн. атрымаць грамадзянства. Сэнс летувіскага tauta (таўта) блізкі да паняцьця “нацыя”, аднак мае, хутчэй за ўсё, язычніцкае адлюстраваньне з-за позьняга прыняцьця аўкштайтамі і жамойтамі хрысьціянства.
Стэрэатыпна, у сучаснай цывілізацыйнай Эўропе рэалізаваны тры асноўныя гістарычныя канцэпцыі мадэрных нацый, г. зн. паводле суадносін паміж дзяржавай і нацыяй дзяржавы бываюць:
Грамадзянская ў Вялікабрытаніі, Галяндыйскай рэспубліцы (ад др. пал. ХVII ст.), г. зн. фарміраваньне мадэрнай нацыі і дзяржавы ішло паралельна.
Народная ў Заходняй Эўропе, г. зн. дзяржавы сфарміравалі мадэрныя нацыі.
Этнічная ва Ўсходняй Эўропе (Нямеччына, Аўстрыя, Італія і нацыі на ўсход), г зн. мадэрновыя нацыі ўтварылі й сфарміравалі дзяржавы.
Z. Rykiel (2004) лічыць, што ў Эўропе існуюць народныя і этнічныя нацыі, а грамадзянскія характэрны для Новага Сьвету. M. Groch (2006) французаў лічыць узорам мадэрновай нацыі, а А. Латышонак (2006) уважае французаў за вынятак (нацыю народжаную рэвалюцыяй) сярод сучасных нацыяў Эўропы.
Нетрадыцыйна варта акрэсьліць, што гістарычныя канцэпцыі эўрапейскіх нацый даюць уяўленьне аб першаснасьці таго ці іншага чыньніку ў часапрасторавым нацыятварэньні, а таксама аб першаснасьці, паралельнасьці і другаснасьці дзяржава- і нацыятварэньняў.
1. Гішпанскую, партугальскую нацыі, нацыі мікрадзяржаў Эўропы, а таксама альпійскіх дзяржаў можна акрэсьліць як найперш абшаравыя. Цэнтралізаваная Гішпанія ўзьнікла ў калюмбаву эпоху, г. зн. што ўзрост дзяржавы апярэджвае ўзрост нацыі. Казаць нават аб зараджэньні мадэрнай нацыі ў дакапіталістычную эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў немагчыма, паколькі 500 год таму капіталістычныя адносіны толькі нараджаліся. Гішпанская, партугальская, швэйцарская, галяндыйская, швэдыйская, дацкая, андорская, люксэмбурская дзяржавы старэйшыя за аднайменныя палітнацыі. Паўтысячагодзьдзя таму іх абшары займалі позьнесярэднявечныя народнасьці. Нацыі пачалі фарміравацца ў межах зададзеных абшараў.
2. Першыя клясычныя буржуазныя рэвалюцыі (галяндыйская і ангельская) запачаткавалі традыцыю грамадзянскай нацыі, г. зн. дзяржавы і нацыі маюць аднолькавы ўзрост, таму часы народзінаў буржуазных дзяржаў (аччытаць толькі разам, заўв. В. К.) і нацыяў супадаюць. Грамадзянскія нацыі таксама зьяўляюцца абшаравымі. Гістарычна пазьнейшая Вялікая француская рэвалюцыя хутчэй не запачаткавала, а паскорыла працэс нацыягенэзу, толькі на аснове ня столькі абшару і грамадзянсктва, колькі супольных каштоўнасьцей сфармуляваных у лёзунгу “Свабода! Роўнасьць! Братэрства!”. Француская нацыя наколькі стэрэатыпна палітычная і нацыянальная, настолькі – каштоўнасная. Палітычна прагрэсіўныя французы разьнесьлі ўласныя каштоўнасьці па ўсёй тагачаснай Эўропе, узбудзілі розумы прагрэсіўных элітаў іншых палітычных супольнасьцяў.
3. Нацыі цэнтру і ўсходу Эўропы фарміраваліся гістарычна пазьней ня толькі таму, што былі абмежаваны імпэрыямі, але найперш таму, што капіталізм тут разьвіваўся гістарычна пазьней. Іхні прымат этнічнасьці і першаснасьць ў дачыненьні да дзён народзінаў уласных нацыянальных дзяржаў (др. пал. ХІХ – канец ХХ стст.), а таксама тытульнасьць ва ўласных нацыянальных дзяржавах не вызывае сумненьняў. Пастімпэрскія нямецкая, аўстрыйская і, у пэўнай ступені, вугорская нацыі – нясумнеўна этнічныя. У іх прысутнічаюць як абшаравасьць, так і палітычнасьць ды грамадзянскасьць.
Высновы: часпрасторава ў суадносінах (першаснасьц, другаснасьці, трэцяснасьці) дзяржава, нацыянальны рух, нацыя, нацыяналізм, рэвалюцыя бываюць тры асноўныя выпадкі:
Дзяржава, нацыянальны рух, нацыя, нацыянал-шавінізм (для абшаравых нацый). Пераважна эвалюцыйны шлях з рэвалюцыямі.
Рэвалюцыя, нацыянальная дзяржава ды нацыя і нацыяналізм паралельна (для грамадзянскіх і каштоўнасных нацый). Перважна рэвалюцыйны шлях (Вялікабрытанія, Францыя).
Нацыянальны рух, нацыя, нацыянал-патрыятызм, дзяржава (для этнічных нацый). Пераважна эвалюцыйны шлях з нацыянальнай рэвалюцыяй.
Расейцы як дзяржаўніцкія азіяты разам з фарміраваньнем эўразійскай імпэрыі займелі ўласнае разуменьне люду не як нацыі з цывілізаванай Эўропы як трыадзіны рускі народ, і нярускія. Рускія, паводле расейскай шавіністычнай канцэпцыі, складаліся з трыадзінага народу: вялікаросаў (расейцаў), маларосаў (украінцаў), беларосаў (ліцьвінаў-беларусаў). Таму расейцы не прызнавалі украінцаў і беларусаў за асобныя нацыі, а толькі за адгалінаваньні-народнасьці рускіх, адсюль украінская і беларуская мовы лічыліся гаворкамі і г. д. Нярускія – называліся іншародцамі і іншаверцамі (не праваслаўнымі), рэальна былі людзьмі другога і трэцяга гатунку ды падвяргаліся татальнай русіфікацыі (як “дабраахвотнай” так і гвалтоўнай).
Паняцьце народ зыходзіць ад славянскага кораню род, магчыма маючы першасны этнічны генэзіс, аднак адценьне прыстаўкі на указывае на вышэй чым род, можа надродавасьць, звышродавасьць, сьвятарнасьць, бо з фарміраваньнем імпэрыі народ трансфармаваўся ў разуменьне палітычнай супольнасьці імпэрыі, надэтнічнай паводле сутнасьці, адсюль савецкі народ ста народаў.
Расейская імпэрская бюракратыя, г. зн. імпэрыякратыя (у т. л. камуністычная) баялася фарміраваньня ў межах імпэрыі эўрапейскіх мадэрных нацый (з асобных народнасьцяў або іх сукупнасьцяў), бо гэта б прывяло да пагібелі імпэрыі. Таму ўся магутная імпэрская таталітарная прапаганда ў царскай Расеі і СССР была накіравана супроць нацыяналізму як імкненьня аб’ектыўна фарміруючыхся элітаў нацыяў да ўтварэньня ўласных нацыянальных дзяржаў. Імпэрскія эліты юрыдычна дэлегалізоўвалі як дзейнасьць інтэлектуальных элітаў, так і вынікі іх дзейнасьці (літаратурныя творы, кнігі, СМІ і мн. інш.) пазбаўлялі каналаў, што зьвязывалі эліты з уласнымі этнасамі (забарона этнонімаў, харонімаў, палітонімаў, ужываньня ствараемых літаратурных моў, кнігадрукаваньня, зьвядзеньня ужываньня гаворак нерасейскіх этнасаў выключна дзеля “навуковых” досьледаў з мэтай іх асіміляцыі і мн. інш.).
У расейскай і, пазьней, савецкай традыцыі тэрмін нацыяналізм рэдукаваўся да нацыянал-шавінізму з выключна нэгатыўнай афарбоўкай, а ў часы позьняга СССР — расейская імпэрская ідэя, трансфармаваўшы сваю сутнасьць шляхам камунізацыі, называлася пралетарскім інтэрнацыяналізмам (а не обрусением як у царскай Расеі) у супрацьвагу буржуазнаму нацыяналізму. Палітычная супольнасьць зрасейшчаных і зкамунізаваных называлася савецкім народам (з папраўкай што ён, фарміруецца), але толькі не савецкай нацыяй. Пазытыўная роля нацыяналізму дзеля нацыянальнага вызаленьня і дэкалянізацыі не адлюсторўвалася, бо ва ўмовах Расейскай імпэрыі і СССР азначала дэрусіфікацыю, дэкалянізацыю і дэградацыю імпэрскае Расеі.
У польскай традыцыі мадэрновая эўрапейская нацыя называецца тым жа славянскім словам naród (нáруд) (S. Otok, 1997, Z. Rуkiel, 2006), аднак зусім не карэлюецца з расейскім эўразійскім народом.
Слова дзяржава ў расейскай традыцыі мае выразны манархічны генэзіс (государство – государь). Наадварот, у беларускай гістарычнай, летувіскай ды польскай – гаспадарчы, уладарны і супольнасны (гаспадарства, valstybė і państwo).
У расейскай традыцыі эўразійскі народ не абазначае мадэрновую эўрапейскую нацыю. Наадварот, паміж эўрапейскай natio і эўразійскім народам не назіраецца карэляцыі.
Кожная эўрапейская нацыя пабудавана зьнізу, таму не патрабуе правадыра, таму дыстанцыя паміж элітамі і неэлітамі ў супольнасьці сьціраецца. Кіруючыя эліты дзякуючы самакіраваньню (у т. л. рэгіянальныя) выбіраюцца, таму адказны перад сваімі выбаршчыкамі. Эўрапейская нацыя – носьбіт сувэрэнітэту і незалежнасьці эўрапейскай дзяржавы. Узьнікненьню кожнай новай эўрапейскай краіны і дзяржавы папярэднічае ўзьнікненьне нацыі, а распад – фармалізуе фактычны распад нацыі і г. д.
Паколькі расейская дзяржаўніцкая традыцыя пастмангола-татарская, то расейскі народ выбудаваны зьверху, таму патрабуе правадыра. Правадыр (князь, цар, прэзыдэнт) у час кіраваньня сакралізуецца. Расейскае “государство” маючы выразны манархічны генэзіс не дэманархізавалася ў тоеснасьці падданых.
Калі для эўрапейцаў і амэрыканцаў прэзыдэнт толькі зьяўляецца галоўным мэнэджэрам, дзейнасьць якога свабодна падвяргаецца крытыцы, то для расейцаў і зрасейшчаных – правадыром (неафіцыйным манархам, царом), таму яго крытыка выглядае як дэсакралізацыя, што для расейца і зрусіфікаванага – не “благо”, а – блага. Як і расейскія цары, прэзыдэнты сёньняшняй Расеі прызначаюць пераемнікаў, толькі пераемнікі цароў былі спаччыннымі.
У Расеі адсутнічаюць эўрапейскія рэгіёны, затое ў наяўнасьці правінцыя – адміністрацыйныя адзінкі з максімальна абмежаваным de facto кіраваньнем мяйсцовых валадароў. У расейскай дзяржаўніцкай традыцыі мяйсцовых валадароў не выбіраюць, а прызначаюць зьверху, таму і не паважаюць (пагардлівае “удельные князьки”), а правінцыя мае пераважна негатыўны імідж і асацыюецца з адсталасьцю, занядбанасьцю і інш. У Расеі не існавала й не існуе мадэрновая эўрапейская нацыя, таму распад Расейскай імпэрыі і СССР не прывёў да масавага расейскага нацыянальнага руху за аб’яднаньне.
Ілюстрацыяй адсутнасьці ў расейскай азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі прававой дзяржавы сталася імкненьне афіцыйных элітаў працягнуць паўнамоцтвы спадабаўшагася прэзыдэнта-правадыра, зьмяніўшы канстытуцыю, аднак правадыр сам не згадзіўся на гэта.
Адсюль, магчыма вызначыць расейскі народ (толькі не нацыю) як эўразійскі традыцыйна манархічны, а сучасны – як эўразійскі правадырскі.
VI. 4. ФАРМІРАВАНЬНЕ МАДЭРНЫХ ЭЎРАПЕЙСКІХ НАЦЫЙ
М. Грох дае тры вызначальныя характэрыстыкі мадэрнай нацыі (1999):
тэрытарыяльныя, моўныя, культурныя, палітычныя, рэлігійныя, гаспадарчыя і мн. інш. адносіны ўнутры адной супольнасьці былі інтэнсіўнейшымі, мацнейшымі чым паміж супольнасьцямі, чаму садзейнічала абшаравая еднасьць унутры супольнасьці і адмежаванасьць ад іншых супольнасьцяў;
Пэўная форма “каляктыўнай памяці”, г. зн. усьведамленьне сваёй супольнай мінуўшчыны;
Канцэпцыя роўнасьці ўсіх прадстаўнікоў народу як чальцоў грамадзянскай супольнасьці, якая была неажыцьцяўляльнай ва ўмовах фэадальнай сыстэмы, заснаванай на няроўнасьці. Трэцяя характарыстыка дае найважнейшы крытэр адрозьненьня мадэрнай нацыі ад сярэднявечнай народнасьці.
У ХІХ ст . пасьля аб’яднаньня Італіі й Нямеччыны і да распаду Атаманскае імпэрыі, колькасьць мана-, або пераважна манаэтналітычных этнапалітычных нацый у Эўропе сталася мінімальнай: партугальцы, андорцы, французы, галяндыйцы, немцы, італійцы, люксэмбурцы, швэйцарцы, ліхтэнштэйнцы, аўстрыйцы, швэды, даччаны. Усе яны былі адначасова як этнічнымі, так і палітчынымі (мелі ўласную дзяржаву) ды манаэтнапалітычнымі (зьяўляліся адзіным, або амаль адзіным этнічным субстратам аднайменных дзяржаў). За выключэньнем немцаў і італійцаў зьяўляліся грамадзянскімі, або народнымі мадэрнымі нацыямі.
Астатнія палітычныя супольнасьці зьяўляліся бі- або паліэтнічнымі. Сярод грамадзянскіх, або народных бі- і паліэтнічных мадэрновых этнапалітнацый: гішпанцы (у Гішпаніі), ангельцы (у Вялікабрытаніі), франкафонныя валёны (ў Бэльгіі), хутчэй германашвэйцарцы (у Швэйцарыі) былі пануючымі этнанацыямі. Вышэйзгаданыя 16 пануючых этнанацый асацыяваліся з аднайменнымі дзяржавамі, таму мелі найперш уласныя дзяржаўныя эліты і поўную сацыяльную ды клясавую структуры, што адпавядалі мадэрнай этнанацыі і афіцыйна карысталіся дзяржаўнай мовай пануючай этнанацыі (супадала з палітычнай і этнапалітычнай нацыямі). Пануючыя нацыі, як правіла, мелі аднайменную на той час выдатна распрацаваную літаратурную мову: француская, ангельская, гішпанская, нідэрлянцкая, швэдыйская, у меншай ступені нямецкая, італійская і інш.
Побач з пануючымі нацыямі на эўрапейскіх абшарах жылі непаноўныя этнічныя групы, бо ня мелі ўласнай дзяржавы, таму кожнай зь іх не даставала пануючых дзяржаўных элітаў (ім этнічна тоесных), паўнавартаснай традыцыі ўласнай літаратурнай мовы (перарваная, або падарваная). Падзяляліся на (M. Groch, 1999):
1. Тыя, што захавалі рэшткі сярэднявечных інстытутаў уласнай мёртвай дзяржавы: чэхі, каталёнцы, харваты, нарвэгійцы, ірляндыйцы. Палякі і вугорцы нават мелі уласную нацыянальную шляхту.
2. Тыя, што захавалі ўспаміны ў этнічнай супольнай памяці пра ўласную сярэднявечную дзяржаву, ад якой не захавалася нічога, акрамя этнічнасьці: сэрбы, грэкі, летувісы, валійцы, ісляндыйцы і інш.
3. Тыя, што ніколі ў гісторыі ня мелі ўласнай нацыянальнай дзяржавы: фрызы, латышы, эстонцы, беларусы (? Заўв. В. К..), фіны, брэтонцы, славакі, славенцы, македонцы, галісійцы. Неставала нават літаратурнай мовы і творчасьці на ёй (цалкам, або амаль цалкам).
У беларусаў ніколі ў гісторыі не было незалежнай дзяржавы з палітонімам Беларусь (аччытаць і разумець толькі разам, заўв. В. К.), аднак пратабеларускімі і прабеларускімі дзяржавамі былі Полацкае княства, Тураўскае княства, Смаленскае княства, Вялікае княства Літоўскае і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Беларусам неставала новай літаратурнай мовы, аднак старабеларуская мова вядома як афіцыйная у ВКЛ пад назвамі літоўская і руская (ня блытаць з мовай сярэднявечнай Масковіі і сучаснай расейскай мовай).
Галоўнае адрозьненьне паміж старабеларускай літаратурнай мовай часоў Скарыны і Вялікага Княства з аднаго боку, і беларускаю літаратурнаю моваю ХХ ст. з другога – у тым, як пісьмо суадносіцца з вымаўленьнем.
Чатырыста гадоў таму нашы продкі пісалі на царкоўнаславянскі ўзор ходити, литовский, хоць чыталі ды казалі хадзіці, літоўскі. Разыходжаньне асьвячонага традыцыяй пісьма й жывога слова нікому ня шкодзіла, бо беларуская мова панавала ва ўсіх сфэрах грамацткага жыцьця, на спосаб чытаньня ня ціснулі чужамоўныя ўзоры, а вымаўленчая завядзёнка перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне. Дарэчы, даволі значна адрозьніваецца чытаньне ад напісаньня ў ангельскай, францускай мовах. Такое разыходжаньне бяз рызыкі страціць самабытнасьць, падпасьці пад чужыя ўплывы, пацярпець у плане прэстыжнасьці, як правіла, дазваляюць сабе мовы дзяржаўныя, трывала ўгрунтаваныя ў грамацткім жыцьці свайго народу.
Для мовы паняволенага народу гэта ня можа быць узорам – сьвядома ці падсьвядома адчувалі ўпараднікі беларускага пісьма ХІХ – пачатку ХХ стст. Зь першых жа беларускіх тэкстаў ХІХ ст., запісаных лацінкай, а потым і кірыліцай, відаць няўхільная тэндэнцыя аўтараў, фальклярыстаў, сьвятароў да гукавых, фанэтычных напісаньняў. Тарашкевіч замацаваў яе (В. Вячорка, 1991).
Трансфармацыя непаноўнай этнічнай групы ў сучасную (мадэрную) нацыю уяўляла сабой нацыянальны рух – мэтанакіраваны высілак этнічнай групы з мэтай дасягнуць для гэтае этнічнай групы усіх атрыбутаў цалкам сфармаванае сучаснае нацыі. Нацыянальны рух:
Пераадольваў культуровую й моўную непаўнавартасьць шляхам культывацыі ды разьвіцьця ўласнай літаратурнай мовы і пабудовы нацыянальнай культуры;
Пераадольваў палітычную недзеяздольнасьць чальцоў этнічнае групы й атрымаць права на ўдзел у прыняцьці палітычных рашэньняў;
Ліквідаваў яе падпарадкаванае сацыяльнае становішча ды дасягнуць паўнаты сацыяльнай структуры, якая атпавядае дадзенай ступені сацыяльнага разьвіцьця.
Кожны нацыянальны рух мае тры асноўныя фазы (M Groch, 1999):
— фаза А – пэрыяд вучнёўскага інтарэсу, калі мова этнічнай групы, яе мінулае, культура, лад жыцьця, часам спэцыфічныя ўласьцівасьці тэрыторыі, якую яна насяляла, станавіліся прадметам асьветніцкага вывучэньня.
— фаза В — пэрыяд нацыянальнай агітацыі, калі нацыянальная эліта імкнулася пераканаць прадстаўнікоў сваёй непаноўнай этнічнай групы, што яны – чальцы народу, які мае вартасьць і права на тыя самыя атрыбуты, што і ўжо існыя народы.
Вылучаюцца дзьве падфазы. У першай, агітуючыя патрыёты не пабудзілі выразнага інтарэсу ў агітуемых. У другой можна заўважыць узмацненьне водгукаў і рост колькасьці прыхільнікаў нацыянальнага руху.
— фаза С – пэрыяд масавага руху, калі сыгналы з патрыятычнага цэнтру знаходзяць водгук у дзесятак тысяч асобаў ва ўсіх рэгіёнах этнічных абшараў. Цяпер сфарміраваная нацыя замяняе этнічную групу.
У дзяржавах захаду Эўропы, дзе абсалютныя манархіі, як правіла, трансфармаваліся ў канстытуцыйныя (за выкл. Францыі, Партугаліі і інш.) і сфарміраваліся грамадзянскія або народныя пануючыя нацыі — непаноўныя этнічныя групы, звычайна, атрымалі de facto (у тым ці іншым аб’ёме) аўтаноміі і сувэрэнітэты, аднак масава не здабылі незалежныя нацыянальныя дзяржавы (за выкл. паўночнаэўрапейскіх нарвэгійцаў, ісляндыйцаў, фінаў, ірляндыйцаў, а таксама паўднёваэўрапейскіх мальційцаў).
У цэнтры і на ўсходзе Эўропы, дзе шляхамі аб’яднаньня (немцы, італійцы), або распаду імпэрыяў непаноўныя этнічныя групы пераўтварыліся ў этнічныя нацыі, кожная ўтварыўшы ўласную нацыянальную дзяржаву. Цікава, што ў цэнтры Эўропы паўднёвыя германцы і апэнінскія раманцы пераўтварыліся ў буйнейшыя мадэрновыя нацыі, а стракатая этнічная дыфэрэнцыяцыя ўсходу цывілізацыйнае Эўропы сталася прычынай стварэньня густой сеткі нацыянальных дзяржаў, найбольшая колькасьць якіх – на Балканах.
Увогуле, працэс стварэньня мадэрных эўрапейскіх нацый гістарычна адбываўся ў накірунку з захаду на ўсход і на паўднёвы-ўсход Эўропы.
Клясавая і сацыяльная база нацыянальных рухаў была рознаю. Залежыла ад часу, краіны, дзяржавы, фазы і мн. інш.
У працэсе індустрыялізацыі ўзьнікаў антаганізм паміж рамесьніцкай дробнай вытворчасьцю ды прамысловай буйнатаварнай вытворчасьцю, які ўскладняўся супярэчнасьцю паміж дробным мяйсцовым гандлем і буйной камэрцыяй. Калі такі антаганізм у той ці іншай ступені супадаў з моўным або/і этнічным, а таксама рэлігійным падзелам – дробная і сярэдняя буржуазія непаноўных этнічных груп ўключалася ў нацыянальныя рухі. Супярэчнасьць паміж малым (нацыянальным) і вялікім (дзяржаўным/імпэрскім) рынкам вылівалася для непаноўных этнічных груп у барацьбу за нацыянальны рынак (радзей у фазе В, часьцей у — С).
Сялянства толькі зрэдку падключалася да фазы В нацыянальных рухаў (эстонцы, летувісы, зах. украінцы). Толькі з пераходам да фазы С (звычайна пасьля адмены прыгону) чэскія, ірляндыйскія, славацкія, славенскія сяляне ўдзельнічалі ў фазе С ўласных нацыянальных рухаў. Прадпрымальніцтва, як і сялянства, звычайна, больш-меньш шырока ўключалася ў нацыянальныя рухі толькі падчас фазы С (паводле М. Гроха, 1999).
Месты (гарады) да фазы С былі асяродкамі пануючый нацыі, таму этнічна супрацьстаўляліся вёсцы як асяродзьдзю непаноўнай этнічнай групы, аднак да фазы С нацыянал-патрыётам зрэдку ўдавалася выкарыстаць антаганізмы па восі вёска – места як міжэтнічныя антаганізмы з мэтай пераўтварэньня непаноўных этнічных груп у нацыі, хіба ў летувіскім, украінскім і беларускім выпадках.
Для падаўляючай большасьці непаноўных этнічных груп (найперш тых, што не асіміляваліся моўна) надзвычай важным было моўнае пытаньне. У мультыэтнічных імпэрыях паноўны этнас навязаў уласную літаратурную мову ў якасьці агульнаімпэрскай (ангельская, нямецкая, расейская). Непаноўныя этнічныя групы, што мелі ўласныя літаратурныя мовы зь сярэднявечча, іх “запамяталі”, або ня мелі, таму, размаўляючы на гаворках, de facto дыскрымінаваліся. Эліты зь непаноўных этнічных груп пачалі ствараць новыя літаратурныя мовы ўласных этнасаў, весьці змаганьне за іх прызнаньне ў якасьці афіцыйных, г. зн. павышэньне статусу да роўнага з паноўнай (імпэрскай) мовай.
У Польшчы фаза А праходзіла надзвычай рана, таму грунтавалася на краявым патрыятызьме, што застаўся з часоў першай Рэчы Паспалітай. На аснове краявога патрыятызму польскія эліты канструявалі спачатку шырокі праект мадэрновай нацыі: вялікі шматэтнічны і шматканфэсійны народ Рэчы Паспалітай (палітычныя палякі). Пасьля усьведамленьня відавочнай нерэальнасьці рэстаўрацыі першай Рэчы Паспалітай – выбралі больш вузкі праект у складзе супольнасьцяў міжваеннай Рэчы Паспалітай. Нарэшце –ўласна польскую этнічную сьвядомасьць і палітычных палякаў (пераважна рэпатрыянтаў) на ўласна польскім этнічным падмурку (ПНР, сучасная РП пасьля дэкамунізацыі з канца 80-ых гг. ХХ ст.).
Польская мова, што была кадыфікавана зь сярэднявечча, ня зьнікла і ўжывалася элітамі. Таму палякі ня мелі праблемы моўнае асіміляцыі.
У Вугоршчыне і Чэхіі фаза А грунтавалася як на рэгіянальным, так і на краявым патрыятызьме. Вялікая чатка шляхты была носьбітам як этнічнай, так і краявой тоеснасьці. У Вугоршчыне часоў габсбурскай манархіі вядомы спробы (як правіла беспасьпяховыя) асіміляваць невугорскае насельніцтва. Уласна чэская асіміляцыя мараваў здаецца непараўнальна больш пасьпяховаю. Вугорскае моўнае адраджэньне сталася пасьпяховым, між іншым таму, што вугорцы былі адным з паноўных этнасаў Аўстра-Вугоршчыны.
У Чэхіі ў час фазы А краявы патрыятызм маніпуляваў этнічнай тоеснасьцю ў спрэчках зь венскімі цэнтралістамі. Аднак этнічная тоеснасьць была надзвычай абмежавана сярод шляхты, таму хутчэй прадстаўнікі чэскай касьцельнай герархіі аччувалі сябе этнічнымі чэхамі.
Ня гледзячы на моўную асіміляцыю чэхі пасьпяхова адрадзілі ўласную мову.
Кадыфікаваць славацкія гаворкі ўдалося дзякуючы аўтарытэту Л. Штура (Ľ. Štúr) і штураўцаў.
У Маравіі ў ХІХ ст. рэгіянальны патрыятызм хутчэй зьвязваўся з краявым патрыятызмам, таму чэская нацыянальная тоеснасьць усталёўвалася зь цяжкасьцю ды спозьнена. Спробы паўсюдна папулярызаваць ідэю асобнай мараўскай мовы былі беспасьпяховымі, таму, хутчэй, маравы захавалі падвойную чэска-мараўскую тоеснасьць.
Чэскі дробны і сярэдні буржуа ў час індустрыялізацыі бараніў уласны нацыянальны рынак ад нямецкага сярэдняга і буйнога капіталіста. Доўгі час супярэчнасьці паміж сялянамі і іх валадарамі (панамі) у Чэхіі не прымалі нацыянальнай формы, аднак з 60 гг. ХІХ ст. сацыяльны антаганізм чэскіх сялян да нямецкамоўных паноў прыняў нацыянальнае аблічча, г. зн. сяляне нібы “дадаткова” атрымалі інфармацыю (дзякуючы найперш чэскім патрыётам) аб тым, што іх сацыяльныя пытаньні да германамоўных можна фармуляваць ад імя этнічнай нацыі (чэскага Volk’у).
У Летуве ў часы першай Рэчы Паспалітай і пасьля яе распаду шляхта была спольшчанай, таму мела польскую дамінуючую дзяржаўную тоеснасьць і падпарадкаваную ёй літоўскую краявую. У час фазы А нешматлікія патрыёты-актывістыя пісалі па-польску і далучалі сябе да польскай нацыянальнай тоеснасьці як дамінуючай. Толькі ў 60-70 гг. ХІХ ст. пачала фарміравацца летувіская нацыянальная тоеснасьць, што зрабіла магчымым надыход фазы В.
Вялікую ролю ў фармаваньні летувіскай літаратурнай нормы адыйграў часопіс “Aušra”.
Пасьля Вызвольнага Збройнага Чыну пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага сацыяльны прыгнёт заможнейшага сялянства супаў з нацыянальным і рэлігійным. Палянізаванай аўкштайцкай і жамойцкай шляхце а таксама найперш шматлікаму пласту заможных сялян расейцы забаранілі купляць зямлю.
Зямлю можна было купіць не супраціўляючыся закрыцьцю каталіцкіх касьцёлаў, што прадугледжвала калябарацыю.
Рэпрэсіі і зрасейшчваньне, між іншым, трансфармавалі этнічных пралетувісаў у палітычных летувісаў.
У пралатышоў і праэстонцаў што зьяўляліся непаноўнымі этнічнымі групамі пад германскай экспансіяй, у час фазы А абарыгенамі зацікавіліся адукаваныя немцы, а тубыльцаў толькі зь сярэдзіны ХІХ ст. дапусьцілі ва ўнівэрсытэты. Балта- і фінамоўныя эліты ўжо ў першым пакаленьні сканструявалі латыскі і эстонскі нацыянальныя праекты.
У пралатышоў недаставала сувязі першых патрыётаў зь сялянамі, бо патрыёты арыентаваліся найперш на места, дзе з 80-ых гг. ХІХ ст. узмацніліся латыскія прадпрымальнікі, якія валодалі вялікай колькасьцю гандлёвых караблёў у Рыскім заліве (затоцы). Сумеснымі намаганьнямі латышы дамагліся роўных правоў зь нямецкай буржуазіяй.
У праэстонцаў сяляне на пачатку ХІХ ст. пазбавіліся прыгону, толькі не атрымалі землі ва ўласнасьць, што і выкарысталі першыя эстонскія патрыёты ў 60-ыя гг. ХІХ ст. запатрабаваўшы перадачу зямлі нямецкіх баронаў эстонскім сялянам, найперш найбяднейшым. Эстонскія дробныя рамеснікі таксама ўключыліся ў нацыянальны рух, бо супрацьстаялі нямецкім прадпрымальнікам.
На камбінацыі дыялектаў, якія сталі асноваю літаратурнай латыскай мовы, параўнальна лёгка дамовіліся мясцовыя адраджэнцы.
У заходніх/галіцкіх украінцаў кожны выступ зьбяднелых украінскіх сялян супроць польскай шляхты (землеўладальнікаў) у другой палове ХІХ ст. набыў нацыянальную афарбоўку, у чым удзельнічалі патрыёты. Рэлігійная розьніца паміж польскімі рыма-каталікамі і ўкраінскімі вуніятамі таксама сталася істотным чыньнікам раньняга заходнеўкраінскага нацыятварэньня. У расейскаімпэрскіх украінцаў паны былі, звычайна, украінскага паходжаньня, што ў побыце размаўлялі на ўкраінскіх гаворках, адсюль сацыяльны антаганізм аж да пачатку ХХ ст. не перарос у нацыянальны.
Украінская літаратурная мова стваралася складана, бо заходнеўкраінская традыцыя была распрацаванаю, аднак мела колькасна меньшую падтрымку, а расейскаімпэрская Ўкраіна мела непараўнальна большы дэмапатэнцыял, аднак аччуваўся недахоп традыцыі. Толькі на парозе ХХ ст. украінцы дамовіліся аб “пабудове” ўкраінскае літаратуршчыны на “падмурку” палтаўскага дыялекту, на якім размаўляла найбольшая частка ўкраінцаў.
У славенцаў нямецкамоўныя паноўныя эліты шукалі краявую тоеснасьць, таму паччас фазы А мелі рэгіянальны патрыятызм. Нямецкамоўныя канструявалі ілірыйскую тоеснасьць паўднёвых славянаў. Толькі пасьля адмовы ад ілірызму ў сярэдзіне ХІХ ст. усталёўваецца славенская нацыянальная тоеснасьць.
У Фінляндыі мяйсцовыя дробныя і сярэднія прадпрымальнікі ў местах саступалі швэдыйцам як па колькасьці, так і па багацьцю ды ўплыву. Фіны як супрацьстаялі ўплыву швэдыйцаў, так і разам са швэдыйцамі баранілі нацыянальны рынак аўтаномнай Фінляндыі ад Расейскай імпэрыі. Фінамоўнае сялянства выказвала недавер швэдыйскамоўнай шляхце, аднак нацыянальны рух ня меў сьпярша паттрымкі сялян, бо ў фінскай правінцыі пераважалі заможныя сяляне. На фінскім Сойме 1863 г., разам з заканапраектам аб увядзеньні фінскае мовы ва ўсе навучальныя ўстановы, паттрымку атрымаў заканапраект аб ліквідацыі фэадальных прывілеяў, найперш швэдыйскай шляхты. Фінскія патрыёты нацыянальна актывізоўвалі сялян дзякуючы змаганьню за спэцыфічныя вясковыя патрабаваньні ў галіне падаткаабкладаньня, мытнай палітыкі і г. д.
Фінская літаратурная мова разьвілася дзякуючы дасягненьню ўласнай навукі ўжо ў фазе А.
Нарвэгійская гандлёвая буржуазія супрцьставіла сябе Капэнгагену, бо не была задаволена як мытнай, так і падатковай палітыкай Даніі, таму аччувала сябе пакрыўджанай, бо фінансавыя трансакцыі канцэнтраваліся ў сталіцы. Патрабаваньні заснаваньня нарвэгійскага банку й фінансавай самастойнасьці для Нарвэгіі акрамя гандляроў актуалізаваліся для адвакатаў, што паттрымлівалі гандляроў. Гэткія патрабаваньні бязумоўны былі паттрыманы і разьвіты нарвэгійскімі нацыянал-патрыётамі.
Спроба дасягненьня нарвэгійскай мовы як штучнай камбінацыі дыялектаў не распаўсюдзілася на ўсю нарвэгійскую супольнасьць. Большасьць нарвэгійцаў ужываюць адаптаваную вэрсію дацкае мовы (аняляг гіпатэтычнага ўнармаваньня/літаратурызацыі беларускай трасянкі).
У Каталёніі першасна дамінавала агульнагішпанская дзяржаўна-нацыянальная тоеснасьць, заснаваная на моўнай і культуровай перавазе Кастыліі. Першасная эліта фармулявала каталёнскую спэцыфіку як моўна-культуровую рэгіянальную, а не нацыянальную (фаза А). Яна і нарадзіла нацыянальны каталёнскі рух на мяжы ХІХ і ХХ стст. Палітычная дзяржаўная гішпанская тоеснасьць утрымоўвалася і надалей. Каталёнская буржуазія не адразу прыняла ўдзел у нац. руху. На пачатку фазы В яна арыентавалася гішпанацэнтрычна, але, разам з нарастаньнем посьпехаў у нацыянальнай агітацыі, каталёнская буржуазія выкарыстала нац. рух дзеля рэгіянальнага супрацьстаяньня з Мадрыдам. Радыкальна парваць з кастыльскім цэнтрам яна не магла, бо квітнела дзякуючы прыналежнасьці да гішпанскае дзяржавы.
Літаратурная каталёнская мова пасьпяхова ўжываецца разам з гішпанскай.
У краіне баскаў зь сярэдзіны ХІХ ст пачынаецца масавая індустрыялізацыя. У местах буржуазія была гішпанскацэнтрычнай, таму цалкам арыентавана на Кастылію. Дробная баксонская буржуазія пацярпела ад індустрыялізацыі, таму і паттрымала нацыянальны рух. Да руху далучыліся мяйсцовыя фэадалы, што страцілі правы, якія мелі да пачатку масавай індустрыялізацыі.
Стварэньне баскскай літаратурнай мовы было працяглым з-за значнай дыфэрэнцыяцыі дыялектаў розных баскскіх далін.
У Бэльгіі доўгі час дамінавала краявая тоеснасьць, якая трансфармавалася ў дзяржаўную. Калі шэраг патрыётаў вылучылі асобную флямандыйскую этнічную, а затым і нацыянальную тоеснасьць – яны мелі праблемы, паколькі ў сьвядомасьці суайчыньнікаў доўгія часы флямандыйская тоеснасьць была другаснай да агульнабэльгійскай. У наш час многія этнічныя фляндрыйцы прынялі фляндрыйскую тоеснасьць як роўную бэльгійскай, чым можна растлумачыць пагрозу расколу Бэльгіі на Фляндрыю і Валёнію.
У Сэрбіі, Харватыі і Босьніі штокаўскі дыялект, на якім размаўляе большасьць, стаўся агульнай базай для стварэньня супольнае літаратурнае мовы, аднак разыходжаньні паміж Заграбскай школай і канцэпцыяй Вука Дражковиħа (Vuk Dražković), што падкрэсьлівала моўнае адзінства народаў і фанэтычны правапіс — ніколі не было перадолена.
Падрабязна працэсы фарміраваньня мадэрных нацый апісаны ў працах прафэсара гісторыі Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе (Чэхія) Міраслава Гроха.
Амаль кожная мультыэтнічная дзяржава Эўропы ў ХІХ ст. мела тры клясы непаноўных этнічных групаў:
1. Малалікія або сярэднія (паводле колькасьці і вялічыні абшараў) з хуткім працэсам мадэрнага нацыятварэньня. Палякі Малапольшчы і заходнія ўкраінцы Галічыны ў Аўстра-Вугоршчыне, грэкі і альбанцы ў Асманскай імпэрыі, ірляндыйцы ў Вялікабрытаніі, баскі і карсіканцы ў Францыі, баскі ў Гішпаніі, фіны, эстонцы, латышы і летувісы ў царскай Расеі, ісляндыйцы ў Даніі;
2. Сярэднія або вялікія з інтэнсіўным ходам працэсаў мадэрновага нацыятварэньня. Каталёнцы ў Гішпаніі, шатляндыйцы ў Вялікабрытаніі, вугорцы, харваты і славенцы ў імпэрыі Габсбургаў, украінцы ў Расеі, паўднёвыя славяне ў Атаманскай імпэрыі, нарвэгійцы ў Даніі;
3. Малалікія або сярэднія з запаволеным мадэрновым нацыятварэньнем (фаза А, радзей В). Брэтонцы ў Францыі, галісійцы ў Гішпаніі, валійцы ў Вялікабрытаніі, беларусы ў Расейскай імпэрыі, фрызы ў Нідэрляндах.
Пры паслабленьні мультыэтнічных дзяржаў-імпэрый (de facto) першыя сталіся своеасаблівымі “бомбамі” хуткага дзеяньня, другія – запаволенага, а трэція – доўгатэрміновага Гэткія “бомбы” бо разбурылі або, пры зьбегу пэўных чыньнікаў, разбураць у будучыні паліэтнічныя дзяржавы Эўропы (пры іх паслабленьні).
VI. 5. НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ І ЭТНІЧНЫЯ МЕНЬШАСЬЦІ
Інтуітыўна меньшасьць часта супрацьстаўляецца большасьці, таму, магчыма, меньшасьць гучыць як зьнявага. Але надзвычай складана замяніць “меньшасьць” на іншае слова, напр., супольнасьць, бо тады яшчэ складаней асэнсаваць неадназначнасьць яго сэнсу.
Паводле З. Рыкеля (Z. Rykiel, 2006), праблематыка нацыянальных і этнічных меньшасьцяў ахоплівае:
— розьніцу паміж нацыянальнай і этнічнай меньшасьцю;
— умовы, пры якіх супольнасьць прызнаецца за меньшасьць;
— вызначэньне меньшасьці ў адносінах да большасьці.
Меньшасьць – сукупнасьць люду, які іншы этнічна або ўласнай тоеснасьцю. Розьніца паміж нацыянальнымі і этнічнымі меньшасьцямі заключаецца ў факце, што першая зьяўляецца большасьцю ў іншай дзяржаве, а другая – нідзе не зьяўляецца большасьцю.
Дыскутуецца праблематыка, ці абавязкова дзеля прызнаньня пэўнай меньшасьці нацыянальнай меньшасьцю толькі наяўнасьці дзяржавы, ў якой дадзеная меньшасьць зьяўляецца тытульнай большасьцю, або тая дзяржава павінна быць нацыянальнай дзяржавай як de iure, так і de facto.
Такое пытаньне мае практычную рэалізацыю. Беларускія асяродкі і суполкі ў іншых краінах зьяўляюцца нацыянальнымі або этнічнымі меньшасьцямі? Калі прыняць да ведама, што існуе беларуская дзяржава, то беларускія меньшасьці – безумоўна нацыянальныя. Але калі можна засумнявацца ў, перадусім, пануючых пазыцыях беларускай мовы і этнакультуры ў сучаснай Беларусі de facto, то сучасную Беларусь можна не трактаваць як нацыянальную дзяржаву беларускай нацыі. З-за гэнага беларускія меньшасьці па-за межамі Беларусі магчыма трактаваць як этнічныя.
Пры якіх умовах пэўны люд можа прызнацца меньшасьцю? Звычайна прызнаецца, што ён павінен быць карэнным, або традыцыйным на пэўнай паверхні. За меньшасьці не прызнаюцца грамадзяне іншых дзяржаў, або ўласныя грамадзяне іншай этнічнасьці і тоеснасьці, калі яны не зьяўляюцца карэннымі, або традыцыйнымі, г. зн. не жывуць стала на паверхні пэўны прамежак часу (у кожнай дзяржаве ўмовы адрозьніваюцца).
Існуюць тры вызначэньні адносін меньшасьці да большасьці:
— арыфмэтычнае – меньшасьць павінна быць меньшаю лічбаю суадносна з большасьцю;
— генэтычнае – меньшасьць павінна мець чужаземнае паходжаньне, або іншае (іншаэтнічнае, іншарэлігійнае і г. д.) бо нельга быць меньшасьцю ва ўласнай краіне, а правіла арыфмэтыкі тут не актуальнае;
— сацыялягічнае – паміж меньшасьцю і большасьцю павінны быць адносіны падпардкаваньня і панаваньня ў аспэктах правапалітычных, эканамічных і прэстыжу. Эліты большасьці дамінуюць над элітамі меньшасьці, накідываючы ўласныя інстытуты.
Сутнасна этнічныя групы функцыянуюць як быццам адламаныя ад супольнасьці, што адрозьніваюцца ад узору і з гэтай прычыны паддаюцца меньшаму або большаму ціску, то эўрапейскія дзяржавы, прыстасоўваючы прававыя інструманты, павінны захоўваць гэтыя групы, рэальна аднак захоўваюць ўласную этнічную базу. Інструмантам, прыгодным дзеля такіх дзеяньняў, зьяўляюцца правы чалавека, калі ахоўваюць і фаварытызуюць індывідуальныя спажывецкія правы, не гарантуючы супольных праў, якія б ахоўвалі меньшасьці (Żelazny, 2002).
Улічваючы вышэйзгаданае, многія эўрапйскія дзяржавы ахоўваюць правы часта невялікіх меньшасьцяў, не ахоўваючы большых груп эмігрантаў. Напрыклад, у Славеніі ахоўваюцца правы італійцаў і вугорцаў (разам 0,5% ад агульнай колькасьці люду), але не басьнійцаў, альбанцаў, харватаў і іншых паўднёвых славян (разам – каля 10%); у Нямеччыне – фрызаў, сорбаў лужычан і даччанаў, але не мнагалікіх туркаў і курдаў. У Польшчы нацыянальнымі меньшасьцямі прызнаны немцы, беларусы (48,7 тыс. чал.), украінцы, расейцы, летувісы, славакі, габрэі, армяны і чэхі. Этнічнымі меньшасьцямі ў суседняй дзяржаве зьяўляюцца сілезцы, ромы (цыганы), лэмкі, кашубы, татары і караімы. Аднак, польскае права не ахоўвае супольныя правы мнагалікіх, напрыклад, в’етнамцаў і кітайцаў як меньшасьцяў.
У эўрапейскай цывілізацыі нацыянальныя і этнічныя меньшасьці імпэрый мінулага ўтваралі ўласныя гаспадарствы, у якіх станавіліся большасьцью, а былая большасьць, што панавала ў імпэрыі, на абшарах пражываньня былых меньшасьцяў, якія дабіліся ўласнай дзяржавы або аўтаноміі — станавілася меньшасьцю ў новых нацыянальных гаспадарствах (немцы, расейцы, аўстрыйцы і мн. інш.). Таму суадносіны меньшасьць – большасьць – катэгорыі гістарычныя і зьмяняюцца ў палітычнай часапрасторы.
У Старым Сьвеце эпохі імпэрыялізму падаўляючая большасьць супольнасьцяў зьяўляліся меньшасьцямі У Германскай, Аўстра-Вугорскай, Расейскай, раней у Асманскай імпэрыях існавалі статыстычна шматмільённыя нацыянальныя і, асабліва, этнічныя меньшасьці, якія часта пануючымі палітычнымі супольнасьцямі не былі прызнаны за меньшасьці, а адносіны падпарадкаваньня меньшасьці да пануючай большасьці зрабіліся надзвычай выразнымі.
Перадусім, у сучаснай Эўропе найвялікшыя меньшасьці засталіся на захадзе: напр., каталёнцы (каля 6 млн.), шатляндыйцы і сіцылійцы (каля 5 млн. чал.), галісійцы (прыкл. 3 млн. чал.). Кожны 4 грамадзянін Гішпаніі – рэпрэзэнтант меньшасьці, а ў Вялікабрытаніі – кожны 6. Заходнеэўрапейцаў складана зьдзівіць наяўнасьцю меньшасьцяў колькасьцю 1-2 млн. асобаў што маюць пазаэўрапейскі генэзіс.
Мільёны туркаў, арабаў, пакістанцаў і індыйцаў прыехалі на захад Эўропы да разбурэньня бэрлінскага муру на заробкі, таму выкарыстоўваліся пераважна як танная рабочая сіла. Іх інтэграцыя ў эўрапйскую цывілізацыю праходзіла надзвычай складана, паколькі імігранты, часьцей, займалі ніжэйшыя прыступкі сацыяльнай лесьвіцы і былі арыентаваны на каштоўнасьці, якія або складана сумясьціць, або несумяшчальныя з каштоўнасьцямі эўрапейскай цывілізацыі. Імігранцкія іншацывілізацыйныя асяродкі часта зьяўляюцца крыніцамі дэстабілізацыі, базай для дзейнасьці экстрэміскіх суполак, што арыентуюцца на люмпэнаў і марыгіналаў.
На ўсходзе Эўропы найвялікшымі меньшасьцямі зьяўляюцца: вугорцы (каля 1 млн. 500 тыс. чал.); альбанцы, калі Косава лічыць часткай Сэрбіі (1 млн. 300 тыс.); сэрбы (каля 1 млн. 300 тыс.). У дзяржавах, што мяжуюць з Расеяй, і ў Малдове самая мнагалікая меньшасьць – этнічныя расейцы. У Латвіі і Эстоніі расейцы складаюць каля 1/3 часткі насельніцтва.
Мільёны эўрапейскіх габрэяў/жыдоў, жывучы ў большасьці дзяржаваў Старга Сьвету, захоўваюць этнічную і нацыянальную тоеснасьць (таму дапамагае сувязь з мацярынскай дзяржавай Ізраіль), найперш дзякуючы ўласнай рэлігіі – юдаізму, а таксама сіянісцкай ідэалёгіі. Габрэі, як правіла, інтэгруюцца ў сучасныя эўрапейскія соцыюмы, намнога часьцей займаючы вышэйшыя прыступкі сацыяльнай лесьвіцы, чым карэнныя этнасы. Усё тое можа вызываць ў часткі абарыгенаў негатыўнае стаўленьне да жыдоў, аформленае ў антысэмізм (найперш побытавы).
Антысэмізм, дэманізаваны да мітаў “аб жыдох-масонах” ня быў масава характэрны для беларусаў, а, хутчэй за ўсё, быў прынесены нашым продкам з усходу або з захаду, тым больш што слова жыд у беларускай традыцыі зьяўляецца звычайным этнонімам, таму не нясе негатыўнай сэнсавай нагрузкі (аналягічна як у польскай, летувіскай, украінскай і інш. эўрапейскіх традыцыях). Беларускія словы габрэй/яўрэй хутчэй зьяўляюцца калькай з расейскай мовы, дзе “еврей” – этнонім, а “жыд” – абраза і мянушка.
Беларус-селянін адзін дзень на местачковым кірмашы мог купіць у жыда-гандляра плуг. Заўтра ж ягоная жонка ішла да жыдоўкі-швачкі дамаўляючыся аб магчымасьці пашыць сукенку, а яе дочка сябравала з жыдовачкай – дочкай швачкі.
Нарэшце, больш пяці мільёнаў эўрапейскіх ромаў (цыганоў) расьсеяна па ўсёй частцы сьвету. Зь іх каля трох мільёнаў жывуць на ўсходзе Старога Сьвету, складаючы ад 3% (Чэхія, Румынія), 4 (Македонія, Баўгарыя, Сэрбія, Босьнія і Герцэгавіна, Чэхія) і аж да 6 (Вугоршчына) і 7,5% ад агульнай колькасьці людаў дзяржаў.
З аднаго боку традыцыйныя вандроўнікі-цыганы амаль не асімілююцца з карэнным насельніцтвам, а зь іншага боку – надзвычай цяжка інтэгруюцца ў гаспадарку аседлых людаў, займаючы свае адумысныя нішы: гандаль, прымітыўны абмен, перавозкі і г. д. Цыганы часта застаюцца не зусім жаданымі гасьцьмі, бо эўрапейцу цяжка зразумець іх спэцыфічны побыт, вобраз жыцьця, сьветапогляд і інш. Нарэшце з-за стэрэатыпнага адмоўнага трактаваньня абарыгенамі ромы застаюцца беспрацоўнымі, адсюль хутчэй займаюць ніжэйшыя прыступкі сацыяльных лесьвіц традыцыйных эўрапейскіх грамацтваў.
VI. 6. КОЛЬКАСЬЦЬ ЛЮДУ
Колькасьць, (велічыня або лічба) люду (часьцей насельніцтва) – другі найважнейшы пакашчык (пасьля плошчы паверхні), які характэрызуе кожную палітычную адзінку абшару, у т. л. краіну і дзяржаву. Ад велічыні люду залежыць яго шчыльнасьць, натуральны і штучны рух, склад насельніцтва і мн. іншае.
Праблема групоўкі дзяржаў паводле колькасьці люду рознымі дасьлеччыкамі вырашаецца па-рознаму, але адсутнічае ідэальная групоўка, бо кожная мае свае станоўчыя і адмоўныя моманты.
У сьвеце толькі дзьве дзяржавы маюць люды колькасна большыя за 1 млд. чал., затое не існуе дзяржаў з колькасьцю людаў ад 300 млн. да 1 млд. чал., таму вялікая розьніца паміж гіганскімі і двумя звышгіганскімі дзяржавамі, якія паводле З. Рыкеля, – кантынэнтальныя (Кітай і Індыя), таму парог кантынэнтальнасьці – 500 млн. чал.
Групоўка дзяржаў сьвету паводле колькасьці іх люду (Z. Rykiel, 2006):
Кантынэнтальныя – больш 500 млн. чал.;
Найбольшыя – ад 100 да 500 млн. чал.;
Вялікія – 50 да 100 млн. чал.;
Сярэднія – ад 10 да 50 млн. чал.;
Малыя — ад 1 да 10 млн. чал.;
Найменьшыя – ад 100 тыс. да 1 млн. чал.;
Мікраскапічныя, 100 тыс. чал. і меньш.
Расейскі навукоўца С. Лаўроў (2002) згрупаваў дзяржавы Эўропы паводле велічыні люду на 4 групы. У групу буйнейшых зь велічынёй люду больш 100 млн. папала Расея (дакладней яе эўрапейская частка). Да буйных зь велічынёй люду ад 50 да 100 млн. чал. – Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Украіна (аднак апошняя ўжо мае колькасьць люду меньшую 50 млн. чал. на 2007 г.). 11 эўрапейскіх дзяржаў сфармавалі групу сярэдніх з колькасьцю люду ад 10 да 50 млн. чал., а наша Бацькаўшчына разам з 28 (!) дзяржавамі ўвайшла ў групу малых дзяржаў зь велічыней насельнікаў меньш 10 млн. чал. (у т. л. аж 10 мікрадзяржаў, што змогуць налічыць толькі меньш 500 тыс. чал.).
Парогавыя велічыні, якія выкарыстаны ў розных групоўках дзяржаў паводле лічбы люду штучныя, г. зн. што пры іх зьмяненьні – зьмяняецца і колькасьць дзяржаў у той ці іншай групе. Напрыклад, парог у 10 млн. чал. аддзяляе ў вышэйпрапанаванай групоўцы сярэднія дзяржавы ад малых. У Эўропе Беларусь, Сэрбія, Партугалія, Чэхія маюць колькасьць блізкую да гэтага парога, затое паміж амаль дзесяцімільённай Беларусьсю і найбліжэйшнай паводле колькасьці люду дзевяцімільённай Швэцыяй парог у больш 800 тыс. чалавек. Бліжэйшыя дзяржавы, колькасьць людаў якіх большая за беларускую лічбу ў 9 млн. 881 тыс. чал. (на 2003 г.): Партугалія (10 млн. 040 тыс. чал.), Вугоршчына (10 136), Чэхія (10 202), Бэльгія (10 341) маюць невялікія з нашай Бацькаўшчынай розьніцы колькасьцяў людаў ( натуральныя парогі) у 160 – 460 тыс. чал. Адсюль, пытаньне да якіх дзяржаў Беларусь бліжэй (маючы каля 10 млн. люду) да Аўстрыі і Швэцыі зь іх толькі 8-9 мільённамі людаў, або да шэрагу дзяржаў з больш 10 мільённымі людамі (?) здаецца рытарычным. Вядома да 10 мільённых дзяржаў, сярод якіх аж дзьве ўсходнеэўрапейскія (Чэхія й Вугоршчына), а таксама цывілізацыйна блізкая нам балканская Сэрбія.
Паводле мэтодыкі натуральных парогаў, што аддзяляюць колькасьці людаў суседніх краін (гл. V. 4. б. ВЕЛІЧЫНІ АБШАРАЎ) эўрапейскія дзяржавы падзяляюцца на:
1. Дзьве гіганскія, з агульнай колькасьцю люду каля 190 млн. чал.
Эўрапейская частка Расеі (Эўрапейская Расея) – больш 100 млн. чал.
Нямеччына – 82 млн. 604 тыс. чал. — 2004 (81 млн. 190 тыс. чал., 1993).
2. Тры найбольшыя, з колькасьцю люду ад 57 да 59 млн. чал., ды агульнай колькасьцю люду 175 млн. 970 тыс. чал., разьвітыя і багатыя дзяржавы захаду Эўропы.
Вялікабрытанія – 59 164, 2002 (57 650, 1993).
Францыя – 59 773 (57 527, 1993).
Італія – 57 033 (57 070, 1993).
3. Тры найвялікшыя, з колькасьцю люду ад 38,2 – да 47, 9 млн. чал., (агульная колькасьць люду – 128 млн. 651 тыс. чал.), сярод якіх тры усходнеэўрапейскія.
Украіна – 47 856 (52 220, 1993).
Гішпанія – 42 600 (39 190, 1993).
Польшча – 38 195 (38 459, 1993).
4. Дзьве вялікія з колькасьцю люду ад 7,3 – да 16,2 млн. чал. (агульн. кольк. 37 млн. 852 тыс. чал.).
Румынія – 21 614 (22 760, 1993).
Нідэрлянды – 16 238 (15 300, 1993).
5. Адзінаццаць сярэдніх дзяржаў з кольк. люду 7—11 млн. чал. (агульн. кольк. люду больш 100 млн. чал.), якія знаходзяцца, як правіла, ў Сярэдняй Эўропе (толькі паўднёваэўрапейскія Партугалія і Грэцыя, а таксама паўночнаэўрапейская Швэцыя адносяцца да сярэдніх дзяржаў).
Пас сярэдніх дзяржаў Эўропы цягнеццпа ад Швэйцарыі да Сэрбіі і зьяўляецца своеасаблівым шкілетам Старога Сьвету (Швэйцарыя, Аўстрыя, Чэхія, Вугоршчына, Сэрбія). Менавіта гэтыя дзяржавы мяжуюць зь 15 дзяржавамі, сярод якіх такія вялікія і ўплывовыя як Нямеччына, Францыя, Італія, Польшча, Украіна, Румынія.
Грэцыя – 11 001 (10 350, 1993).
Бэльгія – 10 341 (9 993, 1992).
Чэхія – 10 202 (10 327, 1993).
Вугоршчына – 10 136 (10 289, 1993).
Партугалія –10 049 (9 860, 1993).
Сэрбія – каля 10 млн. (Югаславія – 10 млн. 480 тыс. чал., 1993).
Беларусь – 9 881 (10 346, 1993).
Швэцыя – 8 958 (8 750, 1993).
Аўстрыя – 8 054 (7 990, 1993).
Баўгарыя – 7 785 (8 470, 1993).
Швэйцарыя – 7 336 (6 940, 1993).
6. Чатырнаццаць малых, з колькасьцю люду ад 1,4 – да 5,4 млн. чал. (агульн. кольк. – 51 млн. 278 тыс. чал.).
Славаччына – 5 402 (5 300, 1992).
Данія – 5 387 (5 190, 1993).
Фінляндыя – 5 212 (5 080, 1993).
Нарвэгія – 4 569 (4 310, 1993).
Харватыя – 4 428 (4 879, 1992).
Малдова – 4 267 (4 360, 1993).
Ірляндыя – 3 969 (3 560, 1993).
Босьнія і Герцагавіна – 3 720 (4 479, 1992).
Летува (Літва) – 3 469 (3 740, 1993).
Альбанія – 3 166 (3 360, 1992).
Латвія – 2 324 (2 590, 1993).
Македонія-Скоп’е – 2 056 (2 039, 1991).
Славенія – 1 971 (1 996, 1992).
14. Эстонія – 1 353 (1 520, 1993).
Да малых дзяржаў Эўропы адносяцца або дзяржавы Паўночнай Эўропы (7 з 10), або балканскія дзяржавы (5).
7. Восем найменьшых з кольк. люду ад 700 чал. да каля 500 тыс. (усяго 1 млн. 778 тыс. чал.).
Чарнагорыя – 0 500 (0 500, 1975).
Люксэмбург – 0 453 (0 390, 1992).
Мальта – 0 399 (0 359, 1992).
Ісляндыя – 0 290 (0 260, 1992).
Андора – 70 тыс. (60 тыс., 1992).
Ліхтэнштэйн – 0 034 (0 030, 1992).
Манака – 0 032 (0 030, 1992).
Ватыкан – 900 (0,7, 1989).
Найменьшыя дзяржавы Эўропы паводле колькасьці люду маюць, як правіла, найменьшую паверхню (6 з 8 – мікрадзяржавы).