nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

VII. ПАДЗЕЛЫ І РЭГІЯНАЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ

28 лістапада, 2008 | Няма каментараў

VII. 1. ПАДЗЕЛЫ ЭЎРОПЫ

VII. 1. a. ТРАДЫЦЫЙНЫ (ІДЭАЛЯГІЧНА-ПАЛІТЫЧНЫ) ПАДЗЕЛ

Пасьля Другой сусьветнай вайны пачалася «халодная вайна».«Жалезная заслона» падзяліла Эўропу паводле ідэалягічна-палітычнай прыкметы на Заходнюю, дзе паводле марксіскага сьветапогляду панавала капіталістычная грамацка-эканамічная фармацыя на апошняй стадыі (імпэрыялізм), і Ўсходнюю, дзе пачалі будаваць камуністычную грамацка-эканамічную фармацыю на першай стадыі (сацыялізм). Такі падзел не датычыў заможнасьці-беднасьці краін, а ні ўзроўню іх разьвіцьця і прымаўся як на Ўсходзе, так і на Захадзе (!).

На пачатку 60-ых гадоў ХХ ст. пасьля дэкалянізацыі большай часткі Афрыкі ў сувязі зь невядомасьцю шляхоў разьвіцьця новых дзяржаў іх назвалі Трэцім Сьветам (тэрмін прапанаваў A. Sauvey у 1952 г.). Зразумела, што Трэці сьвет уяўляў сабой пэўную альтэрнатыву Першаму Сьвету (капіталізму) а таксама Другому Сьвету (сацыялізму).

Афрыканскія палітыкі надзвычай часта абвяшчалі некапіталістычныя праграмы разьвіцьця сваіх краін, а ў некаторых выпадках прасацыялістычная або пракапіталістычная дэмагогія сьвеччыла аб іх арыентацыі адпаведна на СССР і ЗША. Часам ідэалёгія (у двупалярным сьвеце) толькі маскавала сапраўдныя прычыны «любові» да сацыялізму або капіталізму – палітычныя інвэстыцыі (найперш фінансаваньне) новапаўсталых рэжымаў (звычайна таталітарных) звышдзяржавамі (СССР або ЗША) фармальна з мэтай пабудовы сацыялізму або капіталізму, а фактычна – для абагачэньня кіруючых груповак/клянаў.

Здараліся кур’ёзныя выпадкі. Самалійскі і Эфіопскі рэжымы пасьля абвяшчэньня прасацыялістычнымі і атрыманьня ад СССР сродкаў «сколько угодно» перасварыліся. Вынік – агрэсія «прасацыялістычнай» Самалі на такую ж Эфіопію, што не адпавядала марксізму-ленінізму і, асабліва, пралетарскаму інтэрнацыяналізму (ня можа сацыялістычная дзяржава ваяваць з сацыялістычнай). СССР дыстанцаваўся ад агрэсіўнага самалійскага рэжыму.

Умоўнасьць падзелу палітычнай часапрасторы на тры сьветы стала відавочнай, аб чым сьвеччыла, між іншым, існаваньне цэлага шэрагу дзяржаў з прасацыялістычнай арыентацыяй па ўсім Трэцім Сьвеце.

Яшчэ раней, у канцы 50-ых гадоў ХХ ст., зьявілася паняцьце аб недалучаных краінах. Так сталі называцца дзяржавы Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі і нават эўрапейская Югаславія, рэжымы якіх не жадалі далучацца ні да якіх вайсковых блёкаў (найперш да НАТО і Варшаўскае дамовы), ўтварыўшы Рух Недалучэньня. Распачалася барацьба за мір ва ўсім сьвеце і за недапушчэньне новай сусьветнай вайны з прымяненьнем ядзернай зброі.

Распад сыстэмы сацыялізму здэактуалізаваў ідэалягічна-палітычны падзел эўрпаейскае палітычнае часапрасторы на два (Захад  і  Ўсход), а сусьветнае – на тры сьветы.

 

VII. 1. б. СУЧАСНЫ (ЭКАНАМІЧНА-ПАЛІТЫЧНЫ) ПАДЗЕЛ

За аснову сучаснага падзелу Эўропы і сьвету варта прыняць тэорыю сусьветнай гаспадарчай сыстэмы  I Wallersteina (1974). Яна апіраецца на трох асновах Holoeschele (2002).

1. Эканамічныя і палітычныя адносіны паміж рэгіёнамі Эўропы і сьвету акрэсьліваюць яго цэнтр і пэрыфэрыю.

2. Існаваньне пэрыфэрыі абавязкова для існаваньня цэнтру.

3. Існаваньне сэміпэрыфэрыі/паўпэрыфэрыі зьяўляецца дастатковай узнагародай для яе насельнікаў, каб адчувалі супольнасьць інтарэсаў з цэнтрам.

Гэну тэорыю адаптаваў да рэчаіснасьці дзевяностых гадоў ХХ ст. R. Szul (1991). Пасьля далейшых мадыфікацый яна сталася асновай для ніжэй-прадстаўленых З. Рыкелем (2006) прапаноў .

Тыпалёгія апіраецца на адносным мейсцы краін у міжнародным падзеле працы. Крытэрыі мейсца рэгіёнаў: рынкавасьць гаспадаркі, яе таварнасьць, тып экспарту, здольнасьць да фінансавага кантролю сьвету, а таксама паводле прапановы Hoeschele (2002) — ступень індустрыялізацыі.

Прасторавы падзел працы датычыць хутчэй краін, чым дзяржаў (Wallerstein, 1974), таму неабходна ў кожнай дзяржаве аддзяліць эфэктыўныя абшары ад неэфэктыўных. У эпоху глябалізацыі палярызацыя эўрапейскай і сусьветнай гаспадарчай ды палітычнай сыстэм настолькі павялічыла маштаб, што ўключае асобныя рэгіёны, месты (Bauman, 2000) і, нават, кварталы (Stiglitz, 2004).

Прадстаўленая далей эканамічна-палітычная структура сучаснаых Эўропы і сьвету не зьяўляецца вынікам дакладнага эмпірычнага аналізу, толькі апіраецца на агульных ведах, таму павінна трактавацца як гепотэза.

1. У цэнтр сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы ўваходзяць найбольш разьвітыя краіны. Яны зьяўляюцца цэнтрам капіталістычнай гаспадаркі, або зонай дастатку (Szul, 1991). Дакладней існуюць тры сусьветныя эканамічна-палітычныя цэнтры. Першы ўключае дзяржавы Паўночнай Эўропы, акрамя поўначы Фінляндыі, Швэцыі і Нарвэгіі (Ляпляндыі), Заходняй Эўропы, акрамя тэрыторыі былой ГДР, а таксама паўднёваэўрапейскія паўночны ўсход Гішпаніі (у т. л. Каталёнію і Краіну Баскаў), Андору, Сан-Марына, паўночную і сярэднюю Італію з Рымам, але толькі не Сыцылію, Сардынію і Корсыку. Другі – поўдзень Канады і ЗША, трэці – Японію.

 Краіны характарызуюцца найвышэйшым узроўнем спажываньня, тэхнікі, рэпрэзэнтацыяй інавацыйных тэхналёгій і культурніцкіх узораў. Інавацыі ўзьнікаюць паўсюдна, аднак толькі ў цэнтры яны маюць шанцы быць масава ужытымі, а затым – распаўсюджанымі па сьвеце, бо гэта вынікае з структураў супольнасьцяў цэнтру.

 Палітычная роля цэнтру вынікае з канцэнтрацыі ў ім і экспарце зь яго стратэгічных рэсурсаў ХХІ ст.: капіталу, інавацый, харчаваньня і ўзбраеньняў. У краінах цэнтру прадукуецца 49% сусьветнага нацыянальнага прадукту брута, генэруецца 78% сусьветнага экспарту, канцэнтруецца 95% рэсурсаў інвэстыцыйнага капіталу і 97% сусьветных выдаткаў на досьледна-разьвіцьцёвыя мэты (Fiedler, 2004). Каля 80 % замежнага капіталу пераплывае паміж краінамі цэнтру (Szymaniak, 2004). Сутнасьцю цэнтру зьяўляецца канцэнтрацыя ў ім рашаючых функцый гаспадаркі, г. зн. сядзібаў найважнейшых сусьветных біржаў і кіраўніцтваў найвялікшых транснацыянальных карпарацый (ТНК). Меньш прыбытковыя галіны гаспадаркі, у т. л. цяжкая прамысловасьць пераносяцца ў меньш разьвітыя краіны.

Цэнтр характарызуецца дадатным сальда міграцыі з рэштай сьвету, селекцыяй імігрантаў, у т. л. дрэнаж мазґоў. Тут палітычная стабільнасьць злучаецца з дэмакратыяй, бо па-за цэнтрам назіраецца або стабільнасьць, або – дэмакратыя. Галоўныя пагрозы для цэнтру: радыкалізацыя антыдэмакратычных сілаў, некантраляваны наплыў імігрантаў, узрост грамацкай напружанасьці, у т. л. канфліктаў.

2. Сэміпэрыфэрыі/паўпэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы паводле тэорыі I. Wallerstein’a складаюць або рэгрэсуючыя краіны цэнтру, або прагрэсуючыя дзяржавы пэрыфэрыі. Прызнакам сэміпэрыфэрыі зьяўляецца падпарадкаваньне цэнтру і дамінацыя над пэрыфэрыяй.

Наплыў капіталаў з цэнтру ва ўзаемадзеяньні з ўласнай таннай і дысцыплінаванай рабочай сілай – гарант разьвіцьця сэміпэрыфэрыі. Працоўныя рэсурсы выконываюць прадукцыйныя і часткова кіраўнічыя функцыі (у міжнародным маштабе). Недахоп раўнавагі паміж высокім ўзроўнем разьвіцьця гаспадаркі і невысокім узроўнем прадпрымальнасьці стварае залежнасьць ад замежных асяродкаў кіраваньня. Вынік – магчымасьць частых фінансавых крызісаў.

Узрост дабрабыту на сэміпэрыфэрыях значны, нават вялікі. Сальда міграцыі адмоўнае з цэнтрам і дадатнае з пэрыфэрыяй. Палітычныя рэжымы – нестабільныя дэмакратыі з крызісамі часьцей пасьля аўтарытарызмаў у Эўропе. У сьвеце – тыя ж нестабільныя дэмакратыі з крызісамі, або аўтарытарызмы.

З васьмі груп краін паўпэрыфэрыі дзьве групы знаходзяцца ў цывілізацыйнай Эўропе: рэгрэсуючыя Партугалія, цэнтр, паўнічны захад і поўдзень Гішпаніі, поўдзень Італіі, Грэцыя, прагрэсуючыя абшары былой ГДР, новых дзяржаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу плюс Харватыі. 

3. Пэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнае сыстэмы складаюць краіны, што знаходзяцца ў стане стагнацыі і ўтвараюць сфэру нестабільнасьці. Характарызуюцца сярэднім або нізкім узроўнем разьвіцьця гаспадаркі і ўзроўнем жыцьця, а таксама адсутнасьцю выразнага прагрэсу ў разьвіцьці. Дамінуюць найменьш прыбытковыя галіны гаспадаркі: здабываючая, лясная, харчовая галіны прамысловасьці, сельская гаспадарка. Хранічныя зьнешні даўгі і інфляцыя, таму прывабнасьць для замежных інфестараў пэрыфэрыі – нязначная.

Паміж заўважальным або значным культурным разьвіцьцём і мініміаль-ным або нулявым гаспадарчым існуе дыспрапорцыя, або разрыў.  Тэарэтычнае засваеньне культурных дасягненьняў цэнтру і сэміпэрыфэрыі ды немагчымасьць іх практычнай рэалізацыі з-за недастатковага матэрыяльнага ўзроўню жыцьця прыводзяць да нерацыянальных аднабокіх выдаткаў, што не садзейнічае значнай акумуляцыі. Памылковае кола недаразьвіцьця замыкаецца.

Часам назіраецца адваротная дыспрапорцыя. Мінімальны прагрэс у гаспадарчым разьвіцьці кантрастуе з культурніцкім прімітывам, што абумоўлены неразьвітасьцю сучасных форм нацыянальных культур (Беларусь, усход і поўдзень Украіны і інш.)

Палітычныя рэжымы таталітарныя, аўтарытарныя, або крайне нестабільныя дэмакратыі з элемэнтамі анархіі.

Група краін эўрапейскае пэрыфэрыі ўключае: заходнебалканскія дзяржавы, што знаходзяцца па-за Эўрапейскім Зьвязам (Сэрбія, Чарнагорыя, Македонія, Босьнія і Герцэгавіна, Альбанія), а таксама Беларусь, Украіну, Малдову, поўнач і поўдзень эўрапейскае Расеі.

4. Фон сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы складаюць краіны што маюць зь ёй марыгінальныя ці спарадычныя сувязі, дакладней далёкія пэрыфэрыі капіталістычнае гаспадаркі. Такія краіны нават нельга называць краінамі што разьвіваюцца, бо там разьвіцьцё спынілася. Гэта зона голаду (Szul, 1991).

Гаспадарствы фону характарызуюцца адсутнасьцю раўнавагі паміж высокім натуральным прыростам і нізкім ўзроўнем разьвіцьця гаспадаркі, вынік чаго – дрэнныя ўмовы жыцьця. Штодзённая рэчаіснасьць фону – недахоп колькасьці ежы, адсюль хранічны голад (больш 40 млн. асобаў пад пагорзай сьмерці ад голаду). Відавочна біялягічная залежнасьць фону ад цэнтру. Нізкі ўзровень разьвіцьця таварна-грашовых адносін – адна зь істотных прычын марыгіналізацыі. Для фону характэрны найпрасьцейшыя галіны гаспадаркі (здабыча карысных выкапняў, зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне). Вялікі доўг іншым дзяржавам спалучаецца з высокай інфляцыяй. Наплыў капіталу з цэнтру нязначны, увесь час памяньшаецца да амаль нулявога, а эміграцыя – стабільна павялічваецца. Вынік – крайне нестабільныя пераважна аўтарытарныя і таталітарныя палітычныя рэжымы, а спробы дэмакратызацыі пад чужаземным кантролем прыводзяць да анархіі і масавых грамадзянскіх войнаў.

У краінах фону доўгія грамадзянскія і міждзяржаўныя войны суправаджаюцца масавай сьмерцю людзей (каля 200 тыс. асобаў штогод), распадам структур дзяржаўнай улады і кіраваньня. Прававы хаас, бюракратыя, татальная карупцыя сталі нормаю. Зь 70-ых гадоў там пануе гаспадарчая стагнацыя, а беспрацоўе дасягае 50% і больш. Стан асьветы крытычны: анальфабэтызм, каля 120 млн. дзяцей растуць без навучаньня ў школах. Каля 30 млн. асобаў хворыя на СНІД з-за адсутнасьці элемэнтарнай асьветы.

З каляніяльных часоў адбыўся цывілізацыйны рэгрэс найперш з-за іх выхаду з сусьветнай гаспадарчай сыстэмы. Тэарэтычна, шанс для краін фону – масавыя інвэстыцыі з цэнтру і сэміпэрыфэрыі, аднак войны і нестабільныя палітычныя рэжымы перашкаджаюць гэтаму. Магчымы інвэстыцыі ў асобныя часткі абшараў пад кантролем чужаземных вайсковых фармаваньняў з стабільнымі палітычнымі рэжымамі, аднак тое будзе вяртаньнем да клясычнага каляніялізму.

Уключэньне фону ў сусьветную гаспадарку – важная глябальная праблема чалавецтва, бо цэлыя рэгіёны сьвету засталіся нікому не патрэбны са сваімі праблемамі, накапленьне якіх прыводзіць да штодзённага кашмару для сотак мільёнаў людзей. У двухполюсным сьвеце буйныя інвэстыцыі даваліся пад крысную палітычную кан’юктуру, а ў аднапалярным і шматпалярным – магчымыя пад здабычу карысных выкапняў, асабліва паліўных, іншых рэсурсаў. Другім шанцам зьяўляецца дастаўка на сусьветны рынак найтанейшай некваліфікаванай або слабакваліфікаванай рабочай сілы (пазбаўленых правоў нелегалаў), ад якой можна хутка пазбыцца ў час скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьцяў ці паслуг (Taylor, Flint 2000). Рабочую сілу не патрэбна  транспартаваць у цэнтр або сэміпэрыфэрыю, яе дастаткова выкарыстоўваць на ўзьбярэжжах фону у местах-партох. Такім чынам можна актывізаваць гаспадарчае разьвіцьцё найперш некаторых прыбярэжных рэгіёнаў.

Вышэйпрапанаваныя варыянты ўключэньня фону ў сусьветную гаспадарку зьяўляюцца прагматычнымі, таму, нажаль, у той ці іншай ступені  ліцэмернымі. Толькі цяжка ўявіць масавую сусьветную дабрачынную акцыю дапамогі з цэнтраў фону шляхам хуткага інвэставаньня гаспадарак фону соткамі мільярдаў даляраў на нявыгадных для цэнтраў умовах.

У публічнай дыскусіі надзвычай часта блытаецца разуменьне найбагацейшых, індустрыяльных і аграрных краін. У мінулыя стагодзьдзі індустрыялізацыя была прызнакам цэнтру сусьветнага гаспадарча-палітычнага жыцьця. У ХХІ ст. малюнак зьмяніўся, часам рэзка.

Індустрыялізацыя зьяўляецца сімптомам і характэрна для сэміпэрыфэрыі і пэрыфэрыі, а надзвычай высокая ступень індустрыялізацыі – хутчэй сьведчаньне недаразьвіцьця чым разьвіцьця. Найбольш прамысловымі дзяржавамі зьяўляюцца Расея, Бразылія, Кітай (сэміпэрыфэрыя).

Дзяржавы цэнтру усё часьцей  з вялікім задавальненьнем пазбаўляюцца ад рэсурсаёмістых вытворчасьцяў. Сабекошт карысных выкапняў і прадуктаў іх перапрацоўкі (найперш паліва і сыравіны) у цэнтры, як правіла, — надзвычай высокі. Не танейшыя і працоўныя рэсурсы, бо высокія заробкі і сацыяльныя гарантыі патрабуюць значных выдаткаў на якасныя працоўныя рэсурсы, а колькасны рэзэрв працоўных рэсурсаў як правіла – нязначны. Экалягічна брудныя вытворчасьці немагчымы з-за высокіх экалягічных стандартаў заканадаўстваў дзяржаў цэнтру, што.між іншым, — заслуга грамацкіх экалягічных рухаў, у. т. л. партый зялёных.

Рэсурсаёмістыя вытворчасьці акумулююцца ў сэміпэрыфэрыі і на пэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы. Тут важная арыентацыя на танныя рэсурсы ў значнай колькасьці і прыемлімай якасьці (паліўныя, энэргетычныя, сыравінныя, працоўныя).

Сімптомам пэрыфэрызацыі зьяўляецца і аграрызацыя традыцыйнай сельскай гаспадаркі фону.

Пераўтварэньне традыцыйнай сельскай гаспадаркі ў аграсэктар з прымяненьнем мэханікі (машынна-трактарны парк, мэханізмы), угнаеньняў – прызнак хутчэй пэрыфэрызацыі і сэміпэрыфэрызацыі, а прымяненьне электронікі і найноўшых тэхналёгіяў – сэміпэрыфэрыі й цэнтру.

Прызнакам цэнтру зьяўляецца перавага сэктару паслугаў.

У структуры экспарту краін цэнтру значную частку займаюць прадукты сфэры паслуг, або невытворчай сфэры. Фундамэнтальная навука дае найноўшыя навуковыя ідэі, а прыкладная – займаецца іх хуткім і якасным укараненьнем у практыку, у т. л. ў вытворчасьці. Навучальныя ўстановы цэнтру зьбіраюць найбольш якасныя інтэлектуальныя рэсурсы з усяго сьвету і займаюцца іх навучаньнем, што акупляецца. Банкі канцэнтруюць капіталы і іх укладаюць па ўсяму сьвету па прынцыпу найбольшай выгады, г. зн. грошы робяць грошы. Шматлікія транснацыянальныя карпарацыі арыентуюцца на мэнеджэраў найвышэйшых кваліфікацый, канцэнтрацыя якіх характэрна для цэнтру. Нарэшце культурніцкія эліты з дапамогаю найсучасьнейшай тэхнікі і тэхналёгій ствараюць мадэрновыя культурніцкія прадукты, якія магчыма толькі стварыць у цэнтры, бо патрэбна канцэнтрацыя сродкаў і інтэлекту. Найноўшыя праграмы становяцца найперш культурніцкімі прадуктамі, створанымі, як правіла, у цэнтры і, значна радзей, на сэміпэрэфэрыях. Прылады працы з праграмамі, г. зн. кампутарнае “жалеза” і “плястык” праектуюцца таксама галоўным чынам ў цэнтры, а прадукуюцца – на сэміпэрыфэрыі і пэрыфэрыі.  

Адсюль, найбольш разьвітымі дзяржавамі зьяўляюцца дзяржавы цэнтру. Найбагацейшымі дзяржавамі лічацца ня толькі гаспадарствы цэнтру, але і нафтаздабываючыя ды нафтаэкспартуючыя дзяржавы Блізкага Ўсходу, а таксама цэнтры сусьветнага адпачынку ў Карыбскім басэйне (Бэрмуды, Кайманы).

Несумненна памылковай зьяўляецца доўгатэрміновая арыентацыя Беларусі на аграрызацыю і індустрыялізацыю, бо такая арыентацыя паспрыяе захаваньню пэрыфэрыйнасьці Краю і яго пераўтварэньню ў расейскую пэрыфэрыю з кансэрвацыяй таталітарызму. Пэрспэктыўна найперш разьвіваць галіны гаспадаркі, што характэрны для цэнтру: адукацыю, навуку, банкаўскую сфэру, праграмаваньне, культуру, сучасныя сувязь і гандаль і г. д. Гэна паспрыяе сэміпэрыфэрызацыі Беларусі, бо мара аб уваходу нашай Бацькаўшчыны ў склад эўрапейскага цэнтру – маларэчаісная.

Для кожнага маладога беларуса павінна быць характэрна: валоданьне 3-4 эўрапейскімі мовамі (найперш ангельскай, нямецкай, францускай), уменьне пісаць праграмы, арыентацыя ў гаспадарцы (як на макра-, так і на мікраўзроўнях), праве (міжнародным і нацыянальным), нацыянальна-культурная адукаванасьць (найперш веданьне беларускай мовы, літаратуры, этнакультуры, гісторыі і геаграфіі), веданьне і арыентацыя ў краінах цэнтру (эўрапейскі, магчыма эўраатлянтычны, але толькі не прарасейскі цэнтрызм у сьветапоглядзе), здаровы вобраз жыцьця (сьпярша масавая фізычная культура, а ня толькі паказны спорт) і мн. інш. Важна выхаваць маладое пакаленьне, здольнае пераўтварыць эўрапейскую Беларусь у частку эўрапейскай сэміпэрыфэрыіі, а, ў даўгачасовай пэрспэктыве – у частку цэнтру сучаснай сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы.

 

 

VII. 2.  РЭГІЯНАЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ

Рэгіяналізацыі – падзелы Эўропы на рэгіёны паводле пэўных мэтаў і крытэрыяў. Існуюць фізыка-геаграфічныя, культуровыя і палітычныя рэгіяналізацыі Эўропы на Заходнюю, Усходнюю, Цэнтральную, Цэнтральна-Усходнюю і Паўднёвую, а часам асобна выдзяляюцца Брытанскія астравы і Балканы.

 

 

VII. 2. а. ПАЎНОЧНАЯ ЭЎРОПА

Фізыка-геаграфічная Паўночная Эўропа ўключае Скандынавію, Фінляндыю (Фінаскандыю), Кольскі паўвостраў і Карэлію. Паўдневая і ўсходняя межы рэгіёну супадаюць зь геалягічнай мяжой крыптазойскага (дакембрыйскага) Балтыйскага шчыта.

Палітычна Паўночная Эўропа акрэсьлівалася як сукупнасьць паўночнагерманска-пратэстанскіх дзяржаў — Швэцыі, Нарвэгіі, Даніі ды уральска-пратэстанцкай Фінляндыі. Зь зьяўленьнем на палітычнай карце Эўропы дзяржаў Балтыі паўстала пытаньне аб іх мейсцы. Асобны рэгіён Балтыя ўваходзіць у склад Паўночнай Эўропы. Маленькія пратэстанцкія Эстонія і Латвія (за выкл. Латгаліі) ды каталіцкая Летува бліжэйшыя да Паўночнай Эўропы, бо ляжаць у басэйне Балтыйскага мора, маюць пераважна каталіцка-пратэстанцкія супольнасьці. Паўвастраўная Данія – традыцыйна частка Паўночнай Эўропы, а Ісляндыя гістарычна, этнічна, рэлігійна і культурова заўсёды належыла рэгіёну. Больш спрэчным зьяўляецца пытаньне аб рэгіянальнай прыналежнасьці вастраўных Вялікабрытаніі і Ірляндыі. Многія спецыялісты гэтыя краіны лічаць часткай Заходняй Эўропы, аднак фізыка-геаграфічна, этнічна, рэлігійна дзяржавы бліжэйшыя да Паўночнай Эўропы, акрамя хіба што Ангельшчыны.

Паводле апошняй рэгіяналізацыі ААН да Паўночнай Эўропы належаць 10 дзяржаў з агульнымі абшарамі ў 1 млн. 812 тыс. км². і людамі ў 94 млн. чал., што складае 17,2% ад агульнай колькасьці абшараў і толькі 13% ад агульнай колькасьці людаў дзяржаў Эўропы. Затое высокаразьвітыя дзяржавы рэгіёну (акрамя Балтыі) маюць аж 2 трлн. 209 млд. даляраў нацыянальнага прадукту брута (НПБ), што складае да 18,7% ад агульнаэўрапейскага паказчыку.

Паўночную Эўропу варта дыфэрэнцаваць на Фінаскандыю (Фінландыя, Швэцыя, Нарвэгія) з  Даніяй і Ісляндыяй,  Балтыю і Вялікабрытанію з Ірляндыяй.

Агульныя рысы Паўночнай Эўропы.

Фізыка-геаграфічныя:

n      паўвастраўное і вастраўное геаграфічнае становішча дзяржаў на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора,

n      старажытнейшая шчытавая геалягічная структура якая падымаецца (рэгрэсія мора), ды структуры кембрыйскага і калядонскага арагенэзу,

n      вялікая розьніца паміж кліматам ўзьбярэжжаў і кантынэнтальных раёнаў (за выкл. Вялікабрытаніі, Ірлянлыі, Даніі), адной з прычынаў якой –

n      наяўнасьць цёплага Паўночна-атлянтычнага цячэньня,

n      ісляндыйскі мінімум генэруе цыклёны, якія прыносяць ападкі ў заходнюю частку рэгіёну (асабліва заходнія сьхілы скандынаўскіх гор),

n      панаваньне лясных і ўзьбярэжных краявілаў. На тэрыторыі Фінаскандыі пануюць барэальныя лясы (тайга), а ў Ірляндыі, Вялікабрытаніі (акрамя поўначы Шатляндыі), поўдні Швэцыі, Ютляндыі растуць немаральныя лісьцёвыя лясы. Дзякуючы выключна лагоднаму клімату лісьцёвыя лясы сягаюць надзвычай далёка на поўнач (найдалей ў паўночным паўшар’і). Тэрыторыю Балтыі займаюць мяшаныя лясы.

Насельніцкія:

n      панаваньне паўночнай галіны эўрапеоіднай расы,

n      старажытнейшае кельцкае і ўраламоўнае (фінскае) насельніцтва спазнала пазьнейшую экспансію балцкага і германскага. Паўночнагерманцы швэдыйцы, нарвэгійцы, даччаны, ісляндыйцы, ды заходнегерманцы ангельцы і шатляндыйцы пануюць у рэгіёне,

n      германа-пратэстанцкія і урала-пратэстанцкія дзяржавы найбагацейшыя ў Эўропе, толькі  балтыйскія супольнасьці маюць меньшы ўзровень жыцьця,

n      заходнегерманска ангельская мова (English) – міжнародная для эпохі глябалізацыі, мова тэхнічнай тэрміналёгіі і мн. інш.,

n      высокая шчыльнасьць насельніцтва Вялікабрытаніі і Даніі на фоне амаль незаселенай эўрапейскай поўначы – выключэньне. Паўночнаэўрапейскія месты – маленькія і сярэднія: Вільня, Талін, Коўна, Хельсінкі, Турку і інш. Месты-мільянеры: сталіцы паўночна-германскіх дзяржаў Осла, Стакгольм, Капэнгагін, а таксама Дублін. Шматмільённы Лёндан – выключэньне. Паўночнаэўрапейскія гарады здаўна служылі захавальнікамі эўрапейскіх традыцй (месты Ірляндыі ў раньнім Сярэднявеччы, Фінляндыі і Балтыі ў час расейскага і савецкага панаваньня).

Гаспадарчыя:

n      абсалютовая перавага гаспадарча высокаразьвітых багатых супольнасьцяў (узровень разьвіцьця дзяржаў Балтыі пасьля савецкай акупацыі хутка павышаецца),

n      сучасныя галіны прамысловай сьпецыялізацыі: машынабудаваньне, электроніка, электратэхніка, лясная, дрэваперапрацоўчая,

n      высокаразьвітыя аграрная галіна, рыбалоўства і рыбаперапрацоўка,

n      сучасны марскі, паветраны транспарт, інтэрнэтная камунікацыя,

n      найвышэйшы ўзровень разьвіцьця невытворчай сфэры гаспадаркі, якасны сэрвіс.

 Палітыка-геаграфічныя:

n      перавага тэрытарыяльна і насельніцка маленькіх дзяржаў,

n      наяўнасьць  раней узьнікшых германскіх манархій (Вялікабрытанія, Швэцыя, Нарвэгія, Данія) якія дамінуюць ў рэгіёне тэрытарыяльна, насельніцка, гаспадарча і гістарычна найноўшых рэспублік этнічна рэліктавых супольнасьцяў (Ірляндыя, Фінляндыя, Балтыя).

 

 

VII. 2. б. ЗАХОДНЯЯ І ЎСХОДНЯЯ ЭЎРОПА

Лінія фізіка-геаграфічнага падзелу Эўропы на Заходнюю і Ўсходнюю накрэсьліваецца паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Геалягічна – гэта амаль наўпрост накрэсьленая лінія паміж Кашалінам (Польшча) і Адэсай (Украіна). Геамарфалягічна – блукаючая лінія паміж Караляўцам (Калінінградам) і дэльтаю Дунаю. Скандынавія (геалягічная Фінаскандыя) належыць Заходняй Эўропе.

Тры канцэпцыі падзелу Эўропы на Заходнюю і Ўсходнюю:

1. Старажытны падзел на лацінскі і грэцкі сьветы, сфармалізаваны падзелам Рымскай імпэрыі на Заходнюю і Ўсходнюю.

2. Падзел паміж традыцыйным пастрымскім каталіцкім сьветам (пасьля Рэфармацыі пратэстанцка-каталіцкім) і традыцыйным пастгрэцкім, эліністычным, паствізантыйскім праваслаўным (з 1054 г.). Гэты падзел быў асабліва актуальны пакуль чалавецтва ня ведала свабоды веравызнаньня асобы. Пазьней па абодва бакі ад лініі рэлігійнай дыфэрэнцыяцыі ўзьніклі рэлігійныя меньшасьці. Увогуле, сучасная мяжа  гаспадарча разьвітага лацінскага сьвету зь меньш разьвітым усходам пралягае паміж Харватыяй, Вугоршчынай, Славаччынай, Польшчай, Балтыяй, Фінляндыяй і Нарвэгіяй з аднаго боку ды Чарнагорыяй, Сэрбіяй, Румыніяй, Украінай, Беларусьсю, Расеяй – зь іншага. Аднак рэлігійныя і цывілізацыйныя межы далёка не заўседы супадаюць зь дзяржаўнымі. Шматлікія каталіцкія меньшасьці жывуць на захадзе Ўкраіны і Беларусі, а праваслаўная – на поўдні і ўсходзе сучаснай польскай Беласточчыны. У Босьніі і Герцагавіне рэпрэзэнтаваны як лацінская, так і ўсходняя супольнасьці.

3. Германа-славянскі падзел. У раньнім сярэднявеччы лінія падзелу пралягала ад Кілёніі да Трыесту. Італійскае Каралеўства Лянгабардаў вызначаецца як германская дзяржава (этнічна). На поўначы лініі падзелу сталі называцца limes saxonicus i limes sorabicus. Limes saxonicus на поўначы ад Магдэбурга была вызначана нямецкімі каралямі як мяжа славянскага арэалу. Limes sorabicus  зрабілася лініяй лякалізацыі гандлёвішчаў немцаў з славянамі.

 

 

VII. 2. в. ЗАХОДНЯЯ ЭЎРОПА

Паводле сучаснай (ААНаўскай) рэгіяналізацыі толькі 8 дзяржаў: Нямеччына, Францыя, Бэльгія, Нідэрлянды, Люксэмбург, Швэйцарыя, Аўстрыя, Ліхтэнштэйн з агульнымі абшарамі ў 1 млн. 108,9 тыс. км² (10,5% ад агульнаэўрапейскіх) і людамі колькасьцю 181 млн. чал. (25,3%), а таксама нацыянальным прадуктам брута (НПБ) аж у 4 трл. 622 млд. даляраў (нават 39,1%) уваходзяць у рэгіён Заходняя Эўропа.

Вастраўныя Вялікабрытанія і Ірландыя традыцыйна – частка Заходняй Эўропы, аднак паводле рэгіяналізацыі ААН уключаны ў склад Паўночнай. Зыходзячы з адных чыньнікаў – вышэйузгаданы архіпэляг зьяўляецца часткаю Заходняй Эўропы, зь іншых – Паўночнай. Ангельшчына падаецца бліжэйшаю да Заходняй Эўропы, а Шатляндыя, Уэльс, Ірляндыя з Ольстарам – да Паўночнай.

Межы рэгіёну супадаюць зь межамі Францыі, Швэйцарыі, Аўстрыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў і Бэльгіі зь Гішпаніяй, Андорай, Італіяй, Славеніяй, Вугоршчынай, Славаччынай, Чэхіяй, Польшчай, Швэцыяй, Даніяй, Вялікабрытаніяй. У межах Заходнай Эўропы выдзяляюць тры дзяржавы Бэнілюксу (Бэльгія, Нідэрлянды, Люксэмбург) і дзьве альпійскія дзяржавы (Швэйцарыя і Аўстрыя).

Агульныя рысы Заходняй Эўропы.

Фізыка-геаграфічныя:

n      адны дзяржавы маюць выгаднае прыбярэжнае геаграфічнае становішча, а іншыя – знаходзяцца ў Альпах,

n      геалягічна большая частка рэгіёну знаходзіцца ў межах калядонскага і герцынскага арагенэзу, на паўднёвым усходзе – альпійскага,

n      агульнае павышэньне абсалютных вышынь з поўначы, захаду, паўночнага-захаду на поўдзень, ўсход і паўднёвы-усход, ад нізін прыатлянтычнага ўзьбярэжжа да Альп,

n      лагодны прыморскі умераны клімат, у Альпах – вышынная пояснасьць, самая вялікая ў сьвеце тэмпературная інверсія вызвана цеплым паўночна-атлянтычным цячэньнем, адсутнасьць сьнежнага покрыва (за выкл. Альп),

n      вадацёкі (рэкі) накіраваны з гор на ўзьбярэжжы, горныя вадаёмы (Жэнеўсае воз.),

n      натуральная ўзьбярэжная расьліннасьць (маквіс, гарыга, тамілярыя, фрэгана) і лісьцёвыя лясы як правіла даўно зьнішчаны,

Насельніцкія:

n      дамінацыя рамана-германскага пратэстанта-каталіцкага насельніцтва, старажытнейшыя кельты-брэтонцы надзвычай асіміляваны, аднак баскі доба захаваліся,

n      клясычныя французская і нямецкая мовы ды культуры дамінуюць як у аднайменных дзяржавах, так і ў альпійскіх, на поўдні Бэльгіі, у Люксэмбурзе. Выключэньні – галянда- і фляндрамоўныя Галяндыя і Фляндрыя (поўнач Бэльгіі),

n      надзвычай высокая шчыльнасьць насельніцтва і урбанізацыя, традыцыйныя месты – асяродкі, творцы і захавальнікі эўрапейскай культуры (Парыж, Бэрлін, Ліён, Марсэль, Гамбург, Мюнхэн, Манака, Брусэль, Амстэрдам, Вена, Шэнева, Цюрых і мн. інш.).

Гаспадарчыя:

n      усе дзяржаы рэгіёну высокаразьвітыя, багатыя,

n      рэпрэзэнтаваны ўсе сучасныя галіны прамысловасьці: машынабудаўніцтва, электроніка, электратэхніка, лёгкая, харчовая прамысловасьць. Нямецкія мэханіка, оптыка, аўтамабілі, францускія касмэтыка, адзеньне, галяндыйская перапрацоўчая прамысловасьць  – клясычныя ў Эўропе і сьвеце,  многія фірмы – абсалютовыя лідары ў сваіх галінах, або адны зь лідараў: Siemens, Philips, Moulinex, Mercedes, BNW, VW, Renault, Pegeot, Vitek і мн. інш.,

n      традыцйная перавага аўтамабільнага транспарту зь інтэнсіўным разьвіцьцём паветранага, моцнымі пазыцыямі чыгуначнага, меставага і трубапроваднага, вялікай колькасьцю палімагістраляў,

n      мабільная і інтэртэтная сувязь, зь інтэнсіўным разьвіцьцём бязкаблевага інтэрнэту,

n      францускае харчаваньне і гандаль, галяндыйская аграгаліна,  ангельскія (гістарычна частка Зах. Эўропы) францускія, швэйцарскія, аўстрыйскія асяродкі адукацыі і навукі (Кэмбрыдж, Оксфард, Сарбона, Вена, Бэрлін, Брусэль мн. інш.) – клясычныя,

n      сталіца Бэльгіі Брусэль – сталіца Эўропы. У Гаазе, Жэневе, Стразбурзе,  Парыжы знаходзяцца цэнтральныя офісы шматлікіх міжнародных арганізацый, Швэйцарыя – традыцыйнае мейсца лякалізацыі сусьветна вядомых банкаў.

  Палітыка-геаграфічныя:

n      абшарава і людава дамінуюць вялікія (Францыя і Нямеччына), а – колькасна (шэсьць з васьмі) сярэднія і мікра- (Бэнілюкс з альпійскімі) дзяржавы,

n      наяўнасьць мікрадзяржаў, што захаваліся зь сярэднявечча і характэрны толькі для Заходняй Эўропы (як ААНаўскаму рэгіёну, так і традыцыйнай),

n      традыцыйныя абмежаваныя (канстытуцыйныя) манархіі і новыя рэспублікі,

n      клясычная швэйцарская канфэдэрацыя, фэдэрацыя (Нямеччына) і ўнітарныя дзяржавы,

n      традыцыйныя дзяржавы з старымі межамі, што не зьмяняліся некалькі стагодзьдзяў і не супадаюць з этнічнымі, рэлігійнымі, моўнымі межамі, адсюль,

n      наяўнасьць двух і палісупольнасных дзяржаў (Бэльгія, Швэйцарыя),

n      аўтахтонных меньшасьцяў паводле розных прызнакаў (Францыя і інш.), а таксама

n      меньшасьцяў былых мігрантаў зь іншых цывілізацый: расавых, рэлігійных і этнічных (амаль усе дзяржавы, але найперш мнагамільённыя супольнасьці ў Францыі і Нямеччыне), якія інтэгруюцца ў мясцовыя  дэмакратычныя соцыюмы.

 

 

VII. 2. г. ЦЭНТРАЛЬНАЯ ЭЎРОПА

Паняцьце Цэнтральная Эўропа ня мае адназначнага трактаваньня і дэфініцыі (вызначэньня) да нашага часу.

У кнізе пад рэдакцыяй амэрыканскага географа Г. В. Гофмана (G. W. Hoffman, A Geography of Europe, 1965) Эўропа рэгіяналізавана на Брытанскія востравы, Паўночную, Заходнюю, Цэнтральную (Нямеччына, Швэйцарыя, Аўстрыя), Паўднёвую і Ўсходнюю (былыя сацыялістычныя краіны). Асобнай часткаю сьвету дыфэрэнцаваўся СССР.

Найлепш назваць Цэнтральнай Эўропай каталіцкія заходнеславянскія Польшчу, Чэхію, Славаччыну і прымыкаючую да іх урала-каталіцкую Вугоршчыну. Менавіта гэтыя дзяржавы ў 1991 годзе пасьля вызваленьня ад савецкай дамінацыі аб’ядналіся ў Вышаграцкую групу. Агульны дэмапатэнцыял дзяржаў – каля 65 млн. чал. Вышаграцкія каталіцкія грамацтвы маюць высокія тэмпы гаспадарчага разьвіцьця і паступова набліжаюцца да Заходняй Эўропы (першыя з пастсацыялістычных дзяржаў сябры NATO i EU), чым якасна розьняцца ад бяднейшых праваслаўных Румыніі, Балгарыі (пазьнейшыя сябры NATO i EU), пастюгаславянскіх супольнасьцяў.

Магчыма назваць Цэнтральнай Эўропай ААНаўскія Заходнюю і Ўсходнюю Эўропы, а таксама Вялікабрытанію і Ірляндыю.

 

 

VII. 2. д. СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА

Тэрмін Сярэдняя Эўропа (Mitteleuropa) зьявіўся ў XIX ст. у час аб’яднаньня паўднёвагерманскіх земляў у Нямеччыну з мэтаю нямецкай экспансіі на іншыя дзяржавы, найперш на ўсход.

У ХІХ ст. склаўся альянс трох імпэрый: Германскай, Аўстра-Вугорскай і Расейскай супроць Францыі. Сярод мэтаў імпэрый было, між іншым, недапушчэньне адраджэньня Рэчы Паспалітай (у т. л. ВКЛ). Рух за аб’ядненьне немцаў нарадзіў перакананьне элітаў у праве нямецкай супольнасьці павялічыць жыцьцёвую прастору. Гаспадарчы і мытны падзел а таксама іншыя гаспадарчыя чыньнікі — сталіся аргумантамі за рэалізацыю “сярэднеэўрапейскай канцэпцыі”. Mitteleuropa зрабілася ва ўяўленьнях яе стваральнікаў вялікім абшарам аб’яднаным палітычна, гаспадарча і культурова.

Нямецкі філёзаф культуры Paul Lagarde трактаваў Mitteleurop’у як “прастору для харчаваньня” неабходную немцам. Адсюль, балканскія супольнасьці, славян і вугорцаў трэба было дэнацыяналізаваць як “баляст гісторыі”. На мяжы ХХ ст. было шырока распаўсюджана меркаваньне аб неабходнасьці выйсьця немцаў з прасторавае цеснаты і паглынаньня славян. F. Ratzel акрэсьліў вобраз “Сярэдняй Эўропы” значна шырэй “павінны ў ёй знаходзіцца ўсе краіны, якія ляжаць паміж Атлянтычным акіянам (уключаючы з Францыяй) аж па Чорнае мора”. Усходняя мяжа Mitteleurop’ы не акрэсьльвалася, значыць фантазіям рыцараў Drang nach Osten не было абмежаваньняў.

Яшчэ ў час Першай сусьветнай (1915 г.) F. Naumann пісаў: “Хачу сказаць аб аб’яднаньні тых дзяржаў, якія не належаць а ні да заходняга ангельска-францускага блёку, а ні да расейскай дзяржавы. Перадусім ідзе размова аб  альянсе  Нямеччыны з аўстра-вугорскай манархіяй, усе пляны сярэднеэўрапейскіх зьвязаў залежаць ад таго, ці ўдасца аб’яднаць абедзьве сярэднеэўрапейскія дзяржавы”. Далей чытаем: “Нашы вочы накіроўваюцца да прастораў Сярэдняй Эўропы ад Паўночнага і Балтыйскага мораў да Адрыятыкі і паўднёвых ускраін наддунайскай раўніны. Возьмем у рукі карту і ўбачым краіны, якія ляжаць паміж Віслай і Вагезамі, паміж Галіцыяй і Бодэнскім возерам. Гэту прастору мы ўявім як адзінства, як братнюю краіну, як абарончы зьвяз, як гаспадарчую тэрыторыю”. Паведле Наўмана пажадана ўключэньне ў склад Mitteleuroр’ы Бэльгіі і Нідэрляндаў (разам зь іх тагачаснымі каляніяльнымі ўладараньнямі), балканскіх краін, Турэччыны, а магчыма нават скандынаўскіх дзяржаў. Важным пастулятам было забясьпячэньне дарогі да Канстантынопалю. Найважнейшым этапам да будовы Сярэдняй Эўропы было ўключэньне Польшчы ў яе склад. Калі летам 1915 г. нямецкія войскі перамагалі ў Польскім каралеўстве і здабывалі Варшаву, паўстала канцэпцыя злучэньня Польскага каралеўства з Галіцыяй, дзякуючы чаму можна было ўтварыць трыадзіную Аўстра-Вугорска-Польскую манархію за аснове габсбурскай. Усходнія межы Mitteleurop’ы павінны былі праходзіць па Бугу.

Наўман у адрозьненьні ад нямецкіх імпэрыялістаў адмаўляў мэтады прымусовай германізацыі (зьнямечваньня), таму горача апэляваў да немцаў, каб тыя навучыліся з ранейшай гісторыі.  Трон Сярэднай Эўропы павінен быць нямецкі, мова – нямецкая, аднак ў якасьці міжнацыянальнай. Мовы, што ўжываюцца супольнасьцямі Mitteleurop’ы, павінны аднолькава шанавацца, толькі ў такім выпадку магчыма ўтрыманьне нутранага ладу.

Сярэдняя Эўропа Naumann’а павінна была стаць гаспадарчым і мілітарным зьвязам. Асобныя дзяржавы, якія б ўваходзілі ў Mіtteleurop’у мусілі падзяліцца часткай паўнамоцтваў на карысьць супольнасьці, аднак іх сувэрэннасьць заставалася б некранутай.  

Канцэпцыя Наўмана карысталася вялікім зацікаўленьнем. A. Toynbee пісаў: “ад 1914 года эўрапейцы ўвесь час прысьвячаюць многа ўвагі праблеме эўрапейскай еднасьці, ня гледзячы на вядучую ролю ў гэтым публіцыстаў, аднак і людзі чыну – у прамысловасьці, фінансах, а нават у дыпляматыі – таксама займаюцца гэтай праблемай. За пункт выйсьця можа нам паслужыць знакамітая кніга Фрэдрыха Наўмана “Mitteleuropa” апублікаваная ў 1915 г. Натуральна было, каб бачаньне эўрапейскай палітычнай супольнасьці на ўзроўні большым чым нацыянальная дзяржава, зьявілася найперш у сярэдзіне Эўропы, дзе быў найбольшы націск, і ў часе вайны, калі ў цэнтральных звышдзяржавах нармальны ціск ґвалтоўна завастрыўся ў выніку змаганьняў на двух франтох і марской блякады. Натуральна было таксама, што нямецкі аўтар, маючы ў памяці дзеяньні нямецкага Zollverein, выйдзе ад ідэі наднацыянальных мытных зьвязаў і перайдзе ад таго пункту выйсьця да схемаў каапэрацыі ў іншых накірунках публічнага жыцьця”.

Польскія географы разыйшліся ў ацэнцы ідэі Сярэдняй Эўропы. Напрыклад Eugeniusz Romer (Эўгэніюш Ромэр) крытычна адносіўся да Мitteleurop’ы бачачы ў ёй нямецкую экспансію. Іншыя палякі ўбачылі ў альянсе зь немцамі дзеля будовы Сярэдняй Эўропы магчымасьці для польскай рээкспансіі на ўсход, г. зн. пабудовы польскае дзяржавы з уваходжаньнем беларускіх, украінскіх і летувіскіх земляў у яе склад (напрыклад Władysław Studnicki).

У міжваенны пэрыяд і ў час Другой сусьветнай вайны неабходнасьць утварэньня Mitteleurop’ы аргумэнтавалася перадусім патрэбнасьцю супрацьстаяць пагрозам пазаэўрапейскіх звышдзяржаў, а таксама камунізму. У час Трэцяга Рэйху Адольфа староньнікі канцэпцыі Mitteleurop’ы ўзбагацілі сваю прапаганду ідэалёгіяй  расавай еднасьці.

З пункту гледжаньня стратэгіі прапанавана ўтварэньне абшару з найкарацейшымі межамі, набліжанымі да кола. У такое кола ўваходзілі такія дзяржавы як: Бэльгія, Галяндыя, Данія, Аўстрыя, Чэхаславаччына, Вугоршчына, Польшча, а затым тэрыторыі акупаваныя Трэцім Рэйхам у часе вайны. Цэнтрам Сярэдняй Эўропы былі павінны стаць абшары  аўстра-вугорскае манархіі і наддунайскі. Напярэдадні  Другой сусьветнай да нямецкай Сярэдняй Эўропы ўключаны Аўстрыя і Чэхія.  Далейшыя заваёвы гітлераўцаў геапалітыка трактавала як “натуральнае акругленьне” павялічанай на Аўстрыю і Чэхію Mitteleurop’ы, як рэалізацыю “слушнага” права, што служыць дзеля дасягненьня палітычных мэтаў нацыянал-сацыялістычнай дзяржавы.

Крах Трэцяга Рэйху Адольфа перакрэсьліў нямецкія фантазіі наконт Сярэдняй Эўропы як мейсца германскай экспансіі.

Сярэдняя Эўропа ў 1871-1914 гг. уключала Нямеччыну, Аўстра-Вугоршчыну і Польшчу ў складзе Расеі. Сярэднюю Эўропу пачатку ХХІ ст. утвараюць: Нямеччына, Аўстрыя, Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Славенія і Харватыя, г. зн. акрамя каталіцка-пратэстанцкай Нямеччыны традыцыйна каталіцкія дзяржавы, якія рэпрэзэнтуюць спаччыну лацінскай цывілізацыі.

Легендарны амэрыканскі палітоляг, геапалітык, геастратэг Зьбігнев Бжэзьньскі ў другой праграма польскае тэлевізіі 31 ліпеня 1994 года сказаў, што паняцьце “Сярэдняя Эўропа” павінна адчытвацца геапалітычна, а не геаграфічна.

Сучасныя староньнікі Mitteleurop’ы ў на ўсход ад яе бачаць на абстрактную “Расею”, а Ўсходнюю Эўропу, часткай якой і зьяўляецца наша Беларусь, што, відаць, — да лепшага.

 

 

VII. 2. e. ЦЭНТРАЛЬНА-УСХОДНЯЯ ЭЎРОПА

Існуюць дзьве канцэпцыі Цэнтральна –Усходняй Эўропы.

1.Традыцыйная культурніцкая канцэпцыя. У ХІХ ст. рэгіён акрэсьлілі як тэрытарыяльна вялікі абшар з слабавыяўленымі межамі (эпоха панаваньня імпэрыяў на ўсходзе Старога Сьвету) паміж Нямеччынай і германскім сьветам на захадзе і Расеяй ды Турэччынай на ўсходзе. Этнічна, рэлігійна, культурова, цывілізацыйна рэгіён уяўляў “складаную мазайку”, таму і станавіўся мэтай дзеля экспансіі германскіх Нямеччыны, Аўстрыі, эўразійскай Расеі і азіяцкай Турэччыны. Больш таго найвялікшыя і наймагутнейшыя супольнасьці рэгіёну (палякі, сэрбы, вугорцы) вялі ўласную экспансію.

Заходняя мяжа рэгіёну – стык германскіх і славянскіх абшараў, аднак мяжа з асіміляцыяй (германізацыяй) палабскіх славян, сорбаў-лужычан і інш. перасоўвалася з захаду на ўсход. Германізаваны і вынішчаны заходнія балты (прусы, яцьвягі).  Заходняя этнічная мяжа расейцаў (маскоўцаў, вялікарусаў) з украінцамі, ліцьвінамі-беларусамі, латышамі і эстонцамі сталася ўсходняю мяжою рэгіёну. Да 40-ых гг. ХХ ст. мяжа карэлявалася з усходнім абсягам жыдоўскай (габрэйскай) мовы ідыш. Паўднёваю мяжою рэгіёну ўспрымалася мяжа паўднёвых славян з альбанцамі, грэкамі і туркамі. Такое разуменьне рэгіёну можна крытыкаваць, аднак у ХІХ ст. не існавала сучаснай палітычнай карты ўсходу Эўропы, таму сам факт выдзяленьня рэгіёну быў прагрэсіўным.

Паводле Пётра Эбэргардта (Eberhardt, 1996) вышэйакрэсьленая Цэнтральна-Усходняя Эўропа  мае супольную культуровую спаччыну, якая складалася з:

n      несупадзеньня паняцьця дзяржавы і народу ўвесь ХІХ ст., за істотным выключэньнем Вугоршчыны пасьля дамовы 1867 г.,

n      традыцыі супраціву супраць зьнешняй агрэсіі,

n      частых зьменаў межаў,

n      адсутнасьці геапалітычнай стабілізацыі,

n      атмасфэры часовасьці.

2. У сучасным палітычным разуменьні Цэнтральна-Усходняя Эўропа вылучалася як пазасавецкая пракамуністычная Эўропа.

У 1989 годзе паўстала Цэнтральнаэўрапейская ініцыятыва, якая аб’ядноўвала дзяржавы па абодва бакі ад тагачаснай жалезнай сьцяны: Італію і Аўстрыю, Венгрыю і Югаславію, г. зн. дзяржавы што знаходзяцца ў верхнім і сярэднім басэйне Дунаю. Пасьля далучэньня тагачаснай Чэхаславаччыны (1990 г.) трансдунайская ініцыятыва – стала пентаганальнай, а пасьля далучэньня Польшчы (1992 г.) – гексаганальнай. Пасьля распаду ЧССР і СФРЮ да ініцыятывы далучыліся Славенія, Харватыя, Босьнія (1992 г.), Чэхія, Славаччына і Македонія (1993 г.), Альбанія, Баўгарыя, Румынія, Украіна і Беларусь (1994 г.), Малдова (1994 г.).

Такім чынам, толькі ў канцы ХХ ст. рэгіён аформіўся палітычна.

 

 

VII. 2. ё. УСХОДНЯЯ ЭЎРОПА

Рэгіяналізацыя ААН дыфэрэнцуе Ўсходнюю Эўропу як рэгіён дзесяці дзяржаў: заходнеславянска-каталіцкія Польшча, Чэхія, Славаччына, ўсходнеславянска-праваслаўныя Ўкраіна, Беларусь, Расея (эўрапейская частка), усходнераманскія праваслаўныя Румынія і Малдова ды урала-каталіцкая Вугоршчына. Такая дэкаганальная Ўсходняя Эўропа – рэгіён славянскай і праваслаўнай дамінацыі.

Сучасная балканская Баўгарыя дастаткова ўмоўна належыць да Ўсходняй Эўропы. Паводле этнічнага ды іншага складу насельніцтва, гісторыі, цывілізацыйнасьці Баўгарыя бліжэй да Паўднёвай Эўропы. Баўгарыя, пастюгаслаўскія дзяржавы, Альбанія, Грэцыя складаюць асобны рэгіён – Балканы. Нават Вугоршчына, Румынія і Малдова, што прымыкаюць да Балкан, маюць асобныя балканскія прызнакі.

Усходняя Эўропа – сапраўдны тэрытарыяльны і насельніцкі гігант, затое гаспадарчы карлік. Толькі агульная тэрыторыя складае аж 6 млн. 287 тыс. км². (59%), а колькасьць насельніцтва – 304,6 млн. чал. (41%). За выключэньнем Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны, дзяржавы рэгіёну самыя бедныя ў Эўропе (пас беднасьці, бяды) – следства сукупнасьці гістарычных, рэлігійных, гаспадарчых прычын. Толькі 2 трлн. 362,1 млн. даляраў – нацыянальны прадукт брута (НПБ) дзяржаў рэгіёну, складае ўсяго 20,1%  ад агульнаэўрапейскага, пры тым самыя багатыя дзяржавы рэгіёну – традыцыйна каталіцкія Вышаградзкія: Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына.

У лацінскім сьвеце праваслаўны Ўсход часта называюць не зусім эўрапейскім, адсталым, кансэрватыўна-артадаксальным (ortodox – праваслаўны). Цягай да аўтарытарызму і таталітарызму, сэрбскага і рускага шавінізму, камунізму, ізаляцыі з супрацьпастаўленьнем сябе Захаду характарызуюцца ўсходнеэўрапейскія і балканскія грамацтвы. Характэрнымі рысамі традыцыйных праваслаўных супольнасьцяў зьяўляюцца панаваньне дзяржаўнай бюракратыію. Гэна абмяжоўвае прыватную ініцыятыву, прадпрымальнасьць, мабільнасьць. Вялікі ўплыў мае шэры, крымінальны бізнэс, а прававая дзяржава часам існуе толькі афіцыйна, бо прававыя адносіны абмежаваны сваяцкімі, сяброўскімі, кланавымі і інш. рэгіён характарызуецца меньшым індывідуалізмам і вузейшым распаўсюдам таварна-грашовых адносінаў.

Рэгіён можна падзяліць на Вышаграцкую Цэнтральную Эўропу, уласна Ўсходнюю Эўропу: пастсавецкія Беларусь, Украіну, Малдову; балканскія Румынію, Баўгарыю; эўразійскую Расею (эўрапейскую частку, або эўрапейскую Расею).

Агульныя рысы рэгіёну (уключае эўрапейскую фізыка-геаграфічную частку Расеі без Паўночнага Каўказу).

Фізыка-геаграфічныя:

n      унутрыкантынэнтальнае геграфічнае становішча паміж Балтыйскім і Чорным (Балтыйска-Чарнаморскі рэгіён), Баранцавым і Касьпійскім морамі (эўрапейская Расея),

n      геалягічная стракатасьць зь перавагай Усходне-Эўрапейскай плятформы і яе структур,

n      геамарфалягічная дамінацыя раўнін, з узвышшамі, прыморскімі і прырэчнымі нізінамі. Горныя масівы (Карпаты і Урал) невысокія і займаюць нязначную плошчу тэрыторыі рэгіёну,

n      найбуйнейшыя рэкі (Волга, Днепр, Дунай) цякуць з поўначы і паўночнага-захаду на поўдзень і паўдзённы-усход,

n      перавага лісьцёвых лясоў і стэпаў сярод натуральнай расьліннасьці ў эўрапейскіх дзяржавах, тайгі і стэпаў у эўрапейскай Расеі,

Насельніцкія:

n      дамінацыя славянскага насельніцтва як грэцкай так і лацінскай цывілізацыйнасьці, зь перавагай першага, аднак лацінская Цэнтральная Эўропа больш скансалідаваная. Усходне-раманскае і вугорскае насельніцтва (параўнальна з славянскім) немнагалікае,

n      перавага славянскіх моў і культур, найбольш распаўсюджаны зь іх расейская і польская, наяўнасьць зрасейшчанага насельніцтва,

n      найменьшая ў Эўропе урбанізацыя, наяўнасьць традыцыйных эўрапейскіх мястэчкаў (за выкл. Расеі), сёлаў і вёскаў, шчыльнасьць насельніцтва памяньшаецца з захаду на ўсход, з поўдня на поўнач (эўрап. Расея).

Гаспадарніцкія:

n      перавага апрацоўваючых галін прамысловасьці ў Цэнтр. Эўропе (Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына), апрацоўка і здабыча ў астатніх дзяржавах, вялікая роля здабываючых галін у эўрап. Расеі,

n      пасьлякамуністычныя рэформы: павялічэньне вагі лёгкай, харчовай галін, машынабудаваньня, электронікі, электратэхнікі (славяна-каталіцкі сьвет), зьмяньшэньне вагі здабываючых галін, мэталюргіі; прыватызацыя; дыверсіфікацыя і панаваньне буйных нацыянальных фірм і транснацыянальных карпарацый (ТНК); складаныя ўмовы канкурэнцыі для нацыянальных вытворцаў,

n      пасткамуністычны сучасны прыватны аграбізнэс спалучаецца з тэхнічна й тэхналягічна адсталай сельскай гаспадаркай, зь перавагай першага ў Цэнтральнай Эўропе, другога ў астатняй частцы рэгіёну

n      перавага сухапутнага транспарту (аўтамабільны і чыгуначны) з інтэнсіфікацыяй разьвіцьця паветранага, рэпрэзэнтацыя рачных і марскіх перавозак,

n      хуткае разьвіцьцё сучаснай мабільнай сувязі (разам з традыцыйнай),

n      наяўнасьць як традыцыйных дзяржаўных так і сучасных прыватных устаноў адукацыі, праблема якасьці адукацыі, эміграцыя найлепшых студэнтаў у Зах. Эўропу (цэнтр). Клясычныя асяродкі адукацыі ў Празе, Кракаве, Вільні, Львове, Варшаве, Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбурзе і інш.,

n      зьмяньшэньне ролі фундамэнтальнай навукі і павялічэньне ролі прыкладных распрацовак (недахоп матэрыяльных рэсурсаў, дзяржаўнага фінансаваньня), ніжэйшы чым у разьвітых дзяржавах узровень гуманітарнай навукі і адукацыі (наступства камунізму і расейскай экспансіі), уцечка мазгоў у заходнім накірунку (з пэрыфэрыі ў паўпэрыфэрыю),

n      культуровая стракатасьць рэгіёну: разам з глябалізаванымі вялікімі местамі – асяродкамі меставай нацыянальнай культуры (за выкл. зрасейшчаных мест Беларусі, Украіны і інш.), пануюць вясковыя і местачковыя асяродкі традыцыйнай культуры, якой карыстаецца вялікая частка неурбанізаванага насельніцтва,

Палітыка-геаграфічныя:

n      перавага новых дзяржаў (паўсталі ў ХХ ст.) карэнных этнасаў – носьбітаў старых дзяржаўніцкіх традыцый, што сягаюць зь сярэднявечча,

n      наяўнасьць розных (паводле вялічыні тэрыторыі і колькасьці насельніцтва) дзяржаў: ад вялікіх шматмільённых: эўразійскай Расеі, Украіны, Польшчы, да сярэдніх: Чэхіі, Беларусі, Вугоршчыны, Баўгарыі. Прамежкавую пазыцыю займае Румынія, а Малдова і Славаччына хутчэй падобны на балканскія дзяржавы,

n      рэспубліканскасьць дзяржаў (манархія для рэгіёну – частка гісторыі). Першыя нацыянальныя дзяржавы, што існавалі каля 1000 год таму былі манархіямі (Польскае,Чэскае княствы, Вугорскае каралеўства, Баўгарскае царства),

n      унітарнасьць (выключэньні – Украіна зь яе камбінаваным падзелам, што ўключае аўтаномныя Крым і Закарпацьце і фэдэратыўная Расея),

n      пераважна манаэтнічная і манаканфэсійная нацыянальная дзяржава, з значнымі аўтахтоннымі меньшасьцямі: этнічнымі, рэлігійнымі, этна-рэлігійнымі і інш. (акрамя Цэнтр. Эўропы). Малалікасьць меставых неаўтахтонаў (у параўн. з Зах. Эўропай). Выключэньне – эўрапейская фэдэратыўная Расея зь яе шматмільённымі меньшасьцямі (аўтахтонамі Паволжа, Прыкасьпію, Паўн. Каўказу (па-за фізыка-геагр. Эўропай), неаўтахтонамі Масквы, Санкт-Пецярбургу – часьцей расейскамоўнымі імігрантамі пераважна з былых “рэспублік”-калёніяў). Толькі сярод больш ста мільёнаў жыхароў эўрапейскае Расеі меньшасьці складаюць найбольш трэцюю частку насельніцтва, што набліжае Расею да праваслаўных Румыніі, Украіны.

Прынцыповаея розьніца ў стаўленьні дзяржаў Эўропы і Расеі да імігрантаў: у Эўропе тыя, як правіла, інтэгруюцца ў новыя грамацттвы, а ў Расеі, як у Азіі, – пераважна асімілююцца).

 

 

VII. 2. ж. ПАЎДНЁВАЯ ЭЎРОПА

З пункту гледжаньня фізыка-геаграфічнага Паўднёвая Эўропа ўключае ў сябе Пірынэйскі (Ібэрыйскі), Апэнінскі і Балканскі паўвостравы. За паўночную мяжу першага прымаецца паўночнае падножжа Пірынэйскіх гор. Паўночная мяжа Апенінскага паўвостраву прапануецца ў двух версіях. Паводле першай – лінія паміж Генуяй і Венэцыяй, а паводле другой – паўднёвае падножжа Альп. Паўночная мяжа Балканскага паўвостраву вызначаецца традыцыйна ўздоўж ніжняга Дунаю, Савы і Сочы.

Культурніцкая Паўднёвая Эўропа супадае з паўночнай мяжой вінаградарства і распаўсюду віна. Абшар віна значна пашырыўся дзякуючы распаўсюду хрысьціянства і ўключае ў сябе значную частку Францыі, заходнюю частку Нямеччыны, большую частку Аўстрыі, Мараваў і Славаччыны, Вугоршчыну, Румынію, Малдову і паўднёвыя арэалы Ўкраіны.

Палітычная Паўднёвая Эўропа ўключае традыцыйныя абшары. Яе паўночны абсяг агарнуў Гішпанію, поўдзень Італіі, Босьнію, Сэрбію і Румынію. Мяжа паміж перавагаю спажывецтва віна і піва – паўночная мяжа Паўдн. Эўропы.

Канец палітычнай канцэпцыі Паўднёвай Эўропы паклала камунізацыя Балканаў у другой палове ХХ ст. ды ўключэньне Італіі, Грэцыі, Гішпаніі і Партугаліі ў Эўрапейскую гаспадарчую супольнасьць (ЭГС) – прататыпу Эўрап. Зьвязу.

Румынія, Малдова, Баўгарыя належаць як да Ўсходняй, так і Паўднёвай Эўропы.

Больш таго, сучасныя Балканы – вялікі рэгіён, што ўключае паўднёва-славянскія дзяржавы, Альбанію і Грэцыю, а таксама прылягаючыя да іх усходнераманскія Румынію і Малдову. Паўночную мяжу Балканаў варта праводзіць па лініі Трыест (Італія) – Адэса (Украіна). Адсюль, Балканы цалкам належаць дзевяці дзяржавам. Дзьве дзяржавы – толькі напалову (Румынія) і на трэцюю частку (Малдова) балканскія. Яшчэ дзьвум дзяржавам належаць невялікія паверхні Балкан. Украіне – чарнаморскае ўзьбярэжжа ад вусьця Днястра да дэльты Дунаю, а  Турэччыне – гістарычны рэгіён Фракія.  Вугоршчына – непасрэдна прымыкае да Балкан.

ААНаўская Паўднёвая Эўропа ўключае ў сябе аж шаснаццаць дзяржаў: тры Пірынэйскія (Гішпанію, Партугалію, Андору), тры Апенінскія (Італію, Сан-Марына, Ватыкан), Манака, Мальту, шэсьць пастюгаслаўскіх (Сэрбію, Чарнагорыю, Македонію, Босьнію і Герцэгавіну, Харватыю, Славенію), Альбанію і Грэцыю. Цікава, што ня гледзячы на вялікую колькасьць дзяржаў іх агульная тэрыторыя толькі 1млн 315 тыс. км²., што складае 12,5% ад агульнай плошчы Эўропы, гэта толькі прыкладна на каля 207 тыс. км². (што амаль роўна плошчы тэрыторыі Беларусі) больш ад тэрыторыі Заходняй Эўропы.         

Колькасьць насельніцтва рэгіёну можна параўнаць зь лічбаю жыхароў Расеі – каля 145 млн. чал., г. зн. кожны пяты эўрапеец жыве на поўдні, у Міжземнамор’і і на Балканах. Паводле сукупнага нацыянальнага прадукту брута (НПБ)  рэгіён супастаўляецца з Усходняй і Паўночнай Эўропай – 2 трлн. 611 млд. даляраў, што складае 22 % ад агульнаэўрапейскага. Ільвіная доля НПБ належыць разьвітым Пірынэйскім, Апэнінскім дзяржавам, Манака, а таксама Грэцыі. Больш багатыя паўднёваславяна-каталіцкія Славенія і Харватыя, а найбяднейшыя – Альбанія, Босьнія і Герцэгавіна, Сэрбія, Македонія ды Чарнагорыя з сукупным насельніцтвам каля 20 млн. чал.

Рэгіён можна дыфэрэнцаваць на Пірэнэі, Апэніны і Балканы, на высакаразьвітыя дзяржавы і сярэдняразьвітыя пасткамуністычныя.

Агульныя рысы Паўднёвай Эўропы.

Фізыка-геаграфічныя:

n      выгаднейшае геаграфічнае становішча дзяржаў у Міжземнамор’і – адным з старажытнейшых цэнтраў Айкумэны, выключэньні: Партугалія на атлянтычным узьбярэжжы, а таксама ўнутрыкантынэнтальныя балканскія Македонія, Сэрбія ды Босьнія і Герцэгавіна,

n      геалягічна – частка кайназойскага (палеагенава-неагенавага) Альпійскага поясу арагэнэзу (альпіды Пірынэі, Альпы, Апэніны, Балканскія горы), традыцыйны арэал вулканізму і землятрусаў, каледаніды і герцыніды Ібэрыйскага паўвострава,

n      геамарфалягічна – абсалютовая перавага ўзвышшаў і гор,

n      субтрапічны міжземнаморскі клімат, з наяўнасьцю двух сэзонаў – найлепшы для гаспадараньня насельніцтва,

n      геабатанічна – перавага міжземнаморскіх лісьцёвых лясоў і хмызьнякоў, з вышыннай пояснасьцю ў горах,

Насельніцкія:

n      панаваньне паўднёвай галіны эўрапеоіднай расы,

n      рамана-каталіцкае, славяна-каталіцкае і славяна-праваслаўнае насельніцтва складае ільвіную долю аўтахтонаў рэгіёну,

n      традыцыйна высокая шчыльнасьць насельніцтва, урбанізацыя зьмяньшаецца з захаду на ўсход, найвышэйшы ў Эўропе (акрамя эўрап. Расеі) натуральны прырост,

n      старагрэцкая і лацінская мовы – клясычныя ў Старажытнасьці, лаціна – у Сярэднявеччы, сучасныя гішпанская – адна з шасьці міжнародных, партугальская і італійская – надзвычай распаўсюджаныя.

Гаспадарчыя:

n      перавага дзяржаў з высокім узроўнем разьвіцьця гаспадаркі, аднак, ўвогуле, — трошкі бяднейшых за дзяржавы Зах. Эўропы,

n      рэпрэзэнтацыя сучасных машынабудаваньня (магутнейшыя канцэрны FIAT, SEAT), электронікі, электратэхнікі, лёгкай, харчовай прамысловасьці (перапрацоўка рыбы і морапрадуктаў, арыгінальнае вінаробства мае агульнаэўрапейскае значэньне), і г. д.,

n      высокаразьвітая аграгаліна на Пірынэях, Апэнінах, Грэцыі, вырошчваньне садавіны, агародніны у т. л. цытрысавых, рыбалоўства,

n      перавага наземнага транспарту, высокі ўзровень разьвіцьця марскога і паветранага транспарту,

n      сучасныя віды камунікацый (мабільная, інтэрнэт),

n      клясычная адукацыя ў Італіі, Гішпаніі, Грэцыі,

n      традыцыйныя асяродкі навукі,

n      арыгінальная культура, соткі местаў з клясычнай архітэктурай што засталася з старажытнасьці і сярэднявечча, месты-музэі, Афіны (Атэны), Рым (Roma), Мадрыд, Барсэлёна, Вэнэцыя, Генуя ды мн. інш.

 Палітыка-геаграфічныя:

n      наяўнасьць як вялікіх (Італія, Гішпанія), так і сярэдніх (Партугалія, Грэцыя, Сэрбія) ды маленькіх дзяржаў (Славенія, Македонія, Чарнагорыя). Асобную групу складаюць мікрадзяржавы (Сан-Марына, Андора, Ватыкан). Перавага маленькіх і мікрадзяржаў,

n      рэспубліка перамагла ў Паўдзённай Эўропе, бо сталася вынікам гістарычнага разьвіцьця. Толькі Гішпанія захавала манархічную традыцыю (абмежаваная манархія),

n      абсалютовая перавага манаэтнічных дзяржаваў з мнагалікімі меньшасьцямі на Балканах. Паліэтнічныя Гішпанія ды Босьнія і Герцэгавіна — патэнцыйныя асяродкі нестабільнасьці,

n      перавага традыцыйна каталіцкіх дзяржаў (Пірынэі, Апэніны, частка Балкан) над традыцыйна праваслаўнымі (Балканы), буйныя асяродкі мусульман (Босьнія, Альбанія, Касова, Італія, Гішпанія),

n      перавага прыморскіх дзяржаў і мн. інш..

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы