nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

VIII. АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ ГІСТОРЫІ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ ЧАСАПРАСТОРЫ (частка 1)

29 лістапада, 2008 | Няма каментараў

VIII. 1. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ КОДЭКСЫ І ПРАБЛЕМАТЫКА

Выказваньне G. M. Trevelyan’а: “Гісторыяй ўладарыць геаграфія” можна неадназначна асэнсоўваць, аднак яно, ўвогуле, адлюстроўвае рэальныя суадносіны паміж дысцыплінамі. У дадзеным разьдзеле паспрабуем злучыць палітычную гісторыю і палітычную геаграфію Эўропы ў спробе аналізу эўрапейскай палітычнай часапрасторы.

Палітычна-абшаравыя зьмены можна разглядаць на трох узроўнях (Z. Rykiel, 2006).

1. Перамены на палітычнай карце сьвету. Апісаны ў традыцыйных падручніках палітычнай геаграфіі з той ці іншай ступеньню падрабязнасьці. Такая задача – найпрасьцейшая. Толькі падрабязнае апісаньне перамен на палітычнай карце сьвету – падмурак дзеля далейшага вывучэньня палітычнай геаграфіі.

2. Перамены палітычнай часапрасторы, або яе аналіз. Прадмет зацікаўленьня – працэсы перамен і іх мэханізмы, але ня толькі іх канечны картаграфічны вынік. Розьніца паміж пераменамі палітычнай карты і пераменамі палітычнай часапрасторы ў двухвымернасьці палітычнай карты (Х і Y) і n-вымернасьці палітычнай часапрасторы.

3. Аналіз геапалітычнага кодэксу. Ангельскамоўны тэрмін geopolitical code/геапалітычны код абазначае сукупнасьць стратэгічных норм, якіх прытрымліваюцца ўлады дадзенай дзяржавы ў іх адносінах зь іншымі дзяржавамі пры фарміраваньні замежнай палітыкі дзяржавы (P. Taylor i C. Flint, 2000). У кожнай дзяржавы свой код. Больш таго, геапалітычныя коды зьмяняюцца ў часе і прасторы, што залежыць ад многіх чыньнікаў. Кожны палітычны рэжым у адной і той жа дзяржаве выпрацоўвае ўласную сукупнасьць стратэгічных норм. Геапалітычны кодэкс апіраецца на сукупнасьць геапалітычных кодаў, што характэрны для вонкавай палітыкі ўсіх або большасьці дзяржаў у дадзеную эпоху. Абымае сукупнасьць норм, правіл, прынцыпаў міжнароднай палітыкі і яе этыкі. Геапалітычны кодэкс не апісывае мэханізмаў перамен міжнароднай палітыкі, толькі прынцыпы іх існаваньня ў дадзенай эпосе.

Апісаньне зьмен на палітычнай карце Эўропы – нескладаная задача, аднак надзвычай патрэбна.

Кароценькія камэнтары да зьмен дадзены з беларусацэнтрычнага і эўрацэнтрычнага геаграфічнага сьветапогляду, але толькі не з масквацэнтрычнага, расейскацэнтрычнага, таталітарнага і імпэрскага. Аўтар усьведамляе іх/камэнтароў неадназначнаьць і спрэчнасьць, чым і стымулюе чытача да ўласных аналізаў і пошукаў ісьцін, выяўленьняў геаграфічных заканамернасьцяў.

Географам ня варта займацца простым апісаньнем палітычнай гісторыі кожнай эпохі, асабліва дробных зьмяненьняў за невялікія прамежкі часу, бо гэта справа гісторыкаў. Другі і трэці ўзроўні патрабуюць высьвятленьня палітычных працэсаў і самых агульных прынцыпаў міжнароднай палітыкі. Адсюль, часапрастора зьяўляецца не сцэнай, на якой дзеецца палітычная гісторыя, а толькі творам грамацкіх адносін. Паводле Тэйлара і Флінта (2000), прастору патрэбна разумець як грамацкае ўтварэньне ад структуры сусьветнай гаспадаркі, а час – як грамацкае ўтварэньне яе дынамікі.

Надзвычай складана адрозьніць нагоды ад прычын падзей і выявіць іх сапраўдныя прычыны.Тут ня варта, як гэта робяць некаторыя гісторыкі, катэгарычна сьцьвярджаць аб нагодах і прычынах, толькі фармуляваць мудрэй, карыстаючыся словамі … “найперш”, або “хутчэй”. Тэткім чынам можна пазьбегнуць дэактуалізацыі прац у будучыні не па прычынах зьмены палітычнай кан’юктуры, а з прычын новых навуковых адкрыцьцяў нашых нашчадкаў.

Напрыклад, падзел хрысьціянства (падмурку сьветапогляду эўрапейскай цывілізацыі) на заходняе і ўсходняе ды рэфармацыя – дзьве найвялікшыя падзеі, што сфарміравалі сучасную канфэсійную карту цывілізацыйнай Эўропы. Першае стала, хутчэй, вынікам падзелу Рымскае імпэрыі на захад і ўсход (перакройкі палітычнай карты) і назапашваньня за доўгі час тэрытарыяльнай розьніцы ў хрысьціянстве (цэзарапапізм і папацэзарызм), а другое – хутчэй прычынай зьмяненьня як канфэсійнай (пераважна германцы прынялі пратэстанцтва), так і палітычнай карты Эўропы (узьнікненьне пратэстанцкіх краін і дзяржаў).

Важна вызначыць рэгіянальныя падзелы Эўропы ў розная эпохі і іх зьмяненьні. Адкрытым стае пытаньне, ці ў мінулыя эпохі існавалі: узьнікалі, эвалюцыянавалі і зьнікалі іншыя рэгіёны (як сукупнасьці дзяржаў па тым ці іншым прызнакам), ці то можна перанесьці сёньняшні ААНаўскі падзел на Паўночную, Паўднёвую, Заходнюю і Ўсходнюю Эўропу на ХХ, ХІХ стст. і на сярэднявечча аж да ўзьнікненьня першых фэўдальных гаспадарстваў у Эўропе?

Хутчэй ня варта падрабязна канстатаваць і аналізаваць зьмяньненьі палітычнай карты Эўропы і асобных рэгіёнаў паччас шматлікіх войнаў (у т. л. напалеонаўскіх, Першай і Другой сусьветных), паколькі тыя зьмены былі мнагалікімі і часовымі. Яны адлюстраваны ў падручніках, манаграфіях і шматлікіх досьледах гісторыкаў разам з ходам вайсковых дзеяньняў. Найперш важныя вынікі гэтых войнаў, якія часьцей за ўсё лякальна, рэгіянальна або глябальна зьмянялі суадносіны палітычных сілаў, значыць – перакройвалі эўрапейскую палітычную прастору на вялікія прамежкі часу.

 

 

VIII. 2. СТАРАЖЫТНАСЬЦЬ

Найстаражытнейшыя цывілізацыі ўзьніклі ізалявана ў розных частках Айкумэны. Найважнейшыя арэалы: усходняе ўзьбярэжжа Кітаю, Індыя, Эгіпт і Мэзапатамія, Цэнтральная Амэрыка і басэйн Міжземнага мора. Найстаражытнейшыя цывілізацыі Эўропы ўзьніклі спачатку на Балканскім, а затым – Апэнінскім паўвостравах ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату. Абшары Сярэдняй і Паўночнай Эўропы былі па-за межамі цывілізацый і населены барбарскімі супольнасьцямі.

Кантакты паміж найбліжэйшымі цывілізацыямі былі выпадковымі, а цывілізацыі, што знаходзіліся ў розных рэгіёнах плянэты, разьвіваліся ня ведаючы аб існаваньні адна іншай.

Сьвет ізаляваных цывілізацый карыстаўся наступным геапалітычным кодэксам (Z. Rykiel, 2006):

— назваць – гэта стварыць;

— мы цывілізаваныя – яны варвары;

— пазнаць – гэта заваяваць.

Нам складана зразумець сьветапогляд старажытнага чалавека, але тое што ня мела назвы – лічылася ня створаным.

Палітычна-абшаравы досьвед  грунтаваўся на супрацьпастаўленьні нас як жыхароў нашай часткі айкумэны, вас як жыхароў вашай часткі айкумэны, іх як жыхароў субайкумэны ці варвараў, што стаялі на больш нізкай ступені разьвіцьця і яшчэ ня мелі палітычнай абшаравай арганізацыі сваіх супольнасьцяў у форме дзяржаў.

Паводле трэцяга прынцыпу, пазнаць – гэта падпарадкаваць, заваяваць, наступствам чаго была ўзаемазалежнасьць паміж заваёвамі і геаграфічнымі адкрыцьцямі. З дадзеных Й. Лёта (J. Loth 1925) вынікае, што тры найвялікшыя імпэрыі старажытнасьці (пэрсіцкая, македонская і рымская) ў пэрыяды свайго росквіту мелі набліжаныя велічыні паверхні (каля 5,5 млн. км²), на палову меньшыя чым Кітай на пачатку ХХ ст. Кожная з старажытных імпэрый займала значную частку вядомага на  той час сьвету (terra cognita): 31% Пэрсіцкая імпэрыя, 24 — Македонская і 13,5% – Рымская. Для параўнаньня: Брытанская імпэрыя ў пачатку ХХ ст. займала 6,6 % вядомага на той час сьвету, а Расейская – толькі 4,5%.

Важнай рысай глыбокай старажытнасьці была ўстойлівасьць чатырох галоўных тагачасных цывілізацый Старага Сьвету пры эфэмэрнасьці вялікіх імпэрый, якія, будучы абсалютнымі манархіямі зь вялікімі паверхнямі, ня мелі сталых межаў ды увесь час зьмяняліся за кошт войнаў.

Сярод прычын заняпадаў імпэрый было іх экстэнсіўнае разьвіцьцё (каб існаваць павінны былі заваёўваць ўсё новыя краіны ды прысвойваць сабе іх паверхні з насельніцтвам, рэсурсамі і гаспадаркай). На тэрыторыях імпэрый як правіла гаспадарчыя сувязі былі слабымі з-за рознай шчыльнасьці насельніцтва, адсюль недахоп эканамічнай і палітычнай канкурэнцыі. Ня дзіва, што імпэрыі падалі пад націскам слабаразьвітых варвараў.

Пачатак новай геапалітычнай сыстэме ва Ўсходнім Міжземнамор’і дала Македонская імпэрыя, якая праіснавала толькі трынаццаць год не перажыўшы свайго стваральніка Аляксандра Вялікага. Пастгрэцкая і пастмакедонская эліністычная цывілізацыя ператрывала нават веліч Рымскай імпэрыі, бо ўключала найменьш дзьве старажытныя айкумэны: Мэзапатамію і Эгіпт. Візантыйская міпэрыя пала толькі за 17 стагодзьдзяў пасьля Аляксандра Вялікага.

Рымская імпэрыя характэрызавалася выключнай жыцьцяздольнасьцю (існавала найменьш сем з паловай стагодзьдзяў). Пачатак Рымскай імпэрыі – заваёва Рымам Італіі (Першая Пунічная вайна 264 г. да. н. э.), канец – дэтранізацыя апошняга цэзара ў Заходняй Рымскай імпэрыі (ў 476 г. н. э.).

Трываласьць Рыму вынікала з ўніфікаванага рымскага права і шчыльных гаспадарчых сувязяў падмацаваных добрым развіцьцём шляхоў зносін (усе дарогі вялі ў Рым) – што зьяўлялася вынікам сьвядомага плянаваньня. Відавочна роля хрысьціянства (стала дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імпэрыі ў 380 г., інстытутызавалася ў Царкву праз герархічную і тэрытарыяльную арганізацыю імпэрыі) ў распаўсюджаньні Міжземнаморскай цывілізацыі на ўсю частку сьвету і фарміраваньні сучаснай цывілізацыі Эўропы.

У склад Рымскай імпэрыі ў пэрыяд яе найвялікшага тэрытарыяльнага росквіту ўваходзіла ўся сучасная Паўднёвая Эўропа, большая частка сучаснай Заходняй Эўропы (за выключэньнем Нямеччыны), сучасная Ангельшчына. Магчыма, што з поўначы Рымская імпэрыя была абмежавана кліматычнай мяжой – стабільнымі ў тыя часы адмоўнымі тэмпературамі ўзімку і наяўнасьцю сьнежнай (белай) зімы. У такіх варунках старажытныя рымляны былі бязраднымі, бо не насілі портак, што характэрны для барбараў.

Рымская імпэрыя існавала каля 250 год, увесь час праводзячы тэрытарыяльную экспансію найперш на поўнач, а пазьней на захад і паўднёвы-усход; здабыла выніковы марскі кантроль над усім басэйнам Міжземнага мора. У тэрытарыяльным сэнсе Рым дасягнуў свайго апагею каля 211 г. н. э. Быў зцэнтралізаваным дзяржаўным арганізмам, які апіраўся на самадастатковую гаспадарку, і трымаў імпэрскую ўладу на канфліктным, сьвядома створаным гаспадарчым і палітычным ладзе. У выпадку мілітарнай пагрозы стратэгічная сетка сухапутных і марскіх дарог, якія скрыжоўваліся ў сталіцы імпэрыі, дазваляла хутка перакідваць і канцэнтраваць рымскія легіёны, лякалізаваныя ў васльных дзяржавах і падбітых правінцыях.

У пэрыяд апагею імпэрыі легіёны, што знаходзіліся па-за Рымам, лічылі найменьш 300 тыс. вайскоўцаў — аграмадная моц, непераможная дзякуючы рымскай перавазе ў сфэры тактыкі і ўзбраеньня, а таксама здольнасьці цэнтру да параўнальна хуткага перакіду войскаў.

Моц рымскага цэзарства мела таксама важныя псыхалягічныя прычыны. Словы civis Romanum sum – “Я грамадзянін Рыму” – сталіся сынонімам высокага сацыяльнага статусу, крыніцай гонару і мэтай амбіцыі. Рымскае грамадзянства, што давалася ў канцы нават людзям, якія не былі рымлянамі ад народзінаў, зьяўлялася сымбалем культуровай вышэйшасьці, якая рабіла справядлівым пачуцьцё імпэрскага пасланьніцтва …

Гэта найвялікшая імпэрская моц трывала каля 300 год. У пэўны пэрыяд ёй кінуў вызаў блізкі Карфаген. Пазьней усходняя імпэрыя Партаў, аднак тэрыторыі, што ляжалі па-за межамі цэзарства былі заселены галоўна варварамі, дрэнна арганізаванымі, здольнымі выключна на спрадычныя атакі і, вядома ж, ніжэйшымі культурова. Пакуль Рым захоўваў унутраны дынамізм і адзінства, зьнешні сьвет ня быў у стане зь ім канкураваць.

Канчатковы заняпад рымскага цэзарства вызвалі тры чыньнікі. Па першае, імпэрыя сталася завялікай, каб давалася зь ёй парадзіць з адзінага асяродка ўлады, а падзел на заходняе і ўсходняе цэзарствы азначаў аўтаматычны канец палітычнай еднасьці. Па-другое мнагавяковы пэрыяд дабрабыту пад эгідай рымскага цэзарства прывёў да ўзьнікненьня застойных культурніцкіх тэндэнцый, якія паступова здэмаралізавалі палітычныя эліты так, што ня сталі яны марыць аб вялікасьці. Па-трэцяе, доўгачасовая інфляцыя падкапала здольнасьць гаспадарчай сыстэмы функцыянаваць бяз змушаных  грамацкіх ахвяр, якіх грамадзяне ня мелі ўжо жаданьня несьці. Культуровая дэградацыя, палітычныя падзелы і інфляцыя зрабілі Рым амаль безабаронным перад суседнімі варварамі. (Z. Brzeziński, 1997).

Эканамічна-палітычнымі цэнтрамі глыбокай старажытнасьці былі спачатку паляўнічыя, рыбалоўчыя і рыбалоўча-паляўнічыя асяродкі ў дачыненьні да зьбіральніцкіх, затым асяродкі найперш больш тонкай апрацоўкі каменных прылад працы. З вынаходніцтвам мэталюргіі і вырабу найперш бронзавых, а пазьней –жалезных прылад працы цэнтрамі сталі вытворцы і карыстальнікі бронзы і жалеза. Тыя супольнасьці, што вынайшлі і перайшлі на вытворчую гаспадарку (земляробства і жывёлагадоўлю), сталіся цэнтрамі ў параўнаньні з супольнасьцямі спажывецкай гаспадаркі (зьбіральніцтва, паляваньне і рыбалоўства).

Цэнтры эканамічна-палітычнага падзелу старажытнай Эўропы складаліся на абшарах з аптымальным спалуччэньнем агракліматычных, водных і працоўных рэсурсаў (прымяненьне вялікай колькасьці рабоў). Арашаемае земляробства ў вялікіх маштабах было найбольш прыбытковай галіной гаспадаркі (своеасаблівым ноў-хаў позьняй старажытнасьці), бо прымяненьне вялікай колькасьці запаняволеных рабоў (амаль бясплатныя працоўныя рэсурсы) на аграмадных паверхнях давала велізарнейшы прыбытак, што спрыяла клясавай дыфэрэнцыяцыі старажытных палітычных супольнасьцяў (рабаўладальніцкая фармацыя). Такім цэнтрам гістарычна раней стала толькі Ўсходняе Міжземнамор’е, а затым – цэнтр распаўсюдзіўся на захад Міжземнага мора.

Фонам (або пэрыфэрыяй) старажытнасьці часоў Рымскае імпэрыі заставаліся абшары Заходняй (у меньшай ступені), Паўночнай і Усходняй Эўропы, дзе панавала першабытная фармацыя. Цэнтр выкарыстоўваў фон шляхам рабаваньня (асабліва захоп варвараў і пераўтварэньне іх у рабоў) і заваёвы з эксплюатацыяй яго рэсурсаў. Барвары ў пэрыяд распадаў імпэрый мелі магчымасьць эміграцыі з фону аж у цэнтр, ўсваеньня больш высокай культуры і г. д. Старажытныя цэнтры мелі, як правіла, станоўчае сальда міграцыі (іміграцыя пераважала над эміграцыяй).

 

 

VIII. 3. СЯРЭДНЯВЕЧЧА

Сярэднявечча характарызуецца наплывам у Эўропу з глыбіні Азіі барбараў, якія зьнішчылі тэрытарыяльную палітычную арганізацыю нашага кантынэнту часоў старажытнасьці. Германцы-вандроўнікі, што прайшлі амаль ўсю Эўропу, засноўвалі свае эфэмэрныя дзяржавы ў розных частках Старога Сьвету. Прыняўшы хрысьціянства былыя барвары (германцы, вугорцы) пераймалі старажытную грэка-рымскую традыцыю, што служыла тэрытарыяльнай стабілізацыі ў часы палітычнае нестабільнасьці, ды раманізацыі пляменных германскіх дзяржаў (франкаў, лянгабардаў, візыготаў, швабаў). Роля царквы/касьцёла як магутнай палітычнай і цывілізацыйнай стабілізуючай сілы, апоры новага фэўдальнага геапалітычнага парадку была незаменнаю.

Геапалітычны кодэкс сярэднявечча (Z. Rykiel, 2006):

— мы – хрысьціяне, яны – паганцы;

— лаціна – мова культуры;

— цэзарства – філія касьцёлу і інстытут унівэрсалізацыі;

— нетэрытарыяльнасьць дзяржаў.

 Новы геапалітычны кодэкс апіраўся на супрацьпастаўленьні хрысьціянскага сьвету – паганскаму. Сярэднявечныя хрысьціянскія эліты былі перакананы ня толькі ў вышэйшасьці хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, але і ў патрэбе хрысьціянізацыі паганцаў.  Эвангельле (добрую навіну) належыла ня толькі абвяшчаць, але і накідаць няверным дзеля іхняга ж дабра. Прыняцьце хрысьціянства ўсё новымі і новымі дзяржавамі было іх уваходам да тагачаснай Эўропы зь яе агульнымі хрысьціянскімі вартасьцямі.

Ідэалягічная хрысьціянская місія ўтварала двухполюсны сьвет. Нехрыстамі абвяшчаліся ня толькі паганцы, але і вызнаўцы іншых манатэістычных рэлігій (ісляму), толькі не юдаісты. Дзякуючы хрысьціянскай ідэалёгіі ажыцьцяўлялія крыжовыя паходы, бо для пасьлядоўнікаў Ісуса (Езуса) Хрыста панаваньне нехрыстаў у сьвятой зямлі было невыносным. Чацьвёрты паход замест Палястыны накіраваўся ў Канстантынопаль, бо рэлігія ўжо стала ідэалягічнай надбудовай палітычных і гаспадарчых інтарэсаў. Розьніца паміж усходнім і заходнім хрысьціянствам узмацнялася і прывяла да варажнечы паміж пасьлядоўнікамі Хрыста. У праваслаўных дзяржавах царква падпарадкавалася дзяржаве (цэзарапапізм), а ў каталіцкіх касьцёл стаўся сілай, якая легітымізавала дзяржаву (папацэзарызм). Гэта запэўніла палітычную перавагу касьцёлу пасьля заняцьця каталікамі Канстантынопалю (1204-1261).

Інстутыялізацыя касьцёлу дыстанцыянавала яго ад юдаістычнай традыцыі. Выгнаньне жыдоў зь Юдэі рымлянамі абумовіла паўстаньне жыдоўскіх дыяспар у Эўропе, іх аўтахтанізацыю, узьнікненьне лякальных жыдоўскіх гаворак ды моў (лааз, лаціна, карфат, швадзіт, стэфардыйская, ідыш).

У час разгрому варварамі культуровай спаччыны Рымскай імпэрыі хрысьціянскі культуровы набытак старажытных захаваўся ў кляштарох пэрыфэрыйнай хрысьціянскай Ірляндыі, а навуковы (перакладзены на арабскую мову) – у Арабскім Халіфаце.

Другім прынцыпам геапалітычнага кодэксу тых часоў, што зьвязаны з папярэднім быў: лаціна – як lingua franca сярэднявечнай Эўропы. Мёртвая лацінская мова сталася мовай дыпляматыі і культуры, з лацінскім альфабэтам як падставаю разьвіцьця нацыянальных артаграфій. Адукаваных эліт у сярэднявечнай Эўропе налічвалася мала (паводле ацэнак, у 1000 годзе н. э. у Эўропе жыло 60-80 млн. чал.), таму лаціна сталася адзіным унівэрсальным міжнародным сродкам міжэтнічнай пісьмовай камунікацыі. Лаціну ведалі нават адукаваныя эліты праваслаўнага сьвету.

Трэцім прынцыпам – зрабілася нетэрытарыяльнасьць тагачасных дзяржаў, якія былі трактаваны як ўладарствы, а раней – воласьці. Уладарствы маглі быць падзеленыя паміж нашчадкамі, павялічаныя, паменьшаныя, вымененыя і г. д. – рэдка цалкам, значна часьцей па частках. Адсюль, надзвычай складана аналізаваць гаспадарствы часоў сярэднявечнай фэўдальнай раздробленасьці, бо ў маштабе Эўропы яны зьмяняліся літэральна кожны год.

Чацьвёртым прынцыпам геапалітычнага кодэксу Сярэднявечча было экзатычнае для сучаснага сьвету разуменьне дзяржавы як цэзарства. Цэзарства дабраслаўлялася Папам, трактавалася як палітычная і збройная філія касьцёлу, дзеля мэтаў касьцёлу (у т. л. і місійных). Пазьней цэзарствы ў іх жаданьні мець універсальную ўладу выходзілі з-пад улады Папы, уваходзілі зь ёю ў канфлікт і, паступова, пераўтвараліся ў дзяржавы.

Напрыклад, Сьвятое Рымскае Цэзарства нямецкага народу насамрэч ня было а ні сьвятым, а ні рымскім, а пасьля Трыццацігадовай вайны ня сталася нават Цэзарствам, толькі дзяржавай германцаў – пародкаў сучасных немцаў.

Хрысьціянскія фэўдальныя асяродкі ў раньнім сярэднявеччы сталіся цэнтрамі эканамічна-палітычных стасункаў тагачаснае Эўропы, а барбарскія першабытныя – заставаліся, як правіла, яе фонамі (або пэрфэрыямі). Сярэднявечная фэўдальная раздробленасьць паспрыяла ўскладненьню ўзаемаадносін паміж шматлікімі цэнтрамі і фонамі, якія, хутчэй за ўсё, ў агульных рысах супадалі з дыфэрэнцыяцыяй на эфэктыўныя  і неэфэктыўныя абшары, а таксама ўскраіны. Першыя ў маштабе Эўропы пераважна ігралі ролю цэнтраў (фэўдальныя асяродкі), а другія і трэція – заставаліся фонамі (пераважна першабытныя, першабытныя асяродкі, супольнасьці зь перажыткамі рабаўладальніцтва і інш.).

 

 

VIII. 4. ЭЎРАПЕЙСКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ЧАСАПРАСТОРА 1000 ГОД ТАМУ

На пераломе Х і ХІ стст. прастора цывілізацыйнай Эўропы ў асноўным канчаткова падзялілася паміж дзяржаўнымі ўтварэньнямі. Не йснавала дзяржаў на поўначы Скандынавіі ў ляпляндыйцаў, у фінаў, у румын, малдаван і на большай частцы сучаснай Украіны.

На поўначы Эўропы аформіліся пераважна манаэтнічныя дзяржавы: Каралеўства Швэцыя, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Данія, Каралеўства Шатляндыя, Каралеўства Ангельшчына, Уэльс і Ірляндыя. Ісляндыя належыла Нарвэгіі.

Найвялікшымі дзяржавамі заходняй часткі Эўропы былі: Нямецкі Рэйх і Францускае Каралеўства, а таксама меньшыя Бургунскае Каралеўства (што знаходзілася ў асноўным на паўднёвым-усходзе сучаснай Францыі) і Каралеўства Нармандыі (на паўночным-захадзе ад Парыжу).

Упершыню на ўсходзе Эўропы сфарміраваліся этнічныя заходнеславянскія дзяржавы: Польскае Княства і Чэскае Княства, а таксама залежныя ад Нямецкага Рэйху дробныя ўладараньні сорбаў-лужычан і палабскіх славян. Усходнеславянскія княствы паводле адных дасьлеччыкаў былі самастойнымі, а паводле іншых – кансалідаваны ў Кіеўскую Русь. Магутнай дзяржавай было Вугорскае Каралеўства. Сярод паўднёвых славян  харваты мелі ўласнае Харвацкае Каралеўства.

Паўднёваэўрапейская палітычная прастора была занята арабамі-мусульманамі, якія на Пірынэях кансалідаваліся ў Кардафанскі Халіфат, падпарадкавалі сабе заходняе Міжземнамор’е (востравы Маёрка, Мінорка, Корсіка, Сардынія, Сіцылія). Поўдзень Апэнін і Балканы ўваходзілі ў склад Візантыі/Бізантыі. Толькі на поўначы Пірынэй і Апэнін знаходзіліся ўласнапаўднёваэўрапейскія Каралеўства Леону, Кастылія, Каралеўства Навары, Герцагства Барцэлёны, Італійскае Каралеўства, Касьцёльная дзяржава (з цэнтрам у Рыме) і Княства Бэнэвэнту, а таксама адзіная ў тагачаснай Эўропе неманархічная дзяржава – Венэцыянская Рэспубліка. 

Адсюль, тысячу год таму Эўропа складалася з больш 20 ўласнаэўрапейскіх дзяржаў. Візантыю і пірынэйскі Халіфат складана назваць ўласна эўрапейскімі дзяржавамі.

Калі тагачасная хрысьціянская Візантыя безумоўна была працягам эўрапейскае культурніцкае прасторы на Малую Азію, то Кардафанскі Халіфат меў выразны араба-мусульманскі генэзіс і сымбалізаваў азіяцкую экспансію ў Эўропе.

Характэрнымі рысамі эўрапейскай палітычнай прасторы пералому Х і ХІ стст. былі:

— запаўненьне палітычнае прасторы дзяржавамі і мінімізацыя абшараў, не занятых дзяржаўнымі ўтварэньнямі;

— зьяўленьне першых пераважна манаэтнічных дзяржаў на поўначы і ўсходзе Эўропы;

— абсалютовая дамінаваньне манархій (выкл. Венэцыянская Рэспубліка);

— супольнае прыняцьце цывілізацыйнай Эўропай хрысьціянства і супольныя высілкі па яго распаўсюджваньню;

— наяўнасьць касьцёльнай дзяржавы (аналягу сучаснага Ватыкану) як сьвеччаньне непахіснага аўтарытэту хрысьціянства.

 

 

VIII. 5. ВЯЛІКІЯ  ГЕАГРАФІЧНЫЯ АДКРЫЦЬЦІ

Прасторавая экспансія капіталістычнай гаспадаркі, што нараджалася на пераломе ХV-XVI стст., была ўсеахопнаю. Сярод прычын геаграфічных адкрыцьцяў дамінавалі гаспадарчыя. Эўрапейцы шукалі новыя шляхі ў Індыю з мэтаю ўзнаўленьня гандлю, у т. л. прыправамі.  Эўропа з-за панаваньня арабаў-мусульман на гандлёвых шляхох страціла сувязі з Індыяй і Кітаем. Яшчэ раней, цэнтр цывілізацыі з-за арабскага панаваньня перасунуўся з Эгіпту і Мезапатаміі ў Паўднёвую Эўропу на Пірынэйскі і Апэнінскі паўвостравы. Міжземнаморская культуровыя прастора стала эўрапейскаю. Ізаляваная Індыя ў сьвядомасьці эўрапейцаў міталягізавалася.    

Усходнеславянскі сьвет (княствы) падвергся мангола-татарскаму нашэсьцю, адхінаючы ўсходнюю Русь (продкаў расейцаў) ад эўрапейскай цывілізацыйнай часапрасторы на два з паловай стагодзьдзі.

Мангола-татарскае іга паклала канец на ўсходзе Русі эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі, што вымагае пабудовы дзяржавы зьнізу (досьвед веча, выбараў, найманьня князя і інш. быў забыты). Канчатковае вызваленьне усходняй Русі ад мангола-татараў у 1480 г. запачаткавала ўтварэньне эўразійскай (расейскай) цывілізацыі. Эўразійская цывілізацыя мела азіяцкую дзяржаўніцкую традыцыю (перанятую ад мангола-татараў), паводле якой дзяржава будавалася зьверху (неамбежаваная ўсходняя дэспатыя на чале з абсалютнай уладай манарха-цара).

Геапалітычную пустку запоўніла дзяржава нашых продкаў Вялікае княства Літоўскае, якая аб’яднаўшы усходнеславянскія, балтаславянскія і балцкія землі, — стала адной з найвялікшых дзяржаў Эўропы. Гішпанцы, пераплыўшы Атлянтыку, адкрылі Заходнюю Індыю, названую пазьней Амэрыкай, а партугальцы – знайшлі шлях у Індыю вакол Афрыкі. Шарападобнасьць Зямлі і адзінства Сусьветнага акіяну даказала першая сусьветная экспэдыцыя Магеляна.

Паколькі Гішпанія здабыла краіну золата ў Пэру (Эльдарада) і срэбра ў Мэксіцы, то  іх можна было рабаваць, прывозіць нарабаванае ў Гішнанію і не працаваць, што было ніжэй годнасьці гішпанскае шляхты (Landes, 2000). Вынікі – інфляцыя, праяданьне багацьцяў ды разьвіцьцё вытворчасьці ўзбраеньняў у Нідэрляндах і Ангельшчыне. Такім чынам  Гішпанія, стаўшы найбагацейшай звашдзяржавай Эўропы, амаль за сто год растраціла свае багацьці.

Інфляцыя ў Гішпаніі стала прычынаю значнай розьніцы цэн у Эўропе. Напрыклад, калі прыняць цэны ў Гішпаніі за 100%, то цэны ў Нідэрляндах – 135%, Італіі – 89%, Францыі – 74%, Ангельшчыне – 48%, Нямеччыне – 41%, Польшчы – 22%. (E. Kaczyńska, K. Piesowicz, 1977). Можна ўявіць сабе, што цэны ў ВКЛ былі яшчэ меньшымі, чым у Польшчы. Рвзьвіцьцё фальварку, экстэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, ўзрост гаспадарчага і палітычнага значэньня шляхты ў старабеларускім гаспадарстве былі вынікамі інфляцыі ў Гішпаніі для нашых продкаў, але калі Гішпанія пабяднела – наша шляхта страціла залатую жылу дзеля ўзбагачэньня.

Геапалітычны  кодэкс эпохі апіраўся на чатырох прынцыпах (Z. Rykiel, 2006).

Першы – існаваньне агульнаэўрапейскай палітычна-культуровай прасторы, якая траціла сувязь з Усходам. Зьяўленьне ў Эўропе Турэччыны (ХІV ст.) і ўпадак Візантыі (1453 г.) як апошняй незалежнай артадаксальнай (праваслаўнай) дзяржавы адарвалі Ўсход ад эўрапейшчыны.

Другі – падзел сьвету на Стары і Новы. Стары Сьвет доўжыўся ад басэйну Міжземнага мора (уключаючы поўнач Афрыкі) на захадзе да Індыі і Кітаю на ўсходзе. Новым Сьветам звалася Амэрыка. Аўстралію яшчэ не адкрылі, а Афрыка цікавіла толькі як крыніца рабоў (фон).

Трэці – эўропацэнтрызм. Эўропа – цэнтр сьвету, які меў цывілізацыйную, тэхнічную і палітычную перавагу. Старыя цывілізацыі Азіі (Індыя і Кітай) сталіся прадметам эўрапейскай эксплюатацыі, а адкрыты Новы Сьвет чакала эўрапеідызацыя. Эпоха стала ўступам да заваёвы сьвету Эўропай, або эўрапеідызацыі сьвету, ці пачатку тварэньня Эўропай наважытнага сьвету. (Taylor, Flint, 2000).

Чацьвёрты – дыфэрэнцыяцыя Эўропы з захаду на ўсход. У дамінацыю над Новым сьветам заангажаваліся дзяржавы Заходняй Эўропы, а Ўсходняя Эўропа бараніла эўрапейскія каштоўнасьці ад азіятаў (татара-манголаў, туркаў) ды эўразійцаў-маскоўцаў. Геаграфічныя адкрыцьці расейцаў, што вызваліліся ад Залатой Арды і занялі прасторавую пустку мелі іншыя генэзіс і наступствы чым адкрыцьці ад пошукаў дарогі ў Індыю. Паўночная Эўразія была заваявана як ў старажытнасьці. Для расейцаў пазнаць – значыла апанаваць і падбіць.

Менавіта з эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў пачынаецца фарміраваньне эўраатлянтычнага сьвету, эўразійскай, а таксама сусьветнай хрысьціянскай цывілізацыі.

Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў ускладніла эканамічна-палітычны падзел сьвету з падзелу на цэнтр і фон (або пэрыфэрыю) часоў ізаляваных цывілізацый да выразнай дыфэрэнцыяцыі на: а) цэнтр, б) пэрыфэрыю, в) фон. Эканамічна-палітычны цэнтр Эўропы перанёсься на Пірынэі і атлянтычнае ўзьбярэжжа, бо падарожжа па акіянах каравэлямі ў тыя часы было найхутчэйшым (марскі транспарт). Гішпанія і Партугалія – абсалютовыя лідары эпохі. Пэрыфэрыяй для іх служылі іншыя эўрапейскія дзяржаы у т.л. каталіцка-праваслаўнае ВКЛ (за выключэньнем паўднёвай фонавай ўскраіны), а калянізаваны Новы Сьвет – пэрыфэрыяй (першыя пасяленьні эўрапейцаў) ды фонам (крыніцы рэсурсаў для Гішпаніі і Партугаліі).

 

 

VIII. 6. ЭЎРАПЕЙСКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ЧАСАПРАСТОРА Ў ХVI – ХVIII стст.

У ХVI ст. на палітычнай мапе Эўропе існавалі некалькі пасаў дзяржаў:

— заходнеэўрапейскі пас цэнтралізаваных і цэнтралізуючыхся дзяржаў ад Партугаліі (першая аб’яднаная манаэтнічная дзяржава ў Эўропе) і Гішпаніі (абсалютовыя лідары Эпохі вялікіх геаграфічных адркыцьцяў) праз Францыю, Ангельшчыну (de facto падпарадкавала Ўэльс, але яшчэ не падпарадкавала Ірляндыю і Шатляндыю), Нідэрлянды, аж да Даніі (разам з Нарвэгіяй), Швэцыі (разам зь Фінляндыяй);

— цэнтральнаэўрапейскі пас малых, міні- і мікрадзяржаў паўднёвых германцаў і апэнінскіх раманцаў (асабліва паўночная частка Апэнінаў);

— усходнеэўрапейскі пас ад Балтыі да Балкан (ВКЛ, Польскае, Чэскае, Вугорскае каралеўствы);

— прыбалканска-прычарнаморскі пас гаспадарстваў далучаных да Асманскай імпэрыі (ад большай часткі Вугоршчыны на захадзе да Крымскага ханства на ўсходзе): Вугоршчына, Сямігорад/Сямігародзьдзе, усходнераманскія пратарумынскія Валоскае і Малдаўскае гаспадарствы, Едыстан, Крым і асманскаімпэрскія Балканы (паўднёвыя славяне за выкл. каталікоў – продкаў славенцаў і харватаў, а таксама альбанцы, грэкі).

Найвялікшымі дзяржавамі тагачаснай Эўропы былі Гішпанія, Партугалія,

Францыя, Швэцыя, Данія, ВКЛ, Польскае каралеўства.

У Эўропе XVIII ст. існавалі тыя ж заходнеэўрапейскі і цэнтральна-эўрапейскі пасы дзяржаў (гл. эўрапейская палітычная часапрастора ў ХVI ст.).

Першы уключаў аслабленыя (у параўнаньні з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў) Гішпанію ды Партугалію, а таксама ўзмоцненыя Францыю і Вялікабрытанію (разам з далучанымі Ірляндыяй ды Шатляндыяй) як лідары эпохі, Нідэрлянды і Швэцыю як высокаразьвітыя гаспадарствы. Колькасьць дзяржаў зьменьшылася за конт зьнікненьня Ірляндыі і Шатляндыі як незалежных гаспадарстваў, а іх уплыў – павялічыўся.

Другі яшчэ ў большай ступені раздрабіўся, бо павялічылася колькасьць дзяржаў.

Трэці – зьнік у сувязі з зьнікненьнем ВКЛ, Польскага, Чэскага, Вугорскага каралеўстваў і паўстаньнем гіганскіх аб’яднанай Рэчы Паспалітай і габсбургскай Аўстрыі.

Чацьвёрты – зьменьшыўся колькасна і тэрытарыяльна да трох гаспадарстваў: Малдавіі, Валахіі і Крымскага ханства.

 

 

VIII. 7. ВЭСТФАЛЬСКІ ПАРАДАК

Новы геапалітычны парадак усталяваны пасьля вэстфальскага міру (1648 г.), завяршыў трыццацігадовую вайну. Гэта – вынік рэфармацыі. Рэфармацыя – інтэлектуальны, грамацкі і палітычны рух – рэакцыя на інстытутыялізацыю і крайнюю фармалізацыю каталіцкага касьцёлу як ідэалягічнай надбудовы, фэўдальнай грамацка-эканамічнай фармацыі, безідэйнасьць і дэмаралізацыю касьцелу. Выступы Марціна Лютара ў Вітэнбэрзе (1517 г.) мелі найвялікшы рэзананс. Вынікам доўгага суперніцтва пратэстанства з каталіцтвам стала пратэстантызацыя германцаў, а рэлігійныя перасьледы ў Галяндыі прывялі да першай буржуазнай рэвалюцыі ў Эўропе (1566г.) і незалежнасьці краіны (1588 г.).

Наступства інтэлектуалізацыі хрысьціянскай рэлігіі і падтрымкі народамі пратэстанства быў пераклад Бібліі з лаціны на нацыянальныя мовы ды адпраўленьне імшаў на нацыянальных мовах. Гэта прывяло да ўпадку лаціны як міжнароднай мовы ды інтэнсіфікацыі разьвіцьця нацыянальных моў, літаратур, этнакультур.

Пасьля трыццацігадовай вайны (1618-1648)  зьявіліся новая геапалітычныя сыстэма і геапалітычны кодэкс. Уключаў ён чатыры прынцыпы (Z. Rykiel, 2006).

Першы – сувэрэннасьць дзяржавы, а не ўладара як да гэтага часу. Уладарствы пераўтварыліся ў дзяржавы, што эвалюцыянавалі ў прававыя, найважнейшымі прызнакамі якіх былі наяўнасьць суду і скарбу.

З прынцыпу сувэрэннасьці дзяржавы вынікала яе тэрытарыялізацыя. На пераломе ХV i XVI стст. ў сьвеце існавала 1500 незалежных палітычных адзінак (Taylor, Flint, 2000). Тэрытарыялізацыя прысьпешыла доўгі і складаны працэс стварэньня цэнтралізаваных дзяржаў замест разьбіцьця на кварталы. Пасьля Вэстфальскага міру ў Эўропе налічвалася толькі 300 сувэрэнных дзяржаў (Taylor, Flint, 2000).

Другі – дыфэрэнцыяцыя лацінскай (былой агульнакаталіцкай) Эўропы на ўласна каталіцкую і пратэстанскую. Пратэстанскія дзяржавы  інтэнсіўна разьвіваюць гаспадарку, а пратэстанства стае  ідэалягічным апірышчам першай буржуазіі і першых капіталістычных вытворчых адносін. Каталіцтва – іэалёгіяй фэўдаляў. Новы геапалітычны парадак аслабіў палітычную ролю папства.

Трэці – перакрэсьленьне ролі Цэзарства і наданьне пратэстанскай дзяржаве палітычнай самастойнасьці, у т. л. ўступленьня дзяржавы ў Зьвязы (Саюзы) зь іншымі дзяржавамі. Гэта прывяло да зьмяньшэньня ролі дзяржаваў Эўропы, дзякуючы ліквідацыі біскупстваў і архібіскупстваў. Напрыклад, у паўднёвых германцаў колькасьць дзяржаў зьменьшылася зь 900 да 355 (Costachie, 2003). Роля вольных местаў узмацнілася. Інстытут вольнага места Рэйху стаўся прагрэсіўнаю зьяваю.

Чацьверты – закат эпохі лаціны як агульнаэўрапейскай міжнароднай пісьмовай мовы, сродку перадачы эўрапейскай культуры, мовы дыпляматыі. Яе ролю паступова пераняла француская мова.

Эўрапейская палітычная часапрастора таго часу запоўнілася: Галяндыяй як першай буржуазнай дзяржавай (гегемонам вэстфальскай эпохі) ды гандлёвай імпэрыяй ў басэйне Балтыскага мора; Ангельшчынай як першай індустрыяльнай дзяржавай (другім гегемонам); Францыяй як новай эўрапейскай каляніяльнай звышдзяржавай; Швэцыяй як дамінуючай сілай на Балтыцы; Аўстрыяй (мела паўднёвагерманскі этнічны і каталіцкі рэлігійны генэзіс), што ўзмацнілася за конт эскпансіі на Чэхію і Вугоршчыну.

Рэфармацыя ў Эўропе прывяла да яшчэ большага ўскладненьня эканамічна-палітычнага  падзелу Старога сьвету. З падзелам Эўропы на пратэстанскую, каталіцкую і праваслаўную узьнікла эўрапейская сэміпэрыфэрыя. Цэнтрам эпохі сталі эўрапейскія пратэстанцкія супольнасьці. Гандлёва-марская Галяндыя – абсалютовы лідар другой паловы  ХVII ст., індустрыяльна-марская Ангельшчына – XVIII. Пратэстантызацыя паўночных германцаў  паспрыяла іх уваходу ў склад цэнтру, а гаспадарчае адставаньне традыцыйных каталіцкіх супольнасьцей іх сэміпэрыфэрызавала (у т. л. Паўднёвую Эўропу). Традыцыйна праваслаўныя супольнасьці і краіны тагачаснае Эўропы, запаняволеныя Асманскай імпэрыяй, пераўтварыліся ў ейную (дастаткова ізаляваную) пэрыфэрыю.

Спробы пратэстантызацыі ВКЛ маглі прывясьці да яго ўваходу ў тагачасны цэнтр Эўропы, аднак контррэфармацыя заставіла дзяржаву нашых продкаў сэміпэрыфэрыяй. Аслабленае катастрафічнымі вынікамі Невядомай вайной з Маскоўскай дзяржаваю сярэдзіны ХVII ст. (амаль што кожны другі беларус загінуў, назаўсёды зьнікла беларускамоўная меставая/гарацкая культура і мн. інш.) ВКЛ ў цэлым пэрыфэрызавалася, толькі неспустошаныя або слабаспустошаныя маскоўцамі захад і паўночны-захад дзяржавы засталіся сэміпэрыфэрыямі. (Тагачасныя элітарныя пратэстанцкія асяродкі можна залічыць да цэнтраў).

Рэч Паспалітая ў большай ступені была дыфэрэнцавана, застаючыся сэміпэрыфэрыйна-пэрыфэрыйнай дзяржавай Эўрапейскай палітычнай часапрасторы XVIII ст.

 

 

VIII. 8. НАПАЛЕОНАЎСКІ ПАРАДАК

Узмацненьне Прусіі, Ангельшчыны i Расеі, аслабленьне Аўстрыі і Францыі, Амэрыканская рэвалюцыя 1772 г, паўстаньне ЗША, дзяржаў Лацінскай Амэрыкі паспрыялі стварэньню новага геапалітычнага парадку.

Француская рэвалюцыя перанесла рэспубліканскі досьвед у Эўропу. Новая рэвалюцыйная ідэалёгія з лёзунгамі свабоды, роўнасьці й братэрства, тэорыя і практыка рэвалюцыйнай вайны, экспарт рэвалюцыі сталі рухаючымі сіламі стварэньня новага парадку.

Пераможныя войны рэвалюцыйнай Францыі з кааліцыямі сілаў старога парадку нарадзілі сыстэму напалеонскага цэзарызму.

Напалеонскі геапалітычны кодэкс апіраўся на трох прынцыпах (Z. Rykiel, 2006).

1. Пэрамэнтная рэвалюцыйная вайна. Адсюль, тэрытарыяльная нестабільнасьць ў Эўропе. Аднак, напалеонская сыстэма, характарызавалася пэўнай лёгікай, акрэсьленай тэрмінам pax napoleonika. Гэткая сыстэма складалася з цэнтру і пэрыфэрыі, зь некалькі зонаў:

— Вялікага Цэзарства (Grand Empire), што ўключала, акрамя гістарычнай Францыі, суседнія землі і краіны;

— дзяржаў, якія знаходзіліся ў пэрсанальным Зьвязе (Вуніі) з Францыяй (Італіі);

— дзяржаў, што кіраваліся асобамі зь сям’і Напалеона: Гішпаніі, Галяндыі, Вэстфаліі;

— дзяржаў, якія кіраваліся францускімі маршаламі (Нэапаль, Швэцыя);

— сатэлітарных дзяржаў (Варшаўскае княства), або іх Зьвязаў;

— дзяржаў, што прымірыліся, з стабільна зьменнай канфігурацыяй.

Вынік таго – часткаовае задзіночаньне апэнінскіх раманцаў (Італіі) і паўднёвых германцаў (Нямеччыны), г. зн. колькасьць дзяржаваў зьменьшылася з 355 да каля 100. Рэвалюцыйныя палітонімы супадалі з старажытнымі этнонімамі. Да нашага часу дайшлі афіцыйны палітонім Бэльгія і неафіцыйны Гэльвэцыя (Швэйцарыя).

2. Дамінаваньне буржуазнай палітычнай сыстэмы, што апіралася на дэкляраванай сувэрэннасьці народу.  Ня гледзячы на тое, што рэспубліканскі тып дзяржаўнага ладу ня стаўся трывалым і распаўсюджаным, манарх мусіў стацца рэпрэзэнтантам этнасу, народу. Дзякуючы напалеонскай сыстэме грамадзянскага права гэтыя каштоўнасьці былі прыняты значнай часткай тагачаснай Эўропы. Эпоха характарызуецца, разам з дамінацыяй францускіх каштоўнасьцяў, – дамінацыяй францускай мовы як мовы высокай культуры і міжнароднай камунікацыі.

3. Атрыманьне незалежнасьці каралеўскіх тытулаў ад Рымскага Цэзарства, якое ліквідавалася ў 1809 г. Апошні цэзар, што насіў такі тытул стаўся Цэзарам Аўстрыі, а некалькі былых электаў германскіх дзяржаў (Саксоніі, Баварыі, Віртэмбэргіі, Вэстфаліі) прынялі каралеўскую годнасьць. Гэта зьвязваецца з узростам геапалітычнага значэньня Францыі, Расеі і Ангельшчыны, стабілізацыяй ролі Прусіі, абмежаваньнем ролі Аўстрыі.

Будоўля Капітолю ў Вашынгтоне (1793-1865) як сядзібы Кангрэсу Злучаных Штатаў сталася фармалізацыяй клясыцызму ў архітэктуры, а сымбалічна і палітычна – працягам рымскай традыцыі (Чацьвёрты Рым). Эпоха дае пачатак эвалюцыі ЗША як новай клясычнай каталіцка-пратэстанскай дэмакратыі.

Францыя (разам з Ангельшчынай і, ў меньшай ступені, паўночна-германскай Эўропай) бязумоўна сталася цэнтрам эўрапейскае эканамічна-палітычнае сыстэмы напалеонаўскага часу. Усе астатнія дзяржавы і супольнасьці Эўропы, што падпарадкаваў Напалеон, змушаны быць de facto яе сэміпэрыфэрыямі. (Тагачасныя палітычна раздробленыя і падпарадкаваныя паўднёвагерманскія пратэстанты не зьяўляліся абсалютова незалежнымі гаспадарча).

Фіяска Напалеона на бяскрайняй ізаляванай ад цывілізацыйнай Эўропы пэрыфэрыі тагачаснае Расеі –хутчэй вынік яго асабістага палітычнага авантурызму (у т. л. няўменьня наладзіць стабільныя кааліцыі з найперш беларускай і польскай шляхтамі) і недахопу дэмапатэнцыялу палітычна прагрэсіўных французаў, чым заслуга гаспадарча-палітычна пэрыфэрыйных расейцаў. Французам для заваёвы Расеі перашкодзілі, акрамя іхняй параўнальнай малалікасьці, прастор і маразы, а расейцам дзеля замацаваньня ў цывілізацыйнай Эўропе – аналягічная малалікасьць і нізкі ўзровень гаспадарча-палітычнага разьвіцьця (пэрыфэрыйная абсалютная манархія).

Пэрыфэрыйнае пераважна ізаляванае становішча тагачаснага праваслаўнага сьвету (Асманская імпэрыя, Расея) складана паставіць пад сумненьне.

 

VIII. 9. ВЕНСКІ ПАРАДАК

Пасьля падзеньня напалеонаўскана парадку ў выніку Венскага кангрэсу (1815 г.) сфарміраваўся першы  с у с ь в е т н ы  геапалітычны парадак, або венскі парадак (Taylor, Flint, 2000). Сутнасьць новага ладу ў існаваньні дзьвюх зонаў: Эўропы і астатняга сьвету.  Гарантам новага парадку ў Эўропе было Сьвятое Прымірэньне, якое павінна было вырашаць палітычныя канфлікты. Яго прынялі Прусія, Аўстрыя, Расея – найвялікшыя эўрапейскія звышдзяржавы-імпэрыі, захопнікі многіх усходнеэўрапейскіх супольнасьцяў, а, затым, — іншыя эўрапейскія гаспадарствы. Новы парадак ахоўваў манархіі ад лібэральна-дэмакратычных рухаў. Па-за Эўропай пачынаецца эпоха брытанскай гегемоніі.

Рэстаўрацыя дарэвалюцыйных палітычных парадкаў ня мела на мэце кансэрвацыю тэрытарыяльнай эвалюцыі. Абсалютная манархія бачылася стабілізуючай мадэльлю пасьля рэвалюцый. (Толькі Швэйцарыя заставалася рэспублікай). Тэрытарыяльна новы лад прывёў да ўзмацненьня звышдзяржаў, далейшай палітычнай дыфэрэнцыяцыі Апэнін і аб’яднаньня паўднёвагерманцаў (зьмяньшэньня колькасьці дзяржаў да 36). Утвораны Нямецкі Зьвяз быў канфэдэрацыяй.

Спробы рэстаўрацыі перадрэвалюцыйных парадкаў прывялі да рэвалюцый у Францыі, Бэльгіі, што не аслабіла Сьвятога Прымірэньня як геапалітычнага ладу. Землі былой Рэчы Паспалітай утрымоўваліся пад чужаземнымі захопамі дзеля супрацьдзеяньня патэнцыйнай рэвалюцыі на ўсходзе Эўропы. Венскі кангрэс адкрыў час стабілізацыі палітычных межаў, узмоцненых тэхнічнай і грамацкай інфраструктурай эпохі індустрыялізацыі.

Вясна народаў (1848-1849) паказала трываласьць Сьвятога Прымірэньня, якому не перашкодзіла абвяшчэньне Рэспублікі ў Францыі. Паўднёвыя германцы кансалідаваліся ў Прускае і Аўстрыяцкае гаспадарствы, таму канцэпцыя Вялікай Нямеччыны была не рэалізавана. Рэалізоўвалася какнцэпцыя Малой Нямеччыны (без Аўстрыі) пад гегемоніяй Прусіі.

Былыя калёніі Гішпаніі і Партугаліі ў Лацінскай Амэрыцы пераўтварыліся ў незалежныя дзяржавы-рэспублікі, аднак панаваньне былых мэтраполій зьмянілася эканамічнай залежнасьцю ад Брытаніі.

Геапалітычны кодэкс Венскага парадку ўключаў (Z. Rykiel, 2006).

1. Ізаляцыю рэспубліканскай Амэрыкі ад Эўропы.

2. Сьвятое Прымірэньне фэўдальных і манархічных сілаў, што знайшлі апірышча ў хрысьціянстве і кансэрватызьме. Прымат палітычнай стабільнасьці над тэрытарыяльнай.

3. Брытанскую гегемонію на морах.

4. Палітычную раздробленасьць паўднёвых германцаў, апэнінскіх раманцаў, каляніяльнае падпарадкаваньне эўрапейскіх славян (акрамя чарнагорцаў і  расейцаў).

Відавочна ранейшая агульная эканамічна-палітычная дыфэрэнцыяцыя эўрапйскае палітычнае часапрасторы на пераважна пратэстанцкія цэнтры (асабліва паступовая рэцэнтралізацыя пасьля напалеонаўскай эпохі паўднёвых германцаў, чаму паспрыяла разам з паскораным гаспадарчым разьвіцьцём палітычная эвалюцыя ў бок утварэньня цэнтралізаванай Нямеччыны), каталіцкія сэміпэрыфэрыі і праваслаўныя пэрыфэрыі.

 

 

VIII. 10. ІМПЭРЫЯЛІЗМ

Венскі парадак разбурыўся з-за ўсходняга пытаньня, што было зьвязана з паслабленьнем пазыцый эўраазіяцкай Асманскай імпэрыі, тое паказалі аўтамізацыі Сэрбіі, Малдавіі, Валахіі, затым незалежнасьць Грэцыі. Апанаваньне румынскіх княстваў Расеяй (1853) прывяло да выбуху крымскай вайны (1853-1856), у час якой Прусія і Аўстрыя далучыліся да брытанска-францускай канцэпцыі недатыкальнасьці Турэччыны. Распад Сьвятога Прымірэньня стаўся яваю.

Задзіночаньне Італіі (1860 г.) і прускае аб’яднаньне немцаў коштам Аўстрыі карэнным чынам зьмяніла суадносіны прасторавай арганізацыі Эўропы. Параза Аўстрыі ў супрацьстаяньні з Прусамі і Італіяй прывяла да яе зьвязу зь Вугоршчынай і ўтварэньня Аўстра-Вугоршчыны. Франка-пруская вайна, канчатковае задзіночаньне Італіі (1870) і абвяшчэньне Нямеччыны (1871 г.) акрамя стварэньня новай геапалітычнай сыстэмы ў цэнтры Эўропы ўзмацніла націск эўрапейскіх звышдзяржаў на Турэччыну. Расейска-Турэцкая вайна (1876-1878) прынесла незалежнасьць балканскім дзяржавам і тэрытарыяльныя страты Турэччыне на карысьць эўрапейскіх дзяржаваў. Бэрлінскі кангрэс (1878) не паттрымаў плян стварэньня Расеяй Вялікай Баўгарыі як гаранта яе інтарэсаў на Балканах.

Вынаходніцтва нафтавай лямпы (1852), а затым і рухавіка нутранога спальваньня сталася прычынай распрацоўкі і эксплюатацыі нафтавых радовішчаў, значыць – адным з чыньнікаў, што прывялі да ўзьнікненьня каляніяльных імпэрыяў.

Існуе рознае разуменьне імпэрыі. Клясычныя эўрапейскія імпэрыі часоў імпэрыялізму — дзяржаўныя ўтварэньні якія займалі дастаткова разлеглыя абшары на розных кантынэнтах і ў розных частках сьвету, як правіла зьяўляліся манархіямі (за выключэньнем Францыі), складаліся з мэтраполіі (што знаходзілася ў Эўропе,) і падпарадкаваных абшараў, у т. л. калёній (знаходзіліся як па-за Эўропай, так і ў Эўропе, напрыклад Аўстра-Вугорская, Расейская). Клясычныя імпэрыі характарызаваліся спэцыфічнымі адносінамі панаваньне – падпарадкаваньне, наяўнасьцю імпэрскіх элітаў у мэтраполіі і іх рэпрэзэнтантаў на падпарадкаваных абшарах (найперш з шэрагаў паноўнай нацыі), а таксама калябарантаў (з шэрагу непаноўных этнічных, рэлігійных і іншых супольнасьцяў). Для клясычных імпэрый эпохі імпэрыялізму характэрна экстэнсіўная эксплюатацыя рэсурсаў (паліўных, сыравінных, працоўных).

Увогуле, імпэрыялізм – сукупнасьць дзейнасьці элітаў імпэрыі па яе захаваньню, утрыманью і пашырэньню абшараў а таксама ўскоснаму геапалітычнаму (найперш ідэалягічнаму, вайсковаму і гаспадарчаму) ўплыву на непадпарадкаваныя абшары. Імпэрыялізм – агрэсіўная экспансія дзяржаў цэнтру і іх суперніцтва з-за дамінаваньня над тэрыторыямі пэрыфэрыяў (Taylor, Flint, 2000). Абшаравым вынікам экспансіі стала ўтварэньне вялікіх каляніяльных імпэрый. Існавала 12 каляніяльных звышдзяржаў (5 галоўных), якія мелі ўладу над 412 каляніяльнымі краінамі. Брытанская імпэрыя, ахоплівала ¼ абшараў і людаў сьвету.

Геапалітычны кодэкс эпохі імпэрыялізму апіраўся на чатырох прынцыпах (Z. Rykiel, 2006).

1. Мадэрнізацыя, што апіралася на капіталістычнай сыстэме вытворчасьці і абмену.

2. Геапалітычныя зьмяненьі ў сьвеце, г. зн. пабудова імпэрыяў.

3. Нацыяналізм як спосаб забясьпечаньня парадку ўнутры мэтраполій ды інстрýмант для эксплюатацыі калёній.

4. Брытанскае панаваньне на морах.

У эпоху імпэрыялізму ўзьніклі:

1. Сусьветны эканамічна-палітычны падзел з не лякальнымі і рэгіянальнымі і транскантынэнтальнымі як дагэтуль, а менавіта сусьветнымі цэнтрамі, сэміпэрыфэрыямі, пэрыфэрыямі і фонамі.

2. Два цэнтры сусьветнага палітычна-эканамічнага падзелу (вядучы эўрапейскі і меньшы паўночнаамэрыканскі)

3. Якасная дыфэрэнцыяцыя (або падзел углыбіню) найперш Эўропы на цэнтры, сэміпэрыфэрыі і пэрыфэрыі. Дыфэрэнцыяцыя места-мястэчка-вёска і дыфэрэнцыяцыя паміж рэгіёнамі ахоплівае большую частку Старога Сьвету.

 

 

VIII. 11. ЭЎРАПЕЙСКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ЧАСАПРАСТОРА ДА ПЕРШАЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ

У пачатку ХХ ст. у Эўропе знаходзілася 24 сувэрэнныя дзяржавы.

Найбольшую абшарава-людавую вагу ў тагачасным Старым Сьвеце мелі Расея, Германія, Аўстра-Вугоршчына.

Паўночная Эўропа (паводле сучаснай ААНаўскай рэгіяналізацыі) ўключала ў сябе толькі 4 дзяржавы (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Вялікабрытанія). Фінляндыя, Летува, Латвія і Эстонія былі часткаю царскае Расеі, Ісляндыя належыла Даніі, а Ірляндыя – цалкам знаходзілася ў межах Вялікабрытаніі. Межы паміж дзяржавамі склаліся стабільныя, толькі нямецка-дацкая мяжа праходзіла на поўнач ад сучаснай.

У Заходняй Эўропе (тая ж рэгіяналізацыя) знаходзіліся 8 дзяржаў. Адны дзяржавы Заходняй Эўропы мелі сучасныя, або амаль сучасныя  назвы, плошчу і межы (Францыя, краіны Бэнілюксу, Швэйцарыя, Ліхтэнштэйн), а іншыя – Нямеччына, Аўстра-Вугоршчына былі імпэрыямі, таму мелі вялікія тэрыторыі. Нямеччына ўключала ў сябе акрамя сучаснай Нямеччыны большую палову сучаснай Польшчы (Зах., Усх. Прусія, Вялікапольшча, Сілезія), а таксама поўдзень Даніі, ўсход Францыі (Эльзас і Лятарынгія). Шматковай Аўстра-Вугоршчыне, акрамя Аўстрыі і Вугоршчыны, належылі Чэхія з Маравіяй, Славаччына, Галічына з Львовам, Кракаў з Малапольшчай і Падкарпацьцем, Славенія, Харватыя з Далматыяй, Ваяводзіна, Тыроль, паўночны захад Румыніі (Сямігорад/Сямігародзьдзе).

У Паўднёвай Эўропе (тая ж рэгіяналізацыя) было найбольш дзяржаў – дзевяць (з турэцкай Фракіяй), зь іх чатыры – на Балканах. Балканскія Румынія, Баўгарыя, Сэрбія, Чарнагорыя, Грэцыя – сталіся першымі манаэтнічнымі або пераважна манаэтнічнымі зь некаторым адсоткам нацыянальных меньшасьцяў (македонцы ў Сэрбіі) дзяржавамі.  

Рэальна толькі на Балканскім паўвостраве знаходзілася аж 6 уласнабалканскіх дзяржаў (Грэцыя, Сэрбія, Чарнагорыя, Альбанія, Баўгарыя, Румынія), г. зн. дзяржаў, абшары якіх належылі Балканам. Больш таго, на Балканах разьмяшчалася турэцкая Фракія, ды ўладаньні Аўстра-Вугоршчыны. Адсюль, агульная колькасьць дзяржаў, што валодалі тэрыторыямі Балкан – 8, г. зн. кожная трэцяя дзяржава тагачаснай Эўропы або знаходзілася на Балканах, або ўладарыла балканскімі тэрыторыямі. Больш таго, кожная балканская дзяржава – была манархіяй. Нязвыклая да стагадовай даўніны палітычная дыфэрэнцыяцыя Балкан – вынік іх дэасманізацыі (вызваленьня ад падпарадкаваньня Асманскай імпэрыяй).

Дыскутыўным зьяўляецца выдзяленьне палітычнай Усходняй Эўропы канца ХІХ –пачатку ХХ ст. З сёньняшніх усходнеэўрапейскіх дзяржаў сто год таму існавалі толькі Румынія, Баўгарыя і Расея. Астатнія тэрыторыі былі падзелены паміж Нямеччынай, Аўстра-Вугоршчынай, і Расеяй, таму можна пісаць аб ўладараньні Ўсходняй Эўропай тагачаснымі звышдзяржавамі. Пытаньне аб існаваньні палітычнага рэгіёну Ўсходняя Эўропа сто год таму зьяўляецца адкрытым. Магчыма, наш рэгіён існаваў у зачаткавым стане (Румынія, Баўгарыя і Расея).

Асноўныя рысы эўрапейскай палітычнай прасторы да Першай сусьветнай вайны:

— афармленьне Заходнеэўрапейскага рэгіёну. У пачатку ХХ ст. ў Заходняй Эўропе знаходзіліся тыя ж самыя дзяржавы што і ў наш час, за выключэньнем Ірляндыі і Ісляндыі. Дзяржаўныя межы амаль супадалі з сучаснымі за выключэньнем адсутнасьці мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй (Вялікабрытанія) ды Ірляндыяй, усходняй мяжы Нямеччыны ды некаторых іншых;

— далейшая эвалюцыя Ўсходняй Эўропы па шляху фарміраваньня масавых вызвольных (нацыянальна-, сацыяльна-, клясава-) рухаў этнасаў, клясаў што складалі ўсходнеэўрапейскія грамацтвы ў Расейскай, Германскай і Аўстра-Вугорскай імпэрыях;

— гегемонія Эўропы ў сьвеце, канфлікты паміж блёкамі эўрапейскіх дзяржаў за перадзел сьвету, агульная дэзінтэграцыя ды дэстабілізацыя  Эўропы і інш. (што прывядзе да пачатку Першай сусьветнай вайны);

— абсалютнае дамінаваньне манархіяў у Эўропе.

 

Сувэрэнныя дзяржавы Эўропы на пачатак 1900 г.

(паводле М. Амельянчука, 2005)


Табл. 11.GIF 

 

P. S. Спроба прааналізаваць моц і вагу тагачасных паасобных дзяржаў тагачаснай дзяржаўнай цывілізацыйнай Эўропы (цывілізацыйнай Эўропы што ахоплена дзяржавамі з эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыяй), іх групаў і клясаў прывяла да наступных вынікаў. Тагачасныя дзяржавы-гіганты (паводле велічыняў абшараў) дзяржавы цывілізацыйнае Эўропы (Аўстра-Вугоршчына, Нямеччына, Францыя, Швэцыя), і вялікія дзяржавы (Нарвэгія, Вялікабрытанія, Італія) займалі адпаведна 2 млн. 699 тыс. і 924 тыс. км², што разам складала аж 3 млн. 623,1 тыс. км². Сярэднімі дзяржавамі Эўропы пачатку ХХ ст. можна лічыць Румынію, Баўгарыю, Партугалію і Грэцыю (тры з чатырох – пастасманскія) абшары якіх складалі 381,2 тыс. км², а разам з гіганскімі і вялікімі дзяржавамі – 4 млн. 004,3 тыс. км². 

Вялікая розьніца ў велічынях абшараў паміж дзевяцьцю гіганскімі ды вялікімі дзяржавамі з аднаго боку і сярэднімі – зь іншага (Італія – 286,7 і Румынія – 131,4 тыс. км²), а таксама адсутнасьць дзяржаў з абшарамі ад < 286,7 да > 131,4  тыс. км² — характэрныя рыса эўрапейскай палітычнай часапрасторы эпохі імпэрыялізму. 

Малыя тагачасныя дзяржавы (Сэрбія, Швэйцарыя, Данія, Нідэрлянды й Бэльгія) мелі агульныя абшары 190,6 тыс. км², а найменьшыя (Чарнагорыя і Люксэмбург) і мікрадзяржавы Эўропы (Андора, Ліхтэнштэйн, Сан-Марына і Манака) – усяго адпаведна 11,7 і больш 0,7 тыс. км².

Агульны абшар дзяржаўнай цывілізацыйнай Эўропы на пачатак 1900 г. складала 4 млн. 207,3 тыс. км², а агульная колькасьць людаў – 279 млн. 902, 7 тыс. чал.

Тагачасная Нямеччына мела гіганскую колькасьць люду – 56 млн. 376 тыс. чал. Найбольшыя колькасьці людаў мелі Аўстра-Вугоршчына і Вялікабрытанія (разам 88 млн. 751 тыс. чал., а зь Нямеччынай – 145 млн. 118 тыс. чал.). Вялікія колькасьці людаў пражывалі ў Францыі і Італіі (разам 71 млн. 437 тыс. чал.). Пяцёрка вышэйназваных эўрапейскіх лідараў мелі сукупны дэмапатэнцыял у 216 млн. 555 тыс. чал.

Другая рыса эўрапейскае часпрасторы эпохі імпэрыялізму – велізарная розьніца ў колькасьці людаў паміж вялікімі (дзесяткі мільёнаў асобаў) і сярэднімі (некалькі мільёнаў чалавек) дзяржавамі (Італія – 32 млн. 475 тыс. чал., Бэльгія – млн. 694 тыс. чал.).

Паміж вялікімі і сярэднімі тагачаснымі дзяржавамі Эўропы знаходзілася Гішпанія, якая мела 18 млн. 236 тыс. чал. (выключэньне з вышэйнапісанага). Гішпанская супольнасьць на каля 14 млн. чал. была меньшаю за італійскую і на 12 млн. чал. большая за Бэльгійскую, таму, паводле колькасьцяў людаў, Гішпанія хутчэй бліжэй да сярэдніх эўрапейскіх дзяржаў. Акрамя Гішпаніі сярэднія колькасьці людаў мелі Бэльгія, Румынія, Швэцыя, Нідэрлянды, Партугалія, Баўгарыя і Швэйцарыя (разам 53 млн. 236 тыс. чал.) На абшарах трынаццаці эўрапейскіх лідараў (паводле колькасьцяў людаў) жыло 269 млн. 791 тыс. чал.

Чатыры дзяржавы (Сэрбія, Данія, Грэцыя і Нарвэгія) мелі малую колькасьць людаў – каля 2,5 – 2,2 млн. чал., усяго 9 млн. 607 тыс. чал. Нарэшце найменьшыя (Люксэмбург і Чарнагорыя) і мікрадзяржавы (Ліхтэнштэйн, Сан-Марына, Манака, Андора) Эўропы мелі агульную колькасьць людаў толькі 505,2 тыс. чал.

Эўрапейскія дзяржавы эпохі імпэрыялізму клясыфікаваны паводле іх абшарава-людавай вагі (гл. V. 11.). 1. Гіганскую вагу мелі Нямеччына (3) і Аўстра-Вугоршчына (3). 2. Найбольшую – Францыя (6), Вялікабрытанія (10) і Гішпанія (10). 3. Вялікую – Італія (13), Швэцыя (14), Румынія (17). 4. Найбольшая колькасьць дзяржаў (9) мела сярэднюю вагу (ад 22 — да 30): Партугалія (22), Баўгарыя (22), Бэльгія (24),  Нарвэгія (24), Нідэрлянды (26), Швэйцарыя (27), Сэрбія (27), Грэцыя (28), Данія (30). 5. Найменьшая вага была ў Люксэмбурга (37) і Чарнагорыі (37). 6. Мікраскапічна “важылі” Манака з Ліхтэнштэйнам (абедзьве дзяржавы па 42), а таксама Андора (43) і Сан-Марына (45).

 

 

VIII. 12. ПЕРШАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА

На стыку ХІХ і ХХ стст. нарастаючыя спрэчкі паміж імпэрыялістычнымі звышдзяржавамі  за калёніі, за перадзел падзеленага сьвету сталіся адной з найважнейшых прычын новай вайны. Кожная супольнасьць мела ўласныя амбіцыі. Імпэрскія – на панаваньне ў сьвеце: ад вялікіх імпэрскіх ангельскай, францускай, нямецкай, расейскай, турэцка-асманскай, да меньшых, больш пакрыўджаных вугорцаў, сэрбаў, румын, грэкаў, італійцаў і г. д. Вызвольныя – на ўтварэньне ўласных нацыянальных дзяржаў у супольнасьцяў Усходняе Эўропы: балтыйскіх, славянскіх, у т. л. балканскіх славян.

На пачатку ХХ ст. у Эўропе ўтварыліся два палітычна-вайсковыя блёкі:

Тройпаразуменьне і Тройпрымірэньне, названае цяпер Антантай.

Першую сусьветную вайну вялі аўстра-германскі Траісты зьвяз (Аўстра-Вугоршчына, Нямеччына, Італія, Турэччына, Баўгарыя) і англа-франка-расейскі зьвяз (Антанта), у склад якога, акрамя Вялікабрытаніі, Францыі і Расеі, увайшлі Японія, Сэрбія, Чарнагорыя, Румынія (М. Амельянчук, 2005).

Потым абвясьцілі вайну Нямеччыне і яе блёку ангельскія дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя і Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз. У канцы вайны на баку Антанты ў ёй прынялі ўдзел Злучаныя Штаты Амэрыкі (М. Амельянчук, 2005).

Першая сусьветная вайна была найбольшай вайной у датагачаснай гісторыі: загінула 17 млн. чалавек, дзесяткі мільёнаў параненых.   Геапалітычны кодэкс эпохі Першай сусьветнай вайны апіраўся на трох прынцыпах (Z. Rykiel, 2006).

Першы – бітва звышдзяржаў за ўплывы ў сьвеце.

Другі – разбурэньне эўрапейскай манаполіі на звышдзяржаўнасьць. Уключэньне ў вайну ЗША, узмацненьне Японіі прывялі да…

Дэміталягізацыі эўрапеоіда (белага чалавека), трактаванага як больш годнага, чым “дзікія” неэўрапеоіды (трэці прынцып).

 

 

VIII. 13. ВЭРСАЛЬСКАЯ СЫСТЭМА

Паслья  Першай сусьветнай вайны мірныя пагадненьні былі падпісаны ў Вэрсалі. Геапалітычны кодэкс вэрсальскай сыстэмы апіраўся на пяці прынцыпах (Z. Rykiel, 2006).

Першы – ізаляцыя савецкай Расеі (затым СССР) “санітарным кардонам”, які павінен ахоўваць Эўропу ад “бальшавіцкай заразы”.

Другі – вяртаньне ЗША да традыцыйнай палітыкі ізаляцыянізму, ня гледзячы на вялікія магчымасьці глябальна ўплываць на сьвет. ЗША адвярнуліся найперш ад эўрапейскіх спраў. Ня гледзячы на тое, прэзыдэнтам Т. Вільсанам была створана першая ў сусьветнай гісторыі сыстэма міжнароднай бясьпекі – Ліга Нацый.

Трэці – далёкая ад дасканаласьці сыстэма бясьпекі, якая апіралася на Лізе Нацый і яе мандатных тэрыторыях. Гэта быў пэўны пералом у адносінах мэтраполія – калёнія. Мэтраполіі давалі справаздачы аб кіраваньні прынамсі некаторымі калёніямі, зь якіх частка стала незалежнымі, аднак не заўжды сувэрэннымі, таму незалежнасьць часта была фармальнаю.

Чацьвёрты – наяўнасьць квартэту вялікіх эўрапейскіх дзяржаў “з агульнымі інтарэсамі”: Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Нямеччыны.

Пяты – падзел Эўропы на традыцыйныя старыя і новыя дзяржавы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У старых нацыянальных дзяржавах Захаду існавала палітычная дэфініцыя (вызначэньне) нацыі, якая апіраліся на даўно ўсталяваных дзяржаўных межах, а новыя нацыянальныя дзяржавы Ўсходу мелі этнічную дэфініцыю нацыі, значыць – памежныя спрэчкі.

Этнічнасьць дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы праяўлялася ў абгрунтаваных трактатамі перасяленьнях насельніцтва паміж Турэччынай і Грэцыяй ды Баўгарыяй паводле этнічнай прыкметы (турак, грэкаў і баўгар з суседніх краін адпаведна ва ўласныя этнічныя радзімы), спантанных міграцыях паміж Польшчай і Прусіяй, СССР і Польшчай.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы